Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг.

Портрет Павла Яна Сапеги. Литография. Войтех Герсон, 1860—1866.
Портрет Павла Яна Сапеги. Литография. Войтех Герсон, 1860—1866.

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, вайна Расіі за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны i Літвы. Для пачатку вайны ўрад цара Аляксея Міхайлавіча выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нацыянальна-вызваленчай i антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне i Беларусі i наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усходняй) Украінай. 11.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах гетмана Б.Хмяльніцкага i казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Беларускае Палессе i Падняпроўе.

У маі 1654 pacасейскія войскі пачалі ваенныя дзеянні. Ад Масквы на Смаленск i далей на Беларусь рушыла асноўная войска на чале з царом. 3 Поўначы на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяводства наступала армія князя А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы pacасейскіх войск складалі 80—83 тыс. чалалавек. 3 Поўдня на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20тыс. чалалавек) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вялікім гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс. чал.), a таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 3.10.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў pacасейскія войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 27.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (паводле pacасейскіх дакументаў каля 15 тыс.) былі перабіты (так званая «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў i Гомель. 22.10.1654 pacасейскія войскі ўзялі i спалілі Дуброўну, a яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду беларускага шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу i Жлобін. Моцны Быхаўскі замак украінскія казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі.

Я́нуш Радзиви́лл  2 декабря 1612 — 31 декабря 1655

Я́нуш Радзиви́лл 2 декабря 1612 — 31 декабря 1655

Войска Я.Радзівіла (1612—1655 гг.) з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады pacасейскай арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы князя Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мястэчка Шапялевічы пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў да Смілавіч i Менска. Гэтым у лістападзе 1654 была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына i землі на усход ад Дняпра.

Але на гэтай тэрыторыі працягвалася барацьба: сялянскія атрады самаабароны (паводле pacасейскай тэрміналогіі шышы) перашкаджалі pacасейскім дваранам i дзецям баярскім захопліваць i вывозіць у свае маёнткі ў Расію сялянскія сем’і, рабаваць i паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў ix дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў i Віцебск у лютым i вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну i Оршу. Зімою 1655 у Азярышчах i Суражы мясцовыя жыхары паўсталі, частку pacасейскага гарнізона перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра i Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сакавіку 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, a пазней і мястэчка Свіслач (на р. Бярэзіна).

Мапа баявых дзеянняў 1654-1655 гг.

Мапа баявых дзеянняў 1654-1655 гг.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Галоўнай задачай pacасейскія войскі ставілі захоп усёй Беларусі i сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу i Копысь. 7.7.1655 войскі князя А.І.Лаба-нава-Растоўскага занялі Лукомль. 13.7.1655 царскія войскі i казакі захапілі Менск. У жніўні 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне pacасейскіх войск i казакоў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой i Залатарэнка ў верасні 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць.

8.8.1655 войскі галалоўнай pacасейскай групоўкі на чале з Чаркаскім i Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні pacасейскія войскі ўзялі Коўна i Гародню. На Поўдні Беларусі восенню pacасейскія войскі i казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 pac. войскі занялі большую частку Беларусі i частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя i заняла амаль усю яе тэрыторыю.

Радзівіл і значная частка літоўскай i жамойцкай шляхты заключылі Кейданскі дагавор у 1655 г.,які разарваў дзяржаўную сувязь ВКЛ з Польшчай i аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка беларускай шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Я.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сакавіку 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, a шведскія войскі выведзены з Жамойці. У выніку моцнага нацыянальна-вызвольчага руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны.

Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 3 лістапада заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656, i ваенныя дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваенны саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі i Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польскія каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сойме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сойм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём i патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі i Літвы былі ўключаны ў склад Pacейскай дзяржавы, a цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара i вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена расейская ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сойму i павятовых соймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць расейскіх войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу i ў Сібір; ix маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена i гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, i стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай i уніяцкай цэркваў была забаронена, ix землі канфіскаваны.

У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэрыторыі на захад ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая заставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясцовых праваслаўных святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі беларускія сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі i забівалі. Памешчыкі, якія складалі расейскую конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асноўным рамеснікі, былі пераселены з усходніх гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) i Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсходняй Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая i расейскімі ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Беларускае Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі i вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, pacейскія войскі аказвалі ім супраціўленне. Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваенных дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жнівень 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваенныя дзеянні ва ўсходзе Беларусі супраць pacейскіх войск.

Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча pacейскіх войск увосень i ўзімку 1658— 59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі pacейскую ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць pacейскіх войск дзейнічалі казацка-сялянскія атрады З.Мурашкі, Сапрыкі, К.Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вялікі карны атрад І.І.Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызваленчы рух i зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць pacейскую армію.

Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам князем І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снежні 1659—лютым 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяводствам (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы i ў студзені 1660 г.  заняла Берасце, у сакавіку аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі партызанскія атрады Мурашкі i С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты i рэшткаў беларускіх  казакоў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лютым 1660 г. каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, a потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага i сталі каля Нясвіжа.

3 траўня 1660 г. Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй (гл. Аліўскі мір 1660 г.) i змагла ўсе свае войскі кінуць супраць pacейскай арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія Сапегі (6 тыс. чал.) i вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс. чал), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва (гл. Палонкаўская бітва 1660 г.). Войска Хаванскага было разбіта, i ён пачаў адыходзіць на Поўнач. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам расейскага войска пад Мірам, Жукавым, Барком i Койданавам.

У ліпені 1660 г. Сапега i Чарнецкі ўвайшлі ў Менск. Тэрыторыя Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, a Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукага (да ЗО тыс. чал.) i казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палкоўнікам В.Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Беларускім Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча i А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукага, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага (гл. Бітва на Басі 1660 г.). Шляхта, мяшчане i сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць pacейскіх войск. Пераможныя паўстанні супраць pacейскіх гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лютым 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс. чалавек, гл. Кушліцкая бітва 1660). 2.12.1661 капітуляваў pacейскі гарнізон у Віленскім замку.

Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ i частка польскага войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 г. канфедэрацыю i спынілі актыўныя ваенныя дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся pacейскі гарнізон у Барысаве, у снежні 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў красавіку 1666.

Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну i Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найбольш скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсходняй і цэнтральнай Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім i Менскім ваяводстве на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім i Віленскім ваяводстве на 35—45 %. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

Энцыклапедыя Вялікае Княства Літоўскае – Том 1, 2007 г.

http://library.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.