Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Янка Купала: Прарок беларускага народа

Прадмова аўтара

На першы погляд здаецца, што ўсе павінны разумець: у невялікай брашуры, аб’ём якой гранічна абмежаваны, немагчыма падрабязна выкласці нават біяграфію выбітнага майстра. Тым больш немагчыма здзейсніць дэталёвы аналіз яго творчай спадчыны.

Аднак гутаркі аўтара з некаторымі купалазнаўцамі паказалі, што гэтая простая думка не ўкладваецца ў іх галовы. Яны выказваюць гэтулькі пажаданняў і крытычных заўваг, што спроба задавальнення іх патрабуе стварэння навуковай манаграфіі старонак на 350, а магчыма, і больш. І, вядома, — са спасылкамі на крыніцы цытавання, на меркаванні шматлікіх даследчыкаў, з разгорнутымі доказамі кожнай з аўтарскіх ідэй.

Але задачы кніжнай серыі «100 выдатных дзеячаў» зусім іншыя. Таму аўтар вырашыў не зважаць на меркаванні гэтых знаўцаў і пайсці сваім шляхам.

Аўтарская задума досыць простая. Спачатку — згадаць тых лю­дзей, дзякуючы якім сціплы юнак з літаратурнымі здольнасцямі вырас у вялікага паэта, таленавітага драматурга, палымянага публіцыста. Звычайна гэты аспект не разглядаецца, як быццам Купала адразу нарадзіўся геніем.

Потым — пазнаёміць чытачоў, хоць бы фрагментарна, з тымі купалаўскімі творамі, што на працягу дзесяцігоддзяў забараняліся савецкай цэнзурай. Так, цяпер усе яны даступныя. Тым не менш, з прычыны паўвекавой забароны большасць гэтых твораў па-ра­нейшаму застаецца малавядомай ці наогул невядомай сярод шырокага кола чытачоў. А з іх добра бачна, што Купала быў на­цыянальным паэтам, але зусім не савецкім. Ды і палітычны іх сэнс па-ранейшаму актуальны, што не выклікае радасці сярод «уладу маючых».

І ў канцы неабходна коратка распавесці пра трагічнае завяршэнне творчага і жыццёвага шляху паэта. Пра тое, як сутыкненне чалавека тонкай душы з трактарам сацыялізму сталінскага ўзору, алегарычна кажучы, загасіла паходню, якой ён асвятляў свайму народу шлях у будучыню. А затым трактар яго раздушыў.

Чытачам, нязгодным з пазначаным падыходам, нагадаю, што біяграфія Купалы ўжо добра даследавана. Калі хтосьці яе не ведае, няхай адкрые падручнік «Беларускай літаратуры» для IX класа, ці 3-і том бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі», выдадзены ў 1994 годзе (старонкі 489—568), ці хоць бы 9-ы том «Беларускай энцыклапедыі» (1999 год, старонкі 25—28).

Творчасці ж Купалы прысвечаны дзясяткі дысертацый і навуковых манаграфій, сотні навуковых і навукова-папулярных артыкулаў. Іх можна паглядзець у бібліятэках або ў інтэрнэце. Таму аналіз этапаў развіцця ягонай паэзіі і драматургіі таксама не ўваходзіць у маю задуму.

Каму выкладзены план кніжкі не падабаецца, той няхай не чытае. Немцы ў такіх выпадках кажуць «Jedem das Seine» (Кожнаму — сваё).

Хто такі Купала?

Самы кароткі адказ на гэта пытанне складаецца з трох слоў: ён — класік беларускай літаратуры!

А каго прынята зваць класікам? У тлумачальным слоўніку знаходзім наступную расшыфроўку:

Класік (ад лацінскага classicus — першакласны) — выбітны дзеяч літаратуры, мастацтва, навукі, творы якога складаюць славу і гонар народа і захоўваюць сваю каштоўнасць на працягу стагоддзяў.

Сказаць пра Купалу лепш за вядомых беларускіх літаратуразнаўцаў я не здольны. Таму пазнаёмімся з іх адзнакамі:

Янка Купала — вялікі нацыянальны паэт беларускага народа. Ён узняў беларускае мастацкае слова на вышыню, якой да яго не ведала літаратура беларусаў, а ягоная творчасць параўнялася з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры. […]

Вуснамі Янкі Купалы на ўвесь голас загаварыла сама Беларусь — таленавітая і прыніжаная, багатая духоўна і не прызнаная як нацыя, Беларусь, якая ў барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне народа бачыла свой светлы заўтрашні дзень. […]

Так, як пачаў пісаць Янка Купала, да яго не пісаў ніхто. Гэта быў нібыта сінтэз усіх папярэдніх здабыткаў новай беларускай літаратуры. З прыходам у літаратуру Янкі Купалы ў ёй паяўляецца цэласная канцэпцыя радзімы як гістарычна-сацыяльнага асяродка дзейнасці народа, а таксама канцэпцыя асобы ў яе дачыненнях да гісторыі і будучыні.

(Іван Навуменка)

Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разняволення чалавека — як вызначальная ідэя ўсёй яго творчасці. Аднак нацыянальны ўціск і рэчаіснасць, поўная сацыяльных супярэчнасцей, залежнасць ад абставін і жорсткіх законаў, а часцей беззаконня, стваралі мастацкую калізію паміж высокімі ідэаламі, памкненнямі творцы і тым рэальным жыццём, у якім яму даводзілася існаваць. […]

Нацыянальны характар творчасці Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой быў для яго створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння. У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны і сацыяльны лёс беларусаў.

У паэмах «Курган» (1910), «Сон на кургане» (1910), «Бандароўна» (1913), «Магіла льва» (1913), «Яна і я» (1913) Купала паказаў сябе буй­нейшым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. У сімвалічных вобразах і карцінах ён стварыў шырокае палатно нацыянальнага быцця ў яго сацыяльна-гістарычным зрэзе.

Вершы, якія склалі зборнік «Спадчына» (1922), паказалі, што Купала заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйным віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты. Тагачасная крытыка негатыўна паставілася да гэтага зборніка, бо яна чакала ад паэта ўслаўлення рэвалюцыі і прынесеных ёю перамен.

Другую паслярэвалюцыйную кнігу Купалы «Безназоўнае» (1925) склалі аднайменная паэма і вершы, пераважна напісаныя ў 1919 і 1921 гадах. Паэт не адступіў ад сваёй канцэпцыі чалавека, апорай духоўнасці для якога і ў перайначаным пралетарскай рэвалюцыяй свеце заставаліся «сны аб Беларусі».

(Ірына Багдановіч)

Купала — творца сусветнай значнасці, які шлях да Унівэрсуму пракладаў праз роздум пра лёс Бацькаўшчыны. Прагнозы Купалы, на жаль, спраўджваліся: ён прадказваў фашызм, таталітарызм, панаванне крывавых дэспатаў, папярэджваў пра ўзмацненне энтрапіі і разладу, якія штурхаюць цывілізацыі на аблудны шлях.

(Пятро Васючэнка)

Падчас разгляду пытанняў, пералічаных у прадмове, паспрабуем не забываць пра гэтыя характарыстыкі.

Як Іван Луцэвіч
стаў Янкам Купалам

Тут мы пагаворым пра тое, што звычайна застаецца ў цяні, а то і наогул не згадваецца. Дзякуючы каму ён зрабіўся менавіта такім паэтам, які выказваў патрэбы, імкненні і летуценні беларускага народа.

Праўда, не такога, які існуе сёння. Той, ранейшы народ чытаў, размаўляў, а галоўнае — думаў на роднай мове. Для яго кавалак сваёй уласнай зямлі быў вышэйшай каштоўнасцю — і матэрыяльнай, і ментальнай. Ніякія Канары ці Мальдывы нават блізка не маглі параўнацца з прыгажосцю Радзімы…

Як вядома, чалавек — істота сацыяльная. Ад нараджэння чалавечае дзіця нічога не можа рабіць самастойна. Абсалютна ўсяму яго вучаць навакольныя людзі. Спачатку бацькі, потым родныя і блізкія, потым школа і гэтак далей. Усе нашы веды, звычкі, уменні, густы, погляды, перакананні — ад людзей, якія атачалі на жыццёвым шляху ад калыскі да сталасці. Гэта не гіпотэза. Гэта даказаная, неабвержная праўда псіхалогіі. Аксіёма.

Вось і Купала стаў менавіта такім, якім яго ведаюць і любяць беларусы, не сам па сабе. Вядомае нам аблічча ён набыў пад уплывам пэўных людзей. Без іх моцнага ўздзеяння ён, магчыма, таксама стаў бы паэтам. Але не прарокам беларускага шляху і не духоўным правадыром нацыянальна-культурнага адраджэння. Складаў бы вершы пра прыгажосць прыроды, пра каханне, корпаўся б у асабістых пачуццях. Такіх паэтаў — тысячы.

Найбольшы ўплыў на маладога Івана Луцэвіча, дзякуючы якому ён пераўтварыўся ў Янку Купалу, зрабілі два чалавекі. Першы з іх — Зыгмунт Чаховіч (1831—1907).

Гэты беларускі шляхціц паходзіў з маёнтка Сурвілішкі Дзісненскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці). Ягоны бацька Бернард Чаховіч удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1830—1831 гадоў. Зыгмунт скончыў Віленскі шляхецкі інстытут, а пазней — Пецярбургскі ўніверсітэт. Ён быў добра адукаваны чалавек.

У 1862—1863 гадах З. Чаховіч з’яўляўся чальцом Віленскага Камі­тэта Руху, які рыхтаваў нацыянальна-вызвольнае паўстанне на Беларусі. Потым займаў пасаду сакратара ў Аддзеле кіраўнікоў правінцыямі Літвы, дзе адказваў за канспіратыўныя сувязі. Ён быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага, прыхільнікам праграмы так званых «чырвоных».

«Чырвоныя» з’яўляліся шчырымі абаронцамі сялян і прыхільнікамі самабытнасці «старой Літвы» (г.зн. Беларусі, Інфлянтаў і Жамойці). Яны падтрымалі падпольны польскі ўрад у Варшаве і польскае паўстанне таму, што бачылі сваёй мэтай аўтаномію земляў былога ВКЛ у складзе «новай» Рэчы Паспалітай. 1 лютага 1863 года Камітэт Руху выдаў маніфест, у якім заявіў, што, узяўшы на сябе паўнамоцтва Часовага ўрада Літвы, ён аб’яўляе бязвыплатнай уласнасцю сялян тую зямлю, якой яны дагэтуль карысталіся і што ўсе беззямельныя сяляне, якія прымуць удзел у паўстанні, атрымаюць ва ўласнасць наддзел зямлі не менш трох літоўскіх моргаў (амаль 2 гектары).

Зыгмунта Чаховіча арыштавалі па даносу шпіёна 31 ліпеня 1863 года. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, аднак віленскі ваенны губернатар Міхаіл Мураўёў пасля хадайніцтва князя Канстанціна Радзівіла сваім загадам змяніў прысуд на 12 гадоў катаргі. Пакаранне Зыгмунт адбываў у Нерчынскіх рудніках, што ў Забайкальскім краі, непадалёк ад мяжы з Кітаем.

Якуб Гейштар (1827—1897), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года ў Заходнім краі Расійскай імперыі, даў яму наступную характарыстыку:

Ён [Чаховіч] адказваў за ўнутраную перапіску з ваяводствамі, атрымліваў паперы, перадаваў іх нам і ў той жа час рассылаў нашы. З поўнай аддачай, самаахвярна і добрасумленна выконваў свой абавязак; пазней у следчай камісіі, па дарозе ў Сібір і ў ссылцы ён паказаў сябе сумленным чалавекам і гарачым патрыётам. Да інтрыг ніколі не далучаўся і для яго важней быў дабрабыт радзімы, а не дробныя амбіцыі.

Пасля вызвалення Зыгмунт з 1880 года жыў у маёнтку Малыя Бясяды ў Вілейскім павеце Віленскай губерні (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці), бо сямейнае гняздо Сурвілішкі царскія ўлады канфіскавалі і танна прадалі генерал-маёру Дзмітрыю Маўрысу (1820—1896). У Малых Бясядах Чаховіч сабраў вялікую бібліятэку.

З 1895 года сям’я Луцэвічаў жыла побач з Малымі Бясядамі ў засценку Селішча. 13-гадовы Янка Луцэвіч пазнаёміўся са старым шляхцічам і на працягу пяці гадоў (да 1902 года) часта наведваў яго. Чаховіч шмат гутарыў з ім пра паўстанне 1863—64 гадоў, пра падзеі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, кіраваў ягоным чытаннем. Вось адзін з успамінаў самога Купалы пра Чаховіча:

Калі мы жылі ў Селішчы, я пазнаёміўся з […] памешчыкам Сігізмундам Чаховічам у маёнтку Малыя Бясяды Вілейскага павета. Памешчык гэты быў у свой час сасланы Мураўёвым у Сібір, але з цягам часу вярнуўся і жыў безвыезна ў сваім маёнтку Бясяды. У яго была велізарная бібліятэка, большасцю з польскіх кніг. Вось тут мне і адкрыўся, што называецца, скарб… Яго бібліятэка адкрыла мне вочы на многае, што дагэтуль было невядома. Бываючы ў яго часта, прыносячы яму ў падзяку за кнігі то масла, то сыр, бо таго, што даставалася яму ад жонкі, на пражытак не хапала, гутарылі з ім шмат аб чым, цяжка нават успомніць, але больш за ўсё, здаецца, аб […] паўстанні 1863 года. Часта ён мне выбіраў кнігі для чытання, а іншы раз я сам прасіў такіх або іншых аўтараў. Апрача ўсякага роду паэзіі, якой я больш за ўсё захапляўся, белетрыстыкі, гісторыі і да т.п., у яго першага я пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай, больш за ўсё наконт паўстання [1863 г.].

У беларускай версіі «Вікіпедыі» гаворыцца:

Пра іх сустрэчы паэт не аднойчы ўспамінаў у аўтабіяграфіях. [Чаховіч] моцна паўплываў на светапогляд будучага беларускага класіка.

Пра ўплыў Зыгмунта Чаховіча на фарміраванне светапогляду Янкі Купалы пісаў і славуты Уладзімір Караткевіч у п’есе «Калыска чатырох чараўніц», створанай да стагоддзя з дня нараджэння паэта. Цэнтр канфлікту п’есы — унутраная барацьба, якая адбываецца ў душы маладога Купалы. Істотнае значэнне меў выбар мовы для творчасці. На думку Караткевіча, рашэнне Купалы пісаць толькі па-беларуску было прынята менавіта пад уплывам старога рэвалюцыянера Чаховіча.

Беларускі драматург Анатоль Дзялендзік у сцэнары фільма пра Купалу ўклаў у вусны паэта наступныя словы:

За некалькі гадоў я прывязаўся да старога ці ледзь не мацней, чым ён да мяне. Чаховіч склаў спіс тых кніг, што я павінен быў прачытаць. Выкананне гэтага задання не было цяжкім для мяне — я глынаў кнігі хутчэй, чым мамкіны бліны. І з кожнай кнігай усё мацней станавілася маё жаданне змяніць гэты свет да лепшага.

А вось што піша Ігар Пракаповіч, краязнаўца з Пастаў, у артыкуле з красамоўнай назвай «Зыгмунт Чаховіч — паўстанец, пакутнік, духоўны бацька Янкі Купалы»:

Пастаўшчына можа ганарыцца тым, што на ёй нарадзіўся чалавек, які зрабіў вялікі, можна сказаць нават лёсавызначальны ўплыў на жыццёвы шлях і фарміраванне таленту класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Гэта асоба — шляхціц, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, ураджэнец маёнтка Сурвілішкі Зыгмунт Чаховіч.

На маю думку, менавіта гэты стары паўстанец запаліў сэрца падлетка Янкі Луцэвіча паходняй Кастуся Каліноўскага. Гэта ён уклаў яму ў галаву думку, што сапраўдны паэт павінен апяваць не свае перажыванні з нагоды жыццёвых акалічнасцяў, а тое, што хвалюе і натхняе народную масу, вядзе людзей на подзвігі, паднімае да вяршыняў духу…

Але сапраўдны паэт павінен умець простымі словамі казаць самыя важныя рэчы на свеце. І казаць іх гэтак, каб кожны яго супляменнік, наладжаны на тую ж хвалю, мог усклікнуць: гэта мае думкі, мае пачуцці, але я не магу выказаць іх так ясна, складна, прыгожа!

Гэта значыць, што прыродны дыямент патрабуе агранкі, толькі тады ён ператворыцца ў дыямент высакародны. Зразумела, што агранка — справа рук прафесіяналаў. І вось з гэтага пункту гледжання мы бачым вельмі значную ролю наступнага настаўніка і выхавацеля Купалы — вядомага дзеяча беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння Браніслава Эпімаха-Шыпілы (1859—1934). Літаратуразнаўца Алесь Марціновіч піша:

Немагчыма пераацаніць заслугу Браніслава Эпімаха-Шыпілы і ў тым, што ён шмат паспрыяў творчаму станаўленню Купалы.

Б. Эпімах-Шыпіла нарадзіўся ў фальварку Будзькаўшчына Лепельскага павета (цяпер вёска Полацкага раёна), скончыў гімназію ў Рызе, потым Пецярбургскі ўніверсітэт. З 1891 года працаваў у бібліятэцы ўніверсітэта і адначасова выкладаў шэраг дысцыплін у некаторых вышэйшых навучальных установах. У энцыклапедыі пра Эпімаха-Шыпілу адзначана:

У пачатку ХХ стагоддзя стаяў на чале беларускага культурнага руху ў Пецярбургу, прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветніцкай арганізацыі «Круг беларускі» (1902—04), ініцыятар стварэння (1906) і фактыч­ны кіраўнік выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», кіраў­нік студэнцкага Беларускага навукова-літаратурнага гуртка.

Усё пачалося з таго, што ў 1908 годзе Эпімах-Шыпіла з падказкі паэта і публіцыста Уладзіміра Самойлы адабраў для публікацыі ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца» 95 тагачасных вершаў Купалы. Гэтыя творы ён адрэдагаваў, склаў з іх зборнік «Жалейка» і выдаў. Асабістае ж знаёмства Браніслава Ігнатавіча з паэтам адбылося восенню таго ж самага года ў Вільні, дзе Купала працаваў у рэдакцыі газеты «Наша Ніва» і ў прыватнай бібліятэцы Барыса Даніловіча. У адным з лістоў Эпімах-Шыпіла ўспамінаў пра гэта:

Будучы […] у Вільні я асабіста пазнаёміўся з маладзенькім паэтам […] вітаў яго як беларускага песняра, выказаў аб ім сваю думку і заахвочваў не закопваць талент у зямлю.

Пасля гэтага яны абмяняліся некалькімі лістамі і прыйшлі да пэўнай дамовы, згодна з якой 2 снежня 1909 года пачынаючы паэт прыехаў у сталіцу імперыі. Там 50-гадовы пан Браніслаў сустрэў 27-гадовага Янку як роднага сына. На працягу трох з паловай гадоў Купала жыў у кватэры Эпімаха-Шыпілы і за ягоны кошт.

Браніслаў Ігнатавіч аддаў яму асобны пакой, забяспечыў харчаваннем і грашыма на кішэнныя выдаткі. Ён уладкаваў Купалу на працу ў выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца», а ўлетку дапамог паступіць на вячэрнія курсы А. Чарняева, дзе выкладалі вядомыя пецярбургскія вучоныя. Грошы за навучанне таксама плаціў Эпімах-Шыпіла.

Зразумела, што гаспадар і госць штодзень размаўлялі паміж сабой. І не толькі размаўлялі. Купала потым успамінаў:

Яму ж я заўсёды чытаў нованапісаныя вершы, на якія ён часам мне даваў тыя ці іншыя заўвагі.

Ізноў жа з дапамогай Эпімаха-Шыпілы 8 ліпеня 1910 года асобнай кніжкай выйшла паэма Купалы «Адвечная песня», а 13 кастрычніка таго ж года — другі зборнік вершаў «Гусляр». У траўні 1910 года Купала скончыў паэму «Курган», у жніўні — драматычую паэму «Сон на кургане», адзін з найбольш значных сваіх твораў. У чэрвені 1912 года ён завяршыў камедыю «Паўлінка», якая ў наступным годзе была выдадзена ў Пецярбургу, а потым там жа пастаўлена на сцэне. Вясной 1913 года ў Пецярбургу з’явіўся з друку трэці зборнік вершаў Купалы — «Шляхам жыцця».

Але і гэта яшчэ не ўсё. Падчас 1912/13 і 1913/14 навучальных гадоў па суботах на кватэры прафесара пад вечар збіралася моладзь. Гэта былі чальцы навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, больш за 30 асоб. Тут яны акрамя навуковых дыскусій ладзілі канцэртныя вечарыны і конкурсы сцэнічных твораў. Сярод тых, хто наведваў паседжанні гуртка, былі такія дзеячы беларускага адраджэння як Я. Варонка і З. Бядуля, Т. Грыб і А. Грыневіч, Я. Драздовіч і Я. Дыла, К. Дуж-Душэўскі і Цётка (Э. Пашкевіч), Л. Заяц і Р. Зямкевіч, Я. Хлябцэвіч і Б. Тарашкевіч, М. Галубянка і П. Мядзёлка, Ц. Гартны… Дарэчы, апошні пазней назваў гэтую кватэру «беларускім штабам».

Янка Купала з’яўляўся стомлены, бо пасля працы ў выдавецтве ён штодзень чатыры гадзіны слухаў лекцыі на чарняеўскіх курсах. Аднак ён вельмі любіў «суботнікі», прымаў актыўны ўдзел у спрэчках, чытаў свае новыя вершы.

Усё гэта — штодзённыя размовы з Браніславам Ігнатавічам, лекцыі пецярбургскіх прафесараў на чарняеўскіх курсах, зносіны з шырокім колам чальцоў студэнцкага гуртка — уздейнічала на Купалу літаральна як жывая вада. Паэт значна пашырыў, паглыбіў і сістэматызаваў свае веды, а галоўнае — вельмі значна вырас як творца. Не дзіўна, што пецярбургскі перыяд жыцця стаў часам ягонага ўзлёту. Менавіта тады ён напісаў многія выдатныя творы, менавіта тут Іван Луцэвіч канчаткова ператварыўся ў Янку Купалу.

У кастрычніку 1913 года паэт развітаўся з прафесарам і вярнуўся ў Вільню. Яго чакала праца ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва».

Творы Купалы,
якія забараняла савецкая цэнзура

Мы сцісла разгледзім некаторыя з твораў нацыянальна-грамадзянскай тэматыкі, якія на працягу дзясяткаў гадоў забараняліся цэнзарамі рознага кшталту, не траплялі на старонкі новых выданняў, у даследаванні літаратуразнаўцаў. З прычыны забароны ў савецкі час яны застаюцца малавядомымі чытачам нават сёння, асабліва тым, хто належыць да старэйшага пакалення.

У гады савецкай улады былі выдадзены чатыры зборы твораў Купалы. Першы — у 1925—26 гг.: другі ў 1952—54 гг.: трэці ў 1961—63 гг.; чацвёрты ў 1972—76 гг. Ва ўсіх выданнях — акрамя першага — добра бачны вынікі «плённай» сумеснай працы савецкіх складальнікаў-рэдактараў і камуністычнай цэнзуры.

Напрыклад, па падліку Янкі Станкевіча, з 217 арыгінальных твораў, змешчаных у зборніку «Шляхам жыцця» (1913), савецкая цэнзура забараніла 51 верш. А са зборніка «Спадчына» (1922) былі забаронены 55 вершаў (34 %). Калі ж дадаць да іх тыя, што не ўвайшлі ў зборнікі твораў, друкаваліся асобнымі выданнямі або ў перыёдыцы, дык з больш чым 520 усіх Купалавых твораў, надрукаваных да 1925 года, у першы паваенны «Збор твораў» не ўвайшлі больш за 150, што складае амаль што траціну арыгінальных твораў Купалы таго часу.

Неабходна звярнуць увагу чытачоў на тое, што канкрэтна і чаму не падабалася савецкай партыйнай цэнзуры.

З гледзішча на ідэйную скіраванасць, бальшавікам вельмі не падабаліся наступныя дарэвалюцыйныя і паслярэвалюцыйныя вершы Купалы:

– дзе ў панурых фарбах паэт асэнсоўваў нацыянальнае, сацыяльнае і палітычнае паняволенне Беларусі ў Расійскай імперыі;

– у якіх ён супрацьпастаўляў сучаснасці гістарычную мінуўшчыну Беларусі;

– дзе заклікаў народ да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, у якой павінны панаваць свая мова і свае нацыянальныя традыцыі;

– дзе адкідаў ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі, негатыўна ставіўся да класавай барацьбы і бальшавіцкага гвалту;

– у якіх здзекваўся з новых гаспадароў жыцця і іх памагатых.

Пазнаёмімся з некаторымі творамі Купалы, якія адпавядаюць пазначаным крытэрыям.

Нацыянальнае паняволенне

Купала не меў ніякай варожасці да рускага, польскага ці яўрэйскага народаў, яму было чужое пачуццё нацыянальнай нянавісці. Зусім іншая справа — выступленні супраць нацыянальнага паняволення беларускага народа на працягу стагоддзяў царскай Расіяй і шляхецкай Польшчай. І супраць сваіх рэнегатаў-здраднікаў, з дапамогай якіх чынілася гэта паняволенне.

Звычайна Купала не называў прыгнятальнікаў беларусаў па імёнах, а даваў ім адпаведнае абазначанне як «чужакоў» (вершы «Для зямлі прадзедаў маіх…», «Не шукай…»), «сіл з усходу і захаду мсцівых» (верш «Тае снег»), «людзей чужых» (верш «Валачобнікі»), «суседа паганага» (верш «Як цені»).

Але савецкія цэнзары, мабыць, думалі, што гэтыя вершы здольны выклікаць у чытачоў асацыяцыі, непажаданыя для савецкага палітычнага курсу, і таму выкідалі іх. Сустракаюцца і іншыя метады «ачышчэння» купалаўскіх твораў ад непажаданых выказванняў.

Напрыклад, у вершы «Шляхам гадоў» (1925 г.) складальнікі-рэдактары выкінулі радок «Той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем», нічога не сказаўшы пра гэтую сваю «аперацыю» ў камэнтарыях.

Вось красамоўны верш «Ворагам беларушчыны» (1907 г.), у якім паэт выступіў у абарону роднай мовы:

Чаго вам хочацца, панове?

Якi вас выклiкаў прымус

Забiць трывогу аб той мове,

Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзiка яго мова?

Паверце, вашай ён не ўкраў,

Сваё ён толькi ўспомнiў слова,

З якiм радзiўся, падрастаў.

Вам страшна нашай слёзнай песнi

I жальбы страшна вам глухой?

Вам жудка сонца напрадвеснi?

Мiлей вам холад з цемнатой?

А што ж вам беларус такога

Пасмеў зрабiць, пасмеў сказаць?

Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,

Як свайго брата шанаваць!

Эх, кiньце крыўдамi кармiцца, —

Кожны народ сам сабе пан;

I беларус можа змясцiцца

Ў сям’i нялiчанай славян!

«Забраны край» (1913)

Гэты верш упершыню быў надрукаваны ў зборніку «Шляхам жыцця». Каб абысці царскую цэнзуру, Купала даў яму падзагаловак-прысвячэнне «Балканскім славянам», што знаходзіліся тады ў турэцкай няволі, хоць на самой справе верш тычыўся выключна Беларусі. Таму ў выданнях савецкага часу Купала падзагаловак-прысвячэнне зняў.

Верш «Забраны край» раскрывае трагічнае палажэнне беларускага народа ў абставінах нацыянальнага паняволення і паказвае, як гэтае паняволенне знішчыла ў народнай свядомасці пачуццё нацыянальнай і людской годнасці. Чорнымі фарбамі малюе Купала паднявольнае жыццё Беларусі ў царскай Расіі:

Мальбішчам чужым б’е пакора паклоны;

Упадку вялічыцца сцяг;

З балотам змяшаны старыя законы,

Наладжан нявольнічы шлях.

Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы

Народным дабром, як сваім…

Заплача ў пагоду канюх па расінцы, —

«Забраны край» жаліцца з ім.

Наведзены струны ў скрыпках па-свойску

Чужая зрывае рука;

Жалейка азвецца з вясны пад бярозкай, —

Ня ўцешыць яна бедака.

Так камень ня ляжа, як змора паддання

Лягла ад мяжы да мяжы

3 надзеяй, што нават і думку змагання

«Забраны край» вырве з душы.

І ўсё ж царская цэнзура была ў дачыненні да Купалы больш ліберальная, чым цэнзура савецкая, якая забараніла ўзгаданы верш. Ёсць толькі адна разгадка гэтай загадкі: верш забаранілі таму, што пастаўленыя ў іх Купалам абвінавачванні царызму чытачы маглі пераадрасаваць савецкай рэчаіснасці.

«Сваякі» (1914)

Верш гэты, асабліва сваёй з’едлівай іроніяй у бок «Ляхаў, Маскаляў» успрымаўся вельмі балюча маскоўскімі партыйнымі назіральнікамі, куды больш балюча, чым у царскай Расіі. Як сказана вышэй, Купала ніколі не быў супраць ні польскага, ні рускага народа. Пад словамі «Ляхі» і «Маскалі» ён разумеў нацыяналістычныя польскія і чарнасоценскія расійскія колы, што праводзілі шавіністычную палітыку ў дачыненні да беларусаў і не вызнавалі іх за асобную нацыю.

Раз абселі Беларуса

Маскалі ды Ляхі,

І давай яму сваяцтва

Тыкаці з-пад пахі:

— Ты мой ісціны браточак!

Маскалёк бармоча;

— Ты мой хрэснік, мой сыночак!

Юда-Лях сакоча.

Беларус-жа ім на тое:

— Сваячкі мае вы:

Смачны жолудзь вам на каву,

Дый высока дрэва!

З’едлівую сатыру ў адрас «ісцінага браточка» тут ужо немагчыма ўспрымаць толькі як выпад у бок чарнасоценскіх расійскіх колаў. Тут «Маскалёк» нашмат шырэйшы, чым чарнасоценскія расійскія колы, пра што сведчыць і тое, што «Ляхі» і «Маскалі» паслядоўна пішуцца з вялікай літары. Бальшавіцкая цэнзура вельмі добра зразумела сэнс гэтага верша і таму забараніла яго.

«Казка аб песні»

Гэты верш упершыню быў надрукаваны ў зборніку 1922 года «Спадчына», але з ягонага зместу добра бачна, што верш быў напісаны не пазней за 1915 год.

У вершы Купала праводзіць думку, што толькі свая, родная песня можа ўплываць на народ, а песня чужая не ў моцы прамовіць да народнай душы. Галоўная думка верша выказана ў ягоным апошнім радку: «З ярмом даў і песню чужынец!»

Агульнавядома, што ў БССР і ў мастацкай самадзейнасці, і ў выкананні прафесіянальных хораў і салістаў, на эстрадзе, на радыё і тэлебачанні беларуская песня была рэдкай госцяй, усюды панавала расейшчына!

На вядомую формулу, хай сабе і сталінскую, пра культуру сацыялістычную зместам, але нацыянальную формаю і моваю, у БССР пастараліся забыцца. Гэтак у кнізе «Беларуская народная творчасць савецкага часу» (выдавецтва БДУ імя Леніна, 1978 год) у якасці прыкладаў песень прыведзены 56 тэкстаў на беларускай мове і аж 33 тэксты на мове рускай!

Гэты факт добра паказвае колькаснае ўзаемадачыненне беларускіх і рускіх песняў на беларускай этнічнай тэрыторыі.

Больш за тое, беларускія песні гэтак моцна перасыпаны русіцызмамі, што некаторыя з іх маюць характар моўнага жаргону («трасянкі»), няхай сабе пададзенага беларускім правапісам. Таму верш «Казка аб песні», які мог выклікаць у чытача пачуццё незадаволенасці, крыўды або пратэсту супраць панавання чужынскай музычнай культуры, цэнзары забаранілі.

«Годзе…» (1921)

Сваю пазіцыю па пытанні развіцця беларускай нацыянальнай культуры Купала сфармуляваў тут вельмі ясна. Ён гнеўна заявіў:

Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!

Для Беларуса цана ім адна.

Усе вы, панове, аднакай натуры

З сэрца чужога кроў ссалі б да дна.

Вашу карысць нам і вашы заслугі

Добра ўжо скеміў таптаны народ;

Добра вядомы і путы і пугі

Песціў якімі ваш Захад і Ўсход.

Ідэалізацыя гісторыі Беларусі

Беларуская літаратура нашаніўскай пары старалася аднаўляць у памяці народа гістарычную мінуўшчыну ў вобразах слаўнай і шчаслівай эпохі ягонага дзяржаўнага і культурнага жыцця. Вобразы мінуўшчыны, як легендарнай, гэтак і гістарычнага перыяду беларускіх удзельных княстваў з іхным вечавым дэмакратычным ладам да XIII ст., а пазней перыяду Вялікага Княства Літоўскага, у якім беларускі народ дамінаваў над іншымі народамі, што ўваходзілі ў княства, найбольш яскрава выступілі ў творчасці Янкі Купалы.

Паэт, уваскрашаючы вобразы мінулай славы беларускага народа, ставіў перад сабой не адны толькі літаратурныя мэты. Выклікаючы ў свядомасці чытачоў мінулыя стагоддзі магутнасці і славы ды ставячы іх у кантраставае параўнанне з сумнай сучаснасцю, паэт хацеў узварушыць нацыянальную свядомасць народа, прымусіць яго зачэрпнуць сілу з мінулых стагоддзяў, каб атросся ад прыгонніцкай апатыі і падняўся на змаганне за сваё вызваленне.

Прыпамінам мінуўшчыны Беларусі прысвяціў Купала шэраг найлепшых, ідэйна моцных сваіх твораў: паэму «На Куццю», вершы «Над Нёманам», «Брату-беларусу», «Маладая Беларусь», «Над сваёй Айчызнай», «Гуслі-самаграі» і некаторыя іншыя. Усе яны за савецкім часам заставаліся пад цэнзурнай забаронай.

«Брату-беларусу» (1913)

Ляж, прытуліся да зямлі,

Паслухай шчыра, што гавора

Табе, сям’і і ўсёй радні,

Калі запаліць неба зоры.

Пачуеш дзіўную аповесць

Мінуўшай славы і жыцця,

Аб чым згубіў ты ўжо даўно весць,

Блукаючыся без пуцця.

Пачуеш, як шмат лет таму

Тваё было тут панаванне;

Паслушна голасу твайму,

Цябе ня кратала скаранне.

I запытаецца зямліца

Тваёй душы і тваіх дум:

Чаго ты блукаеш начніцай?

Чаму свой край аддаў на глум?[…]

«Над Нёманам» (1911)

Гэты верш быў праграмным для беларускай літаратуры нашаніўскай пары. Ён змяшчае ў сабе адзін з галоўных момантаў яе ідэйнай скіраванасці.

Буйным жыццём усё чыста кіпела,

Слава далёка за мора ішла.

Ворага кожны за плечы браў смела,

Цемра чужынцаў не страшнай была.

Панам быў дома і слаўны за домам

Мой патаптаны сягоння народ;

Змог ён не толькі знаць штукі з заломам, —

Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.

З вольнай дружынаю князь на пасадзе

Вольнаму люду законы пісаў;

Слухалі князя, а князь што не ўладзіў —

Слухаў, што веча яму звон казаў…

Так, так, мой дружа, іначай бывала, —

He называўся забытым мой край;

«Поўнач» не раз у ім схову шукала,

«Захад» знаў сілу яго неўнарай.

Так грамадзяне свабоднага краю

Ёрмы уздзелі, у рабства пайшлі,

Прадзедаў слава лазой зарастае,

Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі.

Рынкам жывога тавару неслава

Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,

Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава

Торг гругановы вядуць між сабой.

Купалава ўзнаўленне візіі мінуўшчыны, супярэчнае партыйнай гістарыяграфіі ў дачыненні да Беларусі, паслужыла прычынай цэнзурнай забароны гэтага і іншых твораў, прысвечаных мінуўшчыне роднага краю. Паводле партыйнай гістарыяграфіі, Беларусь ніколі ў гісторыі не жыла незалежным дзяржаўным жыццём, а была на пачатку свайго існавання быццам падлеглай гэтак званай старажытнарускай дзяржаве — Кіеўскай Русі, у эпоху Вялікага Княства Літоўскага знахо­дзі­лася быццам у няволі літоўскіх феадалаў, а ў часы Рэчы Паспалітай улада на Беларусі быццам бы знаходзілася ў руках польскіх феадалаў.

Абагульняючы ў адну цэласць сцверджанні партыйных гісторыкаў, можна коратка сфармуляваць асноўную тэзу партыйнай гістарыяграфіі ў дачыненні да Беларусі: толькі ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі і дзякуючы ленінскай (раней казалі — сталінскай) нацыянальнай палітыцы Камуністычнай партыі ды пры бескарыслівай дапамозе «вялікага рускага народа» Беларусь упершыню ў гісторыі атрымала сваю дзяржаўнасць.

Але ў навуковых працах аб’ектыўных беларускіх савецкіх даследчыкаў, гэткіх як Мікола Алексютовіч (1921—1967), Мікола Прашковіч (1932—1983), Леанід Аляксееў (1921—2008), Анатоль Грыцкевіч (1929—2015) і некаторых іншых, насуперак псеўданавуковай партыйнай гістарыяграфіі, абгрунтавана даведзена існаванне беларускай дзяржаўнасці і суверэннасці ў згаданых эпохах. З названых даследчыкаў Мікола Алексютовіч нават публічна ў друку сцвердзіў, што гэтая тэза не пярэчыць тэзе партыйнай гістарыяграфіі, удакладніўшы, што ў афіцыйнай тэзе маецца на ўвазе не наогул дзяржаўнасць Беларусі, быццам упершыню атрыманая ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, а выключна «сацыялістычная дзяржаўнасць».

Для партыйнай жа ідэалогіі вельмі непрымальнымі, нават пракуднымі былі тыя Купалавы вершы, у якіх ёсць хоць нязначны намёк на вольнае і незалежнае існаванне беларускага народа ў мінулых эпохах. Не менш непрымальныя для гэтых ідэалогіі і гістарыяграфіі былі Купалавы скаргі на пазнейшае паднявольнае жыццё, калі, як казаў паэт, «Мы ў сваім чужыя, — Край забраны тут». Цвёрда трымаючыся гэтай гістарычнай канцэпцыі пра мінуўшчыну Беларусі, Купала выявіў сваю нацыянальную бескампраміснасць і непахіснасць. Наогул жа вершы пра беларускую старажытнасць займаюць у ягонай творчасці вельмі важнае месца; без іх нельга як след пазнаць і зразумець усёй яго творчасці.

«На Куццю» (1913)

Тэма паэмы, надрукаванай у зборніку «Шляхам жыцця» — легендарная мінуўшчына Беларусі, асэнсаваная ў рамантычным рэчышчы. На развалінах старога замчышча ў ноч на Куццю з’яўляецца дух беларускага князя, вуснамі якога Купала апявае слаўныя падзеі з гісторыі беларускага народа.

Паэтычная сімволіка паэмы зусім ясная: увасабленне беларускай мінуўшчыны — дух князя — выступае тут у ролі захавальніка беларускай нацыянальнай ідэі, якая не памрэ ў народзе, пакуль ён будзе знаходзіцца пад жыватворным уздзеяннем гэтай ідэі.

Адкіданне ідэі класавай барацьбы

Аўтары «Нашай Нівы», у тым ліку Купала, разглядалі беларускі народ як суцэльны з сацыяльнага пункту гледзішча і не вылучалі ў ім варожых класаў. Яны абгрунтоўвалі гэта тым, што эксплуататарскія слаі на Беларусі — буйныя землеўласнікі, фабрыканты, купцы і г.д. былі або спаланізаваныя, або зрусіфікаваныя і таму да беларусаў ужо не належалі, або наогул мелі іншае нацыянальнае паходжанне (рускія, немцы, яўрэі…).

На самой справе сацыяльная дыферэнцыяцыя адбывалася і ў беларускай вёсцы, але нацыянальныя дзеячы не жадалі гэтага бачыць. Ім здавалася, што беларускі народ, які захаваў такія прыкметы сваёй нацыянальнай адметнасці, як мову, народныя традыцыі і культуру, складаўся выключна з сялянскай масы. І што гэтая маса сацыяльна вельмі мала здыферэнцыявана, а таму класавае змаганне ёй чужое.

Затое з нацыянальна чужымі эксплуататарскімі класамі на Беларусі ідзе ўпартае класавае змаганне, якое, дзякуючы чужой нацыянальнасці эксплуататараў, мае не толькі сацыяльны, але і нацыянальны характар.

Тэорыя бяскласавасці і сацыяльнага адзінства беларускага народа была адной з галоўных ідэалагічных падстаў беларускага руху нашаніўскага пэрыяду. Больш за тое, гэтую тэорыю беларускія нацыянал-камуністы нават увялі ў праграму дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі. Гэтак 5 лістапада 1921 года КПБ прыняла 13 праграмных тэзаў пад загалоўкам «Нацыянальнае пытанне і Камуністычная партыя». У тэзе 6-й, дзе падсумоўваліся вынікі Кастрычніцкай рэвалюцыі для Беларусі, было сказана:

Палітычна-сацыяльнае вызваленьне для Беларусі стала разам з тым і нацыянальным вызваленьнем, бо клясавы й нацыянальны склад Беларусаў амаль што адпавядаў адзін аднаму. Беларус даўно перастаў быць памешчыкам і купцом, ня быў хвабрыкантам, ня быў навет і кулаком.

Таму няма нічога дзіўнага, што Купала, які ў сваёй творчасці адлюстроўваў ідэалагічны кірунак беларускага нацыянальнага адраджэння, таксама паклаў гэту тэорыю ў аснову сваёй творчасці. Сацыяльная варожасць у творах Купалы была звернутая выключна супраць «чужакоў», «чужынцаў», «сілаў з Усходу і Захаду мсцівых», «людзей чужых», «суседзяў паганых». Калі ж сам беларускі народ будзе змагацца «за волю і долю» адзіным фронтам, ён абавязкова пераможа.

У гэтым сэнсе вельмі красамоўным заклікам заканчваецца адзін з ранніх купалаўскіх вершаў «За праўду» (1908 г.):

Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі —

Мы злучаны думкай адной;

Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,

Палічаць і нас за людзей.

Выдаўцы паваенных збораў твораў старанна абміналі ўсе вершы Купалы, дзе ён адмаўляў класавы паддзел і класавае змаганне ў беларускім народзе. У той жа час савецкія літаратуразнаўцы не знайшлі ў паэта ніводнага верша, які б пацвярджаў класавы паддзел беларускага народа. Наадварот, мы ведаем шмат вершаў супрацьлеглага зместу, у якіх Купала заклікаў усе сацыяльныя групы беларусаў да згоды і нацыянальнага адзінства. Напрыклад, верш перыяду 1905—1907 гадоў «Любімось, мае суседзі»:

Любімось, мае суседзі!

Кіньма сваркі, звадкі;

Жыйма, як родныя дзеці

Адной нашай маткі!

Што ты маеш з сваёй звадкі,

З дзікай ненавісці?

Людзі толькі насмяюцца,

I ўсёй той карысці.

Людзі толькі насмяюцца,

Ўрагі скарыстаюць,

Над душой чорт запануе,

Унукі цябе злаюць.

А пачнема жыці ў згодзе

Ў пачцівай, харошай, —

Знойдзем долю, знойдзем волю,

На зваротак — грошы.

Ўрагам нашым прыступіцца

Трудна тады будзе,

Ды ў суседзяў ласку маюць

Згодлівыя людзі.

Дык любімася, суседзі!

Кіньма сваркі, звадкі;

Жыйма, як родныя дзеці

Адной нашай маткі!

Заклік да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы і шанавання роднай мовы

Савецкія цэнзары і рэдактары не прапускалі ў друк шмат тых Купалавых вершаў, якія мелі яскравы нацыянальны характар і дзе паэт выказваў глыбокія патрыятычныя пачуцці. Напрыклад, гэта вершы «Маладая Беларусь», «Ужо днее» і «Беларушчына», дзе паэт радасна сцвярджаў, што Беларусь пачала адраджацца пасля доўгага заняпаду і дамагаецца прызнання сваёй нацыянальнай годнасці нароўні з іншымі народамі.

Вызывалі абурэнне камуністычных ідэолагаў і тыя вершы, дзе Купала моцна акцэнтуе велізарную ролю роднай мовы ў нацыянальным жыцці народа, выступае ў ейную абарону перад пасяганнямі на яе заходніх і ўсходніх дэнацыяналізатараў. Сярод вершаў гэтага кшталту асабліва важныя вершы «Роднае слова» і «Ворагам беларушчыны».

Магутнае слова, ты, роднае слова!

   Са мной ты на яве і ў сне;

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

   Ты песень наўчыла мяне.

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!

   Ты крыўды, няпраўды змагло;

Хоць гналі цябе, накладалі аковы,

   Дый дарма: жывеш як жыло!

Свабоднае слова, ты, роднае слова!

   Зайграй ты смялей, весялей!

Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,

   Жывеш ты на хвалу людзей.

Загнанае слова, ты, роднае слова!

   Грымі ж над радзімай зямлёй:

Што родная мова, хоць бедная мова,

   Мілей найбагатшай чужой!

Як бачым, паэт востра пратэстуе супраць адмаўлення беларускай мове і беларускай літаратуры права на існаванне. Верш — жыццядайны гімн роднаму слову. Калі народ страціў усё іншае, адно яно засталося народу «верным, каб вясці з упадку к радасцям бязмерным».

Клічам «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі» — скончыў паэт цудоўны верш, напісаны ў 1913 годзе:

«Маладая Беларусь»

[…] Расцвітай-жа, ўзнімай на арліных крылах

Душы, сэрцы і думы заспаныя,

Вызывай, выклікай на вялікі прасцяг

Сілу, ведзьмай-пятлёй нечапаную.

Высылай, рассылай на край свет пасланцоў,

Як з гнязда сакалінага сокалаў,

Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,

Хай грымяць весткай добраю ўвокала.

Годзе ў полі, ў лясох ты, старонка, і так

Сіратой начавала забытаю.

Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,

Косці вецер тачыў непакрытыя.

Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі!

«Свайму народу» (1918)

Верш з’яўляецца вельмі важным у якасці праграмнага. Разам з напісаным у той жа дзень вершам «На сход!» — гэта два храналагічна першыя Купалавы творы, у якіх ён, адкідаючы ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі, заклікаў беларускі народ падняцца на чыста нацыянальную рэвалюцыю.

Тут няма і намёку на класавае змаганне, якое было галоўным лозунгам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паэт заклікаў народ на змаганне не з капіталістамі ды памешчыкамі, а на змаганне за вызваленне нацыянальнае, за тое, «каб пут не строіў больш сусед».

Верш «Свайму народу» закончыў Купала гэткімі клічамі:

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!

Зірні на Бацькаўшчыну і на сябе!

Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,

Як твой навала злыдняў скарб грабе!

Паўстань і глянь, як з’яюць скрозь вагнішчы,

Як носяцца ўсясветных змен віхры,

Як на старога быту папялішчы

Цвет зацвітае новае зары!

Паўстань, народ! Для будучыні шчасце

Ты строй, каб пут не сгроіў больш сусед;

Не дайся ў гэты грозны час прапасці, —

Прапашчых не пацешыць шчасьцем свет.

Сваю магутнасць пакажы ты свету, —

Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.

Паўстань, народ! З крыві і слёз кліч гэты…

Цябе чакае Маці-Беларусь!

Да ўсяго, верш «Свайму народу» ўслаўленнем нацыянальнай мінуўшчыны пярэчыў партыйнай гістарыяграфіі (як і верш «Над Нёманам»). Вось найбольш вымоўныя радкі пра гэта:

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,

Сцярог ад чужака й законы ўкладаў;

Звон вечавы сход склікаваў народны,

I сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.

«Сын і маці» (1919)

Гэты верш глыбока насычаны патрыятычнымі пачуццямі. У ім маці навучае малога сына любіць і шанаваць родную мову, родную песню, родныя звычаі і традыцыі, а таксама гістарычную мінуўшчыну.

Прычым, насуперак афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі, паэт пад­крэслівае, што тады «жылі мы, панавалі ў родным краі смела». Не менш вымоўна ў вершы і тое, што да Беларусі Купала залічвае не толькі Мінск, але таксама Вільню, Магілёў, Горадню і «Смаленск з сцяной цаглянай». Значыцца, тыя гарады і землі, якія не толькі не ўваходзілі ў шасціпаветавую БССР, але некаторыя з іх, як Смаленск, назаўсёды засталіся па-за межамі БССР і пасля абодвух узбуйненняў тэрыторыі БССР (у 1924 і 1926 гг.).

Адмоўнае стаўленне да бальшавіцкай рэвалюцыі

Кастрычніцкую рэвалюцыю і створаную ў ейным выніку савецкую імперыю Купала ўспрымаў негатыўна. Пасля жахаў вайны і бежанства дамаганне волі свайму народу, заўсёды моцна акцэнтаванае ў Купалавай творчасці, вырасла да апагею сваёй сілы і вастрыні. Ён выказваў гэтае імкненне як бясспрэчную гістарычную неабходнасць, якую беларускі народ павінен ажыццявіць у хаосе ваеннай завірухі і развалу царскай імперыі.

Шмат гадоў стаўленне Купалы да падзей 25 сакавіка 1918 года савецкія гісторыкі і літаратуразнаўцы або замоўчвалі, або зводзілі да падтрымкі савецкай рэспублікі.

Але лепш за ўсё сказаў пра сваё стаўленне сам Купала ў артыкуле «За цэласнасць Айчыны», апублікаванай у студзені 1919 года ў газеце «Беларусь»:

Беларусь вуснамі Всебеларуского з’езду 1917 году і Рады Рэспублікі абвясціла сябе незалежнай дзяржавай і як такая выступіць на міжнароднай арэне. І як на такую глядзіць на яе ўвесь свет. Беларуская дэлегацыя ў Парыжы выразна ўспрымаецца як дэлегацыя Беларускай Народнай Рэспублікі.

…І толькі ідэя Беларускай дзяржавы, у якой беларускі народ быў бы гаспадаром, здольная дужа звязаць абедзве рэлігійныя групы — каталікоў і праваслаўных, бо як адным, гэтак і другім дзяржаўная незалежнасць Айчыны дае больш волі і шчасця.

У артыкуле «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год» (1920 г.) Купала пазначыў дзве процілеглыя сілы, што дзейнічалі ў расійскай рэвалюцыі. Гэта прыхільнікі рэвалюцый сацыяльнай і нацыянальнай.

Прыхільнікі першай, расійскія бальшавікі, імкнуліся знішчыць нацыянальныя перагародкі і аб’яднаць пад чырвоным сцягам (і выключна пад сваёй уладай) усе народы. Нацыянальная рэвалюцыя ставіла мэтай вызваленне ўсіх нацый, раней прыгнечаных буйнымі дзяржавамі. Далей Купала адзначыў, што абедзве гэтыя рэвалюцыі яскрава выявілі свае станоўчыя і адмоўныя рысы менавіта на беларускай зямлі.

Творы Купалы 1918—26 гадоў (вершы, артыкулы, камедыя «Тутэйшыя») выразна засведчылі сапраўднае стаўленне паэта да кастрычніцкага перавароту — непрыманне! Пазней савецкія апалагеты паэта, каб неяк выгарадзіць яго, прыдумалі тэзу «паэт не адразу зразумеў рэвалюцыю»! Усё ён выдатна зразумеў. Купала не мог ні прыняць, ні апраўдаць жахлівае збіванне ўласнага народа, якое ўчынілі бальшавікі.

Яго поглядам быў уласцівы дэмакратызм, адмаўленне гвалту, прыярытэт гуманістычных духоўных каштоўнасцяў над класавымі і палітычнымі. Насупраць, «крэда» бальшавізму — гэта знішчэнне велізарных мас людзей на аснове штучна прыдуманых «сацыяльна-палітычных» крытэрыяў і як вынік — дэградацыя грамадства, запалоханага бязлітасным тэрорам і абсалютнай самаўпраўнасцю ўлады.

Так званай «пралетарскай» рэвалюцыі Купала супрацьпаставіў нацыянальную рэвалюцыю беларускага народа, заяўленую ім у паэтычнай візіі «Вялікага Сходу». Ідэя склікання ўсенароднага «Вялікага Сходу» з’яўлялася ў шмат якіх ранейшых творах Купалы, але цяпер яна заняла цэнтральнае месца.

З гледзішча ідэйнай глыбіні і сілы паэтычнай экспрэсіі канцэпцыя «Вялікага Сходу» найбольш яскрава ўвасоблена ў вершах «На сход» і «Свайму народу». Купала напісаў іх у Смаленску 29 лістапада 1918 года. Яны адлюстроўваюць рэакцыю на падзеі часу. Гэта надыход даўно чаканага моманту, калі на развалінах царскай турмы народаў («старога быту папялішчы») для паняволеных дагэтуль народаў «цвет зацвітае новае зары». Ды толькі не для народа беларускага, якога па-старому «крываўляць раскаваныя рабы» — бальшавікі, ды Бацькаўшчыну якога «рэжуць на кускі».

Напоўнены трывогай, што гэтыя «ўсясветных змен віхры» могуць абмінуць Беларусь і пакінуць беларускі народ надалей у няволі, паэт закончыў верш «Свайму народу» магутным заклікам паўстаць, «каб пут не строіў больш сусед». Таму нічога дзіўнага, што савецкая цэнзура забараняла абодва гэтыя вершы.

«На сход!»

Змест і галоўная ідэя верша не патрабуюць ніякіх каментарыяў:

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход

Ідзі, аграблены, закованы народ!

Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,

Аддай на суд свае ўсе крыўды, слёзы, кроў.

Аб вечным катаванні, здзеку далажы

I пакажы на курганы і на крыжы.

I аб раскопаных магілах не забудзь,

Дзе груганы тваіх там продкаў косці рвуць.

Як гналі пот з цябе паны і каралі,

Як гналі проч цары з радзімае зямлі.

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,

Як гібнеш з дзецьмі ты ад катняе рукі —

Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход

Ідзі, аграблены, закованы народ!

Ідэі, выказаныя ў вершах «Свайму народу» і «На сход!», Купала працягваў і далей. Гэтак, негатыўнае стаўленне да бальшавізму востра адбілася ў вершах «Б’юць на трывогу званы» і «Крыўда».

Антыбальшавіцкая вымова гэтага верша вельмі выразная. «Раскаваны раб» у вершы «Крыўда», з віны якога «не ўзнёсся ў высь дух чалавечы», ды «нявольнік», што «пабратаўся з Крыўдай і ў помач ёй даў свае плечы», — гэта тое самае, што і «раскаваныя рабы», якія «крываўляць» беларускі народ у вершы «На сход!». І там і тут тыя ж самыя бальшавікі.

«Наша гаспадарка» (1918)

Гэты санет быў напісаны ў першую гадавіну «Вялікага Кастрычніка». Ужо адно тое, што апошняя страфа гэтага твора пададзена не ў прошлым, а ў будучым часе, вядзе да высновы, што словы «царская Масква» нельга разумець літаральна, бо верш быў напісаны ў лістападзе 1918 года, калі ўжо год Масква не была царскай. Пад прыметнікам «царская», адмыслова ўжытым анахранічна — з аглядкай на цэнзуру, трэба разумець не царскую, а «савецкую», «пралетарскую» або «чырвоную» Маскву.

Зразумела, што не зважаючы на нехітрую форму мастацкай крыптаграфіі, савецкая цэнзура забараніла верш «Наша гаспадарка».

Спрадвеку мы ў родным краю гаспадарым, —

Свае загоны сеем, пасьцім статак свой;

З надзеяй сустрачаем выраі вясной,

З надзеяй ўвосень іх праводзім над папарам.

Спрадвеку ходзім пад панамі і пад царам

На недруга й на бліжняга свайго вайной,

Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной —

Крыжы і хаты нашы скошаны пажарам!

Так гаспадарым мы і дома і за домам,

Усё ждучы пацехі з севу і жніва,

Ждучы дарма, як летам жджэ расы трава.

Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам

I душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам

Варшава панская і царская Масква!?

Ідэйная скіраванасць творчасці Купалы 1918—1922 гадоў найбольш яскрава бачна ў двух вершах. Гэта напісаны ў жніўні 1919 года верш «Паўстань…» і верш студзеня 1922 года «Перад будучыняй». Хоць гэтыя творы дзеляць паміж сабой больш за два гады часу, яны маюць аднолькавую ідэйную аснову. Дый аднолькавая доля спаткала іх: першы цэнзура выкінула яшчэ ў 1922 годзе са зборніка «Спадчына», а другі быў тады ж надрукаваны ў першым нумары часопіса «Адраджэнне» (які стаў і апошнім), але літаральна на другі дзень цэнзура яго канфіскавала.

«Паўстань…»

Паўстань з народу нашага, прарок,

Праяваў бураломных варажбіт,

I мудрым словам скінь з народу ўрок,

Якім быў век праз ворагаў спавіт!

Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю.

Вазьмі з яе прысягу і зарок,

Што не прадасць сябе, сваю зямлю…

Зняць путы бацькаўшчыне ўстань, прарок!

*

Паўстань з народу нашага, пясняр,

Былых і будучых вякоў баян,

I ў бурны кліч, як буры ўдар,

З віхрамі загудзі пад звон кайдан!

Гудзі над Беларусяй з краю ў край,

У сэрцах спячых распалі пажар,

Над курганамі перуном зайграй!

Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр!

*

Паўстань з народу нашага, ваяк,

I волатам на вогненным кані

Народ аграблены — бы з торб жабрак —

За бацькаўшчыну павядзі ў агні!

Да хвалы шлях айчыне пакажы,

Змяці з палёў яе чужых бадзяк,

На стражы стань гранічнае мяжы…

Свой край заваяваць паўстань, ваяк!

*

Паўстань з народу нашага, ўладар,

Адбудаваць свой збураны пасад,

Бо твой народ забыў, хто гаспадар

I хто яго абдзёр з каронных шат.

На ўладара жджэ Беларусь даўно.

I жджэ цябе ўладарства Божы дар,

Вялікае, магутнае яно…

Пад беларускі сцяг прыйдзі, ўладар!

«Каб» (1926)

І ў гэтым вершы Купала выказаў сваё глыбокае абурэнне супраць усіх формаў паняволення роднага краю і народа. Простымі словамі, у традыцыйнай форме беларускага фальклору паэт гнеўна праклянуў ўсіх былых і цяперашніх прыгнятальнікаў ды дэнацыяналізатараў народа:

Каб таму па локаць

Адсушыла рукі

I аб сценку біўся

Ад балеснай мукі, —

Хто сушыў ў няволі

Люд наш працавіты,

Задаваў вужача

Раны непазбыты.

*

Каб таму крукмі

Пакрыўляла ногі

I да роднай хаты

Не знайшоў дарогі, —

Хто крыўляў нам праўду,

Застаўляў у прыгоне

Бежанцамі гінуць

На бацькоўскіх гонях…

*

Каб таго скруціла

Гадзінавым скрутам

I прыстала потым

Сухажыльным прутам, —

Хто круціў нам сцежкі

Да жыцця і славы,

Засцілаўшы вочы

Туманом крывавым…

*

Каб таму маланкай

Асляпіла вочы

I блукаў абмацкам

Ён удзень і ўночы, —

Хто для нашых дзетак

Хоча асляплення, —

Бэсціць чужаніцай,

Думак прасвятленне…

*

Каб вады гарачай

На таго нагрэлі

I ня ўстаў ён болей

Са сваёй пасцелі, —

Хто над Беларусяй

Хоча распасцерці

Свой бізун чужацкі

I народ усмерціць.

*

Каб таго парвала

З сэрцам на тры часці

I звяр’ё збрылося

Мяса параскрасці, —

Хто быў прычыніўся

Нашаму паддзелу,

На кускі парваўшы

Маці роднай цела.

Як вядоеры палякі і бальшавікі, падпісаўшы 18 сакавіка 1921 года крыўдны для беларускага народа Рыжскі мір.

Паказальна, што ў 1943 годзе гэты верш быў перадрукаваны ў газеце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў літаратурным дадатку да газеты «Савецкая Беларусь», але пад назвай «Фашысцкім катам» (!).

Такая пераадрасоўка наводзіць на пэўны роздум…

«Перад будучыняй»

У сакавіку 1921 года «белая» Польшча і «чырвоная» Расія па­дзялілі паміж сабой Беларусь. У гэты цяжкі для беларусаў час Купала напісаў верш «Перад будучыняй», за які яго шмат разоў папракалі ворагі нашай нацыі. Пра гэты верш Антон Адамовіч у сваім уступным артыкуле да эмігранцкага выдання п’есы «Тутэйшыя» пісаў (пад псеўданімам Р. Склют) наступнае:

Бадай ці патрабуюць якіх-небудзь камэнтараў гэтыя радкі, поўныя нацыянальнага самабічаваньня, што мела мэтай выклікаць водгук нацыянальна-рэвалюцыйнае сьведамасьці й дзеі, скіраваны супраць пагібельнае «чужое апекі». Голас Купалы як нацыянальнага трыбуна й прарока даўно ўжо ня гучэў з такою сілаю, зь якой прагрымеў ён тут, у гэтым выкрыцьці й асуджэньні нацыянальнае й ідэйнае бясхрыбетнасьці, «нявольніцтва й жабрацтва», у «клічы бураломным» да духовага распрыгоненьня й «вызваленьня з пут».

Не дзіва, што бальшавікі пачулі ў гэтым творы пагрозу для сябе, большую нават, чымся ў гнеўнай філіпіцы Коласа супраць Рыскага паддзелу Беларусі ў ягоным вершы «Беларускаму Люду». […] Купалаў голас з небывалай, бадай, яшчэ сілаю біў па струнах нацыянальнага сумлення, і небяспека магчымасці абуджэння адпаведнага рэзанансу гэтых струнаў не магла не жахаць тых, хто абрабаваў з гонару й кашулі беларускі народ.

Тлумачэнне Адамовіча найбольш правільнае і пераконлівае з усіх вядомых. А вось і сам верш:

Стаім мы перад будучыняй нашай

I ўсё варожым, сочым ейны ход…

Ці ўскрэснем мы, душою ўпаўшай, звяўшай,

Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род…

Сягоння мы жывём і ўдзень мы блудзім

Пад маскай, асляпляючаю нас,

I што сказаць самім сабе і людзям,

Не ведаем, не можам, хоць і час.

Заціснуты, задушаны, як мышы

Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,

Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы

Таго свайго, што наша ад вякоў.

Пакрыўленыя колісь нашы душы

Дагэтуль выпрастаць не ў моцы йшчэ;

Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,

А хтось, а штось і мучыць і пячэ.

Цябе чакаем, будучыні нейкай,

Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,

I гінем марна пад чужой апекай,

Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі

Засеў за наш бяседны, сытны стол

I кідае, як з ласкі, нам агрызкі,

А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.

Нявольніцтва й жабрацтва так нас з’ела

I так нам высмактала з сэрца сок,

Што нат у вочы глянуць, плюнуць смела

Не смеем, стоптаныя на пясок.

Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасць!

А там — «Паўстань пракляццем…» Ну, а мы?

Мы ў страху… дум крутня… разбежнасць…

Без толку крыллем лопаем, як цьмы.

О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!..

I слухаем і нюхаем тут, там:

Які павеяў вецер на загоны, —

Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?

Аграбленыя з гонару й кашулі,

З свайго прыпыну выгнаныя вон,

Мы дзякуем, што торбы апранулі

На нас ды з нашых нітак-валакон.

З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,

Брыдзём, паўзём у свет — скрозь неўпапад.

I прысягаем, клічам Бога ў сведкі,

Што мы — не мы, што нехта вінават…

I так жывём, сябе саміх не знаўшы,

Учора, сёння лазім між канаў…

Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай

Навек залом пракляты заламаў?

Няўжо нас не аб’ясніць розум ясны,

I не пакінем біцца з кута ў кут?

Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —

Кліч бураломны: вызваленне з пут?!

І пазней боль душы паэта не цішэў. У 1926 годзе ён напісаў:

Калісь мы ў Рыгу збожжа везлі,

Цяпер зямлі завезлі часць.

«Пазвалі вас» (1922)

Гэты верш, у якім Купала найбольш адкрыта выказаў варожае стаўленне да бальшавізму, быў напісаны з нагоды міжнароднай канферэнцыі ў Генуі. Вершу папярэднічае эпіграф: «Еўрапейскія дзяржавы пастанавілі запрасіць на міжнародную нараду ў Геную т. Леніна (з газет, 1921 г.)». Свой выклік бальшавізму Купала прадставіў у форме проціпастаўлення «нас» і «вас».

Пазвалі вас на пір піроў,

Пазвалі вас за волю стаць,

I далі ўладу путы рваць,

I далі ўладу біць цароў —

Зрабілі з вас гаспадароў.

I вы з рабоў пайшлі ў цары…

— О, каб ня ў краты толькі з крат?!

Паклон аддаў вам азіят,

За ім Эўропы жыхары

Шлі к вам праз морскія віры…

I ўсё вы ўзялі, усё як ёсць:

Фабрычны дым, сяўбы загон,

I панскі двор, і царскі трон…

Ды стала ўсё вам гэта ў злосць —

У хлебе восць, у горле косць.

Сабою самі ўстаць з руін

Вам не хапіла смагі, сіл,

I вось к вам вылез цень з магіл:

Крывавы грош і «гаспадзін»,

А іх закон адзін, адзін.

З-пад ног, з утоптанай нары

Пайдзе ўжо збэшчаны павук

I ў сто, у сто кагцістых рук

Хапае вас, рабы-цары, —

Як бы ўжо вы не ўладары…

Верш утрымлівае розныя адценні па­літычнай інвектывы ў адрас бальшавіцкіх «цароў-рабоў» — ад ледзь стрыманага гневу да «чорнай» іроніі. Купала прадказаў стварэнне бальшавікамі ўласнай дыктатуры, дзякуючы якой учарашнія рабы ператворацца ў новых цароў, яшчэ больш драпежных і крыважэрных, чым ранейшыя.

«Акоў паломаных жандар» (1926)

У 1925 годзе грамадскасць Беларусі адзначала 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Урад БССР узнагародзіў яго званнем народнага паэта. У сваім звароце да грамадзян з гэтай нагоды Купала высунуў вельмі характэрны лозунг:

Няхай жыве незалежная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь у сваіх этнаграфічных межах!

А ў наступным годзе паэт напісаў верш «Акоў паломаных жандар», які быў надрукаваны ў газеце «Савецкая Беларусь». У ім Купала выступіў супраць праяў старога вялікадзяржаўніцтва з боку новых — чырвоных — гаспадароў адроджанай імперыі, а за іхную варожасць да беларускай мовы кінуў ім у вочы моцныя словы абурэння.

«Акоў паломаных жандар…»

(На палеміку ў «Сав. Беларусі» аб беларускай мове)

Акоў паломаных жандар,

Сліўнем зарыўшыся ў нару,

Сядзіць расейскі чынадрал,

«Слуга оцечаству, цару»,

Ён сніць былую моц і шыр:

Цары, царыцы, цэрквы, трон,

Пагромы, катаргі, Сібір…

О, Русь, прымі раба паклон!

Табе такой служыць па гроб

Ня кіну я, і расьцярзаць

Ня дам дзяржаўнасці «оплот»,

Цябе, «единую», о, маць!

Здарма-ж двуглавы твой арол

Празь векі ў кіпцюрох трымаў

Мільёны ўбогіх хат і сёл,

Рабоў мільёны? Не, здарма!

У твой ланцуг былі, о Русь,

Уплецены з усіх бакоў

Украйна, Польшча, Беларусь

I сотня іншых «языкоў».

Цяпер, што бачу я кругом?

Пасад маўклівы збуран скрозь…

Рэспублікі!? Ды з «языком»

З іх лезе кожная ўсур’ёз.

А ты, о рускі мой «язык»!

Мой «обшарускі», што з табой?

Табе слухмян быў мал, вялік,

Быў славен ты сваёй кляцьбой.

Табой сам самадзержац цар

Пісаў ланцужны свой закон,

Што маці-Русь ёсць жандар

Усёй Эўропы!

I свой сон

Сніць далей гэты царадвор,

Калі надыдзе яму дзень,

Ізноў пад лёзгат царскіх шпор

Свой распасцерці чорны цень.

Ён, гэты скінуты сатрап,

Ня знае, што ў свабодзе жыць;

Яму дай вісельню, дый каб

На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.

Не па нутру, як смерць, яму,

Што беларускае дзіцё

Бяжыць у сцюжную зіму

У школку пазнаваць жыццё.

Спужаўся, што хлапчук у лапцёх,

Напоўадзеты вёскі сын,

У роднай мове ўчыцца змог?

О, стыдна, рускі «гражданін»!

Язык твой царскі ён табе

Ня выража, спакойны будзь!

Цябе тваім-жа ў кляцьбе

Ён не забудзе памянуць.

Былых ня выклічаш вякоў

I ты, Масквы кароннай гразь,

Парваных ня скуеш акоў,

З якой брахнёю не вылазь!

Не дзіўна, што верш працяглы час быў выкраслены з літаратурнай спадчыны паэта. І па сёння варожасць да беларускай мовы ніякае не злачынства на Беларусі, а вялікая заслуга перад «самай прагрэсіўнай мовай вялікага рускага народа», якой быццам наканавана заняць месца беларускай мовы ў «суверэннай» і «незалежнай» Беларускай дзяржаве.

***

Выкідваннем з Купалавай літаратурнай спадчыны ўзгаданых тут твораў бальшавікі намагаліся паказаць Купалу зусім не тым, кім ён быў у сапраўднасці. Хоць фальшаванні гэтыя тычыліся выключна ідэйнага аспекту Купалавых твораў, яны не менш балюча нявечылі Купалу і як мастака. Справа ў тым, што Купала сярод розных тэм сваёй творчасці найбольш чула рэагаваў менавіта на тэмы нацыянальнага адраджэння, якія давалі яму найбольш натхнення, будзілі магутныя пачуцці. Творы Купалы, у якіх ён даваў выхад сваім нацыянальным і патрыятычным пачуццям, найбольш дасканалыя таксама і з мастацкага пункту гледжання.

Таму была яшчэ адна мэта цэнзурнай «чысткі» твораў Купалы: паказаць найвялікшага беларускага паэта як паэта сярэдняй якасці, як мага больш прынізіць яго ідэйную і мастацкую веліч менавіта як паэта нацыянальнага. Але ж нават кароткі разгляд забароненых твораў добра даводзіць, што насамрэч Купала быў духоўным правадыром беларускага народа.

1926 год, калі быў напісаны гэты верш і надрукаваны ў шостым нумары часопіса «Полымя», быў годам найвышэйшага нацыянальнага ўздыму ў савецкай Беларусі. Палітыка беларусізацыі, абвешчаная на XII Усебеларускай партыйнай канфэрэнцыі ў сакавіку 1923 года, дасягнула ў 1926 годзе свайго кульмінацыйнага пункта. Такая сітуацыя выклікала сярод беларускай інтэлігенцыі спадзяванні на далейшае нацыянальнае развіццё. Гэты нацыянальны ўздым праявіўся і ў беларускай літаратуры, перш-наперш у творчасці Купалы.

Але ў напісаных паэтам у 1926 годзе вершах не было ніводнага радка, дзе ён ухваляў бы савецкую рэчаіснасць хоць бы ў нацыянал-камуністычнай форме. Пасля некаторых ідэйных хістанняў і звіхаў Купала ізноў вярнуўся, апошні ўжо раз, на чыста нацыянальныя пазыціі.

Ды не толькі вярнуўся, але зноў прыняў на сябе ролю народнага трыбуна і змагара за нацыянальныя правы беларускага народа.

«Тутэйшыя»

Гэту сатырычную трагікамедыю Купала скончыў 31 жніў­ня 1922 года. Яе прэм’ера на сцэне адбылася ў 1926 годзе — праз чатыры гады пасля стварэння. Камедыя вельмі не падабалася бальшаві­кам і ўжо на другі дзень, адразу пасля прэм’еры, яе знялі з рэпертуару.

У наступны раз гледачы ўбачылі камедыю ў 1982 годзе! Але ізноў яе выключылі з рэпертуару тэатра адразу пасля прэм’еры.

Тэкст камедыі не ўваходзіў ні ў адно паваеннае выданне збораў твораў Купалы. Толькі падчас гарбачоўскай «перабудовы» ў 1989 годзе, выдавецтва «Мастацкая літаратура» перавыдала геніяльны драматычны твор паэта.

Узнікае пытанне: чаму такое дзеялася і дзеецца? Таму, што гэта адзін з тых твораў, у якім Купала адкрыта заняў негатыўную пазіцыю ў дачыненні да бальшавізму і савецкай улады. Не дзіўна, што афіцыйная крытыка абвінаваціла аўтара ў «дробнабуржуазным народніцтве» ды «супрацьстаўленні сябе пралетарскай дыктатуры».

Яшчэ ў 1913 годзе ў вершы «Тутэйшы» Купала ўжыў гэта слова ў іранічным сэнсе. Тутэйшы — чалавек з неразвітай нацыянальнай свядомасцю, беспрынцыповы, пасіўны, а галоўнае — прыстасаванец.

Тутэйшасць, на думку Купалы, з’яўляецца нацыянальнай бядой беларусаў. У п’есе выявілася вялікая яго трывога за духоўны стан беларускага народа, за яго нацыянальную свядомасць. Падкрэсліваючы трагедыйны лад п’есы, Купала назваў яе «трагічна-смяшлівымі сцэнамі».

Падзеі п’есы разгортваюцца ў 1918—1920 гг., калі адну акупацыю на Беларусі змяняла другая. У камедыі не толькі гаворыцца аб савецкай уладзе як аб акупацыйным рэжыме, але бальшавіцкая акупацыя паказваецца ў больш адмоўным і карыкатурным святле, чым акупацыі нямецкая і польская.

На фоне частых змен акупацый і ў сувязі з імі палітычных курсаў, Купала вывеў на сцэну тыповыя грамадскія пласты беларусаў. Яны паддзелены на тры групы: адзінкі прадстаўнікоў беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі (настаўнік Янка Здольнік і ягоная былая вучаніца, а пазней настаўніца Аленка); прадстаўнікі сялянства (Аленчын бацька Лявон Гарошка і Гануля Зношчыха); шматлікія постаці з «пароды рэнегатаў і дэгенератаў» (Мікіта Зносак, ягоны вучыцель «рэнегацтва» Спічыня, Наста Пабягунская, Поп, Дама, Пан, Спраўнік, Усходні Вучоны і Заходні Вучоны).

Дзве маленькія першыя групы Купала паказаў як людзей, што рэпрэзентуюць маральна здаровую частку народа і ягонай нацыянальнай інтэлігенцыі. Інтэлігенцыя гэтая, як і сам Купала, не прыняла Кастрычніцкай рэвалюцыі і савецкай улады, а жыве надзеяй, што палітычная сітуацыя зменіцца і тады здзейсняцца нацыянальна-адраджэнскія ідэалы. Зусім слушна народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч адзначыў:

Вуснамі свайго героя Янкі Здольніка Купала падае ў канцэнтраваным выглядзе і сутнасць беларускай нацыянальнай ідэі, і асновы нацыянальнай палітыкі БНР, палітыкі, якую ён жадаў бы бачыць ажыццёўленай у Беларусі.

А вось трэцюю групу («рэнегатаў і дэгенэратаў») Купала падаў цалкам у адмоўным святле. Гэта людзі беспрынцыповыя, ідэйна бесхрыбетныя, якія лёгка прыстасоўваюцца да кожнай новай палітычнай сітуацыі. Цэнтральны персанаж Мікіта Зносак звычайны выхадзец з вёскі, які пры царызме займаў пасаду службоўца 14-га, самага ніжняга рангу — калежскага рэгістратара. У новых сацыяльных умовах гэты чалавек забыў пра сваё паходжанне, мову, радзіму. Ён жыве па прынцыпе: «Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае». Таму Мікіту мала хвалюе, якая на двары ўлада (царская, нямецкая, польская, савецкая), беларус ён ці не беларус, галоўнае — каб у яго былі ежа, добрая вопратка і служба. У залежнасці ад палітычнай сітуацыі ён называе сябе то на польскі звычай (Нікіціуш Знасілоўскі), то на расійскі (Никитий Зносилов).

Сваё сапраўднае аблічча нацыянальнага нігіліста Мікіта Зносак яскрава дэманструе падчас гутарак з настаўнікам Янкам Здольнікам, якога ён з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты».

Купала іранічна выкрывае не толькі Зноска, але і іншых тутэйшых: Усходняга і Заходняга вучоных, Спічыню, Насту Пабягунскую, Даму, Папа, Спраўніка, Пана. Вучоныя Усходні і Заходні з’яўляюцца ў п’есе тройчы, падчас чарговых змен улады. Яны спрабуюць даказаць адзін другому, што тэрыторыя Беларусі належыць або да Расіі, або да Польшчы. Згаджаюцца вучоныя толькі ў адным: Беларусь ніякім чынам не можа быць самастойнай дзяржавай, бо на самой справе няма ніякіх беларусаў. Гэта — этнаграфічнае непаразуменне. Праз вобразы вучоных аўтар добра паказаў згубны ўплыў нацыянальнага нігілізму нават на добра адукаваных людзей.

Усе персанажы мінскай «брахалкі» ў пошуках цёплага месца пад сонцам адракліся ад роднай зямлі, сваёй мовы і свайго паходжання. «Тутэйшыя» выклікаюць не толькі насмешку, але і горыч, таму што хвароба «тутэйшасці» не вылечана і па сёння. Мы настолькі звыкліся з ёй, што не заўважаем, як нашы суайчыннікі ганьбяць беларускую культуру і гісторыю, забываюць родную мову — падобна Зноску, які гаварыў пра «адзіны непаддзельны рускі язык», які б ён «завёў ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну».

Купала выразна паказаў прыкметы «тутэйшасці» як сацыяльнай хваробы. На вялікі жаль, эпідэмія гэтай хваробы пайшла ў шырыню і глыбіню. Менавіта сучасныя зноскі і спічыні, службоўцы і папы «беларускай епархіі рускай царквы» разам з так званымі «вучонымі» (у сапраўднасці — рэнегатамі) вызначаюць сёння лёс Бацькаўшчыны. Як і раней, яны не здольныя адказаць на пытанне, якое Купала задаў яшчэ ў 1911 годзе:

Прыйдуць людзі з Усходу,

Прыйдуць з Захаду людзі

І спытаюць у нас:

«Скуль, якога вы роду?

Дзе зямля ваша будзе,

Дзе айчызна ў вас?»

Няма «айчызны» ў персанажаў трагікамедыі «Тутэйшыя». Няма яе і ў многіх сённяшніх беларусаў. Купала ўжо ў 1922 годзе зразумеў, што лёс беларускай дзяржаўнасці залежыць у першую чаргу ад вонкавых палітычных акалічнасцяў.

Беларусь цяпер незалежная дзяржава, аднак стаўленне ўлад да гэтага твора не змянілася: «Ні ў якім разе!» Адзін толькі напамін пра «Тутэйшых» выклікае ў службоўцаў, што корпаюцца на «ніве асветы і культуры», колікі ў пячонцы. У 2007 годзе «Тутэйшыя» былі выключаны са школьнай праграмы беларускай літаратуры.

15 сакавіка 2008 года, у Дзень Канстытуцыі, адбылася тэлевізійная прэм’ера новай пастаноўкі п’есы. Праз некалькі месяцаў Міністэрства культуры адмовіла ў рэгістрацыі тэлеспектакля. Адным з чыннікаў адмовы была названа …нізкая якасць гуку! Але галоўнае, вядома ж, іншае. В. А. Курловіч, начальнік Кіравання рэгістрацыі і класіфікацыі кінавідэапрадукцыі Дэпартамента кінематаграфіі, заявіў літаральна наступнае:

Акрамя таго, у дадзеным фільме скажаецца сэнс і мастацкая скіраванасць твора народнага паэта Беларусі Я. Купалы, што стварае ў гледача няслушнае ўяўленне пра творчасць класіка беларускай літаратуры, кранае яго годнасць. У фінальнай частцы фільма мае месца праява шавінізму і нацыянальнай выключнасці, што недапушчальна.

Між тым, тэлеспектакль, зняты рэжысёрамі Валерам Мазынскім (Мінск) і Дарыюшам Шада-Бажышкоўскім (Беласток), дакладна ўзнавіў арыгінальны купалаўскі тэкст. Дык у чым жа справа?

Без ваганняў я сцвярджаю, што галоўны чыннік негатыўнага стаў­лення да камедыі ў незалежнай Беларусі складаецца ў тым, што шматлікім беларусам, асабліва пры пасадах, вельмі непрыемна бачыць у люстэрку драматургіі сваё праўдзівае аблічча дэнацыяналізаваных прыстасаванцаў.

Для завяршэння тэмы «тутэйшасці» і не толькі яе (трэба разумець шырэй, як усё і заўсёды ў Купалы) варта прывесці верш 1919 года «Беларускія сыны», які быў надрукаваны ў газеце «Звон».

Па беларускім бітым шляху,

Б’ючы ў кайданавы званы,

Брыдзе чужынец, а з ім побач

Хто?

— Беларускія сыны!

У беларускім вольным краі,

З ярэмнай збрыўшы стараны,

Царыць чужынец, а ў паслугах

Хто?

— Беларускія сыны!

Над беларускай беднай хатай,

Як полка вырвана з труны,

Вісіць чужы сцяг, а трымае

Хто?

— Беларускія сыны!

У Беларусі спеў чужацкі.

Як над касцямі груганы,

Крумцяць чужынцы, а іх складам

Хто?

— Беларускія сыны!

На беларускім буйным полі

З вясны да новае вясны

Растуць крыжы, а пад крыжамі

Хто?

— Беларускія сыны!

Трагедыя Янкі Купалы

Сапраўдны паэт, у адрозненне ад графаманаў-рыфмаплётаў, усё на свеце адчувае мацней за звычайных людзей. Таму і душа яго баліць нашмат мацней. Не дзіўна, што Купала раней і глыбей за гэтых «іншых» зразумеў, што бальшавікі ашукалі народ.

Беларусы ад рэвалюцыі 1917 года і дагэтуль не з’яўляюцца гаспадарамі сваёй зямлі, зямлёй па-ранейшаму валодае ананімны калектыўны ўласнік — дзяржава. Беларусы і сёння не вольныя, таму што ўсе важныя рашэнні прымае купка самазванцаў, якія дбаюць толькі пра свае карыслівыя інтарэсы. Зямля і воля застаюцца марай. Праўда, ужо не для большасці.

Хто ў гэтым вінаваты? Як ні сумна казаць, вінаватыя перш за ўсё самі беларусы. Нам не хапіла рашучасці, імкнення да барацьбы, нарэшце, мужнасці — каб ісці на пакуты і смерць за зямлю і волю. Купала першым гэта адчуў, першым зразумеў і яшчэ ў 1922 годзе агучыў свой прысуд у п’есе «Тутэйшыя».

Вядома, паэт не жалезны. Ён нашмат больш уразлівы, больш чуйны, чым звычайны чалавек. І таму хоць фізічнае быццё Купалы спынілася ў 1942 годзе, глыбокае расчараванне ў жыцці і духоўная смерць адбыліся значна раней. Вось як тлумачыць духоўны крах паэта вядомы літаратуразнавец Пятро Васючэнка:

Пачалося духоўнае паміранне — агонія таленту. Страх, які душыў паэта да пераломнага 1930 года, дапоўніўся спакусай выгады. У 1930-я Купала меў усё, што мог мець на той час прадстаўнік сталінскай эліты — уласны асабняк, прыслугу, дзяржаўнае забяспячэнне, аўтамабіль, кіроўцу, лецішча ў Ляўках. […]

Як Купала ставіўся да атрыманых з рук крамлёўскага горца дабротаў? Як і мог ставіцца беларус — не адмаўляўся. Працягваў патаемна ненаві­дзець правадыра. Пісаў у гонар яго оды. А на свой добрабыт глядзеў зцяжкай, трагічнай іроніяй — сёння ёсць, заўтра няма.

У 1926 годзе Kупала мог сказаць:

Ёсьць-жа яшчэ ў мяне сіла

Крыўдзе не дацца, змагацца,

Над спячых продкаў магілай

Вольна маланкай мігацца.

Ёсьць-жа яшчэ ў мяне сэрца,

Поўнае шчырых жаданняў,

Якое перш разарвецца,

Чымся любіць перастане.

Ёсьць-жа ў мяне яшчэ песень,

Поўных надзеі, жыцця, —

Як-бы не быў ім свет цесен,

Вырвуцца ў свет з нябыцця.

Ёсьць-жа яшчэ ў мяне вера

ў вольны мой родны народ,

Што — у патрэбе — з сякерай

Выйдзе за волю ў паход!

Ёсьць-жа яшчэ… Ну, а людзі?

Сябры-суседзі тут, там?

Вы — непадкупныя судздзі,

Што-ж яшчэ хочацца вам?!

Пасля 1930 года гэта быў ужо зусім іншы чалавек. Ён зламаўся. Сапраўды, Янка Купала не мог напісаць тое, што выходзіла з-пад пяра Каяна Лупакі (гэтак назваў зломленага Купалу, пераставіўшы літары імя і прозвішча, сучасны пісьменнік Альгерд Бахарэвіч).

А было напісана 20 лістапада 1936 года:

Табе, правадыр, мае песні і думы,

I шчырыя шчырага сэрца парывы!

Бо хто калі сніў, ды хто калі думаў,

Што буду я вольны, што буду шчаслівы.

Бо хто калі думаў, што я жыці буду,

Як птушка, як вецер над нівай квяцістай,

I дзівам дзівіцца вялікаму цуду,

Што вокал мяне так цуднее ўрачыста.

Што ты, правадыр, нібы яснае сонца,

Мне вочы адкрыеш на землі і неба…

Свяціся-ж ты, сонца, ў маё век аконца!

Вітаю цябе я і соллю, і хлебам!

Але поўнага даверу да сябе ад «гаспадароў жыцця» ён усё ж не атрымаў. І атрымаць не мог, бо яны наогул нікому не верылі. У п’есе Віктара Коркія, сучаснага грузінскага драматурга, Сталін кажа Берыі: «Як я магу табе верыць, калі таварыш Сталін сабе не верыць!»

Таму, калі ўзнікалі новыя падазроны, абвінавачаныя дарэмна кляліся ў сваёй адданасці справе рэвалюцыі, справе партыі і асабіста таварышу Сталіну. Іх бязлітасна забівалі. Гэтыя няшчасныя людзі крычалі перад смерцю — «Няхай жыве таварыш Сталін!», але крамлёўскі горац, калі яму дакладвалі пра гэта, зласліва ўсміхаўся і брудна лаяўся ў адрас чарговай ахвяры. Ці гаварыў: «Памры, але памры прыгожа!»

Вось і Купала, нават пасля публічнага (праз газету) пакаяння, не карыстаўся даверам да сябе з боку партыйна-савецкай наменклатуры. У 1932 годзе на паседжанні бюро ЦК КПБ, дзе разглядалася пытанне пра становішча на «літаратурным фронце» БССР, другі сакратар ЦК Васіль Шаранговіч сцвярджаў, што Купала так і «не стаў нашым». Шаранговіча падтрымаў сакратар ЦК Вацлаў Жаброўскі. Ён сказаў, што лепшыя творы Купалы несумненна накіраваны супраць бальшавікоў. І гэта тлумачыцца тым, што Купала адмоўна ўспрыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю і ўсталяванне савецкай улады на Беларусі: «лейтматыў пяці тамоў збору твораў паэта — антысавецкі, класава варожы бальшавікам».

Першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка ў канцы 1938 года прасіў у Сталіна дазволу на арышт і судовую справу Янкі Купалы, Якуба Коласа і Змітрака Бядулі. Да яго велізарнага здзіўлення, непрадказальны тыран замест гэтага загадаў узнагародзіць усіх траіх ордэнамі. У крамлёўскага горца было вельмі спецыфічнае пачуццё гумару!

У сакрэтнай біяграфічнай хроніцы беларускага літаратара, пасланай НКУС БССР у Маскву 28 траўня 1940 года, было адзначана, што «контррэвалюцыйная дзейнасць» Купалы пачалася яшчэ ў 1908 годзе (!), а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён стаў адным з кіраўнікоў «антысавецкага нацдэмаўскага руху».

Увогуле, некаторыя «палымяныя бальшавікі» чакалі зручнага выпадку для расправы. І ён прадставіўся. Увесну 1942 года ў акупаваным Мінску адну з вуліц назвалі імем Івана Луцкевіча (1881—1919), вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння.

У нядаўнім інтэрв’ю паэт і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў выказаў думку, што вядомы пагромшчык беларускай літаратуры Айзік Кучар (1910—1996), даведаўшыся пра гэты факт, напісаў данос у НКУС БССР, які дзейнічаў тады ў Маскве. Ён наўмысна «пераблытаў» прозвішчы, спадзеючыся, што ў цяжкі час вайны ніхто не стане правяраць — ці гэтак насамрэч? Яго гнюсны план спрацаваў. Першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка даў ход чарговай фальшыўцы. Задума правакатара (ці правакатараў) была досыць простай:

Бальшавікі яго [Купалу] прабачылі і ўзнагародзілі, а ён як той воўк усё ў лес глядзіць. Вось і вуліцу акупанты ў яго гонар назвалі. Безумоўна, тыя здраднікі, што пайшлі служыць немцам, бачаць у ім свайго ідэйнага правадыра.

Далейшае было, як кажуць, справай тэхнікі. 4 чэрвеня 1942 года Купала, які жыў у эвакуацыі ў прыгарадзе Казані, атрымаў тэлеграму ад старшыні Саўнаркама БССР Івана Былінскага. Яго выклікалі ў Маскву, але без жонкі. 18 чэрвеня Купала прыехаў у сталіцу СССР. Праз дзесяць дзён ён пераўтварыўся ў нябожчыка.

Гісторыкі, літаратуразнаўцы, пісьменнікі і журналісты ўсё яшчэ спра­чаюцца — гэта забойства ці ўсё ж такі няшчасны выпадак. Большасць схіляецца да версіі забойства. Напрыклад, Зіновій Пры­годзіч 14 траўня 2014 года апублікаваў у газеце «Звязда» запісы гутарак з пісьменнікам Барысам Сачанка, што адбываліся на пачатку 1990-х гадоў. Вось што сказаў Сачанка пра смерць Купалы:

— …Ты ў свой час правёў на гэты конт грунтоўнае пісьменніцкае расследаванне…

— Сваю версію я магу выказаць вельмі сцісла: тое, што адбылося 29 чэрвеня 1942 года ў сталічнай гасцініцы «Масква», — ніякі не няшчасны выпадак, а самае сапраўднае забойства.

— Але ж шматлікія сур’ёзныя даследнікі аспрэчваюць такую версію. І прыводзяць, як быццам, пераканаўчыя аргументы.

— Хай сабе прыводзяць, колькі хочуць. А я перакананы: смерць Купалы — справа рук адпаведнага ведамства.

— Твае контраргументы?

— Купала прыехаў у Маскву 18 чэрвеня на Другі кангрэс Усеславянскага камітэта, дзе павінен быў выступіць з прамовай. І правёў у сталіцы практычна дзесяць дзён. Усе, хто бачыў паэта ў гэтыя дні, хто з ім сустракаўся, размаўляў, аднадушна сведчаць: паэт быў у добрым настроі, выгляд меў свежы, бадзёры. Купала прызначаў сустрэчы, запрашаў на свой хуткі юбілей, марыў, як будзе жыць і працаваць пасля перамогі, калі вернецца на родную зямлю… Ды і навошта ехаць у Маскву, каб здзейсніць самагубства, калі можна было зрабіць гэта ў кожны час і ў кожным месцы? Не! Не бачу тут ніякай логікі.

Насцярожвае і сама таямніца вакол гэтай смерці — гэтулькі гадоў прайшло, а ніхто афіцыйна ў друку ніякага паведамлення пра гэту смерць не зрабіў. Тут адно з дзвюх: або ў гэтай трагедыі не ўсё ясна, або настолькі ясна, што сёй-той не смее пра гэта паведамляць. Ва ўсякім разе, спроба музея Янкі Купалы атрымаць матэрыялы камісіі, якая займалася высвятленнем смерці паэта, ні да чаго не прывяла — матэрыялы не толькі не былі дасланы ў музей, але нават нікому з супрацоўнікаў музея не паказаны.

Асабіста для мяне тут няма ніякага пытання. Мой бацька Яўхім, які ў 1942—1944 гадах служыў спачатку ў Цэнтральным, а потым у Беларускім штабе партызанскага руху, яшчэ ў 1957 годзе, калі я быў 13-гадовым падлеткам, казаў мне, што Купалу скінулі з лесвіцы гасцініцы «Масква» двое супрацоўнікаў НКУС БССР.

На думку пісьменніка Віктара Патапенкі, гэтыя «хлопцы» ўваходзілі ў склад спецгрупы НКУС, якую ўзначальваў Васіль Сергіенка. Яна была прыкамандзіравана да Цэнтральнага штаба партызанскага руху, дзейнасцю якога кіраваў Панцеляймон Панамарэнка. Верагодна, яны сустрэлі паэта, калі ён выйшаў з нумара пісьменніка Лынькова, і скінулі ў лесвічны пралёт паміж 9-м і 10-м паверхамі, каб замаскіраваць забойства пад «няшчасны выпадак».

Патапенка разважае: «Ці не рэалізавалася тут даўняя мара першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, якую ён выказваў Сталіну наконт «варожай» дзейнасці Янкі Купалы? Ці не здзейснена тут планавая арганізацыя забойства паэта шляхам імітацыі «няшчаснага выпадку»? Мо таму і ў спецпаведамленні на імя Л. Берыі катэгарычна заяўляецца пра выключэнне забойства і самазабойства, а версія «няшчаснага выпадку» падмацоўваецца шчодрым распіццём шампанскага ў нумарах Купалы і Лынькова?»

(Гл.: «Наша Ніва», чэрвень 2017 г.)

Заключэнне

На вялікі жаль, тыя беларускія праблемы, якія знайшлі свой выраз у творчасці Купалы, сёння гэтак жа актуальныя, як і ў 1910—20-я гады.

Пераважная большасць беларускага народа па-ранейшаму характарызуецца сялянскай псіхалогіяй. Зразумела чаму: расійскія ўлады на працягу 200 гадоў мэтанакіравана знішчалі мозг нашага народа — інтэ­лігенцыю. У выніку гэтай палітыкі народ нагадвае сёння чалавека са здаровым моцным целам, але маленькай і не вельмі разумнай галавой.

І вось нашы грамадзяне, наскрозь прасякнутыя сялянскімі ўяўленнямі, каштоўнасцямі, імкненнямі, ніяк не могуць зразумець, што датуль, пакуль Беларусь не будзе нацыянальнай дзяржавай, нічога добрага яе жыхароў не чакае. Наша вонкавая і ўнутраная палітыка будзе вагацца ўслед за ваганнямі коштаў на нафту і газ, і ў адпаведнасці з інтарэсамі тых, хто дае крэдыты.

Ідэйную апору для нацыянальнай дзяржавы трэба шукаць першым чынам у нашай гісторыі, адначасова вялікай і трагічнай. Але каго з «простых беларусаў» цікавіць гісторыя сваёй краіны і народа? Большасць нічога не ведае нават пра ўласных продкаў.

Купала меў рацыю і ў непрыняцці Кастрычніцкага перавароту 1917 года. Лепшы доказ таму — крах СССР пасля 70 гадоў «бесперапынных поспехаў у справе будаўніцтва сацыялізму», а таксама крах сусветнай сістэмы сацыялізму. Але і гэты факт застаецца за межамі разумення нашых гарадскіх сялян. Яны па-ранейшаму жывуць міфамі, якія ім падсоўваюць прапаганда і масавая культура.

77 гадоў, якія прайшлі пасля смерці Песняра, паказалі, што ён сапраўды быў Прарокам! І для Беларусі, і для беларусаў, і для сябе.

Выданні твораў Я. Купалы

Поўны збор твораў у 9 тамах. Мн.: «Мастацкая літаратура», 1995—2003.

Выбраныя творы / Уклад. У. Гніламёдаў, А. Шамякіна; аўт. прадм. Н. Гілевіч/ Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2002. — 640 с.

П’есы. Публіцыстыка. Янка Купала пра сябе / Уклад. і прадмовы Н. Гілевіча/ Мн.: «Кніга», 2002. — 528 с.

Аўтар: Анатоль Тарас,  серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.