Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Яшчэ раз пра Янку Філістовіча

Janka Filistovich - 2Пачатак сур’ёзнаму вывучэнню яго дзейнасці пакладзены А.Лукашуком у яго працы “Вяртанне нацыяналіста”. Хаця да гісторыі Янкі Філістовіча звяртаўся шмат год таму і М.Паслядовіч у дакументальнай аповесці “Па воўчых сцежках”. Твор Лукашука змяшчае шмат каштоўнай інфармацыі, ды ўсё ж не адказвае на шматлікія пытанні. Бо праца “Вяртанне нацыяналіста” грунтуецца ў асноўным на матэрыялах следства па справе. А аповесць Паслядовіча, апрача выразна негатыўнага стаўлення да Філістовіча і беларускага нацыянальнага руху, мала ўтрымоўвае дакладнай інфармацыі аб падзеях, звязаных з Я.Філістовічам.

Мы ў сваіх пошуках новых звестак аб Я.Філістовічу звярнуліся да непасрэдных сведак і ўдзельнікаў тых падзеяў. Бо, з’яўляючыся землякамі гэтых людзей, мелі добрую магчымасць даведацца аб тым, што раней ніколі не выходзіла па-за сцены некалькіх хатаў.

Такім чынам сабраныя намі ў ходзе гутарак звесткі, недзе пацвярджаючы, недзе дадаючы, а часам і змяняючы раней вядомае, складаюць яшчэ адну старонку гісторыі Янкі Філістовіча.

Янка Філістовіч (Іван Андрэевіч Філістовіч) нарадзіўся 14.01.1926 г. (паводле пашпарту) у в.Паняцічы Маладэчанскае воласці Вілейскага павету Віленскага ваяводства (цяпер Вілейскі раён Менскай вобл.).

Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, кіраўнік узброенай антысавецкай групы на Маладэчаншчыне ў 1951-1952 гг.

Вучыўся ў Вязыні. Пад час другой сусветнай вайны ўвосень 1943 г. мабілізаваны ў 13-ты Беларускі батальён у Вілейцы. Перад прыходам Чырвонай Арміі эміграваў. У жніўні 1944 г. вайсковая частка Філістовіча ўдзельнічала ў баях супраць англа-амерыканскіх войскаў. У лютым 1945 г. за спробу перайсці да чэшскіх партызанаў адпраўлены ў турму г.Паддубіца, скуль быў вызвалены 8.05.1945 г.

Па сканчэнні вайны ў Францыі вывучаў гісторыю ў Сарбоне (Францыя) і Лювэнскім (Бельгія) універсітэтах. Выдаваў часопіс “Моладзь”. Быў адным з лідэраў Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі ў Францыі. З 11.03.1951 г. – сябра Рады БНР, упаўнаважаны прадстаўнік Ураду БНР.

9.09.1951 дэсантаваны на Беларусь.

Наладзіўшы сувязь з групай С.Мікуліча, узначаліў яе. Ездзіў у Горадню, Вільню. З групай набіраў газету “Жыве Беларусь” і ўлёткі. Здзейсніў напад на друкарню МТС у Вязыні і на двух фінагентаў, забраўшы ў іх шэсць тысячаў грошай.

З 4 на 5.09.1952 г. аператыўна-ваенізаваная група МДБ здзейсніла аперацыю. Філістовіч быў схоплены ў выніку здрады. 9.09.1952 г. расстраляны.

Пачатак нашай справе мы паклалі ў лістападзе 2001 г., калі, узброіўшыся кніжкай “Вяртанне нацыяналіста” і артыкуламі пра Філістовіча, рушылі па шашы ў бок Вязыні.

Першай на нашым шляху стала невялікая вёсачка Лясная, колішняе Пузава. Спыніўшыся ля першае хаты, каб запытаць, дзе знайсці Яўгенню Пятроўну Самаль, мы адразу трапілі ў яе двор. Яўгення Пятроўна – дзявочае прозвішча Кулеш – дачка лесніка Пётры Куляша, роднага дзядзькі нашага героя, сустрэла нас трошкі насцярожана, але ўсё ж згадзілася пагутарыць і правяла ў хату.

Седзячы дзве гадзіны ў простай вясковай будыніне, мы слухалі ўспаміны Яўгенні Пятроўны. Часам яны вельмі адрозніваліся ад таго, што ўжо раней стала вядома з “Вяртання нацыяналіста”.

Гутарка наша пачыналася з акалічнаці заўсёды важнай, асабліва на вёсцы, дзе ўсе родныя, – са сваяцтва.

Бацька Яўгенні Пятроўны – Пётра Кулеш – быў родным братам маці Янкі Філістовіча, такім чынам, сама Яўгення Пятроўна яго стрыечная сястра. Таму зразумела, чаму хутка пасля дэсантавання Янка Філістовіч прыйшоў да Куляшоў.

Janka Filistovich - 1

Янка Філістовіч

Перад гэтым Філістовіч, схаваўшы парашут, хадзіў да сваёй хаты ў Паняцічах, але родных яго ўжо там не было. Тады ён звярнуўся да свайго суседа – Якава Кісяля. Былы франтавік, меўшы ўзнагароды, не адмовіў у дапамозе колішняму аднавяскоўцу і звёў па яго просьбе з дзядзькам Куляшом… Пра гэту дапамогу не забыліся Саветы, пасля арыштаваўлі Кісяля і прысудзілі да зняволення. Вярнуўшыся, былы ўдзельнік вайны застаўся без баявых узнагародаў, не меў ён і льготаў да канца жыцця… Мы не паспелі з ім сустрэцца. Калі праз два месяцы прыехалі ў Паняцічы, каб знайсці яшчэ якіх сведкаў тых падзеяў, даведаліся аб смерці Якава Кісяля. Усё ж мы пад’ехалі да яго хаты. Ішоў снег. Вялікі вясковы дом, яшчэ моцны, з чорнага бярвення, цесанага сякерай, стаяў побач з пустым дваром Філістовічаў, на якім, акрамя некалькіх садовых дрэваў, нічога не было. Цяпер асірацела і хата Янкавага суседа. На сцежцы ад дзвярэй да варотаў не было слядоў, ляжалі толькі напаўзасыпаныя снегам зялёныя галінкі хвоі…

У Пятра Куляша ў сям’і было чацвёра дзяцей: трое хлопчыкаў з 1935, 38, 49-га гадоў і дзяўчынка Жэнька, якой тады было 19 год (з 1932 г.). Нягледзячы на небяспеку, гаспадар прыняў Філістовіча, зрабіўшы яму схованку ў самой хаце, пад звычайным ложкам. Яўгення Пятроўна гэта добра памятае і апісвае наступным чынам: “З ложка, пад якім ляжаў Янка, да падлогі была ссунутая накрыўка, каб не было яго бачна чужым. Малодшаму з дзяцей у сям’і Міхасю (цяпер жыве ў Маладэчне), каб той не выдаў раптам схованкі, мы казалі, што пад ложкам сядзіць страшны воўк. Дык дзіцё, як нехта заходзіў у госці ў хату, адразу цягнуў увайшоўшага за руку да кута з ложкам і картава страшыў госця: “Воўк, там воўк сядзіць…” Адзін Бог ведае, чаго каштавалі гэтыя дзіцячыя гульні Янку і ўсёй сям’і Куляша, але ўсё абыходзілася.

Так ці інакш, зразумела, што доўгі час Філістовіч Іван, а менавіта гэтак звалі яго ў вёсцы, заставацца ў такім рызыкоўным становішчы не мог. Праз нейкі час Пётра Кулеш, зайшоўшы па справах у вёску Пузава (цяпер Лясная), сустрэўся з сям’ёй Самалёў, дакладней з гаспадаром – Пётрам. Кулеш працаваў лесніком і меў час і магчымасць хадзіць па ваколіцах, не выклікаючы да сваёй асобы лішняй увагі. Ён шмат у чым дапамагаў Філістовічу і потым, сустракаючыся з ім на перакрыжаваннях лясных дарог…

Візіт яго да Самалёў не быў выпадковы. Вёска Пузава была невялікай, стаяла ў лесе, а сама хата, дзе жыў Пётра з дачкой Соф’яй, знаходзілася на самым канцы паселішча. За дваром Самалёў пачыналася кустоўе і балаціна. Менавіта таму Янка папрасіўся да гэтых людзей, дарэчы таксама сваякоў (маці Андрэя Філістовіча (таты Янкі) і бабка Соф’і па маці – родныя сёстры).

Расказаўшы ўсё аб Іване, Кулеш папрасіў прыняць яго, на што Пётра згадзіўся.

Жыў Янка ў Пузаве на хляве ля хаты Самалёў да пачатку вясны, амаль не заходзячы ў хату да гаспадароў. Потым сыйшоў у лес. Дарэчы Янка за той год знаходжання ў Беларусі пабыў шмат дзе. Ездзіў ён у Мінск, Маладэчна, Гродна, Вільню, у Мёрскі раён да роднае сястры. У сувязі з гэтым становіцца ясным дзіўны момант – аб Янкавым з’яўленні ведалі дзесяткі асоб у БССР, але ніхто не выдаў яго, і гэта ў страшэнныя гады, калі быў яшчэ жывы Сталін і рэпрэсіўная машына працавала ва ўсю моц. Відаць, што беларуская вёска, асабліва заходняя яе частка, яшчэ не была гэтак глыбока атручана страхам і здрадніцтвам, што панавалі ў Саюзе. Зразумела, што не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывала і асоба самога Янкі, які быў разумным, прыгожым, спагадлівым чалавекам, якога любілі і паважалі. Добра ўзгадваюць людзі і бацькоў Філістовіча.

Дзед – Габрусь Філістовіч быў добрым майстрам цяслярнай справы. На ўсю акругу былі вядомыя яго малатарні. Менавіта яму далі мянушку, якую потым насілі і сын Андрэй, і ўнук Янка – Чачотка. І хаця некаторыя вяскоўцы тлумачаць яе праз назву танца, які быццам бы танчыў Філістовіч, усё ж найбольш верагодным варыянтам яе з’яўлення ёсць паходжанне ад пакручастай цвёрдай драўніны бярозы, якая шанавалася цеслярамі і ішла на самыя сур’ёзныя дэталі вырабаў.

Гэтую мянушку і сёння добра памятаюць старыя жыхары навакольных вёсак, і пры слове Чачотка ўзгадваюць Філістовічаў. Дарэчы, і Паслядовіч у сваім творы не абышоўся без гэтай яскравай акалічнасці. Апрача таго, у аповесці “Па воўчых сцежках”, хоць і з малой літары і неяк ускосна, але ўзгадваюцца і Пагоня, і БНР – гэтыя дэталі заслугоўваюць увагі і дасведчанаму чытачу маглі б шмат што сказаць… Калі з’явілася думка заняцца справай Я.Філістовіча, мы вырашылі знайсці і прачытаць гэты адыёзны твор. У Вілейскіх бібліятэках гэтай аповесці не было, знайшлася яна ў вясковай бібліятэцы вёсцы Шалавічы. Кніга 1986 года выдання (!), але цікава, што на картцы для адзнак нумароў чытачоў было пуста – за 16 год яе ніхто ніколі не запатрабаваў. Sapienti sat.

Вяртаючыся ж да сям’і Янкі, трэба спыніцца на яго бацьку – Андрэю. Яўгення Пятроўна ўзгадвае яго як добрага працавітага чалавека. Ён ужо не працягваў справу бацькі – цяслярства. Займаўся земляробствам, зямлі меў шмат, за што і атрымаў кляймо – кулак. Зямлю Філістовічаў пазней усю забралі пад мясцовы калгас. Не дзіўна, што падчас другой сусветнай вайны Філістовіч стаў служыць у нямецкай адміністраццыі “солтысам”. Ён кіраваў гаспадарчымі павіннасцямі на вёсцы, збіраў вазы і коней на працу, выконваў і іншыя распараджэнні ўправы. На вёсцы гэта шмат каму не падабалася, як не падабалася і яго заможнасць. Але сапраўднае аблічча Андрэя Філістовіча Яўгення Пятроўна вельмі трапна намалявала цікавым успамінам. Падчас акупацыі Андрэй ездзіў у Маладэчна, дзе браў для скаціны гнілую бульбу. І вось раз з такой вандроўкі ён у возе бульбы прывёз да гасподы трох савецкіх ваеннапалонных з лагера ў Маладэчне. Дарэчы, і ў сям’і Куляшоў у вайну жыў адзін савецкі ваеннапалонны. Трымаў іх Андрэй у сябе, аднога – Зацярахіна – рускага, нават адхадзіў ад крываўкі з дапамогай цёткі Яўгенні Пятроўны. Двое з палонных гэтых – Макар і Сцяпан – добраахвотна нават на працу ў Германію паехалі. Адзін з іх толькі нядаўна памёр і перад сконам добрым словам узгадваў Андрэя. А Зацярахін пайшоў у партызаны і хацеў забіць свайго выратавальніка, на шчасце, не ўдалося. Андрэй пераехаў з сям’ёй у Іллю, а потым у Польшчу, разумеючы, што на зямлі сваёй вольнага жыцця ён пры саветах ужо не ўбачыць.

Янка Філістовіч да вайны паспеў павучыцца ў Паняцічах і ў Вязыні, таксама як і яго сёстры. Падчас акупацыі ў 1943 годзе быў прызваны ў 13 Батальён у Вілейцы, з якім і адышоў з Беларусі. Падрабязнасцяў пра яго знаходжанне ў Вілейцы Яўгення Пятроўна не ведала, бо Янку тады не бачыла, сама з сям’ёй была ў Паняцічах. Бацька яе, мабілізаваны на пачатку вайны ў Чырвоную Армію, разам з сябрам збег з Маладэчна дахаты, а хутка іх вёска засталася ў глыбокім тыле, так Пётра і прабыў усю вайну пры гаспадарцы.

Калі Янка Філістовіч 9 верасня 1951 г. быў дэсантаваны ля роднай вёскі, Пётра Кулеш стаў яго “другой рукой” ва ўсіх справах. Яму Янка паведаміў мэту свайго прылёту, паказаў два пашпарты, адзін на імя Стаховіча Івана Данілавіча (ці Дамінікавіча) – савецкі, другі – нейкі замежны, як узгадвае Яўгення Пятроўна.

Ужо напачатку Філістовічавага з’яўлення Пётра паведаміў яму пра групу былых калабарантаў, што жывуць патаемна па лясах ды па хатах у наваколлі. Ды Філістовіч чамусьці не спяшаўся з імі сустракацца, а спачатку жыў па сваяках і ездзіў у розныя месцы БССР. Яўгення Пятроўна расказала, як адзін раз па бацькаваму загаду ездзіла за Янкам у Вільню.* У Вільні ён спыняўся на некалькі тыдняў у сваякоў. Адным месцам была двухпакаёвая кватэра на вуліцы Гедыміна сям’і Мандрыкаў, дзе Яўгення Пятроўна падчас прыезду ў царкве хрысціла іх дзіцё. Памятае нават і прозвішча бацькі хрышчанага – Чарнецкі. Другім месцам, дзе спыняўся Іван Філістовіч, была кватэра цёткі Яўгенні Пятроўны Вольгі Крэнь, недалёка ад чыгункі. На думку Яўгенні Пятроўны, Філістовіч завітаў да цёткі Мандрык з той нагоды, што яму былі патрэбныя друкарскія фарбы, а яна якраз працавала ў друкарні.* Што яшчэ рабіў Янка ў Вільні, застаецца невядомым.

З Вільні Жэня і Янка ехалі на цягніку да Маладэчна, гутарылі. Яўгення Пятроўна памятае, што ў невялікім заплечным мяшку зялёнага колеру Іван меў разабраны аўтамат, з круглым дыскам, які ён потым ужо у іх дома збіраў, седзячы на лаве…

З Маладэчна пешшу ішлі (узімку) 25 км дадому. З гутаркі Яўгення Пятроўна на ўсё жыццё запомніла словы стрыечнага брата: “Слухай, Жэня, пра мяне калісьці будуць кніжку пісаць, а ніхто не будзе ў гэта верыць…”

Узгадвае яна яшчэ, як ужо падыходзілі да Паняцічаў, прыселі ля дарогі адпачыць – а тут раптам галасы, людзі ідуць. Філістовіч падрыхтаваў зброю і сказаў Жэні, каб тая схавалася за ядловец, каб яе не бачылі побач з ім: “Калі што, ты мяне не ведаеш”. Гэта моладзь ішла з вяселля з Кутлянаў. Яны прайшлі другой дарогай, і ўсё абышлося.

Адной з яскравых узгадак Яўгенні Пятроўны з’яўляецца выпадак з нападам на друкарню. Бацька расказваў, як уночы пасля акцыі разам з Філістовічам уцякаў уздоўж дарогі на Вязынь. Ледзь паспелі яны скокнуць у кустоўе ля бальшака, як на дарозе з’явілася святло фараў машыны міліцыі, выкліканай на месца здарэння.

З узнаўленнем эпізода пра друкарню нам дапамог Міхаіл Канстанцінавіч Кулеш, жыхар Паняцічаў, які быў у той час падлеткам.

Яго бацька – Канстанцін Кулеш – быў вясковым кавалём. Да яго і звяртаўся Філістовіч за дапамогай перад тым, як ісці ў Вязынь. На вокнах будынка МТС былі краты, і каб улезці ў сярэдзіну, трэ было іх распілаваць. Пілка па жалезе была толькі ў каваля, вось яе Янка і прыходзіў пазычаць.

Яшчэ раз дапамога каваля спатрэбілася Янку, калі ў кагосьці з яго групы сапсаваўся затвор у вінтоўцы. Філістовіч запытаўся, ці не адрамантуе Канстанцін ім зброю. Бацька паклікаў да сябе Міхася і запытаў, ці не ведае той дзе ляжыць адрэз старэйшага брата. Брат яго быў у войску, а адрэз свой хаваў пад страхой. Міхаіл ведаў месца. Сказаў: “Ведаю”. – “Ну дык прынясі”. Хлопец аддаў яго бацьку, а бацька – Філістовічу.

Пасля справы з друкарняй нікога не злавілі. Але вось пасля таго, як былі абрабаваныя фінагенты, на думку Яўгенні Пятроўны, і пачаліся пошукі Філістовіча. Паколькі за год свайго існавання на Беларусі Філістовіч нікога не крануў, людзі не мелі да яго ніякага дрэннага стаўлення. І сам Філістовіч кіруючыся атрыманым загадам – не страляць, пакуль былі грошы, не чыніў ніякага гвалту ў дачыненні да людзей.

Вяртаючыся да тых асобаў, што дзейнічалі разам з Філістовічам, Яўгення Пятроўна асобна ўзгадала Віктара Крэня, чалавека, які адыграў цікавую і раней не вядомую ролю.

З Крэнем Філістовіча звёў яе бацька Пётра. З ім ён гадаваўся пасля смерці маці ў Крэня – старэйшага ў Іллі. У яго ж і навучыўся шавецкай справе. Потым з лагера ва Уфе боцікі дзіцям самаробныя прысылаў на Беларусь. Дык вось гэты Крэнь Віця аказаўся здраднікам.

Перад той аблогай, калі салдаты прачэсвалі лес ля вёсак і шукалі лагер Філістовіча, Крэнь ноччу прыйшоў на двор Куляшя і пагрукаў у акно. Пётра адчыніў начному госцю. Крэнь быццам бы папярэджваў Філістовіча аб аблаве і раіў бацьку Яўгенні Пятроўны хутка ісці ў лес да Янкі, каб расказаць пра аперацыю. Бацька нешта западозрыў і не пайшоў. Гэта і выратавала жыццё Пётру, бо лес ужо быў аточаны вайскоўцамі з сабакамі, і каб ляснік трапіў у гэтае кола, ён наўрад бы выйшаў жывым. Хутка ў тую ж ноч пачалася аперацыя па захопу “банды”. На варце стаяў Бялькевіч, яго ўзялі жывым, некалькіх забілі. Яўгення Пятроўна памятае, як на машынах іх прывезлі ў Паняцічы, апазнавалі, а потым аддалі родным пахаваць.

Казалі, што знайшлі ў іх там у лагеры розныя рэчы, шрыфты, зброю. Месца тое звалася ці то Рудай, ці то Будай. Яўгення Пятроўна кажа, што бацька яе дакладна ведаў яго знаходжанне ў лесе, але сама яна там не была ніколі. З тых, хто жыве цяпер, наўрад ці хто яго зможа паказаць.

Пасля аблавы даведаліся, што Янку ўдалося збегчы. У адной бялізне, паўголы, ён уцёк ад пераследу, адарваўся і ад сабак. Шлях яго далей ішоў у вёску Рыбчына (цяпер затоплена водасховішчам). Змерзлы Філістовіч схаваўся ў хляве нейкага двара. Там яго знайшла старая, што ішла даглядаць жывёлу. Спачатку спалохалася, а потым, калі Янка яе супакоіў, паказала яму шлях да Ярмолічаў.

Ярмолічы былі абраныя не выпадкова – там жыў школьны сябра Янкі Філістовіча Пётра Соніч. Да яго і прыйшоў Янка ў надзеі адшукаць у старога знаёмага сховішча і прытулак. Гэта быў яго апошні прыпынак у родных мясцінах перад зняволеннем…

Сапраўды, гаспадар пасадзіў госця за стол, частаваў яго і потым нечага падсыпаў у напой Філістовічу, які нічога падобнага ад свайго сябра не чакаў. Непрытомнага Янку і забралі з хаты Соніча супрацоўнікі МГБ.

А здраднік за службу атрымаў узнагароду – матацыкл і па тых часах каштоўныя 30 срэбранікаў. Яўгення Пятроўна ўзгадвае, што ўжо пасля ўсіх арыштаў, што пракаціліся па навакольных вёсках і не мінулі і яе сям’і, Пётру Самалю далі 10 год замест першапачатковага прысуду – расстрэлу. Пётра Соніч употай пільнаваў за іх хатай. Яго выпадкова заўважыў брат Яўгенні Пятроўны, які, прыйшоўшы з танцаў, кіраваўся ў пуню спаць. За плотам агеньчык цыгаркі асвяціў твар віжа – Соніча, хлопец, спалохаўшыся, хутка вярнуўся ў хату. Пэўна, Соніч атрымаў загад сачыць за падазроным дваром, у які калісьці зайшоў Філістовіч.

Пакуль П.Кулеш, Самалі Пётра і Соф’я ды іншыя сядзелі ў турме на допыце, Яўгення Пятроўна з маці былі дома ў напружаным чаканні. Кожную хвіліну за імі маглі прыйсці. Бацьку, па ўспамінах Яўгенні Пятроўны, падазравалі яшчэ да арышту Філістовіча, і ён быў абавязаны раз-пораз хадзіць у сельсавет адзначацца. Вось у адзін з такіх разоў яму загадалі ехаць у Маладэчна, адкуль ён ужо не вярнуўся дахаты – трапіў у турму ў Мінск. Сям’я Куляшоў аказалася ў цяжкім становішчы. Да іх ставіліся як да ворагаў. “Мы ўжо былі б радыя, каб нас вывезлі адтуль,” – з цяжкасцю гаворыць пра той час Яўгення Пятроўна. Сям’ю называлі бандытамі. Хаця ў чым была іх віна? Некалькі разоў да хаты прыязджалі міліцыянты. Кожны раз з імі прыходзіла суседка-алкагалічка, чакаючы, што вось-вось забяруць Куляшоў, каб узяць што лепшае з гаспадаркі. Гэтак, чакаючы арышту, маці ўсё добрае пазносіла знаёмым, каб у выпадку чаго маглі б ім даслаць што з ежы ці вопраткі. У клуначках у хаце былі падрыхтаваныя сухары…

Некалькі разоў Жэню з маці выклікалі на допыт. Ужо былі арыштаваныя Канстанцін Кулеш – брат таты – і Кісель – родны брат матулі. Чакалі горшага і маці з дачкой. У Іллі раз следчы сказаў маці, што дачку ўжо пасадзілі і не адпусцяць, каб яна што-небудзь паведаміла. Маці галосіць, а Жэня сядзіць у суседнім пакоі і сама, чуючы гэта, не стрымлівае слёз. Але, нічога не дабіўшыся, іх адпускалі. Доўга лічылі, што Філістовіч, пабыўшы ў дзядзькі дома, пакінуў гаспадару даляраў, і хацелі іх спагнаць. Абшукалі ўсё – не знайшлі. Але не супакоіліся. Раз саматканую торбачку з хлебам пад пахай у матулі палічылі за пакунак з грашыма – спынілі, праверылі…

Некалькі разоў Яўгення Пятроўна ездзіла ў Мінск у турму, адвозіла бацьку перадачкі. І сёння памятае вялікі дом з калонамі і немалымі дзвярыма, як сустракаў на КПП салдат і спыняў, каб зрабіць па пашпарце пропуск.

Нават там, у Мінску, яе спрабавалі зноў прыцягнуць да справы. Следчы пытаў аб Філістовічу і так заахвочваў да сведчанняў: “Ну, вы же взрослая дзевушка, скажыце!” Яўгення Пятроўна адказвала, што нічога аб ім не ведае і нават не бачыла, дадаючы: “У нас такія дарослыя пешшу пад стол ходзяць”. Некалькі разоў следчы патрабаваў не адпускаць Жэню дамоў, але ўсё абыходзілася…

Аднаго разу дачцэ пашчасціла пабачыць бацьку. Усяго некалькі хвілінаў і тое ў прысутнасці вайскоўца з аўтаматам. Пётра Кулеш быў чорны, схуднелы. Запомнілася Жэні, як ён казаў: “Дочанька, глянь на мае рукі”. Рукі бацькі былі апухлыя, пабітыя. Казаў, што моцна білі, упіхнуць у маленькую камеру – там цёмна, няма як сесці і вада льецца халодная. Потым хто зойдзе і б’е, пакуль не страціш прытомнасць…

Бачыла Яўгення Пятроўна і пачатак працэдуры суда, як падсудных вялі праз турэмны двор, выпіхваючы з закратаваных машын. Першы – Філістовіч, другі – Пётра Кулеш, потым іншыя, шмат народу. Янка Філістовіч выглядаў там добра, пабояў не было відаць. Следчы казаў, што гэтаму (аб Я.Філістовічу) толькі “пцічага малака” ў турме не хапала. Гэтыя словы Яўгення Пятроўна паўтарала ў гутарцы некалькі разоў, можа, у процівагу стаўлення да яе таты, можа, з-за вобразнасці выразу.

Вярнуўся Пётра Кулеш пастарэлым, хворым на цукровым дыябет. Шмат потым дачцэ расказваў. Калі памёр, у Паняцічах у хаце стаяла труна, людзі заходзілі развітацца з аднавяскоўцам, з’явілася адна жанчына, хутка падыйшла да нябожчыка і з цікавасцю памацала касцюм – ці не амерыканская тканіна часам…

Адным з апошніх успамінаў Пётры Куляша, які ён распавёў сваёй дачцэ, былі словы Янкі, якія той казаў Пётры ў турме перад судом: “Цяпер можна і памерці за родную Беларусь”.

Сёння Яўгення Пятроўна жыве разам з мужам у вёсцы Лясная, трымае гаспадарку, часам вітае дзяцей з унукамі, што наязджаюць да яе на святы. Да яе прыязджаў А.Лукашук і хлопцы з “Краю”, яна ўжо паціху прызвычайваецца да роспытаў і з сумам і гонарам узгадвае падзеі, удзельніцай якіх была сама.

Акрамя Яўгенні Пятроўны Самаль і Міхаіла Канстанцінавіча Куляша, жыве яшчэ адна жанчына, якая бачыла на свае вочы і Філістовіча, і яго родных, і следчых МГБ, і вузкія акенцы турмы – Соф’я Пятроўна Самаль. Дачка Пётры Самаля, які калісь даў прытулак Янку ў сваім пузаўскім хляве.

Соф’я Пятроўна мае 84 гады, у 1951 г. ёй было трыццаць тры. Разам з бацькам яна была ў Пузаве. Была арыштаваная па справе Янкі Філістовіча, адбывала зняволенне ў Мардовіі.

Мы першыя, з кім Соф’я Пятроўна доўга гутарыла аб Янку, яна ўжо год з пятнаццаць жыве адна і ніколі не чытала аб ім з кніг ці газет. Яе ўспаміны не маюць налёту легендарнасці ці прыўкрас, як гісторыі, што ведаюць больш маладыя тамтэйшыя жыхары. Не вельмі добра арыентуючыся ў сучасным свеце, Соф’я Пятроўна добра і падрабязна памятае мінулае. У чым мы пераканаліся, слухаючы яе аповяд.

Аўтар: Усевалад Сцебурака, http://kuferak.iatp.by