Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Усё ж Кастусь-Константин-Konstanty! Каліноўскі

Kalinouski Wincient-Kastus - 4У сваіх культуррэйдэрскіх захопніцкіх імкненнях у адносінах Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі супрацьбеларускага ідэалагічнага накірунку так званага “заходнерусізму” намагаюцца выкрасліць самыя значныя падзеі Айчыннай гісторыі і зшальмаваць нашых герояў, да вобразаў якіх беларусы звярталіся ў цяжкую часіну як да крыніцы патрыятычных пачуццяў, натхнення і прыкладаў змагання супраць ворага нават коштам уласнага жыцця. Адным з такіх герояў з’яўляецца Кастусь Каліноўскі (1838-1864), якога рознымі сродкамі намагаюцца выкрасліць са старонак нашых падручнікаў, з нашай памяці, увогуле з ліку сыноў беларускага народу.

І для гэтага так званыя “заходнерусы” актыўна выкарыстоўваюць “чорны піяр”. Каб забраць у беларусаў Каліноўскага, яны напачатку намагаюцца забраць у самога Каліноўскага яго імя. Спачатку імя героя, потым яго прозвішча з Айчыннай гісторыі. І так далей, каб залезці пад карак кожнаму беларусу, на шляху ператварэння нас на манкуртаў – бяздушных рабскіх стварэнняў, цалкам падпарадкаваных гаспадару, манкуртаў, пазбаўленых сваіх каранёў, якія забыліся на сваё мінулае.

Так, адзін з прадстаўнікоў ідэалогіі так званага “заходнерусізму” А. Гронскі зазначае, што быццам бы большую частку жыцця Каліноўскі выкарыстоўваў сваё “первое имя” Вікенці і толькі ў час паўстання назваўся другім – Канстанцін, “точнее Константы”, «так как он был поляком и использовал именно польскую форму написания» (Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. 2008. № 2. С. 82.).

Спадара Гронскага гістарычныя факты, канешне, не цікавяць, паколькі для яго галоўнае – гэта запляміць імя вялікага сына Беларусі, Кастуся Каліноўскага, жыццё, самаахвярнасць і ідэі якога спрычыніліся да паўставання незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Kalinouski Wincient-Kastus - 2Што ж гавораць факты?

1) Нават у афіцыйных расейскіх дакументах Каліноўскі ўжываў імя “Константин” (якое сам лічыў адпаведнікам польскага імя “Konstanty”), прычым задоўга да паўстання, калі ўлічваць ўсяго 26 яго гадоў да моманту смерці на царскай шыбеніцы. У якасці прыкладу прыводжу заяўку на імя рэктара, напісаную “Викентием Константином Калиновским” у жніўні 1856-га года.

Kalinouski Wincient-Kastus - 5Пры гэтым варта ўлічваць, што афіцыйныя дакументы грунтуюцца на пэўных нормах, якія часам не адпавядаюць рэчаіснасці. Але імі неабходна (вымушаныя) кіравацца, каб узнікала як мага меньш дадатковых клопатаў, паколькі галоўнае – гэта ўсё ж вынік. Такая ж сітуацыя мае месца і сёння. Каб не ўдавацца ў рэаліі Расейскай імперыі, якія могуць быць не надта цікавыя Вам, звярну ўвагу на нашыя пашпарты. У колькіх людзей прозвішчы і імёны, запісаныя лацінскай, настолькі адрозніваюцца ад сапраўдных, што нават дзіву даешся, як такое зрабілі. Але ты вымушаны ў запаўняемых афіцыйных дакументах указваць менавіта такую форму.

2) У адносінах Каліноўскага яго сучаснікі, якія пакінулі свае ўспаміны і гістарычныя працы (як з ліку прадстаўнікоў польскай культуры, так і расейскай) называлі яго “Константин” або “Konstanty”. Так яго называе Я. Гейштар, А. Гіллер, Ю. Яноўскі і іншыя, а таксама расейцы А.М. Масолаў, В.Ф. Ратч і інш. (спасылкі на іх я неаднаразова змяшчаў у папярэдніх запісах). Фігуруе гэтае імя і ў афіцыйных расейскіх паперах.

Kalinouski Wincient-Kastus - 13) Родныя ўжывалі ва ўспамінах пра Каліноўскага імя у польскай форме “Konstanty” або па-расейску “Константин”. Аднак, зразумела, што ў пабытовых адносінах карысталіся памяншальна-ласкальнымі формамі дадзенага імя. Адной з іх і магло быць “Кастусь”, беларуская форма дадзенага імя, якая магла ўжывацца тымі ж вяскоўцамі Мастаўлян ды Якушоўкі, у якіх жыў Каліноўскі з сям’ёй, ды ў асяродку вясковых дзяцей, з якімі ён гадаваўся, паколькі бацькі не маглі аднолькава наглядаць за ўсімі 17-цю іх дзецьмі. Тым больш і сям’я Каліноўскіх зведала на сабе ўздзеянне беларускай культуры.

Зацікаўленым раю зазірнуць у лісты сястры Каліноўскага Казіміры Багушэвічавай, ды спадарыні Марыі Плаўскай (лісты апублікаваныя Алесем Смаленчуком у артыкуле «Асоба Кастуся Каліноўскага як даследчая праблема» у зборніку «Кастусь Каліноўскі іяго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі», 2011), у якіх ужываецца імя “Konstanty” або па-расейску “Константин”

Цікавай выглядае думка польскага гісторыка В. Кардовіча, што імя “Кастусь” (Kastuś), “зневажальнае ў шляхецкіх колах, абуджала надзею ў сялянскіх масах” і зрабілася “сімбалем барацьбы за агульнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа” (Kordowicz W. Konstanty Kalinowski. Warszawa, 1955. 305 s., S. 221, 278).

4) У адносінах Каліноўскага ўжывалася і форма “Konstanty-Wincenty”, прадстаўленая ў біяграфічным дадатку да мемуараў Якуба Гейштара, выдадзеных у 1913 годзе (Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. 2 t. Wilno, 1913. – T. 1. S. 370-371.), што яшчэ раз паказвае: спроба так званымі “заходнерусамі” выкарыстоўваць надуманы быццам бы як аргумент – “первое имя” – супраць беларускага Каліноўскага беспадстаўны. У далейшым па тэксце той жа даведкі ў мемуарах Гейштара ў адносінах Каліноўскага ўжываецца імя Канстанцін.

Kalinouski Wincient-Kastus - 3У якасці высновы наконт імя Кастуся Каліноўскага прыводжу думку беларускага даследчыка Генадзя Кісялёва, які шмат часу, кніг і артыкулаў прысвяціў вялікаму сыну беларускага народа. Гісторык, закранаючы пытанне ўжывання Каліноўскім двух варыянтаў уласнага імя (адно – у звароце да ўладаў, а другое – з таварышамі па барацьбе), яго беларускую форму “Кастусь” назваў сінонімам імя “Константин”. Толькі першая “форма больш прастанародная”, так бы мовіць “недакументальная”, але ўся беларуская літаратурная мова абапіраецца на народныя гаворкі, як і ўся беларуская культура будуецца на народных вытоках і традыцыях.

“Адных дакументаў пры ўсёй іх каштоўнасці для аднаўлення поўнай карціны мінулага недастаткова, гісторык карыстаецца так званымі “пазакрыніцавымі” ведамі, прасцей кажучы жыццёвымі назіраннямі. Так ці ёсць падстава для спрэчак, калі ўсім вядома, што Канстанцін і Кастусь ва ўмовах Беларусі адно і тое ж” (Кісялёў Г., Кастусь Каліноўскі, яго час і спадчына / Каліноўскі К. За нашу вольнасць. Творы і дакументы. Мн., 1999. 464 с. – с. 262).

Аўтар: Васіль Герасімчык, http://rosszuki.blogspot.com

3 thoughts on “Усё ж Кастусь-Константин-Konstanty! Каліноўскі

  1. Volk_liut

    А Муравьёв – русский же, небеларус! Что этот изверг забыл на беларуской земле? Муравьёв – это оккупант и враг Беларуси! А Гронский – это прихвостень и жопализ русских царских оккупантов!

  2. Виктор

    Какая разница, Кастусь или Konstanty? Главное, что он боролся с оккупантами, которые по живому разделили нашу Родину в конце XVIII века.