Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Ян Чачот: Руплiвы фiламат

Рамантык з Навагрудчыны 

Дзе трымціць сэрца сучаснай Беларусі?.. Версій адказу на гэтае пытанне можа быць шмат, але найбольш пераканаўчай падаецца тая, што звязвае яго ўмоўнае месцазнаходжанне з Навагрудчынай. Гэтыя чароўна-маляўнічыя і надзвычай багатыя ў гісторыка-культурным сэнсе мясціны нарадзілі мноства таленавітых і знакамітых на ўвесь свет асоб. Асаблівая атмасфера прынёманскіх краявідаў на працягу шматлікіх стагоддзяў гартавала выдатных творцаў і сапраўдных патрыётаў, якія інтарэсы Айчыны і народа ўзносілі вышэй за пытанні ўласнага спакою і дабрабыту. 

У большасці еўрапейскіх краін захавалася са старажытных часоў святкаванне дня Святога Яна, прымеркаванае да летняга сонцастаяння. У нас яно больш вядомае пад назвай Купалле і па старым стылі мусіць адзначацца 24 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень у 1796 годзе прыйшоў на свет Ян Чачот, які, паводле жартаў крэўных, «абраў сабе імя сам», як і ягоны сябра Адам Міцкевіч, што нарадзіўся на два гады пазней, 24 снежня (дзень Адама і Евы па заходнім календары). Сімвалічны збег абставін потым адыграе сваю ролю ў станаўленні гэтых яскравых дзеячаў літаратуры, асветніцтва і нацыянальнага адраджэння. 

Згодна з гіпотэзай даследчыкаў прозвішчаў, слова «Чачот» паходзіць ад назвы невялікай жвавай птушкі чачоткі, яно распаўсюджана сярод беларусаў яшчэ з перыяду паганства. Сапраўды, шляхетны род Чачотаў існаваў здаўна, на пэўным этапе існавання ён быў нават адзначаны фамільным гербам Астоя. Прадзед паэта, Філіп Чачот, які пражываў у Ашмянскім павеце, разам з жонкай Алёнай выгадаваў пяцёра дзяцей. Дзед — Ян Язэп Чачот, у сваю чаргу, меў чацвёра дзяцей. Яго старэйшы сын Тадэвуш, ажаніўшыся з Клавай Гаціскай, дачкой навагрудскага ротмістра, стаў бацькам славутага філамата. Цікава, што немаўля ахрысцілі двойчы — спярша па ўніяцкім абрадзе, а праз два тыдні ў каталіцкім касцёле ў Варончы. 

У якасці месца нараджэння паэта, які пасля другога хрышчэння займеў дадатковае імя Антоні, у літаратурных крыніцах пазначаецца вёска Малюшычы Навагрудскага павета, хоць, напрыклад, даследчык Анджэй Сыракомля-Булгак лічыць, што гэтая падзея магла адбыцца і ў Сэрвачы. Таксама біёграфы згадваюць маёнтак Рэпіхава і фальварак Узногі Навамышскай парафіі, што пад Баранавічамі. Недзе там, ля берагоў ракі Мышанкі (прыток Шчары), праз 10 гадоў нарадзіўся другі сын Чачотаў — Пётр Павел, і, адпаведна, там праходзіла дзяцінства Яна Антонія Чачота. Не дзіўна, што псеўданім «Ян з Мышы» быў абраны Чачотам з нагоды даніны любаму мястэчку, якое ён з вялікай цеплынёй узгадваў у сваёй баладзе «Мышанка»: 

О, мілы ўспамін! Дарагая Мышанка! 

Зноў снішся ты ў барве заранак. 

Найпершая ў свеце мая ты каханка, 

Мільгнуў тут жыцця майго ранак. 

Мае ўсе тут гульні, блуканні, забавы, 

Высочваў я рыбку тут днямі, 

Траву нёс кароўкам, рваў кветкі, рухавы,

Тут «біўся» не раз з «казакамі». 

Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю, 

Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас, 

Я ў думках лячу зноў да роднага краю, 

Здалёк мне відаць яго вырыс. 

Малому Яну часта даводзілася чуць ад маці казачныя расповеды пра дзеда-барадзеда, вядзьмарак ды іншых міфалагічных істот, як гэта звычайна рабілася ў сялянскіх сем’ях. Прыязнасць да фальклору натуральным чынам вынікала з дзяцінства: сям’я Чачотаў ніколі не адгароджвалася ад незаможнага люду і Ян неадначасова бавіў час разам з простымі вяскоўцамі, міжволі назапашваючы ў памяці скарбы вуснай народнай творчасці і традыцыйныя беларускія спевы. Будучы ўжо ў сталым узросце, ён, у прыватнасці, адносна твору пра маладога паночка пакінуў у зборніку «Сялянскія песні з-над Нёмана» такі каментар: 

Гэтай песенцы я навучыўся ад жняцоў у 1806 або 1807 годзе ў Баранавічах, у Навамышскай парафіі Навагрудскага павета, калі быў яшчэ хлопчыкам, і дагэтуль захоўваў яе ў сваёй памяці. 

У прадмове да гэтага ж зборніка (выдадзенага у 1837 г.) аўтар адзначыў наступнае: 

Сяляне нашы — люд добры, лагодны, працавіты, пачцівы — павінны абуджаць у нас самыя прыхільныя да сябе пачуцці. З імі можам быць шчаслівыя. За працу іх рук аддаючы ім працу розуму і нашай асветы, можам памножыць усеагульнае дабро. Не варта думаць, што ад іх нам няма чаму вучыцца. Многаму навучымся, вывучаючы іх становішча і нораў; знойдзем у іх паданні, казкі, легенды, і найбагацейшым будзе жніво песенак, якія дазваляюць спазнаць іх пяшчотныя, прыгожыя, нават далікатныя і глыбокія пачуцці… Калі ўважліва будзем слухаць вясельныя, дажынкавыя, купальскія і іншыя песні, дык не раз будзьма прыемна задаволеныя, і што важней — набудзем большае замілаванне да нашых добрых земляробаў. 

Пазней, у вершы «Сярмяга» Чачот раскрытыкуе фанабэрыстасць і марнатраўства шляхты, адначасова выяўляючы пачуццё эмпатыі да сялян наступным чынам: 

Сорам, пані, апранацца з гэтакай раскошай — 

Муж хай лепей на сярмягі дасць сялянам грошай. 

Пад уплывам вясковага асяроддзя гартаваўся характар будучага філамата, якому сябра Ігнат Дамейка (1802—1889) аднойчы даў такую характарыстыку: 

Жывы, чуллівы, вясёлы, кампанейскі, просты, уражлівы, спагадлівы — сапраўдная сялянская натура. 

Першапачатковую адукацыю Ян Чачот атрымліваў або на занятках з хатнім настаўнікам, або ў парафіяльнай школе ў Новай Мышы. Але пераломным момантам у ягоным жыцці стала навучанне ў Навагрудку. 

На пачатку ХІХ стагоддзя Навагрудак быў галоўным цэнтрам культурнага і гаспадарчага жыцця заходнебеларускіх зямель, вядомых таксама пад назвай Чорная Русь. Нягледзячы на тое, што пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай горад страціў сваё стратэгічнае значэнне, рэха славутай мінуўшчыны не пакідала яго. Руіны замка і гара Міндоўга, зялёныя пагоркі і містычнае возера Свіцязь на блізкай адлегласці — усё гэта, бясспрэчна, уздзейнічала на жыхароў, асабліва тых, хто ад прыроды быў адораны багатым ўяўленнем. 

У адрозненні ад страката-мадэрновай Вільні, жыццё ў Навагрудку выглядала больш запаволеным і нават правінцыйным: колькасць жыхароў не перавышала 8 тысяч, у склад гарадской забудовы ўваходзіла 609 драўляных дамоў і 21 камяніца, 9 грамадскіх будынкаў і палац, каля сотні крамаў і дзве аптэкі. Вылучаўся Навагрудак рэлігійнай разнастайнасцю: апроч кляштараў, у горадзе дзейнічалі фарны, іезуіцкі, францысканскі і дамініканскі касцёлы, а таксама два ўніяцкіх храма, сінагога і мячэць. 

Штогадова ў лістападзе адбываліся кірмашы, на якія збіраўся люд з усіх ваколіц; перыядычна арганізоўваліся баляванні і гастролі тэатраў з Вільні і Варшавы. 

Да таго ж, Навагрудак з’яўляўся лакальным асяродкам адукацыі і асветніцтва. Мясцовая гімназія, куратарам якой быў Калегіюм дамініканцаў, ладзіла заняткі ў шасці класах са строгім раскладам і іспытамі ў кожным семестры. Менавіта там, падчас засваення неабходных ведаў ў галіне мовазнаўства, арыфметыкі, гісторыі, фізікі ды іншых навук, Ян Чачот пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам, які быў на два гады малодшы за Яна. Сяброўства гэтае было кшталту «не разлей вада» і захоўвалася на працягу ўсяго жыцця. Іх агульны таварыш і паплечнік, Ігнат Дамейка, ва ўспамінах сведчыў: 

Чачот быў з дзяцінства паэтам, як Адам, але хоць яны і былі звязаныя нібыта адзінай душой, ды разам з тым адрозніваліся вонкава, характарам, або, як кажуць, тэмпераментам. Адам заўсёды вылучаўся спрытнасцю і незвычайным дарам прыцягнення да сябе не толькі равеснікаў, але і асоб старэйшых, больш дасведчаных. Ягоны таварыш са школьнай лавы, Чачот, магчыма, адзіны, каму дазвалялася ўшчуваць, стрымліваць і суцяшаць Адама, быў нават з выгляду значна больш лагодны. Нізкі, з акруглым тварам, адначасова памяркоўны да ўсіх і патрабавальны да сябе і Адама, ён здаваўся ўвасабленнем чуллiвасці і любові да бліжняга. 

Паяднаныя агульнымі заняткамі і забавамі, любоўю да паэзіі і цікавасцю да гісторыі, Чачот і Міцкевіч былі не толькі сябрамі, але і аднадумцамі. Шчыльныя стасункі двух прыяцеляў, безумоўна, узбагачалі абодвух: Міцкевіч у значнай ступені дзякуючы Чачоту звернецца ў сваіх творах да фальклорнай тэматыкі, а апошні будзе атрымліваць ад сябра карысныя парады і шчодрыя заахвочванні. Разам з тым, розніца тэмпераментаў вызначыла адрозненні ў кірунках іх творчай самарэалізацыі — паводле словаў Дамейкі, «Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі…». 

Час ляцеў імкліва і вясёлыя юнацкія дні хутка змяніліся непазбежнай неабходнасцю вырашэння далейшага жыццёвага лёсу, які скіраваў памкненні сябрукоў у Віленскі ўніверсітэт. У пранікнёным вершы «Развітанне з Навагрудкам» Чачот піша: 

Я сам сабой распараджацца сёння вольны, 

Не страшны мне маралі нічые. 

Магу прабегчы з крыкам калідорам школьным, 

Гуляць, кахаць — часы цяпер мае. 

Бывайце ж вы, лугоў маіх зялёных далі, 

Бывай, празрыстай Беразянкі плынь, 

Дзе часта мы, вясёлыя, нырца давалі, 

Палохалі ў вадзе зямных багінь. 

Такім чынам, пасля заканчэння дамініканскай школы ў 1815 годзе Ян Чачот вырашыў паступаць у «галоўную школу Літвы». Але ў адрозненні ад Міцкевіча, якому адразу пашчасціла трапіць у лік «бюджэтнікаў», Чачоту давялося спярша пабыць вольным слухачом і займацца самастойна, адначасова падпрацоўваючы пісарам у спецыяльнай канцылярыі па ўпарадкаванні родавага архіва князёў Радзівілаў. У абавязкі маладога стажора ўваходзіла падрыхтоўка разнастайнай дакументацыі, удзел у заключэнні кантрактаў, дзеля чаго Чачоту неаднаразова прыходзілася выязджаць у Мінск, Навагрудак, Варшаву і іншыя гарады. Прафесійнаму ўдасканаленню садзейнічала і вывучэнне Статута Вялікага Княства Літоўскага, які Чачот амаль паўсюдна насіў з сабой. Толькі праз год мара стаць студэнтам здзейснілася і Ян паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. 

Пра своеасаблівую тамтэйшую атмасферу студэнцкага жыцця ўзгадваў у сваіх нататках вядомы паэт, сябра Міцкевіча і Чачота, Тамаш Зан (1796—1855): 

Дух таварыскасці распаўсюдзіўся неймаверна — падбіраліся элементы ўзаемапрыцягальныя. Нідзе не было ані мэты, ані плану; нейкая дзіўная патрэба і выпадак злучалі іх у супольнасці больш-менш трывалыя і цесныя… 

А мемуарыстка Альбіна Габрыэля Пузынiна (1815—1869) згадвала Вільню ў сваіх нататках наступным чынам: 

Моладзь не толькі з усёй Літвы, але і адусюль, дзе толькі размаўлялі па-польску, зляталася на гэты агонь не для таго, каб у ім згарэць, а каб далучыцца самому і ў будучыні — у сваю чаргу — далучыць іншых да асветы… 

Настрой тагачаснага перыяду жыцця файна праілюстраваны ў чачотавым вершы «Заспяваем…»: 

Хай сябры жывуць вясёла, 

Ёсць яны — ты нібы ў раі. 

А без іх жыццё наўкола 

Стала б проста пеклам, знаю.

Хай жывуць між нас паэты. 

Як яны нас акрыляюць! 

Над згрызотамі, над светам 

Дух наш горды узнімаюць. 

Доўга келіхі мы студзім! 

Прывітаем жа чын чынам 

Вас усіх навокал, людзі, 

Бо ўсе людзі — ёсць браты нам.

Перыяд навучання Чачота і ягоных паплечнікаў у Віленскім універсітэце адпавядаў этапу станаўлення рамантычнага светаўспрымання на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Мясцовай адметнасцю з’яўляецца тое, што росквіт рамантычных тэндэнцый у беларускай культуры пачаўся ў сярэдзіне XIX стагоддзя, у той час, калі ў Заходняй Еўропе ўжо панаваў мадэрнізм. Але гэта ні ў якім разе нельга лічыць за «адсталасць» нашага краю ад агульнаеўрапейскіх сацыякультурных працэсаў, наадварот — айчынныя творцы ў пэўным сэнсе даўжэй супрацьстаялі зруйнаванню былой ідэйнай парадыгмы, замацаванай на прыярытэце творчай свабоды, спалучанай з традыцыйнымі нацыянальнымі каштоўнасцямі. 

Варта адзначыць, што адным з вытокаў рамантызму на тагачасных беларускіх землях, як і ў шэрагу іншых еўрапейскім краін, у прыватнасці, у Польшчы, Украіне, Італіі, Грэцыі, быў нацыянальна-вызваленчы рух, а таксама інтэнсіўныя працэсы рэгіянальнай самаідэнтыфікацыі. Яны перадвызначылі сацыяльную і нацыянальную заангажаванасць тутэйшай культуры, яе насычанасць адраджэнскімі ідэямі, спрыялі ўсталяванню прыярытэту грамадзянскіх каштоўнасцяў свабоды і роўнасці, фарміравалі этнічна свядомы тып асобы. Адначасова паглыблялася цікавасць да ўнутранага свету чалавека. 

З культам узнёслых жарсцяў, высокіх ідэалаў рамантызм замацоўваў неабходны для далейшага развіцця і ўзбагачэння нацыянальнага мастацтва слова разрыў з бурлескнай традыцыяй. Гэты канцэптуальны момант «аптымістычнага адчування гістарычнай і духоўнай паўнацэннасці беларуса» (паводле Г. Праневіча) у айчыннай літаратуры спрыяў пашырэнню яе ідэйна-эстэтычных даляглядаў, выхаду за межы побытавай апісальнасці, вызваленню ад аднастайнасці і спрошчанасці. Рамантычна імклівая і ўзнёслая змястоўнасць эпохі садзейнічала фарміраванню грамадска актыўнай, культурна развітой асобы з моцным адчуваннем нацыянальнай годнасці, веданнем сваіх сацыяльных і палітычных правоў. 

Ад філамацтва да дысідэнцтва 

Рамантызацыя мыслення на Беларусі адбывалася як арганічны і вельмі паслядоўны, у пэўнай ступені ментальна абумоўлены рух мастацкай свядомасці да хараства і гармоніі, кірунак эмоцый і пачуццяў у сферу ўзвышана-сакральнага і інтымнага ўнутранага свету. Гэты працэс яднаўся з задачамі патрыятычнага зместу — сцвярджэння, узвелічэння і сакралізацыі нацыянальнага быцця, адкрыцця свету новага тыпу ўзвышанай і незалежнай асобы. Надзвычай важную ролю тут адыграла дзейнасць Таварыства філаматаў у Вільні. 

У перакладзе з грэчаскай мовы «філамат» — гэта чалавек, які імкнецца да ведаў. Зварот да Антычнасці не выпадковы — дасягненнямi гэтай бліскучай эпохі сілкавалася не адно пакаленне асветнікаў і паэтаў. 

Заўважым, што пачатак ХІХ стагоддзя на беларускіх землях вылучаўся сацыяльнай напружанасцю, спавадаванай далучэннем усходняй часткі былой Рэчы Паспалітай да Расійскай Імперыі, недарэмна празванай «турмой народаў». У адказ на прыгнятальную палітыку царызму сярод прадстаўнікоў мясцовай шляхты узмацняўся пратэстны настрой, а эфектыўнай формай аб’яднання інтэлектуалаў і вольнадумцаў было стварэнне разнастайных таемных таварыстваў. 

Вядома, такія суполкі звычайна пераважалі сярод адукаванай моладзі, а большасць яе гуртавалася ў Віленскім універсітэце, дзе пасля ўзнікнення Таварыства філаматаў (аматараў навукі) паўсталі: Таварыства сяброў карыснай забавы або «Прамяністыя», Таварыства філарэтаў, Навуковае таварыства. Зрэшты, апошнія аб’яднанні фактычна былі філамацкімі філіяламі, бо погляды і памкненні ў маладзёжных актывістаў былі вельмі падобныя.

1 кастрычніка 1817 года адбыўся ўстаноўчы сход Таварыства філаматаў, на якім прысутнічалі Юзэф Яжоўскі (старшыня), Эразм Палюшынскі (намеснік старшыні), Тамаш Зан (сакратар), адзін з галоўных ініцыятараў справы — Адам Міцкевіч, а таксама Ануфры Петрашкевіч і Бруна Сухецкі. 

Першапачаткова філаматы ставілі перад сабой выключна культурна-асветніцкія мэты, але, як вядома, «калі ты не цікавішся палітыкай, гэта не значыць, што яна не цікавіцца табой», таму пазбегнуць узаемадзеяння з гэтай сферай жыццядзейнасці было проста немагчыма. 

16 красавіка 1818 года, на падставе выдатнай рэкамендацыі Адама Міцкевіча, у шэраг чальцоў Таварыства залічылі і Яна Чачота, які пачаў браць непасрэдны ўдзел у пасяджэннях са сваімі творамі, разглядам творчасці сяброў, навуковымі паведамленнямі і аглядамі навін друку.

На паэтычным турніры 21 снежня 1818 года Ян Чачот быў прызнаны трэцім па значнасці віленскім паэтам пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана. Адбылося гэта наступным чынам: на таварыскім спатканні слова ўзяў князь Хлявінскі, які, распавёўшы прысутным пра прыгоды паляўнічага з мядзведзем, пажадаў, каб Тамаш Зан прадставіў сітуацыю ў вершаванай форме. Апошні, аднак, не выявіў энтузіязму да такога дзеяння. Тады з месца ўзняўся Чачот і заявіў, што выклікае Зана на паэтычную дуэль, прысвечаную мядовай тэматыцы. На сяброўскую прапанову Зан не мог не адгукнуцца. Такім быў пачатак добравядомай сярод філаматаў «мядовай бітвы», падчас якой Ян Чачот не толькі годна адзначыў свае імяніны, але і прадэманстраваў грамадскасці чатыры вершы, здабыўшы славу здольнага творцы. 

У далейшым, дзякуючы такім асабістым якасцям, як шчырасць, зычлівасць, адказнасць і лёгкасць усталявання кантактаў, Чачот выконваў у Таварыстве філаматаў асаблівую місію камунікатара-арганізатара. Апроч таго, ён умеў і падбадзёрыць сяброў сваімі жартаўлівымі песнямі і смелымі вершамі, якія часта гучалі на вечарынах. 

Асабліва ўдалымі былі творы, напісаныя ім на фальклорны манер, якія, хоць і складаліся пераважна на польскай мове, але ж па духу і светаадчуваннi былі наскрозь беларускімі. Так паўсталі вядомыя нам песні «Што старыя за вар’яты», «Прэч, прэч, сум, нудоты…», «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла…», «Бяду сабе купіла, ды за свае грошы», «Як не бачу Пятруся, то я з ветру валюся» і іншыя. 

А ў 1819 годзе Чачот здзейсніў больш маштабны творчы замах, напісаўшы лібрэта опэры «Малгажата з Зэмбаціна», дзе прэзентуецца эпізод вяртання з вайны рыцара Мікалая якраз у той момант, калі ягоная жонка Малгажата можа стаць ахвярай інтрыгаў спакушальніка Шчэпана і яе служанкі Эвы. Адам Міцкевіч лічыў гэтае лібрэта творчай удачай сябра, даваў высокую ацэнку музычнасці верша ў пачатковых арыях. 

Нельга абмінуць увагай рэдактарскую дзейнасць Чачота. Менавіта яму, як блізкаму сябру і дасведчанаму рэдактару, Міцкевіч даручыў выдаць у 1820 годзе ў Вільні зборнік сваёй паэзіі. Сам ён у гэты час настаўнічаў у Коўне і не заўсёды мог адтуль прыехаць. Ян, нягледзячы на вялікую загружанасць, з усёй адказнасцю ўзяўся за працу. Фактычна ён быў стыль-рэдактарам і карэктарам міцкевічавай кнігі. Аўтар быў пастаўлены ў жорсткія ўмовы па тэрміне выдання, таму спяшаўся. 

Ён і сам адчуваў, што ў творах не ўсё дасканала, але тут поўнасцю даверыўся густу свайго рэдактара, якому даручыў палепшыць тэкст. Чачот уважліва чытаў творы сябра, зрабіў у іх неабходныя праўкі. З некаторымі аўтар не згадзіўся, пэўныя ж з удзячнасцю прыняў. Такім чынам, мы сёння чытаем асобныя творы вялікага Адама Міцкевіча менавіта з гэтымі чачотавымі выпраўленнямі. 

Істотную ролю адыграў Чачот і ў творчым лёсе яшчэ аднаго адоранага паэта — Антонія Эдварда Адынца (1804—1885), аўтара славутай «Песні філарэтаў», мемуарыста і блізкага сябра Міцкевіча. Заўважыўшы відавочныя паэтычныя здольнасці Адынца, Ян Чачот вырашыў узяць яго пад сваю апеку. Гэты тандэм атрымаў у філамацкім асяроддзі адпаведнае азначэнне (паводле персанажаў старажытнагрэчаскай міфалогіі): Чачота празвалі Ментарам, а яго пратэжэ — Тэлемакам. 

Між іншым, схільнасць да сімвалізму і эзатэрыкі досыць яскрава выяўлялася ў дзейнасці Таварыства. З улікам ідэалагічнага ўціску з боку царскай улады, культурна-асветніцкая актыўнасць чальцоў гэтага аб’яднання камуфлявалася нібы ў масонскіх ложах, а патэнцыйныя сябры праходзілі неафіцыйную праверку на «надзейнасць». Паступова Таварыства філаматаў, у склад якога ўваходзіла ўсяго два дзясятка асоб, ператварылася ў ядро цэлага руху, куды ўцягвалася ўсё болей і болей адукаваных маладых асоб, лік якіх у выніку узрос амаль у дзесяць разоў. 

У 1820 годзе намаганнямі Тамаша Зана і іншых філаматаў, дзеля масавасці і пашырэння ідэйнага ўплыву, было арганізавана Таварыства прамяністых. Каб прыцягнуць моладзь у яго, філаматы скарыстоўвалі самую простую тактыку — агульныя пагулянкі, маёўкі, або «тусоўкі» аднадумцаў, як бы мы сказалі зараз. Сцэнарыстам або, па-сучаснаму, культарганізатарам такіх імпрэз звычайна выступаў Ян Чачот. 

Першая ўрачыстая сходка прамяністых адбылася ў траўні 1820 года. У далейшым стаць чальцом прамяністых мог любы малады чалавек, бо гэтая арганізацыя не патрабавала абмежаванняў, звязаных з пэўным навуковым досведам. 

Таварыства прамяністых, хоць і было легальным, але ж пашыралася настолькі імкліва, што міжволі пачало выклікаць нездаровую цікавасць з боку ўлад. Таму філаматамі было прынята рашэнне пераўтварыць яго ў таемнае Таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні). Лічыцца, што гэтая ідэя нарадзілася ў філамацкім асяроддзі падчас сустрэч ля легендарнага каменя побач з Туганавічамі (цяпер — вёска Карчова) і была потым адлюстравана Міцкевічам у паэме «Пан Тадэвуш» у якасці «Святой Задумы». 

Адметнасцю Таварыства філарэтаў быў падзел на чатыры секцыі: фізіка-матэматычную (яна, у сваю чаргу, падзялялася на саюзы — Малінавы, Ружовы, Зялёны), юрыдычную (саюзы — Белы, Ліловы), медыцынскую (Цёмна-Сіні саюз) і літаратурную (Блакітны саюз). Кіраўніком апошняй выступаў Ян Чачот. 

Увогуле, значэнне філамацка-філарэцкай дзейнасці з пазіцыі сённяшніх дзён падаецца надзвычай высокім. Фактычна яе можна параўнаць з пачаткам станаўлення грамадзянскай супольнасці на беларуска-літоўскіх землях. І, як сведчыў Кастусь Цвірка, Таварыства філаматаў было праўдзівай сям’ёй пабрацімаў, надзіва моцнай і дружнай. Так што многім сучасным дзеячам айчынных апазіцыйных колаў насамрэч варта было б павучыцца згуртаванасці і арганізаванасці ў іх далёкіх папярэднікаў. 

Будзе памылковым лічыць філаматаў, прамяністых і філарэтаў адной і той жа арганізацыяй, хоць галоўныя мэты і задачы ў гэтых аб’яднанняў, безумоўна, былі аднолькавымі — пашырэнне асветы і вызваленне Бацькаўшчыны ад царызму. Але, разам з тым, філаматы, напрыклад, не агучвалі перад філарэтамі ў адкрытую сваіх намераў, яны дзейнічалі канспіратыўна, але пры гэтым досыць сістэмна. 

Абсалютная большасць чальцоў філарэцкага кола паходзіла з беларускіх зямель. Падтрымку гэтаму незвычайнаму асветніцкаму руху руху спярша выказваў і рэктар Віленскага ўніверсітэта Сымон Малеўскі, малодшай дачцэ якога давялося стаць Музай для Яна Чачота. 

Тамаш Зан у адным з лістоў адзначаў, што Зося Малеўская зрабіла на Чачота вялікае ўражанне і ён «складае спевы пра полек і ліцвінак, прысвячаючы іх Зосі». Сапраўды, у творчай спадчыне паэта знаходзіцца мноства лірычных твораў, адрасаваных Зосі Малеўскай. Каханне гэтае, бясспрэчна, было платанічным і суздром рамантычным. Але назваць яго шчаслівым нельга, бо Зося была яшчэ занадта юнай і не магла ў поўнай меры адказаць на пачуцці Чачота. У яе стаўленні да Яна ў большай меры прасочваліся сімпатыя і прыязнасць, а не эмацыянальная прыцягальнасць. 

Разам з тым, за ўзнёслымі адносінамі паміж Янам і Зосяй праглядала і штосьці большае за звычайнае захапленне — блізкасць поглядаў і адданасць справе асветніцтва. Брат Зосі, Францішак, належаў да Таварыства філарэтаў і быў заснавальнікам вядомага грамадскага літаратурна-палітычнага выдання «Tygodnik Petersburski», а сама яна адыграла немалую ролю ў маральнай падтрымцы прадстаўнікоў тагачаснага дысідэнцкага руху. 

Апроч таго, Зося вельмі добра спявала і грала на фартэпіяна. Некаторыя з напісаных Чачотам спецыяльна для яе вершаў былі пакладзены на музыку Станіславам Манюшкам і ўвайшлі ў скарбніцу беларускай музычнай культуры. Усяго ж Манюшка напісаў 22 песні на словы Чачота — нават больш, чым на вершы Міцкевіча і Сыракомлі. Адна з найбольш вядомых песень мае назву «Праснічка» і змяшчае такія радкі: 

Хораша прадзецца 

Маладой дзяўчыне. 

Тры дні сумавала 

Аб сваім хлапчыне. 

Сеў тут іншы хлопец 

Да яе, ахвочы. 

Свецяцца ў дзяўчыны 

Зноў ад шчасця вочы.

Прыгажуня-Зося засталася ў гісторыі менавіта ў спалучэнні з постаццю Яна Чачота. Пра яе далейшую жыццядзейнасць амаль няма звестак, апроч таго, што ў некаторых крыніцах згадваецца факт яе замужжа, у адрозненні ад Чачота, якому так і не пашчасціла стварыць уласную сям’ю. Як можна меркаваць, у значнай ступені перашкодзілі гэтаму наступствы тых ракавых падзей, якія закранулі філамацка-філарэцкі рух у 1823 годзе. 

Чорныя хмары згушчаліся над чальцамі Таварыстваў і раней, бо ўсеабдымная актыўнасць філаматаў і філарэтаў не магла заставацца не заўважанай, да таго ж, у асяроддзі тагачаснай інтэлігенцыі блукалі ўпартыя чуткі пра іх дзейнасць. Значна ўскладніў сітуацыю выпадак, што адбыўся 3 траўня 1823 года, у гадавіну ліберальнай Канстытуцыі 1791 года. Вучань пятага класа Віленскай гімназіі Міхал Плятэр напісаў крэйдай на дошцы: «Няхай жыве Канстытуцыя 3 траўня!» Другі вучань дадаў: «О, які мілы для ўсіх нас успамін!» І яшчэ: «Але няма каму пра гэта ўспомніць». 

Пра гэта было дакладзена вялікаму князю Канстанціну ў Варшаву, які, у сваю чаргу, даручыў разабрацца ва ўсім сенатару Мікалаю Навасільцаву. Той распачаў следства, падчас якога ўдалося натрапіць на след філарэтаў. Быў затрыманы сябра Таварыства філарэтаў Ян Янкоўскі. Паддаўшыся ўціску і спалохаўшыся пакарання, ён расказаў пра Таварыства і ўзгадаў прозвішчы ягоных сяброў. Пачаліся масавыя арышты. Зняволеным філарэтам, якіх спачатку ахапілі адчай і поўная разгубленасць, праз нейкі час удалося хай не разарваць, ды ўсё ж паслабіць свае путы. Дапамаглі ім у гэтым сябры і знаёмыя, што засталіся на волі, ды і ўсе, хто спачуваў філарэтам. Напрыклад, Ануфры Петрашкевіч (1793—1863), якому давялося пазбегнуць арышту, арганізаваў спецыяльны камітэт дапамогі сваім сябрам, якіх так неспадзявана кінулі за краты. 

Сярод арыштаваных былі вядомыя ўжо Вільні паэты і проста здольныя маладыя людзі: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ян Сабалеўскі, Юзаф Кавалеўскі, Антоні Адынец, Аляксандар Ходзька, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч, Тэадор Лазінскі і многія іншыя. Дапамога віленчукоў дазволіла зняволеным падкупіць варту, і яны маглі цяпер хаця б збірацца разам са сваіх адзіночных келляў (месцам зняволення стаў касцёл Божага Ўшэсця у Вільні). Звычайна збіраліся ў келлі Адама Міцкевіча. Пра гэтыя філарэцкія сходкі ў турме Міцкевіч добра расказаў потым у трэцяй частцы сваіх бессмяротных «Дзядоў». Збіраючыся разам, яны складалі і спявалі песні, аўтарам мноства з якіх быў Ян Чачот. Апроч творчасці, выратаваннем ад дэпрэсіі для яго стала магчымасць перапіскі з Зосяй, мілы вобраз і цёплыя словы якой не давалі яму зламацца псіхалагічна. 

Скончылася следства толькі ў красавіку 1824 года. Зняволеныя былі выпушчаны на парукі блізкіх і знаёмых. У турме пакінулі толькі трох найбольш «небяспечных злачынцаў»: Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Сузіна (1799—1879), а таксама Яна Янкоўскага, якога з-за праяўленага ім маладушша ніхто не захацеў узяць на парукі. 

Вынесці прыгавор «бунтаўшчыкам» цар Аляксандар І даручыў спецыяльнай камісіі, у якую ўключыў міністра асветы Аляксандра Шышкова, генерала Аляксея Аракчэева і сенатара Мікалая Навасільцава. Згодна з прысудам, зацверджаным у жніўні 1824 года, 80 філаматаў і філарэтаў былі адпушчаны пад нагляд паліцыі, а дзесяць асноўных актывістаў назаўсёды высылаліся з роднай ім Літвы ў «аддаленыя губерні» Расіі. У прыватнасці, Яна Чачота абвінавачвалі «в чтении на собраниях филаретов дерзких и ругательством против россиян наполненных стихов и в произнесении приветствий и речей, противных верности к Российскому Престолу». 

Разам з ім найбольш жорсткае пакаранне прысудзілі Тамашу Зану і Адаму Сузіну. Усіх іх чакала высылка на Ўрал, дзе яны павінны былі да таго ж адбыць спачатку тэрмін у Кызылскай крэпасці. 

На гэтыя сумныя падзеі Чачот зрэагаваў смелым творам пад назвай «Верш, замураваны ў дзюрцы турэмнай сцяны», галоўная думка якога актуальная для ўсіх дзяржаў ва ўсе часы: 

Ніякую сілу высокіх памкненняў 

Не знішчыць і ў сценах глухіх сутарэнняў! 

У дадзеным творы аўтар пакінуў і своеасаблівы запавет ад філаматаў: 

Нашчадак! Пра нас табе ліст мы пакінем — 

Мо ў нейкім стагоддзі, калі мы ўсе згінем, 

Ты знойдзеш яго — прачытай ліст той людзям: 

Калі на двары век шчаслівы ўжо будзе. 

Калі ж край наш будзе йшчэ пад маскалямі, 

Спалі гэты ліст — каб нікога не пляміў. 

Бо выказаць слова зноў будзе не можна, 

Як сёння — пад іхняй уладай бязбожнай. 

Пра момант развітання філаматаў перад высылкай Антоні Адынец пакінуў хвалюючы ўспамін: 

Было нас некалькі дзясяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае, ці вернуцца яны калі-небудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што выклікала агульны плач, а спявак стаў аб’ектам абдымкаў. 

Як трапна адзначае К. Цвірка, высылаючы філаматаў і філарэтаў з «акругі Віленскага ўніверсітэта» ў Расію, царскія ўлады хацелі дасягнуць адначасова некалькі мэтаў: першая — гэта, вядома ж, пакаранне маладых людзей за вальнадумства — «в назидание» іншым; другая — знішчэнне ў самым зародку беларускага нацыянальнага руху як часткі «агульнапольскага» (а лепш бы сказаць — агульнага рэчпаспалітаўскага) руху; і трэцяя — рабаванне «мазгоў», інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі. 

Пасля разгрому Таварыства філаматаў і Таварыства філарэтаў сябры гэтых згуртаванняў ужо ніколі не змаглі сабрацца разам. Але параскіданыя па свеце, яны і ў разлуцы, перапісваючыся паміж сабой, заўсёды адчувалі сябе сябрамі адной філамацка-філарэцкай сям’і, заставаліся вернымі ёй да канца жыцця. Застаўся ў іхніх душах і вялікі сум, што не паспелі яны разгарнуць сваю дзейнасць на поўную моц. Гвалтоўна разлучаныя з родным краем, філаматы-філарэты вымушаны былі працаваць на карысць іншых народаў. 

Пасля 6 месяцаў зняволення ў крэпасці Кызыл, Яна Чачота перавялі ва Ўфу. Уфімскі пэрыяд яго жыцця малавядомы, асноўнаю крыніцаю з’яўляюцца матэрыялы паліцэйскага нагляду — даносы, даклады, інфармаванні. 

У 1827 годзе Ян паступіў на дзяржаўную службу канцылярыстам у бюро мясцовага губернатара. Паэту таксама дазволілі жыць на кватэры ў заможніх гаспадароў і вучыць іх дзяцей. Атрымліваў на жыццё 50 капеек сутачных. У вольны ад гувернёрскіх заняткаў час ён займаўся вывучэннем замежных моваў. Беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч знайшоў у Цэнтральным дзяржаўным архіве Башкірыі, у фондзе Арэнбургскага грамадзянскага губернатара за 1824—1830 гады, наступны запіс: 

Студэнт Іван Чачот — перайменаваны ў канцылярыста ў мінулым 1828 годзе ліпеня з 14 дня, знаходзіцца на кватэры і працягвае служэнне ў канцылярыі пана Арэнбургскага губернатара, займаецца пісьмаводствам і ад казны ўжо ніякага жалавання не мае, а атрымлівае адпаведна працы грошы. 

У 1830 годзе Ян Чачот змог пераехаць у Маскву. З 1831 па 1833 год працаваў у Цвяры і Таржку. У Цвяры захапіўся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія пасылаў свайму сябру-філамату манголазнаўцу Восіпу Кавалеўскаму (1800—1878) ў Казань, куды той быў сасланы. На жаль, гэтыя матэрыялы загінулі ў час паўстання 1830—31 гадоў ў варшаўскай кватэры Кавалеўскага, які да гэтага моманту вярнуўся ў Польшчу. 

Пазней Кавалеўскі пісаў навукоўцу-ўсходазнаўцу Васілю Грыгор’еву: 

…І гэты стос пісьмаў (Чачота), каля 200 аркушаў, у часе разгрому маёй маёмасці ў Варшаве знік без вестак. Цяжка, цяжка аб гэтым пісаць. 

Урэшце, у 1833 годзе паэту дазволілі вярнуцца ў Беларусь, у мястэчка Лепель, дзе ён ўладкаваўся канцылярыстам у дырэкцыю Бярэзінскага канала, якая там знаходзілася. За добрую службу неўзабаве атрымаў чын губернскага сакратара. У Лепелі Ян Чачот вярнуўся да збірання народных песень, якія потым увайшлі ў яго зборнікі. 

Але толькі ў 1839 годзе «государь император высочайше повелеть соизволил» адпусціць Яна Чачота дадому, на Навагрудчыну, скасаваўшы паліцэйскі нагляд над iм. 

Пясняр крывіцкай мовы 

Вяртанне ў родныя мясціны суправаджалася для Чачота сумнымі перажываннямі: бацькі яго на той час памерлі, крэўных амаль не мелася, сяброў лёс раскідаў па свеце, здароў’е падчас зняволення і вымушанага побыту ў Расіі было падарвана, знайсці працу, адпаведную інтарэсам і здольнасцям, было цяжка. Так што не надта прыязна сустракала паэта Радзіма, справе адраджэння якой ён ахвяраваў большую частку свайго жыцця. 

Урэшце Яну ўдалося ўладкавацца бібліятэкарам у сядзібу графа Адама Храптовіча (1768—1844) ў мястэчку Шчорсы*. Той меў адну з найбагацейшых у тагачаснай Еўропе калекцыю кніг, таму хаця б тут паэт мог адпачыць душой і вярнуцца да напісання надзвычай цікавага твора пад назвай «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года». 

* Шчорсы знаходзяцца за 28 км на усход ад Навагрудка.

***

Задума расказаць у паэтычных радках пра гістарычнае мінулае роднага краю, пра часы Вялікага Княства Літоўскага ўзнікла ў Яна Чачота яшчэ ў багаты на творчыя здзяйсненні і намеры віленскі перыяд. Спачатку ён хацеў паказаць славутых жанчын мінулага, у першую чаргу ліцвінак, але потым вырашыў навогул напісаць паэтычную гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. 

Высылка за межы Беларусі, суровыя выпрабаванні, якія паэт пазнаў на чужыне, — усё гэта перашкодзіла ўвасабленню задумы. І толькі праз 20 гадоў, вярнуўшыся дамоў і ўладкаваўшыся ў шчорсаўскую бібліятэку, змог ён прыступіць да ажыццяўлення даўняй мары. 

Недзе ў 1842—1844 гадах і з’явіліся з-пад яго пяра «Спевы пра даўніх ліцвінаў…» Заснаваў іх паэт на гістарычных фактах, узятых з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага (1582 г.) і дзевяцітомнай «Гісторыі літоўскага народа» Тэадора Нарбута (1835—1841 гг). Аўтар пазначыў нават старонкі гэтых выданняў, адкуль ён браў факты для сваіх «спеваў». 

«Спевы пра даўніх ліцвінаў…» у жывых вобразах узнаўляюць нашу далёкую мінуўшчыну, асвятляюць шматлікія яе старонкі. 

У сваёй прадмове Ян Чачот падкрэсліў значнасць захавання ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці ў працэсе эвалюцыі еўрапейскай культурнай прасторы, а таксама асаблівую ролю продкаў-ліцвінаў у сусветнай гісторыі: 

Кожны з еўрапейскіх народаў шукае ў попеле мінуўшчыны сваю славу, свае асаблівасці, даказвае, што і ён заслугоўвае пашаны з боку іншых народаў. Дык няхай жа ні ў кога не выкліча незадаволенасці, калі і ліцвін успомніць сваю даўнюю славу, каб сціпла, па-хрысціянску расказаць пра яе. Зніклыя крыжакі найбольш прыносілі яму шкоды. 

І ўсё ж ён, яднаючыся толькі з плямёнамі хрысціянскіх славянаў, хоць сам быў ідалапаклоннікам, сваёю крывёю разам з імі засланіў Еўропу ад навалы татарскіх ордаў, цяпер таксама зніклых. Таму наўрад ці ўспамін пра даўніх ліцвінаў можа выклікаць у каго пярэчанне. Наадварот, тое, што ў іх было добрае, вартае ўхвалы, няхай увойдзе як частка ў агульнаеўрапейскі набытак. 

Акрамя такіх знакамітых гістарычных дзеячаў, як Міндоўг, Войшалк, Віцень, Гедымін, Кейстут, Альгерд, Вітаўт, Ягайла, у «Спевах» фігуруюць і менш вядомыя асобы. Гэта, напрыклад, Яўнута Гедымінавіч (песня «Яўнута Гедымінавіч, вялікі князь літоўскі. 1329 г.», учынкі якога Ян Чачот ставіў у прыклад: 

Меў ён розум: не ірваўся 

За сваё да бою. 

Не заліў, як Свідрыгайла, 

Ён Літву крывёю. 

Станоўча ацэньвае аўтар і дзейнасць вялікага князя Альгерда: 

Каб усе былі такія, 

Што сядзяць на троне, 

На зямлі, крывёй палітай, 

Быў бы мір па сёння. 

Безумоўна, каштоўнасць «Спеваў даўніх ліцвінаў…» высокая не столькі ў мастацка-паэтычным сэнсе, колькі ў гістарычна-асветніцкім. 

Асаблівую цікавасць у гэтай нізцы песень-балад прадстаўляе апісанне звычаяў і нораваў, што панавалі ў старажытныя часы на землях нашай Айчыны. Так, напрыклад, у творы «Свінтарог Утанэсавіч. 1268—1271 гг.» Чачот дае характарыстыку здзяйснення рытуальнага паганскага абраду па спаленні і ўрачыстым пахаванні князя, якому ў іншым свеце, паводле рэлігійных прадстаўленняў, шмат што можа спатрэбіцца. 

У творы «Пра яцвяга Комата. 1264 г.» узгадваюцца былыя насельнікі беларускіх зямель, якія засталіся толькі ва ўспамінах: 

І паляк, бы звар’яцелы, 

Біў яцвягаў дзень той цэлы, 

Бо ўсё ж пана ўжо не мелі, 

А ўцякаць яны не ўмелі. 

І таму, сыны адвагі, 

Ўсе пагінулі яцвягі. 

Іх імя хіба мо рэкі 

Захавалі нам навекі. 

Трагічнае забойства маладой дзяўчыны, якую не падзялілі паміж сабой два ваяры, апісваецца ў вершы «Жахлівы падзел здабычы. 1326 г.». Такое злачынства сурова асуджаецца аўтарам: 

Зганьбіў імя й род свой 

Ён ад зверства тога. 

Мужнасці адзнака —

Не караць слабога. 

Уласцівая Чачоту маралізатарская лінія прасякае амаль усе творы ў дадзенай серыі. Асабліва гэта датычыць ацэнкі дзейнасці ўладароў: 

Хто пустэльняй край свой зробіць, 

Той не варты згадкі. 

Хто ж яго узвысіць — будуць 

Помніць і нашчадкі. 

***

Ян_Чачот

Пасля смерці гаспадара Шчорсаў у 1844 годзе Чачоту прыйшлося змяняць месца жыхарства і перабірацца да сяброў — спачатку да Вяржбоўскіх у Далматаўшчыну, потым у вёскі Вольная і Бортнікі, дзе адбываўся збор, апрацаванне і падрыхтоўка да выдання зборнікаў беларускага фальклору. 

Як сведчаць літаратуразнаўцы, найбольш яркія мастацкія дасягненні Чачота звязаныя менавіта з выкарыстаннем багатых традыцый народнай песеннай лірыкі. Шэраг вершаў Яна Чачота з’яўляецца перакладам беларускіх народных песень на польскую мову, або паэт пазычае з народнай ці засцянковай песні першыя радкі, а астатнія дапісвае сам. Да фальклорных скарбаў яго скіравала не толькі прыроджаная любасць да народнай песні. Вялікі ўплыў на фарміраванне светапогляду пісьменніка аказаў Жан-Жак Русо. Менавіта русаісцкая канцэпцыя «звароту да натуры» падштурхнула Чачота збіраць і перакладаць беларускі фальклор і, галоўнае, вызначыла спецыфічную рысу яго паэзіі — фальклорнасць. 

Памкненне да натуральнага стану, першатворных законаў жыцця прадвызначыла з’яўленне беларускамоўных твораў Чачота. Бо ўласцiвыя для сентыменталізму паняцці шчырасці, прастаты, чуллівасці ў этычнай сістэме гэтага кірунку былі тоеснымі паняццю вясковасці і сялянскасці. Наогул, мова вёскі выклікала ў пісьменнікаў-сентыменталістаў цікавасць і захапленне сваёй першароднай прыгажосцю, тым, што, па словах Чачота, «яна яшчэ ў поўнай чысціні». Паэт заклікаў вывучаць мову народа, збіраў крывіцкія ідыёмы, прыказкі і прымаўкі. 

Гэтая адметнасць творчасці Яна Чачота акрэслілася яшчэ ў філамацкі перыяд яго дзейнасці. Напрыклад, вершаваная сцэнка «Яжовыя імяніны», прысвечаная імянінам Яжа (такую мянушку меў Юзаф Яжоўскі), напісаная па-беларуску ў форме дыялогу. У ёй дзейнічаюць тыповыя для беларускай фальклорнай традыцыі персанажы: войт, дзясятнік, былы салдат, музыкант. А адмысловае ўжыванне маляўнічых параўнанняў, узятых са свету прыроды, бясспрэчна суадносіцца з народным спевам: 

Лісічка, жоўты грыбок, 

Слімакоў не баіцца; 

Не точыць яго чарвячок, 

У лесе здароў ён блішчыцца. 

Пра тое ўражанне, якое рабілі на слухачоў першыя беларускія вершы і песні Яна Чачота, сведчыць, у прыватнасці, той факт, што адзін з гэтых слухачоў, вучоны з сусветным імем Ігнат Дамейка, нават праз паўстагоддзя ўспомніў у далёкай Чылі песню «Што ж мы вашэці скажам…», якая ўваходзіла ў паэтычную сцэнку «Яжовыя імяніны» і якую асобна спявалі потым філаматы на сваіх урачыстасцях. 

Па-беларуску былі напісаны таксама папулярная песня «Ды пакіньце ж горла драць…», верш, прысвечаны прыезду Міцкевіча, — «Едзеш, міленькі Адам» і іншыя, большасць з якіх, на жаль, беззваротна загінула, як і мноства занатаваных ім фальклорных песень. 

Дарэчы, песня «Ды пакіньце ж горла драць…» настолькі палюбілася Тамашу Зану, што ён прыдумаў да яе меладычную аснову і, паводле словаў Чачота, «лез з ёй да ўсіх, нібы цыган на кірмашы». З гэтай нагоды сябры-філаматы аднойчы някепска пажартавалі з яго. Едучы разам з Вільні ў Навагрудак і спыніўшыся ў вёсцы Канвалішкі, Міцкевіч і Чачот высветлілі, што тут, аказваецца, застаўся начаваць і Зан. Ціхенька падкраўшыся пад вокны заезднага дома, дзе ён размясціўся, сябрукі пасярод ночы на ўвесь голас заспявалі радкі з упадабанай песні: 

Ды наш Геранім, наш бык, 

К вашай цялушцы прывык. 

Дай жа Бог яе паймаці, 

Да бычка загнаці… 

У сталым узросце Чачота яго беларускамоўная творчасць, збіранне і публікацыя народнай паэзіі ў фальклорных зборніках «Сялянскія песні» (1837—1846) павінны былі здзяйсняць вялікую асветніцкую місію: выпраўленне нораваў, аднаўленне страчаных аўтэнтычных міжчалавечых стасункаў. 

У прадмовах да сваіх фальклорных выданняў паэт вельмі прагматычна разважаў аб прызначэнні сваіх твораў: 

Ці не перанесліся б яны як-небудзь да вёсак? Ці не дайшлі б да сэрцаў дабрадзейных паноў і ці не звярнулі б тыя больш чулую ўвагу на сялян, а разам з тым ці не спрычыніліся б да паляпшэння нораваў гэтых працавітых суайчыннікаў? 

Ён спадзяваўся сваімі песнямі «павялічыць тую ўзаемную прыхільнасць пана і селяніна, ад якой так шмат залежыць». 

З вялікай замілаванасцю гаворыць Чачот пра шчырага і працавітага мужыка ў вершы «Як то добра, калі мужык…». З другога боку, паэт адначасова дае прыклад добрага пана. У гэтай постаці выступае вядомы асветнік і гуманіст, граф Адам Храптовіч, чый маёнтак паўстае ўзорам ідэальных грамадскіх адносін паміж сялянамі і гаспадаром. 

Клопат пра тых, чые правы парушаны і зняважаны, гучыць у вершах Чачота «Дабрачынным панам і іх эканомам, якія клапоцяцца пра добры быт сялян», «Леў Сапега, віленскі ваявода, гетман літоўскі», «Мамка» і іншых. Паэт заклікае ў гэтых вершах звярнуць увагу на саслоўе, якое з’яўляецца асновай усеагульнага шчасця і разам з тым найбольш пакрыўджана і занядбана. 

Зразумела, што самастойна назапасіць некалькі сотняў песень нават за працяглы адрэзак жыцця досыць складана. У гэтай пачэснай справе Чачоту дапамагалі паненкі з ваколіц, з якімі фалькларыст усталяваў трывалую супрацу. Паненкі з лёгкасцю камунікавалі з вясковымі дзяўчынамі, бо апошнія, паводле сведчання Чачота, былі «занадта сціплыя і сарамлівыя, каб прадстаўляць мне свае песні, у якіх, на іх думку, нічога асаблівага няма». 

Сабраныя спевы вылучаліся не толькі разнастайнасцю, але і прыналежнасцю да розных рэгіёнаў — напрыклад, сярод 194 песень з-над Дзвіны былі творы з Лепельшчыны, Барысаўшчыны, вёсак Бярэзіна і Негарэлае, ды шмат адкуль яшчэ. 

Як адзначае І. Бурдзялёва, у беларускамоўнай паэзіі Чачота суседнічаюць дыдактызм і лірычнасць, маралізатарства і чуллівасць. Аўтар не ўтойвае таго, што яго творы маюць практычныя мэты — навучыць, што нельга лайдачыць, закопваць грошы ў зямлю, піць гарэлку і г. д. 

Чачота да такой ступені абурала кепская звычка сялян часта ўжываць моцныя напоі, што ён нават займаўся карэктаваннем зместу народных песень, дзе згадвалася такое дзеянне: 

Як з песень з-над Нёмана, гэтак і з песень з-над Дзвіны дазволіў сабе прыбраць згадкі аб праклятай гарэлцы, замяніўшы яе на мёд і піва, пра якія вяскоўцы зараз амаль забыліся.

І далей: 

Гарэлка — гэта пагібель для нашых сялян. Праз яе людзі страчваюць чалавечае аблічча. Той, хто злоўжывае гарэлкай, звычайна дзень або два дні хварэе, а потым ізноў п’е — з нагоды так званага пахмелля. Уплыў відавочны — на скуру, рост і памнажэнне дурноты чалавечай. Апроч таго, гарэлку часта скарыстоўваюць і ў якасці лекавага сродку нібыта ад усіх хвароб адразу. 

Згадайма рэаліі вясковага жыцця ў нашы дні і ўсвядомім, наколькі Чачот меў рацыю, асуджаючы п’янства. 

Увогуле, схільнасць да маралізатарства (а Чачот нездарма атрымаў мянушку «Ментар») вынікала з самога быцця, з таго, што ў той ці іншай форме адлюстроўвае народная мудрасць у песнях, паданнях і казках. 

У прадмове да зборніка «Сялянскія песні» (1846) аўтар засведчыў: 

Не магу без нейкага мілага ўзрушэння прыгадаць забытыя казкі, якія я чуў і ведаў у дзіцячыя гады. Часта ў іх змяшчаецца цудоўная мараль.

Рэалістычная скіраванасць чачотавай паэзіі, яе набліжанасць да прозы жыцця і рэгулярнае сілкаванне з вуснай народнай творчасці міжволі адасобілі аўтара ад пантэона вялікіх паэтаў. Дарэчы, сам ён не крыўдзіўся з гэтай нагоды і ў лісце да Міцкевіча адзначаў: 

Здаецца, шкада, што я, маючы пэўную ахвоту да пісання, але не маючы пра што пісаць, нібыта ўлез і пасадзілі мяне ў кола вершапісцаў. Якая розніца — пісаць вершы і пісаць сапраўдныя вершы! Як неба і зямля! Што ж рабіць, няхай у адных будуць зямныя, а ў іншых — нябесныя. 

Зрэшты, нябесныя ахоўнікі ў выглядзе персанажаў антычнай міфалогіі, як і героі старажытнай гісторыі, нярэдка натхнялі прадстаўнікоў філамацкага асяроддзя, а таму, адпаведна, з’яўляліся і ў творах Чачота. У прыватнасці, ім былі напісаныя: лірычная сцэнка «Сафо», прымеркаваная да дня нараджэння Міцкевіча паэма «Тыртэй», балада «Арыён» (на жаль, не захавалася), а таксама вадэвіль у двух актах «Апалон на калядаванні». 

У апошнім, надзвычай самабытным творы, бог Эрат скардзіцца на спрадвечную праблему — вялікую колькасць рыфмаплётаў і адначасовую недаацэненасць талентаў, Апалон жа, у сваю чаргу, ухваляе дзейнасць філаматаў і прарочыць ім вечную славу. 

Апроч гэтага, Чачот выступаў у ролі стваральніка журботных элегій (трэнаў), пранікнёнага лірыка, публіцыста-гуманіста. Мноства выказаных ім ідэй востра актуальна і сёння. Вось як, напрыклад, кажа ён пра грамадзянскую актыўнасць чалавека, пра яго патрыятычныя абавязкі: 

…асабістае шчасце — у шчасці грамадскім: дбаць пра грамадскае дабро — значыць памнажаць дабро ўласнае. 

Вельмі па-сучаснаму гучаць у нататках пад назвай «Думкі, якія павінен распаўсюджваць вышэйшы клас» разважанні пра залежнасць дзяржаўнага ладу ў любой краіне ад грамадзянскай пазіцыі людзей, ад таго, наколькі схільныя яны цярпець дэспатычную ўладу: 

Не могуць быць добрымі грамадзяне там, дзе кепскі ўрад, як не можа быць кепскага ўраду там, дзе ўсё робіцца згодна з пажаданнем народа, а не з волі, капрызу і сілы аднаго. 

*** 

Асаблівую вядомасць набыў Чачот у якасці аўтара хоць і недасканалых у плане фармальнага майстэрства вершаскладання, але і разам з тым надзвычай каштоўных у змястоўным сэнсе балад. Меркаванні сярод літаратуразнаўцаў аб чачотавых баладах і цяпер працягваюць вагацца ад ацэнак кшталту «пасрэдныя творы» (Г. Гацова) і «не ўяўляюць мастацкай каштоўнасці» (Л. Малаш-Аксамітава) да «сапраўдныя шэдэўры літаратуры» (К. Цвірка). 

Вядомы філолаг і літаратуразнаўца беларускага замежжа Станіслаў Станкевіч (1907—1980) даў ім такую адзнаку: 

Балады — самыя слабыя творы Чачота. Грашаць яны як недасканалаю кампазіцыяй, так і хібамі тэхнікі стылю — цяжкага і нязграбнага. Бракуе ім выразнасці ды кампактнасці, яны залішне доўгія… Аднак, нягледзячы на значныя мастацкія хібы, балады вельмі цікавыя, бо ў іх выяўляюцца на поўную моц шчырыя і непасрэдныя адносіны паэта да фальклору. 

Упершыню балады Яна Чачота былі апублікаваныя ў 1886—1889 гг. Янам Рыхтарам пад тытулам «Ян Чачот і ягоныя нязнаныя вершаваныя творы». Выдавец пералічвае 8 балад у наступным парадку: «Бекеш», «Навагрудскі замак», «Калдычэўскі шчупак», «Падземны звон на горцы ў Пузяневічах», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні», «Узногі», «Мышанка», «Свіцязь». 

Гэта, вядома, не ўсе творы Чачота з дадзенай серыі, бо значная частка іх была страчана. 

Балады, што грунтаваліся на фальклорным аўтэнтызме і звароце да легенд роднага краю, былі высока ацэнены Міцкевічам і наўпрост паўплывалі на творчасць апошняга. Станіслаў Свірка (1911—1992) ў сваіх даследаваннях прыйшоў да наступнай высновы: 

…тыя «песенкі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці, а калі казаць больш канкрэтна, у кірунку баладнасці. 

Вядома, даводзіць даследчык, на Адама Міцкевіча ўплывалі і іншыя філаматы, але «найвыдатнейшым піянерам народнасці сярод філаматаў быў Чачот, якраз яго ўплыў на Міцкевіча ў гэтым плане аказаўся наймацнейшым…» На думку Свіркі, роля Яна Чачота была вось якая: 

ён быў філамацкім маяком, які стаяў на віленскіх ростанях класіцызму і рамантызму і які нязменна паказваў на народнасць. Міцкевіч пайшоў у тым кірунку, і дарога тая прывяла яго да вялікай рамантычнай і народнай паэзіі. 

Трэба адзначыць, што абвінавачванні чачотавых балад у «прымітывізме» не могуць лічыцца дастаткова абгрунтаванымі, бо, нягледзячы на наяўнасць насамрэч не заўсёды ўдалага рыфмавання, гэтыя творы дэманструюць не толькі захапляльныя сюжэты і багацце народнай гаворкі, але і ў пэўнай ступені ілюструюць «дух эпохі» з яе тыпова рамантычнай узнёсласцю светаўспрымання. 

Так, напрыклад, баладу «Бекеш» Чачот заснаваў на народным паданні пра Бекешаву гару ў Вільні, на якую адзін фанабэрысты ваявода загадаў узбірацца на конях рыцарам дзеля атрымання рукі сваёй дачкі. А падзеі балады «Калдычэўскі шчупак» скіроўваюць чытача да падання пра рыбіну, што «імігруе» праз падземныя воды з Калдычэўскага возера ў Свіцязь. У баладзе «Падземны звон на горцы ў Пузяневічах» скарыстана легенда пра царкву, якая за грахі святара ды ягонай жонкі правалілася пад зямлю. Балада «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні» адлюстроўвае старажытнае ліцвінскае паданне пра паганскага святара Крыва-Крывэйту, яго сына Ліздзейку, пазней празванага Радзівілам, двор князя Гедыміна і заснаванне Вільні. На гэткім жа прынцыпе знітаванасці з фальклорна-гістарычный спадчынай, а таксама на шырокім выкарыстанні народных прымавак і згадак пра забабоны грунтавалася і стварэнне балад «Мышанка» і «Свіцязь». 

Рэгіянальную афарбоўку чачотавым творам надае іхняя мова. Апроч некалькіх вершаў, напісаных па-беларуску, у польскамоўных творах паэта можна ўгледзець значны запас словаў і лакальных дыялектызмаў, якія ўжываліся ў побытавых гутарках на Навагрудчыне. Як і ў творах іншых філамацкіх аўтараў, беларусізмы ў Чачота перыядычна выяўляюцца ў фанетыцы, марфалогіі, лексічных формаўтварэннях і г. д.  

***

Найвялікшай заслугай Яна Чачота можна лічыць менавіта вынікі ягонай працы як фалькларыста і мовазнаўцы. Маючы магчымасць азнаёміцца з двума асноўнымі масівамі беларускіх гаворак: паўночна-ўсходнім дыялектам альбо надзьдзвінскай гаворкай (праца на Лепельшчыне) і паўднёва-заходнім дыялектам альбо наднёманскай гаворкай (дзяцінства на Навагрудчыне), Чачот марыў пра граматыку і фундаментальны слоўнік роднага «крывіцкага дыялекту», які ён узносіў на адзін узровень з польскім, рускім і ўкраінскім. Ён са шкадаваннем адзначаў, што «крывіцкае племя, якое налічвае некалькі мільёнаў насельніцтва», нічога яшчэ не займела ў плане грунтоўнага даследавання сваёй мовы. Не чакаючы, пакуль хто-небудзь зоймецца гэтай важнай і вялікай працай, Чачот пачаў сам складаць слоўнік найбольш адметных слоў і выразаў Навагрудчыны, займаўся дэталёвым разглядам моўных асаблівасцяў. 

Да агульнабеларускіх фанетычных рысаў ён адносіў аканне (агонь, аканом), дзеканне і цэканне (дзень, ціхі), пераход «л» і «в» у «ў» (даў, у сяле), наяўнасць прыстаўных зычных (восень, вуліца), нехарактэрнасць жывым беларускім гаворкам гука «ф» (ахвіцэр, хваліварок) і «ґ» выбухнога (гарбуз), асіміляцыйнае азванчэнне і аглушэнне (збіты, с табою), падваенне зычных (вецце, каменне); з марфалагічных рысаў адзначаў варыянтнасць канчаткаў творнага склону (маткаю, -ай), роднага склону займеннікаў і прыметнікаў (мае -ей, міленькае -ай), адсутнасць часціцы «сь» і г. д.  

Сваёй дзейнасцю Ян Чачот фактычна заклаў падмурак практычнай лексікаграфіі беларускай мовы. У зборніку «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» (1846 г.) ён змясціў адразу тры тыпы слоўнікаў: 

Першы — невялікі (на 200 рэестравых словаў) «Слоўнік крывіцкіх словаў», дзе беларускія словы перакладаюцца на польскія; 

Другі — тлумачальны «Некаторыя крывіцкія ідыёмы…», дзе падаецца разгорнутае апісанне больш за 200 адметных беларускіх словаў, часам з параўнаннямі з іншымі мовамі; 

Трэці слоўнік — фразеалагічны «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі», у якім прыводзіцца 130 беларускіх пагаворак у перакладзе на польскую мову або з тлумачэннем. 

Асобна даюцца «Прыказкі і прымаўкі, прыстасаваныя да свят» (15 адзінак) і «Адметныя выразы і параўнанні, якія можна аднесці і да прымавак» (40 адзінак). 

Гэтая даследчыцка-апісальная праца разам з руплівым збіраннем, апрацоўкай і сістэматызаваннем аўтэнтычных беларускіх песень, якіх у Чачота было назапашана каля тысячы (!), выглядае тытанічнай дзейнасцю энтузіяста, які сапраўды клапаціўся пра будучыню Бацькаўшчыны і мовы.

Як натура высокаадукаваная і патрыятычна скіраваная, Ян Чачот добра разумеў, што трэба ведаць розныя мовы (а ў ягоным выпадку гэта былі польская, руская, французская, нямецкая, англійская, лацінская), але найперш шанаваць сваю — простую, мілагучную і разам з тым багатую «славянакрывіцкую гаворку», у якой найлепшым чынам выяўляецца душа народа. Таленавіты «дудар» і асветнік, ён да канца жыцця застаўся верным сваім рамантычным ідэалам і гуманістычным перакананням. 

***

Вясной 1847 года, у надзеі палепшыць стан здароўя, Чачот выехаў у Друскенікі «на воды», дзе з ім здарыўся параліч. Лячэнне наступстваў гэтага трагічнага здарэння не прынесла плёну, і 23 жніўня ў суседняй з Друскенікамі вёсцы Ротніца паэт пакінуў гэты свет. Пахаванне Чачота адбылося там жа, на могілках побач з касцёлам. Праз дзесяць гадоў на магіле быў усталяваны помнік з эпітафіяй, напісанай Антоніем Адынцом. 

Сёння памятныя шыльды і бюст у гонар Яна Чачота ўсталяваны ў Новай Мышы, Карэлічах і ўрочышчы Рэпіхава, а ягоным імем была некалькі гадоў таму названа вуліца ў адным з мікрараёнаў беларускай сталіцы.

Некалі ў артыкуле «Беларускае адраджэнне» Максім Багдановіч ахарактарызаваў свайго славутага папярэдніка ў літаратуры Яна Чачота наступным чынам: «шчыры дэмакрат, які горача любіў беларускі народ». 

Да гэтага азначэння амаль няма чаго й дадаць, апроч таго, што нашым сучаснікам даўно неабходна пачаць звяртаць значна болей увагі як на постаць самаадданага філамата, так і на тыя ідэі, якія выказвалі Чачот і яго паплечнікі. У складаных пошуках грамадскай згоды варта прыслухацца да слушнага запавету паэта: 

Разлучыць смерць можа сэрцы, 

Могуць нішчыцца народы, 

Ды з’яднаным не так проста 

Нарабіць вялікай шкоды.

Выбраныя творы Яна Чачота

О ты, край мой нешчаслівы! 

О ты, край мой нешчаслівы! 

Дзе ж твае ўсе абаронцы? 

Ці ўжо ўбачаць твае нівы 

Шматчаканай волі сонца? 

Вораг, глянь, грабе адкрыта 

Дар найшчодры твайго поля, 

Ад тваіх ахвяраў сыты, 

Ён смяецца з нашай долі. 

Цноты продкаў топча, памяць 

Аб табе ён выдраць хоча, 

І за плач па волі пляміць 

І карае нас ахвоча. 

Робіць з нас ён братабойцаў, 

Сее ў душах злосць зацята. 

Ну ж і час: сын, бацьку бойся, 

Бойся ўсюды, браце, брата! 

О ты, край мой нешчаслівы! 

Дзе ж твае ўсе абаронцы? 

Ці ўжо ўбачаць твае нівы 

Шматчаканай волі сонца? 

Калі ж дзецям, што ў прыгоне, 

Шчасце-долю высняць маткі? 

І калі выбранцаў скроні

Вы ўвянчаеце, дзяўчаткі?

ЗНОЎ ВЯРНУЦЬ ВЯКІ Б НАМ ТЫЯ… 

1. 

Зноў вярнуць вякі б нам тыя, 

Калі рэкамі ліліся 

Малако, мяды густыя, 

Людзі соладка жылі ўсе. 

Сэрцы ў іх былі — бы з мёду, 

Чысціні малочнай — душы.

Чорных дзей не зналі зроду,

Смутак дум іх не цярушыў.

2. 

Не трубіў ніхто аб цноце,

Не ўважала цнота пыху.

Кожны шчыра, па ахвоце

Шырыў добрае паціху.

Не маніла продкаў хвала,

Пра свае не дбаў даброты,

А чыніў ён, што казала

Сэрца, поўнае шчадроты.

3. 

Зноў вярнуць вякі б нам тыя,

Калі рэкамі ліліся

Малако, мяды густыя,

Людзі соладка жылі ўсе.

Так мы некалі ўздыхалі

Па вяках тых пад вятрамі,

Аж пакуль усе не сталі

Філарэтамі, братамі.

4. 

Гэтак мы вярнулі сёння

Залаты свой век гурмою.

Дружбы велічнай бяздонне

Поіць сонцам нашу мрою.

Дружба гэта меж не знае,

У вякі яна прастуе.

Сэрцы нашы ўспалымняе,

Маладую моц гартуе.

5. 

Ты вярнуў вякі нам тыя,

Нас гукнуўшы звонка ў высі.

Малако, мяды густыя

Нам ракою паліліся.

Малако й ад нас прымі ты

Як знак веку залатога.

З ім і з мёдам у блакіты

Хай бяжыць твая дарога!

У ДЗЕНЬ УРАЧЫСТАСЦІ, ЯКАЯ СПРАЎЛЯЛАСЯ ДЛЯ ТАМАША ЗАНА 29 ТРАЎНЯ 1821 ГОДА 

Не трэба журыцца, о краю мой любы,

Што аддалі цябе дзеці на згубу.

Не трэба журыцца, што вораг, як хоча,

Прах продкаў славутых тваіх сёння топча,

А мы, іх забыўшы, ўсё болей і болей

Звыкаемся, сытыя, з нашай няволяй.

Не трэба тужыць… Новай славы праменне

Асвеціць яшчэ нашых прадзедаў цені — 

Хай знаюць, што й сёння іх родныя нівы,

Дзе колісь паказвалі мужнасці дзівы,

Усё ж нараджаюць сыноў яшчэ годных…

Да дзеяў рыхтуемся высакародных

Мы сёння, дух будзячы ўсюды ў краіне — 

Хоць цемра навокал, усё ж ён не згіне.

У цемры той бразгае ворага зброя,

Што дол акрапляе нявіннай крывёю.

Забойцы гвалтоўнай рукою крывавай

Тут пішуць сваё неаспрэчнае права,

У помач узяўшы людскую сляпоту,

Усе забабоны, старую цямноту.

Яны яшчэ больш цемру тут зацямняюць

Ды страхамі, жахамі ўсю запаўняюць.

Мы, моладзь, паходні асветы пагаслай

Наноў распаліўшы — гарыце ж найясна! — 

Куткі ўсе і лёхі, дзе енкі глухія,

Асвецім, адкрыўшы пакуты людскія.

Сарвём усе маскі і сонца праменнем

Разгонім мы ноч пад нябесным скляпеннем,

Пакажам двурушніцтва страшныя здані,

Якім верыць люд усё не перастане,

Напужаны імі, абняты трывогай!

Ды знікнуць яны, як не стане ні ў кога

Тых прымхаў, развеюцца ў свеце, растануць — 

Пужаць імі хіба дзяцей толькі стануць.

Нам будучыня найшчаслівая ззяе!

Яе перад намі Тамаш расхінае.

Ён першы, яе паказаўшы ясноты,

Павёў нас да славы дарогаю цноты.

Мы з ім палюбілі свой гурт і ў забавах

Задумалі разам вялікую справу.

Яму хочам шчыра найлепшае зычыць,

Ды слоў не стае, каб яго узвялічыць.

Мо пэндзлем ці долатам увекавечыць

Яго нам, каб нашу пашану засведчыць?

Узносілі грэкі герояў вялікіх

Калісь на Алімп — ёсць і сёння іх лікі.

У нас жа адна Тамашу ўзнагарода:

Любоў нашых сэрцаў, адданасць і згода.

А гэта мацней, чым граніт які, знаю,

Яго, Тамаша, ўвекавечыць у краі. 

***

Толькі Айчына і Зося —

Сёння мне ўцехай адзінай.

Сёння мне ўцехай адзінай,

Жалю і смутку прычынай.

Хто ж за любоў, за каханне

Даў мне пакуты такія?

Вашай я рады чакаю,

Добрыя сэрцы людскія.

Я панясу да магілы

Любасць да краю і Зосі,

Хоць мне любоў гэта ў сэрцы

Столькі няшчасцяў прыносіць.

ВАНДРОЎНАЯ ПТАШКА 

Пташка, пташка,

Скуль ляціш ты —

Ці не з нашых

Ніў?

Каб пачуць мне

Што аб мілай,

Я б шчаслівы

Быў.

Мо была

Ў яе садочку?

Ці не стрэла

Там

Той найгожай,

Да якой бы

Паляцеў я

Сам?

Ці не чула

Выпадкова

Ты хоць колькі

Слоў

Той, якая

Не выходзіць

З маіх юных

Сноў?

Ах ты, пташка,

Адлятаеш —

У якую ж

Даль?

Мне пакінула

Ізноў тут

Па наймілай

Жаль. 

ПРЫЛЯЦЕЛІ САКОЛІКІ 

Прыляцелі саколікі

Пад вішнёвы сад,

Звалі ў неба зязюлечку

Ад густых прысад.

— Паляцець бы з вамі рада

Я ў любую даль,

Ды мне саду зялёнага

І гняздзечка жаль.

Прыехалі да дзяўчыны

Ды сваты гурмой,

У дарогу сабірацца

Клікалі з сабой.

— Рада б я паехаць з вамі

У любую даль,

Ды мне маткі і сястрычак

І айчыны жаль.

ВЯСКОВЫЯ ЎЦЕХІ 

Вёска любая мая ты!

Часам сумна мне бывае,

Ды тваім праходжу полем —

Сум умомант той знікае.

Стрэну там дзяцей вясковых —

Хоць адзежка ў іх у латах,

Столькі шчырасці чысцюткай

Бачу ў мілых вачанятах!

— Як жывеш, пане Стафане?

Усміхаецца Сцяпанка.

Там — Алесь, а там — Віктося,

Што зардзелася, там — Янка. 

Пасвяць свінак тут, авечак.

Гэты — з пужкаю гуляе,

Тая ўе вянок з валошак.

Той скацінку ў гурт збірае.

Там — Гануська-гаспадынька

З Ізабэлкай каля пашы

Шчыра бульбіны збіраюць,

Што выкопвае Лукашык.

Іх, сяброў маіх маленькіх,

Бачыць рад я на палетках –

Змітрака, Марцінка, Юрку,

Даміцэлю і Пракседку.

Іх усіх вітаю шчыра,

Грушку ім даю ці яблык.

Хто раней паглядваў скоса

На мяне, цяпер — мой сябра.

Хай жа вас сам Бог гадуе,

Вам дае здароўе, шчасце,

Ад людзей пашану, ўвагу,

Зберагае ад напасці.

Падрастай, народ маленькі,

Гаспадынькі, аратаі.

Адарыць мне вас няма чым —

Шчырым сэрцам адараю.

ЛЮБЫМ СЯЛЯНАМ З-НАД НЁМАНА І ДЗВІНЫ

Калі ж вы чытаць ужо будзеце, браце?

Вы ўведалі б з Божае ласкі,

Што вам неслі шчыра мы гэта багацце — 

Ніў вашых калоссе і краскі.

Я з сэрцам удзячным дар шчодры во гэты

Кладу перад вамі як мрою:

Калі і да вас блісне промень асветы,

Вы возьмеце дар мой з сабою.

А сёння хай знаюць вяльможныя людзі,

Хто працай узнёс іх у свеце.

Уклаў Бог адны нам пачуцці у грудзі,

Мы ўсе — адной мацеры дзеці.

АЛЬГЕРД І МАРЫЯ Ў ЧАСЫ ГЕДЫМІНА 

Над Дзвіною дзевіч-вечар,

Тут Альгерд з раднёю:

Браць прыехаў шлюб з князёўнай

Нашай маладою.

Замак віцебскі ўсе свечкі

Сёння азараюць.

Ёй, князёўне, ёй, Марыі,

Косу расплятаюць.

Не плач, красна, не плач, міла, —

Хто б слязу ёй выцер?

І табе руку, і княству

Падае той рыцар.

З ім табе і ўсяму княству

Зажывецца ў шчасці.

Вы забудзеце з Літвою

Гора ды напасці.

Ты ідзі за князя з Богам,

Каб жыць разам вечна.

Шчасце княстваў тых, што разам

Звязаны сардэчна.

ЛЕЎ САПЕГА, ВІЛЕНСКІ ВАЯВОДА, ГЕТМАН ЛІТОЎСКІ

Пану я таму здароўя й доўгіх год жадаю,

Што сялян ад аканомаў злых абараняе.

Мужыка гнятуць як могуць часта аканомы,

На яго шчэ й нагавораць пану, як вядома.

Гетман Леў Сапега мучыць мужыка нікому

Не даваў, казаў ён гэтак хіжым аканомам:

«Вам нішто мужык-араты, для мяне ж — вяльможны,

Каб не ён, ну хіба ж панам з вас зрабіўся б кожны?»

Так, вядома, на каго з вас болей рук працуе,

Той мажнейшы за ратая, што ўвесь век гаруе.

Ах, шануйма ж тыя рукі, што нас кормяць звеку,

Трэба ўсім у мужыка нам бачыць чалавека.

Не было б чым ганарыцца ўсё ж любому пану,

Каб не ўмеў араць і сеяць селянін падданы.

СВІЦЯЗЬ

(фрагмент балады)

1. 

Так, добра, што сёння жывая

Фантазія барда з-пад Нёмна

Забегла туды, дзе гайдае

Шыр водную Свіцязь няўтомна,

І там свіцязянак сустрэла,

І звіць тры вянкі ім здалела.

2.

Мне слава яго, як бальзамам,

Душу ажывіла. Прызнацца,

Рыфмую і я, ды з Адамам

Мне ў гэтым усё ж не зраўняцца:

Верш кепскі мой, Муза не тая!

Падам, што з вякоў люд наш бае.

3.

Бо шмат ад сябе ты, Адаме,

Наплёў пра часіны былыя.

Усё ж занядбаўшы паданне,

Якое данеслі старыя.

Яго чуў Тамаш у народзе

І мне перадаў пры нагодзе.

4.

На месцы, дзе Свіцязь, як вока,

Чысцюткая, горад раскошны

Быў некалі, знаны далёка,

І ў ім жыў купец найзаможны,

Які меў дачку, што сваёю

Усіх чаравала красою.

5.

І вось закахаўся ў дзяўчыну

Убогі хлапец. Як — пра гэта

Расказвае жудасны ўчынак,

Які і з’яднаў іх праз лета.

Быў хлопец з кішэняй пустою

І з гэткай жа самай душою.

6.

«Аддам у замужжа дачку я

Таму, хто шмат золата мае», –

Купец даў абвестку такую.

Хто хоча, няхай паспяшае:

Ля юнай красуні чароўнай

Заўсёды залётнікаў поўна!

7.

Дзе ж грошай узяць? Невясёла

З сабой разважае каханак.

Сланяецца, звесіўшы голаў,

Ці дзень, ці то вечар, ці ранак.

І думае ўсё. Ды хіба ты

Прыдумаеш тыя дукаты?

8.

Якой жа знайсці можна рады

Яму тут без грошай, не знае.

І д’ябальскі план, як панада,

Ужо ў галаве выспявае:

«Пайду я да ростаняў — можа,

Рагаты дарадчык паможа».

9.

У горадзе Свіцязі — поўнач,

Спяць людзі, і вецер, і рэха.

І толькі сабакі на поўнік 

Штось выюць, заходзяцца ў брэху.

Не, мусіць, усё ж недарэмна

Спакою няма ім, нядрэмным.

10.

Крадзецца хлапец сярод ночы

І сам паддае сабе страху.

У страха ж — вялікія вочы:

Ужо аж трасецца ад жаху.

Ды йдзе ўсё ж — штурхае каханне.

Дзе ж тое дарог скрыжаванне?

11.

А вось і яно. Пад дубамі

Стаў, свіснуў, пужліва стаіўся.

Аж выйшаў тут д’ябал з рагамі —

Ледзь хлопец не перахрысціўся.

Ды гэтакі страшны, агідны — 

Няўжо ёсць такія страшыдлы?

12.

Пазногці на лапах курыных —

Крукамі. Дзюбаты. З вужакаў —

Яго валасы. Хвост — казліны.

Агонь у зубах! Сам — у фраку.

Спужацца тут можна да смерці — 

Няхай бы ўзялі яго чэрці!

13.

Стаіць бедачына — дзе ж дзецца?

Ну, а валасы ў яго — дыба!

Ад страху і не абзавецца — 

Маўчыць, як у возеры рыба.

«Ты к д’яблу, мінаючы Бога,

Прыйшоў па якую падмогу?

14.

Кажы, не трасіся! Раз ногі

Сюды прывялі, к майму схову,

Чаго ж мае страшаць так рогі,

Што аж адняло ў цябе мову?

Калі ўжо рашыўся, дык трэба

Быць смелым — хай пекла ці неба!»

15.

І хлопец — знайшоў-такі сілы —

Так д’яблу на гэта гавора:

«О, д’ябле! Ўвесь свет мне нямілы!

Сюды прывяло мяне гора!

Я моцна дзяўчыну кахаю,

Ды… грошай, бо бедны, не маю…»

16.

«Ага, зразумеў: без дукатаў

Цябе мець ніхто не жадае?

Ну, што ж, памагу я, ды плата

Тут будзе не надта малая:

Аддаць жа павінен за грошы

Ты д’яблу душу, мой харошы!

17.

І загадзя я заяўляю:

Не дам табе грошы гатоўкай,

Бо іх у запасе не маю — 

Сам цешуся во залатоўкай:

Шмат трацімся мы на інтрыгі,

Але часта маем з іх фігі».

18.

Як быць? Што рабіць бедачыну?

Душы не даваць тым рагатым?

Але ж хіба зможа дзяўчыну

Займець ён без іхніх дукатаў?

І хлопец на скуры валовай

Крывёй сваёй піша ўжо ўмову.

19.

Так піша, як д’ябал дыктуе,

Ледзь водзіць рукою аслаблай,

І нібы праз сон ужо чуе

Ён мову жахлівую д’ябла.

Ды пот толькі вытра і зноўку

Выводзіць пад тую дыктоўку:

20.

«У поўнач, дзе слуп, пад дубамі,

Ты станеш каля раздарожжа,

І мы табе ў рукі агнямі

Купца заманіць дапаможам.

Заб’еш яго, возьмеш дукаты — 

Адразу ж тут станеш багаты.

21.

Жыць будзеш — усё даюць грошы! —

Ты лепш за вяльможнага пана,

Жыць сорак гадоў у раскошы

З дзятвою і жонкай жаданай.

А потым цябе у балота,

У пекла, мы прымем з ахвотай!

22.

Каб важна было гэта болей,

Мы ўсе па цябе прыйдзем самі:

У хованкі толькі, саколе,

Не ўздумай гуляць ты з чарцямі.

Табе будзе лепей самому,

Калі не ўцячэш тады з дому».

23.

Трактат падпісалі грунтоўна

Абодва — ну, як у «Тукаю»,

І ўраз разышліся бязмоўна.

Хлапец скіраваў да ручаю

І з рук кроў вадой там змывае

Ды гэтак з сабой разважае:

24.

«Ну, што ж! Покуль з’явяцца чэрці

Мяне браць у пекла па часе,

Сто раз яшчэ можна памерці —

Унь колькі гадоў у запасе!

А мы той часінаю будзем

І есці, і піць так, як людзі!»

25.

Нікчэмнасць! Вяршыня раскошы:

Піць, есці — і больш анічога!

А браць у каго яму грошы — 

Не важна: у д’ябла ці ў Бога.

Сумленне ў разлік не ўваходзіць:

Хіба ж яно шчасце дзе родзіць?

26.

Ды хай хоць каханне кабеты,

Няхай з асалод асалода — 

Як будзе ў дарозе да мэты

Жыццё хоць чыё перашкодай,

Чым звесці са свету другога,

Сябе лепей знішчы самога!

27.

Але і сябе ўсё ж няможна:

Жыццё — гэта ўласнасць не наша,

Яго адымаць нам — бязбожна.

А той жа, хто мысліць іначай,

Той, хто за дукат забівае,

Як д’ябал, душы ён не мае.

Бібліяграфія

Ян Чачот. Выбраныя творы. Мінск: «Беларускі кнігазбор», 1996. — 374 с. 

Ян Чачот. Наваградскі замак: Творы. Мінск: «Мастацкая літаратура», 1989. — 328 с. 

Ян Чачот. Свіцязь (Выбраныя творы). Мінск: «БелЭН», 1999. — 320 с. 

Ян Чачот. Выбранае: вершы, песні, балады. Мінск: «Мастацкая літаратура», 2007. — 192 с. 

***

Бурдзялёва І. Паэтыка сентыменталізму ў творах Яна Чачота // Веснік БДУ. Серыя 4. 2007, № 2, с. 14—19. 

Станкевіч С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі. (Зборнік артыкулаў). Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010, с. 34—68. 

Філаматы і філарэты: Зборнік / Рэд. К. Цвірка/ Мінск: «Беларускі кнігазбор», 1998. — 400 с. 

Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча. (Матэрыялы Трэціх і Чацвёртых Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў). // Беларусіка Albaruthenica. Кніга 10. Мінск: ННАЦ ім. Ф. Скарыны, 1998. — 112 с. 

Saloni J. Pieśniarz i śpiewaczka. Rzecz o Janie Czeczocie i Zofii Malewskiej. Nadbitka z «Prac polonistycznych». Seria XVI (1960), Warszawa. — s. 64—86. 

Świrko S. Z Mickiewiczem pod rękę, czyli Życie i twórczość Jana Czeczota. Warszawa: «Ludowa Spółdz», 1989. — 325 s.

Аўтар: Iрына Шумская, серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.