Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Валенцій Ваньковіч: Мастак-рамантык з Мінска

Частка I. Жыццёвы шлях

Паходжанне і сям’я

Валенцій-Вільгельм Ваньковіч нарадзіўся ў дзень святога Валянціна — 14 лютага 1800 года — у маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павета Менскай губерні (цяпер Бярэзінскі раён Менскай вобласці). Адзначым, што Калюжыцы з’яўляюцца адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі.

Прадстаўнікі старажытнага шляхецкага роду Ваньковічаў герба «Ліс» часта займалі земскія пасады ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, а потым у Менскай губерні Расійскай імперыі. Напрыклад, Язэп Ваньковіч быў першым маршалкам дваранства Менскага павета, пазней гэты гонар аказалі стрыечнаму брату Мельхіёра Ваньковіча — Антону.

Бацька Мельхіёр Аляксандравіч Ваньковіч (1775—1842) валодаў маёнткамі Вялікая Сляпянка і Малая Сляпянка (цяпер частка Менска) у Менскім павеце і маёнткам Калюжыцы ў Ігуменскім павеце (дзе нарадзіўся Валенцій). Бацька займаў пасады ігуменскага шляхецкага павятовага суддзі (1799—1802) і старшыні II дэпартамента Галоўнага суда Менскай губерні (1805—1808).

Маці мастака Схаластыка паходзіла са знакамітага шляхецкага роду Гарэцкіх. Яе бацька Валенцій Гарэцкі (дзед мастака) удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, нават уваходзіў у склад яго ўрада. Жонка дзеда Ганна (бабка мастака), дачка полацкага падчашага Рэўта, падзяляла погляды мужа. Малодшы брат Схаластыкі, вядомы польскамоўны паэт Антоні Гарэцкі, прымаў удзел ў паўстанні 1830—31 гг.

На пачатку 1826 года Валенцій Ваньковіч узяў шлюб з пінскай шляхцянкай Анэляй Растоцкай (каля 1808—1870), якая была, па водгуках сучаснікаў, жанчынай «рафаэлеўскай прыгажосці». Яна нарадзіла яму трох сыноў.

Першы — Адам Ваньковіч (1827—1895), які ажаніўся з Амеліяй Клячкоўскай, быў удзельнікам паўстання 1863—64 гг.

Другі — Казімір Ваньковіч (1831—1891), які пад старасць ажаніўся з маладзенькай Каралінай Артынскай (1860—1945).

Трэці — Ян-Эдвард (1838—1899), які ажаніўся са Станіславай Ясклоўскай, таксама ўдзельнік паўстання 1863—64 гг., узначальваў паўстанцкі аддзел у Берасцейскім павеце.

Полацак і выбар прафесіі (1811—1818)

Аўтапартрэт. Мастак Валянцін Ваньковіч

З 1811 па 1818 год Валенцій навучаўся ў Полацкай езуіцкай акадэміі (да студзеня 1812 года — Полацкі езуіцкі калегіум) на факультэце вольных навук.

Выбіраючы паміж езуіцкім калегіумам і Валынскай гімназіяй у Крамянцы, створанай Тадэвушам Чацкім на прынцыпах эпохі Асветы, бацькі Валенція аддалі перавагу езуітам. Акрамя таго, Полацак нашмат бліжэй да Менска, чым Крамянец.

Полацак быў у тыя часы невялікім горадам (у 1817 годзе — 3340 жыхароў), які маляўніча месціўся на ўсходнім беразе Заходняй Дзвіны. На высокім адкрытым месцы стаяў касцёл Св. Стэфана, а да яго прылягаў будынак езуіцкага калегіума. Да калегіума ў 1788 годзе прафесар Габрыель Грубер (1740—1805), які быў выдатным архітэктарам, механікам і мастаком, прыбудаваў памяшканне для музея, тэатра і галерэі жывапісу. Улетку выхаванцаў вадзілі на дачу акадэміі, што знаходзілася прыкладна ў дзвюх вёрстах ад горада:

Там былі ўладкованы гімнастыка [так зваліся снарады для заняткаў ёю], арэлі і ўсякія забавы для дзяцей (…) быў цудоўны фруктовы сад і кветнікі ў выглядзе ўзорыстых дыванаў. (Юнге Е. Ф., 1892).

У перыяд вучобы Ваньковіча ў акадэміі выкладаліся такія дысцыпліны, як філасофія, класічныя мовы, гісторыя, геаграфія, фізіка, матэматыка, механіка, архітэктура, жывапіс і скульптура, нават балістыка і тэорыя рамёстваў.

Мелася багатая бібліятэка — звыш 20 тысяч тамоў на розных мовах. Механічны кабінет быў поўны розных дзівоцтваў, што дзейнічалі на ўяўленне, узбуджалі здзіўленне і дапытлівасць. Калідоры езуіцкага манастыра, па апісанні сучасніка, былі:

…доўгія, разбежныя ў розныя бакі, (…) былі завешаны маляўнічымі малюнкамі святых, у адным з іх (…) віселі партрэты знакамітых езуітаў (…) іншы светлы прамы калідор быў упрыгожаны вылучна партрэтамі польскіх каралёў, а ў самым яго канцы (…) кідаўся ў вочы велізарны ў рост партрэт Стэфана Баторыя.

Гэты партрэт уваходзіў у лік 44 жывапісных карцін, некалі выкананых тут Шымонам Чаховічам*. Падчас штурму горада 7 кастрычніка 1812 года рускімі войскамі пад камандаваннем Пятра Вітгенштэйна ўсе яны згарэлі, акрамя адной. Але Ваньковіч у 1811—12 гады бачыў іх усе на свае вочы.

* Шымон Чаховіч (1689—1775) — польскі мастак, які ву­чыўся ў Італіі, потым працаваў у Польшчы і на Беларусі. У 1750—77 гг. ён жыў у Полацку, дзе намаляваў для езуіцкага калегіума ўзгаданыя 44 карціны на сюжэты рэлігійнай гіс­торыі.

Выхаванцы акадэміі не толькі ставілі спектаклі на рэлігійныя і грамадзянскія сюжэты, але праводзілі па ўсіх правілах тэатральнага мастацтва ўрачыстыя зборы і святочныя цырымоніі. Адна з найболей пышных адбылася 10 чэрвеня 1812 года ў сувязі з пераўтварэннем калегіума ў акадэмію.

Выкладчыкі-езуіты імкнуліся фарміраваць і падтрымліваць у выхаванцаў дух строгай рэлігійнай маральнасці. Адносна ўражлівага вучня методыка апынулася вельмі эфектыўнай. Валенцій глыбока прасякнуўся гэтым духам, які ў далейшым меў у яго выгляд сталага інтарэсу да містыкі.

Полацкі калегіум езуіты заснавалі яшчэ ў 1580 годзе па ўказе караля Стэфана Баторыя. Ён быў адной з лепшых навучальных устаноў Рэчы Паспалітай. Ператварыўшыся ў акадэмію па ўказе імператара Аляксандра I, гэтая ўстанова вызвалілася ад падначалення Віленскаму ўніверсітэту, з якім знаходзілася ў сталым канфлікце. Прафесары ўніверсітэта былі прыхільнікамі ідэй свецкага рацыяналізму, тады як прафесары акадэміі ўпарта трымаліся пазіцый рэлігійнай філасофіі паслядоўнікаў Тамаша Аквінскага. Аднак, нягледзячы на гэта, акадэмія прапанавала шырокую праграму адукацыі на трох факультэтах: тэалагічным, філасофскім, вольных навук і моў (старажытных і сучасных). Само навучанне было бясплатным, бацькі аплачвалі пражыванне навучэнцаў у інтэрнаце і сілкаванне ў сталовай.

Валенцій вывучаў у акадэміі латынь, грэчаскую, французскую і рускую мовы, а таксама літаратуру на гэтых мовах. Апроч моў, у праграму навучання на факультэце вольных навук уваходзіла выяўленчае мастацтва: малюнак, жывапіс, скульптура. Мелася зала, «зручна ўладкаваная для малявання і багата абсталяваная ва ўсе неабходныя для гэтай навукі мадэлі, кнігі, малюнкі і гравюры». У акадэмічнай друкарні вучылі тэхніцы літаграфіі. Валенцій добра авалодаў ёю, чым у далейшым дзівіў сваіх калегаў па Віленскім універсітэце.

У музеі акадэміі, у багатых залатых рамах віселі партрэты манархаў шэрага краін Еўропы, рэлігійных дзеячаў, пейзажы, копіі карцін Рафаэля, Тыцыяна, Рубенса, сярод рэлігійных кампазіцый — працы Карла Дольчы і Сальватора Розы. Пэндзлю Г. Грубера належалі дзесяць вялікіх карцін з перспектыўнымі малюнкамі. Збор гравюр налічваў больш за 2000 лістоў, захоўваліся таксама калекцыі манет, старадаўняй зброі, розных кур’ёзаў прыроды.

Першым настаўнікам В. Ваньковіча ў галіне мастацтва быў выкладчык акакдэміі Якуб Перлінг. Хоць пастаноўка мастацкага навучання ў Полацку далёка не дасягала ўзроўню акадэміі мастацтваў, аднак Ваньковіч да канца выпускнога, шостага класа, навучыўся маляваць мініяцюры і партрэты алеем, якія адрозніваліся дасканаласцю малюнка і колера. Акрамя таго, ён капіраваў карціны, сабраныя ў галерэі калегіума.

Менавіта ў Полацку Валенцій вырашыў стаць мастаком, бо да пачатку навучання тут ён быў занадта малы, каб прымаць нейкія рашэнні.

Першы біёграф мастака Вінцэнт Смакоўскі адзначыў, што працы, якія Ваньковіч стварыў у час навучання ў Полацкай акадэміі і прадставіў радзе Віленскага ўніверсітэта (галоўным чынам — мініяцюры), зрабілі вялікае ўражанне «прафесійнасцю выканання».

Віленскі ўніверсітэт (1818—1824)

У 1818 годзе Валенцій запісаўся ў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя. Ва ўніверсітэце ён наведваў мастацкія класы, якія былі на факультэце літаратуры і вольных мастацтваў.

У факультэцкім часопісе ўліку наведвальнасці за восень 1818 года значыцца, што Ваньковіч Валенцій, сын Мельхіёра, гадоў 19, рымска-каталіцкага веравызнання, першы год навучаецца ва ўніверсітэце, жыве ў манастыры базыліянаў, утрымоўваецца за кошт бацькоў, слухае лекцыі «па літаратуры польскай, лацінскай і французскай, малюнку, жывапісу і нямецкай мове». На фізічным аддзяленні ён вывучае оптыку і ўласцівасці святла.

Усім гэтым Ваньковіч прыкметна адрозніваўся ад іншых студэнтаў мастацкіх класаў, якія, па ўспамінах мастака Адама Шэмеша (1808—1864), што вучыўся на некалькі гадоў пазней Ваньковіча, «не хадзілі амаль ні на якія лекцыі», таму што паходзілі з бедных сем’яў, не атрымалі добрай хатняй адукацыі, не ведалі ні латыні, ні французскай, ні нямецкай мовы.

Асноўным настаўнікам В. Ваньковіча ва ўніверсітэце стаў прафесар жывапісу і малюнка Ян Рустэм (1762—1835). Выдатны партрэтыст, ён спрыяў развіццю цікавасці Ваньковіча да партрэтнага жанру. Па словах Вінцэнта Смакоўскага, Ваньковіч капіраваў працы Рустэма «як бы гуляючы». Здольнага вучня неўзабаве дапусцілі да малявання з жывой мадэлі. Дарэчы, яе з’яўленне ў класах «было сустрэта з супрацівам з-за забабонаў, і насілу знайшоўся нейкі муляр, які меў досыць адвагі ахвяраваць сваю галізну школе рысавальшчыкаў»…

Ваньковіч таксама вывучаў скульптуру ў Казіміра Ельскага (1782—1867), але, верагодна, нерэгулярна, бо іспыту па скульптуры ён не здаваў.

Ва ўніверсітэце Ваньковіч быў «увесь пагружаны ў вучобу, здавалася, пажыраў натуру, схопліваў яе ва ўсіх становішчах, вучыўся яе формам і праўдзе» (В. Смакоўскі), і рабіў партрэты тых, хто «бліскаў навукай і талентамі».

Валенцій шмат працаваў. Пасля ранішніх лекцый ён ішоў у майстэрню, якую здымаў побач з універсітэтам. Нават падчас студэнцкіх вечарынак не кідаў алоўка і альбома. На першай выставе студэнтаў і выкладчыкаў факультэта вольных мастацтваў, літаратуры і моў у 1820 годзе ён прадставіў 8 копій з прац Рустэма, тры самастойныя творы і аўтапартрэт. За іх малады мастак атрымаў сваю першую ўзнагароду.

У Нацыянальным музеі ў Варшаве захаваліся некаторыя з прац Ваньковіча віленскага перыяду. Гэта невялікага памеру, выкананыя на паперы гуашай «Пявучыя віленскага кафедральнага сабора», партрэт гравёра Готліба Кіслінга, аўтапартрэт. 1820 годам датуецца «Выгляд Вільны» на кардоне алеем — рэдкі для Ваньковіча жанр пейзажу. На звароце карціны надпіс, з якога відаць, што яна належала паэту Адаму Міцкевічу, вісела ў кабінеце яго парыжскай кватэры.

Віленскі ўніверсітэт быў у той час лепшай вучэбнай установай ва ўсёй Расійскай імперыі, выкладанне ў ім вялося на еўрапейскім узроўні. Тут працаваў тэатр, аматары рыхтавалі спектаклі, удзельнічалі ў «жывых карцінах», якія ставіў Ян Рустэм. Адбываліся мастацкія выставы, інтэнсіўным было літаратурнае жыццё. Грамадскасць горача сустракала кожны новы твор свайго куміра — Адама Міцкевіча.

Акрамя ўласна вучобы, на ўражлівага Ваньковіча моцна паўплывала духоўная атмасфера, якая тады панавала ва ўніверсітэце сярод настаўнікаў і студэнтаў. Большасць гэтых апантаных людзей, якія марылі аб свабодзе і незалежнасці сваёй Айчыны, назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю культуры і навукі Беларусі, Летувы ды Польшчы.

Вось, напрыклад, Іахім Лялевель (1786—1861), гісторык, грамадскі дзеяч, загадчык кафедры гісторыі. Гэта той чалавек, пра якога Ян Чачот сказаў: «З той гадзіны, як універсітэт стаў універсітэтам, ніколі ні адзін прафесар не меў столькі слухачоў». Сапраўды, на лекцыі Лялевеля прыходзілі адначасова да 400 студэнтаў! Пасля раскрыцця таемных студэнцкіх суполак, прафесар Лялевель як іх ідэйны натхняльнік эміграваў у Францыю, але і адтуль за антыманархічны заклік «Да братоў рускіх» быў высланы ў Брусэль.

Сярод настаўнікаў Ваньковіча былі такія выдатныя асобы як ад’юнкт кафедры жывапісу Ян Дамель (1780—1840), прафесар правазнаўства Шымон Малеўскі (бацька філамата Францішка Малеўскага), прафесар класічнай філалогіі Готфрыд Эрнст Гродэк (1762—1825), архітэктар Караль Падчашынскі, прафесар рускай славеснасці і гісторык Іван Лабойка (1786—1861), філосафы і астраномы Юзаф Галухоўскі і Ян Снядэцкі (1756—1830), правазнаўца і даследчык гісторыі ВКЛ Ігнацій Даніловіч (1787—1843)…

А сярод студэнтаў Ваньковіч сябраваў з будучымі яркімі літаратарамі Тамашам Занам, Янам Чачотам, Адамам Рагальскім, Юльянам Корсакам, Аляксандрам Ходзькам, Паўлам Кукальнікам, Сімонам Станевічам, Антоніем Эдвардам Адынцом, Восіпам Сянкоўскім, будучым епіскапам і асветнікам Матэем Валанчуком, гісторыкам Мікалаем Маліноўскім, геолагам, географам і этнографам Ігнатам Дамейкам…

Многія з іх былі чальцамі студэнцкіх суполак філаматаў (грэч. «імкнуўшыяся ды ведаў») і філарэтаў (грэч. «любячыя дабрадзейнасць»), чые асветніцкія ідэі потым загартаваліся ў нацыянальна-вызваленчым руху на пачатку 1830-х гадоў.

Але першым сярод усіх сяброў Валенція быў вялікі паэт Адам Міцкевіч (1798—1855). Адам стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта ў 1815 годзе і скончыў гісторыка-філалагічны факультэт у 1819, праз год пасля паступлення Ваньковіча ва ўніверсітэт. Атрымаўшы месца настаўніка ў Коўні, ён жыў там чатыры гады, не парываючы, аднак, зносін з Вільняй. Адам даволі часта бываў у Антонія Гарэцкага, дзядзькі Валенція па маці, які пасяліўся ў Вільні ў 1818 годзе.

Верагодна, Ваньковіч пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам ужо ў 1819 годзе, бо маюцца звесткі пра некалькі партрэтаў алоўкам і адным алеем, выкананых Ваньковічам з натуры ў 1819 і 1820 гадах. Але сярод тых партрэтаў Міцкевіча што захваліся самы ранні — авальны, выкананы Ваньковічам увосень 1821 года. Адносіны сталі асабліва блізкімі пасля таго, як Валенцій падараваў Адаму мініяцюру панны Верашчакаўскай, якая вельмі падабалася Міцкевічу. Паэт падзякаваў аўтару малюнка вершам «Мастаку».

Сяброўства паміж імі працягвалася да апошніх хвілін жыцця Ваньковіча.

Сябрам, аднадумцам, а потым і сваяком А. Міцкевіча быў сын рэктара ўніверсітэта Францішак Малеўскі (1800—1870), адзін з аўтараў статута суполкі філаматаў, генеральны сакратар і віцэ-старшыня суполкі філарэтаў. Па заканчэнні юрыдычнага факультэта яго прызначылі прафесарам права і адправілі за кошт універсітэта на стажыроўку за мяжу (у Варшаву, Прагу і Берлін). Але ў Берліне ён быў арыштаваны ў снежні 1823 года і выдадзены расейскаму ўраду. Гэты далікатны юнак апынуўся мужным прынцыповым чалавекам. Узяў на сябе значную частку віны, быў прысуджаны да высылкі ў Расію і ў 1824 годзе пакінуў Вільню. Разам з Адамам ён жыў у Адэсе, Маскве і Пецярбургу. У першыя гады жыцця ў Пецярбургу Малеўскі працаваў у Літоўскам гістарычным архіве, пазней стаў яго дырэктарам. У далейшым ён заняў пасаду рэдактара польскамоўнай газеты «Тыгоднік Пецярбургскі».

У Нацыянальным музеі ў Варшаве знаходзіўся партрэт маладога чалавека працы Ваньковіча 1820-х гадоў. На ім намаляваны Тамаш Зан (1796—1855), адзін з самых адораных маладых людзей з пляяды віленскіх студэнтаў. Ота Слізень пакінуў нам літаратурны партрэт Т. Зана 1821 года, які супадае з малюнкам Ваньковіча:

…сярэдняга росту, з павойнымі валасамі, асмуглы, з правільнай формы арліным носам, з прыемным выразам твару і вачэй.

Тамаш Зан, які паходзіў з-пад Маладзечна, — асоба ўнікальная нават для свайго часу і асяроддзя. Ён паступіў ва ўніверсітэт на матэматычны факультэт у 1815 годзе, а ўжо ў 1819 стаў доктарам матэматыкі і фізікі. Ён цікавіўся астраноміяй, механікай, заалогіяй, батанікай, архітэктурай, тэорыяй музыкі, гісторыяй, палітычнай эканоміяй, польскай і французскай літаратурай, ведаў грэчаскую, нямецкую, італьянскую мовы. Акрамя таго, пісаў вершы: у 1822 годзе «Дзённік віленскі» надрукаваў яго баладу «Цыганка» і элегію «Сум». Па ўспамінах сучаснікаў Т. Зан быў вясёлым і таварыскім чалавекам. Вакол яго заўсёды гучаў смех, чыталі вершы, спявалі. Арыштаваны па справе філаматаў, у 1824 годзе ён быў высланы ў Арэнбург, дзе жыў больш за 20 гадоў, вывучаючы эканоміку, геаграфію, гісторыю і этнаграфію Сібіры.

Антоні Эдвард Адзінец (1804—1885) з Ашмяншчыны вучыўся на юрыдычным факультэце. У 1821 годзе ён стаў чальцом суполкі філарэтаў. У 1822 годдзе апублікаваў пераклады твораў І. В. Гётэ «Пастушка» і Ф. Шылера «Стралец у Альпах». Сучаснікі лічылі гэтыя пераклады вельмі ўдалымі. У 1830-я гады ён суправаджаў Міцкевіча ў падарожжы па Еўропе і перакладаў яго вершы на французскую мову.

Паэт і перакладчык Юльян Корсак (1806—1855) — далёкі сваяк В. Ваньковіча. Яго прабабка ў XVII стагоддзі была жонкай смаленскага падчашага Станіслава Ваньковіча. Юльян вучыўся на аддзяленні літаратуры і вольных мастацтваў. Пасля смерці бацькі ў 1833 годзе пасяліўся ў родным Слоніме, дзе пісаў вершы, займаўся перакладамі старажытных аўтараў, Ф. Шылера і А. Ламарціна, «Боскай камедыі» Дантэ. Ю. Корсак прысвяціў В. Ваньковічу свой верш.

Ваньковіч маляваў партрэты сваіх сяброў і знаёмых па ўніверсітэце і дарыў ім. Некаторыя з гэтых прац захаваліся ў дзяржаўных і прыватных зборах, іншыя вядомыя толькі па рэпрадукцыях і апісаннях.

У 1822 годзе Ваньковіч намаляваў партрэт вядомага кампазітара і скрыпача-віртуоза Караля Ліпіньскага (1790—1861), гульню якога сучаснікі паважалі нароўні з Паганіні. Ліпіньскі наведаў Вільню падчас працяглага канцэртнага турнэ (1818—1824) па гарадах Еўропы. Яго майстэрства ўразіла Ваньковіча і свае пачуцці ён адлюстраваў у бліскучым партрэце музыкі.

* * *

Падчас следства па справе філарэтаў і філаматаў імя Ваньковіча не згадвалася. У той час, калі вырашаўся лёс яго сяброў, універсітэт разглядаў пытанне пра адпраўку Ваньковіча, як аднаго з самых адораных вучняў, у Імператарскую акадэмію мастацтваў у Пецярбург «для далейшага ўдасканалення ў жывапісе і малюнку».

Ян Рустэм, які вельмі высока шанаваў талент Ваньковіча, прапанаваў адправіць яго тэрмінам на 4 гады за кошт універсітэта. Рада ўніверсітэта скараціла гэты тэрмін да двух гадоў, паставіўшы ўмову «адслужыць у ведамстве ўніверсітэта шэсць гадоў». Апякун Віленскай навучальнай акругі князь Адам Чартарыйскі дадаў да гэтых умоў выкананне копій для мастацкай галерэі ўніверсітэта.

25 студзеня 1824 года была распачата справа «Пра адпраўленне студэнта Віленскага ўніверсітэта Валенція Ваньковіча ў Пецярбург для набыцця дасканаласці ў маляўнічым мастацтве». Пытанне вырашалася амаль год у ліставанні паміж Віленскім універсітэтам і Акадэміяй мастацтваў.

У сакавіку ад яго запатрабавалі падпіску, што за прадстаўленую стыпендыю ён кожны год будзе дасылаць для ўніверсітэцкай галерэі копіі «знакамітых карцін», а затым адслужыць шэсць гадоў там, «дзе яго прызначыць універсітэт».

Але толькі 12 лістапада Мікалай Навасільцаў (1761—1836), які падчас кампаніі барацьбы са студэнцкімі суполкамі змяніў Адама Чартарыйскага на пасадзе апекуна Віленскай навучальнай акругі, падпісаў дазвол на выезд.

17 лістапада 1824 года Ваньковіч падаў заяву, каб яму выдалі 200 рублёў на дарогу. Універсітэт выдаў 195 рублёў і 12 капеек «на аплату трох канёў да С.-Пецярбурга».

У снежні 1824 года ўніверсітэт атрымаў ад Акадэміі мастацтваў спіс ўмоў, на якіх Ваньковіч будзе дапушчаны да заняткаў: усе неабходныя для працы матэрыялы трэба набываць за ўласны кошт; кватэру, як і ўтрыманне, акадэмія не падае, «бо на ўсё гэта ён павінен атрымліваць сумы з універсітэта».

Каляды Валеніцій правёў з роднымі ў Менску. А 12 студзеня 1825 года кіраванне Віленскага ўніверсітэта прасіла менскага грамадзянскага губернатара Гечан-Гечэвіча «забяспечыць змешчанага ў Менску В. Ваньковіча падарожнай па казённай патрэбе для збірання двух паштовых канёў пад праезд у Санкт-Пецярбург».

Акадэмія мастацтваў (1825—1828)

Ваньковіч прыехаў у Пецярбург з рэкамендацыяй прафесара Готфрыда Гродэка да прэзідэнта Акадэміі мастацтваў Аляксея Аленіна (1763—1843). Ліст захаваўся. На яго першай старонцы пазначана: «Спадар Ваньковіч прыпыніўся ў спадара Орды на Галернай. Дом камерцыйнага таварыства» (сваяцтва з Ордамі мела маці Валенція). Дата запісу — 3 лютага 1825 года.

У Віленскім універсітэце існавала традыцыя навучаць студэнтаў, якія ад’язжалі для далейшага навучання, па істоце будучых курсаў, рэкамендаваць ім карысную літаратуру, называць людзей, з якімі трэба пазнаёміцца.

У сваёй інструкцыі Ян Рустэм рэкамендаваў Ваньковічу вучыцца ў прафесара Аляксея Ягорава (1776—1851), які «сваімі дарадамі павядзе яго па цяжкай дарозе». Эцюды з антыкаў ён павінен зрабіць сваім галоўным заняткам, асабліва зважаючы на «вышэйшую дакладнасць контураў». Атрымаўшы дазвол маляваць з натуры, яму вынікала працягваць вывучаць антычныя скульптуры, а ў вольны час практыкавацца ў накідах кампазіцый і капіраваць карціны, першым чынам венецыянскай школы, зважаючы на пытанні каларыту. Нароўні з гэтым, Рустэм прапанаваў некаторы час рабіць мадэлі з гліны. Вольны час Рустэм рэкамендаваў прысвяціць чытанню кніг, асабліва па гісторыі.

У акадэміі, акрамя А. Ягорава, Ваньковіч займаўся таксама ў Васіля Шабуева (1777—1855) і Андрэя Іванова (1775—1848). Тады яшчэ не было прафесарскіх класаў, усе тры педагогі дзяжурылі па чарзе, толькі ў класе гістарычнага жывапісу за кожным з іх былі замацаваны асобныя вучні.

Ужо 28 лютага таго ж года прозвішча Ваньковіча згадана ў «Экзаменацыйным спісе» вучняў акадэміі, якія ўдзельнічалі ў месячным іспыце па малюнку з натуры. У спісах удзельнікаў у 4-месячным іспыце 2 траўня 1825 году супраць прозвішча Ваньковіча маецца адзнака пра атрыманне ім малога срэбнага медаля за малюнак з натуры з дзвюх постацяў. Праз паўтара гады, 2 кастрычніка 1826 года яго ўдзел у 4-месячным іспыце адзначаны вялікім срэбным медалём ізноў за малюнак з натуры з дзвюх постацяў.

Гэта сведчыць пра тое, што ўзровень яго прац увесь час быў высокім, бо яшчэ ў 1818 годзе акадэмія зацвердзіла статут, паводле якога:

…нужно медали назначать токмо тем, коих не одни рисунки с академических групп или фигур, но и эскизы и другие представленные работы будут признаны лучшими.

На пачатку 1826 года Ваньковіч з’ездзіў на радзіму, каб узяць шлюб з 18-гадовай Анэляй Растоцкай. У сувязі з жаніцьбай у лісце з Віленскага ўніверсітэта ад 7 лютага 1826 года яго папракнулі ў тым, што ён, «знаходзячыся на казённым утрыманні, не павінен быў без згоды начальства адлучвацца з Пецярбурга для ўступа ў шлюбны звяз».

Паступова падышоў канец двухгадоваму тэрміну знаходжання Ваньковіча ў Акадэміі майстэрстваў. Але ў сваім рапарце ўніверсітэту ад 18 студзеня 1827 года ён напісаў, што ў працах алеям яму «яшчэ не хапае таго стылю, які неабходны мастаку гістарычнаму», і папрасіў падоўжыць тэрмін знаходжання ў акадэміі на два гады. Дазвол пра падаўжэнне прыйшоў у чэрвені. А ў верасні, удзельнічаючы ў конкурсе карцін на гістарычную тэму, за палатно «Подзвіг маладога кіяўляніна падчас аблогі Кіева печанегамі ў 988 годзе» (карціна не захавалася) Ваньковіч атрымаў малы залаты медаль і права на пенсіянерства (стажыроўку) за мяжой за кошт Віленскага ўніверсітэта.

Трэба адзначыць, што ў Пецярбургу Ваньковіч апынуўся ў бліскучым інтэлектуальным і творчым асяроддзі. Усе мастакі, пісьменнікі, лекары, юрысты, якія прыязджалі сюды з Беларусі, Літвы і Польшчы, абавязкова наведвалі два дамы, дзе іх ветла сустракалі і дзе яны гутарылі паміж сабой — мастакоў Іосіфа Аляшкевіча і Аляксандра Арлоўскага.

Аляксандр Арлоўскі (1777—1832) прыехаў у Пецярбург у 1802 годзе па запрашэнні вялікага князя Канстанціна Паўлавіча ў якасці прыдворнага мастака. Па ўспамінах сучаснікаў ён быў дзейным і вясёлым чалавекам. Пушкін вельмі шанаваў яго майстэрства («калматыя коні, знаёмыя вам па выдатных малюнках Арлоўскага», 1829 г.).

Іосіф Аляшкевіч (1777—1830) з Віленшчыны пасяліўся ў Пецярбургу ў 1810 годзе, атрымаў званне акадэміка гістарычнага жывапісу. Ён маляваў партрэты тутэйшых вяльможаў і карыстаўся ўсеагульнай павагай. Адам Міцкевіч згадаў яго ў паэме «Дзяды».

Гэтыя двое выхадцаў з былога Вялікага Княства Літоўскага збіралі вакол сябе і тых, хто быў змушаны пакінуць радзіму, і тых, хто прыехаў вучыцца ў Акадэмію мастацтваў, знаёмілі іх з рускімі пісьменнікамі, мастакамі, музыкамі. Васіль Жукоўскі (1783—1852), Пётра Вяземскі (1792—1878), Аляксандр Пушкін (1799—1837), іншыя вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтвы часта наведвалі Арлоўскага і Аляшкевіча.

У жніўні 1826 года ў Пецярбургу з’явіўся гісторык Мікалай Маліноўскі (1799—1865), добра знаёмы Ваньковічу па Віленскім універсітэце. Праз год прыехаў Станіслаў Мараўскі (1802—1853) — малады лекар і пісьменнік. Дзякуючы яго ўспамінам мы ведаем некаторыя падрабязнасці жыцця Ваньковіча ў Пецярбургу.

6 снежня 1827 года ў Пецярбург з Масквы прыехалі Ф. Малеўскі і А. Міцкевіч. Тады ў Ваньковіча і паўстала ідэя стварэння партрэтаў двух знакамітых паэтаў. Пазней С. Мараўскі запісаў у сваім дзённіку:

У майстэрні стаялі два партрэты аднаго памеру — А. Міцкевіча на гары Аю-Даг і мужчыны ў плашчы альмавіва на клецістай падшэўцы, які ў роздуме стаіць пад дрэвам.

Мараўскаму патлумачылі, што гэта «паэт Пушкін, падобны як дзве кроплі вады».

Вялікі партрэт Пушкіна доўгі час знаходзіўся ў маёнтку Вялікая Сляпянка. Ён знік у 1863 годзе, калі маёнтак быў канфіскаваны за ўдзел у паўстанні сына Валенція — Яна Эдварда. Партрэт знік, але маленькі папяровы лісток — накід да гэтага партрэта — цудам ацалеў!

Партрэт А. Міцкевіча, як пісаў С. Мараўскі, «стаў гэтак жа папулярны, як і сам паэт». Ён экспанаваўся на выставе ў Акадэміі мастацтваў, быў высока ацэнены публікай і прэсай, разышоўся ў мностве літаграфій і зрабіўся хрэстаматыйным. Некаторыя мастацтвазнаўцы нават лічаць, што ён — самы лепшы сярод усіх партрэтаў Ваньковіча. Безумоўна, гэта перабольшванне.

Самому Міцкевічу партрэт таксама спадабаўся, ён замовіў аўтару паўтор, а капіісту — тры копіі. Адна з гэтых копій нейкі час была на тэрыторыі Беларусі, потым знікла. Ёсць думка, што той партрэт Міцкевіча, які захоўваецца цяпер у музеі ў Варшаве, паходзіць з Беларусі.

Дзякуючы партрэтам двух знакамітых паэтаў Ваньковіч стаў вядомы ў Пецярбургу, да яго пачалі звяртацца с замовамі на партрэты.

Шмат аматараў звярталася да яго з просьбай зрабіць партрэт. Ваньковіч быў заможным, акрамя таго, меў добрую падтрымку ад універсітэта… Ён шукаў натуру, рады быў з яе маляваць і партрэты ад яго атрымлівалі амаль задарма» (В. Смакоўскі).

Акрамя партрэтаў па замовах, Валенцій маляваў і тых, хто цікавіў яго самога. Напрыклад, у 1828 годзе ён зрабіў партрэт знакамітай у Еўропе піяністкі і кампазітара Марыі Шыманоўскай (1789—1831). Яна прыехала з дочкамі Аленай і Цалінай у Пецярбург 1 сакавіка 1828 года па запрашэнні імператара Мікалая I. Дом Шыманоўскай хутка зрабіўся яшчэ адным месцам у Пецярбургу, дзе збіраліся выхадцы з Беларусі, Літвы і Польшчы.

Апроч партрэта Ваньковіч аформіў тытульны ліст выдадзеных у Пецярбургу нот музыкі Шыманоўскай на «Тры песні» з паэмы Міцкевіча «Конрад Валенрод».

У лютым 1828 года ў Пецярбург прыехала жонка мастака Анэля. Усталяваліся сяброўскія адносіны паміж сям’ёй Шыманоўскай і Ваньковічамі. Яны жылі па суседстве на дачах у Парголаве. Алена Шыманоўская 2 верасня 1828 года запісала ў дзённіку:

У Парголаве ў Ваньковічаў. Увечар усе прыйшлі да нас, і мы спявалі імправізацыі Міцкевіча.

Ваньковічы прымалі знаёмых і ў сваёй пецярбургскай кватэры. Гэта былі галоўным чынам выхадцы з беларуска-літоўскіх земляў.

Алена Шыманоўская занатавала ў дзённіку:

Перад палуднем прыйшлі да нас пан Малеўскі, князь Вяземскі і пан Пушкін. Пушкін прынёс альбом, у якім зрабіў запіс. Разам з гэтымі панамі мы паехалі на Васільеўскі востраў, дзе жыве мастак Ваньковіч. Там мы глядзелі партрэты Міцкевіча і Пушкіна, што прызначаліся для выставы ў Варшаве. Абодва вельмі падобныя. Адтуль мы паехалі да мастака Арлоўскага.

Дарэчы, ў студзені 1832 года адбылася вяселле Францішка Малеўскага з Аленай Шыманоўскай. А праз колькі часу шлюб з яе сястрой Цалінай узяў Адам Міцкевіч. Такім чынам былыя філаматы сталі швагерамі.

Сляпянка і Менск (1829—1839)

Партрэт жонкі мастака з дзецьмі. 1834

З восені 1811 года і да пачатку 1829, на працягу 18 гадоў, Валенцій наведваў родныя месцы толькі падчас вакацый.

Як ужо сказана, у 1827 годзе ён быў ганараваны малым залатым медалём за гістарычную кампазіцыю «Подзвіг маладога кіяўляніна», атрымаўшы права на замежную паездку. Хоць В. Смакоўскі напісаў, што Ваньковічу, разам з Маркавым і Нотбекам, тагачасны міністр народнай асветы адмірал Аляксандр Шышкоў (1754—1841) пад гукі труб уручыў медалі, гэтага на самай справе не было — Віленскі ўніверсітэт не пералічыў грошы за медаль — там заўсёды эканомілі на мастацкіх класах.

Не знайшлося грошай і на стажыроўку Ваньковіча ў Італіі. Таму ён вярнуўся дахаты, у маёнтак Малая Сляпянка пад Менскам, які падарыў яму бацька. Туды Валеніцій прыехаў не пазней чэрвеня 1829 года — дата ўсталявана на падставе ліста Ваньковіча з Менска ў акадэмію з просьбай даслаць сведчанне пра прысуджэнне яму залатога медаля.

Па невядомых нам чынніках яму не прыйшлося выконваць сваё пісьмовае абяцанне адпрацаваць 6 гадоў у Віленскім універсітэце.

У Сляпянцы Валенцій уладкаваў майстэрню. (На жаль, ні дом, ні майстэрня не захаваліся). Адтуль ён часта прыязджаў у Менск, дзе жыў у доме свайго стрыечнага брата Эдварда Ваньковіча па Валоской вуліцы (цяпер гэта дом-музей Ваньковічаў, вуліца Інтэрнацыянальная, № 33а). Туды часта прыходзілі яго новыя сябры — мастак Міхал Кулеша (1800—1863), літаратар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884) і іншыя. Усе яны былі тады маладыя, поўныя энергіі і творчых задум.

У Менску Ваньковіч падтрымліваў сувязь з былым віленскім мастаком Янам Дамелем. Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, яго шмат што аб’ядноўвала з ім. Напрыклад, абодвюх вельмі цікавіла асоба імператара Напалеона Банапарта. Але, у адрозненне ад Дамеля, Ваньковіч не залежаў ад замоў, бо валодаў маёнткам і лесам, што давала яму сталы даход і забяспечыла свабоду творчасці. Як вынік, Ваньковіч стварыў вялікую карціну «Напалеон ля вогнішча» (1834).

Валенцій пасябраваў з Чэславам Манюшкам, мастаком-аматарам і сваім сваяком. У мінскім доме Манюшкаў, непадалёк ад дома Эдварда Ваньковіча, Валенцій разам з гаспадаром усталяваў сумесную майстэрню, дзе яны шмат працавалі. А побач з домам была гімназія, дзе вучыўся Стась, сын Чэслава, будучы вялікі кампазітар.

Чэслаў Манюшка ўспамінаў:

Выдатныя карціны сталі ўпрыгожваць нашу лабараторыю. Узаемна падахвочваючы сябе, мы праводзілі час прыемна і карысна. Да гэтага дадаваліся музычныя вечары, якія былі недарагімі, але даволі вядомымі ў Менску. Картам там не было месца, а гульню ў шахматы выцеснілі іншыя забаўкі ці кнігі, з пачаўшай пашырацца (…) бібліятэкі.

А. Валіцкі, біёграф Станіслава Манюшкі, пісаў:

Чэслаў Манюшка горача любіў малюнак і з задавальненнем ім займаўся, хоць далёка ў гэтай справе не сышоў. Аднак сяброўства з мастакамі і сталыя зносіны з імі выпрацавалі ў яго добры густ і дакладнасць меркаванняў пра мастацтва. Цесныя адносіны злучалі яго з Валенціем Ваньковічам і Янам Дамелем.

Міхаліна Манюшка, адна з сясцёр Чэслава, узяла шлюб з Эдвардам Ваньковічам, стрыечным братам Валенція.

З братамі і сёстрамі Манюшкамі сямейства Ваньковічаў было знаёма даўно, таму што маёнтак Ваньковічаў Калюжыцы на беразе ракі Уша знаходзіўся недалёка ад Смілавіч і Шыпян, што належалі шматлікаму клану Манюшкаў. Дзякуючы асветніцкай і гаспадарчай дзейнасці братоў Чэслава — Казіміра, Аляксандра і Дамініка — Смілавічы зрабіліся своеасаблівым культурным цэнтрам краю.

Казімір займаўся садоўніцтвам і агародніцтвам, разводзіў рэдкія расліны, сабраў у сваім маёнтку вялікую бібліятэку рэдкіх кніг і рукапісаў.

Малодшы брат Аляксандр добра ўпарадкаваў дом у Смілавічах, дзе ён сабраў калекцыю твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і жывапісу, карціны еўрапейскіх мастакоў, а таксама палотны Валенція Ваньковіча.

Дамінік Манюшка (1788—1848) пабудаваў у сваім маёнтку дзве школы (для хлопчыкаў і дзяўчынак), бібліятэку і аптэку, частку зямлі аддаў сялянам. Суседзі лічылі яго дзіваком. Але сам Дамінік лічыў, што робіць правільна: «цяпер мае ўчынкі ніхто не можа ацаніць, бо яшчэ не надышоў час». Яго пахавалі на менскіх каталіцкіх могілках, у раёне Залатой горкі, побач з касцёлам Св. Тройцы. На магільным камені быў надпіс: «Ад адданых сялян».

Адмова Віленскага ўніверсітэта ў фінансаванні паездкі за мяжу засмуціла Валенція, але не перашкодзіла яго творчасці. Дзесяцігоддзе жыцця на Радзіме адзначана стварэннем шэрага вядомых твораў, у тым ліку «Напалеон ля вогнішча» і «Напалеон на выспе Святой Алены». Аднак галоўнае месца ў працы Ваньковіча займалі партрэты родных і блізкіх яму людзей.

У Мінску ен намаляваў жонку Анэлю з дзецьмі, сястру Станіславу і яе мужа — Гілярыя Гарноўскага, свайго бацьку, брата Караля, мясцовых шляхцічаў.

Вельмі жывым і непасрэдным атрымаўся партрэт дзядзькі мастака — Антона Гарэцкага, знакамітага паэта, чые вершы і байкі дэкламавалі ва ўсіх гасцёўнях Вільні і Мінска.

Вынікам паездак з Мінска ў Вільню таксама з’явіўся шэраг партрэтаў, якія раскрываюць кола зносін мастака, яго інтарэсы і сімпатыі. Адным з першых Ваньковіч стварыў «Партрэт Андрэя Тавяньскага» (1830 г.) — філосафа-містыка, арганізатара рэлігійна-містычнай секты, які захапляўся ідэямі панславізму і… асобай Напалеона!

У 1838 годзе Ваньковіч выканаў новы партрэт знакамітага кампазітара і скрыпача-віртуоза К. Ліпіньскага, які вясной дадзенага года даваў канцэрты ў Вільні і ў Мінску. Як згадана вышэй, упершыню гэты таленавіты чалавек прыцягнуў увагу мастака на 16 гадоў раней.

Ваньковіч часцяком наведваў музычныя вечарыны, што ладзіў па аўторках былы віленскі адвакат Пясецкі. Яго дабра ведаў мастак. Казімір Пясецкі вучыўся ў Віленскім універсітэце, з’яўляўся чальцом студэнцкай суполкі філаматаў. У 1823 годзе ен быў арыштаваны, пазней праз доўгі час знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У 1836 годзе, калі пісаўся партрэт, Пясецкі быў чалавекам добра вядомым і паважаным у Менску.

Пеўчыя Віленскай кафедры

У 1831 годзе быў выкананы мініяцюрны партрэт генерал-губернатара Сяргея Строганава (1794—1882). Мабыць, Ваньковіча зацікавіла асоба асветнага рускага службоўца, які з паразуменнем ставіўся ды праблем мясцовага насельніцтва, меў рэпутацыю мецэната мастацтва. Партрэтаў іншых афіцыйных асоб Ваньковіч ніколі не рабіў.

Апошнія гады жыцця (1839—1842)

3 ліпеня 1839 года В. Ваньковіч склаў «адпісальнае распараджэнне» ў карысць сваёй жонкі Анэлі і ў канцы ліпеня ад’ехаў за мяжу.

Дакладныя чыннікі гэтай паездкі застаюцца невядомымі. Хутчэй за ўсё, адзін з іх — стан дэпрэсіі, іншы — жаданне ўбачыць уласнымі вачамі шэдэўры еўрапейскага мастацтва.

Ва ўсякім разе, маршрут Ваньковіча і яго заняткі пераканаўча сведчаць, што ён ехаў у Заходнюю Еўропу перш за ўсё як мастак.

Спачатку ён накіраваўся ў Берлін — сталіцу Прусіі. Там Ваньковіч шмат працаваў: «маляваў алеем у музеях і ў прафесараў», а ў верасні 1839 года прыняў удзел у выставе з двума партрэтамі графоў Чапскіх.

Знаходзячыся ў Берліне, мастак амаль кожны дзень бываў у доме старога знаёмага Яна Рымаркевіча. Гэта знаёмства завязалася яшчэ ў 1831 годзе. Маці Валенція (Схаластыка) і сястра (Станіслава) часта прыязджалі тады ў Менск, каб «суцяшаць і падкормліваць няшчасных палонных», удзельнікаў паўстання, што знаходзіліся ў менскай турме. Сярод арыштаваных быў і Ян Рымаркевіч.

Нейкі М. Моцці (М. Motty) сустракаўся з Ваньковічам у доме Рымаркевіча. Ён успамінаў:

Ваньковіч не быў падобны на мастака, які мае шумны поспех; насупраць, яго знешнасць была няброскай і аблічча сціплым, на першы погляд у ім можна было ўбачыць спакойнага і лагоднага чалавека, якім ён апынуўся таксама і ў гутарцы.

Менавіта ў Берліне ў Ваньковіча выявіліся першыя прыкметы хваробы: ён стаў жаліцца на боль у грудзях.

З Берліна мастак адправіўся ў Дрэздэн, сталіцу Саксоніі, з яго знакамітым Цвінгерам і іншымі выдатнымі палацамі, дзе стараннямі саксонскіх кіраўнікоў і вяльможаў было сабрана вялікае мноства твораў усіх выяўленчых мастацтваў*. У Дрэздэне ён прабыў год, з зачараваннем капіруючы карціны Рафаэля, Тыцыяна і Цінтарэта (увесну 1841 года Ваньковіч яшчэ знаходзіўся ў Дрэздэне). З Дрэздэна яго шлях ляжаў у Мюнхен. У Мюнхене ён таксама ўдзельнічаў у выставе.

* 13, 14 і 15 лютага 1945 г. англа-амерыканская авіяцыя падвергла некалькім «дывановым» бамбаванням гэты выдатны горад, у якім не было ніякіх ваенных аб’ектаў, затое знаходзіліся дзя­сяткі тысяч уцекачоў з розных гарадоў усходняй часткі краіны. У выніку горад і ўсе яго палацы былі сцёртыя з твару зямлі: больш за 12 тысяч дамоў, звыш 50 палацаў, храмаў, старадаўніх камяніц. Загінула каля 135 тысяч грама­дзянскіх асоб, больш паловы якіх складалі жанчыны і дзеці. Гэта бамбаванне большасць сучасных даследнікаў і дзеячаў культуры лічаць ваенным злачынствам, аўтары якога засталіся непакаранымі. Улетку таго ж года савецкія чэ­кісты вывезлі ў Маскву ўсе карціны знакамітай Дрэздэнскай галерэі, якія яны адшукалі ў падземных сховішчах. Праўда, у 1955 г. іх вярнулі ўладам ГДР.

У першых ліках верасня 1841 года Ваньковіч наведаў Страсбург, а 15 верасня прыехаў у Парыж. Ён спыніўся ў свайго дзядзькі Антона Гарэцкага. Але пасля сваркі з ім з-за рэзка негатыўнай адзнакі дзядзькам асобы А. Тавяньскага пераехаў да старога сябра — Адама Міцкевіча, у яго дом на вуліцы Амстэрдамскай.

Напружаная праца ў Берліне, Дрэздэне і Мюнхене знясіліла хворага мастака і фізічна, і душэўна. Нягледзячы на гэта, у Парыжы ён стварыў цыкл карцін, працятых містычнымі настроямі ў духу вучэння А. Тавяньскага. Гэта «Апафеоз Напалеона» (1841), «Напалеон над разарванай картай Еўропы» (1841), «Міцкевіч, які імправізуе» (1841), «Esse homo» (1842), абразы «Матка Божая Вострабрамская», «Евангеліст Іаан», «Святая Клара».

Выява Напалеона займала важнае месца ў ідэалогіі польскага рамантызму і месіянізму. З іх пункту гледжання ён увасабляў і провід, і заклік да актыўнага дзеяння, і неспасціжную таямніцу гісторыі. Адам Міцкевіч пісаў:

Зямное жыццё Напалеона скончылася. Як правадыр палітычнай партыі, як частка дынастыі Напалеон ужо не існуе. Аднак, хто адважыцца адмаўляць існаванне і дзеянне яго духу, якое працягваецца?… Прызначэнне натхнёных мастакоў — узнесціся ў вобласць, дзе знаходзіцца гэты вялікі дух, выклікаць яго і зрабіць бачным для нас.

Таму Ваньковіч у карцінах «Апафеоз Напалеона» і «Напалеон над разарванай картай Еўропы» імкнуўся візуальна «ўваскрэсіць яго дух». Першая карціна ўяўляе Напалеона, азоранага нябесным святлом. Узняўшы рукі да неба, з паднятымі туды ж вачамі, ён стаіць сярод аблокаў у лаўровым вянку, маршальскім фраку, абцягваючых ласінах і высокіх кірасірскіх ботах. Аналагічным чынам ён адзеты і на другой карціне, аднак там з яго галавы спускаецца покрыва, падобнае на вясельны вэлюм, што выклікала насмешкі крытыкаў. Аднак А. Міцкевіч высока цаніў гэту карціну і спрабаваў дамагчыся ад французскага Камітэта па збудаванні помніка імператару, каб манумент быў зроблены па ўзоры карціны Ваньковіча.

На пачатку весны 1842 года Ваньковіч стварыў свой апошні аўтапартрэт. Яго самаадчуванне рэзка пагоршылася і 12 траўня ён памёр на руках у Адама Міцкевіча. Дакладны чыннік смерці не ўсталяваны (раней пісалі — «сухоты», што не адпавядае фактам), хутчэй за ўсё — сардэчная недастатковасць, абцяжараная агульным дэпрэсіўным станам.

Так завяршылася жыццё выдатнага жывапісца — удалечыні ад Айчыны, удалечыні ад сям’і, удалечыні ад роднага дома.

Сваім апошнім распараджэннем, запісаным Міцкевічам, мастак некалькі сваіх карцін, створаных падчас паездкі, адпісаў сваёй сям’і. Ён казаў пра тэчкі і альбомы, якія «павінны быць захаваны для маіх дзяцей … павінны быць вернутыя сям’і». Некалькі карцін Ваньковіч падарыў Міцкевічу і Тавяньскаму. Астатнія трэба было прадаць на аўкцыёне, каб разлічыцца за пазыкі.

Валенція Ваньковіча пахавалі на могілках Сен-Дэні поруч парыжскага ўзгорка Манмартр.

Зробленая ім па памяці копія віленскага абраза Божай маці Вастрабрамскай з 1841 года знаходзіцца ў парыжскім касцёле Сен-Севярын. Тут заўсёды маліліся эмігранты-ліцвіны. Было шмат гутарак пра стварэнне беларускімі мастакамі копіі з яе, але далей гутарак справа не прасунулася.

Частка 2. Творчасць

Некалькі слоў пра рамантызм

Мастацтвазнаўцы згодны ў меркаванні, што Валенцій Ваньковіч быў мастаком рамантычнага кірунку.

Рамантызм (фр. romantisme) — ідэйна-мастацкі кірунак у еўрапейскай культуры, які ўзнік у канцы XVIII стагоддзя. Ён быў народжаны расчараваннем у Вялікай французскай рэвалюцыі (замест царства розуму наступіла царства тэрору) і сумневам у тым, што грамадства развіваецца ў кірунку маральна-духоўнага прагрэсу (замест свету паміж народамі звыш 20 гадоў па ўсёй Еўропе ішлі жорсткія войны). Увогуле, яго вытокі ляжалі ў пакутліва перажываным разладзе паміж узнёслымі ідэаламі «ўладароў розуму» і суровай рэчаіснасцю.

Рэвалюцыйным прынцыпам утылітарызму («рабіць толькі тое, што служыць дасягненню пастаўленай мэты») і нівеліравання асобы («усе людзі роўныя паміж сабой») рамантызм супрацьпаставіў імкненне да поўнай свабоды самавыяўлення творцы, смагу дасканаласці, асабістую і грамадзянскую незалежнасць. У першую чаргу гэта мела дачыненне да творчых персон — паэтаў, пісьменнікаў, драматургаў, мастакоў, скульптараў, кампазітараў…

Творы рамантыкаў адрозніваюцца выключнасцю выяўленых у іх герояў, паказам моцнага запалу, маляўнічымі характарыстыкамі і апісаннямі, адухаўленнем прыроды (якая супрацьпастаўлена гарадской цывілізацыі), ідэалізацыяй нацыянальнага мінулага.

На практыцы такі падыход да творчасці азначаў перастварэнне рэальнасці ў мастацкім творы паводле ідэалаў аўтара, вельмі часта адарваных ад «суровай праўды жыцця».

Рамантызм у першай палове ХIX стагоддзя шырока распаўсюдзіўся ў мастацтве краін Еўропы. Знакамітымі мастакамі-рамантыкамі былі немцы Каспар-Давыд Фрыдрых (1774—1840) і Адольф Менцэль (1815—1905), ангельцы Джон Канстэбль (1776—1837) і Уільям Тэрнер (1775—1851), французы Эжэн Делакруа (1798—1863), Каміль Каро (1796—1875) і Гюстаў Курбэ (1819—1877).

Як мастацкі стыль рамантызм супрацьстаяў класіцызму, асабліва яго апошняй стадыі — акадэмізму. Вялікі нямецкі паэт Іяган-Вольфганг Гётэ (1749—1832) бачыў у рамантызме пераход «ад манернасці, рутыны, педантызму да прачулага, вальнадумнага мастацтва».

Хтосьці з філосафаў першай паловы ХIX стагоддзя заявіў:

Рамантызм — гэта містычная праява нашага найглыбейшага духу ў выяве, гэта ўварванне сусветнага духу, гэта ачалавечанне боскага. Адным словам, прадчуванне бясконцага ў бачным і ўяўным гэта і ёсць рамантычнае.

Гэтыя словы як нельга лепш падыходзяць да характарыстыкі творчасці Валенція Ваньковіча.

Вільня. Партрэты сяброў

У 1822 годзе, на другой выставе прац студэнтаў факультэта прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта на партрэты пэндзля Ваньковіча звярнуў увагу журналіст Міхал Чарноўскі. Ён прызнаў у яго працах «рэдкае падабенства з натурай», але не прыняў каларыстычнае рашэнне мастака. Яму здалося, што партрэты «не маюць натуральнага каларыту».

Своеасаблівасць каларыстычнага рашэння прац Ваньковіча адзначалі і яго сучаснікі ў Пецярбургу. Справа ў тым, што ўжо на самым пачатку свайго творчага шляху Ваньковіч шукаў уласныя прыёмы жывапісу, адыходзіў ад прынятага ў акадэмічным мастацтве таго часу ўмоўнага каларыту.

Усе віленскія партрэты простыя па кампазіцыі і невялікія па памерах. Твары на іх — спакойныя, але заўсёды адухоўленыя, унутрана напоўненыя, так бы мовіць, інтэлігентнасцю. Гэта Адам Міцкевіч і Тамаш Зан, Францішак Малеўскі і Антон Эдвард Адынец, Юліян Корсак, іншыя сябры або знаёмыя мастака. Гэтыя партрэты цікавыя перш за ўсё як адлюстраванне тэндэнцый ранняга рамантызму, акрамя таго яны маюць іконаграфічную каштоўнасць.

Віленскія партрэты аб’яднаны агульнымі рысамі, якія сведчаць пра фарміраванне ў творчасці Ваньковіча вызначанага тыпу маляванага партрэта, які можна назваць «сяброўскім» і які адпавядаў студэнцкай атмасферы тых гадоў. Яны камерныя, інтымныя, пазбаўлены аксэсуараў, у іх адчуваецца ўнутраная сувязь, што яднала мастака з яго мадэлямі. Акрамя таго, асаблівасцю гэтых партрэтаў з’яўляецца лірызм, стан роздуму і лёгкага смутку, які ахутвае твары намаляваных персанажаў.

У сэнсе кампазіцыі партрэты віленскага перыяду не адрозніваліся разнастайнасцю. Як правіла, гэта пагрудныя выявы з поглядам персанажа, звернутым на гледача. Яны выкананы алеем на палатне ці гуашай на паперы.

Выразны спакойна замкнёны сілуэт вылучаецца на плоскім нейтральным фоне; увага засяроджана на твары, які старанна прапрацаваны. Пастэль, вугаль і аловак ствараюць плыўныя пераходы колеру і святлацені, што набліжае малюнкі да жывапісу. Хутчэй за ўсё, некаторая меланхалічнасць, якая выяўляецца ў спакоі погляду, у лёгкім нахіле галавы, адсутнасці рэзкіх ракурсаў, адлюстроўвала не гэтулькі характары асоб з партрэтаў, колькі настрой самога мастака. У карысць такога меркавання кажа і яго юнацкі аўтапартрэт, вядомы па фатаграфіі.

Менавіта ў Вільні Ваньковіч пачаў маляваць акрамя сяброў тых людзей, якія прысвяцілі сябе творчасці. Гэта тэма стала ў яго скразной. Калі Адама Міцкевіча і студэнтаў ён пакуль што маляваў як сяброў (хоць Міцкевіч ужо быў аўтарам двух тамоў «Паэзіі», што зрабілі яго знакамітым), то скрыпача і кампазітара Караля Ліпіньскага («польскага Паганіні») ён намаляваў зусім інакш. Мастак паказаў ярка асветлены твар у атачэнні капы непаслухмяных валасоў і доўгіх бакенбардаў. Музыка прадстаўлены тут не ў канцэртным фраку, а ў аблямаваным мехам халаце (такая нязмушаная адзежа была характэрнай для рамантыкаў), з артыстычна павязаным гальштукам і аголенай шыяй. Усё гэта надае выяве музыкі інтымны, раскаваны характар.

Партрэты, створаныя Ваньковічам у 1820-я гады — своеасаблівы дакумент эпохі. Рамантычныя тэндэнцыі, уласцівыя мастацтву першай чвэрці XIX стагоддзя, у творчасці Ваньковіча ярка расчыніліся менавіта ў жанры партрэта: у кожным з іх — жывая цікавасць да той асобы, якая партрэтуецца. Сціплае аблічча, спакойныя твары, унутраная стрыманасць і прастата, уласцівыя людзям інтэлігентным і адукаваным — вось тое галоўнае, што захаваў і пакінуў нашчадкам тонкі мастак.

Для далейшай працы над партрэтамі творчых дзеячаў спатрэбіліся досведы Ваньковіча ў пейзажным жанры. На жаль, ад яго пейзажаў захаваўся толькі «Выгляд Вільні» (1821 г.), які аўтар падарыў Адаму Міцкевічу. На гэтым пейзажы мы бачым парк пры заходзе сонца, удалечыні відаць вежы касцёлаў, а ў глыбіні «пышны фон складае гара, званая Шышкіна, па якой звілістай цяснінай праходзіць дарога, дзе-нідзе пакрытая зараснікамі, і бераг Замечка» (словы В. Смакоўскага).

У наступныя гады Ваньковіч удала сінтэзаваў у сваёй творчасці партрэтны і пейзажны жанры.

Пецярбург. Партрэты камерныя і парадныя

У Пецярбургскай акадэміі Ваньковіч навочна ўбачыў розніцу паміж збеглай манерай малюнка Яна Рустэма (якая праз яго настаўніка Нарблена ўзыходзіла да французскага мастацтва XVIII стагоддзя, але не валодала яго віртуознасцю*), і класічным стылем А. Ягорова (які склаўся ў яго ў Італіі пад уплывам Джавані Камучыні і Антонія Кановы).

* Жан-П’ер Нарблен (1740—1830) — французскі жывапі­сец, графік і гравёр. Князь Адам Чартарыйскі ў 1772 г. запрасіў яго ў Варшаву — вучыць сваіх дзяцей. Пазней у Нарблена, які пачаў працаваць для караля Станіслава Панятоўскага, было шмат іншых вучняў, у тым ліку Ян Рустэм і Аляксандр Арлоўскі. Ён вярнуўся ў Францыю ў 1804.

Для А. Ягорова, А. Іванова і В. Шабуева галоўным быў малюнак. У жывапісе, па іх меркаванні, «дакладная выява натуры можа быць дасягнута толькі праз перадачу формы пасродкам святлаценявых адносін, як гэта адбываецца ў малюнку».

Паводле рапарта Ваньковіча ў Віленскі ўніверсітэт ад 18 студзеня 1827 года, Ягораў, Іванаў і Шабуеў хвалілі яго «за дакладную перадачу натуры, эфектаў сlair-оbscur /святлаценю/ і адважнай рыскі». Аднак вось што ён паведаміў Яну Рустэму:

…майму малюнку бракавала сілы і чысціні, а тым самым бракавала яму стылю, які так неабходзен для гістарычнага мастака, каларыт мой таксама хвалілі; такім чынам, валодаючы добрымі якасцямі жывапісца, я не дасягаў таго ж узроўню як рысавальшчык. Каб яго дамагчыся, я вырашыў прытрымлівацца некалькі іншага метаду рысавання. Знаходзячыся ў Пецярбургу, я павінен скарыстацца /добрымі якасцямі/ мясцовай школы, якая ў гэтай вобласці мастацтва знаходзіцца вельмі высока, і /гэтыя добрыя якасці/, як галінку, адарваную /ад ствала/ квітнеючых тут прыгожых мастацтваў, я імкнуся перасадзіць на ўласны грунт.

Акадэмічныя малюнкі Ваньковіча, шматліка прадстаўленыя ў музеях, навочна паказваюць эвалюцыю яго майстэрства як рысавальшчыка.

* * *

Станіслаў Мараўскі па прыездзе ў Пецярбург у 1827 годзе наведаў майстэрню Ваньковіча і сярод яго прац убачыў партрэт Станіслава Хаміньскага (1804—1886), з якім быў знаёмы падчас вучобы ў Віленскім універсітэце. С. Хаміньскі, скончыўшы ў 1824 годзе ўніверсітэт, з’ехаў у Пецярбург і паступіў у лейб-гвардыі Паўлаўскі полк. У мундзіры капітана гэтага палка і намаляваў яго Ваньковіч. Партрэт напісаны паміж 1825 годам (час прыезду Ваньковіча ў Пецярбург) і 1827, калі Мараўскі ўбачыў у майстэрні скончаны партрэт:

…тады, разглядаючы розныя партрэты ў майстэрні В. Ваньковіча, пазнаў у адным з іх Станіслава Хаміньскага, майго прыяцеля.

А ў 1828 годзе С. Хаміньскі ўжо ўдзельнічаў ў штурме Варны на тэрыторыі Балгарыі.

Чэслаў Манюшка меў у сваёй калекцыі невялікае палатно, створанае Ваньковічам у Санкт-Пецярбургу ў 1827 годзе, на якім у інтэр’еры майстэрні мастак змясціў сябе, жонку з дзіцем, нейкага мужчыну і невядомую дзяўчынку.

Гэта палатно Э. Раставецкі назваў «Майстэрня мастака». С. Дангель, які бачыў карціну ў С. Ружнецкай, так апісаў яе:

У пакоі з правага боку карціны сядзіць мастак перад мальбертам і малюе. Побач з ім, абапёршыся пра мальберт, мужчынская постаць /Раставецкі меркаваў, што гэта бацька мастака/. З левага боку на першым плане сядзіць жанчына з дзіцем на руках. Побач з ёй іншае дзіця. Яны пазіруюць для карціны Святога Сямейства. З правага боку на першым плане стаіць дзяўчынка. У глыбіні злева зверху паказаны два асветленых анёлачка з эмблемамі жывапісу. У каларыце шмат блакітнага і карычнева-чырвонага колеру. Карціна трактавана вельмі эскізна».

Мабыць, Ваньковіч не быў здаволены гэтай сваёй працай і таму не давёў да канца, а ўзяўся за іншы варыянт.

Калі партрэт С. Хаміньскага і карціна «У майстэрні мастака», створаныя ў Пецярбургу, па сваім характары як бы працягнулі серыю віленскіх «сяброўскіх партрэтаў», то ў «Аўтапартрэце з сям’ёй» (1827 г.) добра бачны новы падыход. У ім упершыню выявілася захапленне Ваньковіча прыкладам Рафаэля*. Першапачаткова гэтае захапленне магло паўстаць пад уплывам карцін любага яму Шымона Чаховіча, які пераняў ад італьянца «каханне да сіметрычнай кампазіцыі і выразную пабудову груп». Дадатковую ўвагу да Рафаэля прыцягнуў Аляксей Ягораў, які казаў:

Я заўсёды лічыў прафанацыяй намер пераймаць вялікаму майстру; але калі доўга (…) захапляешся тымі шэдэўрамі, дзе яго душа асабліва моцна выявілася, апроч волі пранікаешся тым пачуццём і той жа манерай.

* Рафаэль Санці (1483—1520) — вялікі італьянскі мастак і архітэктар.

Даволі значным у гэтым стасунку мог быць і ўплыў Іосіфа Аляшкевіча, які пісаў мадоннаў у стылі Рафаэля. Наогул цікавасць да творчасці Рафаэля характэрна для шматлікіх жывапісцаў-рамантыкаў, у тым ліку расійскіх.

«Аўтапартрэт з сям’ёй» Ваньковіча, рафаэлеўскі па духу, цалкам пазбаўлены хатняга інтэр’еру і гэтым адрозніваецца ад створаных у 1820—30-я гады рознымі іншымі мастакамі шматлікіх сямейных партрэтаў, якія імкнуліся да стылю бідэрмаер*. Мастацтвазнаўца Міхась Алпатаў (1902—1986) слушна адзначаў:

Калі рамантык малюе сямейны аўтапартрэт, хоць бы сябе з жонкай і дзіцем, ён не можа выстаяць перад спакусай прадставіць гэту групу ў выглядзе святога сямейства».

* Бідэрмаер (ням. «сумленны гаспадар») — стыль у жы­вапісе XIX ст., засяроджаны на выяве утульнай хаты і жыцця сям’і, са стараннай апрацоўкай дэталяў.

На гэтым партрэце Ваньковіч намаляваў сябе ў адзежы з блакітнымі і чырвона-карычневымі палосамі і белым адкладным каўнерам (магчыма, палоскі былі тады ў модзе, бо у падобным халаце намаляваў сябе і Арэст Кіпрэнскі ў «Аўтапартрэце» ў тым жа 1828 г.). Ён размясціўся на другім плане, дзе абапіраецца на балюстраду. Перад ім расчыненая кніга; трохі сумны погляд хоць і накіраваны на гледача, але не бачыць яго і поўны паглыбленай засяроджанасці.

На першым плане намалявана жонка Анэля ў сукенцы ружовага адцення, з сінім драпаваннем ад пояса. Яна трымае на каленах дзіця ў белай кашулі, якое сціскае ў руцэ кветку ружы. Як вядома па ўспамінах сучаснікаў, Анэля мела «дзіўную рафаэлеўскую прыгажосць», таму ідэалізацыя яе класічна акрэсленага профіля не патрабавалася. У гэтых персанажах ёсць штосьці ад бязмоўя «святой гутаркі», як звалі ў эпоху Рэнесансу малюнкі груп святых. Маці і бацька сышлі ў сябе, нібыта прадчуваючы лёс дзіцяці. Яго чакалі цяжкія выпрабаванні. За ўдзел у паўстанні 1863—64 гадоў Адам Ваньковіч быў асуджаны, а яго маёнтак канфіскаваны.

* * *

У 1827 годзе Ваньковіч стварыў знакаміты «Партрэт Адама Міцкевіча на скале Аю-Даг». Ён засведчыў, што ў мастака ўжо цалкам склаўся новы падыход да выяўлення творчай асобы.

А. Міцкевіч на палатне В. Ваньковіча паказаны не толькі пэўным чалавекам, але і рамантычным героем, а галоўнае — персонай, увасабляючай у сабе творчае натхненне. Разам з тым партрэт як бы рэалізаваў рамантычную ідэю сінтэзу мастацтваў, іх унутранага адзінства. Гэту ідэю шукалі ў партрэце і з задавальненнем знаходзілі сучаснікі. Адзін з іх напісаў:

Ваньковіч зрабіў партрэт Адама… дзівосна! Паэт натхніў жывапісца, жывапісец зразумеў і выявіў паэта.

На партрэце ў Міцкевіча на плячах каўказская бурка, на шыі пунсовая хустка па-над белай кашуляй. Лёгка пазнаваемае аблічча знакамітага паэта, прадстаўленага ў рамантычным арэоле, у спалучэнні з прэтэнзіяй на ідэю вечнасці вызначылі велізарны поспех партрэта. У траўні 1828 года ён быў паказаны ў акадэміі, а ў 1829 годзе газета «Паўночная пчала» пісала:

Аматары паэзіі Міцкевіча … вядома з задавальненнем убачаць выдатна падобны партрэт яго на выставе Таварыства заахвочвання мастакоў.

Аўтарам гэтага анонсу быў Тадэвуш Булгарын (1789—1859), які выдаваў газету. Ён шмат чаго зрабіў для рэкламы творчасці сваіх суайчыннікаў, у прыватнасці — мастакоў. «Паўночная пчала» неаднаразова паведамляла пра поспехі Вінцэнта Смакоўскага і Валенція Ваньковіча, а таксама іх віленскіх калегаў.

У Акадэміі мастацтваў «Партрэт Адама Міцкевіча» быў выстаўлены адначасова з партрэтамі герояў вайны 1812 года працы Джорджа Доу. Адзін з наведвальнікаў выставы напісаў:

Даўжэй усяго я затрымаўся перад ужо сто разоў мною бачаным партрэтам Міцкевіча пэндзля любага Валенція Ваньковіча.

Верагодна, ён неаднаразова бываў у яго майстэрні. Застаўся задаволены партрэтам і сам паэт. Ён замовіў з яго тры копіі французскаму мастаку Піліпу Бержэ (1783—1867), вучню Луі Жырадэ, які ў 1810-я гады ў Маскве рабіў партрэты алеем і тушшу, даваў урокі, а ў далейшым шмат гадоў працаваў у Расіі.

Капіраванне ў Эрмітажы палотнаў вялікіх мастакоў Адраджэння навучыла Ваньковіча рабіць парадныя партрэты. Гэта добра відаць у «Партрэце Марыі Шыманоўскай» (1828 г.).

Партрэт «першай піяністкі іх вялікасцяў імператрыц» (паводле афіцыйнага яе тытула) з’яўляецца парадным. Шыманоўская намалявана каля раяля ў прыбранай сукенцы з шалікам, які падобны на ордэнскую стужку, у яе складаная прычоска з дыядэмай (складаныя прычоскі маюцца ва ўсіх дам, намаляваных Ваньковічам). Постаць у светлай адзежы эфектна змешчана на фоне цёмнай заслоны.

На заднім плане ў правым верхнім куце, які нагадвае фоны рэнесансных палотнаў, — адкрыты праём, а ў ім спінай да гледача каля балюстрады паміж калон стаіць маленькая фігурка. Маецца тут і Амур.

Сакавіты каларыт робіць малюнак урачыстым. Але спакойны твар і адведзены ў бок погляд Шыманоўскай не садзейнічаюць кантакту гледача з ёю. Насуперак традыцыі жанру параднага партрэта выява жыве сваім унутраным жыццём. Пры гэтым у партрэце перададзены ледзь прыкметны рух — праз гульню зморшчын сукенкі і лёгкага шаліка, праз накінутае на калены драпаванне, у як бы выпадковым дакрананні рукі да клавіятуры.

Партрэты Міцкевіча і Шыманоўскай гэта ўжо не камерныя выявы сяброў, хоць і на гэты раз мастак маляваў добра знаёмых і духоўна блізкіх яму людзей. Гэта партрэты-карціны, якія павінны паказваць веліч услаўляемых асоб, яны прызначаны не для альбома ці хатняга пакоя, а для шырокай публікі. Няма ў іх інтымнай непасрэднасці віленскага «Партрэта Караля Ліпіньскага».

Менск і Вільня: партрэты чальцоў сям’і і знаёмых

Вярнуўшыся дахаты, Валенцій Ваньковіч «аддаваўся жывапісу і чытанню містыкаў» — тое і іншае было яго заўсёдным заняткам.

Падчас жыцця ў Сляпянцы і ў Менску, як і ў студэнцкія гады ў Вільні, Ваньковіч маляваў галоўным чынам людзей з блізкага асяроддзя. Перш за ўсё гэта пагрудныя, невялікія па памерах партрэты Мельхіёра Ваньковіча, бацькі мастака, і Схаластыкі Ваньковіч, яго маці, а таксама некалькі меншыя партрэты сястры Станіславы і брата Караля.

Гэтыя партрэты, прызначаныя для сям’і, для хатняга інтэр’еру, напэўна мелі вялікае падабенства з прататыпамі, але былі вельмі сціплымі, без якіх-небудзь дэталяў, якія адцягваюць увагу. Валенцій маляваў іх з той мэтай, каб як мага больш дакладна захаваць аблічча блізкіх яму людзей. Сваякі прадстаўлены ва ўпадабаным Ваньковічам ракурсе «тры чвэрці». Старанна выпісаны спакойныя твары. Калі яны і глядзяць у бок гледача, то не прама, а па датычнай.

Зусім інакш зроблены партрэт Александрыны Манюшкі з Жавускіх (1829). Яна намалявана ў каптуры і капоце за раскладаннем пасьянса. Фатаграфічная дакладнасць не замінае тут мастаку глядзець на сваячніцу са спагадай да яе ўзросту і здароўя, страчанага на дзяцей.

Адзежа і ўвесь стыль менскіх партрэтаў сваякоў дазваляюць вызначыць іх як бідэрмаер. Гэты папулярны стыль, пазбаўлены прэтэнзій, азначаў першым за ўсё культ дома і сям’і, але ён добра сумяшчаўся з рамантызмам. Разам яны складалі дзве грані адной эпохі, яе вялікую і малую прастору. «Духу падабаюцца гэтыя сувязі паміж малым і вялікім», — пісаў Фрыдрых Шэлінг (1775—1854). Творчасць Ваньковіча менскага перыяду пацвярджае гэту выснову галоўнага тэарэтыка рамантызму. Напрыклад, паўпрофільны пагрудны «Партрэт бацькі», нягледзячы на сваю мініяцюрнасць, цалкам прадстаўнічы і разам з тым вельмі праніклівы.

Улетку 1830 года Валенцій на некалькі месяцаў з’ехаў з Менска ў Вільню. Там ён стварыў некалькі партрэтаў. Сярод іх партрэт яго дзядзькі Антонія Гарэцкага (1787—1861) — прызнанага байкапісца, прадстаўніка так званай «паэзіі легіёнаў», поўнай лірыкі ў спалучэнні з сарказмам. Паэтычная творчасць А. Гарэцкага заўсёды выклікала незадаволенасць улад. Яго «Думы» і палітычныя байкі былі вельмі папулярныя, а цікавасць да асобы А. Гарэцкага, асабліва ў моладзі, значна павялічылася пасля таго, як віленскі губернатар у 1828 годзе ўзяў з яго падпіску не дакранацца ў вершах і байках палітычных тэм.

Гэты партрэт быў напісаны яшчэ да падзей лістападаўскага паўстання 1830 года, у справах якога Гарэцкі прымаў актыўны ўдзел. У наступным годзе наўрад ці знайшоўся б час для падобнага партрэта. Адам Міцкевіч пісаў у ліпені 1831 года:

…у кожнай вестцы з Літвы чытаю смерць ці пакутніцтва каго-небудзь з маіх даўніх калегаў ці прыяцеляў.

Не дзіўна, бо ў Літве і на Беларусі ішлі актыўныя ваенныя дзеянні. Тым жа летам Гарэцкі ад’ехаў у Парыж.

Парадны па кампазіцыі і разам з тым рамантычны па сваім унутраным ладзе, партрэт пазбаўлены вонкавай патэтыкі. Паэт намаляваны ў зашпіленым на ўсе гузікі сурдуце (па модзе першай паловы XIX стагоддзя), у высокім крухмальным каўняры і «артыстычна» завязаным гальштуку з вольнымі канцамі. Яго спакойны інтэлігентны твар, дзякуючы ледзь прыпаднятым куткам рота, здаецца гатовы асвяціцца скептычнай усмешкай. А. Гарэцкі стаіць, скрыжаваўшы рукі, каля паркавай балюстрады, размешчанай на ўзнёслым месцы, што дазваляе бачыць як сыходзіць удалячынь пейзаж з узгоркамі, ракой і дрэвамі, што маляўніча раскінулі свае кроны.

Кампазіцыя партрэта — відавочна рамантычная. Постаць на фоне пейзажу ў складаным заваротку, спакойная пастава і клапатлівыя выгіны ствалоў дрэў за спінай паэта ствараюць адчуванне ўнутранай трывогі і напругі.

Па ўспамінах сучаснікаў, Антоній Гарэцкі быў вельмі добрым і адданым у сяброўстве, але чалавекам настрою. Ваньковічу атрымалася перадаць яго характар. Знак ордэна Ганаровага Легіёна часоў Імперыі Напалеона, атрыманы А. Гарэцкім падчас кампаніі 1812 года — дэталь, якая ў гэтай кампазіцыі з’яўляецца сімбалічнай. Сімпатыі паэта да Напалеона Банапарта заставаліся нязменнымі праз усё яго жыццё.

У Вільні мастак таксама стварыў парныя пасавыя партрэты Андрэя Тавяньскага і яго жонкі Караліны. Абодва паказаныя ў момант творчых заняткаў: Караліна ў светлым уборы — побач з фісгармоніяй (у той час папулярная прылада для аматарскага музікавання), Андрэй — за сталом над рукапісам, з гусіным пяром у руцэ. Ён прадстаўлены без усякай містычнай афектацыі, яго аблічча стрыманае, нават рэспектабельнае, з акуратнай прычоскай, высокім стаячым каўнерам, які старанна павязаны гальштукам. Цвярозасць характарыстыкі, старанна прапісаныя дэталі як бы зазямляюць выяву. Знакам містычнага азарэння служыць толькі струмень святла, што льецца зверху.

Андрэй Тавяньскі (1794—1878), як і Юльян Корсак, меў сваяцтва з сям’ёй Ваньковічаў: Катарына Ваньковіч, сястра Станіслава, прапрадзеда Валенція, у XVII стагоддзі ўзяла шлюб з войскім віленскім Янам Тавяньскім. Андрэй Тавяньскі вывучаў права ў Віленскім універсітэце, затым быў засядацелем віленскага суда. Яго героем і ў юнацкія, і ў спелыя гады з’яўляўся Напалеон Банапарт, а містычныя настроі прывялі да стварэння рэлігійнай секты, у якой ён узяў на сябе ролю «рэалізатара слова Божага на зямлі».

Адчуваецца, што партрэт напісаны з добрымі пачуццямі. Уважліва і мякка змадэліравана кожная рыса твару, тон жывапісу цёплы, але вочы мастака апроч яго волі фіксуюць халоднасць позірку Тавяньскага. Партрэт Караліны, жонкі Тавяньскага, таксама мякка змадэліраваны і зроблены ў цёплай танальнасці.

Прыкладна ўвосень 1830 года Ваньковіч стварыў партрэт графа Войцэха Пуслоўскага (1762—1833), маршалка дваранства Слонімскага павета, сапраўднага стацкага дарадніка. Для яго мастак абраў самыя характэрныя дэталі — старалітоўскі гарнітур (жупан, каўнер якога зашпілены запанкай з дарагім каменем, кунтуш «з вылетамі», вышываны пояс), які ўпрыгожаны зоркай і стужкай ордэна Св. Ганны 1-й ступені (Пуслоўскі атрымаў яго ў 1813 годзе за пастаўкі харчавання для расейскага войска). У гэтым экзатычным уборы ён з’яўляўся на афіцыйных прыёмах і на балях у шляхоцкіх сядзібах. (Партрэт знаходзіцца ў Літоўскам мастацкім музеі ў Вільні).

Твар графа быў досыць арыгінальным. Ва ўспамінах чалавека, які добра яго ведаў, захаваўся запіс:

З кунтушовага корпуса вырастала лысая галава з ускудлачанымі на скронях валасамі і голым з бакенбардамі тварам.

Гэткім і намаляваў яго Ваньковіч. Але за арыгінальнай знешнасцю бачна выдатнага чалавека, са станістай падцягнутай постаццю, энергічным разумным тварам. Войцэх Пуслоўскі быў вельмі багаты, у яго было 15 ці 16 маёнткаў у шасці розных паветах: Слонімскім, Кобрынскім, Пінскім, Ваўкавыскім, Магілёўскім, Віленскім. Штогод за свой рахунак ён адпраўляў дзяцей беднай шляхты вучыцца ў гімназіях і ўніверсітэтах. У сваім маёнтку ён сабраў калекцыю карцін італьянскіх мастакоў, а з дваровых людзей стварыў аркестр.

Мастак напісаў таксама партрэты жонкі і дзяцей Войцэха Пуслоўскага, але яны не захаваліся.

Вядомы два партрэта сястры Станіславы, якая нарадзілася ў 1806 годзе. Больш ранні выкананы алоўкам, на ім зусім маладая дзяўчына. Другі, мініяцюрны партрэт малодшай сястры, Ваньковіч зрабіў гуашай. Ён мае дакладную дату — 14 снежня 1832 года. Мяркуючы па белай сукенцы, беламу вэлюму на галаве і невялікаму букеціку ў руцэ, сястра намалявана тады, калі выходзіла замуж за віленскага абшарніка Вікенція Ераніма Харноўскага (ці Гарноўскага). Захаваўся таксама партрэт самога Харноўскага: застылая франтальная постаць, нерухомы характэрны твар і архаічная адзежа. Здаецца, што гэты чалавек не вельмі падабаўся мастаку.

Партрэты А. Манюшкі, А. Гарэцкага, В. Пуслоўскага можна аднесці да ліку відавочных поспехаў Ваньковіча-партрэтыста ў 1830-я гады. Партрэты амаль цалкам займалі ўвагу Валенція. Некалькі ён паслаў у 1832 годзе ў Пецярбург.

«Па прадстаўленых пісаных з натуры партрэтах» Рада Імператарскай акадэміі мастацтваў 21 верасня таго ж года прысвоіла яму званне «прызначанага», што давала права выканання праграмы на званне акадэміка.

На жаль, у пастанове Рады не пазначана, за якія пэўныя працы мастак атрымаў гэта званне.

Праз паўгода, 20 сакавіка 1833 года, Ваньковіч звярнуўся ў Раду Акадэміі мастацтваў з прашэннем прызначыць яму праграму для атрымання звання сапраўднага акадэміка, «бо званне прызначанага дае яму новыя сілы і падвоенае жаданне да мастацтва». У сваім «прашэнні» ён пісаў, што, займаючыся партрэтным і гістарычным жывапісам, але больш першым, «жадаў бы абраць для сябе гэты род, як меней высокі, і тым самым больш надзейны».

У траўні таго ж года ён атрымаў станоўчы адказ з Пецярбурга. Рада прапанавала Ваньковічу намаляваць «сямейную сцэну», абраўшы сюжэт па сваім меркаванні. Але на палатне павінна быць не меней дзвюх постацяў «у натуральную велічыню, па калена».

Тэма, прапанаваная акадэміяй Ваньковічу, з’яўлялася традыцыйнай для мастацтва першай паловы XIX стагоддзя. Сямейныя партрэты ў 1820—1830-я гады пісалі шмат якія мастакі. Невядома, ці стварыў Ваньковіч «праграмны» сямейны партрэт, бо нам невядомы дакументы, якія б пацвярджалі прысваенне яму звання сапраўднага чальца Імператарскай акадэміі мастацтваў.

Вядома іншае. У снежні 1834 года ён напісаў партрэт Анэлі з дзецьмі. На партрэце, разам з жонкай, трое сыноў мастака (другі сын Казімір-Адам нарадзіўся ў снежні 1831, трэці Ян-Эдвард — у кастрычніку 1834, ён намаляваны ў правай частцы карціны). Няма звестак пра тое, што гэта сямейная сцэна была задумана адмыслова для акадэміі, што, зрэшты, не выключана.

Партрэты і гістарычныя кампазіцыі, створаныя Ваньковічам за дзесяць гадоў жыцця на радзіме пераканаўча даказваюць, што тады не было роўных яму сярод мастакоў Літвы і Беларусі. Мабыць, ён добра ўсведамляў сваё становішча «першага мастака», гэтак жа як і яго сябры, якія шанавалі ў ім вялікага майстра. Блізкія да Ваньковіча людзі адзначалі: «пакуль быў у Вільні, быў ціхі, сціплы, халодны», цалкам заняты мастацтвам, а зараз яго характар змяніўся — ранейшы мяккі добразычлівы чалавек зрабіўся раздражняльным.

1834 годам мастацтвазнаўцы датуюць карціну «Напалеон каля вогнішча». Аднак у той час напалеонаўская тэма не атрымала развіцця ў творчасці Ваньковіча. Сур’ёзна ён заняўся ёю пад самы канец жыцця, калі жыў і працаваў у Парыжы.

У менскі перыяд можна адзначыць з’яўленне ў Ваньковіча рэмінісцэнцый сармацкіх партрэтаў, што было тады характэрна і для іншых мастакоў Заходняга краю (Беларусі).

Вонкавая прадстаўнічасць, а ў нейкай ступені і ганарыстасць сармацкіх выяў уласцівы «Партрэту графа Плятэра», на якім выява ордэна, што вісіць на стужцы на фоне белай манішкі, прыцягвае не менш увагі, чым твар (партрэт вядомы па фота). Верагодна, гэта Адам Антоні Плятэр (1790—1862), які атрымаў вядомасць як калекцыянер і краязнаўца.

Ваньковіч напісаў таксама партрэт іншага графа Плятэра, апранутага ў чырвоны сурдут і ліловую камізэльку, чалавека хутчэй рамантычнага складу, еўрапейца, відавочна не сармата (і гэты партрэт вядомы нам выключна па фатаграфіі).

Наогул кажучы, такія палотны як партрэты В. Пуслоўскага, І. Харноўскага, графаў Плятэраў, князя А. Радзівіла сведчаць, што традыцыя сармацкага партрэта захоўвалася на Беларусі нават у першай палове XIX стагоддзя. Яе (традыцыю) падтрымлівалі тыя эстэтычныя погляды і ўяўленні, што глыбока ўкаранелі ў асяроддзі дробнай і сярэдняй шляхты, а таксама заможных гараджан.

Нароўні з захаваннем традыцыі на землях былой Рэчы Паспалітай мела месца і свайго роду «сармацкае адраджэнне». Яно было ўжо следствам свядомай арыентацыі на «вялікае мінулае шляхоцкага народа». «Рамантычны сарматызм» назіраўся таксама ў літаратуры.

Да другой паловы 1830-х гадоў трэба аднесці парныя пасавыя партрэты мужа і жаны Пясецких, даўніх сяброў В. Ваньковіча. Яны жылі ў маёнтку Шырвінт Віленскага павета. Казімір Пясецкі, юрыст па адукацыі, былы філарэт, па прысудзе суда 1824 года быў пакінуты ў Вільні пад наглядам паліцыі. Праз некалькі гадоў ён стаў вядомым адвакатам і ўзорным гаспадаром маёнтка. Пабудаваў тут лякарню, школу, касцёл, хаты для сялян.

Сафія Пясецкая з дзвюма дочкамі, у светлай сукенцы, змешчана ў інтэр’еры на фоне насычанага па колеры драпавання. Гэта не замінае бачыць за гучным каляровым рашэннем карціны галоўнае — спакойны, поўны ўнутранай годнасці твар жанчыны. (Абодва партрэты Пясецкіх знаходзяцца ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільні).

Муж змешчаны каля пісьмовага стала; ён толькі што чытаў нейкія дакументы (адзін з іх яшчэ трымае ў руцэ) і адарваў ад іх вочы, каб абгарнуцца да гледача і даць мастаку магчымасць паказаць яго ў заваротку на тры чвэрці. Жонка, у карункавым каптуры і сукенцы з белым каўнерыкам, сядзіць разам з дзвюма дзяўчынкамі. Старэйшая, паказаная ў профіль, накіравана да яе, аднак маці паглыблена ў сябе. Найболей жывым персанажам з’яўляецца малодшая дачка на пярэднім плане, якая па-дзіцячаму адкрыта ўзіраецца на гледача (гэта адзін з рэдкіх у Ваньковіча чыста фасовых малюнкаў).

Гэткія партрэты даюць добрае уяўленне пра кола сямейных і службовых заняткаў мадэляў. Калі прыняць вонкавую абыякавасць Пясецкай за адлюстраванне яе душэўнага стану, а выразны заваротак галавы мужа разглядаць як следства рашучасці характару, то можна сказаць, што скупымі сродкамі мастак пазначыў псіхалагічныя асаблівасці сваіх сяброў. Між тым галоўным прызначэннем падобных партрэтаў з’яўлялася захаванне аблічча продкаў для нашчадкаў. Таму поўнае падабенства малюнкаў з жывымі прататыпамі лічылася вельмі важнай іх асаблівасцю.

Іншыя парныя партрэты згаданага перыяду — гэта Аляксандр і Канстанцыя Сулістроўскія (другі партрэт вядомы толькі па фатаграфіі), Віктара і Марціяны Орды (у ампірнай сукенцы, ружовым шаліку і з пальчаткай у руцэ), вядомыя па апісанні С. Дангеля.

Шырокую вядомасць атрымаў «Партрэт старога» (ён створаны прыкладна ў 1837—38 гг.), які, з лёгкай рукі знакамітага пісьменніка Юзафа Крашэўскага (1812—1887) з Пружаншчаны, атрымаў імя Сапліцы, па аналогіі з адным з герояў паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1834 г.) — вялікай эпапеі «шляхоцкага народа». Крашэўскі пісаў:

Першапачаткова гэта быў, верагодна, нечы партрэт [аб прататыпе існуюць розныя версіі], аднак запатрабаваўся такі мастак, якім быў Ваньковіч, каб уліць у яго гэтулькі выразнасці, каб зрабіць яго тыпам. Лысы, з вусамі, у тарататке [выгляд капота], са складзенымі рукамі, ён сядзіць за сталом і глядзіць на нас [у рэчаіснасці не на гледача, а кудысьці ўбок, як звычайна ў Ваньковіча]. Што за выраз вачэй, якая прастата! Ах! Непараўнальны дзядок: калі б Ваньковіч нічога больш не напісаў, то ўжо быў бы для нас [старалітоўскай шляхты] вялікім мастаком. Гэты дзядок каштуе (…) Сапліцы, можа быць гэта нават сам шаноўны Сапліца.

Вызначэнне лёгка прынялося грамадствам. Карціна ж набыла шырокую вядомасць дзякуючы добрай гравюры берлінскага майстра Г. Людэрыца.

Сапліца пэндзля Ваньковіча ўспрымаецца як абагульнены вобраз усей засцянковай шляхты. Нягледзячы на выпрабаванні лёсу, гэты чалавек захаваў не толькі ўпартае цярпенне, але і глыбіннае пачуццё ўласнай годнасці, і добрае стаўленне да навакольных людзей.

Каля 1838 года Валенцій стварыў партрэт свайго бацькі, Мельхіёра Ваньковіча (партрэт згарэў у 1944 годзе разам з хатай; вядомы па фотакопіі). Мастак прадставіў бацьку на фоне дрэў, ён стаіць, абапёршыся спінаю на высокі камень.

Партрэт, хоць узяты ў рост з нізкай кропкі, цалкам пазбаўлены параднасці. Бацька паказаны ў расшпіленым сера-блакітным сурдуце і цёмных пунсова-карычневых штанах, белай кашулі з высокім стаячым каўнерам і нядбайна расшпіленай камізэльцы — усё гэта не ад рамантычнай паставы, але ад натуральнасці нашэння адзежы ў сітуацыі, вольнай ад умоўнасцяў. У адной руцэ ён трымае стрэльбу, праз плячо перакінута паляўнічая торба, у другой руцэ — капялюш з вялікімі палямі, каб зачыняць старэчую галаву ад сонца. Стомленая, некалькі аселая постаць, спакойны буйны пажылы твар, апраўлены сівымі раскіданымі валасамі і доўгімі бакенбардамі, ўсё гэта рэалістычна ў самым дакладным сэнсе слова.

У творчай спадчыне мастака менскага перыяду ёсць некаторыя партрэты, персоны на якіх не вызначаны дакладна. Напрыклад, «Дама ў зялёнай сукенцы» і «Мужчына ў жоўтай камізэльцы», што захоўваюцца ў віленскім Мастацкім музеі. Але зараз ёсць меркаванне, што мужчына ў камізэльцы, гэта, хутчэй за ўсе, князь Аляксандр Радзвіл (1795—1863) — добры знаёмы і нават сябра Валенція Ваньковіча.

Зусім невыпадкова ў творчым даробку мастака з’явіўся партрэт алоўкам доктара медыцыны Іосіфа Каржанеўскага (1838 г.). Мабыць, ужо тады хвароба сэрца пачала турбаваць мастака. Яму прыходзілася сустракацца з гэтым чалавекам, які меў славу добрага лекара. Тады ж у атачэнне мастака трапіў яшчэ адзін лекар, партрэт якога ён выканаў, — Станіслаў Расалоўскі.

Цікава параўнаць два аўтапартрэты, зробленыя Ваньковічам на радзіме. На першым (каля 1830 г.) ён выглядае маладым і бадзёрым чалавекам, поўным жыцця: энергічная пастава, рашучы позірк. Іншым ён паказаны на аўтапартрэце 1839 года. Тут мы бачым крыху збянтэжанага чалавека з сумнымі вачыма. У яго абліччы нібыта адчуваецца асуджанасць. А можа, нам гэта толькі здаецца, таму што мы ведаем што мастака чакае блізкая смерць?

Гэты другі «Аўтапартрэт» стаў апошняй працай, напісанай мастаком да таго, як ён ад’ехаў з Менску.

Заключэнне

Творчую спадчыну Валенція Ваньковіча лічаць сваёй не толькі беларускія мастацтвазнаўцы, але і польскія, літоўскія, рускія.

 

Музей «Дом Ваньковічаў» у Мінску

Гаворачы пра Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку, Станіслава Манюшку, Уладзіслава Сыракомлю і Валенція Ваньковіча, наш вядомы даследчык Адам Мальдзіс адзначыў:

…мы не маем права навязваць ім, і шмат іншым дзеячам культурнага памежжа ХІХ стагоддзя наш сённяшні менталітэт. Ну не прайшлі яны яшчэ, не маглі прайсці шлях ад «тутэйшасці», «краёвасці», «літоўскасці» да беларускасці як нацыянальнага вызначэння. І мы павінны тут не парушаць прынцыпы гістарызму.

Але ж імя мастака непарыўна звязана з Беларуссю: тут ен з’явіўся на свет, ажаніўся, тут нарадзіліся яго дзеці, тут ен правёў самы працяглы перыяд свайго творчага жыцця, стварыў мноства партрэтаў сяброў, сваякоў, мясцовых шляхцічаў.

Віленскія і менскія партрэты і карціны падаюць Валенція Ваньковіча як мастака беларускага паходжання, шчыльна звязанага з культурай Беларусі. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (том 2, с. 218) кажа, што мастак паходзіў «са старажытнага беларускага шляхецкага роду», а яго творчасць «звязана з мастацкім жыццем Беларусі, Літвы і Польшчы». Аўтары ж 3-га тома даследвання «Гісторыя беларускага мастацтва» («Канец XVIII — пачатак ХХ стагоддзя», 1989 год) назвалі яго творцам, які «ўпісаў яркую старонку ў гісторыю беларускага жывапісу першай паловы ХІХ стагоддзя».

У Мінску па вуліцы Інтэрнацыянальнай (будынак № 33а) дзейнічае помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі класіцызму — дом-музей Ваньковічаў (як філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі). У яго залах экспануюцца архіўныя дакументы, але арыгінальных мастацкіх прац Валенція Ваньковіча няма ні воднай — толькі каляровыя фотаздымкі, якія былі зроблены ў музеях Варшавы.

Скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Юрый Казакоў стварылі скульптурную кампазіцыю «Раніца мастака», прысвечаную славутаму земляку. Яна ўстаноўлена на тэрыторыі дома-музея «Хата Ваньковічаў».

Літаратура

Валенцій Ваньковіч: альбом /Аўтар тэксту і складальнік Н. Сычова/. Мн.: «Беларусь», 2012. — 22 + 42 с.

Ваньковичи /Сост. Н.А. Голубева и др./Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2012. — 456 с.

Знакамітыя мінчане XIX—XX стст. (Матэрыялы беларуска-польскай навуковай канферэнцыі. Мінск, 12 лістапада 2008 г.). Мн.: выд. В. Хурсік, 2010. — 142 с.

Cвирида И. И. Между Петербургом, Варшавой и Вильно. Художник в культурном пространстве, XVIII — середина XIX вв. (Очерки). М.: ОГИ, 1999. — 358 с. /8 листов цв. ил./

Аўтар: Алесь Мінск, серыя «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *