Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Я нярускі

Для савецкіх малых пачутае ад дарослых абразьлівае “да он нерусский” адбілася ў галаве ўстойлівай формулай  і ўзброіла цэлае пакаленьне інструментам гнобленьня.

Але  апынулася, што даволі часова. І неяк слаіста і павярхоўна. Нават тады, гадоў сорак – пяцьдзясят таму,  мы ў знакавых сітуацыях  фармальна вызнаваліся рускімі, але фактычна і глыбінна імі не былі. Прыкладам, у самай распаўсюджанай гульні ў вайну ніхто з хлопцаў не хацеў быць “немцам”, усе “рускімі”.

Палякі як амаль немцы

Амаль гэтаксама дрэнна мы ставіліся да таго, каб назвацца палякамі. У суседнім мястэчку Поразава людзі называлі сябе палякамі, –  пэўна, запісаліся імі дзеля нейкіх выгод, або пад ціскам, або і тое, і другое. Хоць гаварылі і гавораць дома на больш чыстай беларускай мове, чымся народ  навокал. Дык пэўная мера адчужэньня адчувалася, і мянушкі “пшэкі” і “казінцы” (тыя козаў гадавалі) былі, як помню, самымі ласкавымі.

І ўсё-такі гэта была грамада, якая жыла побач, – суседзі. Шлюбы паміж касьцельнымі палякамі і беларусамі зусім не былі табу. Ёсьць тут такі звычай, – абазначаць пачатак вёскі ці мястэчка крыжам. Цяпер перад  Поразавам стаяць праваслаўны і каталіцкі жалезныя крыжы, робленыя адным майстрам і ў адной агароджы.

Рускія і “рюскіе”

Іншая рэч рускія. Калі да нас у школу з райцэнтра прыехаў новы дырэктар (змясцілі з дырэктарства саўгасам за п’янку), і яго сын пачаў гаварыць з намі па-руску, мы нейкую хвілю ўражана маўчалі, а потым грымнулі вясёлым рогатам. Як гэта казаў Леў Талстой пра паэзію?  Гэта калі замест таго, каб хадзіць нармальна, чалавек таньчыць. Так і для нас была гэтая гамана “гарацкіх”. І што – праз нейкі тыдзень перавучыўся хлопец, пачаў дзэкаць і цекаць па-нашаму.

Дзеля гендэрнай справядлівасьці, і сам па сабе прыклад паказальны – была ў вёсцы і свая “Гарацкая”. Гэтую мянушку жанчыне прыляпілі, бо надта хацела выйсьці замуж, дзеля гэтага паехала ў мястэчка і там вывучылася рускай мове. Паспрабавала на ёй гаварыць і пасьля таго, як вярнулася з байструком у прыполе дахаты, а ёдкія сяброўкі па жаночым цэху адразу ёй шлёп!  – лэйбл даволі крыўдны прыляпілі.

Навошта людзям русский язык

Цяпер чую іншы паварот спраў. Беларусы масава перафрахтавалі сваіх дзяцей у гарады, далей ад вясковага прыгону. “Мы не жылі, дык хай хоць дзеці пажывуць”. Натуральна, там тыя пачуваліся прымакамі і пастараліся, як гэта ў натуры, падладзіцца пад небеларускі горад. Але зусім не сталі “Гарацкімі”.

Шмат разоў чуў і чытаў, як па-руску ўжо лаюць тых самых рускіх. Карані масавага вызнаньня тутэйшых людзей як беларусаў глыбокія.

Таму, калі на іхняе пытаньне, чаму я не кажу па-руску, чуюць адказ “Бо я нярускі”, – таму такое тлумачэнне іх цалкам задавальняе.

Пасьля падлеткавых гульбішчаў  з слоганам “нярускі” я даведаўся, што калісьці даўно мой дзед па мацярынскай лініі Канстанцін не вярнуўся з Пецярбурга. Паўгода зарабляў там на цукеркавай фабрыцы на інвентар у гаспадарку, а пасьля напісаў ліст, што атрымаў разлік і едзе – і ніколі яго ніхто больш ня бачыў.

Такіх гісторый шмат. Расія многімі ўспрымаецца як зона небясьпекі, і гэта ня плён нейкіх там пісьменьнікаў кшталту мяне, – гэта аб’ектыўна напісаная гісторыя, якая склалася з гісторый, – лёсаў суб’ектаў. Не пераказваючы гісторыкаў, якія пішуць пра войны, захопы, генацыд,  навяду больш дробнае поле зроку.

Цяпер галеча выціскае беларусаў, асабліва з мястэчак і раёнаў,  на заробкі за мяжу. Дык жа лік тых, хто вярнуўся з Расіі ў трунах або прапаў там, ідзе на сотні, а мо ўжо і на тысячы. Фактычна, паўтараецца гісторыя мінулага стагодзьдзя, адно што прапорцыя выездаў нашых людзей  шляхам няхітрых маніпуляцый скасабочаная на Ўсход. Раней і палешукі, і ліцьвіны ездзілі на заробкі аж у далёкую Амерыку. І ездзілі ў Расію. Нешта ня чуў я, каб нехта надта разжыўся з усходняга ваяжу. А вось пра розных Петрукоў- амерыканцаў ды Базылёў-парагвайцаў  чута-перачута, хто прывёз грошы на добрае жыццё. А і заставаліся некаторыя там, але ня так, як мой дзед, у невядома якой яме закапаныя ці вадзе ўтопленыя. Адно з Берасьцейшчыны з той хвалі эміграцыі ў ЗША і Канадзе жылі чацвёра мільянераў.

Чаму рускасьці шкада

Для мяне назвацца нярускім не такі просты выбар. Бо ведаю, што Статут Вялікага  Княства Літоўскага напісаны  менавіта на “рускай” мове, якая фактычна з’яўляецца старабеларускай. (У расійскамоўнай Вікіпедыі гэтую мову  захавальна для сябе перахрысьцлі ў “западнорусский язык”).Тое ж, і што да першай для ўсходніх славян Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынай (1517) за 64 гады да таго, як яна выйшла ў Масковіі працай выгнанага з Масквы беларусца Івана Фёдарава; у самой Маскве яе надрукавалі яшчэ праз 82 гады. Як сведчыць на грунце дакументаў гісторык Міхаіл Галдзянкоў, прыкладна ў той сама час аднаму мешчаніну каля Масквы спатрэбіўся перакладчык (з фіна-вугорскай гаворкі на “рускую” ўжо мову), каб давесці ў маскоўскім судзе права на зямлю. Як філолаг, разумею, што ўзяўшы сабе мову, забіралі тым самым і тэрыторыю (Русь на Украіне са сталіцай Кіевам, а Літву, каб засвоіць, назвалі Белай Руссю), і гістарычную спадчыну. Мабыць, у мяне адабралі права называцца рускім яшчэ за чатырыста гадоў да майго нараджэньня? Дык ці варта ад яго адмаўляцца толькі таму, што забралі і прысабечылі?

Палічыў, варта. Я нярускі. Што да рускіх, дык не паварочваецца рука напісаць пра некага, што ён гаворыць або піша на рускай мове. Часцей за ўсё, пасьля непрацяглай барацьбы, пішу “на расійскай”.

Яўген Бяласін, 04.07.2012

http://arche.by/by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.