Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Адміністрацыя Інстытута беларускай гісторыі і культуры віншуе ўсіх праваслаўных хрысціян са святам Вялікдня Ўваскрасення Хрыстовага.

Беларусы ў гэты дзень вітаюцца адзін з адным, кажучы: Хрыстос уваскрос! І адказваюць на тое: Сапраўды ўваскрос!
Таму і мы гаворым вам з вялікай радасцю: Хрыстос уваскрос!

Хрысьціянскі Вялікдзень

Гэта сьвята Ўваскрасеньня расьпятага Ісуса Хрыста, якое сталася галоўным хрысьціянскім сьвятам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаваньне перамогі над грахом і сьмерцю. Першапачаткова хрысьціянскі Вялікдзень і жыдоўская Пасха супадалі па часе. У 325 годзе на 1-м Усяленскім Нікейскім царкоўным саборы вырашана было сьвяткаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасьля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзеньня даты з жыдоўскай Пасхай.

У II стагодзьдзі існавалі два сьвяты, дзьве Пасхі: адна — у знак сьмерці Збавіцеля, другая — у гонар Уваскрасеньня Хрыстовага, ягонага Узьнясеньня (саракавы дзень пасьля Уваскрасеньня) і сашэсьця Сьвятога Духа на апосталаў (Пяцідзясятніца — пяцідзясяты дзень пасьля Уваскрасеньня). Прытым першая Пасха праводзілася ў журбе і строгім посце. З V стагодзьдзя назва «Пасха» стала надавацца толькі сьвяту ў гонар Уваскрасеньня Хрыстовага.

Вялікдзень зьяўляецца рухомым сьвятам. Разьлічваецца праваслаўнай царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасьці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 красавіка да 8 траўня. Зьяўляецца дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь.

Праваслаўная традыцыя

Сьветлае Хрыстова Ўваскрасеньне зьяўляецца найвышэйшым, выключна радасным і ўрачыстым ў вэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Уваскрасеньнем Госпада Ісуса Хрыста зь мёртвых закончыўся Богачалавечы подзьвіг уратаваньня, узнаўленьня чалавека, зьдзейсьнілася перамога над грахом і яго вынікам — сьмерцю. Таму і радуецца так душа хрысьціяніна ў Вялікдзень.

Божай славе Ўваскрэслага Госпада адпавядае і асаблівая ўрачыстасьць богаслужэньня. З часоў апостальскіх царква праводзіць Пасхальнае набажэнства ўночы. У канцы Літургіі на Вялікдзень адбываецца асьвячэньне артаса.

У Сьвятым Паданьні апавядаецца, што адного разу Марыя Магдаліна, прапаведуючы веру ў Хрыста, прыйшла да імпэратара Рыма і падаравала яму яечка са словамі: «Хрыстос Уваскрэс!» У сапраўднасьці словаў сьвятой Магдаліны ўладар імпэрыі пераканаўся відавочна: звычайнае яечка ў ягоных рукох раптам пачало ружавець і ўрэшце сталася ярка-чырвоным.

З тых даўніх часоў мы падчас найвялікшага сьвята Вялікадня даруем адзін адному фарбаваныя яйкі як сымбаль несьмяротнасьці жыцьця і крыжовых пакут Ісуса Хрыста дзеля нашага ўратаваньня і кажам пранікнёныя словы: «Хрыстос Уваскрэс! — Сапраўды Уваскрэс!»

Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Пасхі, глас 5
Хрыстос уваскрэс зь мёртвых,/ сьмерцю сьмерць зваяваў,/ і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Кандак сьвята Пасхі, глас 8
Хоць і сышоў Ты ў магілу, Несьмяротны,/ але зьнішчыў Ты сілу пекла,/ і ўваскрэс, як Пераможца, Хрысьце Божа,/ жанчынам міраносіцам абвясьціўшы: Радуйцеся!/ і Сваім апосталам мір до́рачы,// і тым, што палі даючы ўваскрасеньне.
Задастойнік сьвята Пасхі
Ангел усклікаў Благада́тнай: Чыстая Дзева, ра́дуйся, Твой Сын уваскрэс на трэці дзень з гробу, і мёртвых ўзьняў Ён, людзі, весяліцеся. Сьвяціся, сьвяціся, но́вы Іерусаліме, сла́ва бо Гаспо́дняя на табе зазьзя́ла. Лікуй сёньня і весяліся, Сіоне. Ты ж, Чы́стая, радуйся, Багародзіца, аб Уваскрасе́ньні Наро́джанага Табой.

Народная традыцыя

У старажытных славянаў першапачаткова так называлася веснавое сьвята ў гонар сонца, абуджэньня прыроды й надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае сьвята пачатку жніва было і ў старажытных семіцкіх плямёнаў, называлася яно «Пасха» (грэц. πάσχα, ад іўр. פסח песах — «праходзіць міма»). Старажытныя жыды сьвяткавалі Пасху ў гонар іх зыходу з Эгіпту. У дахрысьціянскія часы ў Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забесьпячэньня плоднасьці жывёлы, урадлівасьці зямлі, засьцеражэньня ад нягод.

3 прыняцьцем хрысьціянства гэтае сьвята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, зьяўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Падрыхтаваўшы сябе духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвялікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзеньня сьвяточных дзён. У Чысты Чацьвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую Суботу, напярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і расьпісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў сьвяточную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асьвячэння «пасху», ідуць у царкву на ўсяночную службу.

Пасьля Літургіі сьвяткаванне працягваецца дома. Разгаўляюцца асьвячоным яйкам, потым іншай асьвячонай ежай. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца велікоднымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае («мацак»).

У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраныя валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песьні з пажаданьнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчасьлівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу:

У вялікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінаньне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды Радаўніца.

http://be-x-old.wikipedia.org/

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.