Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Хобіты еўрапейскага лесу, або нататкі аб сучаснай беларускай культуры

Hobit“Кожны з беларускіх творцаў міжволі трапляе сёння ў сітуацыю, калі ён абавязаны знайсці і прадэманстраваць свой адказ на выклік, кінуты яму цяперашнім часам”.

Звяртаючыся да аналізу становішча сучаснай беларускай культуры, нельга абмінуць пытанне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, бо менавіта апошняя фарміруе ядро нашай культуры і вызначае яе асаблівасці.

Як трапна заўважыў вядомы філолаг Пятро Васючэнка, беларусы застаюцца хобітамі еўрапейскага лесу.

Сапраўды, у нашай культуры назіраецца нешта ўнікальнае: з аднаго боку, інфармацыя аб тым, што Беларусь ляжыць у цэнтры Еўропы, вядома кожнаму грамадзяніну краіны, з другога боку – наша рэспубліка ўяўляе сабой нейкую дзіўную лакуну, чорную дзірку, палігон для сталкінгу ў кантэксце еўрапейскай інфармацыйнай прасторы.

Беларусы не толькі не сфармаваліся канчаткова як нацыя, але і застылі на мосце пераходнага перыяду нібы ў чаканні сакральных знакаў звыш.

А якія алегарычныя паралелі выклікае ў масавай абывацельскай свядомасці наша зямля! Балотны край, запаведнік сацыялізму, апошняя дыктатура Еўропы, бананавая рэспубліка, транзітная зона і г.д.

І самі беларусы, нібы апошнія з магікан, выконваюць ролю нейкіх рэліктавых асоб, якім спрадвеку наканавана вагацца паміж Усходам і Захадам і знаходзіцца ў памежным стане, на скрыжаванні гістарычных шляхоў.

Гэтая думка была дакладна сфармулявана яшчэ стагоддзе таму нашым выдатным філосафам Ігнатам Абдзіраловічам.

З іншага боку, дыхатамія “Усход-Захад” не такая ўжо і старая, як падаецца. На думку сучаснага філосафа Валянціна Акудовіча, раней на нашых землях існаваў зусім іншы змястоўны ланцужок, а менавіта “Поўнач-Поўдзень”. Аднак пад час Сярэднявечча палюсы супрацьстаяння моцна змясціліся…

Для паспяховага выжывання ў геапалітычных джунглях, безумоўна, трэба быць не толькі мацнейшым рэсурсна і стратэгічна, але і мець моцны імунітэт у выглядзе развітай сістэмы нацыянальнай ідэалогіі і грамадскай супольнасці, трывала замацаванай у масавай свядомасці самабытнай духоўнай спадчыны, наяўнасці паняцця свабоды ў шэрагу вышэйшых каштоўнасцяў і нязломнага памкнення да яе абароны.

Аднак з улікам шматвяковага хістання беларускага ідэйнага “маста” ў розныя бакі з усім гэтым неабходным пералікам назіраюцца пэўныя праблемы.

Калі нейкі рэгіён доўгі час знаходзіцца ў становішчы культурнай калоніі, гэта пачынае вельмі адмоўна адбіваццана ментальнасці яго насельніцтва, вядзе да дэвальвацыі традыцыйнай сістэмы каштоўнасцяў і істотнай дэградацыі (або нават знішчэння) нацыянальнай эліты.

І гэта нягледзячы на тое, што сацыяльна-эканамічныя паказчыкі развіцця могуць маляваць даволі прывабную карціну. На жаль, негатыўны эфект і незваротны характар шматлікіх соцыякультурных працэсаў і да гэтага часу часта застаецца па-за ўвагай многіх грамадскіх лідараў, якія дбаюць пераважна аб ваеннай і эканамічнай бяспецы людзей.

Беларусы, цалкам пазбаўленыя месіянскіх ідэй, – у адрозненні ад палякаў і рускіх, якія лічылі сваім сакральным абавязкам займацца актыўным “акультурваннем” суседніх тэрыторый згодна з выгоднымі выключна для іх уласных інтарэсаў сцэнарыямі, – з мэтай элементарнага выжывання выпрацавалі з цягам стагоддзяў канфармісцкую мадэль прыстасавальніцтва да знешніх уплываў.

Гэта выявілася ў рэлігійнай талерантнасці, у адносна лёгкім запазычанні святаў і побытавых асаблівасцяў, але найбольш – і найгорш – у моўнай палітыцы. Справа не толькі ў адміранні беларускай мовы, якой нават літаратары карыстаюцца амаль так, як работнікі медыцыны – лацінскай мовай.

Справа ў тым, што беларусы надта ўжо прызвычаіліся паглядаць у чужы бок перад тым, як стварыць нешта сваё. Пры гэтым цяга да запазычання арыентуецца не на больш развітыя еўрапейскія стандарты, (ад якіх мы, дарэчы, адстаем гадоў на 15-20), а на “старэйшага брата”.

Гэта асабліва заўважна на прыкладзе творчасці сучасных беларускіх эстрадных выканаўцаў. Галоўны міжнародны фестываль “Славянскі базар” можна лічыць узорам “лубачнай” творчасці, арыентаванай на тых, хто не можа пазбавіцца настальгіі па савецкім часе, калі існавала адзіная культурная прастора.

Між іншым, “славянскі дух” на гэтай імпрэзе зусім не адчуваецца, там хутчэй пануе касмапалітычны і ўсепаглынальны кіч і парад “фанерных” зорак ізноў жа расійскай папсы. Гэта ўжо не столькі культура, сколькі пародыя на яе. І нават рок-калектывы, якія спрабуюць пазіціянаваць сябе на ўзроўні “зорак беларускага року”, на жаль, аніяк не могуць усвядоміць, што той творчы прадукт, які яны прапануць, моцца аддае нафталінам, бо музыку, якую яны выконваюць, слухаюць не таму, што яна сапраўды актуальная і файная, а таму, што выбару амаль няма.

Культурнае адраджэнне беларусаў з боку іх бліжэйшых суседзяў вельмі часта трактавалася як унутраная праява рэгіяналізму маналітнага палітычна і нацыянальна польскага (або рускага) грамадства.

Цікава, што ў 1935 годзе вядомы польскі публіцыст Ежы Вышамірскі даслаў у рэдакцыю “Літаратурных ведамасцяў” ліст з Вільні, у якім былі такія радкі:

“Песня, з якой правадыры беларусаў хочуць стварыць гімн вызвалення, пачынаецца са словаў: “Ад веку мы спалі, ды нас абудзілі”, але гэта няпраўда. Горкую і з’едлівую праўду змяшчае нашмат больш брутальная пародыя той песні, невядома кім, калі і ў якіх абставінах створаная: “Ад веку мы спалі, ды нас абудзілі, далі нам пад ср…у, і зноў палажылі”.

Пасля фармальнага набыцця незалежнаcці ў 1991 годзе, якая, на думку некаторых палітолагаў, звалілася на беларусаў, як снег на галаву, супрацьстаянне на ўзроўнb “мы” і “яны” ўтварыла мяжу не толькі паміж беларусамі і іх суседзямі, але і паміж пакаленнямі – людзей, якія прызвычаіліся да савецкай сістэмы працы і культурных каштоўнасцей, і сучаснай моладзі, у думках якой пануе няўмольны свет рынкавых узаемаадносін, у тым ліку і ў сферы творчай дзейнасці.

Падзел адбыўся і сярод творчай інтэлігенцыі – на “чэсных” і “нячэсных”, тых, хто карыстаецца афіцыйнай падтрымкай, і нефармальна-андэграўндных дзеячоў. Пачала вымалёўвацца тыповая для нас сітуацыя з так званымі “здраднікамі”, якіх на Беларусі хапала ва ўсе часы, што знайшло адпаведнае адлюстраванне ў анекдоце: “Адзін беларус – партызан, два беларуса – партызанскі атрад, тры беларуса – партызанскі атрад з адным здраднікам”.

Папулярны лозунг “Беларусь – за стабільнасць!” хавае ў сабе вялікую небяспеку, бо стабільнасць вельмі часта з’яўляецца атрыбутам застою, што фактычна і адбываецца зараз у нашай культуры.

Стагнацыя ў культурным, навуковым і сацыяльным жыцці суправаджаецца ўзнёслымі рэпартажамі аб няспынным росце валавfга ўнутранага прадукта і значным паляпшэнні ўзроўня матэрыяльнага дабрабыту грамадзян. Усё гэта нагадвае так званую “брэжнеўскую эпоху” ў Савецкім Саюзе.

Да таго ж, варта было б яшчэ ўзгадаць, што адным з лепшых прыкладаў стабільнасці з’яўляюцца могілкі – там заўжды ціха, спакойна, нязменна, нібы ў зачараваным сне… Беларускі музыкант Алег Хаменка некалі ў прыватнай гутарцы слушна зазначыў, што “беларусы – нейкія некрафілы ў культурным сэнсе. Карціць ім жыць мінулым, трымацца звычаяў продкаў, гуртавацца на могілках…

Апроч таго, што дзяржаўны апарат у эканамічнай сістэме стварыў нешта накшталт Франкенштэйна – дзіўны гібрыд паміж планавай і рынкавай эканомікай, соцыякультурная сітуацыя з кожным годам пагаршаецца і праз тое, што ўлады, здаецца, забылі апошнiя словы нястомнага змагара за свабоду Кастуся Калiноўскага, сказаныя ўжо з-пад шыбенiцы: “Не будзе вам, людзi, шчасця, пакуль над вамi маскаль будзе”, а характар рэгламентацыі соцыякультурнай і адукацыйнай сферы нагадвае спробы туземцаў пабудаваць самалёт.

Моцная залежнасць ад Расіі не толькі ў рэсурсным, але і, што горш, у культурным плане, пасадзейнічала таму, што істотна змяніўся глыбінны сацыякультурны код у калектыўнай падсвядомасці. Узнаўленне шэрасці савецкага маскульту, развіццё якога рэгулюецца шэрагам дзяржаўных інстанцый, імітацыя народнасці ў адпаведнасці з савецкай формулай “нацыянальнае па форме, сацыялістычнае (а цяпер, мабыць, проста ідэалагічнае) па змесце” абарочваецца жахлівай экспансіяй чужога – у дадзеным выпадку, расійскага маскульту.

Эпідэмія масавасці няўхільна паглынае ўсіх і кожнага паасобку.

Дэструктыўны пустмадэрнізм (менавіта – пуст- (ад слова “пусты”), а не постмадэрнізм) – вось медаль, якім можна было б узнагародзіць цяперашнюю эпоху ў айчыннай культуры.

Мы назіраем страшэнную бездань паміж пакаленнямі: з аднаго боку, так званыя “застабілы”, якія не прывыклі бачыць далей за ўласны нос і любяць кіравацца прынцыпам “абы не было вайны”. З другога боку, новае пакаленне юнакоў і дзяўчат, прадстаўнікі якога больш за ўсё дбаюць аб уласным дабрабыце і асабістым інтарэсе, а колер пазногцяў, варыянт адзаблення прыватнай старонкі ў “жж” ды гламурныя тусоўкі іх хвалююць нашмат больш за палітычныя рэпрэсіі.

І дзесьці паміж гэтымі дзвума палюсамі прыхавалася пакаленне “Х”, якое яшчэ паспела глытануць свабоды ў 90-я гг., аднак ягоны ўзровень пасіянарнасці не такі высокі, каб штосьці змяніць кардынальна.

У сферы культуры запанавалі масы і так званыя “калхазаны”, што прынеслі з сабой бацылу трэшавасці, легкадумства і прымітывізму.

Неабходнасць у самараскрыцці творчай індывідуальнасці ў такім становішчы адыходзіць кудысьці за кулісы, бо галоўным арыенцірам поспеху становіцца рэакцыя большасці насельніцтва. Той самай большасці, якая, згодна з меркаваннем Вялікага канцлера Льва Сапегі, ніколі не можа мець рацыі.

Яшчэ больш дзіўна, што для многіх сучасных творцаў часам нават і проста наяўнасць нейкай рэакцыі выглядае нашмат больш важнай за саму дзейнасць. Бязглудзіца, плагіят – нічога, галоўнае – пакінуць свой след у глабальным Сеціве, назапасіць як мага больш “гуглікаў”, распырскаць паўсюдна паболей віртуальных кропляў уласнай нягеглай мазгавой актыўнасці.

Узнікае адчуванне, што шматузроўневыя паліцы сістэмы культуры аказаліся суздром запоўненыя разнастайнымі кітайскімі падробкамі. Розніца толькі ў тым, што створана гэтае мноства “культурнага прадукта” не небаракамі з Паднябеснай, а нашымі суайчыннікамі.

Ідэя культурнага дыялогу ў сітуацыі з Беларуссю пакуль выглядае непрадуктыўна, бо голас нацыянальнай культуры вельмі ціхенькі, яго моцна перакрыкваюць галасы не толькі суседзяў, але і далёкіх іншаземцаў. Нягледзячы на фармальна задэклараваную ў гэтым працэсе роўнасць, мы выглядаем як пігмеі, што спрабуюць размаўляць з веліканамі.

Спрадвечная талерантнасць і лагоднасць беларусаў, здаецца, грае з намі благі жарт – яна спрыяе таму, што ўплывы замежных культурных парадыгмаў часта аказваюцца мацнейшымі за традыцыйныя нацыянальныя падмуркі.

Як зазначыў публіцыст Алесь Чобат:

“Еўрапейская цывілізацыя… збудавана на прыярытэце чалавека над кланам, на шанаванні права меншасці. Пад гэтае права трапляюць і прыватная ўласнасць, і дэмакратычныя свабоды, і абмежаванне ўлады і дзяржавы канстытуцыйным правам, і нават… нацыянальна-моўныя клопаты… Але нашай кланавай “свядомасці” гэта на сённяшні дзень – цёмны лес, мы так і перасыпаем з пустога ў парожняе “супольнасць”, “адказнасць”, “патрыятычны абавязак”, “грамаду”, “калектыў”, “народ” і г.д.“.

Таму:

“Праблема знікнення нашай культуры не абмежавана праблемамі знікнення адной літаратурнай мовы. Бяда ў тым, што наш духоўны ўзровень так і затрымаўся недзе там, перад вайной 1914 году. Скажам, на літаратурную творчасць мы па-ранейшаму глядзім як на абавязак служэння – клану ці Айчыне, апазіцыі ці ўладзе, ці хоць бы сваёй “незалежнай” літаратарскай “вольнай суполцы”. Не захапляемся самім словам, не шануем нават свайго подпісу і сваіх меркаванняў…”

Увогуле, спробы кіраваць творчасцю на узроўні афіцыйнай рэгламентацыі, выглядаюць гэтак жа недарэчна, як і ідэя пераўтварыць Беларусь у касмічную дзяржаву.

Культуролаг Максім Жбанкоў у працы “Культура сьмецця і сьмецце культуры” піша:

“Апарат адміністратыўна-бюракратычнага кіравання культурай застаўся практычна тым самым ад савецкіх часоў… Менавіта гэтым і вызначаецца сучасны стан беларускай культуры. Агрэгат афіцыйнай культуры працуе ў рэжыме “грукату”. Ягоныя высілкі нараджаюць не актуальныя сьветааглядныя канцэпты й прадуктыўныя мадэлі сацыяльнай актыўнасці, а лакуны у жыццядайнай прасторы грамадства. Гэта бег па коле, праца ў халастым рэжыме, Час Нуль… Сітуацыя цэлкам адпавядае стану спраў на “нармальным” беларускім заводзе: працуюць дрэнна, але зволіць нікога нельга, прадукцыя нікому не патрэбная, але выраб яе ніколі не перапыняецца. Вынік нікога не цікавіць, галоўнае – “абы ціха”. Без шоку й непапулярных крокаў… “

Калі мы аналізуем сітуацыю з пазіцыі культуразнаўства, мы не можам ігнараваць той факт, што чалавек з натоўпу, сярэднестатычны абывацель, раўнадушны спажывец культурнага прадукта – вось герой нашага часу. Менавіта на яго патрэбы скіравана трымценне сённяшніх культурных інстытутаў і ідэйнае бадзянне прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі.

Змешванне інфармацыйных кавалкаў, абрыўкаў культурных субстратаў, абломкаў артэфактаў у адзіны эклектычны псеўдакультурны мікс стварае ідэальны асяродак для маніпуляцый.

У такім грамадстве любая ўлада можа адчуваць сябе камфортна, бо абшар нацыянальнай эліты фактычна быў знішчаны, а яе рэшткі надта кволыя для таго, каб стварыць рэальны супраціў татальнаму пагружэнню ў інфармацыйную дрыгву. Манапалізацыя дзяржавай сродкаў масавай інфармацыі вымушае насельніцтва паглынаць гігабайты лухты пад маркай творчых здабыткаў.

Той, хто хоча ствараць мастацкія творы не для масы, а для асобаў, здольных мысліць незалежна, той непазбежна пачынае спускацца па лесвіцы контркультуры да сутарэнняў андэграўнду. І гэтая з’ява характэрна не толькі для Беларусі, але менавіта ў сучаснай Беларусі яна мае вельмі выразны і спецыфічны выгляд.

Абагульняючы асноўныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай культуры, варта вылучыць наступныя:

  • Маргінальнасць;
  •  Перыферыйнасць;
  •  Трэшавасць;
  •  Негатывізм;
  •  Адсутнасць пасіянарнасці;
  •  Віктымнасць і самаахвярнасць;
  •  Мазаічнасць;
  •  Неакрэсленасць і сумбурнасць.

Сучасная беларуская культура працягвае заставацца пераважна постасавецкай па духу, атмасферы і механізмам ажыццяўлення творчых ініцыятыў. У дадатак яна працягвае па-ранейшаму вагацца паміж Сцылай Захаду і Харыбдай Усходу.

У дадзеным выпадку твар нашай культуры паўстае, нібы закрыты вэлюмам: уяўленне малюе нам, што ён павінен быць прыгожым, але розум падказвае: у той жа час ён мае свае хібы і заганы.

Беларускія творцы гуляюць у майстраванне будынку культуры з разнастайных элементаў канструктару. Ці адбудзецца з гэтага будавання штосьці поўнавартаснае, пакуль вызначыць складана.

І ўсё ж такі беларусы – гэта таксама еўрапейцы, а не азіяты. Няхай пакуль яны самі не могуць дакладна асансаваць гэты факт, але ж існаванне ў сістэме аўтаркіі рана ці позна павінна перайсці на новы ўзровень, які прадугледжвае канструктыўнае ўзаемадзеянне з іншымі культурамі і фільтрацыю замежных культурных каштоўнасцей, а не пасіўнае іх ўспрыманне і запазычанне.

Наша моц – у прыхаванай глыбіні нашага нацыянальнага духу, скалечанага наслаеннямі замежных эрзацаў на раллі гістарычнага развіцця.

Калісьці Адам Міцкевіч у лекцыях па “славянскім фальклоры ды філалогіі”, якія ён чытаў у Парыжы, так выказаўся пра сваіх суайчыннікаў-ліцьвінаў: «Жыццё іх цалкам у духу. На зямлі іх гісторыя, поўная смутку і жальбы».

Смутак і жальба – гэта тыповыя рысы сучаснай неафіцыйнай беларускай культуры, якія быццам складаюць паралельную рэчаіснасць у процівагу напружана-радасным, але цалкам штучным енкам і усхліпам культуры афіцыйнай.

Кожны з беларускіх творцаў міжволі трапляе сёння ў сітуацыю, калі ён абавязаны знайсці і прадэманстраваць свой – годны і яскравы – адказ на выклік, кінуты яму, нібы пальчатка, цяперашнім часам.

Аўтар: Ірына Хадарэнка

Першапублікацыя: “Хобіты беларускага лесу, або Нататкі аб сучаснай беларускай культуры” // “Верасень”, № 1 (4), 2011.

Пра аўтарку:

Пісьменніца і навукоўца. Кандыдат культуралогіі (2002 г.), выпускніца Ўсходне-Еўрапейскай школы палітычных даследаванняў пры Радзе Еўропы (2010 г.). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Аўтар трох зборнікаў паэзіі і прозы, дзвюх манаграфій і шматлікіх навуковых артыкулаў. Нарадзілася і жыве ў Мінску.

Крыніца: http://svajksta.by

6 thoughts on “Хобіты еўрапейскага лесу, або нататкі аб сучаснай беларускай культуры

  1. Skalli

    “Беларусы не толькі не сфармаваліся канчаткова як нацыя, але і застылі на мосце пераходнага перыяду нібы ў чаканні сакральных знакаў звыш.”

    Дзе ж тут канчаткова iм сфармiравацца, калi ва ўладзе ў Беларусi расейская пятая калона!

  2. Raus

    После победы на крестоносцами, после установления христианства по западному образцу, после установления Магдебурского права в ВКЛ (Беларуси), мы стали частью Запада.
    После присоединения к России, после навязывания православия по-московскому образцу стали частью Востока.
    После выхода из СССР – стали между Западом и Востоком.
    Путь спасения беларуской нации лежит через Запад, где уважаются права человека, где самые передовые технологии. Беларусы генетически и ментально и исторически относятся к Западу.

  3. volk_liut

    Беларусам можно конечно окультуривать белорусов из Смоленской, Брянской области, Белостоцкой области. Власть должна поддерживать своих земляков, которые живут на бывшей беларуской земле.
    Но прежде всего надо самим себя окультуривать, перестать смотреть в сторону России, необходимо ориентироваться на истинные беларуские ценности, изучать славную историю своего Отечества, ориентроваться на Золотой век ВКЛ и т.д

  4. volk_liut

    Лозунг Калiноўскага: “Не будзе вам, людзi, шчасця, пакуль над вамi маскаль будзе” – актуальны у нашы днi.

  5. boni_gata

    Хочется привести слова В.Вераса: Современный белорусский этнос находится в инерционной фазе этногенеза. Ему сейчас примерно 960 лет. Эта фаза характеризуется малостью этнической энергии и низкой пассионарностью населения.

    1. volk_liut

      В. Верас пишет: “Любой возраст, как человека, так и этноса таит в себе как недостатки, так и достоинства. Инерционная фаза, в которой находится в данный момент белорусский этнос, имеет одну отличительную черту – вера в своих руководителей. ”
      Так у нас в стране и происходит.
      Вот и руководитель беларусов ведет их по пути интеграции с РФ, ведет по пути российского культурного влияния. ТВ и СМИ русифицированы, органы власти общаются по-русски, в том числе и сам руководитель РБ.
      Русификация утвердилась на государственном уровне.
      Но если бы в 1995 год в Беларуси не ввели русский язык как государственный, сейчас бы все говорили по-беларуски, вопрос российского культурного влияния отпал бы сам по себе.
      Для нас Беларуский язык – это путь к твердой культурной и экономической независимости и процветанию.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.