Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Як з беларусаў рабілі палякаў

m_l_jon_paleshuko_budze_baran_c_mora_patrijatichnaja_man_festacija_napjaredadn_drugoj_susvetnajУ сакавіку 1921 года Рыжскі мір дамова канчаткова пахаваў федэрацыйную канцэпцыю Юзафа Пілсудскага. Польскія ўлады ўзялі курс на паланізацыю і асіміляцыю ўсходніх тэрыторый.

Католікаў — у палякі, праваслаўных — пад кантроль

Падчас усеагульнага перапісу насельніцтва ў Польшчы ў 1921 годзе вялікая колькасць «палешукоў» не змагла акрэсліць сваю нацыянальнасць. Праз 10 гадоў, у 1931-м, падчас чарговага перапісу амаль 707 тысяч жыхароў Палескага ваяводства сваёй мовай назвалі «тутэйшую».

Такая сітуацыя была на карысць Варшаве. У адным са сваіх выступленняў у кастрычніку 1923 года прэзідэнт Гродна Станіслаў Вайцэхоўскі адзначаў, што «роля Польшчы і палякаў заключаецца ў прасоўванні на Усход святла еўрапейскай цывілізацыі». Галоўны цяжар асіміляцыйнай палітыкі прыпадаў на славянскія меншасці — беларусаў і ўкраінцаў. Што тычыцца яўрэяў, то польскі ўрад стымуляваў эміграцыю гэтай групы насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў іншыя краіны.

Мільён палешукоў будзе бараніць мора. Патрыятычная маніфестацыя напярэдадні Другой сусветнай вайны

Мільён палешукоў будзе бараніць мора. Патрыятычная маніфестацыя напярэдадні Другой сусветнай вайны

У варшаўскіх афіцыйных колах разумелі, што, нават улічваючы слабасць нацыянальнай свядомасці сярод насельніцтва паўночна-ўсходніх ваяводстваў, у бліжэйшай перспектыве не атрымаецца цалкам ліквідаваць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў на «крэсах». Пра гэта ў сваіх працах пісалі не толькі афіцыйныя чыноўнікі (напрыклад, супрацоўнік польскага МЗС Міраслаў Арцішэўскі), але і навукоўцы.

Польскі плакат, які рэкламуе адпачынак у Палессі

Польскі плакат, які рэкламуе адпачынак у Палессі

У выдадзенай у 1924 годзе працы «Нацыянальныя справы на крэсах усходніх» Канстанты Скаракоўскі абвінавачваў польскія ўлады ў тым, што, «праводзячы жорсткую асіміляцыйную палітыку, Варшава нічога не робіць для паляпшэння эканамічнага становішча нацыянальных меншасцяў, якія пражываюць на ўсходзе краіны». Даследчык адзначаў, што было б няправільным сцвярджаць, што беларускі народ не меў пачуцця сваёй нацыянальнай агульнасці. Наадварот, паўсюль сярод беларусаў можна было ўбачыць высокі ўзровень рэлігійных і сацыяльна-класавых ведаў.

Палешукі

Палешукі

Разам з тым, большасць тагачасных польскіх даследчыкаў і публіцыстаў адзначала небяспеку радыкалізацыі беларускага нацыянальнага руху і пазначала неабходнасць захавання кантролю над працэсам нацыянальнай эмансіпацыі беларусаў. Католікаў польская вертыкаль паўсюдна залічвала да палякаў, а вось праваслаўных беларусаў трэба было скіраваць у пажаданым для Варшавы накірунку.

Пры гэтым кіраўніцтва ІІ Рэчы Паспалітай разумела неабходнасць недапушчэння беларусізацыі нефармальнай сталіцы Заходняй Беларусі Вільні. У сваю чаргу, дзейнасць беларускіх дзеячаў Віленшчыны, а таксама беларускіх дэпутатаў Сейма, павінна была знаходзіцца пад татальным кантролем. Апошніх Варшава абвінавачвала ў выкарыстанні праблем у польскай эканоміцы для атрымання палітычных дывідэндаў і антыдзяржаўнай прапаганды.

Школа як сродак паланізацыі

Палескі ваявода Станіслаў Даўнаровіч у сярэдзіне 1920-х гадоў адстойваў ідэю стварэння з Палесся сваістай памежнай тэрыторыі, якая аддзеліць украінскі этнас ад беларусаў. Паводле меркавання чыноўніка, «беларускімі» былі Віленскае і Навагрудскае ваяводства, але ў Палескім ваяводстве дамінавалі «тутэйшыя», якіх не магчыма было аднесці да якога-небудзь народу, таму польскія ўлады павінны былі выкарыстаць гэтую сітуацыю на сваю карысць, а менавіта завяршыць паланізацыю гэтых людзей.

Значную ролю ў працэсе выхавання лаяльных польскіх грамадзян адыгрывала польская школа. З моманту заканчэння вайны з савецкай Расіяй кіруючыя колы Другой Рэчы Паспалітай зрабілі акцэнт на развіццё школ ва ўсходніх ваяводствах. Галоўнай задачай гэтых устаноў было выхаванне ў беларускіх, яўрэйскіх, украінскіх дзяцей польскай нацыянальнай свядомасці.

Дзяўчыны з Кобрынскага павету

Дзяўчыны з Кобрынскага павету

Разам з тым, у канцы 1920-х гадоў цыркулярам Міністра веравызнанняў і адукацыі настаўнікам прадпісвалася ведаць мову мясцовага насельніцтва і карыстацца ёй у размове з дзецьмі. На жаль, з цягам часу паланізацыйныя працэсы канчаткова знішчылі рэгіянальныя асаблівасці ў польскай школе, а настаўнікі ці супрацоўнікі лясной аховы, якія карысталіся на працы мясцовымі дыялектамі, часцей за ўсё звальняліся з працы.

Да таго ж варта падкрэсліць, што дзяцей няпольскага паходжання абмяжоўвалі ў магчымасці атрымання далейшай адукацыі. Маўляў, чатыры класы пачатковай школы хопіць, каб працаваць у полі. Адказам на гэта былі ўцёкі заходніх беларусаў у БССР. У Саўдэпіі маладыя палешукі шукалі не толькі лепшай долі, але і спадзяваліся атрымаць адукацыю, якую не давала ім панская ўлада.

Да прыкладу, па матэрыялах камандавання Карпусной акругі ІХ з чэрвеня 1937 па жнівень 1938 года ўцячы ў БССР спрабавалі 438 жыхароў Палескага ваяводства, з якіх 150 былі затрыманыя, а 24 вярнуліся дадому. Большасць тых, хто ўсё ж здолеў перасекчы польска-савецкую мяжу, пазней патрапіла ў рукі савецкіх рэпрэсіўных органаў.

Войска рыхтуе грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай

У выхаванні польскіх грамадзян з жыхароў Заходняй Беларусі важную ролю адыгрывалі і вайсковыя арганізацыі. Тут варта вылучыць Корпус аховы памежжа (КАП), у задачы якога ўваходзіў не толькі кантроль за памежнай дыстанцыяй, але і правядзенне розных культурна-выхаваўчых мерапрыемстваў для мясцовага насельніцтва. Да памежнікаў далучаліся і супрацоўнікі дзяржаўнай паліцыі, якія з дапамогай сваіх структур (напрыклад, Таварыства «Паліцэйская сям’я») спрабавалі арганізоўваць культурна-масавыя мерапрыемствы ва ўсходніх ваяводствах. Важную ролю адыгрывалі і іншыя арганізацыя («Саюз польскага харцэрства», «Стралецкі саюз» ды іншыя).

Жаўнеры КАП на Палессі

Жаўнеры КАП на Палессі

Адну з галоўных роляў у падрыхтоўкі з беларусаў годных грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай адыгрывала войска. У шматлікіх штабных справаздачах захаваліся ўспаміны пра неабходнасць ідэалагічнай працы сярод беларусаў.

Нарэшце, важную ролю адыгрывала польскае вайсковае асадніцтва, якое было адным з галоўных цэнтраў польскасці сярод грамадства паўночна-ўсходніх ваяводстваў. Дарэчы, пытанне павялічэння колькасці этнічных палякаў на ўсходніх ускраінах асабліва актуальнае стала ў другой палове 1930-х гадоў. У 1936 годзе камандуючы ІХ карпусной акругай брыгадны генерал Чэслаў Ярнушкевіч адзначаў, што ў Навагрудскім, Баранавіцкім і Слонімскім паветах назіраецца «небяспечная экспансія няпольскіх этнічных элементаў». Гэта, па меркаванні генерала, магло прывесці да абвастрэння сітуацыі ў выпадку вайны з СССР.

У 1938 годзе, пасля далучэння Цешынскай Сілезіі да Польшчы, сярод жыхароў Палескага ваяводства пачалі хадзіць чуткі, што хутка Савецкі Саюз далучыць да сябе Палессе. Аднак напярэдадні нападзення Германіі на Польшчу, большасць жыхароў Заходняй Беларусі прадэманстравала патрыятычны настрой у дачыненні да польскай дзяржавы. Яскравым прыкладам было, напрыклад, тое, што калі ў некаторых мясцовасцях Пінскага павету мабілізацыйныя карты атрымалі толькі рэзервісты каталіцкага веравызнання, вялікая колькасць праваслаўных беларусаў выказалася, каб у Войска Польскае заклікалі не толькі «палякаў», але і іх, бо яны таксама жадаюць бараніць сваю Айчыну.

Палепшыць эканамічнае становішча на «крэсах»

Пасля майскага перавароту 1926 года ўсю ўладу ў Польшчы зноў сканцэнтраваў у сваіх руках Юзаф Пілсудскі. Шмат хто з прадстаўнікоў нацменшасцяў спадзяваўся на вяртанне да федэрацыйнай канцэпцыі «начальніка дзяржавы», аднак гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся. У вачах санацыйных улад беларусы былі нацыянальным элементам, праз які ўсходні сусед прасоўвае ў Польшчу камуністычныя ідэі.

Варшава нават не разважала наконт магчымасці ўвядзення нейкай аўтаноміі ў Заходняй Беларусі, але скіравала ўвагу на паляпшэнне эканамічнага становішча ў гэтым рэгіёне. Перш за ўсё, планавалася арганізаваць збыт сельскагаспадарчых прадуктаў і стымуляваць развіццё прыватных сельскіх гаспадарак. Аднак сусветны эканамічны крызіс пачатку 1930-х гадоў вельмі балюча ўдарыў па эканоміцы Польшчы і аказаў негатыўны ўплыў на жыццё ў тым ліку і заходнебеларускіх ваяводстваў.

Сяляне з Віленшчыны ў Каралеўскім замку ў Варшаве, 1934 г.

Сяляне з Віленшчыны ў Каралеўскім замку ў Варшаве, 1934 г.

З дапамогай газет польскія ўлады спрабавалі пераканаць, што за мяжой, у Саўдэпіі, яшчэ горш, але заходнія беларусы ўспрымалі гэта як звычайную «панскую» прапаганду. Яны працягвалі верыць, што ў БССР сяляне і працоўныя жывуць лепей. Акрамя перыядычных выданняў, польская адміністрацыя рабіла стаўку на выкарыстанне радыё ў якасці сродку захавання насельніцтва Заходняй Беларусі пад сваім уплывам. У 1938 годзе адбылася зачыненая канферэнцыя з удзелам камандавання Карпусной акругі ІХ, кіраўніцтва Палескага ваяводства, прадстаўнікоў адукацыйных устаноў, на якой абмяркоўваліся перспектывы развіцця новай радыёстанцыі ў Баранавічах.

Аднак без «перагібаў» не абышлося і тут. Чыноўнікі выступілі за тое, каб у перадачах выкарыстоўвалася толькі польская мова, таму што, нібы, «тутэйшая» мова не зразумелая для беларусаў на Навагрудчыне, а беларуская, наадварот, выклікае праблемы з разуменнем у палешукоў. Такое рашэнне было скіравана на паступовую паланізацыю насельніцтва заходнебеларускіх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай.

Паланізацыя супраць украінізацыі

Вынікі перапісу насельніцтва 1931 года на Палессі дазволілі польскай адміністрацыі (ваяводам у той час быў Вацлаў Костэк-Бярнацкі) падзяліць Палескае ваяводства на ўчасткі, якія засялялі беларусы і… «тутэйшыя». Апошнія ва ўспрыняцці Варшавы былі той масай, якую паступова можна было б асіміляваць і ператварыць у «сумленных польскіх грамадзян». Разам з гэтым, адміністрацыя ваяводства была вельмі занепакоеная «экспансіяй украінскага нацыяналізму ў беларускім Палессі».

Варта разумець, што гэта адбывалася, дзякуючы папушчальніцтву саміх палякаў. На пачатку 1920-х гадоў яны дазволілі пачаць лагодную «ўкраінізацыю левага берагу Прыпяці», звязаную з распаўсюджваннем украінскай мовы ў мясцовых школах, у тым ліку ў Столінскім і Лунінецкім паветах.

Дзеці з Палесся ў Кракаве, 1930-я гады

Дзеці з Палесся ў Кракаве, 1930-я гады

Паступова ўкраінскія ўплывы распаўсюджваліся і на іншыя бакі жыцця. Напрыклад, у 1925 годзе ў Кобрыне быў адчынены Украінскі акцыянерны банк. Праз некаторы час, з ініцыятывы ўкраінскай грамадска-адукацыйнай арганізацыі «Прасвіта», украінскі банк з’явіўся ў Брэсце.

На тэрыторыі беларускага Палесся сталі развівацца ўкраінскія кааператывы, якія акрамя эканамічных спраў займаліся і грамадска-культурнай праблематыкай. Паступова на гэтыя арганізацыі пачаў аказваць уплыў украінскі нацыяналістычны рух, што выклікала рэпрэсіі з боку польскіх улад. З асцярогай Варшава пазірала і на распаўсюджванне грэка-каталіцкай царквы ў Заходняй Беларусі. У дзейнасці ўніятаў палякі бачылі небяспечны інструмент украінізацыі насельніцтва Палесся. Апагеем барацьбы палякаў з украінскім уплывам у Заходняй Беларусі была ліквідацыя, па рашэнні палескага ваяводы ў 1938 годзе, прадстаўніцтва таварыства «Прасвіта» ў Брэсце.

Падманлівае заспакаенне

У 1935 годзе пры Савеце Міністраў ІІ Рэчы Паспалітай быў створаны Камітэт па нацыянальных справах, які, аднак, не надаваў вялікай увагі «беларускаму пытанню». У тым жа годзе ў Міністэрстве ўнутраных спраў была падрыхтавана справаздача, у якой пазначалася, што неабходнасці выпрацавання спецыяльнай стратэгіі дзеля збліжэння паўночна-ўсходніх ваяводстваў з дзяржавай не існавала. Варшава спадзявалася на мясцовую адміністрацыю і працэсы асіміляцыі і паланізацыі, якія адбываліся ў гэтым рэгіёне. Маўляў, два, тры пакаленні — і з «тутэйшых» будуць выхаваны сапраўдныя палякі.

У канцы 1930-х гадоў польскі ўрад перастрахаваўся і адмовіўся ад распаўсюджвання дзейнасці Таварыства заградовай шляхты ў паўночна-ўсходніх ваяводствах, каб дадаткова не падкрэсліваць падзел у заходнебеларускім грамадстве на палякаў-шляхту і беларусаў-сялян.

Знак за ўдзел у перапісе 1931 года. З калекцыі аўтара

Знак за ўдзел у перапісе 1931 года. З калекцыі аўтара

Аднак праблем усё роўна хапала. Выхадцаў з Заходняй Беларусі стараліся не дапускаць да пасад у мясцовай вертыкалі. Тлумачылася гэта тым, што «сярод беларускага этнасу» былі вельмі распаўсюджаныя камуністычныя ідэі. У Палескім ваяводстве адбывалася паланізацыя праваслаўнай царквы. Пры падтрымцы архіепіскапа Пінска-Палескага Александра ваявода Вацлаў Костэк-Бернацкі ўвёў забарону на выкарыстанне іншых моў, акрамя польскай, у царкоўных набажэнствах, а ў метрыкальных кнігах загадаў запісваць людзей на польскі манер…

***

З-за курса на асіміляцыю і паланізацыю насельніцтва паўночна-ўсходніх ваяводстваў палякі ва ўсведамленні звычайных беларусаў заставаліся «расай гаспадароў». Сітуацыю пагаршалі не толькі памылкі Варшавы, але і савецкая прапаганда, якая ўводзіла ў вушы братоў з захаду бальшавіцкія ідэалагемы і прымушала іх верыць, што ў БССР для беларусаў створаны рай. Верасень 1939 года ўсё расставіў на свае месцы. Вызваленне для заходніх беларусаў абярнулася новымі выпрабаваннямі, а польская грамадскасць, ужо ў пасляваенны час, была вымушана пераглядзець сваё стаўленне да былых усходніх абшараў міжваеннай польскай рэспублікі.

Аўтар: Ігар Мельнікаў, Новы Час