Інстытут беларускай гісторыі і культуры

“ЖЫД” або “ЯЎРЭЙ”: да этымалогіі і гісторыі пытання

Zydy 1У апошнія гады ў гуманітарным асяродку Беларусі павялічылася колькасць спрэчак наконт правамоцнасці выкарыстання ў беларускай мове слова “жыд”. Фармальны старт выцісканню гэтага слова з нашай мовы сталі падзеі, якія адбыліся 24 ліпеня 1925 года, калі Бюро ЦК КПБ выпусціла пастанову з наступнае нагоды: «Лічыць неабходным выкараняць з ужывання ў беларускай мове слова „жыд“ і замяніць яго словам „яўрэй“». Менавіта ад гэтай пастановы і пачалося ўжыванне ў беларускай мове пазычанага з расейскай слова «яўрэй». Дагэтуль па-беларуску можна было сказаць толькі «жыд», і гэтае слова, у адрозьненне ад расейскай мовы, не было ў нас абразлівым.

Zydy 2Аналагічныя словы існуюць і шырока выкарыстоўваюцца ў большасці славянскіх моваў (польскай, чэшскай, славацкай, славенскай, харвацкай), а таксама ў венгерскай і літоўскай. Да лацінскага слова judaeus узыходзяць таксама нейтральныя азначэнні жыдоў або іўдзеяў у іншых еўрапейскіх мовах: нямецкая – Jude, французкая –  juif, англійская – Jew, іспанская –  judío, італьянская – giudeo і г.д.

Аднак у найноўшы перыяд у беларускім грамадстве назіраецца адсутнасць згоды наконт ужывання гэтага слова. Супраць такой практыкі звычайна выступаюць людзі жыдоўскай нацыянальнасці, галоўным аргументам якіх з’яўляецца тое, што дадзенае слова нібыта мае негатыўную канатацыю і абражае іх нацыянальныя пачуцці. На гэтым аргументы дадзенага боку звычайна заканчваюцца, саступаючы месца бязглуздым абвінавачванням у антысемітызме і нават нацызме. Але ці справядлівыя гэткія прэтэнзіі? Паспрабуем прааналізаваць шэраг меркаванняў па адмысловай праблематыцы.

 Сяргей Шупа, журналіст і перакладчык:

–         У канвэнцыях клясычнага правапісу («тарашкевіцы») і ў жывой беларускай мове дасавецкага часу гэтае слова было адзіным назовам народу, лёс якога за стагодзьдзі супольнага жыцьця цесна пераплёўся зь беларускім. У гэтым сэнсе Беларусь належала таму самаму эўрапейскаму арэалу, што й Польшча, Літва ды іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, дзе словы Zyd, Zydas ня маюць ніякага абражальнага або адмоўнага адценьня. Гвалтоўная русыфікацыя падсавецкай Беларусі надала беларускаму слову жыд зусім іншае гучаньне — у расейскамоўным кантэксьце яно ўспрымаецца гэтаксама як і адпаведнае расейскае, безумоўна абразьлівае, слова. Апошнімі дзесяцігодзьдзямі вяртаньне да клясычнага, несавецкага варыянту беларускай мовы зноў паставіла пытаньне аб статусе слова “жыд” — аб тым як вярнуць яго ва ўжытак, ня крыўдзячы самых прадстаўнікоў гэтага народу. Праблемай найчасьцей паўставала тое, што апошні раз замена савецкага “яўрэй” на несавецкае “жыд” адбылася ў надзвычай трагічны для нашых народаў час Другой сусьветнай вайны, што не магло не выклікаць у сёньняшніх людзей балючых асацыяцыяў. З другога боку, успрыманьне гэтага слова залежыць і ад таго, кім лічыць нас, беларусаў — асобным усходнеэўрапейскім народам (як палякі або літоўцы), або нейкімі «малодшымі братамі» расейцаў і мову нашую — толькі адгалоскам расейскай з усімі яе сэнсавымі асацыяцыямі. Гэтая дылема, аднак, дагэтуль застаецца нявырашанай, а прыхільнікі клясычнага правапісу часта, каб пазьбегнуць канфрантацыі, ужываюць словы гэбрай, гэбрайскі.

 Юрка Агіевіч, філолаг:

–         У нас у Беларусі цяпер адбываецца працэс своеасаблівага “зліцця” моў – як у страшных кніжках Рэя Брэдберы пра іншапланецян: мова велікаруская, як паноўная, пранікае ў мову беларускую і перарабляе яе пад сябе, яны зліваюцца ў “адну мову з двума тэрмінамі” – вядома, на аснове дамінуючай велікарускай, калі ўся беларуская мова робіцца своеасаблівай “калькай” мовы велікарускай. Вось слова “яўрэй” – гэта чысты русіцызм. Памятаю, мая бабуля вымаўляла яго з нейкаю натугаю ў голасе, неяк прыблізна так: “ев’рэй”, а па-простаму ўжывала словы (з сімпатыяй да гэтага народа) “жыд”, “жыдоўка”, “па-жыдоўску”. Слоўнік Яна Станкевіча падае словы: “жыд”, “жыдок”, “жыдзіца” (жанчына адпаведнай нацыянальнасці), “паўжыдак”, “жыдзіла” (з пазнакай “пагардлівае”). Але слова “жыд” нагэтулькі пашыранае на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларускай, што, здаецца, няма патрэбы гэтую пашыранасць, як і яго беларускасць даводзіць. Тут ужо прычына незамацавання слова “жыд” як літаратурнай нормы крыху іншая. У гэтым выпадку ўжыванне гэтага слова у дадатак часта запынялася рознымі занадта разумнымі рэдактарамі-карэктарамі. Хрэстаматыйны ўжо прыклад – адмова уключыць верш Купалы “Жыды” ў чарговы зборнік вершаў з-за “непаліткарэктнай” назвы. Цікава, што ў украінцаў сітуацыя падобная (бо былі падобныя гістарычныя ўмовы) – і яны намагаюцца вярнуць сабе сваё спрадвечнае слова “жид” замест “єврей”. Апошнія гады ў некаторых беларускіх выданнях можна сустрэць словы “габрэй”, “гэбрай”, “габрай”. Але калі “яўрэй” – русіцызм, то вышэйпададзеныя словы – гэта чыстыя карыкатуры, штучныя інтэлігенцкія наватворы, стылізаваныя пад беларушчыну, і ад гэтага яшчэ больш шкодныя. Але можна заўважыць, што і слова “жыд”, дзякуй Богу, ўсё часцей сустракаецца на старонках перыядычных выданняў. Будзем спадзявацца, што яно запануе ўрэшце ва ўсёй беларускай мове.

Яўген Ліпковіч, блогер:

–         У нас калісьці быў суд праз нейкія публікацыі, якія прадстаўнікі габрэйскай супольнасці Беларусі палічылі абуральнымі. У тым ліку і за выкарыстанне намінацыі «жыд» у абразлівым сэнсе. Тады аргументы адказчыкаў, а сярод іх быў на той час яшчэ дэпутат Вярхоўнага Савета, паслядоўны змагар з сіянізмам Сяргей Касцян, даводзілі, што слова «жыд» не абразлівае. Я не памятаю, чым скончыўся той судовы працэс, але ўрэшце ўладальнік выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва» быў асуджаны нават Беларускай праваслаўнай царквой, якая адмовілася мець з ім справу. Што да выкарыстання ў беларускай мове слова «жыд», я думаю, што калі габрэйскай супольнасці не будзе падабацца, то па-добраму не варта яго выкарыстоўваць, якімі б гістарычнымі рэаліямі і лінгвістычнай неабходнасцю гэта ні абгрунтоўвалі. Але калі абшчына пагодзіцца – то чаму б і не. Ніхто ж не выкарыстоўвае ў дачыненні да беларусаў слова «бульбаш», разумеючы, што гэта можа закрануць нацыянальныя пачуцці. Так і з «жыдом» – справа далікатная.

Павал Касцюкевіч, пісьменнік, перакладчык ізраільскай літаратуры

–         “Жыд”, “жыдоўка” – спрадвечныя беларускія і ўкраінскія словы. Словы «яўрэй», “габрэй” і “гэбрай” – больш познія, якія стварыліся шмат у чым пад уплывам расійскай мовы. У расійскай жа мове, як вядома, існуе моцны падзел: слова “жид” негатыўна афарбаванае, а “еврей” – нейтральнае. І паколькі фармаванне літаратурнай беларускай і ўкраінскай мовы ішло пад пільным наглядам расійскіх моўных уладаў і пад уплывам літаратурнай расійскай мовы, гэты падзел на “жыда” і “габрэя” пераскочыў да нас і да ўкраінцаў. Ведаю шмат людзей, – нават прагрэсіўна настроеных – якія крыўдуюць на слова “жыд”, і шмат тых, якія ставяцца да гэтага слова нармальна. І як правіла гэты падзел праходзіць па мяжы “рускамоўны-беларускамоўны”: першыя і чуць не хочуць (нават у беларускім маўленні з чужых вуснаў) словаў “жыд” і “жыдоўка” (бо яны пад уплывам расійскай натуральна рэжуць ім вуха), а другія ставяцца збольшага нармальна. Вось жа, праблема слова “жыд” у беларускай мове – не праблема беларуска-жыдоўскіх стасункаў, а праблема самастойнасці, самадастатковасці (самасці) беларускай мовы ў РБ, з якімі, як мы ўсе цудоўна ведаем, не ўсё ладна. Наколькі беларускае грамадства гатовае да слова “жыд”, настолькі яно гатовае да публічнай беларускай мовы, скажам, у справаводстве, войску, у штодзённым жыцці. Цікава, што ў іўрыце ёсць два словы: “егуды”, ад якога ў іншыя мовы фактычна пайшлі словы “юдэ” і “жыд”, ды “іўры”, ад якога паходзяць “яўрэй” і “габрэй”. Абодва гэтыя словы ў сучасным ізраільскім іўрыце маюць нейтральную афарбоўку, прычым больш ужывальным у апошнія гадоў шэсцьдзесят зрабілася першае, “егуды”.

Юрый Зісер, заснавальнік партала TUT.BY:

–         Так, фармальна слова “жыд” ёсць ва ўкраінскай і беларускай мовах. Не існуе і заканадаўчых нормаў, якія забараняюць ўжыванне гэтых словаў (зрэшты, як і любых іншых, нават нецэнзурнай лаянкі: у заканадаўстве фігуруе паняцце «абраза»). Але фармальная наяўнасць якога-небудзь слова ў мове яшчэ не робіць дарэчным яго ўжыванне ў любой сітуацыі. Мы маем справу з распаўсюджанай ва ўсіх мовах свету з’явай змены семантыкі слова ў часе. Так, у ХІХ стагоддзі слова «жыд» гучала звыкла разам з «маскалём» і ў беларускай, і ва ўкраінскай мове. Аднак цягам ХХ стагоддзя ва ўсходнеславянскіх мовах сфармавалася адназначная негатыўная семантыка слова «жыд» (дарэчы, разам з «маскалём»). Цяпер габрэі, якія жывуць ва Усходняй Еўропе, успрымаюць слова «жыд» выключна як абразу. У 70-х гадах у падручніку ўкраінскай літаратуры, па якім я вучыўся ў львоўскай школе, у тэкстах «Кабзара» Шаўчэнка былі прапушчаныя радкі і цэлыя строфы са словам “жыд”, замест іх стаяла шматкроп’е. Настаўніца  патлумачыла, што цяпер гэта абраза, але ў часы Шаўчэнкі так было прынята называць габрэяў, гэта было літаратурнае слова. Я гэта зразумеў тады і разумею цяпер. Але мне ад гэтага ні тады, ні цяпер не лягчэй. Таму ўсё ж такі, да магчымай прыкрасці людзей, якія спрабуюць павярнуць гісторыю назад і падмяніць сучасную беларускую мову яе архаічнымі варыянтамі, ім давядзецца называць габрэяў габрэямі як мінімум у прысутнасці апошніх, а калі яны лічаць сябе культурнымі людзьмі – то і за вочы. Нават іранічнае «бульбашы» ў дачыненні да беларусаў і блізка не мае такой моцнай негатыўнай канатацыі, як «жыды» да габрэяў. І калі мы хочам у Еўропу, то з трох назваў этнасу (“яўрэй”, “габрэй” і “жыд”) мусім выкарыстоўваць два нейтральныя, а старую назву з ХІХ стагоддзя пакінуць гісторыкам. Дарэчы, абодва нейтральныя варыянты маюць еўрапейскія карані, а навука аб габрэях і іх культуры ў большасці еўрапейскіх моваў называецца гебраістыкай. Спадзяюся, у Беларусі габрэяў ніколі не будуць называць жыдамі ні на якой мове.

Сяргей Аксімовіч, грамадскі актывіст, палітэмігрант:

–         Трэба ўважліва разабрацца ў сутнасці пытання, а не кідацца адразу неабгрунтаванымі ярлыкамі кштату “ксенафобія” і гэтак далей. Калі па сутнасці, дык, наколькі я ведаю, у нямецкай мове прадстаўнікі дадзенага этнасу пазначаюцца словам juden, як, дарэчы, таксама і ў галандскай – joden, ангельскай – jews, французскай – juifs, што азначае жыды, а не габрэі. Калі  ў расейскай мове “жыд” – гэта знявага, то ў беларускай, ангельскай, жмудзінскай, французскай, нямецкай і шматлікіх другіх мовах- проста азначэнне этнічнай групоўкі. А вось слова “нігер” у амерыканскім варыянце ангельскай мовы пазначала неграў-нявольнікаў на паўднёвых плантацыях і таму, натуральна, пасля адмены рабаўладальніцтва яно было выведзена з ужывання і заменена на “афраамерыканцы”. З часу пачатку глабальнай экспансіі амерыканска-ангельскай варыянту пасля заканчэння Другой сусветнай вайны амерыканскіе калькі пачалі пранікаць і ў іншыя мовы, адгэтуль падчас і непаразуменне. Проста не трэба жыць у палоне стэрэатыпаў і каштоўнасцяў, штучна навязанных іншымі, і тады не будзе такога абурэння на пустым месцы. А калі наконт ксенафобіі і расізму, дык яны будуць, на жаль, заўседы, і нічога тут не зробіш, дастаткова паглядзець на ўзаемаадносіны зараз паміж жыдамі і арабамі ў Ізраіле і Палесціне, ці на праблемы белага насельніцтва ў Паўднёвай Афрыцы пасля скасавання апартэіду. І ўвогуле, запытвацца ў нейкай этнічнай групоўкі як яе называць у пэўнай мове – гэта, прабачце, поўная бязглуздзіца. Вось, напрыклад, немцы пераклалі (дарэчы, абсалютна недакладна) назву Беларусь як Вайс-Русланд, а нас называюць у побыце і афіцыйных дакументах Вайс-Русен; для жмудзінаў Беларусь – гэта Балтарусія ці ўвогуле Гудзія, і нічога, пакуль я нешта не бачыў, каб беларусы рабілі кампаніі грамадскага абурэння супраць абразы годасці сваёй краіны з гэтых назваў у іншых мовах.

Пётра Садоўскі, мовазнаўца і палітык:

–         Некалькі гадоў таму мне давялося пісаць па просьбе ТБМ рэцэнзію на судовае экспертнае лінгвістычнае заключэнне па гандлёвай марцы “Бульбаш”. Там я разглядаў гэтую праблему ў шырокім кантэксце. У тым ліку аналізавалася гісторыя функцыянавання на Беларусі апелятыва “жыд”. Прышлося канстатаваць, што апелятыў “жыд” набыў адмоўнае значэнне на нашых землях толькі праз расійскі антысемітызм. Да 2-га і 3-га падзелаў Польшчы, калі “нашыя” часткі ВКЛ і “Рэспублікі абодвух народаў” не належалі да Расіі, на іх тэрыторыі ужываўся апелятыў “жыды” ў нейтральным значэнні, як і ва ўсёй Еўропе: “жыдзі” (польск.), “юдэн” (ням.), “жюіф” (фр.), “джу” (англ) і г.д. Пасля падзелаў гэтае слова пачало паступова ўспрымацца праз моўныя паводзіны прышлых расійскіх грамадзян і ў нас як абразлівае. Так, у 1787 годзе пры наведванні Кацярынай ІІ горада Шклова паводле пратэкцыі Пацёмкіна ёю быў прыняты Ёшуа Цэйтлін з просьбай ад шклоўскіх іўдзеяў не ўжываць у афіцыйных дакументах прыніжальнага ў штодзённых моўных паводзінах расійцаў слова “жыды”. Кацярына дала згоду, загадаўшы выкарыстоўваць у афіцыйных паперах Расійскай імперыі толькі слова “яўрэі”. Гэты указ ускосным чынам адразаў нашыя абшары штучна ад еўрапейскай традыцыі і спрыяў побытаваму антысемітызму. У першыя гады існавання БССР рабілася спроба вярнуцца да еўрапейскай традыцыйнай назвы “жыды”, аднак савецкая ўлада не захацела развітацца з традыцыямі расійскага антысемітызму.

Аляксандр Надсан, святар:

–         У беларускай мове слова “жыд” паказвае на прыналежнасьць да пэўнай этнічнай групы. Ня будучы спэцыялістам, не магу дакладна сказаць, калі яно зьявілася ў беларускай мове, але яно ўжо сустракаецца ў дакумантах 15 стагодзьдзя. Хай мяне паправяць гісторыкі, але, наколькі мне вядома, шмат жыдоў, уцякаючы ад перасьледу ў Нямеччыне, знайшлі прытулак у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе маглі свабодна карыстацца ў штодзённым жыцьці сваёй моваю, якой была ідыш (габрэйская мова была для рэлігійнага ўжытку), а таксама захаваць сваю рэлігію і звычаі. Як доказ добрых адносінаў між жыдамі і беларусамі можа служыць тое, што сярод дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэньня былі таксама жыды. Найбольш вядомым з іх быў паэта Зьмітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), але ён быў не адзін. Між іншым, у 1920 г. Бядуля напісаў маленькую кніжачку “Жыды на Беларусі”, перавыданую ў Менску ў 1990 г.

У 1919 г. Янка Купала напісаў верш “Жыды”. Вось першыя радкі:

Жыды! “Хрыстапрадаўцы і прыблуды”!
О, слава вам, усебеларускія жыды!
Я веру вам, хоць чорнай гразьзю ўсюды
Плюе вам цар і раб, стары і малады.

У адрозьненьне ад беларускай, слова “жыд” у расейскай мове мае зьняважлівае значэньне, і таму яго забаранілі ўжываць у Савецкім Саюзе. Забарона датычыла ў першую чаргу расейскай мовы, але заадно расьцягнулі яе і на беларускую, што паказвае на адносіны камуністаў да нашай мовы! Такім чынам беларусы могуць з поўным правам казаць, што забарона ўжываць слова “жыд” у іхняй мове зьяўляецца зьняважлівай для іх, бо яна ставіць беларускую мову ў залежнасьць ад расейскай.

Пасьля 60 гадоў жыцьця ў Англіі думаю, што ведаю даволі добра ангельскую мову, але я ніколі не пасьмею вучыць ангельцаў, як ім трэба размаўляць на іхняй роднай мове!

Між іншым, мой добры знаёмы – прафэсар Вольф Масковіч з Габрэйскага унівэрсітэту ў Ерусаліме, які раней працаваў у Менскім Інстытуце замежных моваў (цяпер Лінгвістычны ўнівэрсітэт), калі гасьціў у мяне некалькі гадоў таму назад, выказаў думку, што беларусы павінны вярнуць слова “жыд”. Я тады, заняты іншымі справамі, не прыдаў гэтаму вялікага значэньня.

Заканчваючы, хачу падкрэсьліць, што пытаньне, як гаварыць на якой-колечы мове – усё ж такі справа носьбітаў гэтай мовы, г. зн. тых, для якіх гэтая мова зьяўляецца нармальным сродкам штодзённых зносінаў, арганічнай часткай іхняга духовага складу. І нікога іншага.

Як бачым, пытанне гэтае неадназначнае, а яго дзейснае вырашенне мае відавочную ідэалагічную афарбоўку і з’яўляецца лакальнай праявай агульнасусветнага трэнду па ўкараненні так званай паліткарэктнасці. Вынікі гэтай тэндэнцыі часам набываюць цалкам абсурднае ўвасабленне: заходнееўрапейскія і амерыканскія выдавецтвы заняліся перапісваннем шэрага дзіцячых кніжак, бо там сустракаецца слова “негрыцёнак”, раман Агаты Крысці “Дзесяць негрыцят” быў пераназваны ў “І нікога не засталося”, падкарэктавалі і змест казкі “Пэпі – Доўгая Панчоха” Астрыд Ліндгрэн – замест негрыцянскага караля ўзнік нейкі дзіўны “уладар паўднёвых мораў”, а нямецкі пісьменнік Гюнтар Грас быў падвергнуты публічнаму астракізму за крытыку Ізраіля ў адным са сваіх вершаў.

Варта заўважыць, што “змагары” за адмову ад ужывання слова “жыд” чамусьці не выступаюць з гэткім жа імпэтам за забарону слова “гой”, якое шырока распаўсюджана як у моўнай практыцы, так і ў медыя-сферы (нарысы ў блогах, публікацыі, публічныя дыскусіі і г.д.) А між тым, сучаснае значэнне слова “гой” зусім не такое ўжо бяскрыўднае і фактычна падкрэслівае зняважлівае стаўленне іўдзеяў да іншаверцаў, чужых, людзей “другога сорту”. То бок мы маем відавочную праяву вербальнага экстрымізму, якая, тым не менш, зусім не хвалюе аматараў “талерантнасці”.

Не змагаюцца гарачыя прыхільнікі “габрэйства”, мноства з якіх адносіцца да класу так званых “сеціўных хамячкоў”, і за правільную назву нашай краіны – Беларусь замест Беларуссіі або Вайс-Русланда і г.д.  Не скіроўваюць яны свой імпэт і на прадухіленне вялікага мноства адкрыта зневажальных выказванняў, якіх так шмат трапляецца ў Сеціве і якія часта зыходзяць ад досыць адукаваных людзей. У прыватнасці,  аўтар блогу minski_gaon рэгулярна дазваляе сабе правакацыйныя выразы кшталту: “Когда-то в Европе в роли изгоя была Албания. теперь Беларусь становится полноправным люмпеном, самым опущенным бомжом, от которого все сторонятся и над которым все ржут. А соответственно все белорусы — опущенными для европейцев, недочеловеками.”; “Беларусь для еврейского мира — страшная периферия. Беларусь вообще периферия, Зимбабве в самом центре Европы”, “ Белорусские интеллектуалы — это маленькие люди, с комплексами, с вечно ноющей задницей, потому что у маленьких людей она всегда подвергается болезненному воздействию внешних обстоятельств”, “В Беларуси восстановится порядок, когда над страной снова воссияет Звезда Давида” і г.д.  Уладальнікам дадзенага блогу і  выказваньняў меркавана з’яўляецца Андрэй Шуман (“зорны беларускі філосаф, сучасны мысляр і 10% інтэлекту Беларусі” (вядома, паводле яго ўласнага азначэння)). Што самае цікавае, аўтар дадзенага блога рэкламуе кнігі Андрэя Шумана і падпісваецца, што гэта яго кнігі (вось прыклад – Логика в православном мышлении), але ў прыватнай перапісцы Андрэй Шуман ўсяляк адмаўляецца ад аўтарства этага блога (мабыць такая  логіка і паводзіны ўласцівыя для такіх людзей як ён).

Хочацца параіць такім вось псеўдаінтэлектуалам узгадаць мудрыя словы, напісаныя Змітраком Бядулям: “Некалькі сталеццяў таму назад жыды перабраліся ў наш край праз Заходнюю Еўропу і Польшчу. Да заняцця нашага краю Расеяй, яны апрача волі гандлю, рамяства і жыхарства ўсюды — і па вёсках — мелі яшчэ і сваё самаўпраўленне — «кагал». У той час, калі ў Расеі чыніліся над жыдамі пагромы і страшэнныя здзекі, беларускія сяляне не паддаваліся цёмнай агітацыі. Хлебаробы нашыя не маглі рабіць кепскіх учынкаў над жыдамі, чуючы інстынктыўна ў душы штучнасць і непраўдзівасць чарнасоценных ідэяў. Недарма ўвосень 1917 г. на Усебеларускім з’ездзе ў Менску прадстаўнікі розных жыдоўскіх партыяў, вітаючы беларусаў, са шчырай удзячнасцю ўспаміналі аб тым, што на Беларусі ніколі жыдоўскіх пагромаў не было… За ўвесь час сумеснага жыцця беларусаў і жыдоў на беларускай зямлі гэтыя дзве нацыі псіхічна шмат перанялі адна ад адной. У мовах, у звычаях, у легендах, у будаўніцтве, у будзённым жыцці — у іх формы так перамяшаліся, што (болей усяго ў жыдоў) прынялі новую самабытную акрасу… Ад самага пачатку беларускага адраджэння амаль побач з першымі піянерамі беларускага руху пайшлі, хоць і ў малым ліку, і жыды, якія выйшлі з вёскі; хаця шырэйшыя інтэлігентныя масы жыдоўства, асабліва ў местах, не могуць яшчэ пазбыцца кансеквэнцыяў расейскага тут уладання і ўсё яшчэ служаць праваднікамі русіфікацыі”.

Дык хто сёння спрабуе распаліць міжнацыянальны канфлікт на глебе моўнага пытання, прыкрываючыся шчытам негатыўнай канатацыі? Насамрэч варта задумацца. А напрыканцы працытуем апошнія радкі з вышэйзгаданага верша Я. Купалы “Жыды”:

Цяпер за вамі слова ў буру гэту:

Пайці ці не, з народам нашым да сьвятла…

Пара, жыды, паны усяго сьвету,

Сплаціці доўг, які вам Беларусь дала!

Аўтар: Віктар Яўмененка

Крыніца: па матэрыялах байнэту

5 thoughts on ““ЖЫД” або “ЯЎРЭЙ”: да этымалогіі і гісторыі пытання

  1. Светлана

    Сначала, когда начала общаться с беларусамоўнымі друзьями, слово “жыд” меня сильно дёргало, возмущало. Сейчас привыкла. Воспринимаю как обычное беларусское слово.
    Сейчас много евреев, которые, как и я, много лет жили с постоянным “жид” на слуху в качестве оскорбления. Однажды мой ученик-пятиклассник на уроке кого-то обозвал “жидом”. Когда я объяснила детям, что это за слово, сказала, что я еврейка (должна была показать паспорт, чтобы доказать: ребята не верили), мой 5 “А” был в шоке. Они выросли в убеждённости, что “жид” – это очень плохо… А тут их учительница – это самое слово.
    Думаю, время рассудит…

    1. admin Post author

      Сёньня раніцай вы аўтару гэтага артыкула ў пошту напісалі наступнае:

      27 мая 2013 г., 2:38 пользователь Andrei Schumann написал:

      Я прошу повторно удалить данную информацию. Процитированные высказывания не имею моего авторства. Вообще данные из блогов очень условно можно приписывать конкретным людям. Они часто содержат чужой материал, цитирование, компиляцию и т.д. В таких случаях уместно ставить ссылку на блог, а не на конкреного человека. В противном случае конкретному человеку вы будете приписывать не его высказывания.

      Я регулярно печатаюсь в сми и, когда подписываю тексты своим именем и фамилией, то только в этом случае мои тексты являются авторизованными.

      Если Вас раздражает ЖЖ юзер minski_gaon, то Вы должны цитировать его, а не меня, Андрея Шумана.

      Надеюсь, я доступно объяснил вполне очевидные вещи.

      Андрей Шуман и ЖЖ юзер, который Вам не нравится, — это разные фигуры и разные авторы
      ——————————
      Але вось дзіва знаходжу матэрыял пра вас вось тут – http://news.tut.by/society/266093.html, дзе пазначана Кандидат философских наук, доцент БГУ Андрей Шуман (http://minski-gaon.livejournal.com/), а таксама знашоў цікавы пост – http://minski-gaon.livejournal.com/59834.html, дзе бачу вашае фота, а таксама яшчэ матрэрыял – http://minski-gaon.blog.tut.by/2010/05/20/zombi-postsovetskoj-nauki/
      Дык вы вызначыцеся ваш гэта блог ці не ваш…. Ці можа нейкі фантом піша і друкуе ў інтэрнэце гэтыя пасты і фота?

  2. volk_liut

    в беларуском языке и вообще в Беларуси должно быть слово жид, а не еврей.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.