Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Янка Маўр: Бацька беларускай дзіцячай літаратуры

Янка Маўр
Янка Маўр

Янка Маўр (1883—1971) – агульнапрызнаны «бацька» беларускай дзіцячай літаратуры. Ён прышоў у яе ў другой палове 20-х гадоў, і прыход гэты азнаменаваў наспелае ўжо тады вылучэнне яе ў спецыфічную, суверэнную галіну творчасці, звернутую пераважна да чытача дзіцячага ўзросту. 

Маўр працягнуў і замацаваў той працэс «суверэнізацыі» нацыянальнай дзіцячай літаратуры, які намеціўся ў пачатку XX ст. Калі старэйшыя беларускія пісьменнікі Янка Колас, Якуб Купала, Змітрок Бядуля служылі як бы мастком паміж «дарослай» і дзіцячай літаратурамі, дык з прыходам Янкі Маўра і А. Якімовіча апошняя пачала выходзіць на самастойны шлях. 

Янка Маўр стаў вядомы чытачу ў 1926 г., калі ў «Беларускім піянеры» пачала друкавацца першая яго аповесць «Чалавек ідзе» з інтрыгуючым, незвычайным для беларускай літаратуры, загадкавым псеўданімам: чарнаскуры Маўр, связаны ў адно з адвечна беларускім імем Янкам. Сэнс гэтага псеўданіма раскрыецца трохі пазней, калі з’явяцца наступныя аповесці пісьменніка. А тады аўтару, настаўніку гісторыі і геаграфіі 25-й чыгуначнай мінскай школы Івану Міхайлавічу Фёдараву ішоў ужо 44-ы год, за плячыма яго быў значны і важкі жыццёвы вопыт. 

Ён нарадзіўся 28 красавіка (11 мая) 1883 г. у г. Лібаве (зараз горад Ліепая ў Латвіі). Бацька, сталяр, рана памёр, і разам з маці малы Янка пераехаў на яе радзіму ў вёску Лебянішкі былой Ковенскай губерні. 

Хлопчык рос у беднасці і нястачы, і толькі дзякуючы самаахвярным намаганням маці, якая марыла чаго б гэта не каштавала вывучыць свайго сына, у 1895 г. ён скончыў пачатковую школу, а ў 1899 – Ковенскае рамеснае вучылішча, пасля чаго паступіў ў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, адкуль у канцы 1902 г. за вальнадумства, «за сумненні ў рэлігіі» яго выключылі з апошняга, выпускнога, класа. Аднак пасведчанне настаўніка пачатковай школы (1903) ён усё ж атрымаў, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс. 

Працаваць пачаў у школе пад Панявежам (Новае Месца), затым быў пераведзены ў вёску Бытча на Барысаўшчыне. Яркая падзея ў біяграфіі пісьменніка – удзел разам з Якубам Коласам у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, што адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына ў 1906 годзе. У «Трудовом списке», які захоўваецца ў архіве пісьменніка, адзначаны сумны вынік гэтай падзеі для яе ўдзельніка: «1906. VIII. Уволен со службы и отдан под суд…» 

Як паказваюць дакументальныя матэрыялы, Іван Фёдараў быў не толькі ўдзельнікам з’езда, але і адным з яго ініцыятараў. Судовая справа цягнулася доўга, амаль два гады. Фёдарава да педагагічнай працы не дапусцілі і ўзялі пад нагляд паліцыі. Толькі праз 5 гадоў, у 1911 годзе, яму ўдалося ўладкавацца выкладчыкам у прыватнай гандлёвай школе Мінска, а з восені 1917 году ён стаў настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў мінскай чыгуначнай гімназіі, а пасля рэвалюцыі стаў настаўнікам 25-й чыгуначнай школы імя А.Р. Чарвякова. 

Настаўніцкую працу Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 годзе, калі перайшоў на працу ў дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, дзе працаваў аж да 1936 году уключна. У душы ж ён назаўсёды застаўся настаўнікам. 

Літаратурная творчасць напачатку і выспявала з жадання захапіць вучняў прагай ведаў аб бязмежнасці свету і няспыннасці развіцця чалавецтва, але ў хуткім часе стала неадольнай творчай патрэбай, унутранай неабходнасцю, выкліканай загадкай самога феномена дзіцяці, што прыцягвала яго як бацьку, як настаўніка, як чалавека наогул і, нарэшце, як пісьменніка. У пошуках гэтай разгадкі ён ішоў ад вытокаў, пачынаючы з гісторыі чалавека наогул. 

У аповесці «Чалавек ідзе» ён зазірнуў у глыбіні стагоддзяў, звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі чалавек толькі станавіўся на ногі, нічога яшчэ не ўмеўшы – не вырабляў прылад, не ствараў новых рэчаў, а толькі вучыўся карыстацца гатовымі, прыроднымі, не валодаў агнём, не ўмеў ні смяяцца, ні плакаць, ні гаварыць. У аснову сюжэта аповесці пакладзены сам працэс развіцця чалавека, мільённагадовы, пакутлівы і драматычны, напоўнены барацьбой за сваё жыццё і з самім сабой, шлях працяглага і маруднага назапашвання не толькі вопыту практычнага, але і духоўнага. 

Не паступаючыся ў цэлым навуковасцю (што не выключае спрэчнасці і гіпатэтычнасці асобных аўтарскіх меркаванняў, якія могуць і не адпавядаць сённяшняму стану навукі), Маўр разам з тым выходзіць за рамкі строгай і дакладнай навуковасці: ён імкнецца дзякуючы фантазіі ўзнавіць жывыя малюнкі, сцэнкі з жыцця першабытнага чалавека, разгадаць, змадэліраваць яго пачуцці, думкі ў тых ці іншых канкрэтных сітуацыях. Аўтар фіксуе ўвагу на найбольш драматычных, напружаных момантах жыцця: смерць старога дзядулі, жанчыны з дзіцем, выратаванне чалавека з багны, авалоданне вялікай сілай прыроды – агнём, з якім звязваецца радасць і гора першабытнага чалавека. 

Апавяданне, у якім няма ніводнага дыялогу, трымаецца на ўнутраным драматызме. З’яўляюцца ў аповесці і дзеючыя асобы – Краг, дзяўчына Агу, хлопчык Ра, хоць у той час чалавек, член гурту, яшчэ не вылучаў сябе з навакольнай прыроды і асяроддзя. Для абвастрэння чытацкай увагі аўтар выкарыстоўвае элементы прыгодніцтва, таямнічыя і загадкавыя загалоўкі раздзелаў, казачны зачын, які надае апісанню каларыт сівой даўніны: «Гэта было даўно-даўно… Можа мільён гадоў назад». 

Аповесць «Чалавек ідзе» накрэсліла, такім чынам, тую тэндэнцыю спалучэння пазнавальнасці і прыгодніцтва, якую Маўр развіў потым у наступных сваіх аповесцях і ў рамане «Амок» (1930). У кантэксце ж усёй дзіцячай літаратуры 20-х гадоў аповесць падключалася да тых навукова-мастацкіх твораў, якія стварылі прыблізна ў гэты час Уладзімір Обручаў (1863—1956), Уладзімір Арсеньеў (1872—1930), Барыс Жыткоў (1882—1938), Віталь Біянкі (1894—1959), А. Фармозаў, а пазней М. Ільін у рускай літаратуры. Маўр на многа гадоў апярэдзіў з’яўленне кнігі М. Ільіна і А. Сегал «Як чалавек зрабіўся веліканам» (1940), першая частка якой – таксама пра жыццё першабытнага чалавека – блізкая па духу аповесці беларускага пісьменніка ўслаўленнем чалавека-пераможцы, пераўтваральніка свету. 

Услед за «падарожжам» у глыбіню вякоў пачаліся «падарожжы» Маўра па вялікай карце свету, далёка за межамі роднай краіны – на Вогненную Зямлю і Новую Гвінею, у Інданезію, Кітай, Цэйлон і чароўны Неапаль. Адна за адной выходзяць у 1928 г. аповесці так званага майн-рыдаўскага цыкла: «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1927), дзе аўтар выступае як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, як паўнамоцны прадстаўнік шматпакутных абарыгенаў Паўночна-Заходняй Афрыкі і наогул усіх прыгнечаных «каляровых» туземцаў. У сувязі са зместам гэтых твораў адкрылася і загадка аўтарскага псеўданіма: ён сімвалічна ўбірае ў сябе як нацыянальную своеасаблівасць творцы, так і непадробны, рэальны яго інтэрнацыяналізм. Захаваўшы сваё сапраўднае імя ў першай частцы псеўданіма, аўтар недвухсэнсоўна нагадваў, што ён — сын беларускай зямлі, шчодра надзелены пачуццём суперажывання, здольнасцю пранікацца інтарэсамі і клопатамі, смуткам і радасцю працоўнага чалавека свету.

Аповесці «У краіне райскай птушкі» і «Сын вады», апавяданні, напісаныя ў гэты час, аб’ядноўваюцца аўтарскім імкненнем – у духу лепшых традыцый класічнай прыгодніцкай літаратуры — абвергнуць распаўсюджанае ўяўленне аб туземцах, дзецях прыроды, як аб крыважэрных людаедах, пазбаўленых элементарных чалавечых пачуццяў, людзях другога гатунку. Пісьменнік зазначае: 

«Ва ўсіх кнігах яны апісваюцца як «звяры», якія толькі і думаюць аб тым, каб з’есці белага. А ўжо такіх чалавечых якасцей, як дабрата, удзячнасць, вернасць, сумленне, у іх нібы і не бывае. Большасць еўрапейцаў нават цяпер так думае». 

Разам з тым Маўр быў пазбаўлены і другой крайнасці, калі адсталыя плямёны, іх лад жыцця рамантызуюцца, калі замоўчваюцца іх дзікія норавы і звычкі, іх цёмныя вераванні – усё тое, што гістарычна абумоўлена цяжкімі ўмовамі жыцця, жорсткай палітыкай каланізатараў. 

У аповесці «У краіне райскай птушкі» дзеянне адбываецца на Новай Гвінеі, на тых астравах Ціхага акіяна, на якіх пабываў выдатны падарожнік і вучоны Міклуха-Маклай, апантаны заступнік мясцовых жыхароў-папуасаў. Яго мемуарамі і карыстаўся пісьменнік, апавядаючы аб жыцці-быцці туземнага насельніцтва. I хаця многія звесткі, прыведзеныя Міклухам-Маклаем, часткова ўжо не адпавядалі рэальнасці, бо змянілася шмат у чым бытавая аснова, на якой пляцецца канва апавядання, важна тое, што Маўр не дапускаў і думкі аб духоўнай непаўнацэннасці туземцаў нават пры тых з’явах адсталасці, якія зафіксаваў у іх Міклуха-Маклай і ў след за ім беларускі пісьменнік. 

Аповесць пабудавана на адкрыта сацыяльным канфлікце, на кантрастнай абмалёўцы двух варагуючых сіл – падняволеных і гаспадароў-каланізаратаў. Але гэтае варожае процістаянне не даведзена да абсалюта (як тое прадпісвалася афіцыйнай ідэалогіяй), яно падсвечваецца гуманістычным пачуццём, што ідзе менавіта ад падняволеных і прыгнечаных, змякчаючы востры канфлікт. У аповесці «У краіне райскай птушкі» ўжо вызначыліся асноўныя асаблівасці мастацкай манеры Я. Маўра-прыгодніка, які здолеў паспяхова акумуліраваць у сабе жыватворную энергію традыцый заходняй прыгодніцкай класікі. Мы знаходзім тут характэрныя для яе прыёмы: загадкавасць і таямнічасць, напружанасць дзеяння, частую змену сітуацый (небяспека і яе пераадоленне), кульмінацыйна-драматычныя моматны, прыём рэтраспекцыі (для разрадкі напружанасці і высвятлення загадкавых здарэнняў). 

Прыёмы прыгодніцтва спалучаюцца з выкарыстаннем багатага пазнавальнага матэрыялу: аўтар насычае апавяданне вялікай колькасцю канкрэтных апісанняў жывёльнага і расліннага свету краіны, дзе адбываецца дзеянне, і гэта стварае адчуванне нявыдуманай мастацкай рэальнасці і разам з тым адпавядае асаблівасцям псіхалогіі дзіцячага чытача, яго празе пазнання і адкрыцця новага. Праўда, пазнавальны матэрыял часам замаруджвае сюжэтны рух, не заўсёды натуральна ўпісваючыся ў мастацкі тэкст, але прынцып падачы матэрыялу вызначыўся пэўна: незнаёмае параўноўваецца са знаёмым, сваім, родным. Вызначылася ў аповесці і такая асаблівасць мастацкай манеры, як публіцыстычнасць – праява адкрытай аўтарскай тэндэнцыйнасці, адзнака крайняй абвостранасці сацыяльных пачуццяў пісьменніка. 

I ўсё ж сацыяльная, класавая палярызацыя, гэты апорны пункт тагачаснай літаратуры, у творах Маўра не мела такога аголенага, няўхільнага характару, які пагражаў бы прынцыпам чалавечнасці, аб чым красамоўна сведчыла аповесць «Сын вады», самая паэтычная ў гэтым цыкле і найболып дарагая самому пісьменніку, паводле яго прызнання. Яна пазбаўлена рэзкасці, непрымірымасці сацыяльнага супрацьстаяння, больш мяккая і лірычная па стылю. Галоўны канфлікт паміж героямі раскрываецца не ў адкрытым сутыкненні розных сацыяльных сіл, як у папярэдняй аповесці, а пераважна ў маральным плане. Крыўдзіцелем выступае не жорсткі каланізатар, а яго, здавалася б, бяскрыўдная дачка, якая юнаму фуіджынцу Мангу ўяўляецца чымсьці недасягальным, увасабленнем чысціні і прыгажосці, Белай Птушкай. Ён і з’яўляецца яе выратавальнікам, збаўцам, заступнікам. I яго адданасць ёй – шчырая, бескарыслівая, чалавечная. Ужо сама сюжэтная лінія Манг – Белая Птушка нясе ў сабе палеміку з распаўсюджанай у прыгодніцкай літаратуры схемай: выратаванне белага чалавека ад дзікіх туземцаў. 

Творчасць Маўра не абмяжоўваецца ўдалымі спробамі стварэння прыгодніцкай аповесці. Ён прыступае да ажыццяўлення больш маштабнай задумы – напісання прыгодніцкага рамана «Амок», першага ў беларускай літаратуры. Матэрыялам для рамана паслужылі жывыя, рэальныя падзеі – рэвалюцыйнае паўстанне на Яве ў 1926 г., што ўскалыхнула ўвесь свет. Збіраць матэрыял, вывучаць канкрэтную дакументальную літаратуру, у тым ліку і мемуарную, аб жыцці і звычаях туземнага насельніцтва Явы Маўр пачаў па свежых слядах падзей. Многія найбольш важныя матэрыялы аўтар атрымліваў непасрэдна з Явы і з Галандыі (часопісы, газеты, фатаграфіі, выкарыстаныя потым як ілюстрацыі) праз настаўнікаў-эсперантыстаў, з якімі ён вёў перапіску як стары эсперантыст. 

У прадмове да першага выдання рамана пісьменнік зазначыў, што «Амок» больш дакументальны «нават у дробязях», чым можа паказацца на першы погляд. Пісьменніку важна было падкрэсліць у першую чаргу менавіта гэты бок — фактычную, дакументальную аснову твора, што нібы ўздымала прэстыж апошняга ў вачах грамадскасці, гасіла неасцярожнасць, якая адчувалася ў адносінах да прыгодніцкіх кніг. Аднак для беларускай літаратуры найбольш значным, істотным быў сам факт стварэння прыгодніцкага рамана: пры адсутнасці ўласных нацыянальных традыцый гэта было справай досыць нялёгкай. Каб паказаць драматызм народна-вызваленчай барацьбы яванцаў, аўтар выкарыстоўвае шырокі арсенал класічных атрыбутаў прыгодніцтва: таямнічасць, якая ствараецца самымі рознымі спосабамі, у тым ліку парушэннем храналогіі дзеяння – забяганнем наперад, потым вяртаннем назад, абрывам апавядальнай плыні ў самы напружаны момант. Ужываецца прыём пераўвасаблення (Гейс – Ван Дэкер, Салул – Тугай, Гано – Като) і памылковай ідэнтыфікацыі (Піпа прымаюць за Гейса, Нанга за Салула). Разгортваюцца малюнкі палявання ў шырокім сэнсе слова, пагоні, здрадніцтва, паядынкаў, шматлікіх цудаў. Усё гэта стварае ланцуг небяспечных прыгод, поле драматычнага напружання. 

Пісьменнік ішоў шляхам пошукаў сінтэзу займальнасці, прыгодніцтва, з аднаго боку, і вернасці жыццёвай праўдзе – з другога, хоць на першы погляд такія характаралагічныя адзнакі твора не надта ўзгадняюцца паміж сабою. Ды і сам аўтар у загалоўку першай часткі рамана як бы размежаваў іх: «Каму прыгоды, каму барацьба». Але мастацкая логіка развіцця дзеяння ў рамане здымае такое проціпастаўленне: барацьба ўдзельнікаў паўстання напоўнена такімі хвалюючымі прыгодамі, якія па сваёй напружанасці і драматызму ніколькі не ўступаюць прыгодам няўдалага «экзатыста» Піпа, перажытым у Бантамскай пушчы. 

Назву «Амок» аўтар, паводле ўласнага прызнання, «дэманстратыўна ўзяў ад нашумеўшай у тыя гады аповесці Стэфана Цвейга, які ўклаў у гэтае слова нейкі містычны сэнс». У самім загалоўку, як бачым, закладзены пэўны палемічны зарад. Маўр не падзяляе погляду аўстрыйскага пісьменніка на амок, гэтую страшэнную хваробу яванцаў, як сляпую, стыхійную сілу, загадкавую і невытлумачальную. Для Маўра хвароба бедняка-селяніна Па-Інга – сацыяльная, вынік гора і роспачы даведзенага да галечы прыгнечанага народа. 

У ідэйна-эстэтычнае рэчышча буйной маўраўскай прозы 20-х гадоў арганічна ўліваецца і малая проза. Тут пераважна той жа тэматычны пласт – жыццё ў каланіяльных краінах, тая ж вострая сюжэтнасць, драматызм падзей, але ён закранае перш за ўсё лёсы дзяцей, ахвяр антыгуманістычнай палітыкі каланізатараў. Бескампрамісная сацыяльнасць у выкрыцці антычалавечай сутнасці каланіялізму, прасякнутая ноткамі гнеўнага сарказму і з’едлівай іроніі, з аднаго боку, боль і гарачае спачуванне пры апісанні драматычных дзіцячых лёсаў, – з другога, – на стыку такіх розных эмацыянальных хваль пабудаваны апавяданні «Слёзы Тубі», якое стала хрэстаматыйным, «Незвычайная прынада», «Лацароні» (усе – 1927). 

У 30-я гады, Маўр, нібы насыціўшыся «экзатычным», іншаземным матэрыялам, звяртаецца да роднай жыццёвай рэальнасці, у якой дзейнічаюць юныя героі. У гэтым сэнсе досыць паказальная аповесць «Палескія рабінзоны» (1930). Выкарыстаўшы матыў рабінзанады, падказаны сусветна вядомым «Рабінзонам Крузам» Д. Дэфо, Маўр развенчвае псеўдарамантыку, захапленне экзотыкай далёкіх заморскіх краін, якое часта абарочваецца няўвагай да свайго роднага краю, няведаннем яго. Ён паказвае, што і пад небам Беларусі, у далёкіх і блізкіх яе кутках, ёсць свая, не заўважаная яшчэ рамантыка, свая невыказаная прыгажосць, кожны раз новая і нечаканая. 

Апавядальная плынь аповесці ўвесь час трымаецца на дыялогах-спрэчках паміж героямі-студэнтамі, якія пад уражаннем ад кніг аб далёкіх краінах, перш за ўсё ад кніг Фенімора Купера (1789—1851), Майн Рыда (1818—1883) і Жуля Верна (1828—1905) адпраўляюцца ў час вясновага разводдзя ў падарожжа па Палессі. У ходзе гэтых дыялогаў, часам жартаўлівых, гумарыстычных і, як правіла, напоўненых багатым пазнавальным матэрыялам, Мірон і Віктар узбагачаюць адін аднаго ведамі, раскрываюць таямніцы прыроды. Прычым сам сюжэт, пабудаваны па законах прыгодніцтва, дазваляе больш арганічна, больш натуральна ў параўнанні з ранейшымі творамі выкарыстаць багаты пазнавальны матэрыял. 

Галоўную ідэю рабінзанады – перамогу чалавека над стыхіяй прыроды – Маўр асэнсоўвае ў духу класічнай літаратурнай традыцыі. Прырода для яго і яго герояў не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае багацце, якое прыносіць эстэтычную асалоду. Самым вялікім і балючым перажываннем было для іх забойства зубра кантрабандыстамі, якое яны ўспрынялі з сапраўдным болем і хваляваннем «як забойства чалавека». Сцэна гібелі зубра, намаляваная праз успрыманне Мірона і Віктара, – ключавая для разумення аўтарскіх адносін да праблемы «чалавек і прырода». Яна вынікае з новага сюжэтнага павароту — сутыкнення герояў з кантрабандыстамі. 

Відаць, прасцей за ўсё было б разглядаць гэтую сюжэтную лінію як даніну часу: у тагачаснай літаратуры, асабліва ў другой палове 30-х гадоў, удзел дзяцей, юнакоў у выкрыцці ворагаў стаў даволі папулярным сюжэтам. Але такое тлумачэнне будзе яўна недастатковым, калі ўлічыць агульную мастацкую канцэпцыю аповесці. Па-першае, паядынак з дыверсантамі-шпіёнамі і ўсё, з імі звязанае, пазбаўлена той рамантызацыі, з якой звычайна падаваліся прыгоды падобнага характару. Па-другое навязаныя усёй атмасферай грамадстага жыцця сцэны процістаяння галоўных герояў і кантрабандыстаў уліваюцца ў агульную мастацкую задуму аповесці. 

Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці прасочваецца і ў «ТВТ» (1934), своеасаблівай сярод іншых тагачасных аповесцей, такіх, як «Міколка-паравоз» М. Лынькова, «Патрык-завадатар» Ф. Шынклера, «Жэнька» М. Багуна, «Перамога» А. Якімовіча і іншых. Гэта была цікавая спроба сінтэзу рэалістычна-бытавой і прыгодніцкай аповесці. «ТВТ» атрымала першую прэмію на ўсебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі, пасля чаго ёю, паводле сведчання самога аўтара, зацікавіўся М. Горкі Па яго просьбе Маўр тэрмінова пераклаў рукапіс аповесці на рускую мову і выслаў яму. Гэта было напярэдадні I з’езда пісьменнікаў СССР, С. Маршак у сваім дакладзе «Аб вялікай літаратуры для маленькіх», гаворачы аб дасягненнях літаратуры, сярод іншых адзначыў і «значную школьную аповесць, напісаную ў Беларусі». Мастацкая навізна гэтай гумарыстычнай і займальнай аповесці заключалася перш за ўсё ў тым, што так званая тэма працоўнага выхавання загучала натуральна дзякуючы жыватворнаму духу гульні, па законах якой і створана таямнічае, загадкавае Таварыства ваяўнічых тэхнікаў. Навізна твора не вычэрпваецца стыхіяй гульні, якая ў ім пануе. Важна тое, што гульня заснавана на поўным даверы да дзяцей («ачкі» ж запісваюцца «на слова»), што ініцыятыва яе ідзе ад іх саміх, знізу, а гэта, дарэчы, і спалохала чыноўнікаў-выхавацеляў, якія схільны былі прыпісваць пісьменніку «авангардызм». 

Педагагічнае начальства аднеслася да аповесці з падазронасцю, бо «Таварыства ваяўнічых тэхнікаў» – арганізацыя не статутная. «Навошта арганізацыя ў арганізацыі?» – абураліся міністэрскія чыноўнікі. «Ці ёсць патрэба ў стварэнні нейкіх розных таварыстваў і каманд, калі дзейнасць школьнікаў павінна рэгламентавацца «Правіламі паводзін вучняў?» – разважалі яны. Менавіта гэтыя перасцярогі і забароны з боку адказных за выхаванне ўстаноў і прыпынілі рух «тэвэтэтаўцаў», які пачаў было разгортвацца пасля вайны ў многіх гарадах Беларусі і былога Савецкага Саюза – у Брэсце, Пінску, Кобрыне, Калініградзе, Іванаве, Стаўропалі, Петразаводску, Элекманары (Алтайскі край). 

«ТВТ» было адкрытым выклікам афіцыйнай нарматыўнай педагогіцы, бо барацьба за незалежнасць, якую абвясцілі «тэвэтэтаўцы», — гэта шлях да здабывання ўнутранай свабоды, сцвярджэнне юнымі сваёй самастойнасці і чалавечай годнасці. У арыентацыі пісьменніка на самадзейнасць, на ўласную ініцыятыву дзяцей, на выкарыстанне гульні як формы іх дзейнасці і падключэння да жыцця з яго «грубай прозай» «ТВТ» «прыкметна пераклікаецца з гайдараўскім «Цімурам і яго камандай». На гэтай падставе рэтраграды, якія не прынялі «ТВТ», папракалі аўтара ў перайманні Гайдара. Аднак аповесць «Цімур і яго каманда» напісана на 6 год пазней за «ТВТ». Пераклічка твораў сведчыць аб блізкасці шляхоў, якімі ішлі пісьменнікі. Абодва яны, кожны па-свойму, сваімі спецыфічнымі сродкамі маляўнічасці давалі ўрок нестандартнага, нестэрэатыпнага падыходу да самавызначэння і самасцвярджэння юнай асобы. I Янка Маўр тут быў першы. 

Задачу больш глыбокага спасціжэння дзіцячай душы, своеасаблівасці дзіцячага ўспрымання аўтар ажыццявіў у гэты час у творах «малой» прозы — у апавяданнях «Шчасце» (1937) (Дата напісання абазначана ў машынапісу. Упершыню апублікавана ў 1945 г. пад загалоўкам «Шапка», бо першапачатковая аўтарская назва падалася рэдактарам ідэйна невытрыманай: паводле іх просталінейнай логікі, савецкія дзеці не маглі бачыць сваё шчасце ў новай шапцы.), «Бярозавы конь» (1939), «Начальнік артылерыі» (1940). Напісаныя з пранікнёным лірызмам і добрай усмешкай, светлыя, шчырыя, эмацыянальна ўсхваляваныя, яны разам з такімі творамі 30-х гадоў, як «Хлопчык і лётчык» Я. Купалы, «Міхасёвы прыгоды» Я. Коласа, апавяданні Прышвіна пра прыроду, «Блакітны кубак» Гайдара, сведчылі, што дзіцячая літаратура той пары імкнулася супрацьстаяць маральным дэфармацыям у грамадстве, адчужэнню чалавека ў ім. 

Псіхалагічная мініяцюра «Шчасце» трымаецца выключна на эмацыянальным напружанні, на ўнутраным канфлікце. Тут няма знешніх падзей, рух дзеяння вызначаецца псіхалагічным сутыкненнем свету дзяцінства і свету дарослых на фоне спакойнай ціхамірнай прыроды. На невялічкай апавядальнай прасторы адбываюцца поўныя драматызму змена душэўнага стану герояў, унутраны рух іх настрояў і перажыванняў. Спачатку адчуванне гармоніі малога героя з прыродай, з дарослым чалавекам, які, здаецца, знаходзіцца на той жа самай эмацыянальнай хвалі, што і хлопчык, які ўвесь поўніцца радасцю ад сваёй абновы-шапкі. Потым — парушэнне гармоніі: дарослы аказаўся да крыўды сляпым, не заўважыўшы самага галоўнага, ад чаго свяціўся твар хлопчыка. I нарэшце, узаемаразуменне, душэўная раўнавага, такая неабходная для абодвух, адноўлены. Адчужэнне пераадолена дзякуючы ўсведамленню дарослым сваёй віны, сваёй памылкі, якую ён спяшаецца выправіць. 

Вялікую Айчынную вайну Янка Маўр, апынуўшыся далёка ад роднай зямлі, спачатку ў Новасібірску, затым у Алма-Аце, перанёс як цяжкое выпрабаванне фізічных і духоўных сіл, нават як «псіхічную траўму», аб чым прызнаецца ў лісце да X. Шынклера ад 2 лютага 1942 г. У 1943 г. пісьменнік пераязджае ў Маскву, дзе трапляе ў бальніцу, моцна захварэўшы. Вяртаецца ў родны Мінск пасля вызвалення яго ад фашысцкага нашэсця. 

Вайна пранізлівым болем увайшла ў творы пісьменніка. На працягу 1946—1948 гг. ён разам з П. Рунцом займаўся зборам і рэдагаваннем дзіцячых успамінаў пра вайну для кнігі «Ніколі не забудзем», якая выйшла ў 1948 г. з прадмовай Я. Коласа і атрымала высокую ацэнку грамадскасці не толькі ў Беларусі, але і шырока за яе межамі. Гэта кніга унікальная, напісаная крывёю сэрца саміх дзяцей, якія прайшлі з неверагоднымі пакутамі праз пекла крывавай вайны. Пасля вайны былі напісаны апавяданні «Завошта» (1946) (у аснову яго пакладзены рэальны трагічны факт – гібель жонкі і сына пісьменніка М. Лынькова), «Запіска» (1950), «Максімка» (1946), якія нясуць у сабе моцны гуманістычны зарад. 

Так, напрыклад, у апавяданні «Максімка» Маўр раскрывае душу свайго маленькага героя ў моманты вышэйшага драматычнага напружання, калі ён, сірата-дзетдомавец, ахоплены прывідным пачуццём-мрояй, што да яго прыехаў татка-франтавік, раптам зразумеў сваю горкую памылку. Ён стаіць цяпер паніклы, нібы асуджаны, у панурай безнадзейнасці, абыякавы да ўсяго, чым хоча яго ўцешыць разгублены франтавік. Толькі дзве пякучыя кропелькі скаціліся па твары хлопчыка – след таго вялікага гора і смутку, што аселі ў маленькім сэрцы. Аўтар вельмі дакладны і чулы ў перадачы душэўнага стану свайго маленькага героя, ён тонка фіксуе эмацыянальныя пераходы — ад радасці да гора і зноў да радасці.

Пасляваенны перыяд у творчай біяграфіі пісьменніка адзначаны таксама стварэннем новых жанравых формаў — навукова-фантастычнай і аўтабіяграфічнай аповесцей. «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954) – гэта, можна лічыць, трэці «заход» аўтара ў асваенні жанру навуковай фантастыкі: подступамі да яго з’явіліся фантастычная казка «Вандраванне па зорках» (1927) з цыкла «Піянерскія казкі», а затым — «Аповесць будучых дзён» (1932) — у жанры сацыяльнай утопіі. 

У аснову сюжэта аповесці «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» Я. Маўр паклаў арыгінальную фантастычную ідэю тэхнічнага плана — аб магчымасці выкарыстання энергіі чалавечай думкі: на крылах дзіцячай фантазіі (бо сіла яе значна большая, чым фантазіі дарослых), на яе энергіі адпраўляюцца ўнукі прафесара Цылякоўскага Светазар і Святлана ў далёкае падарожжа — спачатку ў Амерыку, потым на Месяц і Марс. У гэтай аповеці цяжкасці навукова-фантастычнага жанру пераадольваюцца больш паспяхова ў параўнанні з творамі папярэдняга перыяду: смялейшым стаў палёт фантазіі, больш арганічна стыкуюцца рэальнае і фантастычнае, у большай ступені адчуваецца апора на традыцыі папярэднікаў, перш за ўсё К. Цыялкоўскага як аўтара астранамічных аповесцей, А. Талстога, У. Обручава, а таксама прадстаўнікоў сусветнай класічнай фантастыкі – Ж. Верна, Г. Уэлса (у тэксце аповесці ёсць прамыя спасылкі на гэтых аўтараў). Беларускі пісьменнік выступае як празарліўца, як прадказальнік (услед за Цыялкоўскім) эры касмічных палётаў. Але Я. Маўра цікавіць не столькі навуковая ідэя сама па сабе (хоць ён выкарыстоўвае вялікі пазнавальны матэрыял), колькі маральна-этычны і гуманістычны яе аспект, праблема чалавечых ўзаемаадносін, будучых кантактаў пры сусрэчы розных цывілізацый. 

Аднак аповесці прыкметна шкодзілі ідэалагічная зададзенасць вобразаў (асабліва дзяцей) і тая атмасфера «халоднай вайны», якая пануе ў творы: увесь раздзел пра наведванне дзецьмі Амерыкі напісаны адналінейна, у фельетонна-памфлетным плане.

Зазіраючы ў будучае, Я. Маўр адначасова вяртаўся да сваіх вытокаў, у блізкае сэрцу мінулае, працягваючы працаваць над аўтабіяграфічнай трылогіяй «Шлях з цемры», першая частка якой была напісана, паводле сведчання аўтара, у 1920 г. Другая частка датуецца 1956-м, трэцяя – 1957 г. Гэта ў пэўным сэнсе выніковая, «галоўная» кніга, у якой пісьменнік асэнсоўвае шлях станаўлення і фарміравання сябе як асобы і як мастака, раскрывае вытокі сваёй творчасці наогул і асобных твораў у прыватнасці. Разам з тым – гэта твор, які найбольш адкрыта заяўляе аб сваёй уключанасці ў багатую аўтабіяграфічную традыцыю, створаную такімі выдатнымі мастакамі, як І. Аксакаў, М. Гарын-Міхайлоўскі, Л. Талстой, А. Талстой, М. Горкі, Бунін-Шмялёў, К. Паўстоўскі. 

Унутранае прыцягненне або адштурхоўванне мастацкіх светаў пісьменнікаў, пункты мастацкага ўзаемадзеяння тут высвечаны аўтарам наглядна, увачавідкі — у эпіграфах да раздзелаў, што па ўнутранай асацыятыўнай сувязі — па аналогіі або кантрасту – вядуць ці-то да горкаўскай аўтабіяграфічнай трылогіі, ці-то да тых класічных аўтабіяграфічных твораў, дзе апісвалася дзяцінства героя з іншага сацыяльнага асяроддзя, бесклапотнае, поўнае ўцех і радасцей. 

Натуральна, што адносіны да гэтых традыцый абумоўлены ў адным выпадку — блізкасцю лёсаў аўтараў, выхадцаў з нізоў, і, значыць, герояў, блізкасцю умоў, у якіх праходзіла іх дзяцінства, азмрочанае «свинцовыми мерзостями жизни». У другім выпадку, калі маюцца на ўвазе «дзяцінства» Л. Талстога, «дзяцінства Мікіты» А. Талстога, «дзяцінства Цёмы» Гарына-Міхайлоўскага, хронікі С. Аксакава «дзіцячыя гады Багрова-ўнука», «Далёкія гады» К. Паўстоўскага, — пераважна сацыяльным кантрастам жыццёвага матэрыялу. 

Прыхільнасць да горкаўскага «дзяцінства» выяўляецца не толькі ў відавочных аналогіях, што ляжаць на паверхні, але і больш глыбінна – у блізкасці самой канцэпцыі героя, прынцыпаў яго раскрыцця ў цеснай, падкрэсленай сувязі з гісторыяй, са знешнім светам, у жорсткай абумоўленасці сацыяльнымі абставінамі. У кнізе ёсць эпізод, калі маленькі Янка на кароткі час стаў пастушком і паднявольная праца непазнавальна мяняе ўвесь свет вакол хлопчыка. Калі раней і сажалка, і дуб, і жалуды, адкрывалі яму свае таямніцы, усё жыло, дыхала, захапляла і вабіла, то цяпер радасць светлага дзіцячага ўспрымання прыроды згасла. «I ўбачыў я тады, што свет зусім не такі цікавы і прывабны, як мне здавалася раней. 

Прынцып сацыяльнаці – ключавы ў раскрыцці характару малога героя, выпакутаваны аўтарам, аплачаны ўласным вопытам жыцця басаногага бядняцкага сына. Аднак пры ўсёй выразна акрэсленай сацыяльнай зарыентаванасці твора сацыяльнасць не заглушае агульначалавечай прыроды дзяцінства, яго тыпалагічных асаблівасцей, і перш за ўсё яго неадольнай радасці жыцця. Цяжкія ўмовы існавання не засланяюць у аповесці суб’ектыўнага дзіцячага свету, яго паэзію. Аўтару ўдалося перадаць з патрэбнай свежасцю першаснае адчуванне дзяцінства, наіўную зачараванасць таямнічасшо і загадкавасцю свету, у якім ўсё жыве, блішчьшь і пераліваецца рознымі фарбамі. 

Стан здароўя не дазволіў аўтару ажыццявіць свой намер перапрацаваць трэцюю частку «Шляху з цемры» і здзейсніць задуму чацвёртай часткі. Ён памёр 3 жніўня 1971 года. 

Капітанскі мосцік і форма выбраны мастаком сапраўды свядома, з падтэкстам. Рыжыкаў паказаў мастака слова за штурвалам карабля, на фоне ветразяў, мачтаў і зорак. Вось толькі што прысела на яго плячо, відаць, незвычайная райская птушка, трохі воддаль знаходзяцца піянеры-гарністы і марскія чайкі. Усе гэтыя пералічаныя вобразы падказваюць чытачу літаратурных герояў кніг Янкі Маўра. Пра пісьменніцкі характар асобы сведчаць аркуш паперы, гусінае пяро, і, канечне, задуменны погляд вачэй, і падпёртая шчаку рука, што падкрэслівае рамантычны характар чалавека. Партрэт кліча чытача дакрануцца да мастацкіх твораў пісьменніка. 

СУРОВАЯ ПРАЎДА I КРЫЛАТАЯ ФАНТАЗІЯ 

У канцы 1924 года Центральны камітэт камсамола Беларусі пачау выдавал часопіс «Беларускі піянер». Піянерскі рух да гэтага часу ахапіў шырокія масы дзяцей як у горадзе, так і ў вёсцы. Піянерскай арганізацыі належала вялікая роля ў выхаванні новага пакалення. I вядома, што на першы піянерскі часопіс ускладаліся немалыя задачы. «Беларускі піянер» павінен быў не толькі асвятляць жыццё і працу піянерскай арганізацыі, а і змяшчаць на сваіх старокках розныя іншыя цікавыя матэрыялы. 

Перад рэдакцыяй сур’ёзна паўстала лытанне аб аўтарскіх кадрах. Мы шукалі такія кадры як сярод важатых, так і сярод настаўнікаў і пісьменнікаў. 

Аднойчы мастак Анатоль Тычына, які прымаў удзел у афармленні часопіса, параіў пагаварыць з настаўнікам 25-й чыгуначнай школы г. Мінска Іванам Міхайлавічаы Фёдаравым: 

“Вельмі цікавы ён і настаўнік, і чалавек. Свае предметы — гісторыю і геаграфію — ведае не горш за якога прафесара. Ен можа быць вам карысны”. 

Мастак Тычына сам выкладаў маляванне ў 25-й школе і, вядома, добра ведаў свайго калегу па працы. 

Я запрасіў Івана Міхайлавіча ў рэдакцыю. Да гэтага мы знайшлі ўжо сярод настаўнікаў некалькі добрых аўтараў. Яны сапраўды дапамагалі нам і парадамі, і матэрыяламі пазнавальнага характару. 

Праз некаторы час у рэдакцыю зайшоў новы для мяне чалавек. Немалады, салідны з выгляду, у акулярах. Паліто і капялюш яго, відаць, былі мала маладзейшыя за свайго гаспадара. I такі самы добра пацёрты цёмна-рыжы партфель у руках. 

Крыху здзіўлена паглядаючы на мяне, наведвальнік спытаўся: 

— Дык ты і ёсць сам рэдактар піянерскага часопіса? 

Больш у рэдакцыі нікога не было. Рэдкалегія наша, пры якой я ў тыя гады выконваў функцыі і сакратара, і рэдактара, збіралася толькі калі была ў гэтым патрэба. А заводзіць аддзелы са штатам тады яшчэ не было моды. 

Відаць, мой узрост здзівіў наведвальніка. Ен, пэўна, спадзяваўся ўбачыць рэдактара такога, як сам, можа, нават і вусатага, якім быў рэдактар газеты «Беларуская вёска». А тут перад ім звычайны камсамолец, разы ў два, калі не больш, маладзейшы за яго. 

Пазнаёміўшыся, мы перайшлі да справы. Я расказаў настаўніку Фёдараву пра часопіс і пошукі супрацоўнікаў, а ён скупа — пра сябе і сваю работу. 

— Што ж, падумаю,— сказаў нарэшце.— Можа, што і напішу для вас. — А потым, ужо надзяваючы капялюш, дадаў: — Прызнаюся, я спрабаваў і спрабую пісаць сёе-тое. Нават і друкаваўся. Праўда, дробязь была. Але ёсць у мяне і нешта большее — фантастычкыя нарысы з жыцця першабытных людзей. Я іх нікому яшчэ не паказваў. Вам жа яны, вядома, не падыдуць? Нічога піянерскага ў іх няма, — усміхнуўся ён. — Ды і падшліфаваць іх яшчэ трэба як след.  

Я задумаўся. Сапраўды, тэма вельмі далёкая ад піянерскага жыцця. Аднак папрасіў даць мне пачытаць гэтыя нарысы, з кім маю справу: здолее чалавек пісаць для дзяцей ці не. Некаторыя нашы аўтары а настаўнікаў пісалі залішне строга і суха. Так што знайсці аўтара, які б меў што сказаць юнаму чытачу і ўмеў гэта сказаць, было нялёгка. 

Нарэшце — гэта было ўжо ў канцы лета 1926 года — настаўнік Фёдараў прынёс свой рукапіс. Я прачытаў загаловак: «Чалавек ідзе». «Ого, — падумаў,— аўтар з густам! З пэўнай інтрыгай. Ды і прозвішча над загалоўкам нейкае дзіўнае: Янка Маўр. Не Фёдараў, з якім я нядаўка пазнаёміўся, а Маўр… Гэта не тое, што псеўданімы маладнякоўцаў — Чарот, Крапіва, Пушча, Дудар…» 

А калі я пачаў чытаць аповесць «Чалавек ідзе», то яшчэ больш здзівіўся: немалады пачынаючы пісьменнік з такім мудроным псеўданімам напісаў твор, ад якога нельга адарвацца. 

Не з меншай цікавасцю прачыталі гэту аповесць (з добрымі малюнкамі мастака А. Тычыны) і ўсе чытачы нашага часопіса, іх бацькі, настаўнікі, пісьменнікі. Янка Купала потым не раз гаварыў, што ён быў адным з першых чытачоў кніг Янкі Маўра. 

Пасля выхаду часопіса з начаткам аповесці «Чалавек ідзе» піянеры засыпалі радакцыю пісьмамі — патрабавалі хутчэй даваць працяг або надрукаваць адразу ўсю аповесць, чаго мы не маглі зрабіць.  

Адным словам, мала можна назваць такіх удалых першых твораў. Разам з аповесцю «Чалавек ідзе» ў беларускую літаратуру прыйшоў новы арыгінальны пісьменнік. Савецкая дзіцячая літаратура рабіла ў той час яшчэ толькі першыя свае крокі, і Янка Маўр стаў адным з яе пачынальнікаў. 

Бывае і так; першы твор удалы, а другі, трэці — горшыя. З Маўрам гзтага не здарылася. Кожны год выходзілі з друку новыя яго кнігі, адна цікавейшая за другую: «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Амок», «Палескія рабінзоны», апавяданні: «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «У цясніне», «Лацароні»… 

Чытаючы яго кнігі, многія думалі, што Маўр — чужаземец і, відаць, нейкі славуты падарожнік. Надрукаванай біяграфіі пісьменніка не было. Апрача «Палескіх рабінзонаў», усе яго творы прысвечаны далёкім краінам. Інданеэія, Новая Гвінея, Вогненная Зямля, Цэйлон, Кітай, Італія — тут дзейнічаюць героі першых кніг Янкі Маўра.  

Палескія рабінзоны
Палескія рабінзоны

Як жа ўдалося Янку Маўру эа самы кароткі час напісаць гэтулькі цікавых твораў навукова-прыгодніцкага жанру? 

Сакрэт поспеху тлумачыўся, аднак, проста. Яшчэ задоўга да приходу ў літаратуру таленавітага пісьменніка Янкі Маўра над гэтымі кнігамі працаваў таленавіты педагог і вядомы беларускі эсперантыст Іван Міхайлавіч Фёдараў. Маўр не вандраваў па Ціхім акіяне і не рабіў экскурсій у тыя далёкія краіны, пра якія ён так добра і дакладна расказаў. Пiсаў ён іх на «галубятні» аднаго з дамоў па вуліцы Нова-Маскоўскай. Дабірацца да Маўра траба было праз доўгія цёмныя вышкі. I я заўсёды баяўся, каб не разбіць упоцемку лоб аб стаякі. Упершыню на гэтай «галубятні» я ўбачыў энцыклапедыю Бракгаўаза і Эфрона, кнігі вядомых падарожнікаў Міклухі-Маклая, Іокіна, Белінсгаўзена, Кука, Галаўніна і іншчых. Сюды ж прыходзілі пісьмы і пакеты з фатаграфіямі ад эсперантыстаў усяго свету… 

Прызнацца, мяне ў свой час цікавіла пытанне, як гэта можна так маляўніча апісваць Новую Гвінею або Вогненную Зямлю, седячы на Маўравай «галубятні». Жыў у той час у Мінску адзін сапраўдны падарожнік — прафесар Бордакаў. У маладыя гады ён аб’ездзіў усю Аэію, паляваў у джунглях І вярнуўся на радзіму без нагі: страціў у часе палявання на тыграў… Ен пісаў цiкавыя апавяданні для дзяцей, падпісваючы іх псеўданімам — Пятроў. Аднойчы зайшла ў нас гаворка пра Маўра. I гэты сапраўдны падарожнік нізашто не хацеў верыць, што аўтар аповесці “У краіне райскай птушкі” і рамана «Амок» сам не быў на Новай Гвінеі або на востраве Ява. Ён не знаходзіў у гэтых кнігах ніякіх хібаў фактычнага характеру. «усё,— казаў ён,— там так і ёсць, як апісаў Янка Маўр». Энцыклапедычныя веды пісьменніка аб далёкіх краінах былі такія шырокія і грунтоўныя, што, відаць, і самі тубыльцы гатых краін прызналі б Маўра за свайго земляка. Неяк у Маскве Маўру давялося сустрэцца з адным інданезійскім дыпламатам. Выявілася, што той чытаў «Амок» на англійскай мове (раман быў перакладзены яшчэ да вайны) і толькі, як сказаў ён, з гэтага рамана даведаўся пра ўсю праўду аб паўстанні на галандскім караблі «Саардам». 

А між тым біяграфія Янкі Маўра не менш цікавая, чым яго кнігі, хоць ён не чужаземец і не падарожнік. Яго аўтабіяграфічная аповесць «Шлях з цемры» чытаецца, як добры прыгодніцкі раман. Гэтая надэвычай праўдзівая кніга хвалюе кожнага — і старога, і малога. Яна нагадвае аўтабіяграфічныя аповесці Максіма Горкага. 

I сапраўды шмат агульнага ў біяграфіях гэтых пісьменнікаў: адзін і другі выходзілі ў людзі з густой беспрасветнай цемры, што існавала ў царскай Расіі.
Нарадзіўся Янка Маўр 11 мая 1883 года ў латвійскім партовым горадзе Лібава, куды ў пошуках лепшага жыцця трапіў яго бацька — беззямельны беларускі селянін, адстаўны салдат руска-турэцкай вайны. Між іншым, да салдацкай службы бацька меў прозвішча Ільін. Але, відаць, нейкі вайсковы пісар у спешцы не дапісаў прозвішча салдата Міхаіла Фёдаравіча Ілына, і ён етаў проста Фёдаравым. Гэтае прозвішча і дасталося яго сыну. 

Стэльмах Лібаўскага порта, бацька Янкі Маўра памёр рана, і маці вымушана была вярнуцца з малым сынам у сваю родную вёску Лебянішкі. Тут жылі яе сваякі. У іх яна і знайшла сякі-такі прытулак. Веска знаходзілася ў глухім лесе на мяжы Літвы і Беларусь. Што гэта быў за прытулак у тых Лебянішках і як прайшлі там дзіцячыя гады сіраты Янкі — пра ўсё выдатна расказаў сам пісьменнік у сваей аўтабіяграфічнай аповесці. Нашаму маладому пакаленню такая веска можа здацца нерэальнай, выдуманай аўтарам. Аднак у аповесці заменена толькі яе назва: Гнілушкі — гэта тыя ж Лебянішкі. У той немаленькай весцы з курнымі хаткамі жылі чатыры літоўскія сям’і, а рэшта — беларускія і рускія. 

Малому Янку пашанцавала ў адным: – у яго была добрая маці, відаць, рамантычная па натуры, з багатай прыроднай фантазіяй. Збіраючы жабрацкія кавалкі, працуючы на людзек падэёншчыцай, я на марыла аб лепшай долі для сына. Гэту лепшую долю, думала яна, дасць яму навука. Ён жа можа стаць настаўнікам, пісарам або яшчэ якім вучокым чалавекам. Тады скончацца іх пакуты, тады яны будуць не толькі збіраць, а і купляць чарніды ды есці іх з малаком. Малы Янка, чытаем у аповесці «Шлях з цемры», не паверыў матцы. 

«Ну? — кажу я недаверліва.— Адкуль набрацца столькі малака?» 

Голад, відаць, найбольш мучыў сірату Янку. Моменты, калі яму ўдавалася добра паесці, найбольш запомніліся. 

«А самае галоўнае — нас пасадзілі за стол і далі тварагу з малаком. I тварагу многа, і малака многа. Таму я нічога не ведаю, што там далей было і што гаварылася». 

Так расказвае Маўр пра тое, як ён трапіў з маткаю ў госці да лесніка — далёкага матчынага сваяка. 

ххх 

Янка Маўр быў выдатнейшым у рэспубліцы эсперантыстам і быў звязаны пры дапамозе гэтай універсальнай мовы бадай з усім светам. 

Як зазначаецца ў пяцітомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”: “Эсперанта – гэта штучная міжнародная мова, створаная польскім урачом Заменгофам у канцы 19 ст. на матэрыяле найбольш пашыраных еўрапейскіх моў”.  

Маўр, як той Жуль Верн, нідзе не быў, а ўсё ведаў да драбніц – гадзінамі мог расказваць пра Інданезію, Барнео, Суматру, Новую Зеландыю ці Аўстралію. Можна толькі пазайздросціць яго былым вучням, што слухалі ўрокі геаграфіі ў свайго любімага настаўніка Івана Міхайлавіча Фёдарава. У 1927 г. ён адразу стаў вядомым пісьменнікам. 

С. Грахоўскі: 

“Памятаю, у часопісе “Беларускі піянер” пачала друкавацца з працягам захапляючая аповесць “Чалавек ідзе”, падпісаная незвычайным прозвішчам – Янка Маўр. Ну, Янка, зразумела, наша, беларускае імя, а вось адкуль такое экзатычнае прозвішча ? Няўжо з Абісініі ці Маўрытаніі? У тым жа 1927 г. у нумары “Беларускага піянера” быў вялікі шарж: паперадзе ідзе ў футравай шапцы з доўгімі вушамі , у акулярах, кажусе і унтах немалады чалавек, а за ім – першабытныя людзі, маманты, крылатыя яшчары і нейкія дагістарычныя пачвары. Пад малюнкам подпіс: “Янка Маўр і яго героі”. І зноў пісьменнік заставаўся для нас загадкаю. Нас хвалявалі “Слёзы Тубі”, захапляў “Сын вады”, “Палескія рабінзоны” і “У краіне райскай птушкі”. 

Я часам трапляю на шырокую магістраль, якая носіць імя аўтара “Амока” і “Палескіх рабінзонаў”, часта праходжу каля дзіцячай бібліятэкі імя Янкі Маўра і ціха шапчу: “Дзень добры, дзядзька Маўр, вечна жывы і вясёлы настаўнік дзяцей і пісьменнікаў, шчыры і патрабавальны чалавек з вачыма прарока і душой хлапчука!”

Незвычайны псеўданім Івана Фёдарава з’явіўся ён у пісьменніка пасля напісання ім першай аповесці “Чалавек ідзе”. Спачатку аўтар хацеў падпісаць яе ўласным сапраўдным імем і прозвішчам, але раптам успомніў, што Іван Фёдараў – друкар усходніх славян – у гісторыі ўжо ёсць. Значыць, другому патрэбна браць псеўданім, каб не блыталі. Пісьменнік перабраў у памяці дзесяткі назваў разнастайных раслін. І вось узгадалася слова “маўр”, якое гучала прыгожа, ярка, таямніча і добра спалучалася з яго імем Янка. А маўрамі ў даўніну называлі жыхароў Паўночнай Афрыкі. 

“Палескія рабінзоны”  

Гэты твор ужо даўно заняў ганаровае месца ў курсе школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Адразу пасля з’яўлення ў друку (ў 1930 годзе) кніга шмат разоў перавыдавалася ў нашай рэспубліцы, пазней была перакладзена на рускую, літоўскую і румынскую мовы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскіх атрадах на Палессі аповесць “Палескія рабінзоны” была адной з папулярных кніг, асабліва сярод падлеткаў. Ды і сам Янка Маўр лічыў яе лепшым сваім творам. 

Звыш паўстагоддзя аповесць была рэкамендавана складальнікамі праграм для самастойнага чытання і абмеркавання на ўроку пазакласнага чытання ў 6-ым класе. Улічваючы актуальнасць ідэі “Палескіх рабінзонаў” на сёння, асабліва экалагічны накірунак, багаты пазнавальны матэрыял, заахвочванне падлеткаў да паглыбленага вывучэння роднага краю, фарміраванне ўмення выжыць у экстрэмальных умовах, гумар і многае іншае. 

Уся аповесць складаецца з 24-х раздзелаў. Цікава тое, што пачынаючы з XIII раздзела і да апошняга сказа ў творы адчуваецца адбітак грамадскай атмасферы страху, падазронасці і варожасці, што пачалі панаваць і на Беларусі ў канцы 20-х гадоў ХХ-га стагоддзя.  

Практычна ва ўсіх вышэй названых маўраўскіх творах падзеі адбываюцца ў далёкіх экзатычных краінах. Але за час шматлікіх сустрэч са сваімі юнымі чытачамі празаік пераканаўся, што не ўсё яны ведаюць пра сваю рэспубліку Беларусь. І вось у 1929 годзе з-пад яго пяра ўзнікла чарговая аповесць “Палескія рабінзоны”, з якой на гэтым уроку і пачнецца знаёмства. 

Прыцягвае ўвагу незвычыйны аўтарскі план, змешчаны перад I-м і астатнімі раздзеламі кнігі. Ён характэрны многім маўраўскім творам, што з’яўляецца адной з адметнасцю стылю беларускага пісьменніка. Такі падыход аўтар “Палескіх рабінзонаў” пераняў у замежных пісьменнікаў прыгодніцкага жанру. 

Звычайна ў мастацкіх творах аповед пачынаецца з апісання пейзажу, часу і месца падзей, падачай знешняга выгляду герояў. У Янкі Маўра “Палескія рабінзоны” пачынаюцца не так, а адразу з дыялогу галоўных герояў.Чаму аўтар так незвычайна пачынае аповесць? Сапраўды, пачатак нетрадыцыйны, а для твораў беларускай мастацкай літаратуры нават і рэдкі. Магчыма, пісьменнік такім чынам вырашыў як бы падкупіць свайго юнага чытача, захапіць адразу падзеямі ў аповесці, не стамляць падлеткавай увагі разнастайнымі апісаннямі. Безумоўна, Янка Маўр быў тонкім псіхолагам юначых душ. . 

Аб творчай адметнасці стылю Янкі Маўра добра сведчыць дэталь – апісанне веснавой паводкі на Палессі. Вось пейзажная замалёўка: “А навокал разляглося неабсяжнае каламутнае мора…” Слова “мора”— прыём аўтарскага майстэрства зацікавіць чытача аповесцю.У рэальнасці, паводка на Палессі ў тыя часы (у некаторых раёнах і зараз) нагадвае сапраўднае мора.  

Галоўныя героі аповесці – Мірон і Віктар. “Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, – прысадзісты, карчасты, чарнявы. Юнакі былі равеснікамі – абодвум па 17 з паловай гадоў, вучыліся ў адным і тым жа тэхнікуме, займаліся ў адным і тым жа краязнаўым гуртку, былі добрымі сябрамі, родам абодва з горада і ў маленстве жылі па суседству. 

“Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх — Жуля Верна, Майна Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі. А не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх”. 

Янка Маўр акрэслівае: “Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар – жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго”. 

І яшчэ: “…Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар – заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон – з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур’ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам”. 

Юнакі шмат прачыталі прыгодніцкіх кніжак, і ў іх саміх узнікла жаданне пападарожнічаць, папасці ў незвычайныя абставіны, “пабачыць славутае палескае разводдзе”. “У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што на Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры”. Ад экскурсій, наладжаных у школе і тэхнікуме, нельга было чакаць прыгод: “— Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца”. 

Таму сябрам і захацелася адправіцца ў падарожжа самастойна. Хутчэй за ўсё юнацкі максімалізм, што характэрны гэтаму ўзросту, кіраваў імі; лічылі хлопцы сябе ўжо дарослымі і самастойнымі. “… цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць ўсім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае”. Прага самастойнасці, цікаўнасць да нязведанага, жыццёвая актыўнасць – гэта вядучыя рысы іх характару. 

Што цікавага і незвычайнага ўбачылі вандроўнікі ў час “славутага палескага разводдзя”? Каб сказаць што шмат, то гэта будзе няпраўдай. Практычна ўсяго толькі ў адным невялікім урыўку Янка Маўр апісвае прыгажосць пейзажу разводдзя: “А навакол разляглося неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі, а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў – то паасобку, то групамі.  

Надвор’е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе”. 

На жаль, у самым пачатку падарожжа нашых герояў-вандроўнікаў адно за другім здарыліся няшчасці: хлапцоў ледзь не ўтапіў “вялізны рагаты корч”, а трохі пазней яны папалі ў халодную ваду, а човен аднесла наперад. Чаму Янка Маўр як аўтар не даў мажлівасці юнакам больш часу палюбавацца акаляючымі палескімі краявідамі, лічы, не пашкадаваў іх, а адразу акунуў у ваду і балотную твань? Гэтым нечаканым паваротам сюжэту пісьменнік, відаць, паказвае нам на прыкладзе сваіх літаратурных герояў, што прырода ўсё ж такі карае чалавека за легкадумны падыход да запланаванага падарожжа. Мірон і Віктар практычна ўкралі човен-душагубку (ўжо назва лодкі гаворыць сама за сябе), не папярэдзілі ні аднакурснікаў, ні выкладчыкаў, ні сваіх бацькоў, абсалютна не пацікавіліся ні ў кога характарам вады ў час разводдзя. Магчыма, аўтар гэтым эпізодам сцвярджае, што яго героі не ідэальныя людзі, а самыя звычайныя, рэальныя, якія таксама, як і мы, дапускаюць недаравальныя памылкі ў сваім жыцці, за якія даводзіцца плаціць такім чынам. 

Янка Маўр спецыяльна падрабязна апісвае ўсю маёмасць, што засталася ў хлапцоў пасля “крушэння карабля”: “махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая хустачка, восем рублёў семдзесят чатыры капейкі грошай і чатыры мокрыя запалкі ў расплясканым мокрым карабку”. Для чаго гэты пералік рэчаў? Напэўна, каб паказаць чытачу, што яго героі сапраўды апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі – як выжыць, і гэтым апісаннем зацікавіць свайго чытача далейшым лёсам Мірона і Віктара. 

…Няма чаго рыхтавацца да смерці!”  

Мірон і Віктар з,яўляюцца ўвасабленнем маўраўскай веры ў чалавечыя сілы і здольнасці знайсці выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі.  

Пасля першай трывожнай ночы юнакі, хоць і галодныя, раніцай бадзёра і з аптымізмам рушылі шукаць дарогу дадому. Здзейсніўшы першую спробу, яны зноў і зноў шукалі выйсце: 

“Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Праціскаліся, караскаліся, скакалі з купіны на купіну, загразалі, выцягвалі адзін аднаго…” 

Калі хлопцы зрабілі выснову, што знаходзяцца ўсё ж такі на востраве: “Пачуццё адзіноты ахапіла хлопцаў. Чаго яны сюды забраліся, далёка ад людзей, ад сваіх блізкіх? Што ім тут рабіць? А калі і як выберуцца – яшчэ невядома”. 

Але ж станоўчую ролю згулялі і веды. Менавіта дзякуючы эрудыцыі, Мірон і Віктар змаглі пратрымацца пэўны час на гэтым палескім востраве. Узгадаем пра “заечую капусту”, якая стала для герояў пасля вады другой стравай, пра шматразовыя спробы і некаторыя прыёмы па здабыванні агню. 

Чаму не ўсе высновы навук, такія, напрыклад, як закон Архімеда ў час пагружэння хлапцоў у ваду ці першая спроба па здабыванні агню, не спрацоўвалі практычна ў жыцці герояў? Мірон і Віктар, відаць, мелі павярхоўныя, нетрывалыя веды, многае забылі ці дрэнна ўсведамлялі іх. Вось як у гэтым прызнаецца сам Мірон: “— Ды неяк не звяртаў увагі на падрабязнасці”. І яшчэ: “— Не ўмеем мы ўважліва чытаць кнігі…”  

Але ж юнакі мелі здагадлівасць і дасціпнасць. Прыгадаем у першую чаргу Віктара, калі той хутка прааналізаваў начную валтузню пугача і зайца ў кустах. Каб хоць трошкі самому сагрэцца і каб сябар не замёрз, наладзіў начную дужанку. Як ні прыкра, але пакладзеныя ля бакоў толькі што забітыя заяц і пугач таксама трохі сагрэлі юнакоў. Мірон з падручных рэчаў зрабіў дынама-машыну для распальвання агню, выкарыстаў у якасці нажа раменную спражку, каб зняць скуру з забітага зайца. Гэтым, можна сказаць, і даў магчымасць абодвум выжыць у неспрыяльных умовах. 

Перад хлопцамі “паўстала пытанне, што спачатку рабіць: ці “хату” будаваць, ці агонь здабываць?” Вырашылі, “што агонь важней”. Зразумела, што смажаны заяц будзе смачнейшы, а ўжо хацелася есці. Ведалі, што мяса зайца таксама хутка псуецца, а хацелася і яго выкарыстаць з карысцю, бо ці ўдасца што падобнае больш злавіць. А без будана ўжо адну прабылі – змайстраваную бярлогу можна было выкарыстаць зноў. 

Праўда, пісьменніка можна пакрытыкаваць за тое, што ў сучасных умовах на Беларусі, тым больш ранняй вясной, з дапамогай дынама-машыны раздабыць агню усё ж такі не атрымаецца.  

Пасля доўгіх памкненняў хлопцы ўсё ж такі агонь здабылі. Дапамаглі ім настойлівасць, веды з кніжных крыніц, знаходлівасць і дасціпнасць. Вось пералік якасцей характару, што дапамагаюць чалавеку выжыць у экстрэмальных умовах.  

Аповесць “Палескія рабінзоны” таксама даведнік для вандроўніка-пачаткоўца па Беларусі. Вось прыкладны змест пытанняў і заданняў пазнавальнай віктарыны:  

У свеце раслін” 

1. Смаржы. “Мірон нахіліўся. Ён убачыў бурыя грыбы, — нібы сушаныя грушы, панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак надавала ім нейкі асаблівы выгляд … Гэта першыя нашы грыбы. Яны з’яўляюцца зараз жа пасля таго, як растане снег”.  

2. Бярозавы сок. “Тут ёсць цукар, які карыснейшы за мяса. Яго якраз і не хапала для нашых арганізмаў”. 

3. Пазнаць дрэвы, якімі зацікавіліся рабінзоны на востраве: 

А) Ельніца. “Ужо праз сотню крокаў Віктар зацікавіўся высокай хвояй з шараватаю гладкай карою і шызымі ігламі. 

— Што гэта такое? – запытаўся ён. – Здаецца, ні сасна, ні елка. 

– Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія дзве сінявата-белыя палоскі. Шышкі падобныя да яловых, але больш тупыя. 

— Дык яны ж растуць у Сібіры! – здзівіўся Віктар. 

— А вось, бачыш,ёсць і ў нас. А сібірскія … і росту меншага, і іглы і шышкі напалову меншыя”. (Ельніца) 

Б) Ціс. Хлопцы натрапілі на невялікае дрэва з нейкім дзіўным лісцем: не то хваёвыя іглы, не то звычайныя вузкія лісцікі. Дзве паловы ліста складалі нібы жалабок, а каля ліставой пазухі былі прычэплены шурпатыя галачкі. 

(…) – Ведаю! Паўднёвая расліна, але належыць да хваёвых. Лісце атрутнае. Само дрэва вельмі моцнае … Наогул дрэва невялікае. Тут яно вельмі рэдка сустракаецца; бывае яшчэ ў Белавежскай пушчы”.   

У свеце жывёл” 

1. Па маўраўскіх апісаннях можна пазнаць натупных жыхароў лесу: 

а) Дзіка. “Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай”?  

б) Змяю. “Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву вытыркала ўверх і млява варушылася”?  

в) Гарнастая. “Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер шкуры – руды, з белымі плямамі… 

г) Чарапаху. “Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца… Гэты “нехта” быў велічынёю з шапку. Яно неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася, каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што нічога не заўважала навакол”?  

д) Ляцягу (лятучую вавёрку). “Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу… Яно значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень звычайна сядзіць у сваім гняздзе”. 

е) Драча. “Крэк-крэк”,п – пачуўся недзе голас. — І ён тут! – здзівіўся Мірон. – Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце. — Гэта, мусіць, падарожны драч, — аўтарытэтна сказаў Віктар. 

Цікава ведаць на ўсякі выпадак наступнае:  

1. Што чалавеку-вандроўніку попел можа замяніць соль. 

2. Што кашуля паслужыла для хлапцоў рыбалоўным саком. 

3. Скуру вожыка юнакі выкарысталі для булавы. 

4. Пасудзіну для прыгатавання чаю і захоўвання вады яны зрабілі з панцыра чарапахі. 

5. Скуру змяі выкарысталі ў якасці скураных пецель для лоўлі цецерукоў. 

КРЫНІЦЫ

Гурэвіч Э.С.  Янка Маўр // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Том 2. Мн., 1999, с. 747—770.  (34 стр.)  

Маўр Я. Зборнiк твораў: У 2 т. Мн., 1960. 

Маўр Я. Зборнiк твораў: У 4 т. Мн., 1975—1976. 

Цікавы графічны партрэт Янкі Маўра работы мастака М.М. Рыжыкава змешчаны ў першым томе збору твораў пісьменніка ў чатырох тамах (Мн.,, 1975, с. 2).  

Аўтар: Алесь Мінскі, серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.