Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Уладзіслаў Сыракомля: Лірнік зямлі беларускай

Уступ

Уладзіслаў Сыракомля перад усім быў патрыётам роднай Літвы:

Пра адно я толькі спяваю, хоць на розныя ноты:

Хай жыве наша Літва! Хай жывуць літвіны!

(Пераклад Кастуся Цвіркі)

Пад Літвой ён меў на увазе Беларусь, пад літвінамі — беларусаў. Мусіў, праўда, пісаць па-польску. Як гэта рабілі да яго і пасля яго некаторыя іншыя пісьменнікі. Мусілі рабіць, каб мець сваіх чытачоў. Іхнія ж чытачы (і Сыракомля тут не выключэнне) ў пераважнай большасці сваёй былі польскамоўнымі. Да ўсяго Сыракомля павінен быў дбаць аб тым, каб карміць сям’ю, якая чакала «вынікаў яго пяра». Тыя ж Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Арцём Вярыга-Дарэўскі, з якімі ён сябраваў, і ў параўнанні з ім больш пісалі па-беларуску, змаглі дазволіць сабе гэта толькі пасля таго, як паправілі сваё матэрыяльнае становішча.

Сыракомля заўсёды памятаў, што ён з’яўляецца сынам не Расіі, не Польшчы, а менавіта Літвы (Беларусі). Кажучы словамі Адама Мальдзіса, ягоны патрыятызм «быў лакальны, гэта значыць беларускі».

Дарэчы, пісаў Сыракомля і па-беларуску. На жаль, да нас дайшлі толькі два яго беларускіх вершы «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды…». Іншыя згубіліся. Уся ж ягоная творчая спадчына не ўмясцілася ў дзесяць тамоў, падрыхтаваныя ў 1872 годзе.

З палескіх гоняў

Сапраўднае яго прозвішча не Сыракомля, а Кандратовіч. Але такі псеўданім узяў сабе невыпадкова. Сыракомля — родавы герб сямейства Кандратовічаў.

Продкі спачатку былі не Кандратовічамі, а звычайнымі Кандратамі. Але з цягам часу сталі Кандратовічамі. Даследчык жыцця і творчасці Сыракомлі Уладзімір Мархель прыводзіць такія факты:

У канцы ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзя Кандратовічы (…) валодалі вёскай Кулікоўка ў Наваградскім павеце. Дзед паэта, Язэп, быў лідскім ротмістрам, а бацька, Аляксандр Каятан, нарадзіўся ў 1783 годзе ў Ляўкішках і быў ахрышчаны ў Начанскім касцёле, што знаходзіўся ў Лідскім павеце. Маці, Вікторыя Златкоўская, паходзіла са Случчыны, з не надта заможнай шляхецкай сям’і».

У сваім дзённіку паэт напісаў:

Нарадзіўся я ад бацькі Аляксандра і маці Вікторыі (са Златкоўскіх) Кандратовічаў… Паходжу з небагатай, але старой і пачцівай шляхты. У ліку маіх продкаў быў Канстанцін Кандратовіч, наваградскі падваявода пры Яне III. Іншыя мае продкі былі слугамі і прыяцелямі дому нясвіжскіх Радзівілаў, а адзін з іх (той жа Канстанцін) належыць да фундатараў нясвіжскай калегіі святаміхальскіх езуітаў. З боку мае бабулі я даводжуся сваяком Аляксандру Турскаму…

З боку дзеда — сваяком Тадэвуша Матушэвіча, слаўнага міністра скарбу. Дзядзькам маім быў Гіляры Кандратовіч, прафесар матэматыкі ў Вільні, аўтар вядомага ў свой час артыкула ў «Вулічных весцях» пад назваю «Пра фанфаронамэтра». Вось і ўсё, чым я магу пахваліцца з продкаў. Зрэшты (а гэтая рэшта найважнейшая) я паходжу з сямъі бездакорна пачцівай, чым не кожны з паноў графаў і князёў можа пахваліцца — няхай бы гэтая пачцівасць продкаў назаўсёды ў маіх грудзях асела і перайшла на маіх нашчадкаў…

Бацька Сыракомлі па прафесіі быў каморнікам. Назва каморнік паходзіць ад слова камора, прасцей кажучы — пакой. Займаліся каморнікі землеўпарадкаваннем. Здавалася б, без работы ніколі не застанешся. Толькі якой? Аляксандр Кандратовіч мусіў арандаваць зямлю ў абшарнікаў. Падоўгу на адным месцы не затрымліваўся. Стараўся знайсці што-небудзь лепшае.

Калі жылі ў фальварку Смольгаў, 29 верасня (па новаму стылю 11 кастрычніка) 1823 года ў маладой сям’і нарадзіўся сын, якога, як гэта было прынята ў каталікоў, назвалі трайным імем: Людвік Францішак Уладзіслаў. Апошняе з іх ён далучыў потым да свайго літаратурнага прозвішча.

Смольгаў адносіўся да Бабруйскага павета (сёння — вёска Смольгава ў Любанскім раёне Мінскай вобласці). Па словах самога Сыракомлі, гэта было «балоцістае Палессе». Аднак не споўнілася хлапчуку і двух гадоў, як Кандратовічы пакінулі Смольгаў. Пачалі арэндаваць фальварак Яскавічы ў Слуцкім павеце на беразе ракі Морач (цяпер гэта вёска ў Салігорскім раёне).

Тамашняя прырода вабіла сваёй прыгажосцю. Хуткаплынная рака Морач, высокія чараты, у якіх гнездаваліся розныя птушкі, заліўныя лугі, што летам радавалі сваім шматколерным дываном. Гэтыя малюнкі западалі ў душу ўражлівага хлапчука. Пазней паэт прыгадвау:

Першая мясціна, якую памятаю, гэта Яскавічы, фальварак на Палессі, які мой бацька тады трымаў — цяжка было не запомніць, бо палескія краявіды гэтакія характэрныя… Яшчэ перад маімі вачыма, дакладней, ва ўяўленні стаіць, як мы аднойчы доўга-доўга плылі на чоўне між чароту і лазы — пад намі быў залацісты пясок, а побач ляталі смелыя ясна-зялёныя стракозы.

А Людвік аказаўся ахвочым да пазнання свету. Да ведаў таксама. Ужо ў пяць гадоў навучыўся чытаць.

Вясной 1831 года — пераезд на новае месца, у вёску Кудзінавічы (яна знаходзіцца ў цяперышнім Капыльскім раёне). Мясціны тут не менш прыгожыя, чым у Яскавічах. Вакол дома быў вялікі сад, за ім — сажалка. А поруч кусціліся парэчкі. На гэты час прыпадаюць больш-менш сістэматычныя заняткі Людвіка з хатнімі настаўнікамі. Яны рыхтавалі яго да паступлення ў павятовую школу пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы. У гэты горад Людвік неаднаразова наведваўся з бацькам, маці і дзвюма сястрычкамі.

У краіне было неспакойна. Паколькі ішло паўстанне, то на дарозе, якая вяла ў Нясвіж, стаялі казацкія пікеты. Кожнага, хто праязджаў ці ішоў спынялі, высвятлялі, з якой мэтай накіраваўся ў горад. Ля самага ўезду ў Нясвіж, каля Слуцкай брамы вартаўнікі старанна правяралі дакументы. Затое ад Нясвіжа Людвік застаўся ў захапленні. Хоць на той час гэта быў невялікі горад, ды ён стаў першым, які хлопчык пабачыў у сваім жыцці.

Уступныя экзамены вытрымаў настолькі паспяхова, што ў канцы лета 1833 года адразу быў прыняты ў другі клас павятовай школы. Пра ягонае навучанне і жыццё ў Нясвіжы можна даведацца з вершаванай гутаркі (Сыракомля любіў гэты жанр) «Школьныя часы, новае апавяданне Яна Дэмбарога», напісанай у 1858 годзе. Галоўны герой — сам Сыракомля падчас ягонай вучобы:

У кляштары школа была, вучні ж дзесьці

Жылі на кватэрах — іх мелася з дзвесце;

Мястэчка пры возеры ціхім стаяла —

Люстэрка вады замка гмах адбівала.

У час мой вучнёўскі трымаў яшчэ замак

Даўнейшую святасць, а з ёю таксама

Дух грозных магнатаў, што спяць у касцёле —

Я труны іх бачыў пад змрочную столлю.

(Пераклад Кастуся Цвіркі)

Праўда, школу гэтую Людвік не скончыў. Царскія ўлады, напалоханыя паўстаннем 1830—1831 гадоў, занадта баяліся вольналюбства, таму поруч з іншымі навучальнымі ўстановамі ў 1835 годзе зачынілі і яе. Вучобу давялося працягваць у Наваградку, у той самай дамініканскай школе, у якой некалі вучыліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Але вучоба тут нічым яму асабліва не запомнілася. Прызнаваўся:

Пра гэтую школу мне няма чаго сказаць, ніякіх я не атрымаў у ёй уражанняў, ніякай навуковай карысці (пераклад У. Мархеля).

Засталося і такое сведчанне Сыракомлі:

У канцы маіх пасведчанняў значылася: здольнасці — добрыя, стараннасць — малая. І не таму, што я сапраўды быў гультаём, бо над удасканаленнем розуму працаваў пастаянна — але працаваў свабодна і не ў адпаведнасці з тымі правіламі, якія хацелі скаваць мой лоб (пераклад У. Мархеля).

Сітуацыя, можна сказаць, тыповая. Дапытлівы вучань, а менавіта такім з’яўляўся Сыракомля, які прывык шмат займацца самаадукацыяй, часта не ўпісваецца ў вучэбны працэс. Адсюль і не тыя вынікі, якія б ён мог мець, калі б да яго з боку выкладчыкаў назіраўся індывідуальны падыход. У 1837 годзе, скончыўшы пяць класаў школы ў Наваградку, вярнуўся да бацькоў, якія ўжо жылі ў фальварку Мархачоўшчына (сёння вёска ў Стаўбцоўскім раёне), што ўзялі ў арэнду ў 1834 годзе.

Смольгаў на Любаншчыне, Яскавічы на Случчыне, Кудзінавічы, што паміж Капылём і Нясвіжам, Мархачоўшчына пад Новым Свержанем, Тулёнка на Стаўбцоўшчыне і Залуча, а таксама Нясвіж і Наваградак, дзе выпала вучыцца, — вось тыя мясціны на Беларусі, з якімі зрадніўся Сыракомля за 20 гадоў да свайго першага выступлення ў друку ў 1844 годзе.

Юнак старанна дапамагаў сваім бацькам па гаспадарцы, хоць да гэтага і не надта ляжала яго душа. Прыгадваў у сваім дзённіку:

Маё жыццё было працавітае і цяжкае. Мяне прыставілі да гаспадаркі тады, калі прыродныя задаткі клікалі мяне да кнігі і пяра. Божухна! Чаго я не нацярпеўся, калі, пасланы назіраць за работнікамі браў з сабою кнігу, калі нечакана забягаў у пакой і садзіўся пісаць… (пераклад У. Мархеля).

Бацькі бачылі, што сын займаецца не тым, што вабіць яго. Але прыймальнага выйсця знайсці не маглі, хоць і былі не супраць таго, каб Людвік вучыўся далей. Вось толькі дзе? Віленскі ўніверсітэт быў зачынены. Заставалася шукаць якую-небудзь прыстойную работу ў горадзе.

Тым часам у 1840 годзе сям’я пераехала ў Залуча. (Сустракаецца напісанне Залучча. Але гэта няправільна. У часы Сыракомлі карысталіся першым варыянтам, дый па сённяшні дзень яго трымваюцца мясцовыя жыхары).

Ад колішняга фальварка ў Стаўбцоўскім раёне і следа не засталося, толькі ўстаноўлены мемарыяльны знак аб знаходжанні ў гэтых мясцінах Сыракомлі.

Нарэшце, у 1841 годзе бацька знайшоў 18-гадоваму сыну месца ў канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі. Аднак да гэтай работы Людвік не меў вялікай ахвоты. Яго паэтычная, надзіва эмацыянальная душа жадала чагосьці іншага, больш узнёслага.

Тым не менш, пераезд у Нясвіж даў плён. Кіраўнік канцылярыі Адольф Дабравольскі меў багатую асабістую бібліятэку, захапляўся літаратурай. Сябрам Сыракомлі стаў яшчэ адзін вялікі аматар кнігі Ян Рыхтар. Утрох яны праводзілі свайго роду імправізаваныя творчыя конкурсы, у час якіх кожны з сяброў намагаўся напісаць на загадзя агавораную тэму як мага больш дасціпны верш. Пераможцам станавіліся па чарзе.

А тым часам Людвік пісаў і тое, што пакуль не спяшаўся выносіць на суд іншых, хаваў нават ад Дабравольскага і Рыхтара.

У Нясвіжы ён жыў да жаніцьбы. На другі дзень пасля вянчання (узяў шлюб з пляменніцай Дабравольскага, 17-гадовай Паўлінай Мітрашэўскай) разам з жонкай выехаў у Залуча. Бацькі з сёстрамі Людвіка, каб не перашкаджаць ім, перабраліся ў суседні маёнтак Тулёнку, які ўзялі ў арэнду разам з Залучам.

Аб тым, якім было Залуча калісь, захаваліся сведчанні самога гаспадара. Пераканаўчы малюнак атрымаўся ў вершы «Пра маю старую хату». Штрых да штрыха, радок да радка і ажывае даўняе, зруйнаванае цягам часу:

За гарою за высокай

Леваруч дубы старыя.

Тут і Нёман цешыць вока,

Ён зялёны бераг мые.

А правей — як шляк, балота,

Вербалозы над дрыгвою.

А над імі і над слотай

На пяску гамоніць хвоя.

(пераклад Уладзіміра Дубоўкі).

Яшчэ колькі крокаў ступіш і апынешся ля пабудоў, якія далі прытулак Людвіку і яго маладой жонцы:

Паркановай трапіш вулкай

Да старой пахілай хаты.

Да зямлі яе прыгнула,

Мох страху закрыў і латы.

Цераз шчыліны ў драніцы

Можна немаль бачыць неба,

Гэта ўсё — мая святліца,

Лепшай мне нідзе не трэба.

Астракол, нібы на варце,

Каля весніц, перад ганкам.

А у аградачцы, пры хаце,

Густалісты бэз альтанкай.

Праз аградку бачыш поле,

Як плыве здалёку Нёман.

А пры шчытным астраколе

Ля вулля — пчаліны гоман.

Тут маё ўсё ў агародзе,

Хоць убога ў ім і дзіка.

Тут я ў радасці, і ў нягодзе

З рукапісам і матыкай.

Больш поўнае ўяўленне пра колішняе Залуча і яго ваколіцы можна атрымаць з нарыса Вінцэся Каратынскага «Карціны з берагоў Нёмана:

Залуча ляжыць на спадзе значнага, у некалькі сот футаў узвышша, нахіленага з поўначы на поўдзень, да рэчышча Нёмана, ад якога аддзяляе яго невялікі кавалак гразкага балота, зарослага старым алешнікам і лазою (…) Гэта ўзвышша, што ўяўляе сабою наслаенне чыстага пяску, у ніжэйшай сваёй частцы, дзе прытуліўся фальварак, людскім умельствам і цярплівасцю ператворана ў грунт, прыдатны для вырошчвання бульбы, буракоў і капусты; сумняваюся, каб яшчэ для чаго-небудзь, хіба касачоў, сланечніку ды вяргіняў, пасаджаных маладою жонкаю Кандратовіча. На самай высокай частцы ўзвышша, яе радзівілаўскае кіраўніцтва свядома лічыць фальварковымі маргамі, — толькі пясчаныя выдмы з купкамі ядлоўцы і бяссмернікаў.

(…) З усходу цячэ невялікая, але па-ранейшаму працавітая і хлебадайная — бо прыводзіць у рух два млынавыя камяні — рака Ячонка (…) На поўдні — сам Нёман, вузкі ў гэтым месцы і наўздзіў звілісты (…). З захаду ўзпадае ў Нёман даволі значная рака Саула (…) Вось і ўвесь чатырохкутнік часовага Кандратовічавага Залуча: тры ракі, шмат пяску, трохі глею і незлічоная колькасць усякіх дзікіх раслін, за якія, паводле тэорыі Кандратовіча, развітай ім у «Хатцы ў лесе», «неблагія грошы можна ўзяць у аптэцы (…) Мірскай — калі пажадаюць купіць (пераклад У. Мархеля).

З Каратынскім, тады маладым вандроўным настаўнікам, яны пазнаёмяцца крыху пазней, у 1850 годзе, і Людвік запросіць яго пераехаць у Залуча, зробіць сваім сакратаром-памочнікам. А пакуль што маладой сям’і давялося і абжывацца, і вучыцца самастойна весці гаспадарку. Спярша дапамагалі бацькі, але хутка давялося разлічваць толькі на свае сілы, дый дапамогу тых, каго нанялі, каб падтрымліваць у фальварку парадак. Пазней Сыракомля напісаў пра Залуча:

…ваколіца цудоўная для звыклага з ёю вока, але пустынная для чужынца, у якога няма ўспамінаў, звязаных з гэтай мясцінай, які не мае ніякага ўяўлення пра асаблівасці спеву тутэйшых салаўёў, пра пошум тутэйшага ветру.

Ён рабіў захады, каб прыдбаць сваю ўласную зямлю. Няхай і невялікі кавалак. На жаль, гэтае жаданне не ўдалося ажыццявіць. Адна з прычын таму, што сябры (Юзэф Крашэўскі, Адам Плуг, вядомы мастак Вінцэнт Дмахоўскі, Рамуальд Падбярэскі) раілі яму перабірацца ў горад. Магчыма, і затрымаўся б у фальварку, калі б не страшнае гора, якое напаткала сям’ю. На працягу тыдня адна за адной паўміралі тры маленькія дачкі!

Трэба было ехаць, абавязкова ехаць, каб на адлегласці хоць крыху супакоіўся бацькоўскі боль:

Не меў я сілы праз мае горкія ўспаміны жыць далей у вёсцы, у мясціне, дзе калісьці жыццё працякала болей шчасліва, перанёсся я ў горад з надзеяй, што, дзе больш людзей, больш кніг, там мне будзе лепш і працаваць і адпачываць (пераклад У. Мархеля).

Ды з абжытага месца скрануцца нялёгка. Зборы ў дарогу занялі нямала часу, толькі ў верасні 1852 года Людвік з жонкай і трохгадовым сынам Уладзікам накіраваўся ў Вільню. Назаўсёды развітаўся са стаўбцоўскай зямлёю. Праўда, зазірне сюды ён яшчэ ў 1853 годзе, на каталіцкія Каляды, пабывае ў бацькоў у Тулёнцы і паедзе… Гэтым разам — назаўсёды.

У Вільні спыніўся ў доме Мілера, цесця кампазітара Станіслава Манюшкі, а крыху пазней, па прыездзе Каратынскага, знялі кватэру. Раз на тыдзень Сыракомля пачаў праводзіць у сябе літаратурныя вечары. Жадаючых пабываць на іх знаходзілася шмат. Такія кантакты яму падабаліся. Але, тым няменш, у Вільні ўсё ж адчуваў сябе чужым. Прывык штодня быць на прыродзе. Таму доўгае знаходжанне ў чатырох сценах гняло. Калі дагэтуль рваўся ў горад, дык цяпер хацелася ў вёску. Толькі і думаў пра тое, каб знайсці якое-небудзь месца, куды можна было б пераехаць з Вільні.

Нарэшце даведаўся, што граф Тышкевіч здае ў арэнду фальварак Барэйкаўшчына. Знаходзіўся ён па дарозе з Вільні ў Ашмяны. Дый гаспадар не шмат грошай прасіў за арэнду. Давялося спыніць выбар на Барэйкаўшчыне. Звычайная драўляная хата з шырокім ганкам, афіцына. Хоць, калі агледзеўся на новым месцы, настрой крыху ўзняўся. Перабраўся сюды з сям’ёй у красавіку 1853 года, калі сама бралася ў сілу вясна. Двор пакрываўся свежай травой, а неўзабаве з’явіліся сярод яе кветкі. Разам з тым зразумеў, што жыць у Барэйкаўшчыне будзе не так і лёгка. Свае першыя ўражанні засведчыў так:

Жыллёвы дом невялікі, але дагледжаны; з акна далёка відаць вёскі, замглёныя лясы і ўзгоркі, вялікі сад; народ працавіты, цвярозы і сумленны; на сценах некалькі дзесяткаў карцін, у шафах некалькі соцень добрых кніжак. Чаго ж тут болей трэба? Долі і хлеба! Першай мне ад нараджэння не дадзена, а другі тут цяжка здабыць, бо хоць зямля і ўрадлівая, але яе тут — вельмі шчуплы кавалачак. Да таго ж тут — невялікая колькасць рук, не хапае работнікаў. Усё гэта не дазваляе ўзняць гаспадарку на належны ўзровень (пераклад К. Цвіркі).

Жаданага душэўнага супакаення ў Барэйкаўшчыне ён не знайшоў:

…з таго часу так і разрываўся Сыракомля паміж горадам і вёскай, паміж Віленшчынай і Прынямоннем, выказваючы ў сваёй паэзіі і краязнаўчых працах сум па родных мясцінах (У. Мархель).

Пра гэта згадвае і ён сам у адным з вершаў:

Тут не мае ні дом, ні глеба,

Што родзіць хлеба небагата;

Мая тут толькі сінеч неба,

Якая ўзносіцца над хатай.

(Пераклад У. Мархеля)

***

У 1856—1858 гг. паэт неаднаразова выязджаў у Варшаву, а таксама ў Познань, якая тады ўваходзіла ў склад Прускага каралеўства.

Сыракомля ніколі не хаваў сваіх дэмакратычных грамадска-палітычных поглядаў. Але звычайна выказваў іх толькі сярод блізкіх сяброў і знаёмых. Выключэннем стаў урачысты абед, наладжаны ў гонар яго падчас знаходжання ў пачатку чэрвеня 1858 года ў Познані. На ім паэт выступіў з імправізаваным вершаваным тостам, у якім прагучалі патрыятычныя матывы. Змест гэтага вітання супаў з настроем прысутных і яны адарылі выступоўцу шчодрымі воплескамі.

А ў вечары Сыракомля пайшоў у тэатр, каб паглядзець прэм’еру спектакля па сваёй п’есе «Хатка ў лесе». Гледачы вельмі ўзрадаваліся ягонаму з’яўленню, а пасля спектакля выклікалі на сцэну і ў прамым сэнсе гэтага слова засыпалі кветкамі. Вітаючы ж яго, яны не хавалі сваіх патрыятычных пачуццяў.

Падумаць не мог «лірнік вясковы» што і на ўрачыстым абедзе, і на спектаклі прысутнічаў той, хто пашле ў Пецярбург адпаведнае данясенне. Адтуль прыйшоў загад устанавіць тайны паліцэйскі нагляд за паэтам.

Сыракомля ж, нічога не ведаючы, падарожнічаў у ваколіцах Познані, пабываў у Курніку, дзе захоўваліся даўнія кніжныя і рукапісныя зборы. Пасля паехаў у Кракаў і Львоў… А пад канец жніўня ізноў быў у Барэйкаўшчыне, дзе ўжо не заспеў у жывых хворага бацьку…

Вяртанне ў Барэйкаўшчыну супала з прыездам у Вільню са світай цара Аляксандра ІІ. Новы расійскі правіцель стараўся паказаць сябе лібералам-рэфарматарам. Многія верылі яму і ўскладалі на новага манарха вялікія спадзяванні. Але ў Сыракомлі асаблівых ілюзій наконт дзейнасці цара не было, таму ён не прысутнічаў сярод тых, хто вітаў Аляксандра ІІ.

Затое ён аказаўся першым, хто пакінуў запіс у альбоме паэта Арцёма Вярыгі-Дарэўскага (1816—1884), які завітаў у Вільню праз паўтара месяцы пасля знаходжання ў ёй расейскага цара. Вярыга-Дарэўскі быў блізкі Сыракомлю па духу, як і ўсе тыя, з кім ён сябраваў ці падтрымліваў добрыя стасункі. Людзей выпадковых сярод іх не было.

Тым часам паліцыя раскручвала справу Сыракомлі. У выніку ён стаў «невыязным». Праўда, змог абыйсці віленскія ўлады і пашпарт для новай паездкі ў Польшчу атрымаў у красавіку 1861 года ад ковенскага губернатара. Пабываў у Ломжы і Варшаве. Аднак на зваротным шляху быў арыштаваны ў Сувалках і зняволены ў віленскай турме, дзе пратрымалі амаль месяц.

У студзені 1862 году адпусцілі, дазволіўшы да заканчэння следства жыць у Барэйкаўшчыне пад наглядам паліцыі. Невядома, чым усё кончылася б, калі б не прагрэсіруючая хвароба — сухоты лёгкіх. Лячэнне ў Вільні не дапамагло. 3 верасня (па новым стылі 15 верасня) 1862 года Сыракомля памёр у доме № 3 па цяперашняй вуліцы Барбары Радзівіл (Barboros Radvilaitės g.). Было яму 39 гадоў.

Хавалі паэта праз тры дні на віленскіх могілках Роса. Праводзіць «лірніка вясковага» ў апошні шлях сабралася, па розных звестках, ад 6 да 10 тысяч чалавек. Многія прыехалі нават з суседніх губерняў, каб аддаць пашану аднаму з тых, хто стаў выдатным песняром свайго народа. Пахаванне ператварылася ў вялікую нацыянальна-патрыятычную антыўрадавую маніфестацыю. Нагадаем, што да паўстання 1863 году заставалася крыху больш чатырох месяцаў…

Калі пахавальная працэсія накіравалася ў бок могілак, нечакана высока ў небе з’явіўся клін журавоў. Птушкі быццам разумелі незваротнасцсь страты і іх жалобная курлыканне, як здавалася прысутным, вось-вось ператворыцца ў плач. Але плакалі яны самі, а журавы ляцелі ўсё далей і далей, хутка зусім растаўшы ў асеннім небе — там, куды памкнулася душа нябожчыка.

Расейскі пісьменнік Мікалай Ляскоў (1831—1895), які пабыў у Вільні неўзабаве пасля пахаванняў Сыракомлі, пісаў, што на пахаванні «была почти вся Вильна», і ацэньваў паэта такім чынам:

Сырокомлю знают не только в Литве и Польше, но и вообще во всех славянских землях, и где его знали, там его любили за его симпатический талант и неуклонно честное направление. Он никогда не искал ничьих милостей, и очень мало заботился, или, лучше сказать, совсем не заботился о своей репутации. Он не обладал искусством маскироваться, и не умел скрывать своих слабостей, которые, впрочем, не приносили никакого вреда никому, кроме самого покойного, много и много пострадавшего в своей жизни.

На двухпавярховым будынку, дзе памёр паэт, над варотамі ўмураваная мемарыяльная табліца на польскай мове.

Радасць і горыч каханння

Сыракомля знаходзіўся ў сяброўскіх адносінах з этнографам, археолагам, публіцыстам і гісторыкам літаратуры, а да ўсяго яшчэ і выдаўцом Адамам Кіркорам (1818—1886), які быў жанаты на актрысе Гелене Маеўскай. Часта бываў у яго дома, неаднаразова сустракаўся і з ягонай жонкай. Але, як гэта бывае нярэдка, сяброўства неўзабаве перарасло ў каханне.

Ёсць розныя тлумачэнні таму, чаму так адбылося. Безумоўна, Сыракомля імпанаваў ёй, бо ў Маеўскай была паэтычная натура, а тут сапраўдны паэт. Хоць ўсё ж, бадай, трэба згадзіцца, што чужая душа поцемкі. Асабліва калі гэта тычыцца такога загадкавага пачуцця, як каханне.

Пазнаёміліся яны яшчэ ў 1854 годзе, калі Сыракомля пачаў наведвацца ў гасцінны дом Кіркора ў Вільні, дзе праходзілі літаратурныя чытанні. Калі пакахалі адзін аднаго — невядома. Але калі ў 1857 годзе Кіркор паехаў у Пецярбург, каб дабіцца дазволу на выданне «Тыгодніка літэрацкего віленьскего», пасля гэта апынуўся ля разбітага карыта. Мала таго, што не атрымаў дазволу на выданне, дык яшчэ не заспеў дома жонку.

Як высветлілася, Гелена з Сыракомлем знайшлі прытулак у сваіх знаёмых, дзе ім ніхто не перашкаджаў быць удвух. Справа закончылася тым, што Маеўская разышлася з мужам і выехала ў Кракаў, які на той час знаходзіўся ў складзе Аўстрыі.

Улетку 1858 года Людвік ездзіў да каханай у госці, а месцам сустрэчы яны выбралі Познань, тады гэта была тэрыторыя Прусіі. Дый іншыя паездкі не абыходзіліся без жадання вырвацца з атмасферы, дзе цябе ледзь не ўсе асуджаюць. А менавіта так і сталася ў Вільні, калі абывацелі даведаліся аб сувязі Маеўскай і Сыракомлі. А што ўжо казаць пра тое незайдроснае становішча, у якім апынулася яго жонка Паўліна.

Пра каханне Малеўскай і Сыракомлі хораша расказаў Адам Мальдзіс у сваім творы «Восень пасярод вясны», жанр якога вызначыў як «аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў». Ён менш за ўсё схільны інтрыгаваць чытача пікантнымі падрабязнасцямі. Іх у творы няма. Аповесць гэтая — глыбока псіхалагічны твор. Сюжэтная лінія пададзена такім чынам, што знаходзіцца месца і роздуму самога Сыракомлі, і лістам да яго Гелены, і развагамі пра іх іншых персанажаў. Да гэтай гісторыі, паводле аўтарскай задумы, далучаны нават Кастусь Каліноўскі. А. Мальдзіс піша:

…супраставіўшы розныя друкаваныя і рукапісны крыніцы, прыйшоў да вываду, што Сыракомля, і Каліноўскі, і Маеўская ўсё ж маглі сустрэцца ў Анеліне на пачатку красавіка 1861 года. І паводзіць сябе так, як апісана ў аповесці.

Каханне Малеўскай і Сыракомлі — гэта, як заўсёды ў падобных выпадках, не толькі свята. Знаходзіцца месца і горычы, расчараванням, сумненням. Вось прыклад — развагі Сыракомлі ў сувязі з лістом ад Гелены:

Божа мой! Каб тваё пісьмо ды прыйшло з год назад, калі ён сам слёзна прасіў яе не абрываць сяброўства, — сканаў бы ад радасці, ад прадчування новай сустрэчы, новай асалоды! А сёння? Ніякай радасці. Толькі прыкрасць: няўжо цяпер, калі крыху вярнуўся спакой у сэрца, а пяро ў рукі, калі Паўліна, забыўшы пра ўсё, пачала пра яго клапаціцца, як пра малое дзіця, — няўжо цяпер зноў пачынаць усё спачатку?!

У Вільні многія з тых, хто ведаў Сыракомлю, даведаўшыся пра ягоныя ўзаемаадносіны з Геленай, па сутнасці адвярнуліся ад яго. Затое іншая атмасфера панавала ў Мінску, дзе ён меў нямала добрых сяброў, сярод якіх быў і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Яны з разуменнем паставіліся да яго моцнага кахання і, як толькі маглі, дапамагалі. І не толькі маральна. Сабралі грошай, каб Сыракомля змог выдаць сваю паэму «Стэла Фарнарына». У гэтым творы апяваецца непрадсказальнае каханне, што вымушана прайсці праз многія перашкоды. Сыракомля расказаў пра любоў знакамітага мастака Рафаэля да простай дзяўчыны. Усе тады асуджалі выдатнага майстра.

Аднак час паставіў усё на месца. Нашчадкі пачалі ўслаўляць Фарнарыну, бо каханне да яе натхніла Рафаэля на новыя творы, стала для яго сапраўдным мастакоўскім азарэннем.

Гэтаксама і каханне Сыракомлі да Гелены Маеўскай не прайшло бясследна. У яго з’явіліся новыя цікавыя творы. Праўда, лёс з Геленай ён так і не звязаў, хоць яна і развялася з мужам. Вярнуўся ў сваю сям’ю.

А што яны моцна кахалі адзін аднаго, сумнявацца не даводзіцца. Пра гэтак сведчыць нават тое, што Гелена, каб болей пабыць з Людвікам, у час спектакля, дзе па ходу дзеяння адбывалася «самагубства», свядома параніла сябе.

Аднак каханне было азмрочана непрадбачанымі абставінамі. Сыракомля даведаўся аб цяжкай хваробе бацькі і павінен быў тэрмінова вяртацца назад. Але ў жывых яго ўжо не заспеў. Не ведаў і таго, што больш ніколі не давядзецца пабачыцца і з Геленай. У самога пачалася дэпрэсія, далі знаць аб сабе сухоты.

Цікавы такі момант. З Кіркорам яны засталіся сябрамі. Больш за тое, у 1860—62 гады Сыракомля быў сталым супрацоўнікам газеты А. Кіркора «Віленскі веснік». Відаць, Кіркор зразумеў, што ён толькі паскорыў іхні развод. У яго даўно з Геленай ужо былі нацягнутыя адносіны. Не ў апошнюю чаргу з таго, што не мелі дзяцей.

Увогуле ж, уся гэтая гісторыя магла б стаць сюжэтам цікавага мастацкага фільма. Толькі не слязліва-сентыментальнага, а рэалістычнага, бо тое, што адбывалася паміж Маеўскай і Сыракомляй ніяк не аднесеш да любоўных прыгод. Проста дзве надзіва паэтычныя натуры прагнулі адзін аднаго і абедзьве, як гэта не дзіўна, ва ўласных сем’ях адчувалі сябе адзінокімі. Не ставала ім з боку блізкіх духоўнага разумення. Адсутнічала тая душэўная аддушына, удыхнуўшы паветра якой лягчэй становіцца на сэрцы, хочацца жыць і працаваць.

Знаходзячыся разам, яны кахалі па-сапраўднаму. Сыракомля, думаецца, у большай ступені. Калі Паўліна для яго ў асноўным заставалася ўсё ж маці ягоных дзяцей, то Гелена была тым светам, які здатны прыносіць шчасце. Таму ён і імкнуўся наталяцца ім, наколькі гэта было магчыма.

Вывучэнне гісторыі роднага края

Першая нататка пра мінулае Нясвіжа была змешчана ў «Старажытнай Польшчы» гісторыка Міхала Балінскага за 1846 год. Тым самым Сыракомля паклаў пачатак сваім гісторыка-культурным даследаванням. Зроблена гэта было ў Залучы. Пазней, у Барэйкаўшчыне, сумуючы па мясцінах сваёй маладосці, Сыракомля напісаў гістарычна-краязнаўчую кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» і нарыс «Мінск». Зрабіць гэта яму дапамагло «набранае ў запас залучанскае паветра».

Захопленасць вывучэннем гісторыі свайго краю была ў Сыракомлі амаль роўная паэтычнаму натхненню, а крыніцай яго творчай энергіі заўсёды была бязмежная любасць да тутэйшай зямлі. Многiя творы Сыракомлі (да прыкладу, тыя ж «Вандроўкi па маiх былых ваколiцах», «Манаграфiя ракi Нёман») прасякнуты абвостраным пачуццём гэтай любовi. Ён пiсаў:

Заўсёды мне здавалася што нельга палюбiць Мацi-зямлю родную без уважлiвага вывучэння ўсяго яе аблiчча. Навучыцца бачыць iскру, што ўпала з яе павек, плакаць яе слязьмi, якiя з вачэй яе цяклi або цячы маглi, нават з любасцю лiчыць маршчыны на яе твары — усё гэта абавязковыя ўмовы любовi. Даследаваць нашу родную зямлю ў гiстарычных, прыродных, этнаграфiчных, археалагiчных, геаграфiчных адносiнах — гэта, здаецца, вельмi просты вынiк таго, што прынята называць любасцю да радзiмы.

«Вандроўкі…» па-сённяшні дзень цікавыя звесткамі пра гарады і мястэчкі заходняй часткі цэнтральнай Беларусі. Каторы раздзел ні возьмеш— «Фальварак Залуча», «Дарога ў Мір», «Хроніка мінулага Нясвіжа», «Дарога ў Свержань», «Стоўбцы», «Койданаў» — гэта ўсё адкрывае фіранку часу, дазваляе, убачыўшы блізкую Сыракомлю сучаснасць, сягануць ў глыбіню стагоддзяў, перагарнуць іхнія пласты, каб убачыць тое, што даўно пакрылася павалокай часу, але яно варта нашай памяці, бо гэта часцінка тутэйшай гісторыі.

Прыцягваюць этнаграфічныя апісанні сялянскага побыту, за якімі таксама паўстае Беларусь. Як быццам і звычайная, нават можна сказаць будзённая, але без гэтай побытавасці немагчыма адчуць тое, што дазваляе лепш зразумець сам народ як нацыю.

«Колішнія ваколіцы» — гэта найперш «ваколіцы» Сыракомлевай памяці, але ў пэўнай ступені яны і «ваколіцы» душы беларусаў, тое, што дазваляе ўдыхаць паветра Бацькаўшчыны, у якіх бы краях ты ні знаходзіўся б, куды ні патрапіў. У «Вандроўках…» Сыракомля знайшоў патрэбным падкрэсліць, наколькі народ па сваіх маральных якасцях стаіць вышэй тых, хто павучае яго і эксплуатуе. Але гэтыя развагі былі выкраслены рукой цэнзара, у чым пераканаўся Кастусь Цвірка, які знайшоў ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Летувы першапачатковы варыянт нарыса.

Вось тое, што было знята пільным цэнзарам:

І не адно мужыцкае імя добра было вядома праз вякі ў сваёй ваколіцы, пакуль не з’явіліся імёны і гербы магнатаў. Калі б народ наш лепей помніў мінулае, калі б разумеў ідэі так званай гістарычнай арыстакратыі — як бы ён пасмяяўся з нашай пыхі, з таго, што мы ганарымся старажытным, трыста гадоў назад атрыманым гербам, ён, што тысячы год налічвае ў сваёй генеалогіі…

Наш селянін не піша і не чытае гісторыі, але, верачы, ў якое-небудзь сваё вясковае паданне, з пагардай паглядае на шляхецкую расу, інстынктыўна адчуваючы, што мы — прыхадні адкульсьці, а ён — тутэйшы жыхар і гаспадар тутэйшае зямлі. (Пераклад К. Цвіркі)

Міжволі згадваецца верш Сыракомлі «Пілігрым», напісаны ўжо пасля таго, як паэт назаўсёды развітаўся з Залучам:

О старонка любові! Мой родны закутак!

Калі віхор жыцця мяне носіць па свеце,

То няхай ён паветрам тваім запасецца

І напоўніць ім грудзі мае да глыбіняў,

Каб змог я патроху ўздыхаць нам чужыне.

(Пераклад У. Мархеля)

Дыханне «залучанскага паветра» адчуваў ён, калі браўся і за напісанне гісторыка-краязнаўчай манаграфіі «Мінск». «Вандроўкі…» яшчэ друкаваліся, але яму хацелася пашырыць прастору «колішніх ваколіц», расказаць пра сталіцу Мінскай губерні. Каб сабраць больш гістарычных фактаў, дый лепш пазнаёміцца з самім горадам, Сыракомля двойчы наведваўся ў Мінск.

Абодва разы знайшоў тых, хто ўзяўся ахвотна дапамагчы яму. Гэта былі людзі, дасведчаныя ў веданні мінскай даўніны. Зімой 1854 года свайго роду гідам яго стаў аматар-гербазнаўца Міхаіл Гаўсман (1817—1889), а ў чэрвені наступнага года Сыракомлю суправаджаў мастак і пісьменнік Адам Шэмеш (1808—1864). Ён жа паклапаціўся пра тое, каб у Вільню Сыракомле было даслана «Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам», якое выдалі ў 1848 годзе.

Калі ж манаграфія публікавалася ў двух нумарах часопіса «Тeka Wilenska», высвятлілася, што у рэдакцыю пачалі паступаць водгукі чытачоў, якія сведчылі аб іхняй цікавасці да гісторыі свайго горада. Саветнік губернскага праўлення Зыгмунт Заштаўт нават выступіў у газеце «Минские губернские ведомости». Праўда, падпісаўшыся крыптонімам NN. Гучалі ў гэтай публікацыі, аднак, і папрокі Сыракомлю. Маўляў, ён аддаў перавагу Мінску перад сталіцаю краю Вільняй.

Свае развагі З. Заштаўт паслаў і аўтару. Той даў яму годны адказ, з якога відаць, што Сыракомля належаў да тых даследчыкаў, якія ў працы сваёй ўмеюць адрозніваць выпадковае, другаснае ад галоўнага, разумеючы, што дзеля агульнай справы неабходна адмовіцца ад дробязных прыдзірак, тым больш высвятляць, хто больш любіць сваю Радзіму:

Ці магу я гневацца, што падазраяце мяне ў аддачы перавагі Мінску перад Вільняю? Мінск я люблю як сталіцу правінцыі, дзе я нарадзіўся, Вільню — як сталіцу майго краю, не ўмею адрозніваць адной любові ад другой. Зрэшты, палеміка пра тое, хто болей любіць край, да дрэнных вынікаў прывесці не можа. Калі б мне загадалі абавязкова на вас гневацца і дазволілі накласці кару, то я пакараў бы вас жаданнем дасылаць мне ўсе свае артыкулы пра Мінск.

З гэтым адказам З. Заштаўту пераклікаюцца развагі Сыракомлі з «Уступнага слова» да нарыса «Нёман ад вытокаў да вусця»:

Я заўсёды лічыў, што нельга палюбіць родную маці-зямлю без глыбокага і шырокага пазнання ўсяго яе аблічча. Навучыцца глядзець у іскру, што злятае з яе век, плакаць слязьмі, што льюцца з вачэй ці ліцца маглі, нават лічыць з любоўю маршчынкі на высакародным абліччы — вось прыкметы любові. Вывучаць нашу родную зямлю ў адносінах гістарычных, прыродазнаўчых, этнаграфічных, археалагічных, геаграфічных гэта, як мне здаецца, толькі нязначны вынік таго, што звычайна завецца любоўю да бацькаўшчыны. Бо як жа любіць, як жа аддаваць кроў за тое, чаго не ведаеш і не разумееш? (пераклад К. Цвіркі).

На карысць таго, што «Мінск» — не звычайны гісторыка-краязнаўчы нарыс, а менавіта манаграфія, сведчыць тое, што Сыракомля ў гэтай працы глыбока раскрыў гісторыю Мінска, расказаў пра быт і заняткі сучасных яму мінчан. Адштурхоўваючыся ад фальклору, паказаў культуру даўніх жыхароў горада.

Дапытлівым даследчыкам ён выступіў, калі ўдакладніў нават аўтара «Гісторыі дзяржавы расійскай» Мікалая Карамзіна, які сцвярджаў, што ў 1067 годзе бітва Усяслава Чарадзея адбывалася на рацэ Нёман. У сапраўднасці яна была на Нямізе. Не абышоў Сыракомля ўвагай і «Слова аб палку Ігаравым». Па ягонаму меркаванню гэты славуты літаратурны помнік усходне-славянскага пісьменства напісаны на «царкоўнабеларускай мове», «на той самай мове, на якой спявае свае песні наш народ у час жніва ». Больш за тое, на думку «лірніка вясковага», аўтар «Слова аб палку Ігаравым» — мінчанін», а вешчы Баян з’яўляўся ягоным папярэднікам і жыў у Мінску.

Аднак і пасля выдання манаграфіі «Мінск» Сыракомля працягваў збіраць матэрыялы, якія б дазволілі шырэй і глыбей зірнуць на гісторыю сталіцы губерні. Ёсць меркаванні, што дапоўненае выданне яе павялічвалася б у аб’ёме ажно на 80 адсоткаў. Але ўсё гэта засталося толькі ў рукапісе і недзе згубілася.

Затое з’яўленне «Мінска» паспрыяла актывізацыі намаганняў грамадскасці ў вывучэнні гісторыі свайго горада. Шмат паўплывала на гэта тое, што чалавекам зацікаўленым выступіў рэдактар «Минских губернских ведомостей» Павел Малышэвіч. Кіруючыся тым, што«гісторыя і паданні айчыны не могуць быць чужыя адданаму сваёй радзіме», ён у адным з нумароў газеты выказаў упэўненасць:

…знойдуцца бескарыслівыя дзеячы, якія ахвотна прысвецяць вольныя хвіліны даследаванню мінулага і назіранням над сучаснасцю.

Павел Малышэвіч заахвочваў чытачоў прысылаць у рэдакцыю «нават кароткія нататкі па мясцовай гісторыі, этнаграфіі, статыстыцы і інш.» Дый сам паказваў прыклад, публікуючы свае матэрыялы па гісторыі Мінска. Паміж Малышэвічам і Сыракомлем хутка ўзніклі прыяцельскія стасункі. Дзякуючы падтрымцы Сыракомлі Малышэвіч змог друкавацца і ў польскай перыёдыцы. Гэта былі не толькі гістарычныя матэрыялы, а і нататкі, што расказвалі пра культурнае жыццё Мінска.

У прыватнасці, у карэспандэнцыі ад 9 ліпеня 1855 года, змешчанай у «Dzienniku Warsawskim», расказваецца пра тое, што Сыракомля прысутнічаў 5 чэрвеня на вечарыне ў доме драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808—1884), на якой вітаў яго гаспадара. Дуніна-Марцінкевіча, як вядома, часам называлі Навумам — ад імя персанажа ягонай «Ідыліі» Навума Прыгаворкі.

Менавіта гэты зварот у сваім вершы «Тост у доме В. Марцінкевіча» выкарыстаў Сыракомля:

Шчаслівы той, каго любоў братоў акружыць блізка,

Вось так, як я, прыязню шчырай вашай сёння ў Мінску,

Як я цаню хвіліны гэтыя, паверце!

За нізку вершаў маю столькі братніх сэрцаў.

(…)

Сёння тут за сталом і Навум мой харошы,

Сэрца ж маё ледзь толькі расчуліцца можа,

Песня мая здольна ледзь на ноты слабыя:

Хай жыве родны Мінск наш, браты дарагія!

(Пераклад Міхася Машары)

Хто прысутнічаў на гэтай вечарыне, Малышэвіч у сваёй карэспандэнцыі, на жаль, не паведаміў. Аднак, несумненна, быў ён сам, не маглі не прыйсці тыя, хто добра ведаў Сыракомлю: Адам Шэмеш, Міхаіл Гаўсман, а таксама, верагодна паэт Ігнат Легатовіч, будучы біёграф Станіслава Манюшкі і заўзяты аматар кнігі Аляксандр Валіцкі — дый і іншыя, хто зацікаўлены ў падобных сустрэчах людзей, блізкіх па духу.

Любоўю да «роднай маці-зямлі» кіраваўся Сыракомля і пры напісанні такіх сваіх твораў гісторыка-краязнаўчай тэматыкі, як «Дарога з Вільні ў Ашмяну», «Валожын — мястэчка ў Ашмянскім павеце», «З дарожнага дзённіка 1856 года», «Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні».

Рэалізуючы сваю любоў да Бацькаўшчыны ў шматграннай працы, Сыракомля імкнуўся як мага паўней раскрыць вобраз роднага краю і паказаць яго свету. Вось чаму да яго апрацовак беларускіх народных песняў, запазычання матываў і сюжэтаў з вуснай паэзіі, мастацкіх інтэрпрэтацый народных выслоўяў у паэмах, гутарках і вершах дадалося яшчэ і «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі». У ім паэт засяродзіў увагу на спасціжэнні асаблівасцяў духоўнага жыцця, якія выявіліся ў мове і вуснапаэтычнай творчасці жыхароў ваколіц Барысава, Наваградка, Мінска, Слуцка, Пінска.

Славуты «Паштальён»

Шмат ёсць песень, што на слуху ўжо не аднаго пакалення. У шэрагу іх знакамітая «Когда я на почте служил ямщиком». Сярод яе выканаўцаў такія непераўзыйдзеныя спевакі як Фёдар Шаляпін і Сяргей Лемешаў. У сяго-таго з прыхільнікаў гэтай цудоўнай песні захаваліся старыя грампласцінкі, але большасць карыстаюцца запісамі, перанесенымі на магнітафонныя касеты, а то і ўведзенымі ў кам’ютар. Уключаеш, пераносішся на шмат дзесяцігоддзяў назад і слухаеш споведзь пра моцнае шчырае каханне:

Когда я на почте служил ямщиком,

Был молод. Имел я силенку,

И крепко же, братцы, в селенье одном

Любил в ту пору девчонку.

Сначала не чуял я в девке беду,

Потом задурил не на шутку:

Куда ни поеду, куда ни пойду,

Все к милой сверну на минутку.

Толькі нядоўга доўжылася гэтае каханне. Замерзла дзяўчына, апынуўшыся адна ў завіруху ў полі:

Забилося сердце сильней у меня,

И глянул вперед я в тревоге,

Потом соскочил с удалого коня, —

И вижу я труп на дороге.

(…)

Под снегом-то, братцы, лежала она…

Закрылися карие очи.

Налейте, налейте скорее вина,

Рассказывать больше нет мочи!

У аснову песні «Когда я на почте служил ямщиком» пакладзены верш «Ямщик» паэта Леаніда Трэфалева (1839—1905). Але ж мала хто ведае, што гэта не ўласна яго аўтарскі твор, а вольны пераклад верша Уладзіслава Сыракомлі «Паштальён». Трэфалеў паштальёна, які расказвае пра лёс сваёй каханай, «ператварыў» у ямшчыка. Зрабіў гэта дзеля таго, каб прывязаць дзеянне да расійскіх рэалій.

У Расіі пошту дастаўлялі тройкай, а на тэрыторыі Рэчы Паспалітай фурманам — так называлі паштальёна, які ехаў з сумкай на кані, маючы пры сабе сігнальны ражок.

Верш Л. Трэфалева на музыку паклаў піяніст-аранжыроўшчык маскоўскага рэстарана «Яр» Якаў Прыгожы, хоць часцей сцвярджаецца быццам «музыка народная».

У нядзельныя дні малады Людвік Кандратовіч наведваўся з Залуча на кірмашы, што рэгулярна праводзіліся ў Міры. З’яўлялася магчымасць сустрэцца з новымі людзьмі, пагаварыць з імі. Дый сее-тое купіць. Не здагадваўся, што чарговая паездка увёсну 1844 году будзе мець нечаканы працяг.

Уладзіўшы неадкладныя справы, перад тым, як ехаць дамоў, вырашыў зайсці ў карчму выпіць на дарогу куфаль піва. Доўга затрымлівацца не збіраўся, бо ведаў, як нудзіцца і чакае яго Паўліна. Але сусед за сталом, што стаяў у куце, аказаўся надзіва гаваркім. Спярша Людвіку гэта не спадабалася, таму што мужчына быў на добрым падпітку. Мала пра што ў такім стане чалавеку хочацца пагаварыць. У сваіх прадчуваннях Людвік не памыліўся. Мужчына змахнуў рукавом няпрошаную слязу. І, быццам прачытваючы Людвікавы думкі, звярнуўся да яго:

— Не падумай, пан, не п’яны я… Не… Проста душа баліць…

Людвік уважліва зірнуў на суседа. Падумалася: мужчына не такі і стары, як падалося на першы погляд. Старылі яго доўгія, не мытыя і не прычэсаныя валасы, а таксама маршчыністы твар. Бадай, давала знаць частае наведванне карчмы. Незнаёмец сам развеяў ягоныя сумненні:

— Толькі, пан, і знаходжу супакой за квартай гарэлкі ці куфлем піва…

Пасля гэтага Людвік інтуітыўна адчуў, што перад ім не горкі п’яніца, а адзін з тых, хто шмат перажыў. Пазваў дачку карчмара, заказаў сабе і суседу гарэлкі. Той, падзякаваўшы за пачастунак, выпіў. І адразу пачаў расказваць. Відаць, даўно прывык да падобных споведзяў, яны былі патрэбны яму, каб знайсці хоць які душэўны паратунак.

У маладыя гады мужчына служыў фурманам на пошце. Часта даводзілася яму выконваць тэрміновыя распараджэнні. Так надарылася і той зімовай ноччу. Разбудзіў яго пісар, падаў нейкія паперы, загадаў:

— У Наваградак, хутчэй!

Загад ёсць загад. Вывеў каня і ў дарогу. А мяцеліца вые, лютым ваўком па зямлі сцелецца, лёгка заблудзіцца. Адно спадзяванне на каня, які сам ведае шлях. Толькі Бога моліць фурман, каб не замерзнуць… Але што гэта? Ці то нейкі плач, ці крык? Няўжо хтосьці аб дапамозе просіць? Спыніў каня, услухаўся… А ўнутраны голас падказвае: «Кінь, глупства, далей спакойна едзь, нікога ў полі гэтай парой не можа быць. Не іначай нячысцік цябе водзіць, хоча збіць з правільнага следу».

— Но! Но! — закрычаў фурман на каня.

Аднак, калі раніцай вяртаўся дахаты, цікаўнасць узяла. Спыніўся ля таго месца. Адышоў у бок ад дарогі крыху і… О божухна! У сумёце, амаль цалкам прысыпаная снегам, ляжала жанчына… Пераадолеў страх, наблізіўся… Дзяўчына! З суседняй вёскі… Яго любая, адзіная! Апусціўся на калені, заплакаў, праклінаючы ўсё на свеце. А болей сябе самога. Што не спыніўся, не падаўся на голас…

Гэты аповяд Сыракомлю настолькі ўразіў, што па вяртанні дамоў ён, расказаўшы пра ўсё жонцы, зачыніўся ў сваім пакоі. Радок за радком клаўся на паперу. Нешта закрэсліваў, штосьці правіў. Працаваў да позняй ночы і калі паставіў апошнюю кропку, адразу паклікаў жонку: — Слухай, Паўлінка, што атрымалася! — і пачаў дэкламаваць:

Я еду дадому, за трое ганей

Вяртаецца страх непазбыты,

А сэрца ўсё шэпча крадком, як раней,

Бразджыць, як званочак разбіты.

Конь чмыхнуў пры слупе, спыніўся наўзбоч:

У снезе, пад плахтаю белай,

Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч,

Як дрэва, уся скасцянела.

Я снежную намець абтрос з яе шат

І труп падцягнуў да дарогі…

Абцёр ёй аблічча… Была гэта, брат…

Дай чарку… Не маю больш змогі!

(Пераклад Максіма Лужаніна)

Жонка пахваліла гэты верш. Тады ў Людвіка з’явілася жаданне паспрабаваць яго надрукаваць. Пасля роздуму вырашыў, што для гэтага лепш за ўсё падыходзіць віленскі часопіс «Athenaeum». Быў перакананы што галоўнага рэдактара часопіса Юзафа Крашэўскага зацікавіць трагічная гісторыя беднага фурмана. Вырашыў, аднак, не падпісвацца сваім уласным прозвішчам, а ў якасці псеўданіма выбраў літары NN.

Не адзін месяц правёў у чаканні. Непакоіўся. Вільня ж не так і далёка, маглі б ужо і адказаць… Паступова прыйшоў да высновы, што, відаць, Крашэўскаму вершы падаўся настолькі слабым, што вырашылі не толькі не друкаваць, а і не адказваць. Трывожна загрукала сэрца, калі нарэшце атрымаў з Вільні пакет. Дый было чаго хвалявацца — ён аказаўся аб’ёмным… Няўжо надрукавалі і прыслалі часопіс? Разарваў пакет — сапраўды часопіс! Таропка разразаў старонку за старонкай, і вось ён, яго «Паштальён».

Падзагаловак верша — «народная гутарка» — як бы прадвызначаў асноўны жанр паэтычных твораў Сыракомлi.

А праз 25 гадоў на гэты твор Сыракомлі зверне увагу Л. Трэфалеў. Так з’явіцца вольны рускамоўны варыянт «Ямщик». А яшчэ праз некаторы час народзіцца песня, што стане народнай.

Невычарпальная крыніца

Сыракомля старанна вывучаў вусна-паэтычную творчасць беларусаў. Нямала ўвагі надаваў апрацоўцы беларускіх народных песні. А ў 1856 годзе выступіў з працай «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі», якая засведчыла, што Сыракомля — выдатны знаўца мясцовых народных гаворак, беларускага фальклору. У. Мархель дае такую ацэнку гэтаму твору:

Напісаная ў стрымана-эмацыянальнай манеры, гэтая праца абагульняла асабісты вопыт паэта ў спасціжэнні духоўнага жыцця беларускага народа. Сваю ўвагу ён засяродзіў тут на рэгіянальных асаблівасцях, якія выявіліся як у мове жыхароў ваколіц Барысава, Наваградка, Мінска, Слуцка, Пінска, так і ў вуснапаэтычнай творчасці. У поле зроку аўтара трапілі вясельныя, купальскія, рэкруцкія, сірочыя песні. (…) Пры гэтым ён адзначыў вядучы матыў беларускіх песняў: «Ніводзін, можа, народ, не ўмее так пераканаўча плакаць аб нядолі ўвогуле, як славянскі русін».

Сыракомля быў перакананы, што «самым багатым полем паэзіі вясковага русінскага люду з’яўляецца жніво». У той жа час, даследуючы народныя песні, ён прыйшоў да высновы, што па сваёй інтанацыі і тэматычна-сэнсаваму напаўненню песні на поўначы і на поўдні Міншчыны не аднолькавыя. Гэта тлумачыцца як геаграфічнымі ўмовамі, так і бытавымі асаблівасцямі насельніцтва. Канкрэтызуючы свае развагі, Сыракомля пісаў:

У халодным паўночным баку Мінскай правінцыі мы амаль не сустракаем песень чыста эратычных… Тут покрыва нейкай сціпласці накінута на святое пачуццё, беднасць скоўвае адносіны, сэрца не мае часу нагадаць пра свае правы; тут маладая нявестка не шкадуе, што няма ўзаемнасці, а калі скардзіцца, то на цяжкую працу, на нянавісць свякрухі, на адсутнасць родных; калі ж пяшчотная пакута сэрца закранае яе і выкліча песню, нясмелая дачка паўночнай вёскі прыкрые думку агульным нараканнем на долю і якой-небудзь агульнай фразай закончыць выказванне пачуцця. Інакш пад цёплым сонцам паўднёвай сферы. На Палессі, дзе сэрцу і гарачэй і вальней; там струны пачуцця звіняць разнастайней, то зварушліва, то гулліва. Колькі адценняў сардэчнага пачуцця, столькі розных песняў. (Пераклад У. Мархеля)

Народныя паданні і легенды Сыракомля паспяхова выкарыстаў ў некаторых сваіх творах. Гэта назіраецца ў гавэндзе «Хадыка». Калі ў 1848 годзе з’явілася першая публікацыя яе, паэт зрабіў прыпіску, патлумачыўшы, што ў аснову пакладзена паданне пра пасеку «Хадыка», што знаходзілася ў Дзякавіцкіх лясах.

Гэтае паданне Сыракомля пачуў ад бацькі пісьменніка Адама Плуга.

Як быццам, аднойчы ў Слуцкі замак, дзе акурат засядаў суд, завітаў нечакана абросшы стары, які назваўся Хадыкам. Ён упаў перад суддзёй на калені. Цяжка дыхаючы, паведаў праз слёзы, што некалі жыў у лесе, з’яўляўся асочнікам звяроў. Аднойчы Хадыку выклікаў у двор пан лоўчы. Ад яго Хадыка даведаўся, што на паляванне прыбывае сам гетман літоўскі Сапега. Каб яно прайшло паспяхова, Хадыка павінен быў асачыць і акружыць мядзведзяў.

Ніякіх праблем не ўзнікла, калі б асочнік, атрымаўшы загадзя грошы, ні запіў, загуляў. Спахапіўся Хадыка толькі за дзень да палявання. Як на зло, мядзведзь сышоў з пушчы. Паехаў гетман з палявання ні з чым, перад гэтым аблаяўшы лоўчага. Той вырашыў сваю злосць спагнаць на асочніку. Расказаў Хадыка суду, што пасля гэтага адбылося:

Падхапілі мяне, прывязалі да дрэва, лупцавалі гапарнікам з тоўстага дроту, падплываў я крывёю ад панскага гневу. (Пераклад Максіма Лужаніна).

Толькі не на таго напалі. Хадыка праявіў характар:

Меў за дзягай тапор і, хоць вельмі знясілеў, засвяціў між вачэй таму пану абухам.

Пасля гэтага кінуўся Хадыка ўцякаць. На шчасце, яго не злавілі, а прытулак ён знайшоў ў непраходнай лясной глушы, дзе і пачаў жыць у дупле агромністага дуба. Правёў ён у адзіноцтве ажно трыццаць гадоў. Толькі, калі прыйшла старасць, асмеліўся выйсці з лесу. Не вытрымаў адзіноцтва, бо ўжо нават воблікі людзей пачаў забываць.

Паэма «Хадыка» цікавая сваім сюжэтам. Але не адным ім. Сыракомля, прытрымліваючыся асновы падання, разам з тым праявіў сябе выдатным знаўцам прыроды, дасканала перадаў тое, як і чым жыў у адзіноцтве галоўны герой. Можна даведвацца, як здабываў ён сабе ежу, як навучыўся разумець — так, разумець! — звяроў, птушак і нават дрэвы. Злавіўшы ж неяк пчаліны рой, так старанна даглядаў яго, што неўзабаве меў сваю пасеку. Мёд жа спатрэбіўся яму для спажывання.

Можна зразумець Хадыку, які пасля ўсяго перажытага заяўляе: «Усіх людзей схапіў бы я ў абдымкі». Яму так цяжка было ўсе гэтыя трыццаць гадоў не ў апошнюю чаргу з-за таго, што не меў з кім пагаварыць, выказаць набалелае. Калі чытаеш заключныя строфы паэмы, зноў задумваешся над тым, як гэта важна чалавеку пастаянна адчуваць поруч прысутнасць іншага чалавека:

Не ведаю, які быў дзень той судны,

Ды званары са Слуцка мне казалі,

Што ў кляштары памёр стары прыблудны,

Якога, быццам бы, Хадыкам звалі.

… А між бароў, сярод імшары дзікай,

Дасюль вядзецца пасека лясная,

Багата дзіў аб ёй апавядаюць

І называюць гэтак жа — Х а д ы к а.

(Пераклад Яўгеніі Пфляўмбаўм)

Фальклорная аснова прысутнічае і ў «гавэндзе», а прасцей кажучы ў вершаваным апавяданні «Жменя пшаніцы».

Сітуацыя, з якой сутыкнуўся стары Сцяпан, узнікае даволі часта, калі трэба падрыхтаваць сабе замену. Аднак складанасць у тым, што «такога чалавека і са свечкай не знойдзеш», як ты сам. А пасада ў Сцяпана вельмі адказная: войтам з’яўляецца. Ёсць у Сцяпана тры сыны. Каб нікога не пакрыўдзіць, ён, разважыўшы, вырашыў прапанаваць кожнаму з іх свайго роду экзамен: «Хто з чужой стараны прынясе найбольшую карысць, той стане войтам».

Старэйшы сын Рыгор накіраваўся ў Нямеччыну. Вярнуўся адтуль у захапленні. «У немцаў жа такі быт, носяць капелюшы і кафтаны!» А дома: «Што тут казаць пра сярмягу? Крой дзівацкі ў яе, нечуваны: адразу па ёй відаць галечу! Перакройма ж світкі на кафтаны!» Падумаў стары Сцяпан: «Не, яму не быць войтам!»

Не ў захапленні застаўся ён і ад наведвання сярэднім сынам Васілём Польшчы. Надта ж захапляецца чужой мовай, бэсціць свае песні. Падабаецца яму кракавяк. Ды яшчэ заклікае: «Ведаеце, братва, якую дам параду? Кіньма нашы старыя песенькі, паспрабуем танцаваць кракавяк, а я буду весці рэй». Выснова Сцяпана ранейшая: «Не, не быць і гэтаму войтам!»

А вось малодшы сын — Сымон вярнуўся з Украіны, куды ездзіў, не з пустымі рукамі. Ён прывёз жменю пшаніцы, якую хоча пасеяць дома, каб атрымаць добры ўраджай. Сымон і заслужыў бацькава блаславенне на пасаду войта.

Пазіцыя старога войта — гэта пазіцыя самога Сыракомлі. Калі б Сыракомля знаходзіўся перад выбарам, як стары Сцяпан, зрабіў бы менавіта так, як зрабіў той:

Войт гаворыць з хваляваннем:

— Ў дурня дрэнныя навіны!

Хто нямецкае убранне

Прапануе славяніну,

Той, каму чужое міла,

Хто аб шапцы з лямцу марыць,

Каму вочы засляпіла,

Лічыць брыль свой не да твару,

Хай страі чужыя носіць,

Хай здароў заплюшчыць вочы:

Летам пот яго заросіць,

А пад восень дождж прамочыць!

Тройчы дурань той зухвалец,

Хто хапае спеў народны

З ніў чужых і потым хваліць

Дух тутэйшы ў песні зброднай.

Хто ганьбуе грунт бацькоўскі,

За чужой сягае зоркай,

Той не дасць ані для вёскі,

Як Васіль і як Рыгорка.

Хто ж прывёз з другога краю

Зерне плённае радзіме

І зямлю абсемяняе,

Падзяліўшы між сваімі,

Хто аб свеце кажа скромна,

Бо свае мілей улонне,

Будзе вам служыць нястомна,

Войтам быць табе, Сымоне!

(Пераклад М. Лужаніна)

Дакладна прыкмеціў К. Цвірка:

…у яго ж была душа селяніна. Калі лёс вымусіў паэта пакінуць родныя палеткі, ён адчуваў сябе як рыба, выкінутая з вады. У адным са сваіх апошніх вершаў вясковы лірнік параўноўваў сябе з салоўкам, які апынуўся «за кратамі з дроту.

Фальклорная аснова прысутнічае і ў іншых творах Сыракомлі. Напрыклад, у гутарцы «Пра зачараваны скарб» творча пераасэнсавана паданне, звязанае з гісторыяй Мінскага замка. У іншых выпадках, як у гутарцы «Акраец хлеба», фальклорная прысутнасць іншага кшталту. Асэнсоўваючы тое, што адбылося (высяленне бацькі паэта з Тулёнкі), Сыракомля адштурхоўваўся з народных уяўленняў пра дабро і зло.

З’явілася ў яго яшчэ адна цікавая задумка: напісаць цыкл твораў, зместам сваіх звязаных з тлумачэннем найбольш распаўсюджаных на Беларусі прымавак. Напрыклад: «бадзяецца, як Марка па пекле», «выскачыў, як Піліп з канапель», «зарабіў, як Заблоцкі на мыле»…Так былі напісаны гутаркі «Пан Марка ў пекле», «Піліп з Канапель», «Пра Заблоцкага і мыла».

Праўда, калі, скажам, апошняя гутарка толькі ўзнаўляе гісторыю паходжання прымаўкі, звязанай з гэтым персанажам, то Піліп з Канапель — не нейкі дзівак, які робіць усё неўпапад, як гэта назіраецца ў народным выслоўі, прысвечаным яму. Ён паўстае са старонак твора Сыракомлі бунтаром, які змагаецца за справядлівасць, а такіх людзей, зразумела, не ўсе ўспрымаюць, а некаторыя і не разумеюць, адсюль гэткае паблажлівае стаўленне да іх.

Фальклор для Сыракомлі заставаўся той жыватворнай крыніцай, сцюдзёную ваду з якой можна піць бясконца, наталяючы смагу, а разам з тым хацець зноў і зноў адчуваць гэтую прыродную асалоду, якую не параўнаць ні з якімі экзатычнымі прысмакамі. Бо ўсё гэта ад зямлі. Усё сваё. Тое, чаго прагнула душа паэта і тое, прыгажосць чаго, быў упэўнены ён, павінны адчуваць іншыя.

Беларусь — галоўная тэма творчасці

Пасля публікацыі «Паштальёна» Сыракомля паверыў у свае творчыя сілы. Гэтым вершам ён вызначыў і асноўны жанр сваіх паэтычных твораў: у падзагалоўку «Паштальёна» значылася «народная гутарка».

Увогуле ж, ён пісаў шмат. І не толькі свае творы, але і пераклады лацінамоўных паэтаў Польшчы і Літвы ХVІ—ХVІІ стагоддзяў. А яшчэ працаваў над «Гісторыяй літаратуры ў Польшчы» ў дзвюх кнігах. Акрамя таго падтрымліваў сувязь з літаратарамі, якія жылі ў Вільні, Варшаве. Асобныя з іх наведваліся ў Залуча.

Адным з першых завітаў сюды ў 1850 годзе Юзэф Крашэўскі, каб асабіста пазнаёміцца са сваім літаратурным хрэснікам. Пасябраваў Сыракомля і з беларуска-польскім пісьменнікам Адамам Плугам (1823—1903). Упершыню яны сустрэліся, калі той гасцяваў у бацькоў, якія жылі непадалёку, у суседнім з Залучам Жукавым Барку.

Па вяртанні Плуга ў Варшаву Адам і Людвік рэгулярна перапісваліся. Ці не першаму Плугу і прызнаўся Сыракомля:

Што да мяне, то я пішу і пішу; маю ўжо рой дзетак, але гэта дамаседы; не думаю іх паказваць свету; табе аднаму мог бы я даверыць літаратурныя таямніцы (Пераклад У. Мархеля).

А гэтых «дзетак» з’яўлялася ўсё больш і больш. Многія творы зместам сваім былі звязаны з ваколіцамі Залуча і Жукава Барка. Сыракомля пісаў пра «братоў у капоце і братоў у сярмязе», распавядаў пра жыццё тых, каго добра ведаў. Вельмі характэрны для паэта верш «Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак»:

Браткі мае з-пад Вяллі, з-пад Нёмна,

Калі вы рады гаворцы скромнай,

Я пагуду, а вы сядзьце ў кола,

У чаркі стукнем, каб стала вясёла,

А мо ж і выплыве праўда з донца

Ці ўкрадзем ад смутку часіну сонца.

(Пераклад М. Лужаніна)

У Залучы нарадзіліся ягоныя гутаркі «Дабрародны Ян Дэмбарог», «Хадыка», а таксама шэраг цудоўных вершаў, сярод іх «Лірнік вясковы», «Гутарка пра бусла», «Пра маю старую хату», «Заўчасна».

Таксама ў Залучы ён пачаў пісаць беларускамоўны верш «Добрыя весці». Задума нарадзілася ў 1848-м. Якраз тады ў Галіцыі сяляне выступілі за адмену прыгоннага права. Даведаваўшыся пра гэта, Сыракомля не хаваў свайго захаплення:

Заходзіць сонца пагоднага лета,

Веіць вецер з заходніх нябёс.

Здароў будзь, вецер з далёкага света:

Добрыя ж весці да нас ты прынёс!

Здаровыя ж будзьце, эй, добрыя весці!

Там, на Заходзе праліваюць кроў,

Б’юцца для славы, свабоды і чэсці

І робяць вольных людзей з мужыкоў…

У фальварку Залуча ў студзені 1852 года Сыракомля напісаў вершы «Лірнік вясковы», які стаў для паэта праграмным. У ім аўтар атаясамліваў сябе з рамантычным вандроўным лірнікам — носьбітам народнай песні, які натхнёна служыць «роднай старонцы», «святой Літве сваёй», і да скону будзе будзе «граць людзям», дапамагаць iм у цяжкiм жыццi:

Сэрца, жыццё я аддаць гатовы,

Пяю табе, мой народ шарачковы,

Толькi з табой спадзяваннi злучаю,

Смутак i радасць, хвiлiны адчаю.

Мая ліра для спеваў, з чарадзейскага дрэва!

Мяне поіць слязою!

Праз цябе маю сілу, калі ж лягу ў магілу,

Будзеш славай маёю.

Эй, шырока па свеце твой адгук разнясецца,

Мае словы памножыць.

Яны з краю да краю пойдуць аж да Дунаю

Ці да Кіева, можа…

Сыракомля выказваў упэўненасць, што імя ягонае не будзе забыта. Па сутнасці, выказаў тую ж думку, што і Пушкін у славутым «Памятнике»:

І ўсім, хто прыйдзе ў госці, пакажуць крыж на пагосце

Ды курганок са жвіру.

Скажуць гордыя словы: «Тут наш лірнік вясковы!

Памёр, пеючы на ліры».

Пасля апублікавання верша «Лірнік вясковы» чытачы ўспрымаць яго аўтара менавіта лірнікам, тым, хто выказвае запаветныя мары і спадзяванні свайго народа. Словы «Сыракомля» і «лірнік» у дачыненні да яго ператварыліся ў сінононімы. Аднак будзе памылковым сцвярджаць, што Сыракомля з’яўляўся лірнікам таму, што пісаў лірыку. Прыслухаемся да меркавання выдатнага паэта, празаіка і літаратуразнаўцы Алега Лойкі:

Лірнікам Сыракомлю сталі называць не таму, што ў паэзіі ён быў лірыкам, а якраз у сувязі з эпічнымі творамі паэта, якія Сыракомля на польскі лад называў гавэндамі, а ў фальклорна-беларускай традыцыі падобны жанр меў назву гутаркі. Ды, будучы лірыкам, У. Сыракомля свае гавэнды так баяў як нібыта лірнік з ліраю ў руках выспейваў. Адсюль і ягоная паэтычная слава Лірніка. А што вясковы, то гэта з той прычыны, што пераважна гісторыі з вясковага жыцця У. Сыракомля спяваў, пераважна сяляне былі героямі яго гавэндаў на сучасныя тады тэмы.

Гэтым Сыракомля розніцца ад іншых паэтаў, якія на той час былі добра вядомыя на Беларусі дый у Польшчы. Нават ад таго ж Адама Міцкевіча, на што ў сваіх развагах звярнуў увагу А. Лойка. Калі ў цэнтры знакамітай паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» шляхта, а беларускі селянін паказваецца эпізадычна, дык галоўнымі героямі гавэндаў Сыракомлі з’яўляюцца менавіта сяляне. Больш за тое, калі ён і паказвае шляхту, то далёкі ад яе ідэалізацыі. За гэта, між іншым, Сыракомлю папракалі тыя, хто меркаваў, што ён такім чынам прыніжае ўсё шляхецтва.

У сапраўднасці падобныя папрокі не маюць падстаў. Сыракомля ставіўся да жыцця шляхты так, як успрымаў яе:

…у Сыракомлі праяўлялася вышэйшая ступень народнасці, не рамантычная і першасна-рэалістычная, як у паэме А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», а звязаная з зацверджаннем У. Сыракомлем (…) эстэтыкі крытычнага рэалізму — як пад уплывам рэвалюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі М. Г. Чарнышэўскага, А. М. Дабралюбава, так і ў сувязі з дэмакратычнай блізкасцю У. Сыракомлі да народных слаёў, з яго абвостранай на той час (…) сацыяльнасцю, крытыцызмам (А. Лойка).

Ён ніколі не адчуваў сябе адарваным ад народа:

Не я пяю — народ Божы

даў мне ў песні лад прыгожы,

бо на сэрцы маю путы

і з народам імі скуты.

(Пераклад Янкі Лучыны)

***

У 1853 годзе ў Пецярбургу пабачыла свет асобным выданнем паэма-гутарка «Дабрародны Ян Дэмбарог». З гэтага часу яго улюбёным паэтычным жанрам сталі так званыя «гавенды» (польск «gawęda») — разнавіднасці вершаваных балад, якія імітуюць няхітрыя аповяды людзей з народа, або «сцэнкі» з народнага жыцця.

У тым жа годзе ў Вільні выйшла гісторыка-краязнаўчая кніга Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». Пачаў пісаць гісторыка-краязнаўчую манаграфію «Мінск», першыя публікацыі якой з’явіліся ў перыядычным друку ў 1854 годзе. І ўсё ж для яго на першым плане была паэзія. Як свая, так і перакладная. Наконт перакладной, дык далёка не кожны можа працаваць так плённа, як гэта ўдавалася Сыракомлю. Ён стаў аўтарам шасці кніг перакладаў польскіх паэтаў-лаціністаў эпохі барока. Акрамя таго, перавёў асобныя творы П. Беранже, І. Гётэ, Г. Гейнэ, М. Лермонтова, Н. Някрасова, Н. Кукальніка, паэму К. Рылеева «Вайнароўскі». Асобным выданнем у Вільні быў надрукаваны «Кобзарь» Т. Шаўчэнкі ў перакладзе Сыракомлі.

Тэмы для сваіх вершаў па-ранейшаму браў ад сустрэч з людзьмі, ад наведвання мясцін, дарагіх сэрцу. Будучы ў Тулёнцы, даведаўся, што ў бацькі не складваюцца адносіны з князем Вітгенштэйнам, у якога ён арандаваў зямлю. А закончылася гэта тым, чым і мусіла скончыцца. Кандратовіч-старэйшы павінен быў шукаць чарговы прытулак. Падзеі, што адбыліся ў Тулёнцы, ляглі ў аснову паэмы «Акраец хлеба», напісанай у лістападзе 1854 года.

Задума твора куды шырэйшая і больш значная за гэты прыватны выпадак. Сыракомля, выступаючы за сацыяльную справядлівасць, апяваў простых людзей ад зямлі і сахі. Адначасова ён услаўляў стваральную сялянскую працу, аснову асноў і першапачатак яе — хлеб, што стаў у паэме паняццем аб’ёмным, якое вельмі шмат увабрала ў сябе:

О, хлебе! Па смаку тваім і па паху

Я чую над Нёмнам палянку лясную.

І бачу машок саламянага даху —

Капліца! Здаецца, і звон яе чую.

Мне звон той знаёмы: бывала, вавёркай

Ён — з хвоі на хвою — праз лес прабіваўся,

Ляцеў бліскавіцай з узгорка да ўзгорка,

У лузе паводкай наўкол разліваўся.

(Пераклад К. Цвіркі)

У Тулёнцы, падчас непрацяглага знаходжання ў бацькоў, напісал паэтычную гутарку «Пан Марка ў пекле», нарадзілася задума яшчэ адной — «Піліп з Канапель».

Дарэчы, паэмы-гутаркі Сыракомлі часта выдаваліся. Толькі ў 1856 годзе выйшлі «Чысты чацвер» і «Янка Цвінтарны», а за год да гэтага з’явілася асобным выданнем паэма «Маргер», у якой праўдзіва адлюстравана барацьба старажытных літвінаў супраць захопнікаў-крыжакоў.

***

Яшчэ ў паэме «Акраец хлеба» («гавэнда з наднёманскіх палёў» — так сам Сыракомля вызначыў яе жанр) ён рашуча не прымаў тых, хто ў сваіх творах адыходзіў ад штодзённага жыцця, жыў у нейкім ілюзорным свеце, скардзіўся, што няма пра што пісаць:

Здзіўляюся я, калі нашы паэты

(З іх кожны ў сіле, абуты, адзеты),

Сустрэўшыся, скардзяцца з сумам, адчаем

Што ім для аповесці, песні, паэмы

У гожай Літве не знаходзіцца тэмы,

Што зместу, сюжэтаў ім тут не хапае.

О брацці мае! Вы не гневайце Бога,

І матак сваіх вы не сараміце!

Ці ў краі апець вам няма ўжо нічога?

Ці выбралі ўсё вы ў душы ўжо, скажыце?

(Тут і далей пераклад К. Цвіркі)

І не толькі не прымаў, а падказваў, пра што трэба пісаць, каб знайсці водгук у чытацкіх сэрцах. Але спачатку здзіўляўся іх душэўнай слепаце:

Калі ваша лютня ўжо гэтак не ўмее

Лавіць гоман ветру ў ляску напрадвесні,

Ці, як Сіманідава, ўторыць той песні,

Што ў полі журліва пяюць нашы жнеі,

Альбо паўтараць спеў нязмушаны пташы

Ды енкі ўсе нашы, ўсе радасці нашы,

Калі вам старыя навукі такія —

Паслухаць, як стукаюць сэрцы людскія,

Бярыцеся ўсё перагледзець нанова

Пад шклом мікраскопа, — мае прапанова.

Патлумачу, што такое сіманіды. Іначай кажучы, гэта творы-ідыліі. Назва ўтварылася ад прозвішча польскага паэта Шымана (Сімона) Шымановіча. У 1614 годзе ён выдаў кнігу, што так і называлася — «Ідыліі». «Прапанова» ж Сыракомлі паэтам, адарваных ад жыцця, заключалася ў наступным:

Спярша чалавечае сэрца вазьміце,

Пад гэтае шкельца сабе пакладзіце,

Слязіну, што ў бліжняга блісне міжволі,

Ці простую кветку з літоўскага поля.

Ды пільна разгледзьце ўсё: фарбаў адценні,

Рух кветачкі кожнай і сэрца памкненні, —

І прыйдзе раптоўна сама да вас тэма,

Сама ў вас складзецца і песня, й паэма.

Тады людзі добрыя абавязкова

Збяруцца да вас грамадою зычлівай

Паслухаць ваш твор, ваша шчырае слова,

А для песняра гэта — лепшае жніва.

Хоць і пісаў галоўным чынам па-польску, мову свайго народа добра ведаў. З сялянамі Сыракомля размаўляў толькі па-беларуску. Беларускай мовай карыстаўся і ў карчме, дзе любіў пагутарыць з наведвальнікамі. Прарочыў беларускай мове вялікую будучыню:

…у ёй дастаткова лёгкасці і разам з тым сілы, яна перадае ў паэзіі лагодныя і тонкія пачуцці, у жывой гутарцы мае лёгкія звароты, трапныя выразы. Адсутнічае ў ёй шмат выразаў для перадачы таго, што не ўваходзіць у склад паняццяў і патрэб нашага народа, але з прагрэсам самога ж народа і развіццём пісьмовай мовы зможа яна на сваёй аснове выпрацаваць словы і выразы, якіх сёння няма. Кожная мова праходзіць эпоху дзяцінства.

Любіў край, у якім нарадзіўся, з якім была звязана большая частка ягонага жыцця. Ёй, Беларусі, а ў ягоным разуменні Літве, прысвяціў нямала ўзнёсла патрыятычных радкоў. Замілаваннем роднай старонкай напоўнена паэма «Дабрародны Ян Дэмбарог».

Спяваючы песню сваёй зямлі, ішоў ад адваротнага. Не пабаяўся сказаць, што нямала таго, што наўрад ці можна вітаць:

Святая Літва мая, краю мой родны,

Пустэчай пяскоў, дзірванамі ты плодны!

Не кінецца воку глухмень твая надта,

Не тое ў табе, што на поўдні прынадным…

Твой выгляд панурай акрасай напоўнен,

Малюнкам цябе не пакажаш на поўдні.

(Пераклад У. Мархеля)

Толькі ці да месца прыбядняцца беларусам? Можа і няма неабходнасці гэтак ужо плакацца?

Ты ж большага варты, краю мой смутны:

Брытанскі фрэгат, прыгажун акіяна,

З тваіх звонкіх соснаў, Літва, змайстраваны.

А люд твой вясковы гне спіну на полі,

Каб хлебам Еўропу ўсю задаволіць…

Таму ён з пагардай ставіўся да тых, хто «больш ведае пра Жэнеўскае возера, чым Трокскае, больш пра руіны Пальміры, чым пра замак у Крэве, больш пра лясы Амерыкі, чым у многім прывабныя лясы і балоты Піншчыны». Сам жа паказваў прыклад, якім павінен быць літвін-беларус:

Сыракомля з сапраўдным запалам мог толькі пра тое спяваць, што было ў яго ў сэрцы (…) пра Літву і яе палеткі, яе вёскі і лясы, і народ, і яго долю. (Ю. Крашэўскі).

Не абмінаў у паэзіі і Беларусі мінулай. Аднак імкнуўся да праўды, якой бы суровай яна не была. Гэта тычылася і жыцця Радзівілаў, пра якіх ён шмат ведаў яшчэ з гадоў сваёй працы ў Нясвіжы. Быў ён далёкі ад ідэалізацыі гэтага магнацкага роду, што відаць з верша «Труны Радзівілаў у езуіцкім касцёле» (з цыкла «Успаміны пра Нясвіж»):

Крывёю ды золатам імя пісалі,

Былі й яны людзі — тут блюзніць не буду,

Ды што, каб яны раптам з трун паўставалі?

Зноў падалі б ніц каля іх з перапугу?

Яны ж бы на вас і зірнуць не жадалі…

(Пераклад К. Цвіркі)

Праўда, калі ставіцца да гэтага з агледзін сённяшняга дня, то падыход у Сыракомлі ўсё ж крыху аднабаковы, бо былі сярод Радзівалаў і тыя, хто зрабіў шмат добрага. Аднак у кожнага пісьменніка сваё права, на чым завастраць увагу. Галоўнае, наколькі гэта праўдзіва і па-мастакоўску пераканаўча пададзена. У паэме ж «Ілюмінацыя», для прыкладу, толькі праўда і нічога апроч праўды. Самадурства Кароля Станіслава Радзівіла, празванага «пане Каханку» у дзень ягоных імянін прывяло да трагедыі. Жанчына мусіла сачыць, каб на адным са слупоў не пагасла святло, а гэты час яе хворае дзіця, пакінутае без нагляду памерла. Што ж

От, вядома, шалеюць з раскошы магнаты,

Шум і смех у палацы;

Плацяць плачам за гэта змарнелыя хаты,

Плацяць чорнаю працай.

(Пераклад Яўгеніі Пфляўмбаўм)

«Лялька», «Нядзеля», «Эпітафія землеўладальніку» — гэта таксама творы, што паказваюць такую Беларусь, якую б Сыракомля не хацеў бачыць. Але яна была — прыніжаная, абяздоленая, бедная. Яе таксама паказваў Сыракомля. І любіў яе, бо гэта была Бацькаўшчына. Таму не прымаў тых, хто забываў пра свае карані, як герой гутаркі «Гетман польны».

Гетман польны ці гетман палявы — другая па сваёй значнасці вайсковая пасада ў Вялікім Княстве Літоўскім пасля найвышэйшага, або вялікага гетмана, які, па сутнасці, з’яўляўся ваенным міністрам. Калі падышлі да вёскі татары, яго воіны, перш чым біцца з імі, пачалі рабаваць вёску. І не заўважылі, як апынуліся ў акружэнні ворага. Глыбокі сэнс набывае эпіграф, у якасці якога ўзята адно з выказванняў Пятра Скаргі: «Бо калі дома львамі бязлітаснымі будзеце, у часе грозным станеце, як авечкі ў рэзніцы».

Цікавіла Сыракомлю і вельмі даўняя гісторыя, пацвярджэнне таму верш «Авідзій на Палессі», у аснову якога пакладзена паданне пра высылку ўладамі рымскага паэта Публія Авідзія Назона на землі будучай Беларусі.

Кастусь Цвірка піша:

У Сыракомлі было яшчэ нямала беларускіх твораў больш «памяркоўных». Якраз іх ён хацеў выдаць разам з беларускімі вершамі В. Каратынскага асобным зборнікам, бо аб выданні такіх вершаў, як «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды…» (…) не магло быць і гаворкі.

Але з гэтага нічога не атрымалася. Што да тых беларускіх твораў, што мусілі ўвайсці ў гэтую кнігу, то яны сталі народнымі песнямі. Адам Кіркор пісаў у «Живописной России»:

Іх спяваюць усюды, хоць мала каму ўжо вядома, хто быў іх аўтарам.

Мала які паэт можа пахваліцца такой вядомасцю і папулярнасцю.

***

Спрабаваў Сыракомля свае сілы і ў галіне драматургіі — п’есы «Хатка ў лесе», «Граф на Ванторах», «Каспар Карлінскі», «Магнаты і сірата, або Соф’я, князёўна Слуцкая», кантата да музыкі Станіслава Манюшкі «Год у песні». Сярод іх вызначаецца гістарычная драма з ХVІІІ стагоддзя (так сам вызначыў жанр гэтага твора Сыракомля) «Магнаты і сірата…». П’еса прысвечана апошняй князёўне са знакамітага роду Алелькавічаў, якая Праваслаўнай Царквой аднесена да ліку святых.

Гэта вострасюжэтны твор, бо сама дакументальная аснова такая, што падзеі развіваюцца вельмі дынамічна. Гісторыя шлюбу Соф’і з Янушам Радзівілам, увогуле, мела шырокі рэзананс. Слуцкая князёўна была вельмі багатай. У выніку сутыкнуліся інтарэсы двух буйных магнацкіх родаў — Хадкевічаў і Радзівілаў. Дайшло ледзь не да ўзброенага супрацьстаяння. На думку гісторыкаў, гэта магло б скончыцца поўным знішчэннем Вільні і мела б страшныя наступствы для ўсяго краю.

Прэм’ера спектакля па п’есе «Магнаты і сірата…» з поспехам прайшла ў 1859 годзе ў Мінску. Год гэтай прэм’еры стаў годам набліжэння беларусаў да творчасці песняра, якого па-сапраўднаму хвалявала багатая гісторыя роднага краю.

Але ж найбольшы поспех сярод драматычных твораў Сыракомлі мела п’еса «Каспар Карлінскі», сюжэт якой быў заснавы на падзеях, сучаснікам якіх быў аўтар.

Стараўся Сыракомля і аб тым, каб падтрымаць В. Каратынскага, калі даведаўся, што той і сам піша. Дапамог яму выступіць у друку, а на публікацыю адгукнуўся ўхвальным словам. Напісаў прадмову да першай кніжкі Вінцэся «Чым хата багата, тым рада».

На месцы сядзець не любіў. І не толькі таму, што па-ранейшаму разрываўся паміж Вільняй і Барэйкаўшчынай ці наадварот. Рабіў і больш далёкія паездкі. Адна з іх адбылася ў 1856 годзе, калі выбраўся ў Варшаву да Маеўскай. Ехаў праз Мінск, Слуцк, Брэст…

Уплыў на беларускую літаратуру

Кожны творца жыве ў сваім часе. Але, чым больш таленавіты ён, тым часцей «вырываецца» за межы гэтага часу. У тым сэнсе, што ягоная творчасць, з’яўляючыся сама па сабе самадастатковай з’явай, адначасова скіравана і ў дзень заўтрашні, у будучыню. У дачыненні да пісьменнікаў немалаважна і тое, што яны шмат у чым падказваюць шляхі далейшага развіцця літаратуры, уплываюць на яе станаўленне. Гэтыя разважанні маюць непасрэдан дачыненне да Сыракомлі. Кастусь Цвірка слушна заўважыў:

Без творчасці Сыракомлі, якая рабіла значны ўплыў на тагачасную грамадскую думку, мы не можам па-сапраўднаму зразумець і фармаванне поглядаў вялікага сына беларускага народа Кастуся Каліноўскага, сучасніка і ў многім аднадумца Сыракомлі. Адным словам, творчасць Сыракомлі — гэта шырокае акно ў тую далёкую эпоху.

Дазволю сабе развіць гэтую думку далей. Гэта такое акно, праз якое выразна праглядваюцца і абрысы новых эпох, высвечваюцца постаці творцаў, якія мусілі прыйсці следам за Сыракомлем. Той жа К. Цвірка, звяртаючы ўвагу на тое, як Сыракомля «паслядоўна, з уласцівай яму публіцыстычнай страснасю абараняў інтарэсы запрыгоненага беларускага селяніна», працытававаў, як паэт уклаў у вусны селяніна такія развагі: «Я край мой кармлю ад веку і маю права звацца чалавекам» і падкрэсліў, наколькі гэта актуальна гучала як ў тыя часы, дый у далейшым. Таму падобныя матывы знаходзілі сваё адлюстраванне ў творчасці тых творцаў, якія былі падобныя да Сыракомлі.

У шэрагу іх знаходзіцца адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, у фарміраванні таленту якога, вызначэнню асноўных накірункаў творчасці вялікую ролю адыграў Сыракомля, з якім у яго склаліся сяброўскія адносіны. У сваіх «Лістах з Беларусі» ў 1855 годзе Сыракомлю раіў Дуніну-Марцінкевічу пісаць «творы выключна народныя», раіў яму:

…умець падслухаць біццё сэрца (…) народа, умець ключом уласнай шчаслівай інтуіцыі прачытаць іерогліф паданняў, умець пакласці на палатне мінуўшчыны фарбы і контуры, якія асыпаліся вякамі.

Пра ўплыў Сыракомлі на Дуніна-Марцінкевіча А. Лойка сказаў так:

Сыракомля, падтрымліваючы Дуніна-Марцінкевіча, з аднаго боку, сцвярджаў эстэтычную сілу беларускай мовы, беларускага фальклору, з другога — як бы перадаручаў вопыт аўтара польскіх гавэндаў-гутарак, як бы наканоўваў яму стаць аўтарам жанрава падобных гутарак, толькі ўжо беларускіх.

У таго ж А. Лойкі ёсць і іншая важная думка, што тычыцца ролі не толькі Сыракомлі-паэта, а і Сыракомлі-публіцыста:

…якраз яго (Сыракомлі — А.М.) аўтарытэтным словам публіцыста ўмацоўваў свае пазіцыі Беларускага Дудара В. Дунін-Марцінкевіч, яго аўтарытэтным словам акрыянае выходзіла ў вялікі літаратурны свет і беларускае слова, выходзіла беларуская мова, якую ён сам ведаў, на якой пісаў, з анталогіямі беларускай паэзіі ўвогуле, з гісторыяй беларускай літаратуры ХІХ ст. тым сябе злучыўшы.

Вялізарным быў ўплыў Сыракомлі на творчы лёс Вінцэся Каратынскага (1831—1891). Напачатку ж было, як вядома, асабістае знаёмства, а ўжо лёс жыццёвы паўплываў на лёс творчы. Каратынскаму было з каго браць прыклад, было ў каго вучыцца. І гэта падштурхнула яго ад першых пробаў пяра перайсці для ўсвядомленага жадання працаваць у літаратуры.

Пад уплывам Сыракомлі Каратынскі стаў не толькі паэтам, але і краязнаўцам. Ягоны вялікі нарыс «Карціны з берагоў Нёмана», гэта добрае дапаўненне да Сыракомлеўскіх «Вандровак па маіх былых ваколіцах».

Ды самы выдатны вучань Сыракомлі — пясняр нашага народа Янка Купала. Канечне, гэта вучоба адбывалася не дзякуючы непасрэдным стасункам і кантактам — Сыракомля і Купала жылі ў розны час. Вучоба Купалы ў Сыракомлі праходзіла праз творы «лірніка вясковага», а таксама праз спасціжэнне Іванам Дамінікавічам сутнасці ягонай мастакоўскай і эстэтычнай праграмы. Купала называў Сыракомлю першым ў спісе тых паэтаў, якія аказалі на яго асаблівы ўплыў.

Кастусь Цвірка сцвярджае:

…патрабаванне Сыракомлю аддаць народу ўсе яго чалавечы правы пазней падхопіць і ўзніме як неадкладны лозунг часу вялікі абаронца свайго народа Янка Купала. Дарэчы, паэзія Я. Купалы, які надзвычай высока цаніў вясковага лірніка за яго дэмакратызм, за тое, што ён не забыўся «слоў беларускіх», сваімі некаторымі матывамі, вобразамі вельмі пераклікаецца з творчасцю Сыракомлі, што дае падставу гаварыць аб уплыве Сыракомлі на Купалу як аб адным са звенняў пераемнасці беларускай літаратуры.

Абодва паэты былі выразнікамі самых кроўных інтарэсаў беларускага народа на розных этапах яго гісторыі.

І яшчэ дадзім слова Алегу Лойку:

…адным са звенняў пераемнасці беларускай літаратуры» сталі беларускамоўныя вершы Сыракомлі, што створаны былі па мадэлях высокага артыстызму, якія беларуская паэзія зацвердзіць у якасці сваёй класікі толькі на пачатку ХХ ст. творчасцю Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна.

Памяць

Першы захад па ўвекавечванню памяці Сыракомлі быў зроблены яшчэ ў 1899 годзе, калі на сродкі, сабраныя патрыятычнай моладдзю Вілейшчыны, у гонар паэта ў Барэйкаве ўсталявалі памятны камень.

У касцёле Святых Янаў у Вільні у 1908 годзе пабудавалі помнік Сыракомле па праекту архітэктара Пія Вяленскага, з бронзавым бюстам, які выканаў скульптар Пётра Рымша. Тады ж з’явілася памятная табліца ў фарным касцёле Нясвіжа.

За пераўвасабленне твораў Сыракомлі па-беларуску першым узяўся Янка Лучына (1851—1897).

З цягам часу высакароднай справай — перакладам творчасці «лірніка вясковага» на родную мову — заняліся Альберт Паўловіч (1875—1951), Гальяш Леўчык (1880—1944), Язэп Лёсік (1883—1940), а потым Уладзімір Дубоўка (1900—1976), Максім Лужанін (1909—2001), іншыя сучасныя паэты.

У верасні 1912 года каля памятнага каменя, устаноўленага ў гонар Сыракомлі ў Барэйкаўшчыне, у сувязі з 50-годдзем з дня смерці паэта са сваім вершам «Лірнік вясковы» выступіў Янка Купала. Па прарочаму прагучалі ягоныя словы:

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, —

Не забудуцца дум тваіх словы,

Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,

Не забыўся ты, Лірнік вясковы…

Гэты верш сведчыць, як высока цаніў Купала Сыракомлю. Але нам трэба ведаць і памятаць і самога Сыракомлю. Як быццам, для гэтага робіцца не так і мала. У перакладзе на беларускую мову выдадзены ягоныя кнігі «Выбраныя творы» (1966), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» і «Мінск» (абедзве 1992), «Добрыя весці» (1993), «Згадкі Нясвіжа» (2002), «Выбраныя творы» ў адпаведнай серыі выдавецтва «Беларускі кнігазбор» (2011).

Выкладчыкі і студэнты добра ведаюць даследаванні Кастуся Цвіркі «Слова пра Сыракомлю» (1975), Уладзіміра Мархеля «Лірнік вясковы» (1983) і «Вяшчун славы і волі» (1989).

У Мінску, Навагрудку, Нясвіжы, Стоўбцах, Вільне і Варшаве ёсць вуліцы, названыя ў гонар Сыракомлі. Яго імя носіць сярэдняя школа у Смольгаве.

Але ж помніка яму на Беларусі няма. А ён абавязкова павінен быць. Калі не ў Мінску, дык, скажам, у Нясвіжы, які паступова ператвараецца ў важны гісторыка-культурны цэнтр Беларусі (з кожным годам сюды прыязджае ўсё больш турыстаў, у тым ліку замежных).

Ды як не цаніць таго, хто ў кнізе «Экскурсіі па Літве…» (1857) выказаў тое, да разумення чаго мы, урэшце рэшт, прыходзім сёння, пазбаўляючыся нацыянальнага нігілізму:

Ганебны сорам не ведаць усёй зямлі, на якой мы жывём, або яшчэ горш, ведаць лепш чужыя краіны, чым сваю!

Бібліяграфія

Сыракомля У. Выбраныя творы. Мінск: «Беларусь», 1966. — 224 с.

Сыракомля У. Вандроўкі па маіх былых аколіцах: Успаміны, даследаванні гісторыі і звычаяў. Мінск: «Полымя», 1992. — 158 с.

Сыракомля У. Мінск: Беглы агляд сучаснага стану. Мінск: «Голас Радзімы», 1992. — 126 с.

Сыракомля У. Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка. Мінск: «Мастацкая літаратура», 1993. — 528 с.

Сыракомля У. Згадкі Нясвіжа: Санеты. Мінск: «Тэхналогія», 2002. — 24 с.

Сыракомля У. Дамок арганіста: Вершы, гутаркі, эсэ. Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2003. — 94 с.

Сыракомля У. Выбраныя творы. Мінск: «Кнігазбор», 2006. — 526 с.

***

Мархель У. Лірнік вясковы. Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні. Мінск: «Навука і тэхніка», 1983. — 190 с.

Мархель У. Вяшчун славы і волі. Мінск: «Навука і тэхніка», 1989. — 62 с.

Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. Быт і культура беларусаў у творчасці «вясковага лірніка». Мінск: «Навука і тэхніка», 1975. — 200

Аўтар: Алесь Марціновiч, серыя «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры»

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *