Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Вексілалагічныя аб’екты паўстання 1863–1864 гг.: гістарыяграфічны вобраз і крытыка

Працягваем друкаваць матэрыялы са зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», які складзены з дакладаў аднайменнай навукова-практычнай канференцыі, якая прайшла  у 23 сакавіка 2013 года.

Прапануем Вам артыкул магістра гісторыі Андрэя Шулаева (г. Менск):

Праблема, якая ставіцца ў аснову дадзенага дакладу, з’яўляецца міждысцыплінарнай і закранае вексілалогію. Гэта спецыяльная гістарычная навуковая дысцыпліна, якая вывучае сцягі, а таксама аб’екты блізкія да іх па функцыях: транспаранты, сігны (геральдычная або іншая скульптурная кампазіцыя на шасце з функцыямі сцяга), вымпелы і інш.; выявы вексілалагічных аб’ектаў на прадметах мастацтва, комплекс ўяўленняў, датычных сцягоў або спадарожных ім рэчаў, комплекс традыцыяў і рытуалаў.

Для навуковага вырашэння праблематыкі вексілалагічнай спадчыны паўстання 1863–1864 гг. разглядаюцца захаваныя аўтэнтычныя вексілалагічныя аб’екты і апісанні аўтэнтычных палотнішчаў, а таксама гістарыяграфічныя канцэпцыі і звязаныя з імі інтэрпрэтацыі вексілалагічнай спадчыны. Пры гэтым трэба адзначыць, што кожная асобная канцэпцыя гістарычных сімвалаў не заўсёды можа абапірацца на захаваны аўтэнтычны матэрыял, або абапірацца на яго толькі часткова, дапасоўваючы гістарычныя факты да канцэпцыі, але не наадварот. Па гэтай прычыне даследаванне пазначанай праблематыкі павінна разглядаць прадукты канцэптуальнай творчасці і аўтэнтычныя аб’екты як разам, гэтак і кожны паасобку.

 Аналіз гістарыяграфічных канцэпцыяў

На сённяшні момант з пэўным дапушчэннем можна вылучыць наступныя гістарыяграфічныя канцэпцыі, якія вызначаюць ці могуць вызначаць розныя інтэрпрэтацыі вексілалагічнай спадчыны паўстання: польскую, расейскую, еўрапейскую (перадусім паводле французскай гістарычнай школы), беларускую. Украінская і літоўская гістарыяграфіі збольшага абмінаюць тэму паўстання 1863–1864 гг., а калі згадваюць, дык без вексілалагічных аб’ектаў. Кожную з канцэпцыяў можна аналізаваць паводле адпаведных маркераў, якімі з’яўляюцца друкаваныя і інтэрактыўныя выданні, а таксама творы выяўленчага мастацтва.

Польскую гістарыяграфічную канцэпцыю вексілалагічнай спадчыны паўстання 1863–64 гг. можна разглядаць на падставе гэтак званага інтэрактыўнага гербоўніка Адама Кромера (1), які прапануе цэльную рэпрэзентацыю вексілалагічнай і геральдычнай спадчыны Каралеўства Польскага, а таксама першай і другой Рэчы Паспалітай, Польскай Рэспублікі савецкага перыяду і, нарэшце, Польскай Рэспублікі на сучасным гістарычным этапе. Гербоўнік прапануе ў якасці эталоннай выявы сцяга паўстання дзве выявы: 1) на простакутным палотнішчы з трыма гарызантальнымі каляровымі палосамі, срэбнай, чырвонай і блакітнай, размешчаны трайчасты англійскі шчыт з гербамі Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Літоўскага і Украіны; 2) на простакутным палотнішчы з гарызантальнымі срэбнай і чырвонай палосамі такі ж, як і ў першым выпадку шчыт.

Для польскай канцэпцыі першай паловы XX ст. уласцівая адсылка да аўтэнтычных вексілалагічных аб’ектаў, спробы выбудаваць гістарыяграфічную інтэрпрэтацыю на грунце аўтэнтычнага матэрыялу, пра што гаворыць альбом, выдадзены ў 1913 г. (2) (падрабязна гэтая крыніца будзе прааналізаваная ніжэй).

Расейскую гістарыяграфічную канцэпцыю добра прадстаўляюць і ілюструюць сучасныя паўстанню карыкатурныя паштоўкі сярэдзіны XIX ст., выдадзеныя дзеля ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва на тэрыторыях, ахопленых баявымі дзеяннямі паўстанчых атрадаў (3). На паштоўках па-над паўстанцамі выяўленае простае палотнішча з польскім арлом, што адлюстроўвала на той момант стаўленне да паўстанцаў як да палякаў з адначасовым ігнараваннем украінскіх, літоўскіх і беларускіх памкненняў. Гэта можа тлумачыцца імкненнем царскага ўраду прадставіць паўстанцаў як вузкую сацыяльна і нацыянальна групоўку і прыхаваць міжнацыянальны і сацыяльны змест паўстанчай барацьбы. Для расейскай гістарыяграфічнай канцэпцыі ўласцівыя: дагматычнасць гістарыяграфічных штампаў, што засталіся нязменнымі з другой паловы XIX ст., адсутнасць адсылкі да аўтэнтычных вексілалагічных аб’ектаў, разгляд падзеяў паўстання ў коле агульнаімперскай, перадусім канфесіянальнай, моўнай і тэрытарыяльнай палітыкі пры адсутнасці цікавасці да такіх галінаў і крыніцаў, як вексілалагічныя.

Еўрапейская гістарыяграфічная канцэпцыя глядзіць на падзеі паўстання праз прызму гістарыяграфічных канцэпцыяў расейскай і польскай, што часткова тлумачыцца адносна вялікім уплывам расейскіх ды польскіх эмігранцкіх колаў на фармаванне еўрапейскай гістарычнай школы, перадусім французскай. Яна можа быць рэпрэзентаваная праз еўрапейскія друкаваныя выданні часоў паўстання. Інтэрпрэтацыі вексілалагічных выяваў паўстанцкіх войскаў у згаданых выданнях змяшчаюць такія палотнішчы сцягоў, як сцягі Каралеўства кангрэсовага, сцягі польскіх вайсковых частак у складзе французскага войска пачатку XIX ст., сцягі і знакі вайсковай годнасці жуаваў (паўстанчыя атрады, створаныя па прыкладзе французскіх зуаваў – лёгкай добраахвотніцкай пяхоты). Магчыма, вызначальную ролю адыграла тое, што на момант паўстання ў Еўропе былі больш вядомыя і пазнавальныя вобразы і падзеі, якія тычыліся самой Еўропы, напрыклад, удзел польскіх вайсковых фармаванняў у войнах імператара Напалеона Банапарта. Некаторыя паўстанцкія атрады маглі атрымаць свае сцягі ў спадчыну ад тых вайсковых аддзелаў, дзе раней ваявалі іх удзельнікі.

У беларускай гістарыяграфіі заяўленая праблематыка слаба распрацаваная. Даследаванні альбо цалкам абмінаюць пытанне пра сцягі паўстання, альбо абмяжоўваюцца агульнымі сцвярджэннямі, напр.: «Пад гербам Пагоня змагаліся з расейскім войскам паўстанцы Кастуся Каліноўскага (5); альбо даюць спасылкі на польскія крыніцы, перадусім на гербоўнік Адама Кромера. Адзіная кніга, прысвечаная беларускай вексілалогіі аўтарства Басава і Куркова, змяшчае выяву значка паўстаўшых беларусаў 1863–1864 гг. (6).

Значок уяўляе сабой простакутнае палотнішча з дзвюма касіцамі падзеленае дзвюма вертыкальнымі аднолькавымі палосамі срэбнага і чырвонага колераў, якое мае на сабе два англійскія блакітныя шчыты, адзін на срэбнай паласе з выявай срэбнай жа Пагоні, другі – на чырвонай са срэбным польскім арлом. Кніга не ўтрымлівае спасылак на крыніцу для дадзенай выявы, але можна меркаваць, што першакрыніцай паслужыў экспанат Дзяржаўнага музея БССР (7). Неабходна адзначыць імкненне беларускай гістарыяграфічнай канцэпцыі да абгрунтавання ўжытку падчас паўстання 1863–1864 гг. бела-чырвона-белага сцяга.

 Гісторыка-параўнаўчы аналіз першакрыніцаў

Аб’ектыўным чыннікам вырашэння праблемы вексілалагічнай спадчыны паўстання з’яўляецца даследаванне захаваных аўтэнтычных аб’ектаў і апісанняў. Такую магчымасць даюць нам асобнікі сцягоў, што захоўваюцца ў зборах Музея Войска Польскага ў Варшаве, а таксама іншых музейных зборах Польшчы і Беларусі. Апроч музейных збораў важнае значэнне маюць архіўныя апісанні сцягавых палотнішчаў, такіх, як тэкст альбома 1913 г., прысвечанага паўстанню8, апісанне паўстанцкага сцяга з фондаў Беларускага віленскага музея імя Івана Луцкевіча (9).

Прысутнічаюць тыпы – кавалерыйскія штандары, пяхотныя харугвы, вымпелы (прапорцы) ці значкі, вексілум (згодна з аўтарскай рэканструкцыяй паводле гістарычнай выявы).

Форма сцягавых палотнішчаў у большасці – простакутная, часам з дзвюма касіцамі. Спосаб мацавання да тронка – вертыкальны, накшталт касцёльнай ці царкоўнай харугвы, і гарызантальны.

Прысутнічаюць герб Пагоня Вялікага Княства Літоўскага на шчыце, ў картушы ці непасрэдна на палотнішчы, герб Арол белы Каралеўства Польскага на шчыце, у картушы, на простакутніку ці непасрэдна на палотнішчы, герб Архангел Міхал Кіеўскага ваяводства ў картушы ці непасрэдна на палотнішчы.

Таксама прысутнічаюць рэлігійныя сімвалы, а менавіта выявы Багародзіцы Марыі, Маці Божай Чанстахоўскай, святога Казімера, згаданага вышэй Архангела Міхала, святога Юрыя на згаданым вышэй гербе Пагоня.

Прысутнічаюць легенды кірылічным і лацінскім алфабэтам. Змест выяўленых надпісаў:

«За волю Русі, Польшчы и Лытвы» (мал. 1);

Малюнак 1. Штандар паўстанцкага аддзела Ражыцкага. Галоўны бок

Малюнак 1. Штандар паўстанцкага аддзела Ражыцкага. Галоўны бок

«Za naszą i waszą wolność» (мал. 2, 3);

Малюнак 2. Штандар паўстанцкага аддзела Ражыцкага. Адваротны бок

Малюнак 2. Штандар паўстанцкага аддзела Ражыцкага. Адваротны бок

Малюнак 3. Сцяг паўстанцаў 1863 г.

Малюнак 3. Сцяг паўстанцаў 1863 г.

«Boże dopomóż wiernym Ojczyźnie»; «Wolność, całość, niepodległość» (мал. 4);

Малюнак 4. Паўстанцкая харугва з трайчастым гербам Рэчы Паспалітай

Малюнак 4. Паўстанцкая харугва з трайчастым гербам Рэчы Паспалітай

«Bezpardonni – Za wolność, równość i niepodległość Polski. Pracą dziewic polskich F. T.» (мал. 5);

Малюнак 5. Штандар стральцоў і касінераў 1863 г.

Малюнак 5. Штандар стральцоў і касінераў 1863 г.

«Najświętsza Panno Marjo broń nas od pocisków nieprzyjaciół – 16 stycznia 1863»; «Pod Twoją obronę uciekamy się»; «Święty Michale, niebios Archaniele z chorągwią Twoją stajemy na czele – Prowadź Ty Polskę silą nieśmiertelną w straszliwej wojnie z potęgą piekielną»; «Matko nie opuszczaj nas. – Za wiarę i wolność. 1863»; «Ziemia witebska 1861» (маркер тэрытарыяльнай прыналежнасці атрада);

«Walecznym braciom poświęcają Polki Izraelitki. – Kalisz 1863» (мал. 6);

Малюнак 6. Штандар палка места Каліш (Польшча)

Малюнак 6. Штандар палка места Каліш (Польшча)

«Ułów – Nowa wieś – Kamień – Żuawi rawscy d. 16, 17, 18 maja 1863» (маркер тэрытарыяльнай і часовай прыналежнасці атрада) (мал. 7);

Малюнак 7. Паўстанцкі штандар жуаваў раўскіх. Галоўны бок, фота з выставы 1913 г. у Львове, прысьвечанай паўстаньню

Малюнак 7. Паўстанцкі штандар жуаваў раўскіх. Галоўны бок, фота з выставы 1913 г. у Львове, прысьвечанай паўстаньню

«Niech żyje Polska starożytna!» (мал. 8).

Малюнак 8. Паўстанцкі штандар жуаваў раўскіх. Адваротны бок, фота з выставы 1913 г. у Львове, прысьвечанай паўстаньню

Малюнак 8. Паўстанцкі штандар жуаваў раўскіх. Адваротны бок, фота з выставы 1913 г. у Львове, прысьвечанай паўстаньню

Прысутнічаюць сцягавыя палотнішчы зусім без надпісаў (мал. 9, 10).

Малюнак 9. Сцяг аддзела Казелы з фондаў Музэя імя Івана Луцкевіча. Рэканструкцыя аўтара паводле матэрыялаў Ганны Андруковіч

Малюнак 9. Сцяг аддзела Казелы з фондаў Музэя імя Івана Луцкевіча. Рэканструкцыя аўтара паводле матэрыялаў Ганны Андруковіч

Малюнак 10. Паўстанцкі штандар з Пагоняй, фота з выставы 1913 г. у Львове, прысьвечанай паўстаньню

Малюнак 10. Паўстанцкі штандар з Пагоняй, фота з выставы 1913 г. у Львове, прысьвечанай паўстаньню

Для выяўленчай тэхнікі сцягоў характэрныя вышыўка, роспіс алейнымі фарбамі, аплікацыя, магчыма, сшыванне розных па колеры тканевых частак.

Дакладна від тканінаў вызначыць цяжка. Можна заўважыць, што тканіны ўсіх выяўленых аўтэнтычных палотнішчаў – аднатонныя без узораў, што характэрна для даследуемага перыяду; колеры палотнішчаў – белы, малінавы, фіялетавы. У якасці аздаблення прысутнічаюць аблямоўка палотнішча кантам, махрой, прывешванне да рагоў палотнішча вяровачных кісцей; у кампазіцыі прысутнічаюць сімвалічныя элементы: дзве рукі ў сяброўскім поціску, чатыры пяціканцовыя зоркі па рагах палотнішча, арматура з гарматаў, ядраў, косаў, сцяжкоў, шаблі і вінтоўкі.

Сярод прапанаваных для разгляду і аналізу маецца вексілалагічны аб’ект вексілум (мал. 11)

Малюнак 11. Паўстанцкі вексілум 1863 г.

Малюнак 11. Паўстанцкі вексілум 1863 г.

(скульптурная выява на тронку, якая мае статус вексілалагічнага аб’екта), згодна з рэканструкцыяй аўтара паводле гістарычнай выявы. У якасці вексілума тут ужываецца касцёльны крыж на доўгім тронку, што цалкам лагічна, бо першапачаткова вексілалагічнымі аб’ектамі з’яўляліся прадметы рэлігійнага культу. Да таго ж некаторыя колы тагачаснага паўстанцкага руху ўспрымалі сваё супрацьстаянне як змаганне супраць рэлігійнага прыгнёту з боку Расейскай імперыі. Згаданы вексілум мог ужывацца на чале атрадаў, якія не мелі ўласнага сцяга, некаторыя ж атрады ўвогуле маглі выступаць без вексілалагічных сімвалаў.

Характарызуючы кампазіцыйныя і каляровыя асаблівасці палотнішчаў, трэба адзначыць дзве аўтэнтычных выявы, якія маюць на сабе гербы, апраўленыя ў картушы ў стылі Ракако (мал. 3, 4), што нетыпова для даследуемага перыяду. Найбліжэйшую аналогію можна знайсці на сцягу Барскай канфедэрацыі канца XVIII ст. Чаму гэты матыў картуша быў выяўлены на сцягах сярэдзіны XIX ст. невядома. Магчыма, тут мела месца нейкая вексілалагічная традыцыя, якую цяжка прасачыць па прычыне малой колькасці захаваных аўтэнтычных палотнішчаў.

Традыцыя нанясення лозунгаў-легендаў на сцягавыя палотнішчы паходзіць з XVII ст., але змяшчэнне на палотнішчы цэлага верша (гл. восьмую з пералічаных вышэй легендаў) з’ява нетыповая.

Агулам, апроч некаторых асобных элементаў, гэткіх, як змяшчэнне на палотнішчах гербаў земляў былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, нанясенне легендаў-лозунгаў з заклікамі да барацьбы за волю і незалежнасць ды інш., корпус сцягоў паўстання 1863–1864 гг. не падпарадкоўваецца нейкім агульным канонам і характарыстыкам. Корпус гэтых вексілалагічных помнікаў мае перайманні ад сцягавых палотнішчаў паўстанняў 1794, 1831 г.

У заключэнні варта працытаваць ужо згаданы альбом 1913 г. у перакладзе на беларускую мову:

«…Яны значна адрозніваліся ад штандараў рэгулярнага войска, але розняцца таксама і ад іншых штандараў, якія ведае гісторыя перыядаў да падзелу і пасля яго. Штандары Рэчы Паспалітай мелі на сабе пераважна гербы паасобных ваяводстваў, штандары напалеонаўскія, княства Варшаўскага ці Каралеўства кангрэсавага, былі штандарамі паасобных палкоў і насілі на сабе выявы і знакі польскай дзяржавы. У той жа час штандары студзеньскага паўстання з’ядналі ўсе землі польскія ў адзіную і непадзельную цэласць, да гербу Рэчы Паспалітай акрамя Арла і Пагоні дадалі гэтак жа герб Русі, што адпаведны ваяводству Кіеўскаму, Архангела Міхала, на знак роўнасці ўсіх абласцей даўняй Польшчы».

З прапанаванага ўрыўку, а таксама з аналізу вонкавага выгляду аўтэнтычных асобнікаў сцягоў відавочна, што яны не мелі дачынення да дзяржаўных сцягоў, але ўтварылі паасобную групу, якую найбольш адэкватна было б называць «Вексілалагічная група сцягоў паўстання 1863–1864 гг.» і разглядаць як самастойную вексілалагічную з’яву.

У кнізе “Флагі Беларусі” маецца сцвярджэнне наконт ужытку на чале паўстанцкіх атрадаў бела-чырвона-белага сцяга (6). Падобная згадка даволі спрэчная і патрабуе праверкі, бо сярод выяўленых аўтэнтычных паўстанцкіх палотнішчаў такія адсутнічаюць. Адзінае дапушчэнне, якое можна зрабіць наконт дадзенай імавернасці, адзначыць, што некаторыя паўстанцкія атрады маглі атрымаць у спадчыну бела-чырвона-бела-чырвоны прапорац 19-га рэгімэнту ўланаў Літоўскіх у войску Напалеона (мал. 12), але гэтая тэза патрабуе сур’ёзнай праверкі.

Малюнак 12. Прапорац 19-га рэгімэнту ўланаў Літоўскіх 1812 г.

Малюнак 12. Прапорац 19-га рэгімэнту ўланаў Літоўскіх 1812 г.

Дадаткова, новае:

Малюнак 13. Паўстанцкі штандар з трайчастым гербам Польшчы, Русі (Украіны) і Вялікага Княства Літоўскага на французскім трыкалоры, што сімвалізавала ідэалагему: "За свабоду Рэспублікі трох роўных Польшчы, Русі і Літвы". Французскі трыкалор (не блытаць з расійскім) тут сімвалізаваў слова "Рэспубліка".

Малюнак 13. Паўстанцкі штандар з трайчастым гербам Польшчы, Русі (Украіны) і Вялікага Княства Літоўскага на французскім трыкалоры, што сімвалізавала ідэалагему: “За свабоду Рэспублікі трох роўных Польшчы, Русі і Літвы”. Французскі трыкалор (не блытаць з расійскім) тут сімвалізаваў слова “Рэспубліка”.

Малюнак 14. Паўстанцкі штандар зь гербамі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Малюнак 14. Паўстанцкі штандар зь гербамі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Малюнак 15. Паўстанцкі штандар атраду зь Віцебшчыны (аб гэтым сьведчыць пазнака на стужцы "Witepska ziemia"). Галоўны бок, выява гербоў Польшчы, Русі і Вялікага Княства Літоўскага вакол выявы Маці Божай Жыровіцкай (?)

Малюнак 15. Паўстанцкі штандар атраду зь Віцебшчыны (аб гэтым сьведчыць пазнака на стужцы “Witepska ziemia”). Галоўны бок, выява гербоў Польшчы, Русі і Вялікага Княства Літоўскага вакол выявы Маці Божай Жыровіцкай (?)

Малюнак 16. Паўстанцкі штандар атраду зь Віцебшчыны (аб гэтым сьведчыць пазнака на стужцы "Witepska ziemia"). Адваротны бок, выява сьв. Казімера, апекуна Вялікага Княства Літоўскага.

Малюнак 16. Паўстанцкі штандар атраду зь Віцебшчыны (аб гэтым сьведчыць пазнака на стужцы “Witepska ziemia”). Адваротны бок, выява сьв. Казімера, апекуна Вялікага Княства Літоўскага.

Малюнак 17. Выяўлены падчас пашуковай экспэдыцыі ў сховішчах касьцёла паўстанцкі штандар, фота 1920-30-х г.г

Малюнак 17. Выяўлены падчас пашуковай экспэдыцыі ў сховішчах касьцёла паўстанцкі штандар, фота 1920-30-х г.г

Малюнак 18. Фота ўрачыстай акцыі, прысьвечанай 50-й гадавіне паўстаньня Каліноўскага з аўтэнтычнымі паўстанцкімі штандарамі, Львоў, 1913 г.

Малюнак 18. Фота ўрачыстай акцыі, прысьвечанай 50-й гадавіне паўстаньня Каліноўскага з аўтэнтычнымі паўстанцкімі штандарамі, Львоў, 1913 г.

Крыніцы

[1] http://www.akromer.republika.pl/flagi_pl_bandera.html. Уваход: 12.03.2009 ў 2:13.

[2] Album pamiątek roku 1863. Lwów: Tęcza, 1913.

[3] Ілюстрацыя з кнігі: Staliūnas Darius. Savas ar svetimas paveldas? 1863-1864 m. sukilimas kaip lietuvių atminties vieta. Vilnius: Mintis, 2008.

[4] Ілюстрацыя з французскага часопісу з паўстанцамі 1863 г. // Arche. 2008. № 7-8.

[5] Вячорка Вінцук. Пра герб і сцяг. Мн.: Беларусь, 1993.

[6] Басаў А.Н., Куркоў І.М. Флагі Беларусі ўчора і сёння. Мн.: Полымя, 1994.

[7] Зайцаў М. Сялянскае пытанне ў “Мужыцкай праўдзе” // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982, № 4 (52)

[8] Album pamiątek roku 1863. Lwów: Tęcza, 1913.

У першыню артыкул быщ надрукаваны на сайце “Сьвіслація аркушы”.

Спасылкі па дадзенай тэме:

Постаць Кастуся Каліноўскага ў друкаванай спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў

Кастусь Каліноўскі: чалавек і герой

“Польскае” паўстанне з беларускім характарам. (Гісторыкі і публіцысты Польшчы аб падзеях паўстання Кастуся Каліноўскага)

Паўстаньне 1863 году: асноўныя стэрэатыпы

Первая рельсовая война

Пасля паўстання

Прадмова да зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Поўнае відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Навукова-практычная канферэнцыя “Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі”

3 thoughts on “Вексілалагічныя аб’екты паўстання 1863–1864 гг.: гістарыяграфічны вобраз і крытыка

  1. Міраслаў

    А дзе ж самі малюнкі, ня якія ідзе спасылка ў тэксце?

  2. Аляксей Кухта

    На малюнку 16 бачна ж даты, 1918-192? гады… Нешта вы пераблыталі, сябры…)

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.