Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Уладзімір Тэраўскі: Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!

Уступ

З дзяцiнства мы чуем па радыё і тэлебачаннi песню «Купалінка». А ў тэатры імя Янкі Купалы першыя яе такты гучаць замiж тэатральных званкоў. Гэтую песню спяваюць людзi падчас святаў i застолляў. Яна даўно зрабілася адной з найбольш вядомых i любiмых песень нашага народа.

Купалінка, купалінка,

Цёмная ночка.

Цёмная ночка,

А дзе ж твая дочка?

Мая дочка у садочку

Ружу, ружу поліць.

Ружу, ружу поліць,

Белы ручкі коліць.

Кветачкі рве, кветачкі рве,

Вяночкі звівае.

Вяночкі звівае,

Слёзкі пралівае.

Здаецца, што яе напеўная мелодыя сплецена з беларускiх народных iнтанацый. На самай жа справе ў песнi ёсць аўтар. Але яго iмя доўгi час было выкрэслена з гiсторыi беларускай культуры.

Вельмі папулярнай сярод музыкаў з’яўляецца «Анталогiя беларускай народнай песнi», якую склаў Генадзь Цiтовiч (1910—1986) і ўпершыню выдаў у 1968 годзе. Там у частцы «Песнi дасавецкага перыяду» ў раздзеле «Каляндарна-абрадавыя песнi» пад № 39 змешчаная славутая «Купалiнка». У сваім каментарыі складальнік сцвярджае:

Напеў навейшага паходжання, аб чым гаворыць яго iнтанацыйная пабудова, якая адрознiваецца ад традыцыйнай мелодыкi купальскiх песень, i многагалоссе.

Далей ён адзначыў, што песню запiсаў Уладзiмiр Тэраўскi ў Чэрвеньскiм раёне Мiнскай вобласцi. Мiж тым кампазiтар Мiкола Шчаглоў (1893—1969) яшчэ ў 1943 годзе, на чвэрць стагоддзя раней «Анталогіі», выдаў у Мінску «Зборнiк купальскiх i жнiўных беларускiх песьняў». Сярод трыццацi песень у iм змешчаныя 26 апрацовак укладальнiка, дзве — Аляксея Туранкова (1886—1958), адна — Якава Прохарава (1870—1941). Пад дзявятым жа нумарам ідзе «Купалiнка» з зацемкай: музыка Уладзiмiра Тэраўскага!

Дык чаму песню праз доўгі час лічылі народнай? А таму, што кампазітара Тэраўскага ў 1938 годзе забілі сталінскія каты-чэкісты, якія па загадзе Масквы мэтанакіравана вынішчалі нацыянальна-патрыятычную інтэлігенцыю ў тагачасных 12 «саюзных» і 18 «аўтаномных» рэспубліках СССР.

Дарэчы, яшчэ ў 1922 годзе ў СССР была створана арганiзацыя, якая аб’яднала ўсе вiды камуністычнай цэнзуры — Галоўнае ўпраўленне па справах лiтаратуры i выдавецтваў (Галоўліт), у БССР — Галоўлiтбел. Вельмі паказальным для дзейнасцi гэтай арганiзацыi з’яўляецца, да прыкладу, рашэнне Галоўлiтбела ад 29 лістапада 1932 года:

Об изъятии из продажи и музыкальных библиотек народных песен с нотами «А ў бары, бары», «А ў лесе, лесе», «Мужык жыта прадае», а также песен на слова Янки Купалы «Лiсты валяцца», «У iмгле» и Максима Богдановича «Як прыйшла я на ток малацiць».

Калi нават песні так палохалi савецкую ўладу, то яшчэ больш ненавідзела яна тых асоб, якiя гэтыя песнi збiралi або стваралi, і таму знiшчала памяць аб iх. А «Купалiнка» была ўсяго толькi адным з нумароў музычнай драмы «На Купалле», аўтарамi якой сталi Мiхась Чарот (лібрэта) i Уладзiмiр Тэраўскi (музыка). Папулярную песню рэпрэсаваных аўтараў савецкія музыказнаўцы свядома пачалі называць народнай. Вось адказ на пытанне, чаму прозвішча «Тэраўскі» перасталi звязваць з «Купалiнкай».

Пасля афiцыйнай рэабiлiтацыi Уладзіміра Тэраўскага прайшло ўжо ужо больш за 60 гадоў. Трэба, каб цяпер яго імя і прозвішча добра ведалі ўсе беларусы.

ЖЫЦЦЯПІС

Уладзімір Тэраўскі нарадзіўся 11 (23) лістапада 1871 г. у мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Леніна Слуцкага раёна Мінскай вобласці).

Ён быў малодшым сынам у сям’і праваслаўнага святара-беларуса Васіля Тэраўскага. Бацька скончыў Мінскую духоўную семінарыю, меў сан іерэя. Да 1889 г. служыў настаяцелем Георгіеўскага храма ў мястэчку Раманава. Там жа кіраваў прыходскім царкоўным хорам.

Сястра Уладзіміра, Вольга, была жонкай беларускага пісьменніка Дзмітрыя Гаўрылавіча Булгакоўскага (1843 — пасля 1918).

Уладзімір яшчэ ў дзяцінстве выявіў вялікія музычныя здольнасці. Аднак прафесійнай музычнай адукацыі не набыў; неабходныя веды здабываў самавукам ды практыкай. А дырыжыраваць самадзейным школьным хорам упершыню ён пачаў ва ўзросце 17 гадоў, калі навучаўся ў Слуцку.

У 1889 г. Уладзімір Тэраўскі скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, потым вучыўся ў Мінскай епархіяльнай семінарыі, але праз два гады кінуў яе. У 1892—1895 гг. праходзіў тэрміновую службу ў войску. Пасля дэмабілізацыі з 1895 г. некаторы час працаваў дзяржаўным кантралёрам на Лібава-Роменскай чыгунцы.

Хутка Тэраўскі трапіў у хор вядомага расійскага дырыжора і музычнага дзеяча Дзмітрыя Агрэнёва-Славянскага (1834—1908), які канцэртаваў па ўсёй Расіі і за яе межамі і набыў знакамітасць выкананнем народных песень. У рэпертуар хору ўваходзілі, паміж іншых, тры беларускія народныя песні: «Чаму ж мне не пець», «Чалавек жонку б’е», «Ці не дудка мая». Тэнар Тэраўскі спяваў тут больш за два гады.

З 1897 года ён жыў на Урале, у Пермскай губерні. Там кіраваў аматарскімі рабочымі харамі на Білімбаеўскім і Шайтанскім чыгуначных заводах графа Строганава. З гэтымі калектывамі аб’ездзіў амаль усю ўсходнюю частку еўрапейскай часткі Расіі. Канцэрты мелі поспех.

З 1901 г. Тэраўскі служыў канцылярскім чыноўнікам 2-га разраду ў Мінскай кантрольнай палаце, адначасова выкладаў спевы і гімнастыку ў Губернскім папячыцельстве дзіцячых прытулкаў.

У 1904 годзе архіепіскап Мінскі і Тураўскі Міхаіл (Цемнарусаў; 1854—1912) прызначыў яго псаломшчыкам Мінскага Пет­ра-Паўлаўскага кафедральнага сабора. Адначасова Тэраўскі быў памочнікам рэгента Мінскага архірэйскага хору. Пасля займаў пасаду псаломшчыка ў царкве Св. Марыі Магдаліны, што на вуліцы Старажоўскай, і быў настаўнікам спеваў у Трэцім мінскім прыходскім вучылішчы. Адначасова кіраваў аматарскім хорам Мінскага таварыства цвярозасці.

***

Падчас рэвалюцыі 1905 года на Беларусі пачаўся нацыянальна-адраджэнскі рух. Ягоным ідэйным цэнтрам стала газета «Наша Ніва», вакол якой гуртаваліся нацыянальныя творчыя сілы. Новая беларуская літаратура актывізавала і ўзначаліла беларускае адраджэнне. Усюды ў нашым краі ўзнікалі гурткі грамадскасці, якія ладзілі беларускія вечарыны. На іх дэкламавалі вершы, гучалі сольныя і харавыя спевы, ставілі драматычныя сцэнкі і, вядома ж, — народныя скокі. Гэткія вечарыны рабіліся падзеямі, да якіх рыхтаваліся, якіх чакалі і гледачы, і выканаўцы.

З’явіліся і першыя творцы беларускай нацыянальнай музыкі. Імі сталі Антон Грыневіч (1877—1937), Ян Тарасевіч (1889—1961) і Ула­дзімір Тэраўскі.

У ліпені 1914 года 43-гадовы Тэраўскі стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў — аматарскі Мінскі хор (15 чалавек). Аснову новага калектыву склалі вучні мінскіх школ, у якіх працаваў Тэраўскі.

Па ўспамінах Міхася Чарота, у першай палове 1915 года хор распачаў выступленні ў вайсковых шпіталях, даваў там дабрачынныя канцэрты для параненых салдат Заходняга фронту. У рэпертуары хору было каля дзясятка беларускіх «нумароў». Спярша слухачы ўспрымалі іх даволі крытычна. Але хор хутка ўдасканальваў сваё майстэрства і знаходзіў усё больш слухачоў. Салдаты-беларусы, пачуўшы родныя спевы, па памяці запісвалі і перадавалі Тэраўскаму тыя песні, што спявалі ў іхніх родных мясцінах. Так узбагачаўся нацыянальны рэпертуар хору.

У 1916 годзе, дзякуючы прыхільніку беларушчыны адвакату і журналісту Віктару Чавусаву, хор Тэраўскага ўпершыню выступіў на вечарыне Мінскага аддзялення «Белорусского товарищества помощи пострадавшим от войны» (старшынёй аддзялення быў Чавусаў). Аўдыторыя складалася пераважна з уцекачоў-беларусаў, якія вельмі сардэчна ўспрынялі выступленне. Несумненна, што гэткія вечарыны з удзелам хору Тэраўскага ладзілся і далей.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года хор пачаў называцца Беларускім народным і ўвайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі, а Тэраўскі узначаліў музычную частку Таварыства. Галоўнай пляцоўкай Таварыства была так званая «Беларуская хатка».

У гэты час хор меў ужо 50 спевакоў, а ягоны рэпертуар налічваў каля 200 песень, у тым ліку і беларускіх народных. Тэраўскі пачаў апранацца ў тон усяму хору па-народнаму: белая беларуская світка, пад ёй кашуля-вышыванка з саматканым поясам. Пазней літаратуразнавец Антон Адамовіч (1909—1998) успамінаў:

Тэраўскі любіў тварыць уражанне на публіку як наймацнейшае, наймагутнейшае (асабліва пры дапамозе арміі магутных басоў), што нат, як кажуць, «біў на вонкавы эфект». Любіў, прыкладам, стаяць да публікі перадам, сам пеючы, а хорам як бы й зусім не кіруючы (на самай рэчы кіраваў пальцам заложанай за спіну рукі, але публіка, не бачачы гэтага, запраўды была ўражана).

Газета «Вольная Беларусь» у нумары ад 7 ліпеня 1917 года паведаміла, што 23 чэрвеня пасля пастаноўкі «Паўлінкі» аркестр выканаў беларускі гімн «А хто там ідзе», хор жа спяваў «Марсельезу» і песню Канстанціна Бальмонта «Да здравствует Россия».

Рэдактар газеты Язэп Лёсік у сувязі з гэтым адзначыў:

Шмат у каго са свядомых беларусаў заварушылася недзе ў сярэдзіне думка: «А ці не можна было б так зрабіць, каб беларускі хор на беларускім ігрышчы пяяў беларускі гімн, беларускія рэвалюцыйныя песні?»

Праз месяц тая ж «Вольная Беларусь» ужо пісала:

Хор паправіўся трохі й не частаваў ужо нас маскоўскімі песнямі, а даволі прыгожа спяяў у пачатку ігрышча «А хто там ідзе» і «Адвеку мы спалі», устрэчаныя публікай надта прыхільна. Затое артысты пастараліся, дай бог ім здароўечка, выявіць усю чыстату й пекнату беларускае мовы.

Хор Тэраўскага даў канцэрт дэлегатам з’езда беларускіх арганізацый і партый у ліпені 1917 года. Падчас урачыстага адкрыцця Першага Усебеларускага кангрэса ў снежні 1917 года хор выканаў тры песні на беларускай мове. Змітрок Бядуля засведчыў:

А 8-й гадзіне аркестр ваеннай музыкі іграў «Марсельезу». Потым выступіў беларускі хор у нацыянальных вопратках. Над іх галовамі красаваліся беларускія нацыянальныя сцягі. Спявалі беларускія гімны: «Адвеку мы спалі», «А хто там ідзе» і «Чырвоны штандар» [«Кроў нашу льюць даўно ўжо каты». — Аўт.]. Усе слухалі гімны, стоячы без шапак.

У 1918—1920 гады адна чужацкая ўлада на Беларусі праз год ці нават праз паўгода змянялася на іншую. У гэты цяжкі перыяд хор Тэраўскага супрацоўнічаў з нацыянальнымі тэатральнымі калектывамі, ладзіў спеўкі і вечарыны для грамадскасці.

У 1918 годзе, падчас акупацыі Мінска войскамі кайзераўскай Германіі, галоўным прытулкам для творчай інтэлігенцыі зрабілася так званая «Беларуская хатка» (драўляны барак на Конным пляцы, побач з Камароўкай, — цяпер тэрыторыя тралейбуснага дэпо на скрыжаванні вуліц Варвашэні і Чырвонай). Менавіта тут працавалі першыя тэатральныя і харавыя калектывы нацыянальнага кірунку. Іх удзельнікі былі апантанымі заўзятарамі мастацтва, якім нічога не плацілі за выступленні, ды яшчэ яны прыносілі з дому ўсё неабходнае для спектакля ці канцэрта — і рэквізіт, і адзенне.

У той жа самы час польскія і габрэйскія мастацкія калектывы выступалі ў тэатральных і канцэртных залах горада. У беларускага мастацтва не было тады ніякіх фундатараў. Усё беларускае трымалася толькі на энтузіязме і самаадданасці. Адраджэнцы звычайна не мелі ні сталай працы, ні сталага заробку.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі Актам ад 25 сакавіка 1918 года з’явілася надзея, што нацыянальная культура не будзе больш беднай падчаркай на сваёй зямлі.

І сапраўды, урад БНР (Народны Сакратарыят) вырашыў стварыць нацыянальны Дзяржаўны тэатр ў складзе тэатральнай трупы, харавой капэлы і аркестра. Старшыня Народнага Сакратарыята БНР Язэп Варонка (ён жа ўзяў на сябе абавязкі дырэктара тэатра) загадам ад 10 чэрвеня 1918 года аб’явіў склад трупы, а Тэраўскага прызначыў кіраўніком дзяржаўнага хору. Ужо 29 чэрвеня беларускія ўрадаўцы пабачылі «генеральную пробу» — п’есу Францішка Аляхновіча «Калісь» з удзелам артыстаў трупы і хору Тэраўскага. Нямецкая адміністрацыя паабяцала перадаць новаўстворанаму калектыву памяшканне гарадскога тэатра і дапамагчы грашамі. Але сваё абяцанне яна не выканала. Таму, так і не пачаўшы як след працы, Дзяржаўны тэатр БНР у хуткім часе распаўся.

Хор складаўся з людзей рознага ўз­росту і розных спецыяльнасцей. Тут былі вучні школ і гімназій, настаўнікі і чыгуначнікі, рахункаводы і машыністкі, краўчыя і шаўцы. Цікава адзначыць, што
ўсе яны шукалі і запісвалі народныя мелодыі для Тэраўскага, які рабіў музычную апрацоўку.

У хоры спявалі Алеся (1904—1947) і Андрэй (1906—1963) Александровічы, жонка Яўхіма Кіпеля Марыя Зубкоўская (1904—1992), тады яшчэ гімназістка, паэт і драматург Міхась Чарот (1896—1937), будучы стваральнік музыкі да гімна БССР Несцер Сакалоўскі (1902—1950), іншыя вядомыя дзеячы беларускай культуры.

Алеся Александровіч з 1918 года, калі ёй было толькі 14 гадоў, стала сапраўднай салісткай. Пазней Алесь Рамановіч прызнаваўся:

Усім нам Алеся ў тыя часы здавалася ідэальным увасаб­леннем беларускай дзяўчыны, якая нібы сышла са старонак паэзіі Янкі Купалы.

З 1917 года ўдзельнікам хору быў Вячаслаў Адамовіч-малодшы (каля 1894 — пасля 1939). Гэта ён пад мянушкай Дзяргач узначальваў штаб сялянскай антыбальшавіцкай партызанкі «Зялёны дуб», якая вяла ўзброенае змаганне з бальшавікамі амаль што да сярэдзіны 1920-х гадоў.

Мелі вялікі поспех у публікі Кацярына Яноўская (па мужы Пуроўская), Лідзія Іванчанка, Зося Кавалеўская, Марыя Кур’ян, Ганна Манцывода, Люба Тарасік. Пелі ў хоры настаўніцы мінскіх школ Алёна Вайцаховіч і Вольга Дрозд. Спяваў у ім і Павел Касач, у далейшым — кіраўнік Лявонавецкага народнага хору, выкладчык спеваў у Нясвіжскім педагагічным вучылішчы.

Вось урывак з успамінаў удзельніка хору Канстанціна Пуроўскага (1894—1965), у той час маладога настаўніка, а ў далейшым вядомага опернага спевака і лібрэтыста:

У 1918 г. я са сваімі таварышамі-настаўнікамі К. Д. Ламакам і У. П. Гулісам убачылі ў горадзе афішу аб канцэрце Беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам У. В. Тэраўскага. Ніколі мы там не былі [у «Беларускай хатцы». — Аўт.] і беларускіх песень у мастацкай апрацоўцы для хору таксама да гэтага не чулі. I тое, што мы там убачылі і пачулі, прыемна нас здзівіла. Па-першае, народу было многа — пажылых і маладых, у асноўным пралетараў з Камароўкі, Старажоўкі і Ляхаўкі, і, па-другое, было там што паглядзець і паслухаць.

Адчыняецца заслона — і на сцэне мы бачым у нацыянальных каляровых вопратках невялікі хор. На сярэдзіну выходзіць пажылы, таксама ў лапцях і вышытай рубашцы з каляровым поясам, невысокі па росту і лысенькі чалавек. Міжволі ў нас узнікае лагічнае пытанне — што цікавага зможа паказаць наша лапцюжная Беларусь, калі ўвесь свой век яна бачыла толькі гора і няволю? I што ж мы пачулі?

Пачулі мы на гэтым канцэрце рускія народныя песні і класіку, украінскія і беларускія песні — розныя па зместу: і рэвалюцыйныя, і гераічныя, і жартоўныя, і лірычныя. Асабліва кранулі нас песні, якія мы раней ніколі не чулі: беларуская народная песня ў апрацоўцы Славянскага «Чалавек жонку б’е, бічуе, а ніхто ж яе не ратуе», якую надзвычай цёпла і пранікнёна спявала з хорам зусім маладзенькая салістка Алеся Александровіч, трыа Тэраўскага на словы Купалы з верша «Восень» — «Каля хацінкі». Яна так захапіла нас, што мы непрыкметна адзін ад другога змахвалі з вачэй слёзы.

…Хор паказаў сябе вельмі спетым, з багатай нюансіроўкай і надзвычай чыстым строем, з прыгожымі галасамі. «Адкуль узяўся такі хор, — думалі мы, — і хто яго арганізатар?»

— Хто ж вы такія будзеце? — спытаў нас Тэраўскі, калі пасля канцэрта зайшлі мы за кулісы падзякаваць яму за асалоду.

— Тутэйшыя настаўнікі, — адказваем мы.

— Вось як добра! Вы ж таксама, мусіць, спяваеце? (Тады ўсе настаўнікі, асабліва пачатковых школ, абавязаны былі ведаць музычную грамату, выкладаць спевы і кіраваць хорам у сваіх школах.) — Дапамажыце мне: вы ж бачылі, што хорык у мяне невялікі.

Мы папрасілі яго прыняць нас у свой хор і, у сваю чаргу, завербавалі потым сюды і другіх галасістых настаўнікаў, прычым актыўна пачалі запісваць народныя песні і перадаваць іх Тэраўскаму для апрацоўкі.

Да гэтай цытаты трэба дадаць, што Канстанцін Пуроўскі і Канстанцін Ламака хутка сталі паплечнікамі Тэраўскага ў рабоце капэлы. Па-рознаму склаўся іх жыццёвы лёс. Ламаку на пачатку 1930-х абвінавацілі ў «нацыянал-дэмакратызме» і выслалі ў Казахстан, дзе ягоныя сляды згубіліся. Невядома, калі і дзе ён памёр. Пуроўскаму жа пашчасціла пазбегнуць рэпрэсіяй, аднак ён быў не ў пашане ў партыйнага кіраўніцтва БССР з-за свайго «нацыяналістычнага» мінулага.

Нязменнай папулярнасцю ў слухачоў карысталіся народныя песні: «Чачотачка», «Дуда», «Чалавек жонку б’е», «Маладая дзяўчынанька», а таксама арыгінальныя творы, у якіх гучаў сацыяльны пратэст: «Панам мы песні не спяваем» (на словы Ф. Аляхновіча) і «Каля хацінкі» (на словы Я. Купалы). Пазней Вячаслаў Адамовіч пісаў:

Як прыемна слухаць родныя матывы нашае старонкі! Некая прыемная нуда лажыцца на душу, устаюць, як жывыя, адзін за адным абразы жыцця брата-беларуса ў вёсцы. Слухаеш, як пяюць, і ў душы падымаецца нешта, расце і пераносіць цябе ў далёкую вёску! І хочацца зрабіць так, каб палепшала жыць брату-беларусу ў сваёй старонцы…

Сола ў песні «Каля хацінкі» выконваў маладзенькі харыст Язэп Васілеўскі. Калі ў траўні 1929 года таленавіты малады спявак заўчасна памёр, К. Пуроўскі з гэтай сумнай нагоды зрабіў запіс у сваіх успамінах:

Міжволі ўспамінаецца маленькі, прыгожы хлапчук, які ў часе канцэртаў хору выходзіў на перад сцэны і сваім зычным, прыгожым, мілагучным альтом ачароўваў слухачоў.

Вельмі падабалася слухачам песня на Купалаў верш «Шумныя бярозы», якую ўпершыню выканалі ў 1916 годзе Алеся Александровіч, Ганна Бялькевіч і Язэп Васілеўскі, што былі тады падлеткамі.

Цікавасць да беларускай песні шпарка расла. Хутка спатрэбіліся спеўнікі для мастацкіх калектываў, што пачалі стварацца ў рэгіёнах. Так, святар Адам Мурашка, арганізуючы хор у Баранавічах, прасіў у лісце:

…Людзі са шчырай любоўю да Беларускага мастацтва… Некаторыя з іх чулі Беларускі хор Тэраўскага ў Менску… Вышліце, калі ласка, колькі спеваў пана Тэраўскага.

Але ж то быў час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, таму зразумела, што аўдыторыя, якая складалася галоўным чынам з працоўных, таксама хацела слухаць песні рэвалюцыйнага зместу. У рэпертуары хору значыліся «Міжнародны гімн пралетараў» («Інтэрнацыянал»), «А хто там ідзе» (словы Я. Купалы, музыка Л. Рагоўскага) і «Беларуская марсельеза» («Адвеку мы спалі») на словы А. Мікульчыка.

 Калі ў Мінск прыйшла Чырвоная Армія (гэта адбылося 22 снеж­­ня 1918 г.), намаганнямі камуністаў-беларусаў Усевалада Фальскага, Аляксандра Чарвякова і Зміцера Жылуновіча быў заснаваны Беларускі Савецкі тэатр (БСТ), у склад якога ўвайшоў і хор Тэраўскага. Некалькі месяцаў БСТ двойчы на тыдзень даваў тэатральныя паказы, з удзелам харыстаў, у памяшканні гарадскога тэатра ды ў зале культурна-спартыўнага таварыства «Сокал». Акрамя таго, хор шмат выступаў з канцэртамі ў школах, на мітынгах, у розных клубах. Вось што напісаў Пуроўскі ў сваіх успамінах пра канцэрт для франтавікоў у клубе імя Карла Маркса:

Калі пасля некаторых праграмных песень хор праспяваў «Каля хацінкі», дык увачавідкі прыйшлося пераканацца, якую сілу мае песня… 3 паўхвіліны ў зале стаяла цішыня, нібы здарылася штосьці незвычайнае. Магчыма, гэтая песня нагадала кожнаму з прысутных яго хату і гора сям’і. А потым што пачалося дзеяцца ў зале — цяжка й сказаць! Надрыўны гул-плач пракаціўся ў натоўп. Усе ўскочылі, як на­электрызаваныя. Магутныя рукі байцоў схапілі малога хлопчыка Язэпку
[Васілеўскага. — Аўт.] са стала, на якім ён адзін стаяў і спяваў, бо сцэны для хору не было, і пачалі яго шчыра, ад сэрца «качаць»…

Але Беларускі савецкі тэатр існаваў нядоўга. Адных яго работнікаў арыштавалі чэкісты, другія збеглі ад бальшавіцкага гвалту ў Вільню ці ў Гародню. У красавіку 1919 года БСТ «самараспусціўся», але хор Тэраўскага захаваўся. Ён працягваў даваць канцэрты для жыхароў Мінска і наваколіц у «Беларускай хатцы», якую камісары гучна назвалі «Беларускім народным домам».

***

Польская акупацыя ніяк не палегчыла становішча беларускай культуры, але менавіта ў гэты час папулярнасць хору Тэраўскага сягнула яшчэ вышэй.

У 1919—20 гг. хор уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва. Таксама Тэраўскі супрацоўнічаў з Беларускім народным тэатрам — мастацкай трупай пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. А з восені 1919 года па запрашэнні Вацлава Іваноўскага (1880—1943), рэктара новаўстворанага Мінскага педагагічнага інстытута, ён адзін навучальны год выкладаў музыку і спевы на настаўніцкіх курсах.

Акрамя таго, з самага ўт­варэння Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэта ў Мінску (ЧБНК) У. Тэраўскі быў яго чальцом.

19 верасня 1919 года ў Мінск прыехаў польскі палітычны лідар Юзаф Пілсудскі, з якім звязваліся тады надзеі на стварэнне польска-беларускай федэрацыі. З той нагоды ў мінскім гарадскім тэатры адбыўся спектакль, у якім выступаў і хор Тэраўскага: хор спяваў песню, якая на афішах была пазначана як «беларускі гімн».

Усюды паспяваў гэты чалавек. Ніводная ўрачыстая імпрэза ў 1919—1920 гг. не абыходзілася без дабрачынных канцэртаў хору: святкаванне другіх угодкаў абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1920 г., баль выпускнікоў беларускіх школ у траўні, святкаванне 15-годдзя літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы 24 чэрвеня таго ж года.

Але галоўным клопатам хору па-ранейшаму быў тэатр. Найбольш памятнай з тэатральных работ таго часу стала сумесная праца з Францішкам Аляхновічам пры пастаноўцы новай версіі ягонай музычнай камедыі «Птушка шчасця». Музыку да арыі Лесуна напісаў Тэраўскі. Дэбют версіі аперэты адбыўся 14 чэрвеня 1920 года ў Мінскім гарадскім тэатры і быў ухвалены ў друку.

Не забыўся калектыў і пра канцэртныя вандроўкі. На працягу траўня — чэрвеня 1920 года хор наведаў з канцэртамі Слуцк, Старыя Дарогі, Асіповічы, Ігумен і шэраг вёсак.

Разам з прапагандай беларускай песні харысты неслі ў народ ідэю незалежнасці Бацькаўшчыны. Многія з іх былі сябрамі Беларускай камуністычнай арганізацыі, або эсэрамі, яны заклікалі народ да ўзброенай барацьбы з польскімі акупантамі, распаўсюджвалі антыпольскія пракламацыі. Андрэй Александровіч расказваў:

У Слуцку адбылася палітычна-нацыянальная схватка. У. В. Тэраўскі заўсёды, складаючы праграму канцэрта, устаўляў дэкламацыю. I вось у Слуцку на канцэрце выступае адзін з харыстаў і дэкламуе верш Янкі Купалы «Ворагам Беларушчыны»… Польская слуцкая адміністрацыя забараняе хору далейшыя выступленні ў Слуцку і не дазваляе спыняцца на станцыях да Менска.

А за выкананне хорам песень «Каля хацінкі» і «Панам мы песні не спяваем» у Асіповічах адміністрацыя арыштавала Тэраўскага і трымала пад вартай (падчас вобыску ў Тэраўскага знайшлі рэвальвер, што і стала фармальнай падставай для арышту).

***

Пасля абвяшчэння 31 ліпеня 1920 года, ужо ў другі раз, быццам «незалежнай» Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь Акадэмічны цэнтр Наркамата асветы арганізаваў у жніўні таго ж году Беларускі дзяржаўны тэатр (з 1926 г. БДТ-1), куды як складовая частка ўвайшоў хор Тэраўскага. Сам Тэраўскі заняў пасаду галоўнага хормайстра тэатра. Найбольш да ўтварэння тэатра спрычыніўся Усевалад Фальскі, які ўзначальваў Акадэмічны цэнтр і апекаваў мастацкія ўстановы Беларусі.

Для беларускіх дзеячаў, што засталіся працаваць у БССР, наступ­ны 1921 год быў вельмі драматычны. Па фальшывым абвінавачан­ні ў пад­рыхтоўцы паўстання супраць бальшавікоў ЧК арыштавала ў снежні 1920 — лютым 1921 гг. каля 2 тысяч чалавек, пераважна сябраў Бела­рускай партыі сацыял-рэвалюцыянераў. Пасля арышту некаторых харыстаў (актывістаў партыі беларускіх эсэраў) Тэраўскі не адмовіўся ад сваіх вучняў, хадайнічаў пра іх вызваленне. I за гэта сам паплаціўся арыштам, як, дарэчы, і ягоны сябра, камуніст Усевалад Фальскі.

Тэраўскага арыштавалі 3 верасня 1921 г. быццам «за укрывательство шпионки Зайцевой [заручонай былога харыста Тэраўскага В. Адамовіча (Дзяргача). — Аўт.], незаконное хранение оружия и дачу ложных показаний». На самай справе ўсё інкрымінаванае Тэраўскаму сфабрыкавалі мінскія чэкісты.

Разам з ім ЧК арыштавала яго жонку Надзею Прохараўну. Яны праходзілі па адной справе з Усеваладам Фальскім, Уладзімірам Кубарам, яго жонкай Надзеяй Кубар, загадчыкам дэзынфекцыйнага аддзела Наркамата аховы здароўя Сямёнам Валачковічам, старшым механікам Мінскага тэлеграфа Герасімам Раманчыкам, тэлеграфістамі Міхаілам Бакуном і Ганнай Бруевіч, медсястрой Мінскага шпіталя Сінкліцікіяй Малчанавай.

Паводле пастановы калегіі ВЧК ад 23 верасня 1921 года У. Кубар і Г. Бруевіч былі асуджаны да смяротнага пакарання і 19 кастрычніка 1921 г. расстраляны. М. Бакун, С. Валачковіч, Н. Кубар, С. Малчанава, Г. Раманчык прыгавораны да двух гадоў зняволення. У. Тэраўскаму і У. Фальскаму таксама прысудзілі пакаранне смерцю, але потым гэты прысуд змянілі на 5 гадоў зняволення. Іх этапавалі ў Смаленскі папраўчы дом. Жонцы У. Тэраўскага далі два гады зняволення ў мінскім працоўным лагеры. Праз два месяцы, 23 лістапада, на турэмных нарах творца сустрэў свой 50-гадовы юбілей.

Наркам асветы Усевалад Ігнатоўскі, які адначасова быў галоўным рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», пад сваю персанальную адказнасць «прапусціў» у лютым 1922 года праз раздзел газеты «Паштовая скрыня» наступную інфармацыю:

Масква. Сябру Грабоўскаму. У адказ на Ваша запытанне рэдакцыя паведамляе, што спевы Тэраўскага, якія былі надрукаваны, разышліся; ненадрукаваныя ж знаходзяцца ў уласным распараджэнні. Дакладнага адраса Тэраўскага паведаміць не можам, бо ён заарыштаваны і вывезены ў Смаленск.

Многія, дазнаўшыся пра зняволянне Тэраўскага, хваляваліся за ягоны лёс. Напрыклад, у лістападзе 1922 года адзін з дапісчыкаў «Савецкай Беларусі» пытаў:

Чаму змоўк беларускі хор? Дзе захаваны багаты цыкл беларускіх народных песняў, якія так падабаліся публіцы і выдзяляліся сваёй самабытнасцю, настраёвасцю і хараством?

Але ж значна раней, яшчэ 24 сакавіка таго ж года Цэнтральнае Бюро КП(б)Б разгледзела «справу Тэраўскага» і пасля кароткага абмеркавання пастанавіла:

Считая освобождение Терравского несвоевременным, ходатайство отклонить.

Тэраўскі і Фальскі адбылі ў турме больш за 22 месяцы. І ўсё ж 24 траўня 1923 года яго разам з Фальскім датэрмінова вызвалілі для падрыхтоўкі БДТ-1 да ўдзелу ў Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Кіраўніцтву БССР, каб паказаць Крамлю дасягненні беларусаў не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў мастацтве, тэрмінова спатрэбіўся «нацыяналіст ды антысаветчык» Тэраўскі, бо «савецкія» дасягненні ў гэтай вобласці грамадскага жыцця былі вельмі слабыя.

Беларускі дзяржаўны тэатр разам з хорам Тэраўскага дэбютаваў у Маскве 25 жніўня 1923 г. Вось што пісалі пра ягоныя выступленні карэспандэнты мінскіх газет:

У Няскучным садзе пяе наш хор пад кіраўніцтвам Тэраўскага. Тут жа на змену пяюць і ўкраінцы, і велікаросы. Але як спяюць нашу «Бульбу», ці «Лявоніху», ці што другое, дык публіка плешча і крычыць «брава» больш як другім. А дзед лірнік з сваімі хватаючымі за сэрца спевамі наганяе думкі і часамі выціскае з дзявочага вока слязу…

Зычныя струны цымбалаў прымушаюць грамады экскурсантаў ці­кавіцца і, абы толькі струны зазвінелі, — слухаць. Імя працоўнай Беларусі шумнаю хваляй расплывае на вялікім абшары ўсяго свету.

Апрача штодзённых канцэртаў хору (усяго іх далі для масквічоў больш за 30), паказваліся спектаклі «На Купалле» і «Машэка» — у Замаскварэцкім тэатры, у клубе былой Прохараўскай мануфактуры ды ў некаторых іншых рабочых клубах Масквы. Самым ганаровым для беларускай капэлы было выступленне ў тэатральнай зале Крамля, дзе прысутнічалі чальцы саюзнага ўрада.

Дарэчы, у Маскве хор выступіў на спецыяльным пасяджэнні членаў Дзяржаўнага інстытута музычных навук, дзе яго слухалі вядомыя кампазітары Міхаіл Іпалітаў-Іванаў (1859—1935), Аляксандр Аленін (1861—1944), Мітрафан Пятніцкі (1864—1927), Аляксандр Грачанінаў (1864—1956), Мікалай Аладаў (1890—1972) і іншыя. Яны аднадушна адзначылі прафесіяналізм, музычную культуру і вялікі талент выканаўцаў.

Маскоўскія музыказнаўцы не скупіліся на пахвалу. Так, малады тэатральны крытык Хрысанф Херсонскі (1897—1968) у газеце «Известия» за 7 верасня напісаў, што асноўны матыў у творчасці тэатра — «шуканне сваёй “кветкі шчасця”, якім у больш шырокім разуменні жыве цяпер увесь беларускі народ»:

Жыццёвая радасць, музыкальнасць, маладосць, насычаюць беларускі тэатр той псіхічнай асновай, дзякуючы якой ён карыстаецца такім поспехам…

Пасля вызвалення У. Тэраўскі ізноў заняў пасаду галоўнага хормайстра Беларускага дзяржаўнага тэатра. Акрамя таго, ён кіраваў харавымі калектывамі БДУ, Мінскага педагагічнага тэхнікума, прафесійнага саюза паштавікоў-тэлеграфістаў.

У 1922 годзе быў створаны Інстытут беларускай культуры. Вярнуўшыся дадому, Тэраўскі ўвайшоў у музычную падсекцыю секцыі мастацтва, якая арганізоўвала фальклорныя экспедыцыі ў сельскія раёны Міншчыны і Случчыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны, на Палессе. Сабраным фальклорным матэрыялам кампазітар карыстаўся для музычнага афармлення спектакляў у тэатры, уводзіў у рэпертуар хароў. У асабістым зборы кампазітара налічвалася больш за 500 (!) беларускіх народных песень.

Прапагандуючы беларускую песню, хор Тэраўскага ў 1923—1928 гг. пабываў у Віцебску, Полацку, Магілёве, Гомелі, Бабруйску, Асіповічах, Барысаве, Оршы, Пухавічах, іншых гарадах і вёсках Усходняй Беларусі.

Цікавасць беларускага грамадства да народнай песні і музыкі выклікала неабходнасць стварэння нацыянальнай дзяржаўнай музычнай вучэльні. Увосень 1924 года быў адкрыты ў Мінску музычны тэхнікум па вуліцы Інтэрнацыянальнай (побач з Інбелкультам), дзе атрымалі адукацыю многія з тых, хто склаў пазней гонар беларускай нацыянальнай музычнай культуры.

У гонар акадэмічнай канферэнцыі па ўпарадкаванні беларускага правапісу капэла Тэраўскага 19 лістапада 1926 года выступіла з узорным канцэртам перад яе дэлегатамі. Газета «Савецкая Беларусь» за 21 лістапада сцвярджала:

…развіццё беларускага музычнага мастацтва йдзе па правільным шляху, бо шлях да ўтварэння агульначалавечае (альбо, прынамсі, агульнаеўрапейскае) музыкі йдзе праз музыку нацыянальную.

Кампазітар Мікола Шчаглоў-Куліковіч згадваў:

У асабістым жа жыцці Тэраўскі быў сціплы. Калі хто сустракаўся з ім, дык адразу набіраўся вельмі прыхільнага ўражання аб гэтым чалавеку. Перш чым гутарыць з вамі, ён, бывала, паглядзіць на вас сваімі праніклівымі вачыма, паправіць пенснэ і пачне ўважліва слухаць, дзе-нідзе падбадзёрваючы вас двума, трыма сказамі… Ён ніколі не выхваляўся, не ставіў сваю асобу на вышыню… I вельмі дзіўна, што лёс надарыў гэтага чалавека, з аднаго боку, надзвычайна цяжкім жыццёвым шляхам, а з другога боку — надзвычайнай роляй у беларускай нацыянальнай культуры…

***

У 1924 годзе палітыка нацыянальнага адраджэння, якая атрымала назву «беларусізацыя», набыла статус дзяржаўнай. Але поруч з тым станоўчым, што суправаджала яе, назіралася шмат негатыўнага, па сутнасці разбуральнага. Да прыкладу, у снежні 1924 года газета «Беларуская вёска» апублікавала артыкул без подпісу «Трыццаць пяць год на варце беларускага хараства», прысвечаны жыццю і творчасці Тэраўскага. Гэткі «крымінал» стаў прадметам абмеркавання на пасяджэнні Цэнтральнай кантрольнай камісіі КП(б)Б.

Вось што напісана ў пратаколе ЦКК ад 16 лістапада 1924 г.:

Присутствовали: Никитин, Вестфаль, Бенек, Бейлин. Слушали: О юбилее белорусского хормейстера гр. Терравского и печатании об этом в газете «Беларуская вёска». (т. Никитин, письмо т. Криницкого). Постановили: Поручить расследовать т. Бейлину и сообщить Президиуму ЦКК.

У 1928 годзе партыйныя ідэолагі развязалі ў рэспубліканскім друку так званую тэатральную дыскусію. Скарыстаўшы выступы прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі ў абарону беларускага нацыянальнага рэпертуару, супраць панавання «пралетарскіх» п’ес, яны пачалі наступ на адраджэнне і адраджэнцаў. У 1929 годзе ЦК КП(б)Б паставіла на чале БДТ-1 беларускага рэнегата А. Некрашэвіча. Па загадзе «зверху» ён узяў кірунак на «адвучэнне» гледачоў ад нацыянальных традыцый, закладзеных Фларыянам Ждановічам, Францішкам Аляхновічам і Уладзімірам Тэраўскім.

Уладзіміра Васільевіча пачалі выжываць з тэатра. А ў яго былі цяжкія абставіны асабістага жыцця. Вось ягоны ліст да Язэпа Дылы, земляка і былога дырэктара БДТ-1, датаваны 1929 годам:

Высокапаважаны Язэп Лявонцьевіч!

Пасылаю даведку аб маёй музычнай працы, прашу Вас, як найлепшага і шчыра спачуваючага ў чужым горы чалавека, пры разглядзе майго хадайніцтва як мага ратаваць мяне. Ляжу ўжо тры месяцы хворы (ішыас — радыкуліт) і не ведаю, калі і ўстану. Жонка мая таксама ляжыць у бальніцы ў «кіпцёх смерці». Спадзеі на яе жыццё мала, але калі б яна ачуняла, то далей ложка не пойдзе, будучы спаралізавана. Для ўходу за ёй патрэбна хатняя работніца. З Масквы на гэтых днёх прыязджае на жыццё ка мне стары беспрацоўны мой брат 65 гадоў. На поўным утрыманні ў мяне жыве сірата-пляменнік. Вось колькі едакоў патрабуюць хлеба, а сам я хворы.

Пішу я гэта і прашу Вас, Я.Л., калі будзе патрэбным пры вызначэнні мне пенсіі, звярнуць увагу на маё гэткае сямейнае становішча. Апошняя тэатральная стаўка маей пенсіі была 125 руб., але чамусьці ў мінулым сезоне, 1928/29 гг., мне пенсію скарацілі на 25 руб., грунтуючыся як бы на тым, што ў тэатры няма музычных п’ес і хормайстару малая нагрузка. Хіба ж я ў гэтым быў вінен? Даводжу і гэта да Вашага ведама на ўсякі выпадак.

Яшчэ раз прашу Вашай ласкі, Я. Л., не адмоўцеся дапамагчы мне ў вызначэнні мне павялічанай пенсіі, бо зарабіць ужо я не магу і мае іждзівенцы таксама.

Уся мая спадзея толькі на Вас. Па хворасці я за сябе прасіць не магу і даручыць — няма каму…

Як вядома, увосень 1929 года (афіцыйныя савецкія гісторыкі называлі яго годам «вялікага пералому») кіраўніцтва ўсесаюзнай камуністычнай партыі пачало шырокамаштабную кампанію па ліквідацыі найбольш заможнай і працавітай часткі сялянства (так званых «кулакоў»). Адначасова былі разгорнутыя рэпрэсіі супраць патрыятычных колаў інтэлігенцыі ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках, нацыянальных акругах і аўтаномных абласцях СССР.

У 1930 годзе супрацоўнікі ДПУ сфабрыкавалі справу «Саюза вызвалення Беларусі». Па ёй было арыштавана 108 чалавек, вядомых дзеячаў культуры і навукі. Тэраўскаму тады пашчасціла пазбегнуць арышту. Але ў траўні 1930 года расфарміравалі ягоны хор пры Белдзяржуніверсітэце. Гэтак жа ўлады паступілі і з іншымі самадзейнымі калектывамі, ініцыятарам стварэння і кіраўніком якіх быў Тэраўскі. А ў 1931 годзе яго звольнілі з тэатра.

Да 1933 года ён служыў у Пярэспенскай царкве, потым да 1935 году быў рэгентам царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Мінску. Пасля гэтага больш за тры гады не меў ніякай працы, знаходзіўся ў вельмі цяжкім матэрыяльнам становішчы.

Сталінская расправа застала Тэраўскага пазней. Яго арыштавалі 17 жніўня 1938 года як «удзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Пры арышце ў анкеце запісалі:

Теравский Владимир Васильевич, белорус; беспартийный, вдовец, сын попа, бывший дьякон… был псаломщиком Переспенской церкви в г. Минске і регентом церковного хора Николаевского собора, а затем в Переспенской церкви, где служил до 1933 г., после чего до нынешнего времени — без определенных занятий, живет на ул. Кропоткинской, 74/41, кв. 4.

Можна ўявіць сабе, што гэта было за жыццё, калі амаль пяць гадоў «без пэўных заняткаў».

У ходзе следства Тэраўскаму прад’явілі новае абвінавачанне — «агент польскай выведкі». «Справа» стваралася на падставе «паказанняў» (дакладней, ілжэсведчанняў) «сексотов» (сакрэтных супрацоўнікаў НКУС). Асобая «тройка» НКУС прыгаварыла яго 1 лістапада 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Яго забілі 10 лістапада 1938 г. у Мінску. Праз 13 дзён яму павінна было споўніцца 67 гадоў. Чэкісты расцерушылі ягоны асабісты архіў — багацейшую скарбніцу беларускай песеннай спадчыны.

Па справе 1938 г. Тэраўскага рэабілітаваў трыбунал Беларускай Ваеннай Акругі пастановай ад 1 кастрычніка 1957 г. (справа КДБ РБ № 10927-с). Рэабілітацыя адбылася дзеля намаганняў кампазітара, народнага артыста БССР Мікалая Аладава, акцёра, былога харыста капэлы, народнага артыста БССР Барыса Платонава, а таксама былога вучня Тэраўскага Уладзіміра Саладухі.

А па першай справе (1921 г.) яго рэабілітавала ваенная пракуратура Беларусі 6 жніўня 1996 г. (справа КДБ РБ № 20479-с).

ТВОРЧАСЦЬ

Сітуацыя ў тагачаснай
беларускай музычнай культуры

Як адзначаюць сучасныя даследчыкі, для яе быў характэрны зварот да «ўдарных» этнічных прыкмет — да сюжэтаў з нацыянальнай гісторыі, да міфалогіі, да народнага мастацтва. Гэтую сітуацыю ўзмацняў палітычны фон — стварэнне спачатку БНР, а потым БССР — і высоўванне культурнага аспекту жыцця грамадства як важнай часткі агульнай карціны нацыянальнай дзяржаўнасці. Адгэтуль вынікала павышаная ўвага да фальклору як адной з фармальных прыкмет этнаса, і ў той жа час як аднаго са сродкаў фарміравання «іміджу дзяржавы».

Вось што піша сучасная даследчыца беларускай музыкі Валянціна Антаневіч у сваёй кнізе «Белорусская музыка ХХ века: композиторское творчество и фольклор» (2003 г.):

Станаўленне кампазітарскай практыкі ў 1920-я гады адбывалася ва ўмовах абсалютызацыі нацыянальнага фактару ва ўсіх сферах сацыяльнага і культурнага жыцця, якое працякала (да 1929 года) у нацыянальна-адраджэнскіх ракурсах. Нацыянальная дзяржаўная палітыка ў БССР стымулявала ва ўсіх абласцях мастацка-творчай дзейнасці працэсы самавызначэння, «беларусізацыі».

(…) Эстэтычныя пазіцыі дзеячаў-адраджэнцаў і наватарскія пошукі на полі «беларускасці» «маладнякоўцаў» і «ўзвышэнцаў», «этнаграфічныя» спектаклі БДТ-1 і БДТ-3, «народна-песенныя сюіты» Аладава, Равенскага, Пукста былі аб’яднаны (…) тэзай аб стварэнні самабытнай высокапрафесійнай культуры на аснове традыцый айчыннага фальклору [с. 105, пераклад на беларускую мову мой. — Аўт.].

І далей:

У 1920-я гады атрымала пацверджанне галоўная асаблівасць нацыянальнага кантэксту беларускай музыкі — яго фалькларызаванасць. Усеагульная, татальная роля фальклору — «музычнай падставы, падмурка, на якім будуецца велізарны будынак музыкі мастацкай» (Ю. Дрэйзін), — у фарміраванні ўсіх кампанентаў нацыянальнага кантэксту вызначалася перажыванай /у той час/ гісторыка-мастацкай сітуацыяй:

— «маладосцю» нацыянальнай кампазітарскай культуры (якая напрацоўвала ўласны досвед праз зварот да этнічна прыкметных музычных традыцый);

— уздзеяннем моцна фалькларызаванай рускай музыкі XIX стагоддзя;

— акалічнасцямі паскоранага развіцця (сжаццем і ўшчыльненнем працэсу засваення фальклору) (с. 106).

***

Па-першае, Тэраўскі запісваў народныя песні. Але, пачаўшы з запісаў народных спеваў, ён паступова перайшоў да іх гарманізацыі і апрацоўкі. Акрамя таго, абапіраючыся на нацыянальны музычны фальклор, ён ствараў музыку да вершаў беларускіх паэтаў.

Папулярызацыя народнай песні самымі даступнымі спосабамі складала важную частку «беларускай справы» — тытанічнай працы нацыянальнай інтэлігенцыі, накіраванай на адраджэнне і прапаганду роднай мовы, культуры беларусаў, абуджэнне этнічнай самасвядомасці, укараненне «беларускасці» ва ўсіх сферах сацыяльна-культурнага існавання. Пісьменнік Максім Гарэцкі назваў гэту працу «прышчэпаваннем працоўным гушчам нацыянальных жаданняў».

Яна была па сваім характары адначасова і асветніцкай, і прапагандысцкай. Галоўную ролю гулялі пры гэтым найпрасцейшыя апрацоўкі-гарманізацыі, разлічаныя, з аднаго боку, на выканальніцкія магчымасці аматарскіх харавых калектываў, а з іншага — на музычныя густы шырокай аўдыторыі.

Значную частку сваіх гарманізацый, а таксама «новых песень у беларускім характары» Тэраўскі апублікаваў у трох зборніках разам з тэкстамі.

Успамінаючы тыя даўнія часы, Канстанцін Пуроўскі пісаў, з якой асалодай слухаў Янка Купала песні ў выкананні хору на свае тэксты:

Калі Янка Купала … пачуў першы раз у той жа «Беларускай хатцы» ў выкананні хору Тэраўскага песню «Каля хацінкі» на свае словы, дык вушам сваім не паверыў: цяжка й сказаць, да чаго ўжо прыгожа яна гучала! Ад гэтай песні ён і цёця Уладзя былі надзвычай узрушаны і прыйшлі ў вялікае захапленне.

…Звычайна ледзь толькі на канцэрце адчынялася заслона і паказваўся хор, дык публіка пачынала крычаць: «Каля хацінкі!», «Каля хацінкі!» Хто чуў даўней гэтую песню — і цяпер яшчэ яна гучыць у вушах непаўторнай прыгажосцю. Так павінна было стацца, што тэкст Купалы і музыка Тэраўскага, а таксама майстэрскае выкананне гэтай песні зліваліся ў штосьці незвычайнае, цэльнае і ператваралася ў моцную, да слёз задушэўную гарманічную форму.

Вялікім поспехам карысталіся песні Тэраўскага на вершы Купалы «Шумныя бярозы» ў выкананні Алесі Александровіч, Ганны Бялькевіч і Язэпа Васілеўскага і «Да дзяўчынкі» ў выкананні спявачак з цудоўнымі галасамі — Кацярыны Яноўскай-Пуроўскай (кантральта) і Марыі Кур’ян (драматычнае сапрана).

А песню на тэкст Янкі Купалы «А хто там ідзе?» для саліста з хорам на мелодыю Людаміра Рагоўскага, але ў сваёй апрацоўцы Уладзімір Тэраўскі паставіў як масавую інсцэніроўку.

Яшчэ ў 1919 годзе па прапанове Беларускай вайсковай камісіі Тэраўскі пачаў складаць спеўнік для беларускага войска на падставе народных песень. Спеўнік быў падрыхтаваны да друку ўжо летам 1920 года, але асобнай кніжкай ён выйшаў толькі ў 1921 годзе, пры Саветах («Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелёдый»). У ім былі ноты і тэксты 25 песень.

Працуючы над гэтым зборнікам, Тэраўскі значна пашырыў тэматыку спеўніка. Яму дапамагалі паплечнікі, вучні ды проста добрыя знаёмыя, якія збіралі фальклорныя матэрыялы ў розных кутках Беларусі, — Канстанцін Пуроўскі, Канстанцін Ламака, Міхась Чарот, Вячаслаў Адамовіч, Паўліна Мядзёлка і іншыя.

У 1922 годзе ў Берліне па замове савецкага ўрада Беларусі быў надрукаваны другі зборнік — «Беларускі лірнік», які змяшчаў 99 песенных нумароў. Гэты спеўнік стаў вянцом шматгадовай дзейнасці кампазітара і хормайстра. (Cам жа аўтар у гэты час знаходзіўся за кратамі ў Смаленску.)

У снежаньскім (1922 г.) нумары часопіса «Полымя» К. Пуроўскі, рэцэнзуючы «Беларускага лірніка», адзначыў:

Плача, горка плача яго песня, успамінаючы цяжкія гадзіны мінуў­шчыны. …Але ж і аб будучыні яна ўрачыстым гімнам гучыць. Гэта сведчыць аб тым, што жыве і будзе жыць беларускі народ і яго культура.

У лютаўскім нумары часопіса «Полымя» за 1923 год Янка Купала адзначыў, што «Беларускі лірнік» выйшаў у самы час:

Усе надрукаваныя ўперад «спеў­нікі» з нотамі разышліся па Беларусі са сваімі смутнымі і вясёлымі песнямі.

А вось што напісаў сам Уладзімір Тэраўскі ў прадмове да зборніка «Беларускі лірнік»:

Выпускаючы ў сьвет свой першы зборнік беларускіх сьпеваў на чатыры галасы, я меў на ўвазе ў першую чаргу як найхутчэй здаволіць шырокія патрэбы грамадзянства, якое ў апошні час так шчыра й несупынна ўзялося за разьвіцьцё й пашырэньне свае роднае беларускае культуры.

Да гэтага часу ў друку зьявілася вельмі мала беларускіх народных музкальных твораў, дзеля чаго хоры, каб папаўняць свой рэпэртуар, пачынаюць карыстацца чужымі мэлёдыямі, не адпавядаючымі духоўнаму складу беларуса.

Усё гэта і прымусіла мяне апрацаваць чыста беларускія народныя творы, лік якіх даходзіць да 500 нумароў, каб кожны, паслухаўшы іх у выпаўненьні хорам, мог зразумець, што беларускія сьпевы па сваёй пекнаце й багаццю ня горш за іншыя, што ў іх, як у люстры, адбіваецца ўвесь духоўны настрой гаротнага селяніна.

Хоць народныя сьпевы па складу свайму й бываюць вельмі цяжкія, але, услухаўшыся ў іх, шмат хто ўбачыць хараство родных мелёдый, унясе іх з сабой у жыцьцё і, можа быць, ня раз, дзякуючы ім, знойдзе духоўны супакой.

Гэтае й мае вялікую вартасць для захаваньня й развіцця культуры. Будзем спадзявацца, што грамадзянства зразумее гэта і з свайго боку прыме ўсе належныя крокі, каб, запісваючы мэлёдыі, дапамагчы у агульнай працы.

Вайсковая камісія пры Інбелкульце ў 1926 годзе выдала яшчэ адзін спеўнік Тэраўскага, прызначаны для курсантаў Аб’яднанай беларускай вайсковай школы. У ім было 30 песень.

Ён меў назоў «Сьпеўнік музыкі У. Тэраўскага». Музычная падсекцыя ўхваліла яго да карыстання ў вайсковых частках. У прадмове аўтар музыкі адзначыў:

Атрымаўшы заданьне тэрмінова напісаць гэты сьпеўнік, я, пры складаньні кожнае песьні, перш за ўсё, стараўся захаваць характар беларускае народнае мэлёдыі. (…) Некаторыя з нумароў узяты мною з першага майго зборніка «Беларускі сьпеўнік на тры галасы» і з «Беларускага лірніка» і ў трохі пераробленым выглядзе, з маршавым характарам, унесены ў гэты сьпеўнік» (…) Каб лягчэй вывучваць і пашыраць гэтыя сьпевы, прапануецца кіраўнікам харавых гурткоў вайсковых часьцей перш навучыць хор, а пасьля ўводзіць у агульнае карыстаньне ўсімі часьцямі.

У новы зборнік увайшлі песні (з нотамі Тэраўскага) на словы Янкі Купалы, Ясакара (Змітрака Бядулі), Цішкі Гартнага і нейкага Цярэбіча. Янку Купалу належаць у зборніку тры тэксты: «Сьвішча куля» (на верш «Будзь здаровы, бацька, маці…»), «У паход» (на верш «Ой, вяду бяду…») і «Габруська» (на верш «Габруся ў жаўнерку ўзялі…»).

Што тычыцца Цярэбіча (6 тэкстаў), гэта хутчэй за ўсё псеўданім, але якая канкрэтная асоба схвалася за ім, невядома. На жаль, аўтары некаторых тэкстаў наогул не пазначаны, у тым ліку песні «Станьма адважна» — беларускага варыянта «Смело, товарищи, в ногу».

Аўтар «Ваяцкага марша» таксама не пазначаны, але мы яго добра ведаем — Макар Краўцоў. Цікава адзначыць, што ў другой страфе цэнзура вымагла змяніць трэці радок. Замест «Штандар наш бел-чырвона-белы» з’явіліся словы «Свабоды сьцяг — штандар чырвоны!»

А вось тэкст яшчэ аднаго невядомага аўтара — «Ой хадзіў ваяк-саколічак»:

Ой хадзіў ваяк-саколічак па гары крутой,

Зачасаў ён русы валасы праваю рукой.

Навастрыў ён шаблю востраньку, проста зіхаціць,

А пад ёлкаю кудраваю конь яго стаіць.

Конь іржэць і рвецца ў полечка, аж грызе зямлю,

Гэй, малойчык, дай-жа волячку быстраму каню.

А малойчык думаў думачку аб сваёй жане,

Ой загіну, ой загіну я ў дальняй старане.

Не загінеш, не загінеш ты, сьмела йдзі ў бой,

Хай ніхто не гаспадарыць над тваёй зямлёй.

Бо ў няволі плача горанька красная жана,

Бо ў няволі, як чужэнькая, маці старана.

І малойчык сеў на коніка ды з гары крутой

Паімчаўся, нібы буранька, у крывавы бой.

Агулам у трох зборніках Тэраўскі даў сваю музыку да 150 беларускіх песень, зразумела, без уліку «Інтэрнацыянала» і «Беларускай Марсельезы».

Па-другое, ён напісаў музыку да шмат якіх песень і рамансаў на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота і іншых беларускіх аўтараў.

У творчасці Тэраўскага і яго сучаснікаў трэба адрозніваць два этапы, якія вядомы расійскі музыказнаўца і кампазітар Барыс Асаф’еў (1884—1969) назваў «раннім» і «спелым» фалькларызмам.

Для ранняга фалькларызму (які ў Тэраўскага прыйшоўся на 1914—1921 гг.) характэрна «еўрапеізацыя песеннага матэрыялу», з апрацоўкай народных мелодый «у духу сістэмы мажор-мінор і карэктным чатырох- ці трохгалоссем».

Спелы фалькларызм (творчасць Тэраўскага з 1923 г.) — гэта, па словах Асаф’ева, «засваенне той праўды, што не песенны матэрыял трэба падпарадкоўваць чужым яму канструктыўным нормам, а ў самым матэрыяле шукаць формаўтваральныя, уласцівыя яму якасці і прынцыпы».

Дык вось, складанне музыкі на вершы Янкі Купалы «А хто там ідзе?», «Будзь здаровы, бацька, маці», «Восень», «Зімой у лесе», «Лявон», «Шумныя бярозы», а таксама іншых паэтаў — гэта было ўжо праявай «спелага фалькларызму». Музыку пісаў кампазітар, але ў межах народнай музычнай традыцыі.

Дарэчы, знаёмства Уладзіміра Тэраўскага з Янкам Купалам адбылося яшчэ ў 1912 годзе ў Пецярбургу на кватэры прафесара Браніславава Эпімаха-Шыпілы (1859—1934). З таго часу пачалося творчае сяброўства кампазітара і паэта. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, у Тэраўскага разам з іншымі беларускімі кнігамі быў зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» з аўтографам аўтара ад 1914 года.

Тэраўскі напісаў музыку да гімна БНР «Ваяцкі марш» (на словы верша Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі») і да так званай «Беларускай Марсельезы» (на верш Аляксандра Мікульчыка «Адвеку мы спалі…»).

Па-трэцяе, Тэраўскі стварыў музыку для шэрага спектакляў, заснаваную на беларускім музычным фальклоры. У тым ліку ён напісаў музыку да спектакляў БДТ-1 «Бязвінная кроў» Уладзіслава Галубка (1918), «Машэка» — паводле паэмы Купалы «Магіла льва» (1923), «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Каваль-ваявода» (1925), «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) Еўсцігнея Міровіча, «Панскі гайдук» Назара Бываеўскага (1924), «Змрок» Васіля Шашалевіча (1927).

Акрамя таго, Тэраўскі стварыў музыку да спектакляў паводле п’ес Янкі Купалы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя», да яго драматычных паэм «Адвечная песня», «На папасе», «Сон на кургане», пастаўленых у 20-я гг. на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра і аматарскімі гурткамі.

Найбольшую славу Тэраўскаму як кампазітару забяспечыла музыка да спектакля «На Купалле» паводле паэмы Міхася Чарота. Яе мілагучнасць і пранікнёнасць так стасаваліся з душэўным ладам беларусаў, што і гэты твор успрымаўся як народны.

Прэм’ера ж адбылася 20 лістапада 1921 г. у Мінскім гарадскім тэатры і зведала фурор. Але гэтага не мог бачыць сам Тэраўскі. Як ужо сказана вышэй, ён знаходзіўся ў смаленскай турме, дзе адбываў пакаранне на падставе сфальшаванага чэкістамі абвінавачання ў антысавецкай дзейнасці.

І з самім спектаклем не ўсё было проста. Вось якую адзнаку даў гэтаму твору вядомы беларускі кампазітар і музыказнаўца Мікола Куліковіч (Шчаглоў) у сваім даследаванні «Беларуская савецкая опэра» (Мюнхэн: БІНІМ, 1957, с. 27—28):

На гэтай опэры найлепш за ўсё наглядаць партыйна-савецкія мэтады «крытычнага асваеньня» спадчыны, мэтады «сацыялістычнага рэалізму», што павінны разглядаць і народнае паданьне ў яго «рэвалюцыйным развіцьці», у «прадбачаньні» ідэяў рэвалюцыі.

(…) Купальле /Тэраўскага й Чарота/ падавала прыгожую паэтычную народную легенду аб той «кветцы шчасьця», што суджана людзям лёсам. Тутака ў народнай беларускай традыцыі адбівалася ідэалізацыя сацыяльных узаемадачыненьняў, ідэя прымірэньня, ды над усім панавала любоў да свайго краю, прыроды, чалавека, сваіх абрадаў і звычаяў. Ясна, што такі спектакль ня  мог ісьці на дэкаду [беларускага мастацтва ў Маскве.— Аўт.] І партыйныя ўгоднікі-лібрэтыстыя зрабілі яго такім, якім патрабавала саветызацыя.

Перш за ўсё, час дзеі быў перанесены ў эпоху 70-х гадоў XIX стг., калі па ўсей Расійскай імперыі праходзілі сялянскія паўстаньні супраць памешчыкаў. У гэтым клясавым падыходзе, сьпісаным з савецкага падручніка рэвалюцывйнага руху ў Расеі, разгубілася беларуская глеба, беларускі фон народнага паданьня. Цэнтральным фокусам сталася клясавае змаганьне сялянаў з панамі.

Апошнія прадстаўленыя панам-дэспатам, катам народу, цынікам, які штурхае свайго сына на распусту з вясковай дзяўчынай; панічом, ператвораным у зладзея, у «зьмяіную душу», ды, нарэшце, злыднямі-гайдукамі. Гісторыя шчырага каханьня падмянялася інтрыжкаю.

Сялянская маса выяўлена як грозная магутная сіла, палітычна сьведамая, клясава сумленная, актыўная, помстлівая, знішчальная. На чале яе пастаўлена зусім новая постаць брата абманутай дзяўчыны /Андрэй/, сьмелага, адважнага кіраўніка сялянскага паўстаньня, які выкрывае ўсе пляны паноў супраць народу. У опэры ўведзеныя навет эпізоды сутычак між народам і панамі зусім палітычнага характару, дзе народ, пад правадырствам свайго кіраўніка /Андрэя/, перамагае і ўздымае сьцяг агульнага паўстаньня супраць паноў і царсскага рэжыму. Вось што сталася з паэтычным паданьнем «Купальля».

Да гэтага меркавання Куліковіча трэба дадаць, што Міхась Чарот быў з ліку тых беларускіх літаратараў, якія прынялі савецкую ўладу, як кажуць, «усім сэрцам». У паэме-фантазіі «Чырванакрылы вяшчун» (1923) ён стварыў мастацкую ідэалізацыю вобраза «ўсясветнай камуны». У паэме «Ленін» (1924) апалагетычна ўслаўляў гэтага чалавеканенавісніка. У кнізе вершаў «Сонечны паход» (1929) пісаў пра «змрочны Захад», дзе ад непасільнай працы гібеюць працоўныя людзі, і супрацьпастаўляў яму «шчаслівае жыццё» сялян і рабочых у СССР. Зусім не выпадкова Чарот далучыўся да публічнага асуджэння рэпрэсіраваных беларускіх пісьменікаў сваім вершам «Суровы прыгавор падпісваю першым». Але бальшавіцкія ўлады не далі яму рады. У кастрычніку 1937 года яны і Чарота далучылі да катэгорыі «ворагаў народа», арыштавалі і хуценька расстралялі.

У 1925 годзе на старонках часопіса «Трыбуна мастацтва» праходзіла дыскусія пра шляхі станаўлення нацыянальнай оперы. Відавочную перавагу атрымала меркаванне, што ў фарміраванні новай самабытнай оперы найважнейшую ролю гуляе фальклор аж да адмовы ад нарматываў традыцыйнай акадэмічнай оперы ў карысць нейкай новай структуры. А ў гэтай новай структуры за аснову трэба браць:

— нацыянальную беларускую творчасць, мелодыю, танец і побыт;

— народную песню (як крыніцу сюжэта і канструктыўнай арганізацыі драматычнага твора) — «трэба пачынаць працу над лібрэта, беручы за ўзор народную творчасць»);

— тэмбры беларускіх народных інструментаў як сродак спецыфікацыі аркестравага пачатку («трэба заснаваць аркестр з нацыянальна-характэрных інструментаў, якія немагчыма стылізаваць, прыкладам: жалейка, дуда, лера і г.д.»).

Таму не дзіўна, што ў «беларускай музычнай п’есе» (так быў пазначаны на афішы жанр спектакля «На Купалле») пошук Тэраўскім «нацыянальна-адметных формаў» складаўся з гарманізацыі і стылізацыі фальклорных мелодый і падмены класічных оперных арый — песнямі.

І тым не менш, у спектаклі «На Купалле» ён дасягнуў цудоўнага спалучэння музыкі з тэкстам. Даследчыкі пісалі, што музыка значна ўзбагаціла і ўзмацніла сцэнічнае ўвасабленне, што гэты спектакль адначасова і драматычны, і музычны, а некаторыя даследчыкі лічылі яго першым нацыянальным прафесійным творам опернага жанру. У кожным выпадку, музыка да драмы «На Купалле» прызнаецца за вяршыню творчасцi Тэраўскага.

Па падліках Канстанціна Пуроўскага, гэты спектакль вытрымаў у 1920-я гады ажно 432 паказы на сцэнах рэспублікі і па-за яе межамі і заўсёды збіраў поўныя залы!

І яшчэ Пуроўскі ўспамінаў, што спектакль «На Купалле» вельмі падабаўся Янку Купалу і яго жонцы Уладзіславе Францаўне. Яны шмат разоў глядзелі яго. Часам, ідучы дахаты з маладымі харыстамі, разам з імі напявалі дуэты і жартоўныя песні бабыля Данілы: «Гоц-гоц-го-ца-ца: мне жаніцца хочацца!»

Тэкст музычнай драмы «На Купалле» доўгi час лiчыўся страчаным, але яго аднавілі па памяцi колiшнiя ўдзельнiкi пастаноўкi К. Кулакоў i К. Пуроўскi, у 1982 годзе ён быў надрукаваны ў часопiсе «Полымя».

Значэнне творчасці

У 1919 годзе, на пятыя ўгодкі хору Тэраўскага, паэт Міхась Чарот прысвяціў яму верш «Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага» («Гэй! Спявай жа мацней напрадвесню…»). Верш завяршалі наступныя словы:

Калі песня жыве беларуса,

Будзе жыць беларускі народ!

І сапраўды, лепш сказаць пра хор проста немагчыма!

Змітрок Бядуля ў часопісе «Беларускае жыццё» за 1920 год надрукаваў артыкул «Штрыхi аб беларускай культуры». У ім ён напісаў:

Можна адзначыць, зусім не хвалячыся, што гэткім знамянітым хорам магла б гардзіцца любая нацыя, болей культурная за нашу. I недарэмна Тэраўскі нажыў сабе славу і папулярнасць сваім хорам — ён гэта заслужыў вялікай і кемнай працай. Пан Тэраўскі — мастак, самародак. Чары і гармонія беларускіх народных песьняў захапілі яго душу. Добра ведаючы дух нашых мелодыяў, ён іх стылізуе так, як лепей не трэба. Апроч таго, ён сам вельмі ўдачна піша новыя песні ў беларускім характары…

Яўхім Кіпель (1898—1969) пісаў у сваіх «Успамінах», якія захоўваюцца ў архіве БІНІМ, што Тэраўскі намагаўся рабіць з маладых спевакоў свайго хору нацыянальна свядомых людзей.

Уладзімір Тэраўскі ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры як адзін са стваральнікаў нацыянальнай музычнай школы. Спектакль «На Купалле» тагачасныя крытыкі лічылі першай нацыянальнай операй.

Доўгі час дзейнасць кампазітара, яго творчасць, складзеныя ім унікальныя зборнікі былі недаступныя для даследчыкаў, для ўсіх людзей, якія цікавіліся музычнай культурай Беларусі. Але прайшоў час, і з небыцця вярнуліся да нас імя Уладзіміра Тэраўскага, яго зборнікі песень, яго праца на карысць Бацькаўшчыне.

Творчая спадчына Тэраўскага не загінула. «Мы выйдзем шчыльнымі радамі!» — гучыць у нашых сэрцах.

ВАЯЦКІ МАРШ

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны свой прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы

Наш беларускі вольны дух.

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасьце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі,

На бой — усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й убачыць той,

Хто сьмее нам нясьці прымусы

I першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У крывавых муках мы народзім

Жыцьцё Рэспублікі сваёй!

Упершыню верш М. Краўцова (сапр. Касьцевіч; 1891—1939) надрукавала мінская газета «Беларусь» у 1919 г.

АД ВЕКУ МЫ СПАЛІ

Ад веку мы спалі і нас разбудзілі,

Мы знаем што трэба рабіць!

Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,

Што трэба зладзеяў пабіць!

Што гэта за марная доля няшчасная:

Бяз хлеба, бяз грошаў працуй…

Усюды ганяюць, усюды сьмяюцца,

Ну, проста, хоць крыкні: «ратуй»!

Сьмяюцца над намі багатыя людзі,

Здаецца панамі іх зваць.

Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня можам —

Дык пойдзем мы долі шукаць!

Мы дружна паўстанем с касамі, с сярпамі,

Прагонім с зямлі палачоў!

Нехай нас сустрэнуць палямі, лесамі,

Грамады працоўных людзёў.

(Аляксандр Мікульчык; 1882—пасля 1918)

ПАНАМ МЫ ПЕСЬНІ НЕ СЬПЯВАЕМ

Словы Фр. Аляхновіча

Панам мы песьні не сьпяваем;

працоўнай служым мы бядноце,

даём, што ў душах нашых маем

для тых, кто жылі век у бядноце.

Хто бачыў ў жыцьці гора многа,

сьпевы нашы будуць да спадобы.

да трону даляціць ён Бога,

зварушыць з мейсца нават гробы.

Бо ў нашай песьні многа болю,

жальбы ёсць шмат, сьлёз цэла мора,

праз нашу доўгую няволю,

праз нашу доўгу бяду-гора.

Дык годзе, годзе сьлёзы ліці!

Хапайце косы, стрэльбы ў рукі,

пачнём інакш мы хутка жыці —

пара закончыць нашы мукі.

Той, кім дагэтуль пагарджалі,

адзін пры адным хай тут стане!

Мы годзе, годзе часу спалі —

Цяпер нам жыць пара настане!

Цяпер ўсім горда ў вочы глянем,

галосна гукнем: зямлі, волі!

Усе, як адзін, сьмела паўстанем,

Каб ратаваць сябе з няволі.

ЗМЕСТ «БЕЛАРУСКАГА СЬПЕЎНІКА» (1921 г.)

(Арфаграфія як у тэксце арыгінала)

1. Ваецкі марш

2. Будь здаровы, бацька, маці…

3. Сын сакол

4. Я — жаўнер малады

5. На вайну

6. Гэй, у лесе, пры даліне

7. Што рабіць?

8. Габруська

9. Выправіла маці сына

10. Неба тужыцца

11. Жаўнерскае жыцьцё

12. А ў бары, бары…

13. Праз лужок

14. Каля рэчкі

15. Гэй, паехаў сын Даніла…

16. Ціхі воды

17. Ой, вяду бяду

18. Ваяка йдзець

19. Ой, хадзіў жаўнер

20. Едзе Янка ў поле

21. Ой, ад Нёмна

22. Пашоў Ясь

23. Дзе ты, хмелю, зімаваў

24. Тры рэчкі

25. Запрагу я

ЗМЕСТ ЗБОРНІКА «БЕЛАРУСКІ ЛІРНІК»

1. Міжнародны гімн

2. А хто там ідзе

3. Панам мы песьні не сьпяваем

4. Чачотачка

5. Ды ўжо сонейка

6. Вось у полі сосна

7. Як памёрла матулька

8. Рабіна

9. А ў суботу сьвята

10. Зязюленька

11. Усе казалі

12. Ой, паехаў сын Даніла

13. Ой, вяду бяду

14. Сьвіньні ў рэпе

15. А у садзе рэчанька

16. А ў бары, бары

17. Дуда

18. Гэй, у лесе пры даліне

19. Што-й за месяц

20. У нядзельку раненька

21. Поўна сонцу

22. Лапці

23. Ах, вы, кумачкі мае

24. Ой ты, палын

25. Мне ня сьпіцца

26. Жыў на сьвеце Лявон

27. Рабіна

28. Пісар гусі ганяе

29. Каліна, маліна

30. На крутой гары

31. Запрагу я пару коні

32. Ой, доля, мая доля

33. Ай, зялёна, зялёна

34. У месяцы верасьні

35. Прыпеўкі

36. Ой, паехаў сын Даніла

37. Дзе ты, хмелю, зімаваў

38. Скача верабей

39. За гарамі, за лясамі

40. У гародзе рэчка

41. Гэй, у садзе

42. Ці ня дудка мая

43. Ой, Васілю, Васілю

44. Шуміць, гудзіць

45. Зялёны дубочак

46. Каб я знала

47. Тройцкая

48. Ой, да тучыцца

49. З гары па даліне

50. Стаіць у полі

51. Ой, пад дубам

52. Калыханка

53. Гдзе радзілася

54. Ой, ляцелі гусі

55. Паклаўшы надзеі

56. А у садзе рэчанька

57. За Дунаем стаіць хатачка

58. Чалавек жонку б’е

59. Жніўная

60. Белая ты, бярозачка

61. Ясная зараначка

62. Ой, да ты, калініца

63. Вецер ходзіць

64. Я сёньня тут

65. Цёмна ночка

66. Прыляцелі гусі

67. У печы палю

68. Ты, дубочак

69. Пад калінаю

70. Лявоніха

71. А мой бацька добры быў

72. Ой, на моры

73. Маладая дзяўчынанька

74. Ці ўсе лугі пакошаны

75. Ня ведаля мая маці

76. Чарнаморац

77. Ой, на двары дождж ідзе

78. Ой, п’яна я, п’яна я

79. Ой, у полі крынічанька

80. Сынок

81. Гушкалка

82. Ой, ты наш, ты Сымоне

83. Завілася пчолка

84. А у лесе

85. Антон маладзенькі

86. Ці ня быстрая рэчка

87. Пайшоў мілы

88. Маці мая старая

89. Каб я знала

90. А на гары цэркаўка

91. Ды ў гордае цешчы

92. А у лесе грыбы зарадзілі

93. Сьпеў маладой

94. Першы дзень

95. Да свата

96. Ой, хадзіў-жа ўсё малойчыку

97. У гародзе рута, мята

98. Ды ляцяць міскі

99. Беларуская Марсельеза

Творы 

Ўл. Тэрраўскi. Беларускi сьпеўнiк з нотамi на тры галаса паводле народных мэлёдый. Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1921. — 58 с.

Ўл. Тэрраўскi. Беларускі лірнік. Сьпеўнік на чатыры галасы. Бэрлін: Выданьне навукова-літаратурнага аддзелу Народнага камісарыяту асьветы Б.С.С.Р., 1922. — 92 с.Ўл. Тэрраўскi. Сьпеўнік музыкі У. Тэрраўскага (вядомы таксама як «Вайсковы зборнік»). Менск, 1926.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.