Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Яўген Кулік: Рыцар сваёй Айчыны

Уступ

Пісьменніца Галіна Багданава (Сачанка) колькі гадоў таму надрукавала ў часопісе «Дзеяслоў» артыкул «Рыцар сваёй Беларусі», прысвечаны Яўгену Куліку. Ён пачынаецца з двух эпіграфаў. Першы:

«У кожнага з нас ёсць Свая Беларусь. Але не кожны адважыцца ў наш час быць яе Рыцарам».

Другі:

«Кожны кулік сваё балота хваліць».

Далей Галіна Барысаўна піша:

«Наш Кулік не кожны. Наш Яўген Кулік быў мастаком і сваё балота не столькі хваліў, колькі парадкаваў, шукаючы на ім трывалыя купіны, па якіх можна ісці наперад. Гэтымі купінамі для яго заставаліся наноў адкрытыя, разгорнутыя для ўсіх старонкі гісторыі і ягоны ўласны архіў, дзе былі сабраныя самыя цікавыя публікацыі з газетаў і часопісаў.

…На партрэце аднаго са сваіх найбліжэйшых сяброў Алеся Марачкіна Яўген Кулік строгі, сабраны, насцярожаны, трымае ў руцэ тоненькі стрыжань сцяга, светла-сонечнага сцяга Сваёй Беларусі, Рыцарам якой быў усё жыццё.

…Адзін з яго сяброў, мастацтвазнаўца Генадзь Сакалоў-Кубай пісаў на пачатку дзевяностых:

“Дзякуючы сваёй эрудыцыі, глыбокаму веданню і разуменню гісторыі, мастацтва, літаратуры, бездакорнай сумленнасці і абвостранаму пачуццю годнасці, Яўген Кулік надзвычай моцна і вынікова ўплываў на сваіх калегаў, адкрываючы ім вочы на беларускі свет”.

…Гэта была цэлая зорная плеяда, суполка адна­думцаў. Лявон Баразна, Міхась Раманюк, Мікола Купава, Віктар Маркавец, Алесь Марачкін… Былі сярод іх i дзяўчаты, жанчыны. Вольга Дзём­кіна, Галіна i Валянціна Маркаўцы. Але кожная з іх была вартая найлепшых рыцараў. Побач былі журналісты, маладыя пісьменнікі, гісторыкі…

Яны гаварылі па-беларуску, вандравалі па вёсках у пошуках унікальных твораў народнага мастацтва, фатаграфавалі, замалёўвалі старыя хаты, кераміку, ручнікі, народныя строі, маляваныя дываны. Яны ладзілі, як цяпер пішуць, напаўпадпольныя Купаллі, калядавалі. Яны збіраліся ў каго-небудзь у майстэрні і дзяліліся новымі адкрыццямі з беларускай гісторыі.

I паступова той ледзь улоўны, спачатку імі самімі створаны, амаль нафантазаваны яшчэ за савецкім часам беларускі свет набываў ясныя, выразныя абрысы. Ён выплёскваўся на графічныя аркушы, жывапісныя палотны, у габелены… Ён захапляў, вабіў усё новых і новых прыхільнікаў. Пазней гэтае пакаленне мастакоў назавуць этнаграфічным.

Менавіта дзякуючы ім Беларусь сустрэла сваю незалежнасць на пачатку 1990-х са сваёю багатаю гісторыяй, нацыянальнымі героямі, са сваім народным мастацтвам, якое ёсць корань усякай культуры. Было што змясціць у падручніках гісторыі і беларускай літаратуры.

У 1970-я — на пачатку 1980-х у паралельным беларускім свеце, дзе аўтарытэт Яўгена Куліка быў непахісным, святкавалі юбілеі афіцыйна забытых Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Міхася Забэйды-Суміцкага, Язэпа Драздовіча… Тут вандравалі ў Вільню да Зоські Верас і Пётры Сергіевіча, у Зэльву да Ларысы Геніюш… Тут ладзілі экспазіцыі народнага разьбяра Апалінарыя Пупкі, мастакоў Міхася Станюты, Міхася Сеўрука, Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча, займаліся арганізацыяй выставаў да юбілеяў Цёткі, Міколы Гусоўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Каліноўскага, паўстання 1863 года…

Гэтыя вечарыны і выставы былі на той час ці не адзінай кропкай судакранання паралельнага беларускага свету з рэальным.

У канцы 1980-х — на пачатку 1990-х нерэальны, паралельны беларускі свет на нейкі час стаўся рэальным. Па-беларуску стараліся адказваць і дак­тары ў раддоме, і прадаўцы ў крамах. У той час нара­джаліся Рагнеды, Вітаўты, Алесі, Янкі, Антосі, Златы… У Яўгена Куліка не было сям’і, у яго была толькі Свая Беларусь, дзе належала жыць нашым дзецям.

А Яўген Кулік стаў адным з самых актыўных дзеячаў Беларускага Народнага Фронту «Адра­джэнне». З’явілася мастацкая суполка «Пагоня», экспазіцыі якой у Палацы мастацтваў фармаваў найперш Яўген Кулік, пачалі ладзіцца міжнарод­ныя пленэры імя Язэпа Драздовіча… Разам з Ул. Крукоўскім ён рабіў экспазіцыю па гісторыі герба і сцяга напярэдадні сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе. Ён быў адным з аўтараў эталона герба Рэспублікі Беларусь.

…У кожнага з нас ёсць Свая Беларусь. Але не кожны адважыцца ў наш час быць яе Рыцарам».

СТАРОНКІ ЖЫЦЦЯ

Яўген Кулік нарадзіўся перад вайной, 31  кас­трычніка 1937 г., у Мінску на вуліцы Ві­цеб­скай, у сям’і Сяргея Гаўрылавіча і Вольгі Ан­тонаўны Кулікоў.

Вось фрагмент з успамінаў Тамары, малодшай сястры Яўгена:

«Сям’я ў нас вельмі простая, звычайная. Бацькі былі неадукаваныя, дзякуй Богу, дзеці адукацыю атрымалі. Мама скончыла курсы лікбезу ў 20-я, бацька — два класы царкоўна-прыхадской школы. Дзяцей у сям’і было трое. Я была найменшая».

Дзяцінства і школа

У раннім маленстве з будучым мастаком адбыўся выпадак, які ў сям’і пазней палічылі про­рочым. Яго маці з немаўляткам, завінутым у пялюшкі ды коўдру, па мастку пераходзіла рышток рэчкі Нямігі, што цякла пасярэдзіне вуліцы з той жа назвай. Была галалёдзіца, маці паслізнулася ды ўпусціла дзіця ў раку. Дзякуй Богу, рэчка была мелкая, усё абышлося. Але вось такі Хрост у гістарычнай Нямізе давялося прайсці маленькаму хлопчыку.

На пачатку акупацыі немцы арганізавалі ў раёне Нямігі, дзе жылі Кулікі, гета для яўрэяў. Беларускія сем’і адтуль перасялілі. Кулікам далі кватэру на вуліцы Камсамольскай, дзе раней жыла яўрэйская жанчына па прозвішчы Разенталь. У гэтай кватэры хлапчук пачаў актыўна маляваць. Сястра расказвала:

«У вайну сям’я наша жыла на рагу Інтэр­нацы­янальнай і Камсамольскай, у старым доме з вельмі шырокімі падваконнямі. Паперы не было, дык Яўген маляваў на падваконні. Мама змывала і злавалася, асабліва калі ў справу ішоў хімічны аловак, а ён ізноў маляваў».

Кулік быў ляўшун — ад нараджэння і да таго часу, пакуль сусед з іншай кватэры, здабыўшы недзе пачак каляровых алоўкаў, не сказаў яму: «Вось, Генік, калі будзеш маляваць правай рукой, атрымаеш у падарунак». Тады Яўген перавучыўся і да апошніх сваіх дзён пісаў і маляваў правай рукой.

У 1945 годзе Яўген пайшоў у школу. Вучыўся выдатна. І ўвесь час перамалёўваў ілюстрацыі з кніжак, якія траплялі ў рукі. Напрыклад, з рамана Сямёна Склярэнкі «Князь Святаслаў», з выдання пра арганаўтаў і Залатое руно. Да любімых належалі казкі Пушкіна з ілюстрацыямі Івана Білібіна, якія выклікалі асаблівую цікавасць. А яшчэ малы Яўген перамаляваў вельмі складаную кампазіцыю «Раніца на Куліковым полі» мастака Аляксандра Бубнава.

Ён любіў чытаць зборнік твораў Мікалая Гогаля, і яму вельмі падабаліся ілюстрацыі да яго мастака Яўгена Кібрыка. Гэтая кніжка прайшла з Куліком праз усё жыццё. Менавіта яна заахвоціла хлопчыка перайсці ад перамалёвак да самастойных творчых работ.

У 1951/52 навучальным годзе (ва ўзросце 14—15  гадоў) Яўген займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва Палаца піянераў, якім кіраваў мастак Алег Вікенцьевіч Луцэвіч. Ад яго падлетак засвоіў азы малявання класічных гіпсавых мадэляў.  Яшчэ адзін фрагмент з успамінаў сястры:

«Школьнікам ён хадзіў у мастацкі гурток, пад кіраўніцтвам Алега Луцэвіча. Шкада, не захаваўся яго агульны сшытак, там на кожнай старонцы былі яго малюнкі. Памятаю выдатны партрэт Гогаля.

Падчас хваробы Яўген узяў з сабой у шпіталь альбом і алоўкі, а вынікі пасля паказаў кіраўніку, і той надта ўразіўся. Падарыў Яўгену два пэндзлікі і бляшанку з акварэльнымі фарбамі. Тады гэта было асабліва каштоўна».

Так Алег Луцэвіч адзначыў юнага Яўгена Куліка першай прэміяй на самым пачатку яго вялікай дарогі ў мастацтва.

А вось яшчэ адна, вельмі важная дэталь:

«Яўген чытаў усё, што пад руку траплялася. Везлі неяк кнігі на макулатуру на вялікім возе. Дык ён бег за возам і выторгваў кнігі адну за адной. Ці яшчэ, памятаю, як вяртаўся са школы: ідзе і чытае. Прпыніцца, стаіць і працягвае чытаць».

Праз чытанне Яўген стаў сапраўдным эрудытам. Тамара Сяргееўна ўзгадвала, што калі яны глядзелі першыя выпускі тэлевізійнай праграмы «Што? Дзе? Калі?», дык Яўген адразу адказваў на ўсе пытанні, апроч вузканавуковых. Ці мог ты­дзень разгадваць крыжаванку, каб у ёй не засталося ніводнага неразгаданага слова: шукаў адказы ў кнігах».

У 1952 годзе Яўген Кулік скончыў сёмы клас 48-й сярэдняй школы Мінска. За добрую вучобу ён атрымаў пахвальную грамату і падарунак — шыкоўна выдадзены том «Мёртвых душ» Гогаля з ілюстрацыямі Пятра Баклеўскага: усе настаўнікі ведалі пра яго чытацкае захапленне.

Мастацкае вучылішча

Па заканчэнні школы 15-гадовы падлетак вырашыў паступаць у Мінскае мастацкае вучы­лішча.

Маці да мастацтва асаблівай цікавасці не ме­ла, але сына падтрымала. Калі яны адчынілі дзверы ў кабінет дырэктара вучылішча Івана Рыгоравіча Краснеўскага, убачылі на сценах пакоя малюнкі — узоры для паступаючых. Маці патлумачыла дырэктару, што яе сын надта любіць маляваць. Іван Рыгоравіч запытаў: «А вось так ён умее?» — і паказаў рукой на сцены, дзе былі развешаны малюнкі. Яўген не меў досведу натурных штудый, і яму давялося шмат папрацаваць, каб добра здаць іспыты, але выпрабаванне ён прайшоў.

З 1952 па 1957 год Яўген вучыўся ў мастацкім вучылішчы. Настаўнікі тут былі дасканалыя, усе яны мелі вядомасць у беларускіх мастацкіх колах.

Гэта Леў Лейтман (1896—1974) з Віцебска, вучань славутага Юдэля Пэна, Яўген Харытоненка (1920—1998) і Альгерд Малішэўскі (1922—1989). Малады Малішэўскі ў тыя гады лічыўся мадэрністам, бо надта хвацка і вельмі прыгожа ўжываў колеры. Ад натуры нібы не адыходзіў, але і «ў лоб» яе не перадаваў. Настаўнікі выхоўвалі сваіх вучняў галоўным чынам на досведзе расійскіх перасоўнікаў-класікаў, як патрабавалі тагачасная савецкая ідэалогія і мастацкая крытыка.

Арыентацыя Яўгена на нацыянальную тэму праявілася ў дыпломнай працы пад умоўнай назвай «Іван Грозны з пушкарамі». На карціне з правага боку размясціліся цар, баяры і служкі, з левага — магутныя дзецюкі, выразныя беларускія тыпы паводле тагачаснага бачання маладога Куліка.

Тэма на той час была зусім нераспрацаваная, але юнака падобныя праблемы не засмучалі, наадварот, надавалі яму дадатковага імпэту. Задума была складаная, але яму дазволілі яе і не памыліліся — Яўген атрымаў за дыплом адзнаку «выдатна». На жаль, ні дыпломная праца, ні эскізы да яе не захаваліся.

Інстытуцкія бунтарствы

Скончыўшы вучылішча, Яўген у тым жа 1957 годзе паступіў у Беларускі тэатральна-мас­тацкі інстытут (БДТМІ) на адзяленні жыва­пісу.

У інстытуце Яўген і яго сябры вывучалі тэхніку мастакоў, блізкіх да школы расійскага мастака Абрама Архіпава (1862—1930), больш мадэрнага, чым перасоўнікі.

Выкладчыкамі былі жывапісцы Акім Шаўчэнка (1902—1980), Аляксандр Мазалёў (1910—1970), Віталь Цвірка (1913—1993), Аляксандр Казлоўскі (1923—2011), Уладзімір Стальмашонак (1928—2013), графік Сямён Герус (1925—1998).

Дарэчы, Геруса ў 1953 годзе адмыслова запра­сілі з Вільні ў Мінск для стварэння кафедры графікі і майстэрні эстампа. У БДТМІ Герус навучаў студэнтаў тэхнікам графічнага мастацтва — лінарыту, дрэварыту, літаграфіі, афорту і іншым, заахвочваў іх звяртацца да гістарычнай тэматыкі. Ён працаваў у інстытуце да 1967 года. Сярод вучняў С. Геруса — Арлен Кашкурэвіч, Рыгор Віткоўскі, Людвіг Асецкі ды іншыя, у тым ліку Яўген Кулік.

Але Кулік чамусьці адмоўна ставіўся да Геруса. Калі ў 1991 годзе пры Саюзе мастакоў Беларусі стваралася суполка «Пагоня», Герус адным з першых падаў заяву на ўступ. Аднак Кулік выступіў супраць, і хаця чыннікаў ён не агучыў, яго прапанову прынялі аднагалосна і адмовілі Герусу.

Па ўспамінах сястры, Яўген быў вельмі до­бразычлівы і неканфліктны чалавек. Але ўвесь курс, на якім ён вучыўся, знаходзіўся ў канфрантацыі з адміністрацыяй. Бо студэнты прагнулі колеравых навацый, напрыклад, пісалі пастановачныя кампазіцыі пры дапамозе каляровых шкельцаў, а за гэткія эксперыменты выкладчыкі рабілі ім непрыемныя заўвагі ды скардзіліся ў рэктарат. Рэктарам тады быў стары тэатральны мастак Аскар Марыкс (1890—1976), які меў званне народнага мастака БССР. Аднойчы адбыўся вялізны скандал. Хтосьці са студэнтаў падчас рэктарскага прагляду студэнцкіх прац схаваўся ў аўдыторыі ў шафе, а потым пераказаў пачутае аднакурснікам. Ім нешта не спадабалася, паднялася вялікая буча. Тады ўсіх па чарзе пачалі выклікаць у рэктарат.

Яўген падчас гутаркі з ім назваў дзеянні ад­міністрацыі «судзілішчам». За гэта яго абві­на­віцілі ва ўсіх грахах і выключылі з інстытута. Але праз хуткі час аднавілі, бо ён меў добрыя адзнакі па ўсіх прадметах, ды і паводзіў сябе добра.

Пазней гісторыя з выключэннем паўтарылася, з прычыны несвоечасовага жарту ў прысутнасці прафесара Віталя Цвіркі. Як бачым, патрабаванні да дысцыпліны ў БДТМІ былі амаль як у войску. «Хоць вы і творцы, але ніякіх дыскусій нам не трэба!» Аднак Яўгена ізноў памілавалі і ў 1963-м годзе ён паспяхова абараніў у якасці дыплома жывапісную карціну «Суботнік. 1920-я гады».

Яму было ўжо 26 гадоў. Але самастойную творчую дзейнасць ён пачаў раней. Яшчэ падчас вучобы ў інстытуце Яўген пачаў зарабляць грошы, каб набываць патрэбныя кнігі і мець магчымасць вандраваць па Беларусі. Афармляў усё, што яму прапанавалі.

У 1961 годзе яму замовілі афармленне маленькай дзіцячай кнігі Алега Лойкі — казкі «Як Тоня рэха шукала». У ілюстрацыях да яе ён спалучыў калаж з прамалёўкай акварэллю. Гэта было яго першае вынаходства ў кніжнай графіцы.

А ў 1962 годзе Яўгену прапанавалі пасаду мастацкага рэдактара дзіцячага часопіса «Бярозка», на якой ён пачаў працаваць яшчэ не атрымаўшы дыплома. Гэта было магчыма таму, што апош­ні курс у БДТМІ зай­мала праца над дыпломным жывапісным творам. Лекцыяў ды семінараў ужо не было, толькі кансультацыі з настаўнікамі.

Тады ж адбыў­ся пералом­ны момант у яго жыцці: ён перайшоў на беларускую мову. Сястра Тамара ўс­памінала:

«Ён зрабіў гэта прынцыпова, калі па-беларуску ў горадзе размаўлялі лічаныя людзі. Гэта быў мужны крок. Проста адчуў сябе беларусам, зразумеў, колькі ўсяго каштоўнага і неацэненага ў беларускай культуры і гісторыі».

Калі ўжыць літаратурнае вынаходніцтва Га­ліны Багданавай, дык можна сказаць, што менавіта тады Яўген Кулік «адкрыў для сябе паралельны, беларускі свет, адкрыў Сваю Беларусь, рыцарам якой стаў на ўсё астатняе жыццё».

З жывапісца ў графікі

Кулік меў усе магчымасці зрабіць кар’еру жывапісца, але свядома абраў шлях мастака-графіка. Гэта давала яму магчымасць праз кніж­ную ілюстрацыю і станковую графіку звяртацца да больш шырокага грамадскага кола, чым праз жывапіс.

У 1964 годзе Яўген перайшоў з «Бярозкі» ў часопіс «Вясёлка». Тут ён заснаваў серыю кніжак-малютак «Энцыклапедыя «Вясёлкі»» і здзейсніў яе выпускі. Найболей удалымі сярод іх ён лічыў «Чарнічку» Артура Вольскага (1964), «Як звяры да зімы рыхтуюцца» Івана Бурсава (1966), «Экзамены» Рыгора Барадуліна (1968), «Што такое мікратое» А. Вольскага (1971), «Сонечны клубочак» Васіля Зуёнка (1972).

У 1965 г. (у 28 гадоў) яго прынялі ў Саюз мастакоў БССР. Гэта дало яму юрыдычнае права нідзе не служыць, а зарабляць грошы на жыццё у якасці мастака — адной з некалькіх «вольных прафесій», афіцыйна дазволеных у СССР.

Валошка з вянка Багдановічу

Праца з дзіцячымі кніжкамі і часопісамі была добрай практыкай для Яўгена. У гэты час ён шукаў уласны мастацкі стыль і прыярытэты творчай дзейнасці. 

На думку мастацтвазнаўцаў, вызначальным рубяжом было для Куліка аздабленне зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Маладзік», складзенага Алегам Лойкам (у 1968 г.) ды падручніка беларускай мовы Ганны Севярнёвай і Леаніда Падгайскага для першага класа (у 1969 г.).

Вобраз Багдановіча атрымаўся ў мастака вельмі ўдалым. Задуменны паэт у атачэнні валошак і рамонкаў (быццам німб над галавой) углядаецца ў бездань неба. Меладычная пластыка малюнка ў спалучэнні з пяшчотнымі, празрыстымі тонамі фарбаў і неардынарнай кампазіцыяй (партрэт размешчаны амаль на ўсю старонку па дыя­ганалі аркуша) склаліся ў дасканалы твор, які ўвайшоў у класіку беларускага мастацтва.

А выявы валошак у застаўках да «Мала­дзіка» з іх знакавай ла­каніч­насцю ўспры­маюцца сёння як сім­вал эпохі нацыянальнага рамантызму.

Аднадумца Караткевіча

Мастацтвазнаўца Мая Яніцкая з захапленнем узгадвала, як у далёкім 1972 годзе праз Уладзіміра Караткевіча яна пазнаёмілася з Яўгенам Куліком. Даведаўшыся пра яе паездку на шклозавод «Нёман», пісьменнік папрасіў «падкінуць да Навагрудка аднаго таленавітага мастака, які рыхтуе нізку графічных аркушаў, прысвечаных помнікам старажытнага беларускага дойлідства Гарадзеншчыны».

Наша грамадства тады яшчэ мала ведала Ка­раткевіча, аднак пісьменнік ужо даўно ўпарта ажыццяўляў свой высакародны план — паказаць народу праз мастацкія творы нашу гісторыю ва ўсёй яе велічы, каб праз гэта ўздзейнічаюць на свядомасць беларусаў. Таму ён быў вельмі ўзрадаваны, калі даведаўся, што таленавіты мастак Яўген Кулік узяўся за гэту тэму, і як мог спрыяў яму.

Тады працягвалася мэта­накіраванае знішчэн­не помнікаў стара­жыт­насці, і свядомыя творчыя людзі спяшаліся апісваць, фатаграфаваць, за­малёўваць тое, што яш­чэ захавалася. Пад канец 1960-х гадоў гэтую працу распачаў Лявон Баразна. Але ў хуткім часе ён стаў ахвярай забойства. Забойц не знайшлі, бо не хацелі шукаць.

Яўген Кулік пайшоў далей за Баразну — ён ажыццявіў мастацкія рэканструкцыі найбольш адметных помнікаў і замкаў Беларусі. Пачаў са стварэння знакамітай серыі станковых лінарытаў «Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны» (1974), якія увайшлі ў нашы хрэстаматыйныя выданні.

Для кожнага помніка — храма-касцёла ў Гнезне, кальвінскага збору ў Смаргоні, праваслаўнага манастыра ў Жыровічах — мастак знайшоў сваё неба, то рытмічна строгае, то ажыўленае акруглымі мяккімі аблокамі.

У 1978 годзе мастак аддзякаваў Караткевічу за духоўную падтрымку, стварыўшы станковую ілюстрацыю да яго новага рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1978). Манументальная кампазіцыя на дзве старонкі кнігі дае шырокую панараму старажытнага Гродна і на яе фоне Хрыста з вялізным Крыжам на плячы. Гэую працу можна лічыць адным з лепшых графічных твораў Яўгена Куліка.

У 1991—1992 Кулік зрабіў новую каляровую нізку «Замкі Беларусі», удасканаліўшы яе адпаведна з новымі гістарычнымі і археалагічнымі адкрыццямі. У ёй добра адчуваецца настальгія аўтара па знікаючай прыгажосці.

«Песня пра зубра»

У 1979 годзе Яўген Кулік зрабіў ілюстрацыі да класычнага твора беларускай лацінамоўнай літаратуры «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага (першае выданне з’явілася ў 1523 годзе).

Паэма (у перакладзе Язэпа Сяміжона на беларускую мову) вельмі натхніла Яўгена, ён працаваў над яе мастацкім афармленнем з вялікім імпэтам.

Але на той момант, калі Кулік браўся за гэтую працу, ужо існавалі цудоўныя ілюстрацыі да «Песні…», зробленыя Арленам Кашкурэвічам (1929—2013) у 1973 годзе. Такім чынам Кулік уступаў у своеасаблівае спаборніцтва з мэтрам беларускай графікі, і спаборніцтва гэтае пайшло на карысць нацыянальнаму мастацтву. Сёння ілюстрацыі Куліка да «Песні…», як і ілюстрацыі Кашкурэвіча, знаходзяцца ў шэрагу вышэйшых дасягненняў беларускай кніжнай графікі. Мяккі, вібрыруючы малюнак кампазіцый Куліка нагадвае пералівы шэра-белых арнаментаў у тканых узорах так званых «дымак» у посцілках і ручніках Падзвіння і Панямоння.

Ствараючы малюнкі да паэмы, Кулік здолеў вобразна супраць­паставіць мірнае жыц­цё і вайну. Гра­фіка Куліка да паэмы манументальная па стылі, велічная па ўнутраным напале і ў той жа час пранікнёная і ўз­нёслая.

Гэта кніга, выдадзеная ў 1980 годзе, адрадзіла традыцыю класічнага аздаблення пераў­васоб­ле­ных ста­ра­беларускіх кніг — з густоўнымі тытулам, буквіцамі і іншымі элементамі, адлюстраваннем ду­ху старасвеччыны.

Выданне славутага твора Міко­лы Гусоўскага ў пера­кла­дзе на сучасную беларус­кую мо­ву стала выдатнай падзеяй у справе асваення бела­ру­самі ўласнай культурна-гістарычнай спадчыны. Кулік добра скарыстаў гэтую нагоду для ўслаў­лення нашай гераічнай мінуў­шчы­ны. Гэтую працу можна лічыць куль­мі­нацыяй яго творчасці.

У 1980 годзе на Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» ён быў узнагароджаны дыпломам і медалём імя Ф. Скарыны за мастацкае афармленне  паэмы. А на Усесаюзным конкурсе Кулік атрымаў за яе дыплом першай ступені.

У 1982 годзе Кулік звярнуўся да творчасці Янкі Купалы, аднавіў­шы ў вобразах-сімва­лах яго­ны твор «На Куццю». Праз год ён зрабіў малюнкі да оперы «Сель­ская ідылія» (або «Сялянка») Вінцэнта Ду­ні­ на-Марцінкевіча, з якой пачаўся сучас­ны бела­рускі тэатр. Але такога поспеху, як малюн­кі да «Песні пра зубра» яны не атрымалі.

Пошукі папярэднікаў

Асобная тэма — збіральніцкая і папулярызатарская дзейнасць Яўгена Куліка.

З 1977 па 1982 год ён быў старшынёй камісіі Саюза мастакоў БССР па беларускаму народнаму мастацтву. Удзельнічаў у экспедыцыях камісіі, у тым ліку па зборы маляваных дываноў, наладжваў з групай паплечнікаў выстаўкі і пленэры, для якіх яны рэстаўравалі творы адышоўшых народных мастакоў.

Кулік стварыў серыю малюнкаў «Вандроўкі па Беларусі» (1982–1992). Тут ён у вольным стылі увасобіў панарамы і вобразы старадаўніх мястэчак, ветракоў і ацалелых драўляных млыноў, цэркваў, касцёлаў, курганных могільнікаў, гарадзішчаў ды іншых сведкаў даўніны. Вось урывак з успамінаў фатографа і пісьменніка Вячаслава Дубінкі (1941—2010):

«Асабліва радаснымі, незабыўна-павучальнымі былі паездкі падчас штогадовых экспедыцый. А натхняльнікамі іх былі апантаныя людзі: мастакі М. Купава, А. Марачкін, В. Маркавец, У. Басалыга — спіс можна доўжыць…

Мы забіраліся ў самыя глухія, але адметныя мясціны Глыбоччыны, Гродзеншчыны, Случчыны, цягаліся па пакінутых тубыльцамі хутарах Докшыцкага краю, займаліся фотафіксацыяй збуцвелых, пачарнелых ад часу і людской нядбайнасці помнікаў архітэктуры, шэдэўраў народнага дой­лідства. Унікальная каванка на могільніках, ук­рыжаванні на раздарожжах Мядзельшчыны, ветрачкі пад Клецкам…

I я адчуваў, як баліць сэрца і плача душа ў Яў­гена Куліка. Вунь жа, злыдні, да чаго даўмеліся. З калгаснай фермы жыжу накіравалі прама на драўляны храм, што красаваўся непадалёку ад Докшыцаў. А касцёл Святога Станіслава ў Мядзелі абгнюсілі мазутам. А попел спаленага ветрачка каля вёскі Азярское, што паблізу Міра, пёк нам далоні. Такое паўтаралася на кожным кроку, дзе людское раўнадушша і бяспамяцтва ператваралі ніву спадчыны ў голае поле…

Вось фотаздымкі, на якіх Яўген. Перабірае маляваны дыван вясковай мастачкі — аддай, цётухна, у музей, а то моль пажрэ, бачыш, дзіркі. Яўген робіць накіды алоўкам каля Мірскага замка, на ўскраі Навагарадка дыскутуе з раўнадушнымі жыхарамі мястэчка. Для іх помнікі — справа дзясятая. Божа, колькі ж вакол нас раўнадушных і абыякавых, за ўсіх не павінішся перад роднай старонкай, не папросіш прабачэння за бяспамяцтва…

Сорак гадоў Яўген працаваў на ніве Бацькаўшчыны. Па каліўцу, па зярнятку, не шкадуючы сіл і здароўя, салёнага поту, утомных мазалькоў, рупліва працаваў на сваёй дзялянцы — маленькай, але такой адчувальнай латачцы на агромністай ніве нашага адраджэння. Дай нам, Божа, усім, каму неабыякавая гэтая ніва, такой апантанасці, цярпення, веры, надзеі». 

Яўген Кулік арганізаваў першую, незабыўную для многіх выставу маляваных дываноў у мінскім Палацы мастацтва (1978 г.), якая суправаджалася чытаннем лекцый, правядзеннем экскурсій і публікацыяй артыкулаў у рэспубліканскім друку. Галоўнае дасягненне выставы і далейшай дзейнасці камісіі — увядзенне ў ранг класікаў народнага беларускага і сусветнага мастацтва Алены Кіш (1889—1949) і Язэпа Драздовіча (1888—1954).

У 1983 годзе Кулік стварыў папяровую стылізацыю маляванага дывана, якой даў назву «Памяці Алены Кіш — выдатнай народнай мастачкі».

Ён намаляваў Алену ў даўгой белай сарочцы, басанож. Пад яе крокамі сцелецца росная трава, побач зелянеюць дрэўцы, здаецца, што ёй радасна мяўкаюць ільвы, падобныя да катоў. Рачныя хвалі шэпчуцца, птушкі спяваюць. Вырай, аб якім марыла Алена, сапраўднае жыццё якой у «самай вольнай краіне свету» было больш падобна да пекла і давяло яе да самагубства.

Супрацоўніцтва з М. Ермаловічам

Славуты беларускі гісторык-самавук Мікола Ермаловіч (1921—2000) акрамя вывучэння гісторыі айчыны займаўся яшчэ і самавыдатніцтвам. У 1975—1976 гады ён рыхтаваў лісток «Гутаркі», якія падпісваў псеўданімам Сымон Беларус.

Тут Ермаловіч змяшчаў свае творы, якія не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны адмоўнага стаўлення афіцый­най гістарыяграфіі да ягоных канцэпцый ды погля­даў.

Ермаловіч рыхтаваў матэрыялы ў Мінску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у сва­ёй кватэры ў Маладэчне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку дзеля памнажэння. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень. Усяго вый­шлі каля 50 выпускаў.

Кулік раздаваў асобнікі сваім аднадумцам і так званым добрым знаёмым. Людзі, якія цікавіліся сапраўднай гісторыяй Айчыны, перадрукоўвалі «Гутаркі» на капіравальных машынах кшталту славутай «Эры», фатаграфалі, нават перапісвалі ад рукі. Ну, а некоторыя «заахвочаныя асобы» з ліку Куліковых «добрых знаёмых» шпарка беглі ў КДБ з кожным новым нумарам. Літаратуразнаўцы і гісторыкі «ў цывільным», сабраўшы добры стос кампрамату, потым цягалі і Ермаловіча, і Куліка на допыты, намагаліся напужаць. Гэта ў іх не атрымался, але выданне «Гутарак» прыйшлося спыніць.

«На паддашку»

Майстэрня Куліка больш за 20 гадоў запар знаходзілася над кафэ «Вясна», пад самым дахам, праз перакрыжаванне ад цэнтральнага будынка КДБ. Адсюль неафіцыйная назва гэтай тусоўкі — «На паддашку».

Ад канца 1960-х і ажно да пачатку 1990-х гадоў яна адыгрывала ролю своеасаблівага клуба і дыскусійнай пляцоўкі для апазыцыйна настроенай і нацыянальна арыентаванай інтэлігэнцыі. Тут сустракаліся прадстаўнікі творчай інтэліген­цыі — Лявон Баразна (1929—1972), Міхась Чар­няўскі (1938—2013), Генадзь Сокалаў-Кубай (1942—1998), Міхась Раманюк (1944—1997), Алесь Лабанок (1944—2005), Віктар Маркавец (1947—2013), Алесь Марачкін, Здзіслаў Сіцька,  Алесь Разанаў і дзясяткі іншых таленавітых асоб.

Хто толькі не наведваў Кулікову майстэрню: мастакі і навукоўцы, пісьменнікі і журналісты, скульптары і фатографы, рэжысёры і артысты… Вядомы паэт Алесь Разанаў вельмі цёпла ўспамінаў гэты «паддашак»:

«У 1972 годзе, сярод тагачасных беларускіх асяродкаў, залежных ад волі i сваволі функцыянераў, быў аднак і незалежны. Ён месціўся ў доме насупраць Цэнтральнай кнігарні, на caмым паддашку, у майстэрні, гаспадар якой, каб паказаць абазнаным, што ён дома, вывешваў на акно ручнік. Boсь жа, гэтая «майстэрня пад белым крылом» была  тады для некаторых асоб цэнтрам Мінска, цэнтрам Беларусі, цэнтрам адраджэння.

Я часта туды наведваўся — i каб падзяліцца з гаспадаром якою патрэбаю, i проста так, для душы. Туды вабіла сама атмасфера, дзейная, творчая, аплодненая думай пра спадчыну i асвету. З гэтай атмасферы, напрыклад, нарадзіліся такія мае вершы, як «Арышт Кастуся Каліноўскага» i «Папярэджанне». I гас­падар майстэрні быў тою першаю асобай, каму я іх прынёс, каб прачытаць.

Самаю яркаю пазнакаю беларускага руху, беларускага духу тае пары, тых, ужо далекаватых, 70-х гг. для мяне застаецца акно на найвышэйшым паверсе з вывешаным ручніком. Гаспадар Яўген Кулік дома. Можна заходзіць».

Потым мастакі з гэтага асяродка склалі ядро творчай суполкі «Пагоня». Кулік быў адным з ініцыятараў яе стварэння, удзельнікам выстаў суполкі. Таксама ён прыклаў руку да шэрага праграмных дакумэнтаў «Пагоні» — статута, адозваў, заяваў.

Грамадзянская пазіцыя Яўгена Куліка была вельмі  простая і зразумелая. Найперш — дзеля чаго працуе мастак, а ўжо потым — як ён працуе. Самае галоўнае — усвядоміць сабе, што ты беларус, сын ці дачка сваёй зямлі. Усё астатняе дадасца.

Таму не выпадкова, што менавіта «На паддашку» нарадзіўся знакавы твор, супярэчны савецкай афіцыйнай ідэалогіі — паштоўка да 1000-годдзя Беларусі з выявай «Пагоні». Намаганнямі беларускай дыяспары паштоўка ў 1980 годзе была растыражаваная ў Лондане.

Шлях да «Пагоні» Яўген Кулік завяршыў у 1991 годзе, калі разам з Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным надаў канчатковае аблічча нацыянальна-дзяржаўнаму сімвалу незалежнай Беларусі. Мастак Алесь Марачкін напісаў у сваіх успамінах:

«У гэтых сценах ствараўся эталон дзяржаўнага герба «Пагоня», адзнака нашай незалежнасці. Колькі было варыянтаў! Якія толькі не ўсплывалі нюансы выявы вершніка з мечам. I ўсё гэта не проста ўласныя фантазіі, а на праўдзівай гістарычнай acнове. Покуль не сышліся на тым, што дамінантай герба павінен быць шчыт з крыжам Святой Еўфрасінні Полацкай».

А сястра Тамара ўзгадвала:

«Для нас /сям’і/ тое, што эскіз Яўгена стаў эталонам, было вялікай радасцю, вялікім гонарам. У 1991 годзе, калі Беларусь аднавіла незалежнасць, паўстала пытанне пра новую дзяржаўную сімволіку. Увазе камісіі былі прапанаваныя некалькі вары­ян­таў «Пагоні», найлепшым з якіх прызналі эскіз майго брата. Такую адказную справу нельга было зрабіць без абмеркавання з калегамі, без кансульта­вання з гіс­то­рыкамі».

З канца 1980 гадоў у ягонай май­стэрні збіра­ла­ся ўжо не культурніцкая, а палітычная апа­­зыцыя каму­ністычнаму рэжыму. Тут пла­навалі і абмяр­коўвалі шэраг акцыяў Беларускага Народнага Фронту (БНФ).

19 кастрычніка 1988 года Яўген Кулік быў абраны ў склад Арганізацыйнага камітэта Беларускага Народнага Фронту «Адра­джэнне». Ён выконваў абавязкі старшыні камісіі праграмных дакументаў. На устаноўчым з’ездзе БНФ «Адраджэнне» ў 1989 годзе ў Вільні яго абралі сябрам Сойма БНФ.

Рамантык і традыцыяналіст

Яўгену Куліку былі ўласцівыя рамантычныя погляды на беларускую мінуўшчыну часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама настальгія па традыцыйным побыце, які сыходзіць у нябыт пад націскам урбанізацыі і масавай культуры.

Сваю творчасць ён паставіў на службу нацыянальнай ідэі, карыстаўся кожнай магчымасцю для прапаганды беларускай гісторыі і культуры. Вяршыня творчасці Куліка прыйшлася на 1968—1988 гг. Менавіта тады з’явіліся ўсе ягоныя найбольш вядомыя творы.

Аднак напрыканцы 1980-х гадоў у працэсе так званай «перабудовы» ў савецкім мастацтве (у тым ліку і беларускім) пачаў сцвярджацца новы напрамак — сацарт. Этнаграфізм жа (яскравым прадстаўніком якога быў Яўген Кулік) стаяў на грунце рэалістычнай мастацкай школы, гістарычнай традыцыі і нацыянальнага рамантызму. Ён апяваў беларускую архаічную мінуўшчыну і аб’ектыўна быў арыентаваны на невялікае кола добра адукаваных інтэлектуалаў.

Сацарт увасобіў рэаліі апошняй траціны XX стагоддзя, эўрапейскі досвед масавай культуры, дынаміку і супярэчнасці ўрбанізаванага грамадства. Этнаграфізм напрыканцы 1980-х ужо быў мастацтвам сталых людзей, сацарт жа сцвярджаўся як мастацтва моладзі. Далёка не ўсе мастакі, мастацтвазнаўцы, пісьменнікі і журналісты папярэдняй генэрацыі здолелі ўсвядоміць, што час этнаграфізму назаўсёды скончыўся і ў мастацтве, і ў палітыцы. З большага, яны аказаліся няздольнымі прыняць новую рэчаіснасць і адпаведную ёй новую эстэтыку.

Кулік жа і ў мастацтве і ў палітыцы быў пры­­хільнікам кансэрватыўнага этнаграфіч­на­га нацыяналізму. У апошнія 15 гадоў жыцця (1986—2001) у яго творчасці не назіралася новых тэндэнцыяў, не з’яўлялася прынцыпова новых вобразаў і стылёвых знаходак. У суаўтар­стве з М. Купавам Кулік зрабіў малюнкі гербоў гарадоў Беларусі, якія мелі магдэбургскае права для кнігі Анатоля Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (1989). Разам з А. Бажэнавым і М. Купавам ма­ляваў гербы для кнігі таго ж аўтара «Геральдыка беларускіх местаў» (1998).

Але ўсё тое, чым ён займаўся цяпер (геральдыка, гістарычныя рэканструкцыі адзення) мела ўскоснае дачыненне да «прыгожага мастацтва», было бліжэй да працы навукоўца.

Скон

Пад канец жыцця Яўген Кулік цяжка хварэў. Ён памёр 12 студзеня 2002 года. Яго пахавалі на Кальварыйскіх могілках, самых старых у Мінску. Тут пахавана шмат радні Кулікоў.

Помнік з чорнага граніту на надмагіллі Яўгена і яго маці Вольгі Антонаўны, з крыжамі Святой Ефрасінні Полац­кай, паўстаў у 2005
годзе. Яго выка­наў Віктар Маркавец.

Першая персанальная выстава Куліка адбылася ў 2004 го­дзе — праз два гады пасля яго скону. Гледачоў уразіла рознабаковасць таленту мастака.

А 6 лістапада 2005 года выстава твораў Я. Куліка, прымеркаваная да адкрыцця помніка яму на Кальварыйскіх могілках, была арганіза­вана ў кавярні «Фальварак «Добрыя мыслі» ў Мінску (вуліца Магілёўская, 12). Наступную персанальную выставу твораў Ку­ліка сябры суполкі «Пагоня» зладзілі ў студзе­ні 2012 года, прымеркаваўшы яе да 10-годдзя зыхода майстра з жыцця.

ГІСТАРЫЧНЫЯ РЭКАНСТРУКЦЫІ ЯЎГЕНА КУЛІКА

Праз усё жыццё Кулік займаўся навукова-мастацкай рэканструкцыяй помнікаў і асоб беларускай гісторыі.

Яго праца грунтавалася на энцыклапедычных ведах, якія ён здабываў з навуковых даследаванняў і кансультацый гісторыкаў Міколы Ермаловіча, Генадзя Каханоўскага (1936—1994), Міхася Чар­няўскага (1938—2013), Міхася Ткачова (1942—1992), Алега Трусава (1954 г.н.). Яны ж, у сваю чаргу, лічылі Куліка сур’ёзным знаўцам.

Вось, напрыклад, кірмаш XVIII стагоддзя на яго малюнку 1977 года. Жанчыны ў намітках, мужчыны, падпярэзаныя тканымі паяскамі, збаны, гаршкі, місы, бунькі — кераміка, якую Яўген ведаў на дотык. Бо нейкім цудам народныя майстры захавалі традыцыю, данеслі яе да тых, хто жыў у канцы XX стагоддзя.

А вось серыя малюнкаў-рэканструкцый «Замкі Беларусі», зробленых у тым жа 1977 годзе.

Беларускую архітэктуру малявалі шмат якія айчынныя мастакі XVIII—XX стагоддзяў. Дастаткова згадаць Іосіфа Пешку (1767—1831), Эдварда Паўловіча (1825—1909), Васіля Гразнова (каля 1840—1909), і асабліва Напалеона Орду (1807—1883).

Непасрэдным папярэднікам Яўгена Куліка быў Язэп Драздовіч (1888—1954), які ў 1920—1930-я гады замаляваў шмат якія замкі і мясціны Заходняй Беларусі. Але ўсе яны малявалі з натуры.

Гістарычныя рэканструкцыі помнікаў нашага дойлідства рабілі ў асноўным архітэктары і рэстаўратары. Вядомыя навуковыя рэканструк­цыі Каложскай (Барысаглебскай) царквы XII ст., Полацкай Сафіі і Спаса-Прэабражэнскай царквы Еўфрасіннеўскага манастыра. Акрамя Я. Куліка, мастацкай рэканструкцыяй старажытных збуда­ванняў ды асоб нашай гісторыі займаўся толькі Віктар Сташчанюк (1933—2007). Але ён быў мастаком-самавукам.

У канцы 70-х гадоў Кулік працаваў разам з выдатным беларускім археолагам Міхасём Ткачовым, маладзейшым за яго на пяць год. М. Ткачоў спалучаў свае археалагічныя даследаванні абарончых збудаванняў Беларусі з грунтоўнымі архіўнымі пошукамі. Такім чынам, Я. Кулік ат­рымліваў ад свайго малодшага сябра не толькі вынікі археалагічных даследаванняў шурфоў і раскопаў, але і гістарычныя малюнкі, схемы і планы будынкаў.

У 1977 годзе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі выдала кнігу М. Ткачова «Замкі Беларусі» (200 старонак), якая потым некалькі разоў перавыдавалася і карысталася вялікім попытам у аматараў беларускай гісторыі.

У гэтай кнізе змешчаны шэсць малюнкаў-рэканструкцый Я. Куліка: «Старажытны Камя­нец», «Замак у Наваградку», «Лідскі замак», «Крэўскі замак», «Мірскі замак у пачатку XVII  ст.», «Замак у Геранёнах».

Наступная кніга М. Ткачова «Абарончыя збу­даванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст.» выйшла ў 1978 годзе. Да згаданых рэканструкцый Я. Куліка тут дадаліся яшчэ дзве: «Заслаўскі замак XVII ст.» і «Нясвіжс­кі замак».

Пасля гэтыя малюнкі Я. Куліка змяшчалі шмат у якіх артыкулах, манаграфіях, даведніках і падручніках. Яны пачалі жыць самастойным жыццём. Паспрабуем даць аналіз кожнаму з іх.

На малюнку «Камянец XIII стагоддзя» паказаны не ўвесь сярэднявечны горад, а толькі яго ўмацаваная частка — драўляны дзядзінец з каменнай вежай (данжонам) у сярэдзіне. Побач з высокай вежай намалявана драўляная царква i драўляная забудова дзядзінца. Уваход у дзядзінец здзяйсняўся праз вежу-браму.

Вельмі цікавая рэканструкцыя Лідскага замка XIV стагоддзя. На малюнку можна пабачыць два ўваходы ў замак, а таксама запасны ўваход у суседняй замкавай сцяне. Добра намалявана выява «Пагоні» над галоўным уваходам, у які можна было патрапіць па драўляным мосце. Я. Кулік дакладна намаляваў стромкія дахі замкавых вежаў, накрытых дахоўкай.

Рэканструкцыі Крэўскага i Лідскага замкаў вельмі падобныя, бо абодва належаць да аднаго тыпу. Гэта абарончыя замкі (так званыя кастэлі), якія гаспадары ўзводзілі на выспах, часта штучных, пасярод балоцістай мясцовасці. Таму вакол Лідскага і Крэўскага замкаў водная прастора. Найбольш дэталёва намалявана галоўная Княская вежа. Як адзначыў гісторык архітэктуры Алег Трусаў, драўляная забудова на замкавым двары каля Княскай вежы была пацверджана археалагічнымі раскопкамі ў 1985 годзе.

Вельмі дакладна зрабіў Кулік рэканструкцыю сямівежавага замка ў Наваградку, які з’яўляўся адным з самых умацаваных у Вялікім Княстве Літоўскім. Акрамя вежаў на замкавым падворку мы бачым на малюнку будынак царквы, падмуркі якой знайшлі польскія археолагі ў 1920-я гады. Намаляваў Кулік і двухпавярховы палац, што месціўся ў куце замка паміж дзвюма вежамі. Яго рэшткі таксама знойдзены ў 1920-я гады.

Рэканструкцыю славутага Мірскага замка Кулік зрабіў паводле яго стану на пачатак XVII стагоддзя, калі замак належаў Радзівілам. У гэты час ужо існавалі бастыённыя ўмацаванні вакол замка, а таксама дадатковае ўзмацненне — прадбрам’е паўкруглай формы перад вежай-брамай.

Вялікую цікавасць уяўляе малюнак-рэканструкцыя замка ў Геранёнах. Чатырохвежавы замак з двухпавярховым палацам быў дадаткова ўмацаваны па перыметры землянымі валамі, якія мелі мураваныя паўвежы (рандэлі). Яго пабудаваў на мяжы XV—XVI стагоддзяў магнат Войцах Гаштольд, тагачасны канцлер ВКЛ і ваявода Віленскі. Пазней (у 1542—1588 гг.) ён належаў вялікім князям Жыгімонтам Першаму і Другому, потым Сапегам і розным іншым асобам.

Дарэчы, гэты замак, апроч М. Ткачова ў 1972 го­дзе, ніхто не вывучаў. Ткачоў лічыў замак у Геранёнах унікальным фартыфікацыйным комплексам, правобразам будучых бастыённых замкаў на Беларусі.

Нясвіжскі замак М. Ткачоў археалагічна не даследаваў, і таму Яўген Кулік зрабіў яго рэканструкцыю на аснове пісьмовых крыніц (іх захавалася багата) і выгляду замка на мяжы XVII—XVIII ст.

Вельмі дакладна зрабіў мастак выяву бастыённага Заслаўскага замка XVII стагоддзя. Ён намаляваў бастыёны i курціны, цагляную вежу-браму з пад’ёмным мостам. На замкавым двары добра відаць цагляны хрысціянскі храм, які на праяцягу стагоддзяў быў i кальвінісцкім зборам, і каталіцкім касцёлам, і праваслаўнай царквой.

***

Асобную старонку творчасці Яўгена Куліка складаюць яго выявы выдатных князёў і дзеячаў беларускай гісторыі.

У 1973 годзе ён стварыў умоўны партрэт святой Ефрасінні Полацкай.

Праз сем гадоў, адмыслова да 1000-годдзя першай пісьмовай узгадкі пра беларускі горад Полацк, з’явіліся дыптыхі «Рагвалод — Тур» і «Рагнеда — Ізяслаў». Нагадаю, што Рагвалод — першы вядомы нам князь Полацкі, Рагнеда — яго дачка, Тур — першы вядомы князь Турава. Ізяслаў, згодна з традыцыйнымі поглядамі гісторыкаў — гэта сын Рагнеды ад кіеўскага князя Уладзіміра, а на погляд некаторых іншых даследчыкаў (напрыклад, гісторыка-эмігранта Вацлава Пануцэвіча) — сын Рагвалода і брат Рагнеды.

У 1987 годзе Кулік стварыў прыгожы вобраз Давыда Гарадзенскага (1283—1326), cына нальшчанскага князя Даўмонта. Гэты славуты ваяр першай чвэрці XIV стагоддзя служыў князю Гедыміну, паспяхова змагаўся з крыжакамі і загінуў падчас чарговага паходу на Брандэнбург.

Наступным 1988-м годам, калі нацыянальна свядомыя беларусы адзначалі 125-годдзе паўстан­ня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, Кулік намаляваў серыю каляровых выяў удзельнікаў паўстання.

У 1992 годзе газета «Звязда» надрукавала даследчы артыкул Куліка «Пра князя Рагвалода, пішчалу і праблемы тапанімікі». У ім Яўген узняў тэму ўслаўлення герояў мінуў­шчыны не толькі ў артыкулах, кні­гах і кіно, але і ў назвах вуліц. Гэты факт паказвае комплексны характар гіс­та­рыч­нага бачання мастака.

У 1996 годзе з’явіўся малюнак «Ян Вісліцкі». Віс­ліцкі жыў у кан-­цы XV — пачатку XVI стагоддзяў. У гісторыю ён увайшоў сваёй лацінамоўнай паэмай «Пруская вайна», якая была выдадзена ў 1516 годзе. У паэме ён уславіў вялікую перамогу продкаў беларусаў і палякаў над Тэўтонскім ордэнам на Грунвальдзскім полі ў ліпені 1410 года. Акрамя таго, узгадаў перамогі нашых продкаў над татарамі пад Клецкам у 1506 годзе і над маскоўцамі пад Оршай у 1514 годзе.

На думку даследчыкаў, паэма Вісліцкага паклала пачатак жанру гістарычнай эпапеі ў польскай, беларускай і літоўскай літаратурах. Але сам партрэт, на жаль, нецікавы. Па-першае, ніякіх гістарычных выяў Вісліцкага не захавалася, таму твор Куліка — чыстая фантазія. Па-другое, занадта ён падобны да патрэта Мікалая Гусоўскага і на самога Яўгена.

У 1996 годзе Кулік стварыў трыпціх «Дойлід Іаан, Еўфрасіння Полацкая, майстар Лазар Богша». Кожную асобу мастак паказаў з тварэннем сваіх рук і свайго духу. Ефрасінню — з перапіса­наю старонкай летапісу. Іа­ана — з ма­кетам храма. Богшу — з крыжам, які ён зрабіў для  Ефрасінні. Дойлід і майстар прадстаяць найперш перад Ефрасінняй. Яна ж стаіць перад народам.

Усе гэтыя вобразы іканаграфічна дакладныя. Вось доказ. Праз некалькі гадоў пасля з’яўлення трыпціха рэстаўратары знайшлі ў келлі Ефрасін­ні Полацкай (у Спаса-Прэабражэнскай царкве) фрэску, на якой славутая палачанка намалявана з макетам закладзенага ёю храма XII стагоддзя. Па дынаміцы і кампаноўцы малюнак Яўгена Куліка вельмі нагадвае гэту старажытную фрэску, што сведчыць пра вельмі глыбокае пранікненне яго ў гістарычнае мінулае.

І апошні твор, які хочацца ўзгадаць — партрэт славутага князя Усяслава Брачыславіча, па мянушцы Чарадзей, які займаў полацкі прастол на працягу 56 ці 57 гадоў — з 1044 да 1101. Ён таксама трымае ў руках мадэль храма, але не XII, а XI стагоддзя — славутай Полацкай Сафіі. Бацька заклаў сабор пад канец свайго жыцця, сын пабудаваў.

Аўтар: Анатоль Тарас,  серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.