Па-рознаму. Найстаражытнейшы гістарычны назоў нашага народу – крывічы. Вацлаў Ластоўскі лічыў, што ён роднасны словам кроўны, сваяк па крыві. Потым, з канца І тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым, нашыя продкі называлі сябе Русь, русіны (слова скандынаўскага паходжання; адно з магчымых пачатковых значэнняў – племя тых, хто плавае на чаўнах).
Гэтым словам называлі землі, дзе пашырылася хрысціянства ўсходняга абраду. Была полацкая Русь, кіеўская Русь. Калі ў ХV стагоддзі на палітычнай сцэне з’явілася Масква, ейную мову сталі называць маскоўскаю, сваю завучы рускаю. У Вялікім Княстве Літоўскім пашырыліся назовы Літва, ліцьвіны. Самі беларусы і чужаземцы называлі нашую мову літоўскай або літоўска-рускай.
«Белай» спачатку называлі ўсходнюю – Уладзіміра-Суздальскую – Русь. Пазней найменне Беларусь замацавалася было за ўсходнебеларускімі землямі – Віцебшчынай, Смаленшчынай, Магілеўшчынай, а з канца ХІХ стагоддзя расейскія ўлады сталі зваць Беларуссю ўсю краіну. Лідэры беларускага руху пачатку ХХ стагоддзя – «нашаніўцы» – канчаткова выбралі і пачалі шырока прапагандаваць назовы беларусы, беларуская мова.
Вацлаў Ластоўскі ды Ян Станкевіч ад пачатку 20-х гадоў прапагандавалі вяртанне назоваў крывічы, крывіцкая мова. Я.Станкевіч, жывучы ўжо на эміграцыі, з 50-х гадоў укараняў назовы Вялікалітва, вялікаліцьвіны, вялікалітоўская мова.
Крыніца: http://old.knihi.com