Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Выйшлі 5 новых кніг з серыі “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Францішак Аляхновіч: Выдатны беларускі драматург і пісьменнік (аўтар Анатоль Тарас)

Francishak AliahnovichФранцішак Аляхновіч (1883—1944) – таленавіты беларускі драматург, рэжысёр, акцёр, тэатральны дзеяч, а таксама паэт, празаік, публіцыст. Ён аўтар 20 п’ес, шматлікіх артыкулаў, вершаў, апавяданняў. Але больш за ўсё яго імя праславіла кніга “У кіпцюрах ГПУ” (1934 г.), дзе ён распавёў пра сем год зняволяння ў савецкім канцлагеры.

Мікалай Крукоўскі: Бляск і трагедыя філосафа (аўтар Анатоль Астапенка)

Mikalaj KrukouskiМікалай Крукоўскі (1923—2013) – сучасны філосаф і культуролаг, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Універсітэта культуры. Аўтар 7 навуковых манаграфій і больш чым за 150 артыкулаў. Даследваў праблемы філасофіі, культуралогі, эстэтыкі. Творца арыгінальнай канцэпцыі беларускай нацыянальнай ідэі.

Міхаіл Сеўрук: Мастак з Божай міласці (аўтар Сяргей Гваздёў)

Mihail SieurukМіхаіл Сеўрук (1905—1979) – беларускі мастак, майстар жывапісу і графікі. У сваіх шматлікіх палотнах, малюнках, гравюрах ён стварыў цудоўныя мастацкія вобразы традыцыйнай Беларусі – сялянска-земляробчай і сакральнай, а таксама шмат партрэтаў жыхароў Вільні і Нясвіжа.

Аркадзь Смоліч: Найлепшы знаўца беларускай зямлі (аўтар Міхаіл Пінчук)

Arkadz SmolichАркадзь Смоліч (1891—1938) – таленавіты навуковец, географ і эканаміст, краязнаўца, педагог, аўтар бесмяротнай “Геаграфіі Беларусі” (1919 г.). Таксама ён адзін з бацькоў Беларускай Народнай Рэспублікі, міністр асветы, потым міністр сельскай гаспадаркі яе ўрадаў. У часы сталіншчыны Смоліч стаў ахвяраў рэпрэсіяў, якія вынішчылі беларускіх інтэлектуалаў і прыхільнікаў незалежнасці Беларусі.

Валянцін Тарас: Літаратар з беларускіх шасцідзясятнікаў (аўтар Алесь Мінскі)

Valiancin TarasВалянцін Тарас (1930—2009) – таленавіты беларускі паэт, празаік, публіцыст, перакладчык і грамадзкі дзеяч. Ён аўтар 6 зборнікаў вершаў, 6 кніг прозы, шматлікіх перакладаў, шэрага сцэнараў, больш за 100 публіцыстычных артыкулаў. Яго творы ведаюць і любяць шырокія колы чытачаў на Беларусі.