Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Знак Чарадзея.

Частка першая:Рунічныя аналёгіі ў выяве на пярсьцёнку Полацкага князя Ўсяслава  Брачыслававіча (Чарадзея).  Параўнаўчы аналіз і спроба інтэрпрытацыі.

Так, шаноўнае Спадарства,  хада ідзе менавіта пра  славутага полацкага князя  Ўсяслава Брачыслававіча. Летапісцы называлі яго Чарадзеем, а нашчадкі склалі аб ім легенды і паданьні. Менавіта ён – тая “фігура антытэзы” і персона-стрыжань на які ёсць нанізанаю структура “Слова аб палку Ігаравым”. Асоба, якую да гэтае пары вельмі ня любяць некаторыя пісьменьнікі зь абшараў былога Савецкага Саюзу і постаць, ролю якой ня хочуць заўважаць пэўныя гісторыкі зь тае ж самае “інфармацыйнае прасторы”.

Захавалася адна рэч, што бязьспрэчна належыла яму – срэбны пярсцёнак Князя. На ім выбітае яго імя і знак.  Ён досыць просты і  выглядае трохі нечакана для  геральдычнае выявы.

Мал. 1.  Так выглядае "пячатка" полацкага Княза Ўсяслава Брачыслававіча (Чарадзея).

Мал. 1. Так выглядае «пячатка» полацкага Княза Ўсяслава Брачыслававіча (Чарадзея).

Гэты сымбаль вельмі падобны на знак «шыпованых” шынаў, што клеюць  на шыбах самаходаў, і нашага сучасніка ня ўразіць. Структура яго абрысу нагадвае форму знакаў іншых князёў, але цалкам выява выглядае больш схематычнаю.  Добра вядомыя позьнейшыя за іх і падобныя гярбы зь выявамі слупоў і г.д.,  але ў “Чарадзеевым Знаку” зашмат звычайнае геаметрыі.

Таксама ён нагадвае, але ня ёсць трансфармаваным  “Пярунавым знакам”. Дамінантаю «Знака Ўсяслава» ёсць цэнтральны зуб – празь яго праходзіць вертыкальная вось сімэтрыі гэтае фігуры. Ствараецца ўражаньне, што выява выбітая ня вельмі дакладна і перадае толькі  агульны прынцып пабудовы. Вугал, які ўтварае левая дыяганаль зь базаю трызуба роўны 35 град., правая ж нахілена да базы пад вуглом у 40 град. 30 мін. Цэнтральны зуб таксама ня ёсьць строга перпендыкулярны аснове трызуба і праходзіць трохі збоку-наўкось ад кропкі перасячэньня няпоўных дыяганаляў выявы. Прамеры зроблены па фатаграфіі,  але пагрэшнасці ня могуць перавышаць памылак арыгіналу, бо фота амаль франтальнае.

Мал.  2. Знакі - княжыя гербы  раньняга Сярэднявечча.

Мал. 2. Знакі — княжыя гербы раньняга Сярэднявечча.

Каб пачаць папярэдні аналіз сэнсу надпісу, зробім прамалёўку выявы і яе люстраное адбіцьцё (каб чытаць «адбітак» — літары ў нармальным становішчы). Як і бальшыня старажытных тэкстаў многіх народаў сьвету, гэты «кірылічны» надпіс утрымлівае толькі знакі, што перадаюць зычныя гукі. Запішам гэты надпіс сучаснымі літарамі, пазначыўшы вялікімі тое, што ёсьць выгравіраваным і прачаканеным на пярсьцёнку: «КняЗь ВСесЛаВ ПоЛаТС(Ц)Кі(ый)» — у дужках пададзены варыянты прачытаньня.

Асабіста мяне тут «напружвае» напісаньне слова «полацкі», бо яно нагадвае рукапісныя кірылічныя «лігатаваныя» тэксты, калі літары злучаліся зьверху адной лініяй ці некалькі зь іх пішуцца разам, часткова зьліваючыся. Гэта назіраецца таксама ў старажытных тэкстах многіх народаў сьвету у тым ліку тыбетанскіх, санскрытскіх і на хіндзі — альфабэтам «дэванагары». У сучаснае графіцы гэтых моваў лігатура аб’ядноўвае літары ў межах аднаго слова. «Антычныя» ж, як і кірылічныя, – па некалькі словаў ці сказаў і гэта вельмі ўскладняе іх прачытаньне і трактоўку.

І чаму літара «П» стаіць паасобку? Тады што ж, будзе «по-лацкі»? Чаму тая «лігатура» злучаецца зь літараю «Л» зьверху, а не ў працяг гарызантальнае верхняе лініі? Ўсе гэтыя пытаньні здымаюцца, калі ўявіць, што літара «Т» ёсьць восьсю яшчэ аднаго, меньшага, трызуба (што скіраваны ў адваротны бок ад большага – верхняга) і зьліваецца зь ім!

Мал. 3. Прамалёўка надпісаў і фігуры, змешчанае на "пячатцы" Князя.

Мал. 3. Прамалёўка надпісаў і фігуры, змешчанае на «пячатцы» Князя.

Зрэшты, гэта вынікае таксама і зь тэхналёгіі напісаньня гэтае часткі тэксту — сьпярша быў прачаканены трызуб зь роўнавялікімі вертыкальнымі «зубамі», а потым да яго далучылі астатнія элемэнты. Ды й восі абодвух трызубаў супадаюць (у межах дакладнасьці вырабу самае «пячаткі»-пярсьцёнка)

Цікава таксама, чаму на выяве адсутнічаюць ня толькі знакі, што перадаюць  галосныя гукі, але і «н» у слове «князь», як і другое «с»  у імені Ўсяслаў. Калі адсутнасьць «н» можна апраўдаць патрабаваньнямі агульнае графікі надпісу, а таксама зразумеласьці яе падставовага сэнсу: «К-н-я-Зь», то пропуск літары ў імені князя немажлівы, тым больш на персанальнае «пячатцы»! Продкі верылі, што імя ёсьць наўпрост зьвязанае зь асобаю і лічылася, што празь ўзьдзеяньне на імя можна нават узьдзейнічаць на асобу. Таму мяркую, што гэтая літара ўсёж-такі прысутнічае на выяве! Калі зьвярнуць увагу на літару «З» зь слова «князь» , то бачны разрыў паміж верхняе гарызантальнае плянкаю літары і ніжнім паўколам. Г.зн., што гравёр, які вырабляў пярсьцёнак, спалучыў гэтую літару зь літарай «С», але перавернутаю, як адбіцьцё ў люстэрку! Больш за тое, такі «трук» дазволіў стварыць непаўторную цэнтральна-люстраную сімэтрыю Знака!

Мал. 4. Так выглядая аснова структуры надпісу, што ёсьць грунтам усяе выявы.

Мал. 4. Так выглядая аснова структуры надпісу, што ёсьць грунтам усяе выявы.

Але дзе ж тут тыя «руны»? Яны ёсьць. Я не рунічны шаман – «эрыль», але пры першым жа поглядзе на выяву зьвяртае на сябе ўвагу графіка яе цэнтральнага  зуба зь перакрыжаванымі дыяганалямі.  Гэты элемент можна трактаваць як адну зь рунаў. Яна чытаецца па-рознаму ў залежнасьці ад таго які варыянт рунічнага «альпабету» (прынамсі, футарку) выкарыстоўваецца.

У брытанскім Нортумбрыйскім рунічным ланцугу амаль такі знак ёсьць рунай «Йор», перадае на пісьме дыфтонг «Йо» і мае сэнс «Міравы зьмей». (Англа-саксонскія руны, правінцыі Паўночная Умбрыя і Мерсія).

Мал. 5. Цэнтральная частка выявы, рунічнае паходжаньне якой выглядае бязьспрэчным.

Мал. 5. Цэнтральная частка выявы, рунічнае паходжаньне якой выглядае бязьспрэчным.

У малодшым нарвежскім футарку гэты элемент можа чытацца як руна «Хагал». Лічыцца, што гэты знак ўтрымлівае элементы графікі астатніх рунаў. Часам «Хагал» разглядаецца як ядро «крышталю магчымасьцей», мае ўласьцівасьці «касьмічнага яйка».

Калі разглядаць як знак толькі перакрыжаваныя дыяганалі (Х), то мы будзем мець справу зь рунаю «Гебо». Яна ёсьць базаваю для шатровых «вязаных» рунаў. (У іх складзе не чытаецца, калі верыць разнастайным «дапаможнікам», але мае сэнс «дарэньне, што стварае ўзаемазалежнасьць» кшталту васал-сюзерэн, ёсьць сымбалем першаснае магічнае сілы, што існуе ад часу нараджэньня багоў і да стварэньня нашага Сусьвету, ёсьць праяваю падставовае рунічнае мудрасьці. Руна адзінства,  увасабляе адзінства й барацьбу супроцьлеглых сілаў. Дарунак багоў. Таксама ўтрымлівае ў сабе цыклічныя паўторы гадавых зьяваў, гадавы абарот зорнага неба, што да гэтае пары зьвязваюць ў Нямеччыне са сьвятам Остэрн.)

Мал. 6. Прамалёўка (негатыў) навершша рунічнага камяня ў Швэцыі. Надпіс пачынае магічная формула, што складаецца зь трох "шатровых" вязаных рунаў.

Мал. 6. Прамалёўка (негатыў) навершша рунічнага камяня ў Швэцыі. Надпіс пачынае магічная формула, што складаецца зь трох «шатровых» вязаных рунаў.

Насамрэч, на дыяганалях выявы на Пярсьцёнку (Мал.4) разьмешчаныя адныя і тыя літары В і В, С і С-адлюстраванае. Такое Х-падобнае разьмяшчэньне літараў ёсьць характэрным для шатровых складаных рунаў. Толькі знакі пры іх напісаньні перадаюцца дадатковымі штрыхамі і такім чынам шыфруюцца (Мал.6). Але ёсьць адзін артэфакт, дзе знакі пададзены ў звычайным напісаньні і зьвязаныя паміж собку па правілах «шатровых» рунаў. Гэта так званая «Руна зь Сеста». Сест (Soest) — горад у Нямеччыне, зямля — Паўночная Райнвестфалія.

І хоць разьдзеляе гэтыя знаходкі ня толькі амаль дзве тысячы кілямэтраў, але і больш за чатырыста гадоў часу, я маю надзею, што графічнае падабенства можа быць сьведчаньнем падабенства сэнсаў. Тады празь параўнаўчы аналіз ёсьць магчымасьць зрабіць спробу паўней раскрыць сэнс «Чарадзеевай пячаткі». Каб жа параўнаць гэтыя выявы, іх трэба прачытаць. Шатровыя руны чытаюцца колам зьлева-направа «па ходу Сонца». Надпішам гукавыя значэньні над гэтымі рунамі і атрымаем:  О — Н — А — Т — А.

Мал.7. Арыгінальны выгляд руны зь Сеста і выдзеленыя руны-складнікі зь  адпаведнымі гукамі.

Мал.7. Арыгінальны выгляд руны зь Сеста і выдзеленыя руны-складнікі зь адпаведнымі гукамі.

Надпіс жа на пярсьцёнку чытаецца зігзагам (зрэшты, ўласна шлях чытаньня таксама выглядае як руна «сол» — Сонца — Мал.3 і 4), пры гэтым назіраецца люстрана-цыклічнае адбіцьцё:  В — С; Сл — В.  Але дакладна такім шляхам рухаюцца кропкі ўсходу і заходу Сонца ў сваім гадавым цыкле! Тады першае «В» у графіцы імені «Всеслав» адпавядае моманту першага ўзыхода Сонца пад час зімняга сонцастаяньня (і, зрпазумела, павароту гадавога цыклю да вясны) — «астранамічным Калядам», а другое «В», канцовае ў імені Князя, суадносіцца зь кропкай-момантам захода Сонца вечарам дня летняга сонцастаяньня (паварот цыклю да восені) — «астранамічным Купальлем». І ў гэтае «Сонечнае» дыяганалі Знаку кропка перасячэньня дыяганаляў адпавядае момнту вясеньняга (і асеньняга — на зваротным шляху) роўнадзенства. Такім чынам, на Пярсьцёнку нанесеныя моманты ўсіх чатырох асноўных паганьскіх сьвятаў, якія сьвяткуюцца пагатоў многімі народамі сьвету.

З гэтага вынікае, што на  малюнаку ёсьць закладзеныя таксама накірункі Сьвету. Прынамсі, Поўдзень — уверсе, таму кропка перасячэньня дыяганаляў і цэнтральны зуб «трызуба» даюць штодня момант-мейсца «астранамічнага поўдня» і накірунак геаграфічнага мерыдыяну.

Літары «С» нанесеныя як узаемны люстраны адбітак і нагадваюць супрацьлеглыя фазы месяца. Калі насамрэч прыняць гэтую пару літар за выявы ўбываючага (паміраючага) і нараджаючагася Месяца, то кропка перасячэньня дыяганаляў пярсьцёнка будзе адпавядаць моманту «новага» Месяца і нараджэньню «Маладзіка». Выглядае, што гэтая выява цалкам  асэнсавана графічна зроблена як перакрыжаваньне шляхоў-дыяганаляў Сонца й Месяца (Мал. 3 і 4.)!

Мяне асабіста цікавіць, ці гэта ёсьць проста вельмі прыгожая і дакладная метафарычная графіка, альбо такія астранамічныя абставіны маюць дачыненьне да моманту нараджэньня князя Ўсяслава? На жаль зрабіць падлікі сам я не магу. Але магчыма, што нарадзіўся ён пад час «новага» месяца ў дзень зімняга сонцастаяньня, альбо летняга роўнадзенства. Гэта дапамагло б вызначыць больш дакладна дату яго нараджэньня.

Не магу абыйсьці ўвагай і тое, што парадаксальным чынам сам горад Сест, дзе знойдзеная касьцяная брошка зь рунічнаю выяваю, ёсьць зьвязаным зь Полацкам. Іх аб’ядноўвае імя яшчэ аднае загадкавае гістарычнае постаці — гэта правадыр гунаў Аціла. У «Сазе аб Цідрыку» (Тэадэрыксе), горад Сест названы сталіцаю Ацілы, яго краю — Хунланда, і апісваецца вайна гоцка-гунскага войска зь палачанамі, таксама як і забойства полацкага князя «Вальдэмара». Нямецкія дасьледчыкі іранічна ставяцца да гэтых зьвестак аб горадзе Сест. Вядомая справа, сагі былі запісаныя толькі пасьля адзінаццатага веку, некаторыя — аж у веку трынаццатым. Многае перадалося зь памылкамі, гістарычныя постаці некалькіх асобаў маглі зліцца ў адзін вобраз і г.д. Але гэтае запісанае паданьне дае нагоду паставіць пытаньне аб узросьце самаго Полацку.

Прыбалтыйскі паход гунаў адбыўся ў 400-406 гадох. Тады ў іх быў каролём Ульдзін (кіраваў у 400 — 408 гг.). Яны прайшлі зь Поўдня па гоцкім тэрыторыям да Бальтыйскага мора і вярталіся ўздоўж Дзьвіны да Полацку і далей да Днястра па заходніх абшарах нашае краіны. Вельмі верагодна, што ў іх складзе былі таксама гоцкія войскі.

Наколькі я ведаю, раньнія полацкія археалягічныя знаходкі датуюцца восьмым-дзевятым векам, але першапачатковае гарадзішча магло знаходзіцца ў іньшым мейсцы. Менск таксама «пераязджаў» некалькі разоў пасьля руйнаваньняў. Зь гэтага гледзішча Полацку ўжо больш за 1600 год, бо дата зьнішчэньня ня можа разглядацца як дата заснаваньня, як тое зь Менскам сталася!

Менавіта пад час «балцкага» пахода гунаў і маглі адбывацца падзеі, што апісаныя ў “Сазе аб Цідрыку” і датычныя Полацку. Толькі рэальны Аціла тут зусім аніякім бокам. Ён выйшаў на гістарычную сцэну са сваім братам на трыццаць год пазьней. Выглядае, гунам больш спадабаўся заходні напрамак — там цяплей і, галоўнае ляжаць багацейшыя краіны. Можа, менавіта празь гэта Аціла і забіў свайго брата, бо той кіраваў заходняю часткаю «імпэрыі». Аціла ж узначаліў усходнюю частку, дзе знаходзіўся горад Сестс на Днястры. Магчыма ў гэтым мейсцы і была нейкі час стаўка Ацілы да захопу паўнаты ўлады над гунамі. Але яшчэ да Ацілы гуны сваім уварваньнем кардынальна зьмянілі мапу Эўропы. Гэты моцны гістарычны «ўдар» спарадзіў цэлы шэраг перасяленьняў народаў і новых сутычак. Такі гістарычны «карамболяж» пята гавеку:

406 г. – вандалы і аланы ўцякаюць у Галлію і Гішпанію, пад націскам войскаў, што вярнуліся зь Балтыйскага паходу. Відавочна, што гуны скіравалі сваю ўвагу на заходнім напрамку, на больш багатых і разбудаваных частках Эўропы.

413 — бургунды асядаюць ў заходняе частцы даліны Рэйна, — пачынаюцца падзеі. апісаныя ў Сазе аб Нібелунгах і г.д.

Зьмены ў характары археалягічных знаходак культуры Банцэровічы-Тушэмля, а гэта ўжо наўпрост тычыцца гісторыі Беларусі, таксама можна зьвязаць зь наступствамі экаспаньсіі гунаў. Мяркую, што прыкладна ад гэтага часу можна адлічваць пачатак  этнагенэзу сучаснае беларускае нацыі.

Ёсьць верагоднасьць, што частка гунаў і іх плямён–спадарожнікаў магла застацца жыць на тэрыторыі сучаснае Беларусі. Магчыма недзе каля Палесься, бо менавіта тут нават у пачатку 20-га веку малярыю (ці балотную ліхарадку) называлі “хінзя”, а таямнічы народ “хінава” са «Слова аб палку Ігаравым» і можа быць нашчадкамі тых “асеўшых” гунаў. Бо корань “хін-” вельмі сугучны з “хюнь-” зь назова “хюнну” – гуны. Канчатак «ва» — магчыма, ёсьць інструмэнтам субстанцыйнага словаўтварэньня. Маю меркаваньне, што склад “-ва-“  ў старажытных індаэўрапейскіх гаворках ёсьць прыкметаю назова пэўнае фундамэнтальнае субстанцыі, альбо паняцьця, напрыклад: Ва – гонь, Ва – руна, Ва – джра, Ва – ю, Ва –да’ , Ва’ – да (чараўніцтва, чары, “вадзяная варажба”), Дрыг – ва, Дрэ – ва, Літ-ва.

Што да ўласна «Руны зь Сеста», то ці не ўпершыню яе аналіз зрабіў Торсон (E. Thorsson) у сваёй працы па Футарку, якая выйшла ў 1984 годзе ў Red Wheel/Weiser, LLC York Beach, ME, а адтуль гэтая інфармацыя была растыражаваная па шматлікіх рускамоўных «даведніках».

Ён надае Руне лічбавую адпаведнасьць «66» (6х11) і адносіць да эфектыўнае пабытовае сэксуальнае магіі. Падвоеную руну «Асс» ён трактуе як графіку «адычнае» сілы, гукавое ж прачытаньне дае як старажытнагерманскае мужчынскае імя Аттано. Яна датуецца першаю паловаю сёмага веку, 600 – 650 гг, але ў «рускіх даведніках» можна сустрэць і больш акрэсьленую дату – 625 г.

Маю адну рэфлексію на гэты конт яшчэ зь дзяцінства. Першымі картачнымі гульнымі, што навучылі мяне мае дзед зь бабю былі: «дурань», «рамс» і як раз — «66». Асаблівасьцью гэтае гульні ёсьць тое, што вырашальную ролю маюць “мар’яшы” — пары «дама-кароль»,  якія маюць сваю «лічбавую вагу» ў залежнасьці ад масьці. Магчыма гэта сьлед нейкага агульнага, сёньня ўжо забытага, «магічнага» прынцыпа і гэта трохі больш чымся звычайная гульня.

На жаль, пачатак сучаснага навуковага вывучэньня рунічнага пісьма ёсьць непасрэдна зьвязаным зь дзейнасьцьцю акультных групаў у Эўропе канца 19-га веку. Не бязь уплыву теасофскіх, і іньшых містычных плыняў таго часу. Шырокі ўжытак рунаў пачаўся празь працы нямецкага містыка і акультыста Гвіда фон Ліста. Які пад уражаньнем ад “Тайнае  Дактрыны” і іньшых працаў Е.П. Блавацкае, стварыў так званы “Арманічны футарк”. Гэтая сістэма ўтрымлівала 18 рунаў. Яна была непасрэдна выкарыстаная нацыянал-сацыялістычнаю дзяржаваю Гітлера. Рунічныя сімвалы  месьціліся на дзяржаўных пячатках, дакументах, ўжываліся як элементы аздабленьня. Амаль манапольна ўсім гэтым распараджаўся Гіммлер зь яго апаратам-ордэнам СС і дасьледчаю структураю “Анэн-Эрбе”. Супрацоўнікі  гэтае “акадэміі” мелі таксама буйную фантазію, але мізэрную дасьведчанасьць у рэальнам стане рэчаў. Усё, як  паўсюль і заўсёды, вырашала “палітычная неабходнасьць”. Зараз усе матэрыялы  гэтых “навукоўцаў” можна знайсьці ў маскоўскіх  архіўных сховішчах.

Ня гледзячы на тое, што фон Ліст неправільна страктаваў матэрыял “Старэйшае Эдды” (таму колькасьць рунаў і іх вызначэньні былі недакладнымі), яго тэорыі і методыкі выкарыстоўваюцца многімі практыкамі “традыцыйнае” 24-руннае сістэмы да сёньня.

Як піша амерыканскі дасьледчык і «рунічны шаман» Мендоуз:  — “У акультных супольнасьцях да рунаў ставіліся як да сістэмы магіі – сродку маніпуляваньня руннымі сіламі дзеля зьдзяйсьненьня жаданьняў і прадказаньня будучыні. Такім чынам руны сталі прыладамі Волі атрыманьня ўлады, а не дапамогаю Духу ў высілках разуменьня Сусьвету і нас саміх, паляпшэньня нашага жыцьця праз гармонію зь сіламі натуры і працягу нашага эвалюцыйнага разьвіцьця”.

Зь нямецкага артыкула аб рунічным пісьме ў Вікіпедыі можна даведацца, што руны, — гэта найстарэйшы тып пісьма германскіх народаў, якое зьявілася ў Паўднёвае Скандынавіі каля 2-га веку нашае эры. У Сярэдняе Эўропе і Англіі руны ўжываліся кароткі прамежак часу ад пачатку 6-га да канца 7- га веку і зьніклі, верагодна празь хрысьціянізацыю і пераход на лацінскі альфабэт.

У германцаў рунічнае пісьмо ўжывалася пераважна для ўспаміну памерлых, альбо значных падзеяў, як знакі ўласнасьці ці прыналежнасьці і г.д. Да гэтага часу знойдзена каля 80 рунічных германскіх надпісаў, што звычайна паходзяць зь раскопаных пахаваньняў. Пераважна хада ідзе аб жаночых упрыгожваньнях зь металаў, датаваных паміж 550 і 600 гадамі. Рунічных знакаў на нямецкіх тэрыторыях пазьнейшых за 650 год ня знойдзена.

Ад сёмага веку прайшло вельмі многа часу і сэнс рунічных знакаў і надпісаў быў забыты. Тэхналёгіі чытаньня і ўжываньня зь тае пары былі поўнасьцьцю страчаныя. Што да «спробаў рэканструкцыі» рунічных знакаў летуценьніка-нацы Гвіда фон Ліста і больш пазьнейшых — у «Трэцім райху», то яны насілі палітыка-ідыялягічны характэр і ня мелі нічога агульнага зь навукаю. Не кажу ўжо аб акультных патужных эксперыментах «акадэміі» Анэн-Эрбе.

У Скандынавіі ж і Вялікім Княстве літоўскім (і яго землях) рунічныя знакі ўжываліся амаль да пачатку 20-га стагодзьдзя. Асабліва доўгатрывалымі аказаліся рунічныя календары і «калькулятары» для вызначэньня фазаў месяца. Верагодна таму,  што гэтыя веды пастаянна ёсьць патрэбныя для штодзёнага жыцьця селяніна і «сялянскае магіі».

Вывучэньне рунаў сёньня ня ёсьць самастойнае навуковае дысцыплінаю, а адбываецца на стыку параўнаўчага мовазнаўства, скандынавістыкі, гісторыі і ахіялёгіі.

Таму для рэканструкцыі значэньня «Руны зь Сеста» мае сэнс абаперціся ўсё ж на сучасных дасьледчыкаў-аматараў і «рунічных шаманаў-магаў». Зрэшты, не застаецца іньшага выйсьця. Мы мусім самастойна гэта зрабіць, бо прачытаньне рунаў залежыць ня толькі ўласна ад графікі, але таксама і ад «гарызонту разгляду» рунічнага знаку. Нам трэба параўнаць сэнсы, што нясе Руна зь Сесту на ўзроўні княжскае ўлады, што была адным зь элементаў сьветапабудовы нашых продкаў. Мы мусім разглядаць рэчы, што ёсьць датычнымі да зямное гіерархіі, грамадства і г.д., таму дамовімся трактаваць сымбалі ў плашчыні архетыпаў і падставовых сэнсаў.

Паспрабуем вызначыць мантычнае значэньне і зрабіць натур-філязофскую трактоўку сэнсу рунічнае формулы зь Сесту. Мяркую, што меўся даволі доўгі перыяд фармаванья графікі і сістэмы поглядаў, што прывялі да гэтае сінтэтычнае выявы. Сярод рунічных надпісаў і магічных формулаў ёсьць вельмі блізкі па сваім складзе і больш раньні па часе, надпіс. На двух брактэтах, што былі знойдзеныя ў могільніках непадалёк ад Дунаю ў Шварцвальдзе (Германія), можна пабачыць магічную формулу “ота”. Сэнс яе згублены, але дасьледчыкі лічаць, што агульнае мантычнае значэньне вынікае зь яе складнікаў і ёсьць блізкім да  otti — “страх” (Уладальнік талісмана – “той, каго баяцца”):

Мал. 8. Так выглядае магічная формула "О-Т-А"

Мал. 8. Так выглядае магічная формула «О-Т-А»

На маю думку, як раз зь сэнсу асобных элементаў гэтую формулу лепей лічыць за адзнаку старэйшыны роду, галоўнага ў сям’і ці паселішчы.

OTA – АТА  азначае і сёньня ў многіх народаў – “бацька”, альбо “стары паважаны чалавек” (як варыянт нямецкае “опа” – дзед, “старына“). Таксама гэты корань захаваўся ў нашым “тата”  дый назовам “прыёма” бацькоўскага выхаваньня — “а-тата”.

Калі да формулы “ота” дадаць толькі руну “нід”, мы атрымане поўны набор знакаў “руны зь Сеста”, бо руна “геба” (касы крыж) ёсьць яе асноваю, мае сэнс, але не чытаецца, прынамсі ў шатровых (“вязаных” шыфравных) рунах.

Мал. 9. Поўны набор рунаў, што складаюць рунічную формулу на брошцы зь Сеста.Мал. 9. Поўны набор рунаў, што складаюць рунічную формулу на брошцы зь Сеста.

У “Руны зь Сеста” ёсьць вельмі цікавая адметнасьць — яна сіметрычная да цэнтру, як “шатровая”, але нанесеная звычайнымі, не шыфравнымі рунамі. У гэтым выпадку, згодна прачынаньня «вязаных» рунаў, тлумачэньне можа быць толькі дадатным (пазітыўным). Да таго ж руна “Одал” не толькі злучае абедзьве галіны выніковае руны, але і дадае ёй яшчэ адну мернасьць. Такім чынам,  гэтую руну можна разглядаць як трохмерную!

Для канчатковага сінтэзу мантычнага сэнсу, разьбярэм па-парна «генеральныя» складнікі выявы, як гэта вынікае зь самаё арганічнае канструкцыі складанае Руны, пакідаючы дэталёвы аналіз элементарных складнікаў па-за межамі гэтага артыкула:

——————————————————————————————

Мал. 10 а.

Мал. 10 а.

— (“Одал” і “Геба”) – Сусьвет, у яго цыклічным узнаўленьні і кругаверці мернасьцяў, як Дар Бога.

——————————————————————————————

Мал. 10 б.

Мал. 10 б.

— (“Нід” і “Тюр”) — Дзеяньне, што вынікае зь пільнае патрэбы, сутнасьці Бога. Шлях зь “нічога”, дзея Бога,“рэалізацыя”.

——————————————————————————————

Мал. 10 в.

Мал. 10 в.

— двайное “дынамічнае асс” – «Слова ў Пачатку» — Слова Бога, якое вечна гучыць пасярод акіяну першаснага Хаосу, акрэсліваючы Сусьвет.

——————————————————————————————

Мал. 10 г.

Мал. 10 г.

— Цалкам, выява сэмантычна ляжыць вельмі блізка да сакральнае тыбетанскае канцэпцыі Калачакры – цэльны,  «халістычны» Сусьвет у сваіх цыклічных праявах, што  ёсьць  Словам Божым і трымаецца празь яго Волю.

——————————————————————————————

Такім чынам, агульная сэнсавы зьмест гэтага знаку адпавядае хрысьціянскае традыцыі адзінабожжа, зьмяшчаецца ў яе межах і ёсьць блізкім канцэпцыі адзінства Сьвету, што трымаецца на Слове Божам і яго Волі.

Чытацца руна можа як «ОАТАН», зь гучаньнем «паўцыкляў» як  «AНA» – у нямецкае мове азначае “продак” і «АТА», магчымае разуменьне, як «бацька». Што да пачатку ад руны «Одал» (О), то, мяркую, ў дадзеным выпадку мае мейсца гучаньне гэтае руны як «Во»:   «(В)ОАТАН». Я б прачытаў імя, што нясе руна зь Сеста, як (О)Атан альбо В(о)атан.  Магчыма мы маем справу зь варыянтам германскага Водана. Ён ёсьць германскім аналягам Одзіна, ўтрымлівае фундаментальны прынцып Бацькоўства, як універсальнае неабходнасьці. Ён — “усеагульны бацька-продак”, творца сутнага. Падставовы сэнс і роля сусьветнае гіерархіі раскрываецца як раз у корпусе паданьняў аб Одзіне.

Імя ж Одзін было дадзена аднаму зь правадыроў народа «асаў» пасьля «прасьвятленьня», ў якім удзельнічаў і нябесны бог Одзін. Як і фараоны, гэты правадыр стаў богам толькі пасьля сваёй сьмерці і вяртаньня-адраджэньня ў Асгардзе нябесным дзе вечна ёсьць «Одзін, які не пакідаў Асгарда нябеснага», зьліўшыся зь ім. Гэта значыць — падобна Хрысту, бо сказаў ён: «Я і Бацька – Адно». Зьяўленьне клясычнага Футарка легенда зьвязвае зь прыходам «асаў» зь Сярэдняе Азіі на Поўнач. Яны заснавалі паселішчы на поўдні Швэцыі. У паданьнях вельмі многа паралеляў зь каралём Артурам і Камялотам. Згодна легеньдзе, цела Одзіна было пахаванае каля Упсалы, дзе знаходзілася рунічная школа. Вытокі ж рунічных знакаў зьвязваюць і зь Паўночнаю Італіяю і этрускамі. Я б сказаў шырэй, што мейсцам ўзьнікненьня, “калыскаю”  рунічных знакаў, ёсьць цалкам Альпійскі і Сярэднеземнаморскі рэгіёны.

Самаё напісаньне імені бога Водана(?) па ходу Сонца вяртае нас да фудаментальнага панятку касьмічнага «Міравога дрэва» і законам, што кіруюць нашым Сусьветам. Выява ж на пярсьцёнку нашага князя ёсьць больш дэталізаванаю і, хаця таксама перадае «Міравое дрэва», але у цэнтар гэтага Космасу пастаўлены Полацк, якім кіруе Князь, што нясе Касьмічны Закон. Такі стан рэчаў трохі нагадвае «рэвалюцыю» Эхнатона ў старажытным Эгіпце. Да таго ж выява, якой карыстаўся Ўсяслаў Чарадзей ня толькі да скрайнасьці персаналізаваная, але мае многа практычных, «утылітарных» асьпектаў. Напрыклад, яна можа дапамагчы ў арыентаваньні на мясцовасьці, бо у любы час можна дакладна даведацца дзе знаходзіцца кожная старана сьвету, зыходзячы толькі зь мейсца Сонца альбо Месяца на небасхіле. Дастаткова ведаць неабходныя папраўкі. А гэта ўжо — справа вопыту й тэхнікі.

Можа ўзьнікнуць пытаньне, а чаму наагул тут павінна весьціся аб нейкіх рунах, варагах, уплывах розных? Нехта нешта на пярсьцёнку надрапаў і на табе — знакі нейкія, сэнсы розныя!

Справа ў тым, што нарадзіўся Ўсяслаў Брачыслававіч у першае чвэрці адзінаццатага веку, а зь яго адыходам пачаўся век дванаццаты — скончылася раньняе Сярэднявечча. Жыў і кіраваў Княствам Полацкім вельмі доўга. Як ніхто іньшы. Пры яго жыцьці ў Польшы зьмянілася тры каралі. Прыкладна на гэты час (1027 год) прыпадае пачатак, «нулявы» год, тыбета-мангольскага календара (У 1987 годзе пачаўся яго новы, 17-ты цыкл, што складаецца зь 60 год). Пры жыцьці Ўсяслава пачыналася новая старонка гісторыі Чалавецтва — была заселеная ўся Зямная суша і пачалося ўсталяваньне глябальных рэгулярных тарговых і іньшых зносінаў паміж самымі аддаленымі рэгіёнамі. Бязь гэтага немагчыма была празь дзьвесьце-трыста год і так званая «эпоха вялікіх гэаграфічных адкрыцьцяў» — глябальная экспансія эўрапейскае цывілізацыі і яе пасьпяховае лідэрства ў Сьвеце.

На нашых абшарах тады як раз быў «Перыяд вікінгаў-нордманаў», дакладней гэтая эпоха падыходзіла да свайго лягічнага завяршэньня. Іх шырокая прысутнасьць вызначаецца дагэтуль багатымі архіялягічнымі знаходкамі. Варагі як раз дамінавалі ня толькі ў Заходняе Эўропе, але і на ўсіх рачных артэрыях яе сярэдняе і ўсходняе частак.

У заходняе гісторыяграфіі лічыца, што ўпершыню вікінгі — «нордманы» заявілі аб сабе ўлетку 793 года, калі разрабавалі і дашчэнту вынішчылі манастыр Lindisfarne на ўсходнім пабярэжжы Шатляндыі. Жыхары тагачаснае заходняе Эўропы былі ўражаныя гэтай і наступнымі падзеямі. Зьявілая нават малітва: «Божухна, крый нас ад крывавых нордманаў!». Англія была захопленая і частка вікінгаў асела там. Іншыя ж накіраваліся далей і замацаваліся ў Сярэднеземскім моры, дзе да таго часу валадарылі піраты зь ісламскіх, так званых “пірацкіх” дзяржаваў.

Зь пачатку ж ХІ стагоддзя гэтыя княствы «выхадцаў зь Поўначы» пачынаюць зьяўляцца ў паўднёвае Італіі. Роберт Гіскар разьбіў папскія войскі і прымусіў Папу Мікалая ІІ (Другога) прызнаць сваю ўладу. У 1060 – 1061 гадох таксама ён адабраў у мусульманаў Сіцылію, а потым прагнаў зь Італіі візантыйцаў і захапіў іх апошнія крэпасці Рэджо і Бары (1071г.), заснаваўшы Каралеўства Абедзьвух Сіцылій.

Але яшчэ ад 9 веку Эўропа зазнала яшчэ адну навалу — пачынаюцца рэгулярныя мусульманскія рабаўнічыя набегі і эўрапейскія войны зь «сарацынамі». Вялікі Халіфат захапіў у той час прастору ад Каўказскіх гораў да Гібраалтара, ўключна зь Гішпаніяю. На ўсход яго землі доўжыліся аж да Індыі.

Разам з тым на захадзе Эўропы ўжо адбывалася Рэканкіста – паступовае выцісканьне мусульман зь Гішпаніі (тады — Кордоўскі Халіфат) празь эміграцыю францускага насельніцтва і ваенныя дзеяньні хрысціянскіх манархаў зь дапамогаю наёмнікаў і шляхты, пераважна францускай жа. Гэта, сумесна зь іньшымі працэсамі, падрыхтавала глебу да Крыжовых паходаў, якія вельмі аслабілі Эўропу. Дарэчы, ў самом Вялікім Халіфаце Крыжовыя паходы эўрапейцаў успрымаліся хутчэй як чарада ня вельмі вялікіх памежных канфліктаў, чымся глябальныя сутыкненьні. Першы зь іх адбыўся напрыканцы жыцьця Ўсяслава, у 1096 – 1099 гадох.

Гэта быў час росквіту феадалізму, які пачаў фармавацца ў часы Каралінгаў і набыў найбольш завершаныя рысы ў Францыі і Нямеччыне. Ў славянскіх жа і скандынаўскіх краінах мясцовыя традыцыі надавалі феадалізму адпаведныя адметнасці. Паміж 8 і 11-м вякамі арыстакратыя паўстае як кляс вояў і шляхты. Да канца ХІ стагодьдзя ў асноўным сфармавалася сістэма шляхецкае ўзаемазалежнасці і сталі ўжывацца радавыя гербы ва ўласным сэньсе слова.

Пачынаючы зь Х веку па водных шляхох Усходяе Эўропы пачалі свой масавы і актыўны рух атрады варагаў. Празь Няву ў Волгу і Дон, Дзьвіною – ў Дняпро, таксама як празь Нёман і Прыпяць. Зрэшты, гэтыя шляхі выкарыстоўваліся рознымі народамі пастаянна ад часу зьяўленьня тут Чалавека. Сутнасць жа тагачасных закалотаў адзінаццатага стагодзьдзя паміж Полацкам і Кіевам якраз у барацьбе за гэтыя шляхі. Узяць Пскоў ці Ноўгарад было пэўна не прасцей, чымся йсці непасрэдна “ваяваць Кіеў”. Але празь гэта браліся пад кантроль водныя гандлёвыя шляхі ня толькі па Дняпры, але і Волзе, таксама як і караванныя сцежкі, што пачыналіся далёка на Ўсходзе, за “Уральскім Камянём”. Карацей, Рагвалодавы Ўнукі ўвесь час змагаліся зь кіяўлянамі і іньшымі суседзямі за прыбыткі ад Балтыйскага гандлю з Поўднем і Усходам. Можна сказаць, што нашая дзяржава ў вялікай ступені паўстала дзякуючы гэтым транзітным шляхам і міжнароднаму гандлю.

Напрыканцы ўжо 20-га веку каля вострава Руген (Руян, пушкінскі “Буян”) на Балтыцы былі знойдзеныя парэшткі трох вадаплаваў 9 – 10 вякоў. Умяшчальнасць кожнага складала пяць – шэсць тонаў. У іх было знойдзена 2400 арабскіх срэбных манэтаў. Яны былі адлітыя ў 850 годзе. Гэтая знаходка пацьвярджае, што тубыльцы Ругена, славяне, мелі шырокія тарговыя сувязі. Відавочна, не ў апошнюю чаргу і зь Полацкім княствам, якое на той час мела непасрэды выхад на Балтыку.

Ва ўсяе ж Сярэдняе і Заходняе Эўропе на момант нараджэньня Ўсяслава жыло па розных ацэнках ад 25 да 45 мільёнаў чалавек. Адбываўся агульны дэмаграфічны рост. Паўсюль, як і ў Полацку, пераходзілі да каменных пабудоваў замест драўляных. Пачынаецца росквіт гарадоў, які доўжыўся аж да ХІІІ веку. Схізма 1054 года адмяжавала Ўсходнюю Эўропу і Балканы ад рымскага хрысціянскага міра. Але ўжо за паўвеку да нараджэньня Ўсяслава Данія, Нарвэгія, Швэцыя і Польша былі хрысціянскімі краінамі. Як і ў Полацкім княстве, там старая паганьская вера была яшчэ у сіле. Бо напрыклад, у 1060 годзе кароль швэцкі Стэйн адмовіўся руйнаваць старажытнае паганьскае капішча ва Упсале, ня гледзячы на тое, што сам быў хрысціянінам. Дзякуючы гэтаму да нашага часу дайшлі выдатныя помнікі рунічнага пісьма на камянях і выява коньніка зь мечам, якога з Пагоняю розьніць толькі адсутнась тарчы. Але і значна пазьней, на мапах ўжо Вялікага Княства Літоўскага, ёсць пазначаным капішча Вужа і Вогнішча.

Самоё ж пераўтварэньне рыбакоў і гандляроў у захопнікаў і рабаўнікоў заходнія дасьледчыкі зьвязваюць зь вынаходніцтвам «лодкі вікінгаў» — лёгкага карабля, які быў упрыгожаны галовамі дракона. Згодна паданьням, якія зрэшты пацьвяржаюцца археалягічнымі дадзенымі апошняга часу, даўжыня такіх баявых караблёў магла сягаць за 36 мэтраў і яны маглі зьмяшчаць каля двухсот узброеных чалавек.  Існаваў тарговы варыянт карабля, што называлі «кнор» — ён быў шырэйшы за баявы. Таксама сьцьвярджаецца, што на ўсходзе Эўропы нордманаў называлі «рос» і адсюль паходзіць назоў «Русь».

Каля 1000 году Лейў Эрыксон (Шчасьлівы) заснаваў першае паселішча на Амерыканскім кантыненьце на паўвысьпе Лабрадор (Вінланд), што таксама пацьверджана архіялягічнымі дадзенымі. Празь сьмерць бацькі, Эрыка Рудога, ён вымушаны быў вярнуца ў Ісляндыю, каб заняць яго мейсца – ўзначаліць род. Яго ж брат, Торнвальд быў забіты празь некаторы час у сутыкненьні зь індзейцамі. Калёнія перастала існаваць, але ёсьць звесткі, што і надалей вікінгі рэгулярна бралі лес на Лабрадоры і кантактавалі зь індзейцамі племені інуітаў.

Гэтыя кантакты, верагодна, маглі доўжыцца аж да канца 14 — пачатку 15 стагодзьдзя, калі празь пахаладаньне клімату нашчадкі ісляндцкіх каляністаў змушаныя былі канчаткова разьвітацца зь Грэнляндыяй.

У сваіх рызыкоўных выцечках, як паказваюць раскопкі ў Грэнляндыі,  нордманы карысталіся прыладаю, якую дасьледчыкі назвалі «сонечны компас» і, выглядае, ведалі аб тым, што Зямля ёсьць шар, а ня плоскі блін. Калі цень ад цэнтральнага шыпа усталяваць на лініі, то прылада дае шыротны накірунак нашае плянэты цягам ўсяго дня. Гэтая прылада добра функцыянуе на шыротах каля 61° ПнШ. Тэарытычна, так можна плыць на амэрыканскі кантынент наўпрост, а не «кабатажом» уздоўж берага.

Мал. 11. "Сонечны компас"-  прылада вікінгаў для арыентаваньні ў аткрытым моры па  сонцу.

Мал. 11. «Сонечны компас»- прылада вікінгаў для арыентаваньні ў аткрытым моры па сонцу.

Нашыя продкі наагул ня былі такімі ўжо тупымі варварамі і ведалі многія рэчы, пазьней страчаныя.

Але рунічныя знакі маглі патрапіць на тэрыторыю нашае краіны значна раней за восьмы век і бязь дапамогі вікінгаў. Яшчэ ў другім веку нашае эры пачалі свой рух на поўдзень ад вострава Готланд першыя шэрагі гоцкіх перасяленцаў. Магчыма менавіта зь іх пазьнейшым расьсяленьнем і зьвязана знакамітая ковельская знаходка дзіды, упрыгожанай рунічным надпісам.

Зрэшты, гуны таксама мелі ва ўжытку рунічныя знакі і да таго ж былі збольшага хрысьціянамі-арыянамі.

Мал. 12. Наканечнік дзіды зь рунічным надпісам. Знойдзены у Ковелі (Украіна).

Мал. 12. Наканечнік дзіды зь рунічным надпісам. Знойдзены у Ковелі (Украіна).

Якім чынам ўзаемадзейнічалі нашыя продкі зь варагамі, готамі, гунамі?  Ці толькі войны і рабункі былі «стылем дачыненьняў» у далёкім мінулым? Канешне, на падставе археалягічных дадзеных можна атрымаць пэўны малюнак суадносінаў. Але бракуе сістэмных доказаў.

У наш час найбольш захаваным краем ў сэньсе аўтэнтычных рэчаў культуры вікінгаў ёсьць Ісляндыя — празь сваю адносную аддаленасьць і геаграфічную ізаляванасьць. Раскопкі выявілі там, што сярод паселішчаў першых каляністаў, перасяліўшыхся зь тэрыторыі сучаснае Нарвэгіі і Швэцыі, сустракаюцца таксама пабудовы «славянскага тыпу». Гэта значыць, што некаторыя зь яе насельнікаў былі не захопленымі славянамі-нявольнікамі, а вольнымі людзьмі і складалі частку тамтэйшага грамадства вікінгаў. Сучасная ісляндцкая мова закансервавала ў сабе словы і лексемы тых далёкіх часоў і сучасныя іслянцы могуць чытаць тэксты сваіх продкаў.

Калі стасункі насамрэч былі сталымі і, збольшага, мірнымі, то павінны захавацца і ў нашае мове пэўныя элементы, якія адпавядаюць мове нордманаў-варагаў. Канешне, час робіць сваю справу, але мы маем найбольш захаваны варыянт мовы вікінгаў — сучасную ісляндцкую мову. Простая лёгіка падказвае, што нават калі раней і былі ва ўжытку лексічныя канструкцыі-запазычаньні, што паходзілі зь іньшых моваў, то пасьля зьяўленьня вікінгаў, яны маглі быць абсарбаваныя і адаптаваныя да мовы «нордманаў». Пазьнейшы па часе ўплыў павінен, тэарытычна, пакінуць больш значны сьлед.

Тут маем іньшую праблему — нашая ўласная мова за гэты час зьмянілася больш радыкальна, чымся ісляндцкая, але… Але ёсьць тапаніміка, дзе гучаньне назваў часта, як эстафету, пераймае адзін народ ад другога, напаўняючы чужыя словы сэнсамі ўласнае мовы!

Зробім кароткую экскурсію ў сучасную іслядцую мову зь мапаю Беларусі. Бегла пераглядаючы ісляндцкі слоўнік, я знайшоў там наступны цікавы шэраг словаў (у дужках даюцца літары, што перадаюць знакі, адсутныя ў стандартнае «лацініцы», гучаць, як зьлітна-напісаныя):

Трапляюцца там наўростыя аналягі як  ra(td)isa —  радзіса, рээдзька (зрэшты, «агульнагерманскае»), таксама як і падказкі на паходжаньне прозьвішчаў, напрыклад «Роўда»:  rau(td)a – яечны жаўток, чырвоная фарба ці rau(td)-i – жалезная вохра,  балотная жалезная руда.

Часам некалькі словаў утвараюць ядро сэнсу, што падказвае вытокі назова. Як гэтае — на «мен»:

Men — каралі, пацеры, «нізка».

menga  — зьмешваць, мяшаць

mengi — (паэтычнае)  — народ, натоўп

menn (множны лік) — ma(td)ur – чалавек, мужчына, дужы, энергічны.

menna — „рабіць чалавека“ зь каго-небудзь, «ставіць на ногі».

mennskurчалавечы.

У гэтым сьпектры сэнсаў цалкам магчыма разглядаць назоў «Менск» як «чалавечае паселішча» — і перакласьці як «жытло «.

Альбо супастаўленьне словаў «блізка — браць» можа праліць сьвятло на паходжаньне назова Нёмана:

na‘ – n(ae) – наганяць, зьбліжацца, даганяць, атрымліваць, дабіваца

nam— (neman(ae)mi -) — браць, забіраць (у сваё валоданьне)

nama – шахта, руднік

namagöng – шахтны ствол, ход рудніка

nemland – калянізаваць, сяліцца

nemandi – вучань, той хто навучаецца

Маем:

Nem-an — Нёман

an – бязь, акрамя.

Такім чынам «Нёман» магло б азначаць «зямлю, ўзятую бязь боя» — пустуючую тэрыторыю, што малаверагодна. Канешне, гуны ў пачатку пятага веку маглі тут выпаліць ўсё да шчэнту, але за прайшоўшыя зь тае пары чатыры вякі людзі павіны былі зноўку засяліць гэты край.  Тым больш, што частка таго ж гуна-гоцкага войска магла застацца ў гэтае мясцовасьці жыць. Хутчэй хада ідзе пра выкапні і прыродныя багацьці ў Панямоньні. Нёман — у сэньсе «багаты на ўзятак».

Сустракаюцца словы, канструкцыі якіх ёсьць падобнымі да геаграфічных назоваў нават самых малых нашых населеных пунктаў. Напрыклад ёсьць такая невялікая вёска ў Панямоньні:

Наквасы  (Na-kvasy) у сучаснае ісляндцкае маем:

nakv(ae)mlegur – дакладны, акуратн

kv(ae)mni – дакладнасьць, акуратнасьць.

kva(td)-a – прамаўляць, гаварыць, вырашаць.

kva(td)sta‘ – спаборніцтва ў складаньні і веданьні вершаў (правілам ёсьць каб кожны ўдзельнік адказвае суперніку вершам зь чатырох радкоў, які пачынаецца зь літары, якім той законцыў свой верш). Падобна, што гэта ідзе ад спаборніцтва скальдаў.

kvak – птушыны сьпеў, шчабятаньне

Але ўжо зусім уражвае магчымы сэнс звыклых для беларуса назоваў рэчак, што вынікае зь меркаваных ісляндціх моўных каранёў:

Сула — «мелкая рэчка зь палогімі, гразкімі берагамі і шматлікімі бродамі».

sulla – пляскацца, шлёпаць (па вадзе), пераходзіць у брод, мазаць, мурзаціць, мясіць  гразь.

sull – плёсканьне

(В)Уса — «ціхае цячэньне бязь гуку.»

uss – цішышя, цішэй

ussa – „шыкаць“ — патрабаваць цішыні

 Зе(э)льва — Зэльвянка  

Selja — вярба, іва.

Котра

Kotхутар, маленькая будыніна, «хіжына»

ra‘ — рэя, жэрдзіна для сушкі рыбы

Гаўя

gaus — (gjosa) —  1). Біць, брызнуць,  струменіцца (аб вадзе)   2). дзейнічаць (аб         вулканах)    3). Вывяргаць, вывяргацца (аб вулканах).

Вільля

Velja  — ( Vel, Valdi)   1). выбіраць, адбіраць зь чаго-нібудзь.

                                   2). выбраць лепшага ад….

                                    3). выбраны, адборны, непераўзыдзены…

Vell —  1). кіпеньне, бурленьне

            2). сьвіст пэўных птушак

Vella  — 1). кіпеньне, бурленьне, сьвіст

             2). кіпець, бурліць, кішэць, раіцца, балбатаць бязь перапынку.

Іслач

islaus — вольны ад ільду, незамёрзлы

Сьвіслач

Sv(ae)sinn — 1).  моцны, бурлівы, рэзкі   2). суворы,строгі

Што да пары назоваў апошніх рэчак, то іх гучаньне вельмі падобнае, ды й вытокі іх ляжаць блізка. Таму магчыма іх назовы грунтуюцца ўсё ж на наступных каранях:

Slag-(i)  — сырасьць

Svi — пацець, ўганяць у пот.

«i‘ » — звычайна азначае ў ісляндскае мове прыстаўку, пасьля якой даецца            напрамак руху, альбо стан і месца знаходжаньня.

Тады Свіслач = Svislag  «быць мокрым ад поту»

Іслач = Islag «шлях (напрамак), на якім вымакнеш (ад поту)». Цалкам магчыма, што празь вытокі гэтых рэчак і ішлі волакі таго часу. Шлях можна значна скараціць, але ад поту дакладна вымакнеш — адхоны ўзгоркаў даволі крутыя!

Якуцкія «горы», вёска Якуты

jaki – высокі і таўсты чалавек, буйная жывёла, вялікая крыга.  У гэтым выпадку  можа весьціся пра вялікі «таўсты» пагорак.

Нечакана аказалася, што гэтая мова дае яшчэ адну магчымасьць талкаваньня словаў «Русь» і «Літва», зьвязаўшы іх сэнсы як пэўныя антонімы. Насамрэч:

Карані «Рус» і «Рос»

ruskaмяшаць, перамешваць

rusl – сьмецьце, хлам, адкіды

rusla – капацца, рыцца, рабць беспарадак

russi – студэнат-першагодак

rust – разваліны, руіны

ros – роза, нешта прыгожае, аэдобленае, мудрагелістае.

rosi   — вецер зь дажджом

roskinn – дарослы, зрэлы, пажылы.

rosta  —  бой, бойка, закалоты, беспарадкі

rosti  — пыха, ганарлівасьць.

Корань «Літ(д)»

li(td) – 1). група, кампанія, каманда, дапамога, падтрымка. 2).Войска.                         Таксама зь гэтым каранём зьвязана цэлая плойма словаў, што абазначаюць калектыўныя дзеяньні.

Як бачна зь прыведзенага веера сэнсаў, карані на рус-рос прыналежаць паняцьцям нечага разьяднанага, расьцярушанага, адасобленага, «ажурнага», складаючагася зь узораў. Насуперак таму, словы на «літ» — перадаюць панятак зьяднанага адзінства.

Цалкам магчыма, што ў восьмым — пачатку дзевятага веку, частка адстаўшых ці пакінуўшых свае караблі па іньшым прычынам, вікінгаў, ня меўшых на той момант кіраўніцтва, не прыналежыўшых ні да якой каманды і называлі сябе «Рос» і вярбаваліся як найміты-воі да князёў і канунгаў. У гэтым выпадку сэнс гэтага слова будзе блізкі да слова «вольны».

Пазьней, калі вікінгі пачалі перасяляцца са Скандынавіі ў новыя мейсцы літаральна «карабельнымі камандамі», яны цалкам маглі звацца «літ-ва», ў сэньсе — «каманда карабля, ўзброены атрад пад началам, арганізаваная вайсковая адзінка». Тым больш, што іх кіраўнікі выконвалі ў каманьдзе функцыі «правадыра-шамана».  Для асобнага воя то была ня проста ўлада начальніка, але і поўная духоўная ўлада над ім. Гэтая ўлада рэглямэнтавалася толькі паўстаўшым звычаёвым правам.

Тое, што назоў «літва» можа быць зьвязаны зь караблём пацьвярджаецца яшчэ напрыклад словам  hlid – бок, старана, схіл. Маю на ўвазе, што ў тых вадаплавах было два рады грабцоў-ваяроў, адсюль гукавая і сэнсавая  повязь «літ(д)-хлід» (каманда – “старана”, палавіна каманды ).

Таксама становіцца зразумелым, чаму ў 1009 годзе “літва” забіла міссіянера Бруна Квэрфурдзкага, што меўся хрысьціянізаваць яе. Тут магчыма справа нават ня ў тэалягічных супярэчнасьцях.  Хоць «літва» і ваяры-шаманы, але канкурэнцыі ня любіць ніхто.

Канешне, гэта толькі першыя ўражаньні, але, на маю думку, ісляндцкі накірунак пошуку першасных сэнсаў нашае тапанімікі мае перспектвы.

Гэтая «лінгвістычная» спроба пераканала мяне асабіста ў тым, што доўгі час вікінгі-нордманы жылі побач зь нашымі продкамі і, гледзячы па ўсім, тая зьмешаная грамада і была першасным субстратам, які лёг ў падмурак фармаваньня нашае нацыі, не выключаючы таксама іньшыя народы і плямёны. Гістарычна бачна, што нашая этнічная тэрыторыя была заўсёды полем сінтэза і ўзаемаўзбагачэньня ўсіх народаў, шлях якіх пралягаў тут. Таму нашая генетычная разнастайнасьць ёсьць ці не асноўнае багацьце, што ляжыць у падмурку аптымстычнага варыянту будучыні і забясьпечвае далейшы прагрэс і разьвіцьцё нашае нацыі ў гэтым тысячагодзьдзі і таксама надалей.

ххх

Такім чынам, гэты беглы аналіз дазваляе сьцьвярджаць, што на пярсьцёнку полацкага князя Ўсяслава Брачыслававіча (Чарадзея) вычаканена выява Дрэва Сусьвету, як яна была вядомая на той час. Сваім ствалом Дрэва ўзвышаецца ад зямлі да неба і вызначаецца шляхам Сонца на небасхіле. У паданьнях гэта перадаецца тым, што на яго вяршыні сядзіць арол – алегорыя нашага сьвяціла. Ствол гэтага дрэва працінае ўсе міры нашага Сусьвету, а карані (у скандынаўскае традыцыі – тры кораня) апускаюцца глыбока ўніз, да «Першакрыніцы» якая нясе чароўную ваду Ведаў і Творнасьці ўсяго Існага. Менавіта пра гэта і апавядае графіка Знаку: імя Ўсяслава напісанае «па шляху» Сонечных усходаў і заходаў цягам поўнага гадавога цыклю і базуецца на дыяганалях самаго «трызуба», што ёсць алегорыяй «Сьвету яўленага ў законах нябесных». Малы ж «перакулены» трызуб дапаўняе агульны малюнак і ёсьць адбіцьцём гэтага нябеснага трызуба, яго зямнымі каранямі. На гэтым, адлюстраваным трызубе напісанае назва горада і перашакраіны-княства ў графічна-падпарадкаваным, залежным стане ад слова «князь». На маю думку тут закладзеная алегорыя таго, што самы Полацак (і княства) – Зямля Полацкая, ёсьць цэнтрам Сьвету Зямнога празь які і праходзяць тры карані Дрэва сусьветнага парадку. Што ёсьць вельмі слушна зь гледзішча кожнага палачаніна. Князь жа (яго ўлада) і яго імя, празь такое напісаньне, адносяцца ўжо да «законаў божых», што гэтым сьветам кіруюць. Гэта вельмі трапна кладзецца ў тэзу хрысьціяньскае ідэалёгіі — «ўсякая ўлада ад Бога».

Комплекс легендаў і паданьняў аб Міравым дрэве, як і самая гэтая алегорыя, ёсьць бадай найстаражытнейшым комплексам мітаў чалавецтва. Першыя, найбольш раньнія, элементы гэтага кшталту мадэлі «пабудовы Сусьвету» празь археалягічныя знаходкі розных цывілізацый лякалізуюцца паміж усходняе часткай Сярэднеземнага мора і Касьпіям.

Бачна таксама, што мы маем падабенства – адбіцьцё, як у люстэрку: «трызуб законаў нябесных» адпавязае малому «трызубу сьвету зямнога», які ўтвараюць карані Дрэва. Я разумею гэта як графічнае увасабленьне асноўнага «герметычнага» прынцыпу падабенства — «Тое, што ёсьць ў небе, ёсьць падабным таму, што і на Зямлі». На гэтае падставе можна выказаць меркаваньне, што сам Ўсяслаў быў знаёмы зь «герметычнаю традыцыяй» і яго празвалі Чарадзеем не на пустым мейсцы. Цяжка вызначыць, адкуль ён здабыў гэтыя веды, але гісторыя і тэксты даюць інфармацыю аб цесных сувязях  беларускіх княстваў-протадзяржаваў зь Цьмутараканьню (гэта, прынамсі там дзе цяперашні Керчанскі праліў). У сваю чаргу тыя мясьціны былі калёніямі старажытных грэкаў і такія веды яны бязьспрэчна атрымалі ад коптаў зь захопленага грэкамі ж Эгіпту.

Але маю нахабства выказаць меркаваньне, што яшчэ да зьўленьня грэкаў там маглі існаваць уласна коптцкія, ці залежныя ад Эгіпту калёніі.

Мая гіпотэза базуецца на тапаніміцы таго рэгіёну. На Доне ёсьць знакаміты горад Растоў, які, да ўсяе сваёй гучнае славы, мае адну загадку – яго назоў не вынікае ні зь фіна-вугорскае і ні зь аднае славяньскае мовы ці блізкіх народаў. У той жа час «Растоў» — гэта адно зь фундаментальнейшых паняцьцяў старажытнакоптскае рэлігіі. Гэта месца, дзе атрымлівае нябеснае бязьсьмерцьце Азірыс (дарэчы, амаль такім жа чынам як Одзін ці Хрыстос). Паняцьце «Растоў», фізічна ёсьць таксама зьвязанае зь першаю фазаю раняшняе зары, тою, што наступае адразу пасьля нашага «золку». Гэтая містычнае традыцыя, зь пэўнымі трансфармацыямі, захавалася да нашых дзён і прысутнічае у многіх народаў і «групаў зацікаўленых асобаў». Прынамсі Рэрыхі назвалі некалі свой універсітэт «Урусваці» — што перакладаецца як «Сьвет раняшняе зары». Г. зн. — шлях у неба да жыцьця вечнага. Можна ўспомніць і дадаць як аргумэнт таксама назоў старажытнагрэцкае дзяржавы-горада Херсанэс. Тут частка «Хер-» можа азначаць «ніжні-» і паходзіць таксама са старажытнакоптскае мовы.

У даведцы ж пра Растоў напісана, што там маюцца парэшткі паселішчаў узростам аж да пяці тысячаў гадоў даўніны, але… «сучасная гісторыя горада пачынаецца зь часоў Азоўскіх паходаў Пятра І-га (1695 – 1696 г.г.), які зьвярнуў увагу на лагчыну зь крыніцаю пад назовам «Багаты калодзеж»». Афіцыйная дата заснаваньня – 15 сьнежня 1749 г.

Самая ж «крона» касьмічнага Міравога дрэва складаецца гадавымі цыкламі рухаў па небу Сонца, месяца і зорак. Гэты гадавы колазварот ёсьць грунтам для сьвятаў, паўстаўшых практычна ва ўсіх народаў нашае Плянэты.

Адпаведна, «Дрэва» арыентавана па накірунках сьвету, якія ў сваю чаргу  ёсьць цыклічна ж злучанымі зь паняткамі космапабудоўчых стыхій. Падобна тром «дошам» індыйскае Аюрведы. «Доша», згодна гэтае натурфілязофскае сістэме і медычнае практыцы, — ўсеагульная комплексная субстанцыйная якасьць.

Зыходзячы зь гамы сэнсаў, закладзеных ў выяве на пярсьцёнку, можна меркаваць і пра пэўныя рысы характару Ўсяслава Брачыслававіча. Бо чалавек, які ў кожнае імгненьне свайго жыцьця добра арыентуецца ў зьнешняе прасторы, дакладна  мае парадак і ў прасторы ўнутранае. Такая скіраванасць фармуе пэўны лад існаваньня і спосаб думаньня. У сваю чаргу яны ёсць вызначальнымі для жыцьцёвага Шляху, яго накірунку і запальваюць прамень Волі, які ёсць вагнём адэкватнага самаатаесамленьня Асобы. Ва ўсходніх краінах гэта ёсць кампанэнтамі вучэньняў: Дао – “Шлях” у Кітаі,  таксама, як і  японскага Бусідо – шляху самурая. Наогул, гэта быў і ёсць грунт для існаваньня корпусу “людзей доўгае волі” па ўсяе Зямное кулі. У эўрапейскае сярэднявечча частка зь іх  трансфармавалася ў шляхту — рыцарства. Быў культ і культура беззаганнага жыцьця, двубою, таксама як і ўласнае сьмерці. Другая справа, як і хто тых “кодэксаў гонару” трымаўся.

Дарэчы, па звычайнае эзатэрычнае завядзёнцы ўсіх часоў і народаў, акультыст (ён жа “маг”, “чарадзей”, «шаман») павінен усю апаратуру рабіць і дарабляць уласнымі рукамі. Таму ёсьць вельмі вялікая верагоднасьць, што ў гэтым выпадку, мы маем справу зь пярсьцёнкам, які зрабіў … князь Усяслаў уласнымі рукамі (ці хоць нанёс на яго апошнія некалькі штрыхоў)!

Пра гэта можа сьведчыць таксама і тое што, пры ўсяе дакладнасьці разграфкі, цэнтральны элемент самаго трызуба і яго дыяганаль нанесеныя зь вялікім адступленьнем ад малюнку. А гэта амаль немагчыма, калі працу рабіў прафесійны гравёр. Нават калі б памылка была зробленая, ён мусіў перарабіць усю працу нанова, бо князёва замова — ёсьць князёва замова. Зрэшты, больш высокі ўзровень звычаёвага для тае пары майстэрства выкананьня бачны напрыклад па манетах таго часу зь выяваю самаго князя Ўсяслава Брачыславаавіча. Мяркую, такія памылкі былі цалкам выключаныя.

Існуе вельмі старое паданьне, ці не ад будаўнікоў пірамідаў, што чалавек будзе бязьсьмяротным, калі здолее напісаць сваё імя на Міравом Дрэве, — ён здабудзе жыцьцё вечнае. Ня ведаю, як і хто патрапіў гэта зрабіць, ўключна з фараонамі, але Ўсяславу Брачыслававічу князю Полацкаму гэта ўдалося – яго не забудуць цяпер ўжо ніколі!

Язэп Паўловіч, 23.08.2012

2 идей о “Знак Чарадзея.

  1. Padrobka

    З князем Усяславам Полацкім звязвае яшчэ пярсцёнак-сыгнет, які некалі захоўваўся ў віленскім Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча [9. С. 6]. На ім змешчаны клейнавы знак накшталт літары «Ш» (Трызуб), сярэдняя ляска якога вышэйшая за бакавыя і перакрыжавана касым крыжам, вакол знаку надпіс: «К[ня]З[ь] В[се]СЛ[а]В П[о]Л[от]СК[ий]» [С. Тарасаў прачытаў надпіс так: «К[ня]З[ь] ВС[ес]Л[а]В П[о]Л[о]Ч[с]К[и]» (22)] [8. С. 49]. У літаратуры ўжо выказваліся сумневы ў аўтэнтычнасці пярсцёнка [2. С. 10]. На маю думку, тое, што гэта падробка, створаная, хутчэй за ўсё, спецыяльна для экспазіцыі віленскага музею, сведчыць якраз характар клейнавай выявы. Яна больш падобная на вядомыя Калюмны Вітаўта, чым на Трызуб дзеда Усяслава. Відаць, аўтар такім чынам хацеў падкрэсліць сувязь і пераемнасць паміж полацкімі і літоўскімі князямі. Палеаграфічныя асаблівасці надпісу (напрыклад, напісанне літараў «Л» і «С») ды і сам надпіс, як такі на сыгнеце, сведчаць пра больш позняе яго паходжанне.
    http://gerby-belarus.livejournal.com/3536.html

  2. Язэп Паўловіч

    Дзякуй за спасылку. Цікава. Але ж я і не сьцьвярджаю. што гэта геральдычная выява. Як раз наадварот, — я лічу, што там за-шмат геаметрыі і г.д.
    Карацей. — празь пару дзён давяду да розуму працяг артыкула — будзе зразумела, што я маю на ўвазе. Пакуль скажу ў чым я ўпэўнены: гэта ня герб, але пярсьцёнак — сапраўдны! Язэп Паўловіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *