Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Ян Баршчэўскі: Збіральнік народных легенд і паданняў паданняў

Частка 1. Годны нашчадак сарматаў 

«Беларусы — немістычная нацыя», — сказаў адзін сучасны філосаф-папуліст, моцна заглыблены ў модныя зараз постмадэрнісцкія гушчары. Сказаў ён тое, па ўсім відаць, не маючы глыбокага ведання фальклору і не спрабуючы асэнсаваць шматвекавыя традыцыі, моцна знітаваныя з асаблівасцямі паўсядзённага побыту і адмысловага светаўспрымання нашых продкаў у дахрысціянскую эру. 

Бо насамрэч, беларусы — гэта звышмістычная нацыя. Нават наша нацыянальная ідэя дагэтуль паўстае ў метафарычным выглядзе чароўнай папараць-кветкі: мы шчыра верым у тое, што яе можна знайсці насуперак усім рацыянальна-прагматычным аспрэчванням, сумненням і перашкодам. І няхай нас пачнуць у чарговы раз пераконваць, што ніякай папараць-кветкі ў рэчаіснасці не існуе, што ўсё гэта толькі прыгожая казка, рэха міфаў мінуўшчыны ды ўвасабленне спрадвечнай прагі да шчасця. Але ж мы ўсё роўна не спынім свае пошукі і будзем працягваць упарта бадзяцца па змрочным лесе. Навошта? Ды проста, каб было! Было, да чаго імкнуцца. 

У гэтым можна ўгледзець відавочныя паралелі з ідэалогіяй сарматызму, якая некалі адыгрывала надзвычай важную ролю ў функцыянаванні грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця Рэчы Паспалітай. Міф аб паходжанні шляхецкага саслоўя ад племені сарматаў абгрунтоўваў права гэтага саслоўя на выключнае становішча ў дзяржаве, патрабаваў ад прадстаўнікоў шляхты выканання пэўнага «кодэкса гонару», замацоўваў у калектыўнай ментальнасці шэраг духоўных каштоўнасцей, ідэалаў і поглядаў, культываваў тугу па страчаным залатым веку і памкненне да ўсталявання «зямнога Раю». Паводле меркавання Уладзіміра Конана, у эпоху гуманістычнага Рэнесансу і Новага часу міфалагема залатога веку трансфармавалася, з аднаго боку, у ідэалізацыю гераічнага перыяду айчыннай гісторыі, а з другога — у разнавіднасці сацыяльна-палітычных утопій. 

Трэба адзначыць, што менавіта эпічнасць і ўзнёсласць сарматызму стварылі падмурак для з’яўлення рамантычных тэндэнцый у літаратуры з іх ухваленнем асабістай свабоды, апяваннем гераічнага мінулага, драматычнай напружанасцю, містыцызмам і зваротам да ідэй нацыянальнага адраджэння. 

Вобраз «сармацкага рыцара» быў рамантызаваны Адамам Міцкевічам («Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»), Генрыкам Сянкевічам (трылогія — «Агнём і мячом», «Патоп», «Пан Валадыёўскі»), а пазней — ужо крыху ў іншым ракурсе — і Янам Баршчэўскім («Шляхціц Завальня»). Шляхецкі двор з усімі ягонымі атрыбутамі і дыхтоўным ладам жыцця стаў своеасаблівым сімвалам духоўнага развіцця ва ўмовах крызісу дзяржаўнасці і нізкага ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці. Гэты, фігуральна кажучы, мікракосм з уласцівай яму атмасферай і спарадзіў асобу, якую часта называюць то «беларускім Гогалем», то «беларускім Гофманам». 

Наконт з’яўлення на свет будучага пісьменніка дагэтуль вядуцца спрэчкі. Адны даследчыкі ягонага жыцця лічаць годам нараджэння 1790, другія — 1794, трэція — 1796 або 1797 гг. Месцам нараджэння прынята лічыць фальварак Мурагі Полацкага павета, што знаходзіцца ў сучасным Расонскім раёне на Віцебшчыне каля возера Няшчэрда. Аднак, з улікам таго, што бацька Яна быў уніяцкім святаром, існуе версія адносна нараджэння хлопца ў Плябані — хутары на паўднёвым захадзе вёскі Мурагі, побач з маленькай рачулкай, якая ў XIX ст. называлася Белай*. Менавіта тут раней стаяла сядзіба, апісаная ў якасці хаты шляхціца Завальні, прататыпам якога выступіў дзядзька пісьменніка: 

На поўнач паблізу жылля — Няшчэрда, велізарнае возера накшталт марской затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі. На поўдзень ад дома нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя бярозамі і ліпамі, на захад — разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу — пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Няшчэрду. Вясна там надзвычай прыгожая; па лугах разліваецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах гучаць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю. 

* Возера Няшчэрда знаходзіцца недалёка ад мяжы з Пскоў­скай вобласцю Расіі. Яго берагавая лінія (51,18 км) — найбольш доўгая сярод усіх азёр Беларусі. На возеры ёсць тры маленькія выспы; на берагах возера стаяць 6 вёсак, у тым ліку Мурагі.

Варта адзначыць, што з’яўленне такой постаці, як Баршчэўскі, менавіта на Расоншчыне наўрад ці можна лічыць выпадковасцю. Гэтыя мясціны знакамітыя сваёй чароўнай прыродай і багатай гісторыяй. Тут маецца шмат культавых паганскіх валуноў і старажытных курганоў, у адным з якіх, паводле падання, пахаваны полацкі князь Рагвалод. 

Цікава і тое, што побач з вёскай Саколішча (якая цяпер мае статус аграгарадка) у XVI стагоддзі стаяла крэпасць Сокал, зруйнаваная ў 1579 г. падчас Лівонскай вайны. 

А ў 1581 г., пакуль ішлі перамовы паміж маскоўскім царом і Стэфанам Баторыем, які пачаў рыхтаваць паход на Пскоў, лютэранскі пастар Паўль Одэрборн, знаходзячыся з часткай нямецкіх вайскоўцаў на Падзвінні, напісаў на лацінскай мове «Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт і адзенне…». Там ён адным з першых храністаў выкарыстаў назву «Белая Русь» у дачыненні да паўночна-ўсходніх беларускіх зямель, а жыхароў называў адпаведна «русамі» або «барусамі». Нягледзячы на тое, што назва гэтая фактычна прыйшла звонку, а не ўтварылася ад аўтэнтычнага самаакрэслівання мясцовым людам, прасочваецца нейкая дзіўная паралель у тым, што праз некалькі стагоддзяў Баршчэўскі свядома, насуперак агульнапрынятым дырэктывам, выкарыстае наўпрост у назве сваёй кнігі слова «Беларусь» замест навязанага царскімі ўладамі азначэння — «Паўночна-Заходні край». 

У «Нарысе паўночнае Беларусі» Баршчэўскі з вялікім замілаваннем апісваў родныя мясціны: 

Калi хто, будучы ў гэтым краi, узышоў на вяршыню Пачаноўскае гары i глядзеў на дзiкiя ваколiцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут i там, нiбы люстэркi, адбiваюць дзённы прамень, а над iх берагамi дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нiдзе па схiлах чарнеюць бедныя сялянскiя хацiны; але не ўбачыш тут нi гарадскiх муроў, нi вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет… I толькi голас пастушка, стрэл паляўнiчага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалiнах пушчы, парушаюць на хвiлiну цiшыню ваколiцы… 

Блiжэй да Полацка возера Няшчэрда на некалькi мiль залiвае абшар, падмывае хвалямi ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень — шырокiя паплавы, усеяныя купамi лазняку, сям-там рэчкi, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разлiве азёрнае вады. Там вясна — рай; самыя розныя птушкi, здаецца, збiраюцца з усiх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзiкiх i чуллiвых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах i лясах: енк зязюлi, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкiя крыкi качак… Гэтая дзiвосная суладнасць i гэты канцэрт прыроды пераносiлi мае ўяўленнi ў нейкi чарадзейны край. 

I цяпер гэтыя мясцiны, дзе ў маленстве я бачыў столькi цудаў прыроды, гэтыя гаi, гэтыя зялёныя берагi Няшчэрды памяць малюе мне, нiбы прыснёны сад. Прыпамiнаю народныя апавяданнi пра паданнi гэтага краю, пра горы, дрэвы, Няшчэрда, якiя ходзяць сярод люду; i хоць у яго апавяданнях цяжка знайсцi поўную праўду, аднак можна бачыць нейкi след мiнуўшчыны краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцiнах можна назiраць валы, узнятыя чалавечаю рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якiя не ўспомнiў анiводзiн гiсторык. Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у цені шумлiвых хвой спачывае там якi-небудзь ваяўнiк, iмя якога даўно забытае. Я не раз чуў аповеды простага народа пра даўнiя войны, але да iх столькi дамешана казак i цудаў, што застаўся толькi слабы след мiнуўшчыны, без iмёнаў дзейных асоб. 

Бацька Яна Баршчэўскага — паводле адных звестак, меў імя Франц, паводле другіх — называўся Ян Фёдаравіч — і паходзіў са збяднелай беларускай шляхты. Прынамсі, сам Ян у школьным узросце, гаворачы пра бацьку, акрэсліваў яго як асобу шляхецкага паходжання. Разам з тым, у ваколіцах фальварка Мурагі на той час жылі і шляхцічы, і простыя сяляне з такім прозвішчам. 

Назіраючы з дзяцінства за побытам беларусаў, Я. Баршчэўскі пазней не аднойчы згадваў пэўныя дэталі жыццядзейнасці сваіх землякоў ва ўласных творах. Напрыклад, у баладзе «Зарослае возера» ён апісвае пагулянку вяскоўцаў у страўні: 

Шум за сталом, кожны куфаль трымае, 

Хто каго хоча частуе; 

Тут у дуду дзьме музыка, іграе, 

Моладзь ахвотна танцуе. 

Дзед, які з палкаю ледзь ставіў крокі,

Быццам набыў спрыт юначы, 

Сціснуў дзяўчыну, пасля рукі ў бокі 

І казака ў гурце скача. 

Пра сям’ю Баршчэўскіх наогул вядома вельмі мала. Вельмі верагодна, што ў Яна былі браты і сёстры, а маці пайшла з жыцця ў досыць маладым узросце, таму абавязкі па выхаванні разам з гаспадарчымі клопатамі цалкам леглі на бацьку. На карысць «шляхецкасці» Баршчэўскіх сведчыць і той факт, што бацька хлопчыка разумеў важнасць адукацыі, добра валодаў польскай і лацінскай мовамі і меў прыязныя стасункі з езуітамі, пад апякунствам якіх знаходзілася мясцовая ўніяцкая царква. Гэта паспрыяла таму, што будучы «збіральнік дзівосаў» патрапіў на вучобу ў Полацкі езуіцкі калегіум, са сцен якога выйшла шмат выдатных эрудытаў і грамадскіх дзеячаў*. 

* Полацкі езуіцкі калегіум дзейнічаў на працягу 232 год: з 1580 да 1812. У 1812 годзе на яго базе ўтварылі Полацкую езуіцкую акадэмію, якая працавала да 1 сакавіка 1820 г.

Бібліятэка калегіума ўяўляла сабой надзвычай багаты кнігазбор (некалькі дзясяткаў тысяч тамоў) і была адным з цэнтраў інтэлектуальнага жыцця тагачаснай Беларусі. Апроч выдатнай бібліятэкі, калегіум славіўся астранамічным, фізічным, мінералагічным ды іншымі кабінетамі, а таксама карціннай галерэяй і пабудаваным накшталт кунсткамеры музеем. Наведвальнікі галерэі захапляліся творамі Рубенса, выдатным зборам скульптуры, дзвюма тысячамі гравюр вядомых майстроў. 

У дадатак да ўсяго калегіум быў яшчэ і школай вынаходніцтва. Як сцвярджае пісьменнік Уладзімір Арлоў, па музейных залах ездзіў у калясцы механічны Купідон, у краме гандляваў купец-робат. Галоўным жа дзівам калегіума з’яўлялася велізарная механічная галава, якая «гучна, лагічна і з поўным веданнем справы адказвала на любое пытанне, зададзенае на любой мове». Як аказалася, у будынку калегіума было патаемнае памяшканне з сістэмай правадоў, адкуль механікі кіравалі сваімі робатамі, у тым ліку і механічнай галавой, што давала мудрыя парады*.

* Бібліятэку, музей, карцінную галерэю, хімічную лабараторыю, фізічны кабінет, а таксама ўсе механічныя прылады стварыў прафесар калегіума Габрыэль Грубер (1740—1805), аўстрыец па паходжанні. Ён скончыў Венскі ўніверсітэт са ступенню доктара медыцыны, выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў Любляне, будаваў караблі ў Трыесце, асушаў балоты ў Славеніі. З 1802 г. — генерал ордэна езуітаў. Загінуў пры пажары. 

Менавіта падчас навучання ў гэтай установе ў Яна Баршчэўскага выявіліся літаратурныя здольнасці. Студэнцкія канікулы ён найчасцей праводзіў у вандроўках па наваколлі возера Няшчэрда. Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты. Займаўся таксама жывапісам: маляваў пейзажы і карыкатуры, якія карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў. 

Знаёмы Баршчэўскага, Юльян Барташэвіч, узгадваў: 

Не толькі ў школе, але і на вёсцы ў бацькоў ці ў засценках у суседзяў, у свята або на ўрачыстасць, на вакацыях выхваляўся сваімі паэтычнымі здольнасцямі… А часам, калі пакідаў засценкі, цягаўся Баршчэўскі па беларускіх кірмашах: Арцейкавічы, Галубова, Межава і Галоўчыцы. То шляхціц Урвойскі зловіць паэта і як дарагі скарб возіць па кірмашах, то Латышэвіч падарожнічае з ім ад мястэчка да мястэчка. Смяяліся, спявалі песенькі, якія складаў для іх малады паэт. Гэтыя песенькі вывучвалі на памяць засцянкоўцы браты Заленскія, Праленскія, Юрагі, Урвойскія і Сівохі. Ідучы такім шляхам, Баршчэўскі мог зрабіцца паэтам простага люду ці ўласна народным, калі б адчуў у грудзях сапраўднае натхненне вестуна. Сярод вёсак забыў бы ён пра класічныя формы і спяваў бы не дзеля літаратуры, а дзеля Беларусі на мове яе народа. 

Першы беларускамоўны верш «Дзеванька» Баршчэўскі напісаў у 1809 г. Прынята лічыць, што яго з’яўленню паспрыяла рамантычная захопленасць паненкай па прозвішчы Максімовіч. Гэтая версія, аднак, падаецца сумніўнай, бо ў дадзеным творы аўтар папракае маладую асобу за легкадумнасць і беспадстаўныя прэтэнзіі на панскасць, што зусім не ўласціва закаханаму чалавеку. 

Пасля паўстаў верш «Гарэліца» (абодва былі апублікаваныя толькі ў 1843 г.), а таксама паэма «Пояс Венеры» (да нашых дзён не захавалася). Біёграф пісьменніка, Рамуальд Падбярэскі (1812—1856), адзначыў наступную акалічнасць: 

Пры кожнай урачыстасці Ян выступаў з вершам, арацыяй, так што была гэтая фігура святочная, урачыстая, якую неаднойчы ўзнімалі да годнасці лаўрэата. Вось тады ён напісаў знакамітую паэму пра «Пояс Венеры», у якой наракаў на адсутнасць кахання ў найноўшыя часы і, прыгладзіўшы яе на класічны ўзор, атрымаў воплескі ад сваіх таварышаў. 

Характэрнай для літаратуры таго часу была схільнасць не толькі да лірызму, але і да маралізатарства: напрыклад, у вершы «Гарэліца» аўтар іранізуе над п’яніцам з яго прагай да моцнага напою: 

А я ж пану пакланюся: панок, маё гора, 

Жыта касіў, сена грабіў цэлы дзень учора. 

Вот тут пан прасціць і міласць пакажа, 

Яшчэ хлопцу гарэліцы мне прынесць прыкажа. 

Наступны беларускамоўны верш — «Бунт сялянаў» (быў вядомы таксама пад назвай «Рабункі мужыкоў», надрукаваны ў 1840 г.) — Баршчэўскі напісаў, ужо будучы студэнтам Полацкай езуіцкай акадэміі (цар Аляксандр I у 1812 г., яшчэ да вайны з Напалеонам, падпісаў загад, згодна з якім Полацкі езуіцкі калегіум пераўтварыўся ў акадэмію). 

У дадзеным вершы апісваецца канкрэтны выпадак, які адбыўся ў 1812 годзе. Варта ўзгадаць, што калі французы акупавалі беларускую зямлю, сімпатыі мясцовай шляхты падзяліліся, і значная яе частка стала на бок французаў. Як і ў кожнай вайне, тут не абыходзілася без марадзёрства, таму ў «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі асуджае не сялянскае паўстанне наогул (як гэта часта лічыцца), а звычайнае злачынства, крадзеж, інспіраваныя чужаземцамі «рабункі» маёмасці. Адначасова ў творы ўскосна ілюструецца характар ментальнасці беларускага сялянства, якое і дагэтуль прызвычаілася «біць чалом» перад уладай да таго часу, пакуль жыццё не стане зусім ужо нясцерпным: 

Ці мы людзі не такія? 

Што нам пагрозы ўсякія?! 

Ідзеш у двор і баішся, 

Пакуль к пану прыступішся. 

Вяртаючыся да Полацкай акадэміі, адзначым, што там дзейнічалі тры факультэты: тэалагічны, моў і літаратур, філасофіі і вольных мастацтваў. Выдавецтва акадэміі друкавала слоўнікі, падручнікі, навуковыя трактаты, календары і літаратурныя зборнікі на дзесяці мовах. Між іншым, параўнальна з езуіцкімі школамі навучальныя ўстановы царскай імперыі былі настолькі прымітыўнымі, што расійская знаць, каб даць дзецям прыстойную адукацыю, часта прывозіла іх у Полацк. 

Скончыўшы неўзабаве пасля вайны 1812 года перадапошні клас гэтай навучальнай установы, Баршчэўскі атрымаў званне кандыдата акадэміі і збіраўся працягваць вучобу ў Віленскім універсітэце. Нават ужо накіраваўся ў Вільню, але ў апошні момант прыняў прапанову свайго знаёмага і заняўся гувернёрствам. Адначасова ў яго ўзмацнілася цікавасць да беларускага фальклору, прыклады якога ён міжволі занатоўваў у памяці, наведваючы радзіму і пазней сцвярджаючы: 

Жыхары гэтага краю, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх твары заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду. Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай. 

Але трэба падкрэсліць, што нягледзячы на абсалютную «сялянскасць» тэматыкі творчасці Баршчэўскага, пісаў ён у першую чаргу для шляхты і пра шляхту, звяртаючы ўвагу на абавязкі шляхецкага саслоўя перад грамадствам і паэтызуючы любоў да роднай зямлі і звыклых краявідаў. 

У беларускім грамадстве доўгі час панавала навязанае звонку памылковае перакананне, што ўся мясцовая шляхта была «польскай», а князі, якія валадарылі тут у часы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага — адпаведна «жамойцкімі» або «летувіскімі». Разам з гэтым упарта насаджалася (і працягвае шырока эксплуатавацца нават сёння) думка пра тое, што беларусы — «сялянская нацыя, у якой не было сваёй эліты». 

Больш бязглузды маніфест і прыдумаць цяжка, бо калі зірнуць глыбока ў сусветную гісторыю, атрымаецца, што немагчыма знайсці такую нацыю, якая б не мела сялянскіх каранёў. Але пісьменнікі, аддаючы даніну модзе, часта прагнуць усяляк узвысіцца над простым людам і адасобіцца ад яго, пра што з абурэннем пісаў яшчэ Р. Падбярэскі ў сярэдзіне XIX стагоддзя: 

…яны пішуць класічныя паэмы, гросбухаўскія вершы, нейкія драмы-прывіды, а не ведаюць зямлі, што іх нарадзіла, народа, сярод якога ўзгадаваліся! 

Я. Баршчэўскі, вядома, на фоне такіх пафасных дзеячаў выглядаў поўнай супрацьлегласцю. 

Некалькі гадоў пісьменнік служыў у «шаноўных людзей», а вясной 1817 г. падаўся ў сталіцу Расійскай імперыі — Санкт-Пецярбург. Там ён уладкаваўся на дзяржаўную службу ў марскім ведамстве, што дало магчымасць пабываць у розных краінах Еўропы, у тым ліку ў Вялікабрытаніі, Францыі, Фінляндыі. 

Але «палымянае замілаванне да навукі і цалкам паэтычная натура, якая прымушала яго імкнуцца да незалежнага спосабу жыцця», былі прычынаю таго, што Баршчэўскі хутка пакінуў службу і зноў заняўся гувернёрствам, пачаўшы выкладаць грэчаскую і лацінскую мовы і адначасова больш паглыблена вывучаць замежныя літаратуры. Але замежныя культурныя тэндэнцыі не прываблівалі ўраджэнца зямлі крывічоў. Ён сам сведчыў: 

Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія. Лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. 

І разам з тым, уплыў традыцый сарматызму і пастулатаў рамантызму, якія прыходзілі да нас з Захаду, быў відавочны ў творчасці гэтага, як адзначалі ягоныя сучаснікі, «льва беларускай літаратуры». 

У светапоглядзе Баршчэўскага было шмат такога, што ішло ад шляхецкага кансерватызму. Капіталістычныя адносіны, якія неслі з сабой новыя формы прыгнёту і паглыблялі адчужэнне паміж людзьмі, палохалі паэта, ён не жадаў разумець, што гэта — непазбежная ступень у развіцці соцыуму. І таму, як і ягоны цёзка Ян Чачот, Баршчэўскі імкнуўся адшукаць ідэал у рамантызаваным мінулым, ідэалізаваў уяўную старашляхецкую вольнасць і пачцівасць. Вера ў лепшую будучыню часта спалучалася ў яго са скрухай наконт абмежаваных магчымасцей асобнага індывіда. 

Як і іншыя рамантыкі, Баршчэўскі крытычна пазіраў на навакольную рэчаіснасць, супрацьпастаўляючы ёй грамадства, заснаванае на справядлівасці, міласэрнасці і любові да бліжніх. 

Паводле меркавання Людмілы Рублеўскай, героі Яна Баршчэўскага — тыповыя рамантычныя персанажы, чыя добраахвотна ўзятая на сябе пакута беспрытульнасці ўвасабляе не толькі адвечнае несупадзенне асобы паэта і прафаннага свету, але і боль за страчаную, паняволеную радзіму, забраны край. Ягоныя персанажы — сын Буры, Плачка і іншыя — носьбіты нацыянальнай самасвядомасці, незалежнасці Айчыны, сімвалы неўміручасці нацыянальнага духу і адначасова тугі па страчаным залатым веку. 

Частка 2. На зломе эпох, на памежжы культур 

Падзелы Рэчы Паспалітай і ўваходжанне Беларусі ў склад Расійскай імперыі вельмі моцна паўплывалі на культурна-асветніцкія працэсы, што адбываліся на землях нашай Бацькаўшчыны. Ліквідаванне Полацкай езуіцкай акадэміі (1820) і Віленскага ўніверсітэта (1832), забарона тутэйшым ураджэнцам з 1824 г. набываць вышэйшую адукацыю за межамi Расiйскай iмперыi, а таксама скасаванне дзеяння Статута Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (1831), ліквідацыя ўніяцкай царквы (1839) сталі значнымі негатыўнымі з’явамі ў сацыякультурным развіцці беларускіх зямель. 

Выгнанне езуіцкага ордэна акрэсліла пачатак вымушанай масавай эміграцыі інтэлігенцыі. Айчынныя езуіты раз’ехаліся па ўсім свеце. Шэраг з іх, дарэчы, сталі вядомымі педагогамі і навукоўцамі. Мікалай Будзько атрымаў званне прафесара матэматыкі і выкладаў у Рыме і Спалета. Юзаф Дмахоўскі заняў пасаду рэктара езуіцкага калегіума ў Мадэне і быў шырока вядомы як філосаф-неасхаласт. Ураджэнец Оршы Францішак Дзеружынскі лічыцца заснавальнікам у ЗША сеткі каталіцкіх навучальных устаноў, а таксама адным з арганізатараў Джорджтаўнскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне. 

Наступная хваля масавай эміграцыі з Беларусі тутэйшай эліты была звязана з падаўленнем нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гг. Царскі ўрад жорстка ставіўся да падазроных ва ўдзеле ў гэтым «мяцяжу» — іх чакала канфіскацыя ўсёй маёмасці і адпраўка простымі салдатамі на Каўказ або на катаргу ў Сібір. 

Р. Падбярэскі засведчыў: 

Гісторыя паказвае нам Беларусь як сірочую зямлю, якой ніхто ніколі па-бацькоўску не апекаваўся. Была гэтая зямля пераходаў, здабыча суседняе дзічыны. 

У акрэслены перыяд наш край стаў імкліва і вельмі істотна страчваць уласны інтэлектуальны патэнцыял, што было выклікана як эміграцыяй адукаваных колаў насельніцтва, так і закрыццём усіх значных мясцовых вышэйшых навучальных устаноў. Дадзены чыннік абумовіў паступовае згасанне непасрэдных навуковых і культурных кантактаў Беларусі з Захадам і ўзмацненне з сярэдзіны ХІХ ст. сувязяў з асветніцкімі цэнтрамі ўнутры Расійскай імперыі, сярод якіх адну з галоўных роляў грала тагачасная сталіца — Пецярбург. 

Як гэта не парадаксальна, але менавіта ў Пецярбургу, у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, выспявала і мацавалася нацыянальная думка. Баршчэўскі і ягоныя сябры добра ведалі пра пашыраны ў расійскай гістарычнай навуцы і публіцыстыцы погляд на Віцебшчыну і Магілёўшчыну як на беларускія землі (гэта значыць — не літоўскія і не польскія). Ведалі яшчэ з дзяцінства, бо выхоўваліся ў лаяльных да царызму езуітаў. Прадстаўнікі ж гэтага ордэна ў знак удзячнасці Расіі за права жыць на яе землях (пасля выгнання іх з усіх іншых краін) актыўна замацоўвалі праз развітую сетку школ ды калегій у грамадскай свядомасці думку, што імперыя не захоплівала польскіх ці літоўскіх зямель, а толькі вярнула свае — беларускія, ці нават беларасійскія. Гэта, па сутнасці, быў той шлях, які пазней, у 1860-я гады, перарасце ў так званы «заходне-русізм», што, між іншым, працягвае актыўна прасоўвацца ў нашым грамадстве і ў цяперашні час. 

Але ў пачатку XIX стагоддзя пад уплывам патрыятычных ідэй адраджэння велічы Рэчы Паспалітай, ідэй, якіх прытрымлівалася большасць грамадзян былога Вялікага Княства Літоўскага, фарміравалася беларуская нацыянальная думка, у аснове якой — сцвярджэнне рэгіянальнай адасобленасці Беларусі, развіццё этнаграфічнай адметнасці гэтага краю. 

Акурат у Пецярбургу Я. Баршчэўскі пазнаёміўся і з найбольш яскравым прадстаўніком сваёй эпохі — паэтам Адамам Міцкевічам (1798—1855) з Навагрудчыны. 

Як сведчыць даследчык творчасці Баршчэўскага Мікола Хаўстовіч, хоць А. Міцкевіч і меў пэўныя стасункі з ліцвінска-беларускім зямляцтвам (пераважна з мастаком Юзафам Аляшкевічам), але хутчэй за ўсё з Баршчэўскім ён мог сустрэцца толькі напрыканцы 1820-х гадоў, калі, спрабуючы наладзіць выданне часопіса «Іrys», прыязджаў і жыў у сталіцы імперыі з 6 снежня 1827 да 27 студзеня 1828 г., а таксама ў красавіку 1828 г., калі зусім перасяліўся ў Пецярбург, дзе знаходзіўся да 15 траўня 1829 г. — дня канчатковага выезду за мяжу. 

У дзённіку Канстанціна Сербіновіча, калегі Я. Баршчэўскага па Полацкай езуіцкай акадэміі, занатаваны звесткі пра частыя кантакты абодвух суайчыннікаў. Відаць, падчас адной з такіх сустрэч і меў месца факт, які прыгадаў у артыкуле-некралогу Юльян Барташэвіч: 

Быў тады якраз у Пецярбургу знакаміты аўтар «Конрада Валенрода» і «Гражыны», які раптам заззяў на небасхіле польскай паэзіі як зорка першае велічыні. Маладыя літаратары прыносілі Адаму плён сваёй працы, туліліся пад крылом вестуна. Баршчэўскі таксама прынёс сшытак паэзіі. I любіў потым паўтараць перад маладзейшымі, што аўтар «Гражыны» чытаў ягоныя вершы, пахваліў іх і сваёй рукою паправіў некаторыя. Баршчэўскі захоўваў гэтыя аркушы як дарагую памятку. Праўкі, аднак, не закраналі саму паэзію — недасканаласць формы, а не духу папраўляў знакаміты творца. 

Асаблівасці жыццёвага шляху Баршчэўскага другой паловы 1830-х гадоў зафіксаваны таксама ў ягонай карэспандэнцыі да Юліі Корсак, што жыла ў маёнтку Рудня каля Невеля, у стасунку да якой пісьменнік меў трывалыя сантыменты. Аднак Юлія, шануючы памяць пра мужа (які, хутчэй за ўсё, быў сасланы пасля паўстання 1830—31 гг.), не была гатовая да новых адносін, таму акрэсліла сваё стаўленне да Яна як прыяцельскае, дазваляючы яму называць сябе «сястрой». У прыватнасці, пасля вяртання летам 1838 года з Беларусі ў Пецярбург Баршчэўскі піша: 

Калі я вяртаюся дадому на адпачынак, мае думкі лятуць далёка і толькі там хочуць быць, дзе могуць сустрэць позірк сястры ды пачуць яе гаворку. 

Гэтым жа летам Баршчэўскі пазнаёміўся на Невельшчыне з сям’ёй Буйніцкіх, што звычайна жылі ў маёнтку Ігнаполле ці фальварку Панова, але зрэдку прыязджалі ў Пецярбург. Сяброўства з Буйніцкімі знайшло водгук і ў паэзіі: падчас сваіх прыездаў да іх Баршчэўскі напісаў верш «Малому Буйніцкаму» і санет «Для В. П. Буйніцкай». 

Лірычны талент Баршчэўскага выявіўся, сярод іншага, у майстэрскім апісанні наваколля і з’яў прыроды, (як, напрыклад, у баладзе «Дзве бярозы»): 

Лес аж гудзе, вецер дрэвы згінае, 

Б’ецца, шалее віхура. 

Гром паднябесны зямлю скалынае, 

Ноч усю носіцца бура. 

У другой палове 1830-х гадоў Баршчэўскі не надрукаваў чамусьці аніводнага твора, хоць пісаў даволі многа, пра што сведчаць ягоныя лісты да Юліі Корсак, у якія ён далучаў і свае вершы. На працягу 1837—39 гг. у шаснаццаці лістах іх было змешчана 18, а гэта — больш за 700 вершаваных радкоў. На жаль, большасць з ix незваротна страчана. 

Напрыканцы 1830-х — пачатку 1840-х гадоў Я. Баршчэўскі сустракаўся ў Пецярбургу з маладым Тарасам Шаўчэнкам (1814—1861)*. Няма падстаў не верыць вядомаму бібліяфілу ды калекцыянеру Рамуальду Зямкевічу, які, маючы архіў літаратара сярэдзіны XIX ст. Ігната Легатовіча, у адной з сваіх публікацый у «Нашай ніве» (1911, № 8) пераказаў ліст Вінцэнта Газдавы-Рэвута: 

* Тарас Шаўчэнка жыў у Пецярбургу з 1838 па 1847 гг.

Першым з украінцаў, які зацікавіўся пачаткам беларускага літаратурнага адраджэння, быў вялікі Кабзар Украіны Т. Шаўчэнка. Жывучы ў Пецярбургу, пазнаёміўся Шаўчэнка ў 1839 годзе з беларускім пісьменнікам Я. Баршчэўскім. Каля Баршчэўскага сабраліся тады і другія беларусы, і вось яны пад уплывам Баршчэўскага сталі цікавіцца Беларушчынай і пастанавілі друкаваць свае творы. Шаўчэнка пазнаёміўся з усімі гэтымі беларусамі, прасіў іх, каб чыталі яму свае беларускія творы, і асабліва зацікавіўся народнымі беларускімі песнямі. Адзін з маладых беларусаў, Р. Падбярэскі, ведаў многа песень; ён праспяваў іх Шаўчэнку і, апроч таго, чытаў яму ўсе беларускія творы Баршчэўскага і ўкраінскую «Энеіду» Катлярэўскага ў перакладзе Манькоўскага. 

Шаўчэнку народныя песні спадабаліся, штучныя літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў ён крыху пакрытыкаваў, кажучы, што ў іх мала чыста народнага элемента. Аб «Энеідзе» Манькоўскага Шаўчэнка заўважыў, што гэты твор мае значна больш чыста беларускага элемента і таму ён найбольш цікавы для яго. Пасля гэтага Шаўчэнка заахвочваў беларусаў, каб не пакідалі сваёй працы для народа, бо гэта іх абавязак, а праца іх, нягледзячы на цяжкія варункі, не прападзе дарма, і сляды гэтай працы застануцца. Вось і ўсё, што вядома нам аб Шаўчэнку. Ведамасці гэтыя мы маем з прыватнага ліста Вінцука Рэвута да Легатовіча. 

Пацвярджэннем факта сустрэч Я. Баршчэўскага з Т. Шаўчэнкам можа служыць і тое, што ў сярэдзіне 40-х гадоў XIX ст. Р. Падбярэскі меў пэўныя кантакты з украінскім Кабзаром. Таксама і ідэйна-тэматычная накіраванасць творчасці Яна Баршчэўскага шмат у чым перагукаецца з паэзіяй Т. Шаўчэнкі. 

Увосень 1839 г. адбылася значная падзея не толькі ў жыцці Баршчэўскага, але і ў гісторыі развіцця беларускага асветніцтва — пецярбургскія студэнты, што паходзілі з Беларусі, Літвы і Польшчы, заснавалі свой друкаваны орган. Назвалі яго «Niezabudka», як напамін пра родны край. Яны звярнуліся да Яна Баршчэўскага з просьбаю прыняць на сябе абавязкі выдаўца альманаха, бо ў царскай Расіі студэнты не мелі права займацца камерцыйнай дзейнасцю. 

У выніку з’явілася паведамленне ў № 84 (ад 15 лістапада) «Туgodnika Petersburskiego» зa 1839 год: 

Хутка будзе аддадзены ў друк альманах «Niezabudka». Выдавец Я. Баршчэўскі, які вядомы дасюль толькі ў коле знаёмых ды прыяцеляў, цешыць сябе думкаю, што чытацкай публіцы спадабаецца, з якім густам зроблены ў ім падбор твораў. 

I паэт, апрача сваёй штодзённай выкладчыцкай працы, якая не прыносіла яму задавальнення, клапатліва ўзяўся за збіранне падпіскі. Ён меў шмат знаёмых у Пецярбургу, нават сярод арыстакратаў, але асабліва шырокія сувязі былі ў яго на Беларусі. Сярод падпісчыкаў зборніка фігуравалі імёны Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Рамуальда Падбярэскага, кампазітара Антона Абрамовіча (на другі томік падпішацца і Адам Міцкевіч, які тады ўжо знаходзіўся ў эміграцыі). Вельмі дапамаглі Баршчэўскаму Юлія Корсак і Гаўдэнты Шапялевіч, якія знаходзілі на Невельшчыне і Полаччыне шматлікіх будучых чытачоў пецярбургскага альманаха. 

Напрыканцы лютага 1840 г. «Niezabudka» выйшла з друкарні Караля Края, і ўзрадаваны Баршчэўскі адразу ж даслаў яе асобнікі вядомым польскамоўным літаратарам Міхалу Грабоўскаму і Юзафу Крашэўскаму, спадзеючыся пачуць іхнія водгукі: усё ж пяць сваіх твораў паэт упершыню аддаў на суд шырокага кола чытачоў. Нягледзячы на тое, што асаблівых панегірыкаў Баршчэўскі не дачакаўся, аднак у цэлым прыязна ацэненая Т. Буцельскім з Масквы і Ю. Крашэўскім «Niezabudka» атрымала перспектыву далейшага існавання, а яе выдавец — сталы заробак. 

Калі для першага томіка студэнцкіх твораў было дастаткова, дык для другога трэба было пашыраць шэраг аўтараў. Таму Баршчэўскі пачаў звяртацца да сваіх знаёмых з просьбай напісаць штосьці для альманаха. Асабліва ўдала атрымалася з Людвікам Штырмерам, пачынальнікам псіхалагічнай прозы ў польскай літаратуры. Вось успаміны пра гэта Элеаноры Штырмер, жонкі Людвіка: 

Выдавец пецярбургскага альманаха пан Баршчэўскі быў нашым штодзённым госцем і прыяцелем. Не ведаю, адкуль яму прыйшла думка прасіць мяне напісаць які-небудзь артыкул у альманах. Мой муж, будучы сведкам ягонай просьбы і маёй адмовы, сказаў жартам: «Будзь спакойны, Баршчэсю, даю табе слова, што будзеш мець аповесць». Сапраўды, з’явіўся «Пантопель». Аповесць мела поспех… 

У чэрвені 1842 г. Баршчэўскі адпачываў у сваей любімай Рудні, фальварку Г. Шапялевіча і Ю. Корсак, а ў Пецярбург вяртаўся праз Полацк і Асвею. Гэтае сваё падарожжа ён выкарыстаў для афармлення падпіскі на «Niezabudku», для сустрэч з сябрамі і новых знаёмстваў. У Асвеі паэт запазнаўся з беларускімі літаратарамі, якія рыхтавалі да выдання польскамоўны альманах «Rubon»*. Калі альманах пачаў выходзіць у свет, ён паміж іншых аўтараў друкаваў і Яна Баршчэўскага. 

* Рубон — гэта старажытны назоў Заходняй Дзвіны. Альманах пад такой назвай стварылі тры браты Грымалоўскія разам з І. Храпавіцкім і К. Буйніцкім. За 7 гадоў (1842—49) у Вільні вый­шлі з друку 10 кніжак альманаха.

У Пецярбургу Баршчэўскі адразу ж пачаў клапаціцца пра трэці томік «Niezabudki»: Вінцэнт Давід, галоўны ініцыятар і былы рэдактар выдання, закончыўшы ў 1841 годзе ўніверсітэт, вярнуўся ў Варшаву, таму цяпер увесь цяжар рэдактарскай і выдавецкай працы зваліўся на Баршчэўскага. У пэўным сэнсе карыстаючыся службовым становішчам, ён рэгулярна змяшчаў у альманаху і свае вершаваныя творы, якія прыцягнулі ўвагу Міхала Грабоўскага, уплывовага тагачаснага крытыка і літаратара. Той адзначыў: 

Балады паэта заснаваныя на народных беларускіх традыцыях; гэтыя традыцыі маюць сваю прыгажосць, і не варта перапісваць іх на ўзор літаратурных балад, а лепей бы даць у першапачатковай чысціні. 

Наогул, хоць паэтычная творчасць Баршчэўскага вядома менш за празаічную, але ад гэтага яна не становіцца менш каштоўнай. Гэты першапачынальнік беларускай літаратуры, як і абсалютная большасць ягоных добра адукаваных суайчыннікаў, часцей за ўсё карыстаўся польскай мовай, у тым ліку і пры стварэнні мастацкіх твораў*. Тым не менш, аналізуючы змест апошніх, можна з лёгкасцю заўважыць як міжвольныя згадкі паэта пра родную зямлю, так і шчыльную знітаванасць паэтычных вобразаў з беларускім фальклорам. У прыватнасці, у баладзе «Русалка-спакусніца», заснаванай на простанародных паданнях, Баршчэўскі ўзнёсла сцвярджае: 

* Дарэчы, сусветна вядомы класік расейскай паэзіі Аляксандр Пушкін спачатку пісаў свае вершы на французскай мове.

Вось і край бацькоўскі блізка. 

Родныя палі, як песні. 

Спёка спала, сонца нізка, 

Салавей — музыка весні — 

Гукі светлыя губляе, 

Дзівіць, смуціць, захапляе. 

Рамантычнай настальгіяй прасякнутыя і радкі верша «Падарожжа»: 

Не засну я. Дні былыя 

Промень памяці вяртае. 

Быццам кнігу, зноў гартае 

Сны дзяцінства залатыя. 

Думкі рояцца ў прасторы. 

Бачу добра сэрца вокам. 

Хвілі ўсе мае за змрокам — 

Мне яны зіхцяць, як зоры. 

Нягледзячы на тое, што ў вершах Баршчэўскага некаторыя калегі па літаратурным асяроддзі і крытыкі знаходзілі шэраг недахопаў, яны, прызнаючы самабытнасць ягоных сачыненняў, пачалі настойліва схіляць пісьменніка да больш грунтоўнай дзейнасці. Гэта ў выніку прывяло да таго, што Баршчэўскі пакінуў выкладчыцкую працу і цалкам засяродзіўся на літаратурнай творчасці. Рамуальд Падбярэскі ў лісце да Юзафа Крашэўскага сведчыў: 

Пан Баршчэўскі заняўся больш адпаведнай для сябе працай: ён узяўся за апісанне ўсіх класаў пецярбургскага грамадства, у яго ёсць цікавы артыкул пра літаратурныя суполкі. Ён заўсёды мае на мэце нашых землякоў, а беларусам дасталося больш за ўсіх — ужо ў палове твора. Сама душа Баршчэўскага праяўляецца на кожнай старонцы, але шкада, што праца ягоная не шмат мае прывабнасці, бо, пэўна, толькі вершам умее пісаць. Аднак гэтая асаблівасць не перашкаджае маляваць сцэны найарыгінальнейшым спосабам, зусім не простым. Для мяне ён піша «Нарысы Беларусі», бо не ведаю, ці ёсць дзе другі чалавек, які б так усебакова ведаў Беларусь. Калі ёсць, дык гультай які, не здольны да пяра. Адкрыўшы гэтую якасць у Баршчэўскім, я стараўся адвабіць гэтага 50-гадовага дзядульку ад вершаскладання. 

Увосень 1842 г., вярнуўшыся з чарговага падарожжа па Беларусі, паэт зноў заглыбляецца ў творчыя клопаты. Яму больш даспадобы засяроджвацца на сваіх думках, чым «быць на літаратурных вечарах і часта сядзець да трэцяй гадзіны пасля апоўначы, слухаючы лухту розных разумнікаў». Прыязныя адносіны з Р. Падбярэскім спрыялі таму, што выдавец «Rocznika Literackiego» ў першы томік свайго альманаха ўключыў артыкул Я. Баршчэўскага «Нарыс паўночнае Беларусі», а таксама і ягоны партрэт: 

Пан Жукоўскі намаляваў мяне ў нейкім рамантычным стылі. Я стаю ля ракі Нява, у капелюшы, засяроджаны ў думках, абапёршыся на прыбярэжны граніт… Пэўна, гэты сюжэт ён запазычыў з майго апісання Беларусі, дзе я згадваю, што мае думкі часта адлятаюць ад берагоў Нявы да роднай зямлі, дзе столькі мілых успамінаў… 

Улетку 1843 г. Баршчэўскі зноў скіраваўся ў Беларусь, каб сустракацца з сябрамі, распаўсюджваць чацвёрты і збіраць падпіску на пяты томік «Niezabudki». Вярнуўшыся 18 жніўня ў Пецярбург, ён заняўся рэдагаваннем альманаха, карэспандэнцыяй, а вечарамі — аповесцямі з будучай кнігі. Па просьбе Ю. Крашэўскага восенню 1843 г. ён даслаў у часопіс «Athenaeum» адно апавяданне («Пра Чарнакніжніка і Цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем»), якое было надрукавана ў першым томе часопіса пад назвай «Шляхціц Завальня». А вось для сваёй «Niezabudki» на 1844 г. пісьменнік падрыхтаваў яшчэ адзін твор — аповесць «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта». 

Пяць гадоў выдаючы альманах «Niezabudka» па падпісцы, Баршчэўскі так і не здолеў сабраць грошай, каб выдаць галоўны твор свайго жыцця. «Niezabudka» яго карміла, але асаблівага прыбытку не прыносіла. Абвесціць падпіску на шматтомнае выданне Баршчэўскі не адважыўся, таму мусіў дадаткова шукаць выдаўца. Ім стаў Ян Эйнерлінг, які, закончыўшы выдаваць творы Мікалая Карамзіна, за свае сродкі ўзяўся друкаваць апавяданні свайго знаёмца яшчэ па Полацкай езуіцкай акадэміі. 

У лістападзе 1844 г. выходзіць першы томік «Шляхціца Завальні», а ў газетах з’яўляюцца абвесткі наступнага зместу: 

У класічнай кнігарні (яна належала Яну Эйнерлінгу. — І. Ш.) на Неўскім праспекце, у доме лютэранскай царквы Св. Петры на трэцім паверсе (сходы, дзе цукерня Дамініка) наступны новы твор п. Яна Баршчэўскага — «Беларусь у фантастычных апавяданнях» — будзе выходзіць томікамі, такімі ж, як і першы, кожны з якіх будзе каштаваць 50 кап. срэбрам. Перад Новым годам я маю намер выдаць другі томік, перад месяцам маем — трэці, а ў снежні — чацвёрты і так увесь твор завяршыць. Ян Эйнерлінг. 

Другі томік «Шляхціца Завальні», як і абяцаў выдавец, выйшаў перад новым, 1845 г., а вось далей справы пайшлі не так гладка. Выдаўшы ў другой палове 1845 г. трэці томік, Ян Эйнерлінг перадаў справу Баршчэўскаму, магчыма, каб той меў хоць які заробак перад сваім ад’ездам з Пецярбурга. Зрэшты, маглі быць і нейкія непаразуменні паміж былымі школьнымі сябрамі, у выніку чаго іхняе супрацоўніцтва спынілася. На такую думку наводзіць той факт, што чацвёрты томік «Шляхціца Завальні» выйшаў пасля 22 сакавіка 1846 г. не ў друкарні Караля Края, як папярэднія (а таксама пяць томікаў альманаха «Niezabudka»), а ў Эдварда Пратца. 

Кніга Баршчэўскага, напісаная на польскай мове (якая на той час выконвала функцыю асноўнай пісьмовай мовы шляхты), адрасавана тым адукаваным землякам, што пазабыліся роднай беларускай мовы. Пісьменнік спрабаваў давесці, што народ, які стварыў такую высокамастацкую, фантазійную, паэтычную культуру, заслугоўвае паважнага стаўлення да сябе. 

Закончыўшы выдаваць «Шляхціца Завальню», Я. Баршчэўскі ў 1846 годзе назаўсёды пакінуў «паўночную сталіцу». Ю. Барташэвіч, які інфармацыю пра апошнія гады жыцця пісьменніка атрымаў ад Генрыка Ржавускага, аб прычынах пераезду казаў так: 

Апрача Беларусі, Баршчэўскі зусім не ведаў іншых ваяводстваў даўнейшае Рэчы Паспалітай. Настаўніцкая праца яму ўрэшце надакучыла, і ён захацеў на старасці адпачыць. Літаратар з шырока ўжо вядомым імем, ён марыў пабачыць іншыя куткі роднай зямлі. Выказаў гэтае жаданне пані графіні Юліі Ржавускай, якая якраз выпраўлялася з Пецярбурга ў свае маёнткі на Валыні. Баршчэўскі быў ужо колькі гадоў у доме графіні амаль сваім чалавекам. Пані Ржавуская вельмі ўзрадавалася і запрасіла яго з сабою ў Цуднаў. 

Так Баршчэўскі апынуўся ў Цуднаве (сёння — горад Чуднаў у Жытомірскай вобласці Украіны) у доме графаў Ржавускіх, дзе таксама даводзілася жыць славутаму мастаку Напалеону Ордзе. Прыязныя адносіны гаспадароў, наяўнасць вольнага часу дазволілі пісьменніку вандраваць па наваколлі, сустракацца са знаёмымі. Юльян Барташэвіч у артыкуле «Я. Баршчэўскі» потым пісаў: 

Усюды, куды ён прыходзіў, яго міла прымалі, і ён гасцяваў па некалькі дзён і тут, і там. То вучыў панскіх дзяцей, то гутарыў з бацькамі. Не ленаваўся працаваць, заўсёды быў здаровы і бадзёры. Нарэшце, вясковы спакой і свабода перамаглі. 

Калі ж пані Ржавуская вярталася ў Пецярбург, Баршчэўскі ўжо не хацеў з ёй ехаць; так упадабаў Цуднаў і жыхароў ваколіцы, што марыў назаўсёды застацца ў вясковым доміку графіні, хацеў пражыць тут рэшту жыцця і нават памерці ў гэтым шчаслівым вясковым кутку. 

Так яно і адбылося. Праз чатыры з паловай гады, у студзені 1851 года Баршчэўскі моцна занямог (у яго былі сухоты) і, прадчуваючы хуткі скон, колькі разоў спавядаўся. У дзень перад смерцю сам папрасіў пра апошняе памазанне святым алеем і прыняў гэты сакрамант у поўнай свядомасці, пасля чаго пачаў слабець яшчэ больш. Графіня Ржавуская і сям’я доктара Кёлера былі пры ім да апошняй хвіліны. Уладальніца Цуднава падала яму кубак пітва, а праз дзве гадзіны Баршчэўскі ціха сканаў. Адбылося гэта 12 сакавіка 1851 г. 

Праз некалькі дзён аўтара «Шляхціца Завальні» з належнымі ўрачыстасцямі пахавалі на могілках у Цуднаве. 

На жаль, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі старыя польскія могілкі былі бязлітасна зруйнаваныя, таму сёння знайсці дакладнае месца пахавання Баршчэўскага немагчыма. 

Частка 3. Зараджэнне айчыннага фэнтэзі 

Сучасны празаік і калумніст Альгерд Бахарэвіч у сваім нарысе «Курсіў чарнакніжніка» піша: 

Па сваім значэнні Баршчэўскі — браты Грым белліту, прычым і Вільгельм і Якаб у адной асобе. Ад Якаба ў яго ўся этнаграфія, ад Вільгельма — чараўніцтва: казкі, пачвары, прыгоды. Розных Якабаў на тутэйшых абшарах хапала і да, і пасля Баршчэўскага, але ніводзін з іх не меў адпаведнага літаратурнага таленту. Інакш кажучы — не ўмеў чараваць, бо літаратура ёсць найперш чараўніцтва, усё астатняе для яе неістотна. Таму самым чыстым жанрам літаратуры ёсць казка. Як вядома, Якаб Грым, застаўшыся адзін, памёр, рыхтуючы для слоўніка артыкул пра слова «Frucht» — «Шляхціц Завальня» ніколі не выспеў бы, а феномен Баршчэўскага ніколі б не адбыўся, калі б аўтар не быў не толькі патрыётам, але і чарнакніжнікам. 

Гэта, безумоўна, усяго толькі прыгожая метафара, бо відавочна, што ніякім чарнакніжнікам, чараўніком, або, як зараз модна казаць, экстрасэнсам, Я. Баршчэўскі ніколі не быў. Але ў здольнасці да стварэння непаўторнай містычнай атмасферы ў сваіх апавяданнях яму аніяк нельга адмовіць. Невыпадкова некалі ксёндз Ігнат Галавінскі, што добра ведаў свайго парафіяніна, у лісце да М. Грабоўскага напісаў: 

Пан Баршчэўскі паўстае перад намі самым дасканалым выразнікам простанароднае фантастычнасці ды звычаяў беларускага народа. Я ўпэўнены, што ён не саступіць Сапліцы (апавядальнік у гістарычным рамане Г. Ржавускага «Успаміны Сапліцы»). Пачаў ён прозай пісаць аповесці: не магу табе перадаць сваё вялікае ўражанне. Усё там выканана па-майстэрску пад выглядам найвялікшае прастаты… 

Шчыры беларус, не цяпер, а з самага дзяцінства правёў ён усё жыццё з народам. Яго твар, загарэлы, не кабінетны, гаворыць, што гэта — чалавек дзеяння, не спекуляцыі; выхоўваўся ён у езуітаў, але гэта не пазбавіла яго пачуцця і прастаты; поўны глыбокай веры ў тое, пра што піша, а гэта немалая вартасць, бо з верай кожнае апісанне непараўнальна жывейшае ды праўдзівейшае; Беларусь ён ведае дасканала, бо разоў трыццаць абышоў усю яе пешшу і цяпер штогод наведваецца на радзіму з Пецярбурга, і ўсюды ён там жаданы, усюды яго міла прымаюць, бо як бард таго краю апавядае няспынна — показкі, аповесці сыпле, як з рукава. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё — ягоная ўласнасць: голая казка не мела б аніякае вартасці, але ён аздабляе яе іншымі паданнямі, дасканала драматызуе, і раптам вырастае нешта суладнае, поўнае простанароднае праўды і самага сапраўднага жыцця. 

Я ведаю адно апавяданне — «Пра чарнакніжніка і цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем». А будзе гэта збор апавяданняў на якія чатыры томікі, накшталт «Тысячы і адной ночы», але з далёка лепшаю завязкай, бо яна ўзята з рэчаіснасці. На вялікім возеры Некарысцень ёсць маленькі астравок; там жыў досыць заможны шляхціц; калі зімою замерзне возера, дык едуць па ім людзі, каб скараціць шлях; а з прычыны частых завірух сяляне ды падарожныя блудзяць, дык ён вывешвае на жэрдцы ліхтар, каб людзі маглі знайсці ягоную хату; усіх ён прымае бясплатна, але хоча, каб яму баялі казкі, бо толькі так прызвычаіўся засынаць. Гэта завязка, згодна з якою падарожныя адзін за адным апавядаюць рознымі вечарамі казкі. Выдатна і сябе паказаў там аўтар: ён прыехаў на Каляды з езуіцкіх школ ды таксама мусіць апавядаць байкі, але іх не ведае, дык пераказвае «Адысею». I, ведаеш, меркаванні шляхціца пра тыя паганскія казкі слаўныя ды пададзены з адпаведнага боку. 

Казка пра «Цмока» — гэта сапраўдная паэма, заснаваная на глыбіннай практычнай філасофіі. Я мог бы пераказаць табе яе змест, але не хачу пазбаўляць цікавасці. Кранула мяне перш-наперш сцэна сялянскага вяселля, поўная дзівосаў, праўды, а таксама апісанне жахаў, вельмі драматычнае, майстэрскае. Мова зусім простая, не польская, а беларуская — у кожным слове быццам чуеш беларуса. Малюнкі краявідаў простыя, але чароўныя, маляўнічыя ды праўдзівыя. Словам, вялікі скарб атрымае наша літаратура, калі выйдзе колькі томікаў такіх выдатных апавяданняў, як гэтае. Друкавацца яны будуць з малюнкамі ў Пецярбургу. 

Невядома, наколькі І. Галавінскі ведаў беларускую мову (у адрозненне ад польскай), але, відавочна, гаворка тут ідзе крыху пра іншае — ён кажа пра кшталт гаворкі, пра мову літаратурную, мову паэтаў і пісьменнікаў, якія паходзілі з Беларусі. Характэрна, што мова гэтая — «не польская, а беларуская». Хоць фармальна, як вядома, твор быў напісаны па-польску. 

У сваю чаргу, краязнаўца Даніла Васілеўскі, пазнаёміўшыся з лістамі Яна Баршчэўскага да Юліі Корсак, у сваіх публікацыях сцвярджаў: 

У яго лістах, пісаных па-польску, няма Польшчы, а ёсць цэльнае замілаванне беларусамі і Беларуссю. 

Мова лістоў Я. Баршчэўскага — мяшаная беларуска-польская і больш беларуская, чым польская. 

Між іншым, Д. Васілеўскі выдатна зразумеў трагізм беларуса ХІХ стагоддзя: 

Беларусы па пародзе і выхаванні, палякі — па адукацыі, расейцы па падданстве і службе, яны былі ахвярамі бязладдзя свайго часу…

Але асобныя, сярод іх і Я. Баршчэўскі, знайшлі свой шлях: 

…праўдзівы шлях у вывучэнні народнай літаратуры, у апрацаванні беларускага фальклору… Яны адчувалі, што ў працы на народную культуру — іх мэта жыцця. Тут яны знаходзілі душэўны спакой, тут абуджалася вера і надзея на лепшую будучыню краю. 

Яшчэ да выхаду «Шляхціца Завальні» з друку крытыка горача вітала новы твор Баршчэўскага. Але адзін Рамуальд Падбярэскі здолеў даць (наколькі гэта было мажліва ў падцэнзурным артыкуле) грунтоўную і аб’ектыўную характарыстыку кнігі пісьменніка. Іншыя рэцэнзенты звычайна звярталі ўвагу толькі на асобныя аспекты творчасці Баршчэўскага. Напрыклад, вядомая тагачасная пісьменніца рэлігійна-кансерватыўнага кірунку Элеанора Зяменцкая адзначала: 

Вобразы ўсіх гэтых апавяданняў — дакладна народныя, маркотныя, чуллівыя ў сваёй прастаце. Табе здаецца, што ты з гэтым людам, што ты дзеліш перасцярогі, радасць і гора, якія па чарзе праходзяць у гэтым наіўным апавяданні. Так, паўторым, Я. Баршчэўскі — гэта з’ява, вартая найвялікшай увагі. 

Ідэйная канцэпцыя кнігі Баршчэўскага ўжо тады выклікала пэўнае непрыманне асобнымі па-прапольску настроенымі публіцыстамі. Напрыклад, Вінцэнт Пракаповіч рашуча запярэчыў аўтару: 

Пан Баршчэўскі, злоўжываючы сваім становішчам між намі і людам, частуе нас апавяданнямі, якія маюць выразна іншы характар, чым народны. Гэта ягоныя ўласныя творы, што з’яўляецца перш-наперш святатацтвам, бо народныя паданні — нешта святое, пакінутае нам мінуўшчынаю, а яны, паўтару, — непрыемная неспадзяванка чытачу, якога адштурхоўвае ад іх адсутнасць мастацкасці… Гэта такія, як «Сын Буры», «Пакутны Дух», «Белая Сарока» ды іншыя. 

Польскія літаратуразнаўцы жадалі знайсці ў падтэксце кнігі характэрнае для тамтэйшых рамантыкаў выяўленне польскага (або рэчпаспалітаўскага) патрыятызму, таму яны былі расчараваны: беларускі рэгіянальны патрыятызм Яна Баршчэўскага цалкам пазбаўлены агульнапольскіх пачуццяў. «Шляхціц Завальня», наскрозь прасякнуты беларускасцю, не стаў здабыткам выключна польскай літаратуры. 

У сваю чаргу шырокім колам расійскіх чытачоў творчасць Баршчэўскага прадставіў вядомы этнограф Павел Шпілеўскі (1823—1861). Спачатку ў сваім «Даследаванні пра ваўкалакаў» ён наўпрост пераказаў апавяданне са «Шляхціца Завальні» пад назвай «Ваўкалак», змяніўшы імёны герояў ды пазначыўшы, што запісаў дадзенае паданне «ў Аршанскім павеце Магілёўскай губерні». Апроч таго, П. Шпілеўскі выказаў сваю версію «фантастычнай Беларусі»: 

Есть у нас на Руси большой край, между Днепром и Западной Двиной: его зовут Белоруссией… Живут там люди белорусские, потомки древних кривичей и дреговичей… Жили-были долго они вместе племенами и родами, но разделились потом: кто на север пошел, кто на юг забрел, а кто и с востоком сдружился; все разрознились и разделились… Остались одни дреговичи и кривичи — люди белорусские — на своих местах… Худо ль, хорошо ли — не выходят из своих хат: их гнетут поляки, гонят турки и татары, — они терпят да молчат, и всё-таки остались на своих местах до сего дня… 

Гэты артыкул узнік, бясспрэчна, пад уплывам «Шляхціца Завальні», пра што сведчыць і назва, і спасылкі на асобныя вобразы твора Яна Баршчэўскага (перадусім, легендарнага князя Бая і ягоных сабак Стаўры і Гаўры). 

Для беларускіх чытачоў ХХ стагоддзя Баршчэўскі доўга заставаўся незаслужана забытым. Фактычна яго прыйшлося адкрываць нанова ў 1960-я гады. І адбылося гэта пры дапамозе яшчэ аднаго вялікага рамантыка, Уладзіміра Караткевіча (1930—1984), які ў 1964 годзе пісаў Янку Брылю (1917—2006): 

Цi не час рэабiлiтаваць Яна Баршчэўскага? Дзiвосны пiсьменнiк, стылiст, Беларусь пяшчотна любiць, дыялогi — па-беларуску, стыль, побыт, фантазiя, народны характар — усё чыста беларускiя. А што, калi мы перагаворым з Броўкам ды «Шляхцiца Завальню» перакладзём, араматным такiм, дабротным старым стылем… Каб ты ведаў, якi гэта сiмпатычны чалавек, патрыёт, талент, дэмакрат! Мы з табой людзi грэшныя, бо ад жыцця. Але шмат нам грахоў даруецца, калi вернем забыты цень. Несправядлiва забыты. Падумай над гэтым. Згадзiся. Напiшы. Баязлiвасць толькi наша трымае такога чалавека ў забыццi… 

Але толькі ў 1989—1990 гадах былі поўнасцю пераведзены на беларускую мову і выдадзены творы Яна Баршчэўскага, а таксама знята адмысловая кінастужка на студыі «Беларусьфільм». Рэжысёрам фільма «Шляхціц Завальня» стаў Віктар Тураў (1936—1996), галоўныя ролі выканалі знакамітыя акцёры: Уладзімір Гасцюхін, Данатас Баніоніс, Віктар Манаеў, Вольга Клебановіч… 

«Шляхціца Завальню, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» справядліва называюць галоўнаю кнігаю Яна Баршчэўскага. Як падкрэслівае яе перакладчык Мікола Хаўстовіч, гэта паўнавартасны мастацкі твор (а не фальклорны альбо напаўфальклорны зборнік — як часта без усялякай аргументацыі сцвярджаюць некаторыя літаратуразнаўцы), вобразна-выяўленчыя сродкі якога накіраваны на выяўленне беларускай нацыянальнай ідэі. 

У «Шляхціцы Завальні» пісьменнік закрануў усё кола пытанняў, звязаных з беларускай нацыянальнай думкай. Ён зрабіў спробу геаграфічнага апісання краю, яго гісторыі і нават эканамічнага стану. Яшчэ з большай паўнатой Баршчэўскі падаў своеасаблівасці нацыянальнага характару беларуса, ягоны светапогляд, раскрыў унутраную прыгажосць ягонай душы. Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца галоўная ідэя кнігі: Беларусь — гэта край, які мае ўласную гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды шчаслівейшае за сённяшні дзень; гэта край, жыхары якога — асобны народ, які можа і павінен жыць самастойна, без дыктату з боку суседзяў, жыць паводле сваіх законаў ды традыцый, а не па звычаях ды парадках іншых народаў. Беларусам трэба адно толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны, каб іхнія сэрцы прасякліся мужнасцю, гонарам за сваіх продкаў, што дасць ім адвагу ісці сваім, а не навязаным звонку шляхам. 

Па меркаванні Пятро Васючэнкі, Я. Баршчэўскі — не «беларускі Стывен Кінг», ён адметны і першасны як у апісаннях крыўскага палтэргейсту, так і ў змрочных прадказаннях, што датычацца лёсу цывілізацыі. Ягонае экамысленне прароцкае. Ён папярэджваў, калі апісваў чарнакніжніцтва, каб людзі не торкалі носа за заслону, апушчаную Богам, але дзе ж хто паслухаецца? Вось і маем усе «прыемнасці» XXI стагоддзя. 

Рысы беларускага менталітэту яскрава выяўлены ў абліччы цэнтральнага персанажа твора. Шляхціц Завальня — так зваўся спагадлівы пан, які выстаўляў у зімовую ноч, калі гуляе завіруха, свечку на падваконне ў сваёй хаце. Выспа пасярод возера Няшчэрда, дзе месціўся дамок пана Завальні, ёсць і дасюль, а самога дамка няма. Вядома, літаратурны Завальня — не абібок і не марны летуценнік, а гаспадар з жывым практычным розумам, разважлівы, пабожны, асноўнае захапленне якога — слухаць жахлівыя гісторыі пра розныя дзівосы. 

Кампазіцыйна «Шляхціц Завальня» складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, навел, лірычных адступленняў і ўспамінаў. Спалучаюцца яны пры дапамозе шырокавядомага са старажытнасці прыёму: увядзення вобраза слухача і каментатара народных апавяданняў — шляхціца Завальні. Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора мае і вобраз пляменніка пана Завальні — Янкі. 

А вось даручаючы ролю апавядальніка розным асобам — сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, — пісьменнік мае магчымасць пазнаёміць чытача амаль з усімі сацыяльнымі пластамі насельніцтва тагачаснай Беларусі, з іх маральнымі каштоўнасцямі і настроямі, і ў той жа час паказаць, што любоў да роднага краю, да спрадвечных звычаяў і традыцый, уласціва прадстаўнікам усіх гэтых пластоў. Інакш кажучы, асноўная ідэя твора выводзіцца з усёй сукупнасці апавяданняў. 

Я. Баршчэўскі, як і Адам Міцкевіч, імкнуўся адлюстраваць своеасаблівы космас беларуса, сцвердзіць ягоную годнасць, абудзіць гістарычную памяць. Але калі Міцкевіч праз космас беларуса падымаўся да агульначалавечых вышынь духу, дык Баршчэўскі, наадварот, канцэнтраваўся на рэгіяналізме. У адпаведнасці з гэтым выкарыстоўваў пісьменнік і патэнцыял фальклорна-рэлігійнай спадчыны Беларусі. Гэта яскрава прасочваецца ў «Нарысе паўночнае Беларусі»: 

Беларусь, як i iншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваiх мiфалагiчных бажкоў. Русалкi, калi жыта красуе ў полi, з распушчанымi доўгiмi валасамi гушкаюцца на бярозах i спяваюць песнi; iхнi смех адгукаецца ў глыбiнi лясоў i трывогай працiнае тых, хто збiрае грыбы або ягады. Лясны бог — пан дзiкiх пустэльняў; каб чалавечы зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаiтымi выглядамi хаваецца ў сваiх уладаннях; мiнаючы лугi, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; iдучы праз пушчы, раўняецца з самымi высокiмi хваiнамi. Ён апякун звяроў i лясных птушак. Кажуць, што бачылi велiзарныя чароды вавёрак, якiх лясны бажок перапраўляў з аднае пушчы ў другую; ён рабiў гэта, каб выратаваць iх ад агню, бо прадбачыў, у якiм баку выбухне пажар. 

Урачыстасць Купалы вядома амаль усiм славянскiм народам. На Беларусi 23 чэрвеня, пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслiвы той, каму пашанцуе сарваць кветку папарацi; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбiнi зямлi скарбы, i ён столькi можа мець золата, колькi сам захоча. Кабеты разам з юнакамi i дзяўчатамi каля вогнiшчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песнi. 

Характэрна, што ўжо ў той час пачала ўсведамляцца складанасць такой унікальнай з’явы, як беларуская міфалогія: 

Дзяды нашыя маюць такую асаблівасць, што паганскі абрад змешаны з уяўленнямі, уласцівымі хрысціянскай рэлігіі (Адам Міцкевіч). 

Уся беларуская міфалогія ёсць сімбіёз дзвюх сістэм — сваёй, спрадвечнай, і прыўнесенай, хрысціянскай. Пры гэтым дамінантную ролю выконвае свая; хрысціянская ж толькі дастасавалася побач, адначасова змяніўшы яе. 

Здавалася б, выхаваны ў езуітаў, аўтар павінен быў выразна размяжоўваць паганскі і хрысціянскі пачаткі, мусіў узвялічваць хрысціянскую ідэалогію. Аднак у такім разе Баршчэўскі знаёміў бы чытача не з беларусамі, а з прадстаўнікамі нейкага іншага народа, бо знітаванасць паганскай міфалогіі з хрысціянскаю дагматыкай у беларускай культуры была і застаеццца надзвычай моцнай. У «Шляхціцы Завальні» аўтар сведчыць: 

…люду беларускаму заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істот свае абавязкі: духі водныя, духі зямныя, хатнія, вартаўнікі лясоў і скарбаў. 

I ў гэтым — адна з галоўных адметнасцей нашага нацыянальнага светапогляду, асноўныя рысы якога Баршчэўскі адлюстраваў у сваёй кнізе. 

Засяроджанасць беларусаў на свеце трансцэндэнтнага адзначыў і Адам Кіркор (1818—1886). У сваёй «Живописной России» ён, кажучы пра паэтычную творчасць і багацце фантазіі беларусаў, пералічвае шматлікія міфалагічныя вобразы, узятыя з кнігі Я. Баршчэўскага, і сцвярджае: 

Белорус любит слушать и рассказывать свои басни. В этих баснях главными действующими лицами являются чаровники и чаровницы, знахари, вовколаки (оборотни), лешие, русалки. Черный гость, живые волосы на голове, чудесная палка, белая сорока и т. д. Почти каждый рассказ связан с заклятыми девами, с чёртом, берегущим сокровище. Иван Барщевский напечатал на польском языке четыре томика фантастических рассказов из жизни белорусов, не лишенных интереса. Во всех этих рассказах являются духи и творится сверхъестественное… 

Наогул, свет Баршчэўскага напоўнены бінарнымі апазіцыямі, і аўтар не пазбаўлены некаторых забабонаў успрыняцця «нячыстых» жывёл. У той жа час, напрыклад, у гісторыі пра ката Варгіна прасочваецца празрыстая мараль: калі ў цябе чыстае сумленне і няма за душой патаемных заганаў, можаш гладзіць чорнага ката, колькі табе заўгодна. 

Сярод асноўных тэм «Шляхціца Завальні» з’яўляецца і тэма сацыяльнага пратэсту. Часцей у алегарычнай, але часам і ў адкрытай публіцыстычнай форме пісьменнік асуджаў «новых паноў», што дзеля ўласнага дабрабыту ўзмацнялі прыгон, забывалі пра спагаду, зневажалі традыцыі народа, які з’яўляецца асноўным захавальнікам духоўных скарбаў. Баршчэўскі з уласцівым усім рамантыкам імпэтам адмаўляў новы грамадскі лад, які нёс народу не толькі пагаршэнне ўмоў жыцця, але і руйнаванне спрадвечных ісцін ды традыцыйных каштоўнасцей. Апроч таго, ён словамі аднаго з дзейсных асоб «Шляхціца Завальні» са смуткам сведчыў: 

Чулы чалавек ніколі не будзе спакойны і шчаслівы. 

Асобныя раздзелы «Шляхціца Завальні» цалкам падыходзяць пад вызначэнне прытчы, але калі прыгледзецца больш уважліва, дык ледзь не ўсе апавяданні адпавядаюць патрабаванням гэтага жанру. І сапраўды, як і належыць прытчы, у Баршчэўскага яна ўзнікае толькі ў адмысловым кантэксце і звычайна не мае развітога сюжэта, аднак нясе сімвалічны змест. Апавяданні Баршчэўскага напоўнены маралістыкай і падпарадкоўваюцца законам сярэднявечнай прытчы; прырода і рэчы выкарыстоўваюцца рэдка, дзеянне характарызуецца амаль поўнай адсутнасцю дэкарацый. У большасці выпадкаў героі апавяданняў не маюць дэталёва апісанага характару. Дзвюх-трох рысачак пісьменніку звычайна дастаткова, каб вылучыць свайго героя з кола дзеючых асобаў. 

Аналізуючы схему пабудовы прытчаў Баршчэўскага, М. Хаўстовіч прадстаўляе яе наступным чынам. З нейкага краю (аднекуль звонку) заяўляецца на Беларусь госць. Ён не падобны да тутэйшага люду і прыйшоў, каб уплываць на насельніцтва гэтага краю, згуртаваць кола сваіх прыхільнікаў. Аўтар кліча яго чарнакніжнікам, чорным госцем, падкрэсліваючы ягоную здольнасць уздзейнічаць на наваколле. Праз нейкі час чарнакніжнік знікае (часцей за ўсё яго выганяюць або ён, адчуўшы небяспеку, уцякае сам), але пасля сябе пакідае плён сваёй дзейнасці; яго падвопытныя становяцца іншымі: да сваіх ранейшых заганаў яны атрымліваюць яшчэ і дадатковыя — ад навукі чорнага госця. Такі ўступ да большасці апавяданняў-прытчаў. 

У саміх жа прытчах пісьменнік даследуе лёс сваіх суайчыннікаў — тых, каго чарнакніжнік спакусіў або яны былі змушаны пайсці да яго на службу. Лёс гэтых прыхільнікаў чарнакніжніка звычайна трагічны: апынуўшыся па-за грамадою, яны або гінуць (як Карпа з апавядання «Пра чарнакніжніка і цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем», ці Васіль з апавядання «Зухаватыя ўчынкі»), або мусяць перабірацца ў краіну чарнакніжніка (як пан Скамароха з «Белай Сарокі»), або ім наканавана пакутаваць за здраду, учыненую ці то дабраахвотна (як Альберт з «Вогненых духаў»), ці то несвядома (як Марка з апавядання «Ваўкалак»). Баршчэўскі нібы папярэджвае сваіх суайчыннікаў: не будзе шчасця тым, хто здрадзіў свайму краю і пачаў служыць інтарэсам чужынцаў, ператварыўшыся ў калабаранта. 

Адзін з ключавых персанажаў кнігі — таямнічая Плачка. Падаецца, што гэта — не столькі сімвал Беларусі, колькі прывід яе незалежнасці. Таму гэтак часта блукае яна ля магіл продкаў, што змагаліся за волю і годнасць, а не за тое, каб іх нашчадкі жылі, няхай сабе і з мноствам даброт, але ж усё роўна — нібы халопы прыгонныя. Пра гэта разважае і сам Завальня: 

…людзі цяпер ні ў якія цуды не вераць, ім трэба скарбы, каб, не працуючы, мець усё, што толькі заманецца. Яны за золата прададуць усё тое, што нашы бацькі цанілі некалі даражэй за жыццё. 

Не менш цікавым персанажам з’яўляецца і Белая Сарока, гаспадыня Паўночнай краіны, якая спярша дасылае свайго пасланца для «папярэдняй апрацоўкі» фанабэрлівага пана Скамарохі, а потым і сама — у выглядзе птушкі-пярэваратня — хітрасцю выведвае ў яго большасць таямніц роднага краю, за мех золата і абяцанкі-цацанкі паступова вярбуе сваю «пятую калону». У выніку — «тыя, што пілі віно за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага люду». М. Хаўстовіч угледжвае ў гэтым вобразе аналогію з імператрыцай Кацярынай ІІ, хоць з пазіцыі сённяшніх дзён можна знайсці і шмат іншых паралеляў з сучаснымі грамадскімі дзеячамі. 

Відавочна, што характэрныя рысы і маральныя якасці сваіх герояў (апрача, вядома, містычных персанажаў) Баршчэўскі падгледзеў у рэальным жыцці. Руплівыя працаўнікі і ліхадзеі, летуценныя дзяўчыны і сквапныя кабеты, самаахвярныя змагары і баязлівыя прыстасаванцы — усе яны і цяпер існуюць у нашым грамадстве. 

Тэксты пісьменніка ўжо першапачаткова мелі адмыслова-вобразнае адлюстраванне рэчаіснасці. Сутнасць гістарычных падзей, іх нагоды і вынікі паданыя ў сімволіка-алегарычнай форме. Відавочна, аўтар рабіў стаўку на дасведчанага чытача; бо толькі апошні мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора. Менш абазнаная чытацкая публіка трапляла ў поле ўздзеяння незвычайнай любасці да роднай Беларусі; таго поля, якое актуалізавала ў свядомасці пачаткі дабра і зла, характэрныя для беларусаў народныя традыцыі і народную філасофію. І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя звесткі пра Беларусь, яе амаль некранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым дзікі (адносна адукаванага гарадскога жыхара сярэдзіны XІХ ст.) лад жыцця беларуса. А навуковец — фалькларыст ці этнограф — бачыў у апавяданнях Баршчэўскага свет беларускіх прымхаў і забабонаў. 

* * *

Яна Баршчэўскага можна лічыць першапачынальнікам айчыннага фэнтэзі — жанру ў мастацтве, які грунтуецца на крэатыўным выкарыстанні міфалагічных і казачных матываў. У Расіі да ліку заснавальнікаў гэтага жанру адносіцца Аляксандр Вельтман (1800—1870), аўтар раманаў пра Кашчэя Бессмяротнага, Святаславіча і Ямелю. У сусветнай літаратуры найбольш вядомыя аўтары заявілі пра сябе ўжо ў ХХ стагоддзі, сярод іх: Джон Роналд Руэл Толкін (аўтар знакамітага «Уладара Пярсцёнкаў»), Роберт Говард (стваральнік Конана-варвара і Саламона Кэйна), Джаан Роўлінг (вынаходніца папулярнага зараз Гары Потэра) і шэраг іншых. 

Мастацкая ўмоўнасць фэнтэзі найбольш адпавядала творчай задуме Яна Баршчэўскага па адлюстраванні пэўных працэсаў у беларускім грамадстве ў перыяд канца XVIII — першай паловы ХІХ стст. ва ўмовах царскай цэнзуры. Канешне, на фоне мудрагелістых «гатычных раманаў» сучасных аўтараў творчасць Баршчэўскага выглядае крыху архаічна, але ягоная бясспрэчная перавага ў тым, што створаныя ім вобразы не штучныя, а натуральныя, бо іх спарадзіў сам народ. Таму чытаць Баршчэўскага трэба не толькі, каб падзівіцца разнастайнасці, дасціпнасці і шматграннасці чалавечай фантазіі, але і для таго, каб лепш зразумець культуру і старажытныя звычаі нашай нацыі, а значыць, і саміх сябе. 

У творах таленавітага «збіральніка дзівосаў» яскрава мільгаціць надзея на лепшае. Ён, як і большасць беларускіх пісьменнікаў, якія так ці іначай дзейнічалі ў рэчышчы рамантызму, быў перакананы, што «загляне сонца і ў наша ваконца». Таму ў апавяданні «Таварыш у падарожжы» аўтар з упэўненасцю кажа: 

Шмат наш край зазнаў розных перамен шчасця і няшчасця; знікнуць тыя чорныя хмары і цёмная бура, дасць Бог, закрасуе вясна, прыйдзе заможнасць і на нашы лугі ды палі. 

Частка 4. 

РОСПАЧ

(балада Яна Баршчэўскага)

Там, дзе бор па ўсім абшары 

Плоціць ветру й сонцу плату, 

Елкі ценяць, быццам хмары, 

Чарнакніжнікаву хату. 

Чарнакніжнік з твару шэры 

Хоча з пекла слуг склікаць, 

Кнігу ўзяў, а на паперы 

Чорнай белы друк відаць. 

Ён у поўнач пеклу штосьці 

Кажа таямнічым словам. 

Праз вакно ўлятае ў госці 

Чорт з абліччам кажановым. 

Тхне ад чорта духам зяблым, 

Чорны чорт увесь, як крук. 

Чарнакніжнік мовіць з д’яблам, 

Хтось у дзверы «грук, грук, грук». 

– Хто там гэткі безгаловы? 

Спяць звяры лясной сям’ёю. 

Сну не маюць толькі совы. 

Што табе такой парою? 

«Тут перад табой баярын, 

Роспач мой спакой падсекла. 

Ты над пеклам валадаран, 

Мне патрэбна помач пекла. 

Я гуляў у карты, страты 

І даўгі лічу на мілі. 

Мой маёнтак і дукаты 

Прыяцелі падзялілі. 

І яшчэ абразы зношу, 

Позіркі, што горш ад дзідаў. 

Не хачу адпрошваць грошы, 

Што я тысячамі кідаў. 

Жонку я шукаю, раптам 

З ёй забагацею смела, 

Хоць страшыдлішчам была б там, 

Золата каб толькі мела. 

За гарамі, за барамі 

Ваявода замак мае, 

Важыць золата мяхамі, 

З ім дачушка маладая. 

Пекла да тваіх паслугаў. 

Заплачу табе нямала. 

Так зрабі, каб лёс паслухаў, 

Каб маёю Альда стала. 

Хай жа Альда — а не ўпотай — 

Выбар скажа свой, хай ціша 

Ў схоў за золата з ахвотай 

І маю душу запіша». 

Ценіцца над кнігай пража 

З неспасціжных словаў, рухаў. 

Крэсліць кола, штосьці кажа, 

Кліча з пекла ўладцу духаў, 

Кажа: «Раз непалахлівы, 

Роспач зніме як рукою. 

Тут вось чорны кот мурклівы. 

Забірай ката з сабою. 

Кроч дарогай — ля дарогі 

Ёсць капліца, што ўчарнела, 

Да капліцы без трывогі 

Кроч і ў дзверы грукай смела. 

Хтось адчыніць дзверы сцяты, 

Дасць далонь — не прэчся ў спудзе, 

На далонь яму ката ты 

Пакладзі, чакай, што будзе. 

Рупся, бо як заспявае 

Певень, духі згубяць змогу». 

Страх баярына сціскае, 

Ды з катом ідзе ў дарогу. 

Лес густы дарога ніжа, 

Жахі ўпотай шчэраць ляпы. 

Кот глядзіць на рукі хіжа, 

Свецяць вочы, як дзве лямпы. 

Метэораў бліскавіцы 

Нішчаць ценяў панаванне. 

Вось цвінтар каля капліцы 

І магільнае маўчанне. 

Толькі й чуць, як вецер ніцы 

Выгінае сук, як лук. 

Тут баярын да капліцы 

Падышоў і — «грук, грук, грук». 

Страшна — аж дрыжаць пашчэнкі, 

Хтосьці дзверы адмыкае 

І далонь дае з-за сценкі. 

І ката бярэ й знікае. 

Сеў баярын на каменне. 

Навакол крыжы, магілы. 

Ён чакае ў задуменні 

Знакаў ад нячыстай сілы. 

Дужка месячка худая. 

Зоркі ходзяць самапасам.

Ён чакае ды гадае, 

Што за дзіва гэткім часам? 

Дзе самотнай думцы дзецца? 

Страх расце нечалавечы. 

Нехта стаў за ім, здаецца, 

І кладзе руку на плечы. 

Як бы ў страх ён апрануўся, 

Апынуўшыся ў нябыце. 

Раптам зірк — і схамянуўся: 

Побач Альда ў аксаміце! 

Цела ў перлах, з апаяскі, 

З галавы зіхціць праменне — 

Бляск рубінаў, быццам з казкі,

У чараўніковай жмені.

І ў баярына пытае: 

«Што ты хочаш? Позна. Глуха. 

Я, нібыта здань, блукаю, 

Бо паслана сілай духу». 

«Альда, не лічы, ўмаляю, 

Ветраным маё старанне, 

Як ніхто цябе жадаю 

І кахаю да сканання! 

Альда, ты мяне скарыла, 

Быць з табой хачу штохвілі! 

Вось зялёная магіла, 

Сядзьма разам на магіле. 

Адняло ў магілы памяць, 

Камень, што над ёй, сурова 

Не падслухае, не ўцяміць 

Нашыя з табой размовы». 

«Прэч адсюль, тут крыж драўляны

Бачу я, а значыць гіну.

Крыж мне, што кінжал на раны,

Іншую знайдзі мясціну».

– Вось і ўзгорачак пад дрэвам

Гожа зёлкамі засланы.

Альда, што ты тлееш гневам?

Чым настрой твой сапсаваны?

«Зірк мой ледзь трывае здзекі –

Бляск планет да болю сіні.

Зоркі згаснуць хай навекі,

Твар маладзіковы згіне».

– Хмара маладзік акрые,

Зорны смех агорне смутак.

Што ж далоні ледзяныя?

Спалатнеў твой твар чаму так?

«Зябка ўночы, вецер вее,

Апаві мяне каханнем,

Хай тваё цяпло сагрэе,

Ажыві мяне дыханнем».

– Ах! Ах! Жах, змяя якая,

Дзе твой стужка стан сціскала,

Там змяя яго сціскае,

Да грудзей яна прыпала.

«Гэта скарб мае аздобы

На трывогу даў прычыну?

Як табе не даспадобы,

Пояс дарагі адкіну».

– А не жэмчугі на шыі –

Чэрві плоймай точаць цела.

Там, дзе косы, змеі злыя,

Вочы свецяцца ўлюцела.

Кроў ад страху ўхаладзела.

«Звар’яцеў твой вераб’іны

Позірк, глянь нарэшце смела –

Гэта жэмчугі, рубіны».

– Альда, здані, быццам хмары,

На цвінтар найшлі ўначэла.

І адкуль яны, пачвары.

Наваколле ўсё ўнямела.

«Страх адкінь свой, не зашкодзяць,

Падарожжа ўночы мелі,

Да магілаў зноў прыходзяць

На вільготнай спаць пасцелі.

Хутка ўжо залямантуе

Певень, што імга ўцякае.

Мушу йсці ў краіну тую,

Дзе мой цесны дом чакае».

Мовіла — й пачвараў зграя 

Узгадала пра сняданне. 

І баярын здаўся здані. 

Бібліяграфія 

Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мінск: І. П. Логвінаў, 2012. — 378 с. 

Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: Анталогія / уклад. К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч/ Мн.: «Беларуская навука», 2013. — 862 с. 

Васілеўскі Д. Пад аховай роднай песні (З перапіскі Яна Баршчэўскага). // «Маладняк», 1928, 3 1.

Зямкевіч Р. Я. Баршчэўскі, першы беларускі пісьменнік XIX сталецця. Вільня, 1911. 

Мальдзіс А. І. Падарожжа ў XIX ст. З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры (Навукова-папулярныя нарысы). Мн.: «Народная асвета», 1980. — 440 с. 

Пачынальнікі /склад. Г. В. Кісялёў/ Мн., 1977, с. 39—84. 

Рублевская Л. Сын бури и сарматских ценностей: Современное прочтение рассказов Яна Барщевского. // 

«СБ. Беларусь сегодня», 2005, 2 июля, с. 14. 

Смолік А. І. Матыў заклятага скарбу ў творчасці Яна Баршчэўскага. // Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання: зборнік навуковых прац удзельнікаў IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (29—30 красавіка 2010 г.). Мн.: БДУКіМ, 2010, с. 102—104. 

Хаўстовіч М. Мастацкі метад Яна Баршчэўскага. Мн.: БДУ, 2003. — 204 с. 

Я. Баршчэўскі ў славянскім свеце (Зборнік навуковых артыкулаў удзельнікаў IV Міжнародных чытанняў 18—19 мая 2004 г.) / Пад рэд. В. І. Русілкі, В. Ю. Бароўкі / Віцебск: ВДУ імя П. М. Машэрава, 2004. — 134 с. 

Janion M. Jan Barszczewski. // Obraz Literatury Polskiej. Literatura krajowa w okresie romantyzmu 1831—1863. T. 3. / Zespół red. M. Janion, M. Maciejewski, M. Gumkowski / Warszawa: Wydawnictwo Instytutu Badań Literackich, 1992.

Аўтарка: Ірына Шумская, серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.