Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Згасла зорка беларуская…

70 гадоў таму ў Маскве трагічна загінуў Янка Купала – класік беларускай літаратуры і сапраўдны адраджэнец нацыянальнай свядомасці. Паэт, драматург, публіцыст – ён стаў фактычна нашым сімвалам. Імя Янкі Купалы ведае кожны беларус. Аднак абставіны ягонай смерці дагэтуль застаюцца таямніцаю.

Янка Купала – сапраўдная зорка Беларусі. У ягоны гонар названыя вуліцы, універсітэты і нават станцыя метро. І справа не толькі ў паэзіі.

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК, ПАЭТ:
“У Расеі расейскую літаратурную мову стварыў Пушкін, а ў нас – Янка Купала разам з Якубам Коласам”.

Вершы ў Янкі Купалы любяць розныя. Каму да душы рэвалюцыйны заклік “не быць скотам”, а каму – лірыка кахання.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Погляд вочай тваіх душу змучыў маю, –
Праз яго я сябе не змагу аніяк:
То я рвуся к табе, то, як слуп той, стаю,
То жалею цябе, то кляну горка так”.

“На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя”.

Іван Дамінікавіч Луцэвіч, будучы Янка Купала, нарадзіўся ў сям’і дробнай шляхты. Ягоныя вершы і друкавалі і забаранялі – як пры царскім рэжыме, так і пры бальшавіках, чый прыход да ўлады ён спачатку ўхваляў. Сапраўдны адраджэнец беларушчыны, Купала паверыў у абяцаныя вольнасць і незалежнасць.

АНАТОЛЬ ТАРАС, ГІСТОРЫК:
“Спачатку там было пяць, ці сем, ці дзевяць гадоў так званага адраджэння, беларусізацыі, каранізацыі, але хутка ўсё скончылася. А што далей было? Вынішчэнне”.

У 1930-я гады, калі сталінскія спецслужбы садзілі ды расстрэльвалі беларускую інтэлігенцыю, Купала ратаваўся ўхвальнымі вершамі на тэму пабудовы сацыялізму.

АНАТОЛЬ ТАРАС, ГІСТОРЫК:
“Гэта былі рэпрэсіі, вынішчэнне ўсіх нацыянальных дэмакратаў, усіх здаровых элементаў грамадства наагул у Савецкім Саюзе і ў Беларусі асабліва”.

У жыцці Купалы было ўсё: і цэнзура, і высокія прэміі, і спроба самагубства, і адмова ад нацыянальнай ідэі. А падчас Другой сусветнай вайны на літаратара пісалі даносы – нібыта ён падтрымлівае нацыстаў. Потым быў выклік у Маскву тэрміноваю тэлеграмаю, і трагічная смерць у гатэлі “Масква”. Афіцыйная версія: паэт выпадкова зваліўся ў лесвічны пралёт. Аднак дагэтуль існуюць версіі самазабойства або забойства ад рук савецкіх спецслужбаў.

АЛЕСЬ ЧАЙЧЫЦ, БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА Ў МАСКВЕ:
“Для нас, для беларусаў Масквы, гэта трагічны дзень, і ён знакавы для гісторыі нашай суполкі тут, для гісторыі нашай дыяспары”.

Помнікі Янку Купалу стаяць розных гарадах і вёсках розных краінаў. Але галоўны помнік, які застаўся пасля паэта, – нашая жывая беларуская мова.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, 28.06.2012

http://belsat.eu

Таксама відэа па тэме:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.