Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Усевалад Ігнатоўскі. Заснавальнік нацыянальнай марксісцкай гістарыяграфіі

Уступ

Ягонае імя я ўпершыню пачуў у свае студэнц­кія 1970-я. На лекцыі з гісторыі БССР тагачасны загадчык кафедры гэтай дысцыпліны, аўтар убогага і наскрозь фальсіфікатарскага школьнага падручніка прафесар Лаўрэн Абэцэдарскі палымяна выкрываў палітыку беларусізацыі і аднаго з яе кіраўнікоў – Ігнатоўскага. Той, маўляў, разам з хаўруснікамі прымушаў беларусаў казаць і пісаць «секунцы», а не «катлеты», і «макраступы» замест спрадвечных беларускіх «галёшаў», а потым канчаткова здрадзіў генеральнай лініі партыі і, ці то пад страхам заслужанага пакарання, ці то ў хвіліну раскаяння застрэліўся.

Вось і ўсё, што трэба было ведаць будучым гісторыкам пра знакамітага вучонага, які займаўся распрацоўкай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі паводле прынцыпу дзяржаўнасці і нацыянальнай самастойнасці беларусаў.

Пра аўтара першага ў айчыннай гістарыяграфіі даследавання паўстання 1863 – 1864 гадоў.

Пра наркама асветы, за якім быў адчынены Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і чыім дзявізам былі словы: «Вучыць беларуса на беларускай мове».

Пра першага прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук, стварэнне якой можна лічыць вяршыняй беларусізацыі.

Пераслед і цкаванне Усевалада Ігнатоўскага пачаліся ў 1929-м. Яму прыгадалі і паходжанне з сям’і святара – «класава варожага пралетарыяту асяроддзя», і эсэраўскае мінулае, і прыкрыццё «нацдэмаў», што звілі сваё «асінае кубло» ў Акадэміі навук. Выклікі ў АДПУ рабіліся ўсё часцейшымі. У «навуковых» дыскусіях, што вяліся з Ігнатоўскім у тым доме, «апаненты» карысталіся спецаргументамі з традыцыйнага арсеналу «майстроў заплечных спраў». Вярнуўшыся пасля чарговага допыту дадому, Ігнатоўскі дастаў з шуфляды пісталет…

Прэзідэнта Акадэміі навук пахавалі похапкам, раніцай, употай ад сяброў і калегаў. Ягоная магіла захавалася на Вайсковых могілках нейкім цудам.

Але ўлада адпомсціла Ігнатоўскаму пасля смерці. У жудасным 1937-м была «как член семьи предателя» асуджана на восем гадоў лагераў жонка, расстраляны сыны Юрый і Валянцін.

Дагэтуль на сценах акадэмічнага інстытута гісторыі няма мемарыяльнай шыльды Ігнатоў­скаму. Затое там вісяць дошкі ў гонар Паўла Горына і Васіля Шчарбакова – бальшавіцкіх фальсіфікатараў беларускай мінуўшчыны.

Уладзімір Арлоў

ЧАСТКА 1. КАРОТКІ АГЛЯД БІЯГРАФІІ У. ІГНАТОЎСКАГА

Усевалад Ігнатоўскі нарадзіўся ў вёсцы Такары Брэсцкага павета (цяпер Камянецкі раён) Гродзенскай губерні ў сям’і народнага настаўніка. Пазней (у 1901 г.) бацька Макар стаўся праваслаўным святаром у Слонімскім павеце.

Усевалад вучыўся ў Віленскай духоўнай вучэльні, якую скончыў у 1896 годзе. Потым навучаўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, адтуль перавёўся ў Магілёўскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1902-м годзе.

Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, ён адразу паступіў у Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут. Паспеў скончыць тры курсы, але за ўдзел у рэвалюцыйным выступе студэнцкай моладзі летам 1905 года быў адпраўлены ў акадэмічны отпуск. Тады У. Ігнатоўскі (далей У.І.) паехаў у горад Ладзейнае поле Аланецкай губерні, дзе два гады працаваў настаўнікам. Тут ён ажаніўся з настаўніцай Марыяй Арэф’евай, якая прыехала сюды з Саратаўскай губерні.

У 1909 годзе У.І. удалося паступіць на 4-ы курс гістарычнага аддзялення гісторыка-філа­лагічнага факультэта Юр’еўскага ўнівер­сітэта (цяпер Тартускі), які ён паспяхова скончыў у 1911 годзе. Атрымаўшы дыплом, У.І. у 1911—14 гг. пра­цаваў настаўнікам рускай мовы, літаратуры і гісторыі ў Віленскай прыватнай жаночай гімназіі М.Н. Вінаградавай.

Але ў чэрвені 1914 года ў Мінску быў адчынены Настаўніцкі інстытут. У.І. здолеў уладкавацца туды выкладчыкам гісторыі. У 1915 годзе падчас набліжэння германскай арміі да Мінска У.І. разам з інстытутам эвакуіраваўся ў Яраслаўль. Менавіта падчас выкладання ў Настаўніцкім інстытуце ён распрацаваў курс лекцый, які пазней стаўся асновай ягоных кніг па гісторыі Беларусі.

У тым жа 1915 годзе ў Яраслаўлі вучні і выкладчыкі Мінскага настаўніцкага інстытута стварылі культурніцка-асветніцкую арганізацыю дэмакратчнага кірунку «Наш край». Сярод яе кіраўнікоў і актывістаў былі Апанас Анташэўскі, Сцяпан Булат, Васіль Камлюк, Язэп Каранеўскі, Іпаліт Поляк, Алесь Сташэўскі, Васіль Сташэўскі, Міхась Чарот, а таксама Ігнатоўскі. Сваёй мэтай яны ставілі нацыянальнае адраджэнне Беларусі.

У траўні 1917 года У.І. пераўтварыў «Наш край» у новую арганізацыю «Маладая Беларусь», з праграмай дзейнасці, блізкай да праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ).

Улетку 1918 года У.І. наладзіў кантакты з Белнацкамам (аддзелам Народнага камісарыята РСФСР па справах нацыянальнасцей) і з беларускай секцыяй РКП(б). У лістападзе таго ж года разам з выкладчыкамі і студэнтамі Мінскага настаўніцкага інстытута ён вярнуўся ў Мінск.

У гэты момант БСГ рухалася да свайго распаду з прычыны сур’ёзных рознагалоссяў паміж левым і правым крыламі партыі. У выніку расколу БСГ з яе левага крыла была створана Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у склад якой «Маладая Беларусь» увайшла як аўтаномная група, а яе кіраўнік Ігнатоўскі быў уведзены ў склад ЦК БПС-Р.

Пасля захопу тэрыторыі БНР у снежні 1918 года войскамі Чырвонай Арміі У.І. адышоў ад палі­тычнай дзейнасці. Ён займаўся педа­га­гіч­най і культурна-асветніцкай працай: вы­кла­даў у Інстытуце (у 1919-м быў пераў­твораны з настаўніцкага ў педагагічны інсты­тут), арга­нізоўваў курсы беларусазнаўства, удзель­нічаў у адкрыцці беларускіх школ і культурніцкіх устаноў.

У лютым 1919 – ліпені 1920 гг. аддзелы Вой ска Польскага акупавалі значную тэрыторыю Беларусі, у тым ліку Мінск. Восенню 1919 г. «Маладая Беларусь» на чале з У.І. выступіла за ўзброеную барацьбу супраць польскіх акупантаў у саюзе з бальшавікамі. У снежні 1919 г. па ініцыятыве У.І. гэтая арганізацыя адкалолася ад партыі БПС-Р і на пачатку студзеня 1920 г. стварыла ў Мінску падпольны цэнтр Беларускай Камуністычнай арганізацыі (БКА). У.І. напісаў праграмны дакумент, дзе гаварылася, што БКА вядзе барацьбу за аднаўленне Беларускай Савецкай Рэспублікі і спадзяецца на дапамогу Савецкай Расіі, з якой Савецкая Беларусь знаходзіцца ў федэратыўнай сувязі.

БКА спачатку складалася галоўным чынам са студэнтаў і выкладчыкаў Мінскага педагагічнага інстытута, але хутка атрымала ўплыў сярод левых колаў беларускай інтэлігенцыі і некаторай часткі адукаваных сялян. У канцы лютага 1920 года ў Мінску адбылася нарада прадстаўнікоў падпольных груп БКА, дзе быў абраны ЦК на чале з У. Ігнатоўскім. Падпольныя групы БКА існавалі ў Мінскім, Слуцкім, Ігуменскім, Гродзенскім, Дзісненскім, Слонімскім і Лідскім паветах. Яны налічвалі дзве тысячы чалавек. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі некалькі «сялянскіх дружын» – партызанскіх атрадаў, якія вялі ўзброеную барацьбу супраць акупантаў. Была наладжана сувязь з Рэўваенсаветам Заходняга фронту.

Падчас вызвалення тэрыторыі Беларусі ад польскіх акупантаў ЦК БКА удзельнічаў у пад­­рыхтоўцы і ў падпісанні 31 ліпеня 1920 г. Дэ­кларацыі аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. У жніўні 1920 г. БКА налічвала некалькі дзясяткаў мясцовых арганізацый. 20 жніўня БКА па яе просьбе была прынята ў склад Кампартыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (праз некаторы час – Кампартыя бальшавікоў Беларусі), якая ўваходзіла ў склад РКП(б) як аўтаномная частка.

У БССР Ігнатоўскі займаў шэраг адказных дзяржаўных, грамадскіх і навуковых пасад. У 1920 г. ён быў чальцом Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ. Кароткі час у 1920—21 гг. займаў пасаду народнага камісара земляробства.

У снежні 1920 – лютым 1926 гг. У.І. быў народным камісарам асветы БССР. Пад яго кі­раўніцтвам наркамат асветы фактычна стаўся галоўным цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння.

Менавіта Ігнатоўскі адыграў галоўную ролю ў адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у ліпені 1921 г.). Ён прычыніўся да запрашэння на працу ў БДУ вядомых прафесараў з Масквы і іншых гарадоў РСФСР, якія ўжо праз год, авалодаўшы беларускай мовай, чыталі свае лекцыі на беларускай мове. У большасці ж кафедры БДУ былі ўкамплектаваны беларускімі нацыянальнымі кадрамі, якіх У.І. збіраў паўсюды, куды іх раскідалі вайна і рэвалюцыя.

Другім важным яго дасягненнем было ўзнаў­ленне дзейнасці Віцебскага ветэрынарнага інс­тытута (у 1924 г.) і Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (у 1925 г.). Тады ж быў адчынены Мінскі педагагічны тэхнікум, які атрымаў імя У. Ігнатоўскага. З гэтага тэхнікума выйшла шмат настаўнікаў, паэтаў і пісьменнікаў.

Вялікую арганізацыйную работу ў якасці наркама асветы У.І. праводзіў побач з выкладчыцкай і навуковай. У 1921 г. ён быў абраны намеснікам рэктара і прафесарам БДУ, дэканам факультэтаў грамадскіх і педагагічных навук. У студзені 1926 – снежні 1928 гг. У.І. узначальваў Інстытут беларускай культуры, а ў снежні 1928 – студзені 1931 гг. – Акадэмію навук БССР, створаную на базе Інбелкульта.

У. Ігнатоўскі займаў шэраг высокіх пасад у Кампартыі Беларусі на працягу  1923—1930 гг.  У 1925—27 гг. ён быў чальцом Цэнтральнага вы­канаўчага камітэта СССР, у 1920—30 гг. – чальцом Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР, у 1924—30 гг. – чальцом Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР. У.І. даволі часта выступаў з дакладамі па пытаннях нацыянальна-культурнай палітыкі партыі на з’ездах Кампартыі Беларусі і на пленумах ЦК.

Але ў 1929-м годзе Сталін вырашыў паклас­ці канец палітыцы «карэнізацыі» ў саюз­ных і аў­та­номных рэспубліках СССР (у выглядзе ўкраінізацыі, беларусізацыі, татарызацыі і г.д.). Пачалася першая моцная хваля рэп­рэсій, накіраваных супраць нацыянальнай інтэ­лі­ген­цыі. На Беларусі гэта была сумна вядомая справа «Саюза вызвалення Беларусі», цалкам сфальшаваная органамі ДПУ. Па гэтай справе вясной – летам 1930 года былі арыштаваны 108 дзеячаў беларускай культуры і навукі.

Ігнатоўскага ў 1930 г. абвінавацілі ў тым, што ён у сваёй выкладчыцкай дзейнасці і навуковых працах ставіць на першае месца і моцна падкрэслівае нацыянальныя моманты замест класавых. Напрыклад, залічвае  пісьменнікаў Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча ў народнікі, тады як яны з’яўляліся прыгоннікамі і клерыкаламі, «ідэалізуе нашаніўцаў», замест таго каб выкрываць іх «варожую класавую сутнасць», і г. д.

На пленуме ЦК КП(б)Б у кастрычні­ку 1930 г. У.І. выключылі з чальцоў бюро ЦК КП(б)Б і з самога ЦК. У снежні 1930 года яго «вызвалілі» ад пасады прэзідэнта Акадэміі навук. А ў студзені 1931 г. пастановай прэзідыума і парткалегіі ЦКК КП(б)Б выключылі з партыі як «свядома правадзіўшага  на працягу ўсяго прабывання ў партыі нацыянал-дэмакратычную ўстаноўку ў сваёй рабоце, з’яўляючагася фактычна кулацкім агентам у партыі…»

Яго пачалі цягаць на допыты ў ДПУ – хацелі выдаць за галоўнага кіраўніка фальшывага Саюза вызвалення Беларусі. Зразумеўшы сутнасць правакацыі чэкістаў, 4 лютага, вярнуўшыся дахаты пасля чарговага допыту, У.І. застрэліўся.

ЧАСТКА 2. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА КРАЮ ДА ПАДЗЕЛАЎ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Навуковая спадчына Ігнатоўскага-гісторыка не такая ўжо і багатая: 7 манаграфій і брашур, каля 30 артыкулаў. Асноўныя палажэнні канцэпцыі беларускай гісторыі, распрацаванай ім, выкладзены ў працах «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (1919), «Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі» (1921), «Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця» (1925), «1863 год на Беларусі: нарыс падзей» (1930).

Але справа не ў колькасці прац, а ў іх змесце. Яны, і найперш манаграфіі, вызначаюцца новымі думкамі і высновамі, такімі ацэнкамі падзей, якія да Ігнатоўскага альбо зусім ніхто не рабіў, альбо рабіў гэта занадта тэндэнцыйна, на карысць Маскве ці Варшаве.

Як вядома, першую кнігу па гісторыі Беларусі, напісаную на беларускай мове і з беларускага пункту гледжання, выдаў у 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі. Аднак яна цалкам была заснавана на тагачасных поглядах расійскіх даследчыкаў. Падмурак жа беларускай нацыянальнай канцэпцыі гісторыі склалі менавіта працы Ігнатоўскага. Яны адпавядали, па-першае, працэсу ўзнікнення і развіцця Беларусі ў часе і прасторы і, па-другое, задачам легітымацыі савецкай беларускай дзяржавы, няхай ў выглядзе аўтаноміі.

Спачатку пазнаёмімся з тымі тэзісамі гэтай канцэпцыі, якія датычацца гісторыі Беларусі перыяду яе самастойнага існавання, да захопу Расійскай імперыяй.

Ва ўводзінах да свайго «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі» У.І. распавядае пра тэрыторыю нашай краіны і яе насельніцтва. У склад тэрыторыі Беларусі, згодна з вынікамі этна­графічных даследаванняў, якія былі пададзены яшчэ ў XIX стагоддзі ў працах А. Кіркора, П. Бяссонава, I. Насовіча, Е. Раманава, у манаграфіі акадэміка Я. Карскага, у энцыклапедычным слоў­­ніку Брак­гаўза і Ефрона, У.І. залічыў «старыя губерніі – Мінскую, Магілёўскую і Гародзенскую, узятыя амаль што цалкам; Віцебскую ў пераважнай большасці сваёй тэрыторыі; Смаленскую і Чарнігаўскую некаторымі асобнымі паветамі». Акарамя таго ён адзначыў: 

«Ёсць моцна русыфікаваны беларускі этно­графічны тып у суседніх губернях – Цверскай, Пскоўскай і Арлоўскай».

Такім чынам, У.І. разглядаў гістарычныя падзеі на тэрыторыі тагачаснай этнаграфічнай Беларусі – да 300 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам у 10 мільёнаў чалавек, з якіх 80 адсоткаў складалі беларусы, «самага чыстага этнографічнага тыпу ўсходня-славянскага племя», бо «турка-мангольская лавіна да іх не дакацілася…» і «этнографічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса не было».

«Калі прызнаць этнографічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты ўплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны – такія ж арыйцы, як і беларусы, а палякі – славяне, толькі заходняй галіны».

Так У.І. акрэсліў паходжанне беларусаў.

***

Галоўнае дасягненне У.І. – распрацоўка перыядызацыі гісторыі Беларусі паводле прын­­цыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бела­рускіх зямель. Прапанаваную ім перыядызацыю (з удакладненнямі, прапанаванымі У. Пічэтам і М. Доўнар-Запольскім) успрынялі наступныя пакаленні беларускіх гісторыкаў, нягледзячы на тое, што працы Ігнатоўскага ў 30-я гады былі забаронены, а яго канцэпцыю аб’явілі антымарксісцкай і нават антынавуковай.

У.І. пісаў, што распрацоўка гісторыі Беларусі як асобнай краіны толькі пачынаецца, бо раней, да рэвалюцыі, была гісторыя адзінай і непадзельнай Расіі – «царская, агульнаруская гісторыя», якая выкладалася ва ўсіх школах імперыі.

Ён падзяліў айчынную гісторыю на 5 умоўных перыядаў: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), Расійскі і Савецкі («Беларусь пасля звяржэння царызму»).

У.І. не сумняваўся ў тым, што Полацкае княства было ад пачатку незалежным, і толькі на некалькі год (у першай палове XII стагоддзя) яно трапіла ў залежнасць ад Кіеўскага вялікага княства, каб потым яшчэ раз дабіцца самастойнасці. Менавіта таму адпаведны перыяд айчыннай гісторыі ён назваў Полацкім (IX–XIII ст.).

Другі, Літоўска-Беларускі перыяд гісторыі Беларусі (XIII – палова XVI ст.), таксама непасрэдна звязаны з Полацкім. З XIII стагоддзя будавалася Вялікае Княства Літоўска-Беларускае, на чале якога стаяў гаспадар, вялікі князь-ліцвін, а панавалі тут культура і мова Полаччыны – беларуская (крывіцкая) мова, якая стала дзяржаўнай. 

У.І. адзначаў, што ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве згодна жылі дзве веры: усходне-хрысціянская (у славян) і паганская (у ліцвінаў). 

Першым з беларускіх гісторыкаў ён даў правільную назву Вялікаму Княству Літоўскаму, характарызуючы яго нацыянальны характар. Між тым у кнізе В. Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» гэтая дзяржава была названа паводле традыцыі рускіх дваранскіх і буржуазных гісторыкаў – Літоўска-Рускай. 

Наступны перыяд У.І. назваў Польскім, паколькі ён лічыў, што пасля Люблінскай уніі 1569 года «Літва і Беларусь былі інкарпарыраваныя ў арганізм Польшчы. Асобнасць і незалежнасць Літвы і Беларусі была згублена».

Гэты свой тэзіс У.І. заснаваў на тых падставах, што з канца XVII ст. на Беларусі і Літве пачала панаваць польская мова як дзяржаўная, а побач з ёю – польская культура, польскі сацыяльны і палітычны лад, каталіцкая вера. Шляхта апалячвалася і адыходзіла ад свайго народа.

Гэту аргументацыю У.І. успрынялі і наступныя гісторыкі, якія таксама ўжывалі яе да апошняга часу. Аднак гістарычныя факты паказвалі, што асобныя феадальныя інстытуты, асобны феадальны лад і законы, асобная феадальная дзяржаўнасць захоўваліся, а самастойнасць Літоўска-Беларускай дзяржавы ў складзе канфедэратыўнай Рэчы Паспалітай існавала да падзелаў гэтай дзяржавы ў канцы XVIII ст.

Чацвёрты перыяд гісторыі Беларусі адносіцца да канца XVIII – пачатку XX ст., калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі.

Пяты перыяд – упершыню ў маладой беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі – У.І. прысвяціў савецкаму перыяду.

Дзяржаўніцкай перыядызацыі Ігнатоўскага ў асноўным прытрымліваліся і наступныя гі­сто­рыкі да самых апошніх часоў. Фактычна яны разглядалі айчынную гісторыю менавіта ў залежнасці ад таго, у склад якой дзяржавы ўваходзіла ў той ці іншы перыяд Беларусь.

У сваёй прадмове да 3-га выдання «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі» (1926 г.) У.І. зазначыў, што ён зыходзіць з класавых пазіцый пры аналізе гістарычнага працэсу і што перш за ўсё адзначае ролю капіталізму, які эксплуатуе працоўную масу. Аднак гэтыя спробы разгледзець гісторыю Беларусі з марксісцкага пункту гледжання У.І. рабіў спрошчана, асабліва  тады, калі гаворка ішла пра падзеі разранняга феадалізму.

***

Значнае месца ў творах У.І. аддадзена першаму, Полацкаму перыяду. Ён дэтальна разгледзеў гістарычныя падзеі, а таксама асобныя кірункі гістарычнага працэсу IX—XIII стст. на Полацкай Русі. Пры гэтым аўтар выкарыстаў шматлікія цытаты са старажытнарускіх летапісаў і іншых гістарычных крыніц, а таксама вынікі археалагічных раскопак.

У.І. падкрэсліваў, што заканадаўчая ўлада ў воласцях Полацкага княства належала да народнага веча, або сходу, а ўлада князёў Полацка была абмежаваная юрыдычнымі нормамі і мясцовай традыцыяй вырашэння важных пытанняў на агульных сходах дарослых грамадзян (тым жа «веча»).

Абапіраючыся на звесткі летапісаў, У.І. зрабіў цікавую выснову:

«Полацкае княства было ад самага пачатку існавання самастойным і незалежным гаспадарствм, яно на роўных вяло барацьбу з Кіеўскім княствам за ўплыў на Ноўгарад і за першынство ва ўсходнеславянскім свеце».

У сувязі з гэтым ён асабліва падкрэсліў ролю князя Усяслава, сына Брачыслава (гаспадарыў з 1044 да 1101 гг). У.І. апісаў барацьбу паміж кіеўскімі і полацкімі князямі ў 1127—1129 гг., калі полацкія князі былі выгнаны, а замест іх у Полацку і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі былі пасаджаны сыны і родзічы кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. Край быў разрабаваны, тысячы насельнікаў Полацкай зямлі захопнікі-кіеўляны прадалі ў няволю. Ігнатоўскі адзначыў:

«Нявольнічы гандаль пашырыўся. Ад яго карысталіся як прышлыя князі, так і мясцовыя капіталісты, інтарэсы каторых супалі з інтарэсамі князёў. Такім спосабам, мясцовая буржуазія таго часу і чужаземная палітычная ўлада, маючы на ўвазе толькі сваю карысць, руйнавалі Полацкі край».

Далей У.І. паказаў, што свабодалюбівы народ паўстаў, выгнаў прышлых князёў і іх мясцовых прыхільнікаў і вярнуў полацкіх князёў да ўлады. Ён таксама адзначыў перыяд 1180—1190 гг., калі ў Полацку князя не было. Фактычна княствам кіравалі 30 старшынь, абраныя вечам, і Полацк ператварыўся на гэтыя дзесяць год у рэспубліку.

Пры вызначэнні сацыяльна-эканамічнага ладу Полацкай зямлі ў ІХ—ХІІ стст. У.І. стаяў на грунце прынятай у тагачаснай расійскай марксісцкай гістарыяграфіі тэорыі «гандлёвага капіталу» і мадэрнісцкіх падыходаў да ўсходнеславянскага Сярэднявечча. Напрыклад, тагачасных полацкіх купцоў ён назваў капіталістамі, якія быццам эксплуатавалі працоўных. У.І. пісаў:

«У руках купцоў збіраюцца вялікія капіталы, каторыя даюць ім магчымасць эксплёатаваць полацкую працоўную масу. Вечы гарадоў зяўляюцца тым месцам, дзе асабліва яскрава выяўляецца барацьба паміж «лепшымі» людзьмі, уладарамі капіталаў, і «подлымі» людзьмі, уладарамі рабочых рук».

Што ж тычыцца феадальнага ладу, дык У.І. лічыў, што ён быў прынесены ў Беларусь у наступны перыяд з Захаду. Між тым яшчэ ў 1910 годзе М. Любаўскі пераканаўча даказаў, што феадалізм на землях Беларусі быў вынікам іх уласнага гістарычнага развіцця.

Таксама У.І. разглядае ўплыў хрысціянства на асвету і развіццё Полацкай зямлі, ролю ў гэтым княжны Прадславы (Еўфрасінні), ролю Кірылы ў Тураве і Кліманта Смаляціча ў Смаленску.

***

Другі перыяд гісторыі Беларусі, па вызначэнні Ігнатоўскага, – гэта XIII—XVI ст. калі Беларусь і Літва ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У супрацьвагу прынятай у расійскай імперскай гістарыяграфіі назве «Літоўска-Руская дзяржава», ён назваў гэту дзяржаву Літоўска-Беларускай дзяржавай і падкрэсліў:

«…Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім. Літоўскі гаспадар добра разумеў, што аперціся ў сваёй будоўлі толькі на адных літвінаў ён ня можа. Племя літвінаў было невялікае, апроч таго, у ім ня было культурнай мовы. …I трэба зазначыць, што Полацкая Русь пэўна дала новаму гаспадарству свае парадкі, установы, мову і культуру».

На некаторы час назва «Літоўска-Беларуская дзяржава» зрабілася агульнапрынятай у беларускай гістарыяграфіі. У працах гісторыкаў беларускай эміграцыі яна захавалася да нашых дзён.

Гэты гістарычны перыяд Беларусі У.І. разглядаў вельмі падрабязна, бо ён быў добра распрацаваны дарэвалюцыйнымі гісторыкамі. У.І. слушна падкрэсліў, што ў Літоўска-Беларускай дзяржаве «абедзьве нацыі жылі ў згодзе», бо ў дзяржаве панавала шырокая верацярплівасць. Ён таксама зазначыў:

«Літвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і нават веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы XIV сталецця больш як 50 літвінскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элементаў, як паганская вера…»

З гэтых сваіх назіранняў У.І. зрабіў выснову:

«Такая еднасць і згода паміж літоўскім і рускім элементамі дзяржавы залежала ад таго, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудавана больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны».

Гэтыя палажэнні Ігнатоўскага пра «еднасць і згоду» ў 1940—50-я гады падвергліся жорсткай крытыцы, пасля чаго ў навуковых працах і падручніках доўга выкладаўся міф пра заваёву беларускіх зямель літоўскімі захопнікамі. Толькі ў 1970-я гг. частка нашых гісторыкаў вымушана была на падставе фактаў вярнуцца да палажэнняў Ігнатоўскага ў гэтым пытанні. Цяпер жа яно больш не падвяргаецца сумневу.

Шмат увагі ўдзяліў У.І. барацьбе беларускіх і літоўскіх ваяроў супраць крыжакоў і адносінам Літоўска-Беларускага гаспадарства з Польшчай і Масквою. На яго думку, менавіта жорсткая барацьба з германскімі ордэнамі (Лівонскім і Тэўтонскім) стала адной з галоўных прычын дынастычнага злучэння Літоўска-Беларускай дзяржавы з Польшчай. Але ён лічыў, што дзяржаўны саюз (унія) паміж Польшчай і Літоўска-Бела­рускім гаспадарствам быў заключаны не ў 1385, а ў 1386 годзе на з’ездзе ў Ваўкавыску, а ў Крэве ў 1385 г. былі толькі нарада і пагадненне з польскімі пасламі.

У.І. слушна заўважыў, што першая унія з Польшчай «была зроблена больш на паперы, чым у жыцці». Між тым беларускія савецкія гісторыкі ў 1940–50-ыя гг. лічылі (згодна з польскай канцэпцыяй), што Крэўская унія 1385 года адразу прынесла падпарадкаванне Вялікага Княства Польшчы. Цяпер, зноў пад напорам фактаў, гісторыкі вымушаны вярнуцца да тых палажэнняў, якія У.І. выказаў амаль што 90 гадоў таму.

Толькі апошняя, Люблінская унія 1569 года прывяла, на думку У.І., да паступовай страты Літвой-Беларуссю сваёй палітычнай і культурнай незалежнасці.

***

Шмат увагі надваў У.І. разгляду беларускай культуры ў XV—XVI стст. Ён аналізаваў заканадаўчую працу велікакняжацкіх служ­боўцаў, прывілеі, Статуты Вялікага Княства
1529, 1566 і 1588 гг. Адзначыў У.І. і культурную дзейнасць першага беларускага друкара Францішка Скарыны (але ён без тлумачэнняў называў яго таксама другім імем – Юрый).

У.І. зрабіў вельмі цікавую выснову з падзей царкоўнай гісторыі на Беларусі. Ён адзначыў, што ў XV стагоддзі праваслаўная царква Літоўска-Беларускай дзяржавы юрыдычна аддзялілася ад праваслаўнай царквы Маскоўскага княства. Яе ўзначальваў кіеўскі мітрапаліт. А калі ў 1589 годзе Маскоўскай дзяржаве ўдалося падняць сан мітрапаліта свайго галавы царквы, да сану патрыярха, што магло прычыніцца да падпарадкавання маскоўскаму патрыярху праваслаўнай царквы ВКЛ (на Беларусі і Украіне), дзе быў толькі мітрапаліт, то ў процівагу гэтаму мясцовыя царкоўныя колы пайшлі на царкоўную унію, і з 1596 года праваслаўная царква Беларусі і Украіны (Кіеўская мітрапалія) арганізацыйна была падпарадкавана Папе Рымскаму.

Гэтае палажэнне Ігнатоўскага супярэчыць розным канструкцыям палітычнага характару 1940—50-х і пазнейшых гадоў аб «каталіцкай агрэсіі», «барацьбе народных мас за праваслаўе і за ўз’яднанне з царскай Расіяй». Да рэвалюцыі такім чынам растлумачвалі гэты палітычны акт дваранскія і клерыкальныя гісторыкі, а пасля рэвалюцыі – савецкія гісторыкі. 

У.І. таксама звяртаў увагу сваіх студэнтаў і чытачоў на вжную абставіну:

«Праваслаўная царква /ВКЛ/мела сваё права, хоць і меншае, ад каталіцкага. Наогул, палітыка дзяржавы была даволі верацярплівая».

***

У трэцім перыядзе гісторыі Беларусі (XVI—XVIII ст.) У.І. падрабязна разглядаў усе падзеі, якія тычыліся Люблінскай уніі 1569 года і Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года. Да прычын заключэння Люблінскай уніі ён аднёс жаданне беларуска-літоўскай шляхты атрымаць больш палітычных правоў за кошт правоў магнатаў, зраўняцца з правамі польскай шляхты. У якасці прыклада У.І. нагадаў пра стварэнне Віцебскай канфедэрацыі беларускай шляхты ў 1562 г., якая паставіла мэтай палітычную унію з Польшчай.

Вонкавым жа фактарам у заключэнні дзяр­жаўнага саюза з Польшчаю быў пастаянны палі­тычны ціск, пачынаючы з канца XIV ст., на Літву і Беларусь з боку Маскоўскай дзяржавы, спусташэнне і руйнаванне беларускай зямлі.

Асабліва гэты ціск праявіўся ў час Лівонскай вайны, што і вымусіла феадалаў Літвы і Беларусі шукаць хутчэйшых шляхоў да уніі. У.І. адзначыў таксама супраціўленне магнатаў заключэнню уніі. Усе гэтыя палажэнні былі ім абгрунтаваны на падставе ранейшых работ іншых гісторыкаў Расіі і Польшчы.

Таксама падрабязна разглядаў У.І. царкоўную унію 1596 г. У сувязі з ёю ён паўтараў у асноўным палажэнні рускіх дарэвалюцыйных гісторыкаў аб нацыянальна-рэлігійным ціску на Беларусь. Таму прыняцце уніі ён лічыў не рэлігійным, а палітычным пытаннем; глядзеў на яе як на працяг палітыкі скасавання незалежнасці Літоўска-Беларускай дзяржавы, пачатай Люблінскай уніяй 1569 г. На жаль, гэтым сваім падыходам У.І. даў падставы і пазнейшым беларускім гісторыкам трымацца пункту гледжання дарэвалюцыйных расійскіх аўтараў.

Гэту пазіцыю У.І. можна патлумачыць па­літычным становішчам Беларусі ў 1918—1920 гады. Свой настрой на барацьбу супраць польскіх акупантаў у 1919 аўтар перанёс і на старонкі сваіх кніг ды артыкулаў. Таму палітыку Польшчы адносна Беларусі ва ўсе гістарычныя часы ён паказваў толькі адмоўна, і гэткае стаўленне перанялі ад яго іншыя беларускіх гісторыкі. Не дзіўна, што Люблінскую унію У.І. паказаў як акт, падчас якога «ад вялікага Літоўска-Беларускага княства былі адабраны і сілком прылучаны да «Кароны» (як называлі Польшчу) такія багатыя, каштоўныя землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падляссе».

Аднак аналіз дакументаў паказвае, што шляхта гэтых ваяводстваў сама намагалася далучыцца да Польшчы пры ўмове захавання старадаўніх законаў і справаводства. Прычынамі такіх намаганняў былі: 1) моцная паланізацыя шляхты на Падляссі; 2) спроба прыцягнуць польскую шляхту да абароны ўкраінскіх зямель ад штогадовых нападаў крымскіх татар; 3) жаданне мясцовай шляхты ўраўнаваць свае правы з польскай.

У той жа час У.І. прызнае, што і пасля Люблінскай уніі Літоўска-Беларуская дзяржава захавала сваю самастойнасць. Ён спасылаецца на Статут ВКЛ 1588 г., дзе было запісана, што палякі разглядаюцца як іншаземцы і не маюць права набываць сабе землі на Беларусі і Літве, таксама як і займаць дзяржаўныя пасады (урады). Як сведчаць шматлікія дакументы і ўспаміны сучаснікаў, Рэч Паспалітая ўяўляла канфедэрацыю дзвюх дзяржаў з адным каралём (ён жа вялікі князь літоўскі і рускі), з адным феадальным парламентам – Соймам, з адной палітыкай, але з рознымі дзяржаўнымі пасадамі і апаратам, рознымі дзяржаўнымі мовамі і законамі, фінансамі, войскамі, судовымі ўстановамі.

І ўсё ж з цягам часу польская мова, культура, каталіцкая вера занялі пануючае становішча на Беларусі. Магнаты і шляхта апалячыліся і такім чынам здрадзілі свайму народу.

У.І. распрацаваў і зусім новы для яго часу сюжэт у айчыннай гісторыі – пра казацтва на Беларусі ў XVII стагоддзі. Гэты яго сюжэт пазней стаўся асновай для далейшай распрацоўкі тэмы іншымі гісторыкамі – В. Шчарбаковым, I. Лочмелем і Л. Абэцэдарскім. В. Шчарбакоў нават выдаў кнігу па гэтай тэме.

Аднак трэба сказаць, што сапраўднага казацтва на нашых землях ніколі не было. Так званыя «казакі» з’явіліся тут толькі падчас Патопу – страшнай вайны сярэдзіны XVII стагоддзя. З сялян і мяшчан паўднёвых паветаў, якія паўсталі супраць вялікага князя і магнатаў, былі ўтвораны тры казацкія палкі – Паклонскага, Нячая і Мурашкі. Яны дзейнічалі на баку маскоўскіх захопнікаў і пасля перамогі нашых продкаў зніклі. Несумненна, зварот У.І. да тэмы казацтва быў абумоўлены яго пошукамі  класавай барацьбы ва ўсе эпохі.

ЧАСТКА 3. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ Ў XIX
І НА ПАЧАТКУ XX СТАГОДДЗЯ

Пад такой назвай у 1922/23 навучальным годзе Ігнатоўскі прачытаў студэнтам БДУ курс з 27 лекцый. Гэты курс з’явіўся першым сістэматызаваным выкладам гісторыі Беларусі ад яе захопу Расійскай імперыяй у канцы XVIII стагоддзя і да паўторнага абвяшчэння БССР у ліпені 1920 г.

Кніга вытрымала шэраг выданняў, служыла дапаможнікам для студэнтаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў школ. Адметная рыса курса лекцый У.І. – пераадоленне дзвюх супрацьлеглых тэндэнцый, якія доўгія часы панавалі ў гістарыяграфіі: асвятлення гісторыі Беларусі з пункту погляду ці то Польшчы, ці то Расіі. Упершыню ў навукова аргументаваным тэксце ён падаў яе як нацыянальную гісторыю.

Лекцыя 1. Ужо яе назва «Інкарпарацыя Беларусі ў Расійскую імперыю» дакладна вызначае погляд У.І. на гэту падзею. Не добраахвотнае ўз’яднанне, як сцвярджалі савецкія гісторыкі на працягу 1940—80-х гг., а менавіта інкарпарацыя. Тэрмін «incorporatio» ў міжнародным праве заўсёды меў сэнс далучэння краіны, раней самастойнай, да іншай дзяржавы.

Самі ж тры падзелы Рэчы Паспалітай, у склад якой з часоў Люблінскай уніі (1569 г.) уваходзілі Польшча, Беларусь і Літва, былі вынікам яе разлажэння, абумоўленага прычынамі ўнутранага характару. Сярод іх У.І. назваў палітычную анархію, рэзка вызначаныя сацыяльныя антаганізмы, нацыянальныя і рэлігійныя спрэчкі. Усё гэта бязлітасна руйнавала шляхецкую рэспубліку. У.І. вобразна адзначыў: «Ужо на гатовы баль прыйшлі, ужо за прыгатаваны стол селі нязваныя і незапрошаныя госці».

Спробы прагрэсіўных шляхецкіх колаў на чале з Іахімам Лелявелем і Тадэвушам Касцюшкам рэформамі выратаваць Рэч Паспалітую пасля 2-га падзелу поспеху не мелі. У.І. зрабіў выснову: «Выратаваць гнілое гаспадарства ўжо не было ніякай магчымасці».

Але «з адной раскіданай дзяржавы Беларусь увайшла ў другую, якая таксама не магла пахваліцца сваім здароўем». Прычыны хваробы Расіі ён бачыў перш за ўсё ў панаванні прыгоннай натуральнай гаспадаркі, што чыніла перашкоды развіццю прамысловасці і гандлю, шырэй – развіццю капіталістычных адносін. Гарады былі адміністрацыйнымі цэнтрамі, як гандлёвыя і прамысловыя пункты яны знаходзіліся ў заняпадзе. Палітычная сістэма самаўладдзя абараняла правы і інтарэсы дваранства.

Эканамічны і палітычны стан «гнілога вялікага арганізму» прадвызначыў характар урадавай палітыкі «апекі» далучаных тэрыторый. Яе асноўная рыса – разыходжанне паміж дэклараваным прынцыпам кіравацца выгадай насельніцтва і практычным зместам.

Магнацтва і шляхта ў выніку «далучэння» страцілі сваю «залатую вольнасць». Але гэта страта была добра акуплена сацыяльна-палітыч­нымі прыбыткамі. У Расійскай імперыі магнаты і шлях­та вельмі хутка пачалі адчуваць сабе, як самі пісалі ў прыватным адрасе Кацярыне II, «як бы ў Польшчы і нават лепш, як у Польшчы».

Галоўнае тое, што тут не было груповак сярод дваранства, якія б хацелі правесці карэнныя рэформы дзяржаўнага ладу, як у Рэчы Паспалітай. Памешчыкі маглі «жыць спакойна і ўпэўнена».

А вось становішча сялянства ў Расіі значна пагоршылася, бо тут быў значна мацнейшы дзяржаўны прыгонніцкі апарат. Сяляне страцілі ўсе ранейшыя правы і пераўтварыліся ў рабоў, якія цярпелі ад жорсткай эксплуатацыі і самадурства абшарнікаў. Становішча жыхароў гарадоў (мяшчан) таксама пагоршылася: было скасавана самакіраванне гарадоў паводле магдэбургскага права, павялічаны падаткі. У выніку колькасць гарадскога насельніцтва на землях былога ВКЛ скарацілася амаль удвая, да 5–6 % ад агульнай лічбы. 

Самым страшэнным было тое, што на сялян і мяшчан пашыралася рэкруцкая павіннасць, тады як у Рэчы Паспалітай войска набіралася з добраахвотнікаў, служыўшых за грошы.

Значна ўзраслі падаткі. Калі за апошнія паў-года Рэчы Паспалітай з беларускіх ваяводстваў было сабрана ў дзяржаўны скарб 172.833 рублёў, то за палавіну 1774 года – 587.019 рублёў (больш, чым у у 3,4 раза!).

Што ж тычыцца падтрымкі праваслаўнага жыхарства, то паслушэнства панам расійскі ўрад ставіў вышэй за веравызнанне.

Лекцыя 2 («Апошнія гады XVIII сталецця») прысвечана аналізу палітыкі ўрада Паўла I у адносінах да новадалучаных зямель.

Як аб’ектыўны прафесіянальны гісторык, пры аналізе палітыкі паўлаўскага ўрада ў адносінах да «польскага пытання», У.І. выявіў яе пэўную абгрунтаванасць, сістэмнасць, мэтанакіраванасць.

У.І. адзначыў зыходныя пазіцыі палітыкі Паўла І:

«Падзел Польшчы быў справай несправядлівай, недзяржаўнай, аднак ён ёсць факт, які ўжо адбыўся, і з якім палякам трэба згадзіцца».

Асноўнымі вынікамі гэтай палітыкі былі:

– вызваленне з няволі Т. Касцюшкі (з грашовай кампенсацыяй) і ўсіх «попавших в заточение и ссылку по случаю бывших в Польше замешательств»;

– аднаўленне, па просьбе тутэйшай шляхты, дзейнасці «Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года»;

– пераарыентацыя на падтрымку каталіцтва (У.І. патлумачыў гэта разлікам урада на большую прыстасаванасць каталіцкай царквы да барацьбы з ідэямі Французскай рэвалюцыі 1789 года);

– перавод уніяцкай царквы, згодна з просьбай япіскапа Апанаса Братаноўскага, пад кіраўніцтва рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу;

– новы адміністрацыйны падзел: былая Магілёўская губерня і тры іншыя – Пскоўская (з былых Дзвінскай, Полацкай і Віцебскай) ут­варылі Беларускую губерню (з цэнтрам у Віцеб­ску), а былыя Віленская, Слонімская (Гродзенская) і Ковенская – Літоўскую. Мінская губерня засталася ў ранейшым вяглядзе;

– вяртанне секвестраваных зямель былым уладальнікам і шчодрыя раздачы новых зямель (больш за 6000 тысяч «душ» за 4 гады) панам як рускім, так і польскім;

– пэўнае развіццё рускіх і польскіх школ. Апошнія на тэрыторыі Беларусі пераважалі. Былі і такія школы, дзе ўжывалася беларуская мова, напрыклад, у базіліянскіх, часта ва уніяцкіх.

Факты, прыведзеныя ў лекцыі, паказваюць, што ўласна беларускага пытання Паўла I, яго ўрад і польска-літоўская шляхта не бачылі.

Лекцыя 3 («Урад і яго адносіны да Беларусі ў першай чвэрці XIX сталецця») паказвае, што ў той час беларускае пытанне было зліта з польскім пытаннем.

Пачатковы ліберальны перыяд кіравання Аляксандра I быў адзначаны вялікім уплывам на палітыку так званага Інтымнага камітэта, у склад якога ўваходзіў вядомы польскі патрыёт, граф Адам Чартарыйскі (1770—1861). Адпаведна з яго поглядамі, камітэт і сам цар лічылі Беларусь часткай былой Рэчы Паспалітай, пад якой яны разумелі Польшчу. 

Аднак у супрацьлегласць гэтаму погляду кансерватыўнымі коламі ўжо фарміраваўся іншы погляд. Згодна з ім Беларусь ёсць «искони русский край», вотчына яшчэ маскоўскіх вялікіх князёў, якая павінна заўсёды заставацца за Расіяй. Гэтыя погляды, адзначаў У.І., на працягу ўсяго XIX стагоддзя вагаліся паміж сабою і зацямнялі сутнасць беларускага пытання.

Сярод польскіх патрыётаў сфарміраваліся дзве плыні: адну вызначала арыентацыя на адраджэнне Польшчы з дапамогай Расіі, другую – з дапамогай рэвалюцыйнай Францыі. Аднак супярэчнасці паміж дзвюма дзяржавамі абумовілі зусім іншы ход падзей.

Згодна з Тыльзіцкім мірам у 1807 г. было створана Вялікае Герцагства Варшаўскае. Вялікім герцагам Напалеон абвясціў саксонскага караля Фрыдрыха-Аўгуста I. Беларусь і Літва засталіся ў складзе Расійскай імперіыі. Улады Вялікага Герцагства прагнулі ўвесці ў свае межы Беларусь і Літву, а Расія хацела зрабіць з герцагства буфер паміж сабой і напалеонаўскай Еўропай. Але перагаворы аб гэтым не далі ніякіх вынікаў.

Не здзейсніўся і той план, які У.І. ацэньваў як «беспадстаўны па замыслу» – стварэнне буфернай дзяржавы ў выглядзе самастойнага Вялікага Княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі.

Лекцыя 4. «Асвета на Беларусі»

Замена ў 1802 г. старых (яшчэ пятроўскіх) калегій міністэрствамі, сярод якіх было і мі­ністэрства асветы, паслужыла прычынай сур’ёз­ных змен у арганізацыі сістэмы адукацыі. Заходняя частка імперыі (да Волгі) была падзелена на вучэбныя акругі, кожная з якіх ахоплівала некалькі губерняў, мела свой універсітэт і ўз­начальвалася папячыцелем. Беларусь увайшла ў склад Віленскай вучэбнай акругі.

У 1803 г. на аснове статута, напісанага А. Чар­тарыйскім, Віленская езуіцкая акадэмія, закладзеная яшчэ ў 1570 г., была пераўтворана ў Віленскі ўніверсітэт, пад яго навукова-метадычнае кіраўніцтва перайшлі ўсе школы акругі. Свецкае выхаванне ўпершыню набыла перавагу над рэлігійным. Адпаведна праводзілася рэарганізацыя школьнай адукацыі. Было ўве­дзена абавязковае вывучэнне рускай мовы, хаця выкладанне ў большасці школ засталося на польскай мове.

Віленскі ўніверсітэт зрабіўся культурным і арганізацыйным цэнтрам беларускай пала­ніза­ванай інтэлігенцыі, якая складалася, галоў­ным чынам, з сярэдняй і дробнай шляхты.

У.І. даволі падрабязна раскрыў дзейнасць ва ўніверсітэце польскіх патрыятычных арга­нізацый – «Шубраўцоў», «Філаматаў», «Пра­мяністых», «Філарэтаў». Яны ставілі сваёй мэтай выхаванне моладзі ў польскім патрыятычным духу, падрыхтоўку адраджэння Рэчы Паспалітай, але цікавіліся і Беларуссю. З студэнцкіх гурткоў цікавасць да Беларусі трапіла і ў прафесарскія колы. Універсітэт не толькі даследаваў, але і знаёміў грамадзянства (няхай на польскай мове) з археалогіяй, гісторыяй, помнікамі старога пісьменства, народнай творчасцю, звычаямі, бытам Беларусі і яе насельніцтва.

У.І. зрабіў выснову, што менавіта прафесура і студэнты Віленскага ўніверсітэта сваім вывучэннем Беларусі заклалі самыя першыя падмуркі да ўзнікнення ў далейшым беларускага нацыянальнага руху.

Лекцыя 5. «Часы кампаніі 1812 года»

У.І. намаляваў жудасную карціну спусташэння, людскіх і матэрыяльных страт, што нанесла вайна Беларусі, тэрыторыя якой была галоўнай арэнай барацьбы.

Абавязковыя (і фактычна бясплатныя) па­стаўкі на ўтрыманне раскватэраваных на тэ­рыторыі Беларусі рускіх армій (2/3 усіх узброеных сіл імперыі) нанеслі цяжкія матэрыяльныя страты сялянскаму гаспадарству яшчэ да пачатку ваенных дзеянняў.

Польская і паланізаваная шляхта жадала пашырыць тэрыторыю Варшаўскага герцагства за кошт літоўска-беларускіх зямель і пераўтварыць яго ў каралеўства. Аднак пастанова канфедэрацыйнага сойма, які склікаў кароль саксонскі і герцаг варшаўскі Фрыдрых-Аўгуст I – «Акт аб аднаўленні і незалежнасці старажытнага Каралеўства Польскага» – аказалася пустым гукам для Напалеона.

Неспадзявана для Варшавы ён 1 ліпеня 1812 года выдаў дэкрэт аб утварэнні Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губерняў і Беластоцкай вобласці. Нягледзячы на гэта, польскія патрыёты правялі ў буйных гарадах Беларусі (у Вільні, Гародні, Мінску, Пінску, некаторых іншых) акты добраахвотнага далучэння новага княства да Вялікага Герцагства Варшаўскага.

Сутнасць задумы Напалеона была ў тым, што ён праз аднаўленне ВКЛ дамогся забяспячэння паставак для сваёй «Вялікай арміі». У.І. прывёў лічбы: ад аднаго толькі Віленскага дэпартамента армія атрымала 200 тыс. пудоў жыта, 200 тыс. пудоў аўса, па 18 тыс. пудоў сена і саломы, 10 тыс. валоў, 1 тыс. коней, 150 тыс. злотых. I акрамя таго – 3 тысячы рэкрутаў. Аддавала панства – расплочваўся народ: голад, халера, тыф касілі людзей тысячамі. Таму У.І. напісаў:

«…Напалеонаўская незалежнасць і добраахвотнае злучэнне з Варшаўскім герцагствам вельмі дорага абышліся для Літвы і Беларусі».

Адступленне ж рэшткаў напалеонаўскай арміі суправаджаліся татальным рабаваннем насельніцтва. Армія Кутузава, што ўвайшла на Беларусь, з-за дрэннага інтэнданцкага забеспячэння здабывала дадатковыя сродкі для свайго існавання на месцы – гэта значыць таксама рабаваннем. Усё гэта канчаткова спустошыла край.

Не атрымалі ўвасаблення спробы шляхты, арыентаванай на Расію, вырашыць польскае пытанне ў пажаданым для сябе варыянце. План А. Чартарыйскага аб утварэнні Польскага Каралеўства, дынастычна звязанага з Расіяй – праз абранне польскім каралём Міхаіла (1798—1849), малодшага брата Аляксандра I – імператар адкінуў. Супраць яго выступілі «патрыятычныя» колы Расіі, якія не даравалі палякам падтрымкі Напалеона, іх удзел у паходзе на Маскву.

На Венскім кангрэсе ў 1815 г. саюзнікі адверглі намаганні рускай дыпламатыі зберагчы Герцагства Варшаўскае ў старых межах. Адну частку герцагства аддалі Прусіі, другую – Аўстрыі, з трэцяй зрабілі маленькую Кракаўскую рэспубліку, і толькі з рэшткаў стварылі так званую «конгрэсовую Польшчу» пад пратэктаратам Расіі.

У сярэдзіне траўня 1815 г. адбылося ўрачыстае абвяшчэнне Польскага Каралеўства. Каралём выбралі Аляксандра I (новы варыянт дынастычнай уніі). Новае каралеўства мела свой урад і сойм, законы і армію.

Лекцыя 6. «Сялянскае пытанне».

Цяжкая паншчына зрабіла беларускіх сялян «як бы працавітым быдлам», адняла ў іх пачуццё сваёй нацыянальнай і чалавечай годнасці. Беларуская інтэлігенцыя ў той час злілася з інтэ­лігенцыяй Польшчы ці Расіі. А без нацыянальнай інтэлігенцыі працоўная Беларусь не магла сваімі сіламі распачаць працу па адраджэнні.

Урад Аляксандра I ужо пачаў ставіць пытанне аб вызваленні сялян, але далей гучных слоў справу не рушыў. Спробы забараніць продаж сялян без зямлі і рэскрыпт цара аб вольных хлебаробах не далі практычных вынікаў.

Пасля вайны 1812 года сярод часткі панства з’явілася ідэя вызвалення сялян без зямлі, што дало б танных батракоў. Але супраціўленне ўрада трансфарміравала ідэю ў практыку аддачы сялян у наймы прамысловаму капіталу.

Лекцыя 7. «Пачатак мікалаеўскай эпохі»

Адносіны ўрада Мікалая I да «польскага пытання» У.І. паказаў так: гэта ліквідацыя нават уяўнай незалежнасці Польшчы, перавод яе на палажэнне звычайнай губерні Расіі, што выключала ўсялякія размовы аб далучэнні Літвы і Беларусі, якія быццам з’яўляюцца «исконно русскими землями». Акрамя таго ўрад старанна шукаў і кідаў за краты чальцоў дзекабрысцкіх гурткоў на тэрыторыі Польшчы і Беларусі, а таксама гурткоў, звязаных з дзекабрыстамі («Палітычны саюз», «Чорныя браты», «Вайскавыя прыяцелі» і іншых). Апошнія хацелі падтрымаць пераварот дзекабрыстаў з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай.

Лекцыя 8. «Паўстанне 1830—31 гг.»

Спакваля ў Польшчы рыхтаваліся сілы для паўстання, якое пачалося ў лістападзе 1830 г. У.І. адзначыў дзве акалічнасці, якія спрыялі паўстанню: Турэцкую кампанію (1828 г.), адцяг­нуўшую ўвагу расійскага ўрада на поўдзень, і чарговую рэвалюцыю ў Францыі.

У.І. апісаў пачатак паўстання ў Варшаве ў ноч  з 17 на 18 лістапада. Характарызаваў склад паўстанцаў, іх падзел на дзве партыі: «белых» (з арыстакратаў) на чале з А. Чартарыйскім і «чырвоных» (з буржуазнай інтэлігенцыі ліберальнага настрою) на чале з прафесарам І. Лелявелем (1786—1861), прааналізаваў іх праграмы.

Першыя выступалі за Польшчу ў форме абмежаванай манархіі, за захаванне сувязей з Расійскай імперыяй пры адначасовым ціску на яе праз дыпламатыю Англіі, Францыі, Аўстрыі. Другія – за поўны разрыў з Расіяй, узброеную барацьбу з ёй, за дэмакратычную рэспубліку, за скасаванне прыгону і надзяленне зямлёй сялян за кошт часткі памешчыцкай.

Партыя белых зусім не разумела значэння развязвання сялянскага пытання для поспеху паўстання. Апісваючы барацьбу партый і ход паўстання, У.І. даў грунтоўную панараму ходу падзей на тэрыторыі Літвы і Беларусі, вызначыў пазіцыі Віленскага рэвалюцыйнага камітэта.

Ён разгледзеў прычыны, якія абумовілі слабы размах паўстання на Беларусі, яго непапулярнасць сярод сялян. Асноўная з іх: палітычны сэнс паўстання для сялян быў абыякавы, а сацыяльны (вызваленне ад прыгону) «белыя» адмаўлялі, у «чырвоных» жа ён зацямняўся іх належнасцю да панства.

Вынікамі задушэння паўстання было скасаванне канстытуцыі, дадзенай Польшчы Аляксандрам I, і інкарпарацыя былога Польскага Каралеўства ў склад Расійскай імперыі (з падзелам на губерні, роўныя з іншымі), скасаванне ўсіх прыкмет дзяржаўнасці (сойма, законаў, войска і г.д.). Задушэнне паўстання выклікала вялікую хвалю эміграцыі.

Лекцыя 9.  «Русіфікацыя Беларусі»

З гэтага часу палітыка царызму ў Заходнім краі набыла выразна акрэслены напрамак. У яе аснову быў пакладзены план, распрацаваны Міхаілам Мураўёвым (1796—1866) – «раскаявшимся» дзекабрыстам, які пачынаў сваю чыноўніцкую кар’еру на Беларусі: спачатку Віцебскім (1827 г.), затым Магілёўскім губернатарам (1828 г.), чыноўнікам па асобных даручэннях пры штабе рэзервовай арміі ў Гародні (1831—1835 гг.).

Асноўны змест плана: назначэнне чыноўнікаў на Беларусь з цэнтральнай Расіі, а з мясцовых толькі пасля таго як яны заслужаць давер на службе імперыі; увядзенне ў жыццё рускіх назваў устаноў, пасад, мясцовасцей, вуліц і г.д., перавод справаводства на рускую мову, скасаванне Літоўскага Статута і замена яго на «Свод законов Российской империи», зачыненне Віленскага ўніверсітэта, рэформа школ па ўзоры рускіх, аслабленне каталіцкага касцёла і адлучэнне яго ад асветы, умацаванне праваслаўнай царквы.

Лекцыя 10.  «Ліквідацыя царкоўнай уніі»

У.І. характарызаваў унію як палітычнае мерапрыемства, разлічанае на адрыў праваслаўных падданых ВКЛ ад царкоўнай падлегласці Усходу, ад уплвыу маскоўскай культуры. Адсюль, на яго думку, імкненне царскага ўрада да скасавання уніі, каб вызваліць уніятаў-беларусаў ад царкоўнай падлегласці Папе Рымскаму, а разам з тым ад культурнага і палітычнага ўплыву Польшчы. Паказаны асноўныя этапы і меры, праведзеныя ўрадам па скасаванні уніі рукамі саміх уніяцкіх епіскапаў: Віленскага – Язэпа Сямашкі, Беларускага – Васіля Лужынскага.

У.І. адзначыў, што за 242 гады існавання уніі (1596—1838) беларускі люд зжыўся з уніяй, таму яе гвалтоўная ліквідацыя зноў ударыла па яго цярплівасці. Аднак сяляне маўкліва пакарыліся, паколькі іх балючай хваробай было не царкоўна-рэлігійнае пытанне, а прыгонніцтва.

Лекцыя 11. «Беларускі рух у першай палавіне XIX сталецця»

Немагчымасць для Польшчы аднавіць сваю незалежнасць без Беларусі і Літвы, без падтрымкі тутэйшага сялянства і мяшчанства – з аднаго боку, зацікаўленасць Расійскай імперыі ў захаванні Беларусі як свайго «Северо-Западного края» – з другога, абумовілі іх інтарэс да ведаў аб беларусах, іх гісторыі і традыцыях. Але з рознымі мэтамі: адным – каб даказаць, што беларусы імкнуцца да Польшчы, другім – што яны спакон вякоў былі рускімі па сваёй мове, веравызнанні, звычаях.

У.І. паказаў узнікненне і дзейнасць «беларускай школы» ў польскамоўнай літаратуры, буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Ян Баршчэўскі з Віцебшчыны, Ян Чачот з Навагрудчыны, Алесь Рыпінскі з Дзісеншчыны. На іх думку Беларусь хоць і асобная краіна, але ўсё ж часціна Рэчы Паспалітай, а беларусы ёсць частка польскай нацыі.  Прадстаўнікі гэтай школы ставілі сваёй мэтай «бліжэй падыйсці да простага мужыка» дзеля таго, каб уцягнуць яго ў польскае палітычнае і культурнае жыццё. Тым не менш, яны шмат зрабілі для справы адраджэння, збіраючы народныя творы.

У.І даў таксама характарыстыку дзейнасці расійскіх вучоных у даследаванні беларускага краю: К. Калайдовіча, П. Кушына, Э. Эгілеўскага, П. Шпілеўскага, А. Кіркора і некаторых іншых.

Аб’ядноўвала даследчыкаў з абодвух бакоў іх беларускае паходжанне, аднак яно не адбілася на высновах іх творчасці – прапольскіх ці прарускіх.

Лекцыя 12. «Сялянскае пытанне ў часы мікалаеўскай эпохі»

Тут У.І. разглядаў балючыя праблемы вёскі. Ён канстатаваў агульнае для ўсёй Расійскай імперыі пагаршэнне становішча сялян як вынік узмацнення іх капіталістычнай эксплуатацыі пры захаванні прыгоннага права. Лёс жа сялян на Беларусі быў найгоршы з прычыны спусташэння краю пасля вайны 1812 г. і паўстання 1830—31 гг.

У.І. раскрыў няздольнасць сялян ва ўмовах прыгону далей забяспечваць неабходны ўзро­вень вытворчасці, што стварала пагрозу для бяс­пекі дзяржавы. Гэга прымусіла царскую адмі­ністрацыю на Беларусі першай звярнуць увагу ўрада на неабходнасць сялянскай рэформы.

Лекцыя 13. «Урад Александра II (1855—81 гг.)»

На погляд У.І. змену рэакцыйнай палітыкі Мікалая I на ліберальную Аляксандра II абу­мовілі: паражэнне Расіі ў Крымскай вайне, рост прамысловага капіталу, крызіс даверу ўладзе ў краіне і за мяжой. 

Лекцыя 14. «Сялянская рэформа 1861 года»

Сялянскую рэформу Аляксандра II і яго ўрада У.І. лічыў уступкай ранейшага «пана-прыгоншчыка» маладому «пану-прадпрыемцу». Ён падрабязна аналізаваў аб’ектыўныя і суб’ектыўныя ўмовы, якія зрабілі рэформу непазбежнай, прасачыў яе падрыхтоўку і ажыццяўленне, надаўшы найбольшую ўвагу Беларусі. Царскі ўрад не згадзіўся з праектам панства літоўскіх і беларускіх губерняў аб вызваленні сялян без зямлі, дазволіў (у лістападзе 1857 г.) вызваленне толькі з зямлёю.

У.І. паказаў, што рэформа дала сялянству, у чым не спраўдзіла яго надзей, у чым мела негатыўныя вынікі. Найбольшымі з іх для Бе­ларусі з’яўляліся: павялічэнне колькасці малазямельных і беззямельных вольных сялян, увядзенне на Магілёўшчыне і Віцебшчыне нязвыклага для тутэйшага сялянства абшчыннага землекарыстання, захоўванне становішча часова-абавязанага. Праўда, паўстанне 1863 г. прымусіла ўрад скасаваць палажэнне часова-абавязаных сялян, абвясціць іх вольнымі ад аброку і паншчыны.

У.І. аналізаваў таксама, як адбілася рэформа на другіх групах вясковага жыхарства, акрамя скарбовых і прыватнаўласніцкіх сялян: дробнай шляхце, аднадворцах і вольных людзях.

У Беларусі, у адрозненне ад цэнтральнай Расіі, з-за страху перад польскім панствам не былі праведзены ліберальныя рэформы – земская, судовая ды іншыя. Улады абмежаваліся ўвядзеннем вясковага саслоўнага «самоуправления».

Лекцыі 15 і 16: «Паўстанне 1863 года» і «Ліквідацыя паўстання»

Па сутнасці, У.І. быў першаадкрывальнікам тэмы на ўзроўні навуковай яе распрацоўкі і першы вылучыў у паўстанні нацыянальна-беларускую плынь, беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, паказаў ролю яго правадыра – Каліноўскага. З гэтых лекцый пазней вырасла грунтоўнае манаграфічнае даследаванне (глядзі частку 4).

Лекцыя 17.  «Русіфікацыя на Беларусі»

Русіфікацыя павінна была завяршыць барацьбу з паланізмам, зрабіць Заходні край «истинно русским». У.І. выклаў новую праграму русіфікацыі, распрацаваную тым жа М. Мураўёвым, і яе рэалізацыю: паўсюднае і канчатковае ўвядзенне рускай мовы, замена мясцовых чыноўнікаў рускімі, прысланымі з Расіі, засяленне краю рускімі жыхарамі як мага гусцей.

Але гэтыя меры, скіраваныя супраць польскага ўплыву, не далі тых вынікаў, на якія разлічваў урад. Не прынеслі карысці беларускім сялянам меры па абмежаванню польскага і яўрэйскага землеўласніцтва (у 1864 і 1865 гг. былі выдадзены законы, якія забаранялі палякам і яўрэям купляць зямлю на Беларусі), і пашырэнні рускага.

У.І. асвятліў палітыку па ўмацненні права­слаўнай царквы, русіфікацыі сістэмы аду­кацыі. У 1865 г. спецыяльным загадам было забаронена выданне кніг на беларускай мове.

Лекцыя 18.  «Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гг.»

Пра гэта У.І. піша вельмі сцісла, бо фактычна не было ў той час асобнага беларускага вызваленчага руху. Умоўна да яго можна аднесці апазіцыю да русіфікацыі на Беларусі, сентыментальнае замілаванне шляхецкіх пісьменікаў народам, ідэалагічную апазіцыю ліберальных колаў грамадства гвалту прыгоннікаў над сялянамі.

Па той прычыне, што шляхта на Беларусі лічыла сябе польскай, а прыгнятальная палі­тычная ўлада была расійскай, ліберальная беларуская апазіцыя паходзіла са шляхты.

Пачатак менавіта беларускага нацыянальнага руху У.І. звязваў з паўстаннем 1863 г., больш канкрэтна – з дзейнасцю прадстаўнікоў «чырвонай» плыні. Менавіта «чырвоныя» няслі сялянству лозунгі зямлі і волі, і адначасова марылі пра Беларусь, незалежную ад Польшчы і Расіі. Праграма ж «белых» паўстанцаў была прасякнута польскім патрыятызмам. Беларусь і беларусы, асобныя ад Польшчы і палякаў, у ёй адсутнічалі. Але прапагандысцкая літаратура абодвух кірункаў адмыслова пісалася на беларускай мове.

Лекцыя 19. «Цікавасць да Беларусі рускіх вучоных»

Паўстанне 1863 г. ізноў абудзіла інтарэс ра­сійскага грамадства да Беларусі. Цікавасць гэта мела галоўным чынам навукова-даследчы характар. Намер шэрага вучоных і публіцыстаў выдаваць газету на беларускай мове, якая б злучыла культурна-навуковы агляд з вывучэннем беларускага пытання, ажыццявіць не ўдалося ў сувязі з забаронай  беларускага друку.

У лекцыі разгледжаны працы рускіх вучоных другой паловы XIX — пачатку XX стст., прысвечаныя Паўночна-Заходняму краю. Таксама ён даў кароткі агляд прац па гісторыі Беларусі, з’явіўшыхся ў XIX стагоддзі.

Лекцыя 20. «Рэакцыя канца XIX сталецця»

Вытокі рэакцыі У.І. бачыў перш за ўсё ў глыбокім аграрным крызісе, які перажывала Расія. Ён вызначыў галоўныя параметры гэтага крызісу (узросшае ўдвая малазямелле сялянства, значнае падзенне цэн на хлеб на замежным рынку з-за канкурэнцыі ЗША, скарачэнне прытоку золата з-за граніцы) і намаганні ўрада шляхам вялікіх мытных пошлін на экспартные тавары, фінансавай падтрымкі айчыннай прамысловасці, павышэння падаткаў умацаваць унутраны рынак. Усё гэта дало вынік, аднак павялічыла эканмічные праблемы вёскі і палітычную нестабільнасць пралетарыяту, колькасць і ступень арганізаванасці якога ўзрасталі.

У.І. характарызаваў метады кіравання Аляксандра III і Мікалая II, ролі дваранска-бюракратычнай камарыллі на чале з Канстанцінам Пабеданосцавым (у 1880—1905 гг. обер-пракурор Сінода), а таксама афіцыйнай публіцыстыкі, да ліку яскравых прадстаўнікоў якой ён аднёс Міхаіла Каткова і Івана Аксакава.

Мяжой, якая вызначыла пераход ад лібе­раль­най «дыктатуры» Міхаіла Лорыс-Мелікава да жорсткай абароны самаўладдзя, У.І. лічыць 29 красавіка 1881 г., калі была абвешчана «канстытуцыя» Пабеданосцава – «Положение об усиленной охране».

Галоўнай асаблівасцю ўрадавай палітыкі ў адносінах да Беларусі была барацьба супраць польскага сепаратызму. Улады ў адказ канчаткова далучылі ўніятаў да праваслаўнай царквы, русіфіцырывалі свецкую школу, пашырылі сетку школ духоўных ведамстваў.

У заключэнне У.І. прааналізаваў асаблівасці становішча сялянства на Беларусі. Гэта больш высокі ўзровень памешчыцкага землеўладання пры сялянскім малазямеллі, а таксама пера­паўненне гарадоў і мястэчак яўрэйскай беднатой, што абмяжоўвала беларускім сялянам магчымасць уладкавання на прадпрыемствах, стварала высокі ўзровень беспрацоўя.

Лекцыя 21. «Беларускі рух у канцы XIX ст.»

Гэты рух У.І. разглядае як працяг ранейшага, але ў развіцці, і з пэўнымі зменамі свайго характару і зместу. На яго погляд, гэты рух быў па сваёй сутнасці народніцтвам двух кірункаў: ліберальнага шляхецкага і радыкальна-дэмакра­тычнага. Першы, адзначаны ліберальна-шля­хецкім народафільствам, паспеў згубіць сэнтыментальны ўтапізм, другі, што зыходзіў з рускага рэвалюцыйнага народніцтва, страціў запал часоў паўстання. Далей народніцтва пайшло паміж двума крайнімі старымі напрамкамі, па радыкальна-дэмакратычным шляху. Тып народніка апошняй чвэрці XIX ст. увасабляў збяднелы дробны шляхціц, які здабываў хлеб ці службай, ці вольнай інтэлектуальнай працай.

У.І. аналізуе творчасць Ф. Багу­шэвіча і Я. Не­слу­хоўскага (Лучыны) як найвыдатнейшых прадстаўнікоў беларускага народніцтва. Ён піша пра газету «Гоман», пра стварэнне студэнтамі-беларусамі ў Пецярбурзе «Беларускага сацыялістычнага гуртка», гуртка «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У.І. адзначыў узнікненне ў гэтых гуртках ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе будучай дэмакратычнай Расійскай федэрацыі.

Лекцыя 22. «Развіццё рабочага руху і зуба­таўшчына»

Тут У.І. асвятляе ўзнікненне і арганізацыю рабочага руху на Беларусі. Пры гэтым ён зрабіў правільную выснову, што пралетарыят і дробнае рамесніцтва былі прадстаўлены амаль што выключна яўрэйствам, што рабочы рух узнік і развіваўся як яўрэйскі рабочы рух.

Для беларускага народніцтва ў гарадах не існавала глебы. Яго ідэі не цікавілі рабочых-яўрэяў, пазбаўленых магчымасці працы на зямлі і сувязі з вёскай. Менавіта як яўрэйскі, рабочы рух і разглядае У.І. у далейшым: з пачатку 90-х гадоў як масавы, з сярэдзіны – як арганізаваны. Ён адзначыў:

«Яўрэйскі рабочы займаў у гэтых арганізацыях першае месца і ў якасных і ў колькасных адносінах».

Ён характарызуе ўзнікненне ў ра­бочым ру­ху нацыянальных плыняў: Польс­кай Партыі Са­цыялістычнай (ППС) і Агуль­нага Яўрэйскага Рабочага Саюза ў Літве і Польшчы (Бунд). Па­зіцыю ППС ён ацаніў як ізаляцыянісцкую ў нацыянальных рамках, а Бунда – як скіраваную на развіццё сувязей з іншанацыянальным рабочым рухам. Значную ролю У.І. адвёў Бунду ў скліканні I-га з’езду РСДРП.

Ён даў характарыстыку ўзнікненню і развіццю эканамізму ў рабочым руху і ў партыі (галоўным чынам у Бундзе, дзе ён быў найбольш пашыраны). Менавіта эканамізм Бунда стаў для Зубатава падставай для фарміравання ў рабочым руху легальных арганізацый, яго пераарыентацыі выключна на эканамічныя мэты барацьбы.

Узнікненне і развіццё зубатаўшчыны на Бе­ларусі завяршылася стварэннем «Неза­леж­най яўрэйскай партыі». Разам з тым мена­ві­та энергічная кампанія Бунда супраць зуба­таў­шчыны прывяла да краху апошняй.

Лекцыя 23. «Рэвалюцыя 1905 года на Беларусі»

У.І. адзначыў, што пасля II з’езда РСДРП у адказ на выхад Бунда з партыі і ўзмацненне ў ім нацыяналістычнага ўхілу, на Беларусі паралельна з бундаўскімі пачалі з’яўляцца  арганізацыі РСДРП на чале з Палескім і Паўночна-Заходнім камітэтамі.

Нагадаўшы асноўныя этапы станаўлення партыі эсэраў (сацыялістаў-рэвалюцыянераў), У.І. акцэнтаваў увагу на супадзенні і разыходжанні яе мэт з мэтамі сацыял-дэмакратыі. Пазіцыю Сацыял-дэмакратычнай партыі Польшчы і Літвы (СДКПіЛ) У.І. характарызуе як марксісцкую, а ППС – хутчэй як народніцкую, бо вызваленне Польшчы ад улады царызму яна ставіла на першае месца ў параўнанні з дасягненнем сацыяльнай роўнасці. Далей У.І. адзначыў:

«Побач з нацыянал-сацыялізмам яўрэйскім і польскім, толькі крыху пазней, зараджаецца на Беларусі і пры дапамозе сяброў Польскай Сацыалістычнай Партыі і беларускі нацыянал-сацыялізм».

Ён прасачыў афармленне беларускага нацыянальнага руху ў палітычную партыю – Беларускую Сацыялістычную Грамаду, якая паставіла сваёй мэтай вырашэнне беларускага нацыянальнага пытання адначасова з сацыяльным вызваленнем працоўных вёскі і горада. Але галоўнай сферай сваёй дзейнасці БСГ выбрала вёску, две яна абапірался на працоўную інтэлігенцыю, гаспадарскіх рабочых, беззямельных і малазямельных сялян.

Рэвалюцыю 1905—1907 гг. У.І. лічыў заканамернай з’явай, што вырасла з сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу самаўладдзя, і з узрастаючай апазіцыі царызму шырокіх колаў грамадства. Паражэнне царызму ў вайне з Японіяй стала каталізатарам рэвалюцыі.

У.І. прасачыў адносіны паміж партыямі рэвалюцыйнага лагера, іх супрацоўніцтва і су­пярэчнасці, асабліва паміж РСДРП і Бундам.

Асаблівую ўвагу У.І. звярнуў на барацьбу па нацыянальным пытанні і ў гэтай сувязі – на праграму дзейнасці БСГ на кожным з этапаў рэвалюцыі. Праграма і тактыка БСГ вызначаліся радыкалізмам: звяржэнне самаўладдзя, передача зямлі народу, аўтаномія Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэрацыйнай рэспублікі. Аднак па меры спаду рэвалюцыі і з узнікненнем надзеі на парламенцкі шлях вырашэння галоўных супярэчнасцей часу, яны рабіліся ўсё больш памяркоўнымі. БСГ перайшла на шлях легальнай барацьбы. У.І. адзначыў:

«Легалізм у Грамадзе выявіўся ў заснаванні першай легальнай беларускай газеты і ў канцэнтрацыі працы грамадаўцаў наўкол газеты».

Лекцыя 24. «Міжрэвалюцыйныя часы (1905–1917 гг.)»

З характарыстыкі газеты «Наша доля» У.І. і пачынае  лекцыю. На яго думку, газета мела радыкальны, хаця і не сацыялістычны, а нацыянальна-дэмакратычны характар. Па гэтай прычыне на 6-м нумары яе забаранілі ўлады. Створаная замест яе газета «Наша ніва» была больш ліберальная, што і дало ёй магчымасць існаваць да 1914 г. Але час ад часу зручным словам, вострай думкай яна прарывалася за адведзеныя ёй рамкі ў бок радыкальнага дэмакратызму.

«Наша ніва» заваявала шырокую папулярнасць на вёсцы сярод настаўніцтва, вучнёўскай і студэнцкай моладзі, звычайных сялян, выдавалася дзякуючы іх матэрыяльнай дапамозе. Яна стала цэнтрам аб’яднання народніцкай інтэлігенцыі, ідэйным выразнікам і свайго роду арганізатарам руху беларускага нацыянальнага адраджэння.

Гэты рух ужо немагчыма было ігнараваць. Рэакцыйныя колы пачалі змагацца з ім. У.І. заў­важыў:

«Утвараецца адзіны агульны фронт польскай шляхты і рускага дваранства і чыноўніцтва, які супраць беларускага руху высунулі кожны са свайго боку «тоже» беларускі рух».

Разглядаючы падзеі Вялікай вайны (1914—1917), У.І. галоўную ўвагу ўдзяліў гаротнай долі беларускага сялянства, бежанству і новаму павароту ў незалежніцкім руху на акупаванай тэрыторыі Беларусі.

Ён апісаў спробу прадстаўнікоў беларускіх, літоўскіх, яўрэйскіх і польскіх арганізацый стварыць у снежні 1915 г. канфедэрацыю чатырох краёвых нацыянальнасцей, на развіцці беларускай культурнай працы ў акупаванай частцы Беларусі (адкрыццё беларускіх школ, выданне кніг і газеты «Гоман», стварэнне Цэнтральнага саюза беларускіх нацыянальных арганізацый і г.д.), на ўдзеле беларускіх прад­стаўнікоў у Стакгольмскай канферэнцыі народаў Расіі (жнівень 1916 г.) і ў трэцяй канферэнцыі прыгнечаных народаў свету ў Лазане (чэрвень 1916 г.).

Лекцыя 25. «Нашаніўскае адраджэнне»

Тут аналізуецца творчасць, погляды і ідэі прадстаўнікоў новай генерацыі беларускай інтэ­лігенцыі пачатку XX ст. , якай вырасла з глебы беларускай вёскі, у адрозненне ад ранейшай – шляхецкай і разначыннай.

Прадстаўнікі гэтай новай інтэлігенцыі, «уладары дум, песняры», як называе іх У.І., – Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, А. Гарун, Зм. Бядуля, М. Багдановіч ды іншыя – гуртаваліся вакол рэдакцыі газеты «Наша ніва». У сваёй творчасці яны вызначылі ідэйны сэнс і змест беларускага адраджэння пачатку XX стагоддзя.

Нашаніўскіх адраджэнцаў У.І. характарызуе як сацыялістаў, ці людзей, блізкіх да сацыялізму па сваіх погладах. Але іх сацыялізм цесна звязаны з нацыянальным, нават нацыяналістычным настроем. Ён заўважае: «Гэта ёсць нацыянал-сацыялізм», разумеючы адпаведную афарбоўку сацыялістычных поглядаў, цалкамзразумелую ва ўмовах нацыянальнага ўціску на Беларусі. 

Лекцыі 26—27 «Лютаўская рэвалюцыя» і «Вялікі Кастрычнік на Беларусі» завяршаюць кнігу.

Характар і ход падзей на Беларусі ў гэты перыяд У.І. звязвае з уплывам на іх армій Заходняга фронту. Ён сцвярджаў:

«Армія не магла зразумець і ўвайсці ў мясцовыя інтарэсы Беларусі, тым больш, што маса яе не ведала нават, што яна займае тэрыторыю Беларусі як арганізму».

На погляд У.І., рэвалюцыя на Беларусі пайшла па двух напрамках – франтавым і мясцовым, якія часта перапляталіся паміж сабой, але часта і разыходзіліся. У.І. сцісла аналізуе працэс станаўлення палітычных сіл, іх групоўкі ў партыі і развіцця міжпартыйных адносін на працягу ад лютага да кастрычніка 1917 г.

Значнае месца ён адвёў развіццю беларускага нацыянальнага руху, яго паступовага размежавання на правыя і левыя плыні. У. І. падкрэсліў, што Першы Усебеларускі Кангрэс (снежань 1917 г.) стаяў на грунце адзінага нацыянальнага фронту. Ён абвясціў Беларусь дэмакратычнай рэспублікай і разам з тым прызнаў Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які знаходзіўся пад кантролем бальшавікоў.

Вельмі цікавую думку выказаў У.І. адносна неабходнасці ўтварэння БССР, пытанне пра якое было пастаўлена на VI канферэнцыі Расійскай кампартыі Заходняй вобласці ў Смаленску ў канцы снежня 1918 г. Ён пісаў:

«На Беларусі Кастрычніцкая рэвалюцыя, развязаўшы сацыяльнае пытанне, павінна была спаткацца і спаткалася з нацыянальным пытаннем… На працягу працы канферэнцыі выявілася, што партыя павінна дзеля бальшавізацыі беларускіх мас узяць у свае ўласныя рукі развязванне нацпытання».

Таму 1 студзеня 1919 г. была абвешчана Савецкая Рэспубліка Беларусь. 

ЧАСТКА 4.
ПАЎСТАННЕ 1863 ГОДА НА БЕЛАРУСІ

Манаграфія У.І., прысвечаная паўстанню,  вый шла ў свет у 1930 г. Яна абагульняла назапашаныя да таго часу веды беларускіх і расійскіх гісторыкаў на гэту тэму. Артыкулы беларускіх даследчыкаў на працягу 1920-х гадоў друкаваў часопіс «Полымя». Іх аўтарамі з’яўляліся Даніла Васілеўскі, Ян Віткоўскі, Уладзімір Пічэта, Міхась Мялешка, Іван Цвікевіч і сам Ігнатоўскі. У той жа час падзеі паўстання пачалі даследаваць Самуіл Агурскі, Фёдар Турук і некаторыя іншыя навукоўцы.

Аднак манаграфія Ігнатоўскага моцна ад­рознівалася ад усіх астатніх публікацый сваім аб’ёмам (275 старонак), шырынёй разглядаемых пытанняў (32 раздзелы), колам ужытых крыніц (171 назва), тэматычна-храналагічным прынцыпам падачы матэрыялу. Таму не дзіўна, што ўсе манаграфічныя даследаванні наступнікаў У.І. у большай ці меншай ступені паўтараюць яго.

У прадмове да мана­графіі У.І. пісаў:

«Праца закранае пытанне зусім мала вывучанае. Зразумела, у ёй павінна быць нямала недахопаў. Тым ня менш друкаваць працу я лічу патрэбным, дзякуючы неабходнасці вывучэння такой важнай эпохі ў гісторыі Беларусі, як 60-я гады. Крытыка дасць магчымасць паправіць недахопы і рушыць справу наперад».

У прадмове ён асобна адзначыў, што паўстанне на тэрыторыі Беларусі павінна быць паказана на фоне маштабных падзей у Польшчы і Расіі, «што і было зроблена ў самых кароткіх рысах». Свайго ўласнага даследавання гэтай праблемы ён не зрабіў. Звесткі пра падзеі ў Польшчы і Расіі У.І. пазычыў з прац папярэднікаў (польскіх і расійскіх гісторыкаў) Агатона Гілера, Баляслава Ліманоўскага, Валерыя Пшыбароўскага, Паўла Бранцава, Аляксея Сідарава і шэрага іншых.

Аповед пра ўласна паўстанне пачынаецца толькі з 100-й старонкі кнігі. Уся папярэдняя частка прысвечана агляду палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне ад 1856 г., і пошуку адказу на пытанне пра перадумовы і прычыны паўстання.

Так, раздзел «Лібэральныя» павевы 50-х гадоў» падрабязна распавядае пра адносную лібералізацыю палітычнага жыцця ў Польшчы пасля паражэння ў Крымскай вайне і каранацыі Аляксандра ІІ. Гэта амністыя удзельнікам паўстання 1831 года, сасланым у Сібір; адкрыццё медыцынскай акадэміі ў Варшаве; адчыненне земляробскага таварыства, а галоўнае – рэформа 27 сакавіка 1861 г., згодна з якой было створана Рада стану Каралеўства і адпаведныя рады ў галоўных гарадах і губернях Польшчы.

Гэтыя палёгкі спрыялі ажыўленню і згуртаванню патрыятычных колаў, з’яўленню сярод польскай арыстакратыі групы, арыентаванай на аб’яднанне польскіх інтарэсаў з інтарэсамі Расіі. Яны дамагаліся каб Польшча ў складзе Расійскай імперыі атрымала аўтаномію. Але рэформа 1861 года не задавальніла польскіх патрыётаў, іх варожы настрой да рускага ўрада узмацніўся, пачаліся маніфестацыі, якія перараслі ва ўзброенае паўстанне.

Адным з моцных бакоў манаграфіі з’яўляецца паказ падрыхтоўкі паўстання ў сувязі з дзейнасцю асяродка ў Пецярбургу, з якога выйшлі дзясяткі кіраўнікоў і афіцэрскіх кадраў (у тым ліку Каліноўскі).

У.І. у сваім даследаванні паказаў сацыяльны і нацыянальны склад удзельнікаў паўстання, даволі падрабязна выклаў яго ход, паставіў на першы план асобу В.К. Каліноўскага як правадыра «паслядоўна чырвоных» рэвалюцыянераў-народнікаў. Усё гэта дае падставы лічыць яго твор несумненным дасягненнем гістарычнай думкі Беларусі, які за 90 гадоў не страціў свайго навуковага значэння.

***

На думку У.І., паўстанне 1863 года ў першую чаргу з’яўлялася нацыянальна-вызваленчым ру­хам буржуазна-дэмакратычнага характару, скі­раваным супраць царызму. Менавіта ў магчымым вызваленні народаў былой Рэчы Паспалітай (беларускага, літоўскага, украінскага, польскага) ад каланіяльнага прыгнёту ён бачыў галоўнае значэнне паўстання. Адсюль і знакаміты лозунг – «За нашу і вашу свабоду!»

Але ў паўстанні У.І. вылучаў дзве плыні. Як і ў 1831 годзе, паўстанцкі рух разбіўся на дзве плыні: «белую» і «чырвоную», розных па сацыяльным складзе і адпаведна – па сваіх поглядах на сродкі і тактыку барацьбы, на яе мэту.

«Белыя» на чале з польскімі магнатамі і багатай радавітай шляхтай галоўным сродкам лічылі дыпламатыю, «чырвоныя» (беззямельная шляхта, дробная буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва) – узброенае паўстанне.

«Белыя» ставілі галоўнай мэтай узнаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай (пад якой яны разумелі этнічную Польшчу разам з так званымі «крэсамі» – Літвой, Беларуссю, Украінай) у «гіс­тарычных» межах 1772 года. 

«Чырвоныя» фактычна імкнуліся да стварэння аўтаномнага беларуска-літоўскага гаспадарства ў складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай».

Таму У.І. лічыў неправамерным ацэньваць па­дзеі 1863 года на Беларусі і Літве выключна як праявы польскага нацыянальнага руху. Менавіта ў імкненні Літоўскага правінцыяльнага камітэта да аўтаноміі ён бачыў галоўную прычыну непаразуменняў і сутыкненняў паміж віленскім і варшаўскім рэвалюцыйнымі цэнтрамі.

І яшчэ адна важная акалічнасць. «Белыя» марылі пра ўнітарную Рэч Паспалітую, «чырвоныя» – пра федэратыўную, але і першыя і другія называлі яе дэмакратычнай рэспублікай, не каралеўствам.

У.І. паказаў паўстанне на Беларусі і ў Літве як адзінае цэлае, падкрэсліў, што кіраўніцтва ім ажыццяўлялася з аднаго цэнтра – Вільні. Між іншым, сучасная «нацыяналізацыя» гісторыі прывяла да больш вузкіх падыходаў, многія з’явы трактуюцца сёння ў больш цесных і спрэчных рамках беларускай і літоўскай плыняў (адпаведна, на чале з Каліноўскім і Мац­кявічусам), а самі  гэтыя плыні зрабіліся прадметам дыскусій.

***

У.І. лічыў сябе марксістам, і з пункту гледжання класавага падыходу яму вельмі хацелася паказаць паўстанне Каліноўскага як масавы выступ беларускага сялянства супраць паноў-абшарнікаў, параўнаць яго з казацка-сялянскім паўстаннем Емяльяна Пугачова ў 1772—1775 гг.

І вось, зыходзячы са сваіх марксісцкіх, класавых пазіцый, насуперак гістарычным фактам, у «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» выданняў 1919 і 1924 гадоў ён вызначыў паўстанне як сінтэз сялянскага і нацынальна-вызваленчага руху. Сяляне, пісаў ён тады, быццам пайшлі за «чырвонымі» – таму, што «чырвоныя» абяцалі беларускаму і літоўскаму сялянству зямлю і волю ў памерах, большых за царскія. Сапраўды, на думку «чырвоных» зямлю неабходна было адабраць у паноў і бясплатна раздаць яе сялянам. Аднак сяляне ў сваёй большасці ўспрымалі паўстанцаў як тых жа паноў і не верылі іх прапагандзе.

У развагах па гэтым пытанні Ігнатоўскі-наву­ковец перамог Ігнатоўскага-палітыка. У сва­ім «Кароткім нарысе» выдання 1926 года ён напісаў аб «пасіўнасці» сялян. Маўляў, вакол чырвонага дыктатара Каліноўскага і яго паплечнікаў групавалася толькі «найбольш свядомае сялянства».

У манаграфіі ж «1863 год на Беларусі» У.І. адзначыў, што, акрамя Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў, няма дакументальнага пацвярджэння шырокага ўдзелу сялянства ў паўстанні. У гэтай кнізе ён паказаў, што на Беларусі адна частка сялян, прычым найбольшая, у адносінах да паўстання займала нейтральную пазіцыю; другая частка («групы дваровых сялян і сялян беднякоў-сераднякоў, выпісаных землеўласнікамі з польскіх дзяльніц Прусіі і Аўстрыі») яго падтрымала; а трэцяя частка (праваслаўнае сялянства, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях) выступіла «супраць панства».

Да гонару У.І. трэба адзначыць, што ён здолеў пазбегнуць вульгарнага сацыялагізму і адмовіўся лічыць узброеную барацьбу сялянскай сельскай стражы, сфарміраванай царскімі ўладамі з беларускіх праваслаўных сялян, супраць «збунтаваўшыхся польскіх паноў» за прагрэсіўны антыфеадальны рух.

Дык які быў сацыяльны склад паўстанцаў на Беларусі? На думку У.І. асноўную іх масу складалі «дробная, пралетарызаваная шляхта, разначынная інтэлігенцыя і дробная буржуазія горада і вёскі». Менавіта гэтую масу ён акрэсліў як «чырвоных», маючы на ўвазе рэвалюцыянераў-народнікаў у духу радыкальных поглядаў М. Чар­нышэўскага. У.І. праводзіў даволі простую думку: ў этнічнай Польшчы рэй вялі «белыя», тады як у Літве і на Беларусі – «чырвоныя».

Дарэчы, з такой ацэнкай паўстання на Беларусі салідарызаваўся вядучы савецкі гісторык таго часу, акадэмік Міхаіл Пакроўскі (1868—1932). Гэта тым больш каштоўна, што ў сваіх агульных курсах па гісторыі Расіі ён не даваў дакладнай характарыстыкі паўстанню. Да рэвалюцыі ён казаў «пра ўчыніўшых рэвалюцыю 1863 года польскіх памешчыкаў», а пазней падкрэсліваў дробнабуржуазны характар паўстання.

Каб пераканацца ў слушнасці высновы У.І., дастаткова зазірнуць у Беларускую Савецкую Энцыклапедыю: 70 % удзельнікаў паўстання складалі дваране (галоўным чынам дробныя чыноўнікі, інтэлігенцыя з разначынцаў, малазямельная і беззямельная шляхта). I толькі 18 % – сяляне, галоўным чынам у Гродзенскай і Віленскай губернях. Такім чынам, асноўная маса беларускага сялянства за паўстанцамі не пайшла, нягледзячы на заклікі «Мужыцкай праўды» і ўлёткаў Каліноўскага.

***

У.І. прывёў характарыстыку зместу і ролі «Мужыцкай праўды» Каліноўскага, разгледзеў жыццёвы шлях, погляды, імкненні Каліноўскага і яго паплечнікаў.

У гэтай сувязі трэба адзначыць, што менавіта Ігнатоўскі вырашыў пасмяротна перайменаваць Вікенція Канстанціна Каліноўскага толькі ў Канстанціна, каб ён не выглядаў палякам. Верагодна, У.І. лічыў, што імя Вікенцій не беларускае, а польскае (на самай справе – каталіцкае). Вось такім чынам з’явілася новая форма найменавання Каліноўскага – Кастусь.

На самай справе ва ўсіх асабістых дакументах Каліноўскі заўсёды подпісваўся «Вікенцій Каліноўскі», бо калі ў католікаў два імені, то як звычай ужываецца першае. У афіцыйных дакументах і Пецярбургскага ўніверсітэта, і губернскага дваранскага сходу, і ў прыгаворы да пакарання смерцю ўжывалася толькі імя Вікенцій.

Тым не менш, легенда пра імя Кастусь, якую ўвёў у абіход Ігнатоўскі, жыве дагэтуль. Яна вельмі нагадвае гісторыю з «палепшаным» імем Францішка Скарыны, якога трэба абавязкова было ў 1940-я гады зрабіць праваслаўным беларусам, г. зн. Георгіем ці Юрыем. Усе гэтыя пасмяротныя перайменаванні з’яўляюцца адгалоскамі  русіфікатарскай палітыкі царызма на Беларусі.

***

Апісанню канкрэтных баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ўвесну 1863 года прысвечана ў манаграфіі толькі два раздзелы з 32: «Падзеі на Магілёўшчыне» і «Дзейнасць іншых паўстанцкіх груп на Беларусі вясною 1863 год».

Аднак скласці дакладную агульную карціну падзей на падставе пададзеных там звестак немагчыма. Гэта было абумоўлена тым, што і сам Ігнатоўскі і яго папярэднікі недастаткова працавалі з адпаведнай літаратурай. Некаторыя падзеі наогул засталіся невядомымі для іх. Між тым папулярныя часопісы «Вестник Северо-Западной и Западной России», «Исторический вестник», «Русская старина» ў 1870—1890 гг. друкавалі ўспаміны людзей, якія дзейнічалі з абодвух бакоў.

У тэксце шмат факталагічных памылак. Так, пры апісанні паўстання ў Магілёўскай губерні У.І. сканцэнтраваў сваю ўвагу толькі на аддзеле Людвіка Звяждоўскага. Пры апісанні ваенных дзеянняў на Міншчыне ўвесну 1863 г. колькасць паўстанцаў у Слуцкім павеце ён акрэсліў лічбай «каля 500 чалавек», што перабольшана не менш чым у 5 разоў у параўнанні з тым, што называецца ў дакументах. Пра Рамуальда Траўгута У.І. пісаў: «14 і 15 траўня адбываліся зацятыя бойкі з аддзелам Траўгута каля карчмы Міхаліны Віленскага павету. Аддзел Траўгута перакінуўся сюды з Горадзеншчыны». Між тым аддзел Р. Траўгута ніколі не дзейнічаў гэтак далёка на поўнач, а яго перакіданне з Кобрынскага, Слонімскага ці Пінскага паветаў у Віленскі было немагчымым з прычыны рэальнай сітуацыі ў рэгіёне. Траўгут дзейнічаў у Кобрынскім павеце і 14 (26) траўня быў разбіты аддзелам генерала Артура Эггера.

Асвятляючы заключны этап паўстання, фазу яго ліквідацыі, У.І. раскрыў не толькі ваенныя і рэпрэсіўныя меры, але і дакладна разлічаныя віленскім генерал-губернатарам М. Мураўёвым меры палітычныя, скіраваныя на ўстанаўленне кантактаў і міру з «белымі». Тыя, напалоханыя зданню «якабінскай» дыктатуры «чырвоных», таксама імкнуліся да прымірэння з царскім рэжымам.

***

Калі казаць пра прынцыповыя недахопы даследавання Ігнатоўскім паўстання, то перш за ўсё кідаецца ў вочы моцная палітычная ідэалагізаванасць яго прац, напісаных з пазіцый марксісцкай метадалогіі і савецкай ідэалогіі таго часу. Так, манаграфія, выддзеная ў 1930 г., пачынаецца з традыцыйных для савецкіх навуковых прац цытат і спасылак на творы Маркса, Энгельса і Леніна, а 10 старонак прадмовы ўвогуле прысвечаны агляду іх ацэнак і поглядаў на паўстанне.

Палітызаванасць аналізу У.І. праяўляецца так­сама ў ацэнцы ім ролі розных станаў грамадства ў паўстанні, якая даецца ў катэгорыях рэвалюцыйнасці ці контрэвалюцыйнасці. На­прыклад, ён аднабакова крытыкуе пазіцыю прывілеяванага стана (лагер «белых»), якія, на яго думку, «адразу пачалі граць у паўстанні контр-рэволюцыйную ролю».

Пры гэтым дваранства (у некарэктнай тэр­міналогіі У.І. – шляхта) з радыкальнай плыні ацэньваецца не менш крытычна:

«Чырвоныя па сваёй дробнабуржуазнай сутнасці пайшлі на згоду з контр-рэвалюцыяй, і дзякуючы гэтаму аграрная рэволюцыя правалілася».

Ва ўсіх сваіх публікацыях на тэму паўстання У.І. усялякім чынам выстаўляе наперад, фактычна «выпячвае», сялянскае (аграрнае) пытанне. І менавіта адносіны сялянства да той ці іншай падзеі (ці да паўстання ў цэлым) ён акрэслівае ў першую чаргу.

У шматлікіх выпадках У.І. ужывае разнастайныя словазлучэнні, выразы і іншыя формы тэксту, якія на сённяшні дзень варта акрэсліць як публіцыстычныя. Напрыклад, апісваючы дзейнасць аднаго з самых выбітных удзельнікаў паўстання ў Ковенскай губерні – ксяндза Антонія Мацкевіча (Антанаса Мацкявічуса), У.І. пісаў:

«Дробна-буржуазны рэволюцыянер, нават робячы рэволюцыю, атручвае масы імем бога ці цара, лічачы, што гэта дапамагае рэволюцыі».

Для У.І. характэрныя негатыўныя адносіны да ўсяго рэлігійнага, як да «опіуму для народу». Рэлігію ў цэлым ён прама называе «дурманом».

Падача матэрыялу паўсюду вядзецца праз марксісцкія катэгорыі класавасці, буржуазнасці, феадалізма, эвалюцыі/контррэвалюцыі і г.д.

Манаграфія заканчваецца крытыкай «польскай прамысловай і зямельнай буржуазіі»:

«Яна як у Польшчы, так i на Беларусі, Літве i Украіне з’яўляецца вернаю хаўрусніцаю расійскага царызму… Яна падтрымлівала расійскі царызм i пасля яго смерці ў асобах Дзянікіна, Урангеля, Калчака i іншых. Яна падтрымлівае яго i сягодня ў асобе эмігранцкіх, белагвардзейскіх асколкаў, якія знаходзяць цёплы прытулак як у Польшчы, так i наогул у “дэмократычнай” Заходняй Эўропе».

***

Але трэба адзначыць, што публікацыя ма­награфіі ў 1930 годзе была свайго роду подз­вігам, бо цкаванне Ігнатоўскага за яго погляды на беларскую гісторыю пачалося раней. Напрыклад, у чэрвені 1929 года адбылася адна з чарговых канферэнцый партыйных вучоных. На ёй акадэмік АН БССР Самуіл Агурскі (1884—1947) выказаў незадаволенасць тымі характарастыкамі паўстання, якія выказаў У.І., і заявіў:

«Кастуся Каліноўскага, які засведчыў сябе як паплечнік Герцэна, трэба было б ахарактарызаваць перадусім як польскага шавініста, калі б ён сапраўды напісаў тое, што яму прыпісвае Ігнатоўскі».

У 1940 годзе Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР выпусціў у свет зборнік «Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі». У яго другім томе 7-ы раздзел быў прысвечаны паўстанню 1863–1864 гг. Пра папярэдняе пакаленне даследчыкаў там было сказана:

«Польскія агенты, беларускія нацыянал-фашысты, імкнуліся паказаць, што нібы беларускі народ, у прыватнасці беларускае сялянства, паўстала сумесна з польскімі элементамі насельніцтва Беларусі супроць рускага ўрада і за паўстанцкі польскі ўрад. Такая пастаноўка пытання, як сведчаць публікуемыя тут новыя дакументы, з’яўляецца тэндэнцыйнай фальсіфікацыяй гістарычнай сапраўднасці».

Гэтая апошняя характарыстыка сама па сабе з’яўляецца фальсіфікацыяй, бо нідзе ў ма­награфіі Ігнатоўскага і ў іншых яго працах няма сцвярджэнняў пра «сялянска-польскі» саюз падчас паўстання. Наадварот, У.І. падкрэсліваў (нават празмерна) той факт, што сялянства ў цэлым не падтрымала ідэю паўстання.

***

Сёння да змешчаных у творах У.І. факта­лагічных звестак неабходна ставіцца крытычна з прычыны вялікай колькасці факталагічных памылак. Тым больш неабходна з асцярожнас­цю ставіцца да ацэначных меркаванняў з пры­чыны выразнай ідэалагізаванасці яго прац і публі­цыстычнага характару яго аўтарскіх пасажаў.

Аднак, улічваючы ўзровень развіцця даваеннай гістарыяграфіі, у заслугу Ігнатоўскаму варта паставіць наступнае:

– вызначэнне структуры даследаванняў, якую ў далейшым запазычылі наступныя гісторыкі;

– увядзенне ў навуковы ўжытак крыніц, не выкарыстаных на той час у навуковых распрацоўках;

– адкрыццё для айчыннай гістарыяграфіі вялікай колькасці асоб, што ўдзельнічалі ў паў­­станні 1863 г. (у манаграфіі маецца асабовы паказальнік).

Паўстанне 1863 г. з’яўляецца адной з самых вядомых, але разам з тым і неадназначных падзей у гісторыі Беларусі ХІХ стагоддзя. У сувязі з гэтым яно шматразова станавілася аб’ектам увагі з боку беларускіх даследчыкаў. Манаграфію «1863 год на Беларусі» сучасны гісторык Аляксей Кароль (1945—2015) цалкам заслужана назваў «першым у нашай нацыянальнай гістарыяграфіі грунтоўным навуковым даследаваннем паў­стання 1863—1864». З таго часу з’явілася шмат новых публікацый па тэме, аднак новага комплекснага даследавання паўстання ў беларускай гістарыяграфіі няма пасёння.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

У. Ігнатоўскі пакінуў прыкметны след у гісторыі Беларусі. Ён быў упэўнены ў тым, што прыцягнуць масы, сялянскую большасць насельніцтва рэспублікі да будаўніцтва новага жыцця можна, перш за ўсё, шляхам прапаганды ідэалогіі Кампартыі на роднай мове. Адсюль яго намаганні перавесці работу Наркамасветы БССР на беларускую мову, стварэнне пры Наркамасветы навукова-тэрміналагічнай камі­сіі для распрацоўкі нарматыўнай базы беларускай мовы; намаганні ў бок беларусізацыі ўсяго жыцця ў БССР;  стварэнне Інс­тытута беларускай культуры (Інбелкульта), потым на яго базе – Беларускай Акадэміі навук.

Ігнатоўскі не заўважаў, як паступова нарасталі зайздрасць і супрацьдзеянне правадзімай ім рабоце. Перш за ўсё супраць фарсіраванай, а таму ў многім прымусовай беларусізацыі.

Настойлівая рэалізацыя моўна-культурнага развіцця БССР гістарычна была апраўдана, але метады яе правядзення выклікалі незадаволенасць як рускамоўнай часткі насельніцтва, гэтак і яўрэйскай і польскай меншасцяў. Былі недахопы, у тым ліку істотныя, і ў яго навуковых працах.

Ігнатоўскі трагічна загінуў. Трагічны лёс спасціг і яго кнігі. Іх забаранілі і знішчылі, а некалькі асобнікаў на 60 гадоў арыштавалі ў спец­ховішчы. Тры пакаленні беларусаў былі пазбаўлены магчымасці вывучаць гісторыю Бе­ларусі па Ігнатоўскаму.

Памылкі і недахопы ў навуковых працах Ігнатоўскага, як і ў яго дзяржаўнай дзейнасці, належыць тлумачыць складанасцю грамадска-палітычнага жыцця 1920—1930-х гг. Грун­тоўнае, усебаковае даследаванне навуковай і творчай спадчыны славутага сына Камянеччыны яшчэ наперадзе. Але ўжо цяпер можна пагадзіцца з высновай А. Караля, што працы У. Ігнатоўскага каштоўныя «не толькі як факт беларускай гістарыяграфіі, але і як крыніца ведаў», як адзін з узораў метадалогіі даследчыцкага пошуку. Таму ёсць відавочная патрэба ў выданні збору яго твораў з грунтоўным навуковым каментарыем, які б адпавядаў сучаснаму ўзроўню развіцця гістарычнай навукі.

Аўтар: Анатоль Тарас,  серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.