Інстытут беларускай гісторыі і культуры

У што вераць беларусы, або карга-культ па-беларуску

Працягваем публікацыю дакладаў, якія былі выданыя ў зборніку «Праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі» і прайшлі абмеркаванне на Міждысцыплінарнай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай разгляду праблем сучаснай беларускай ідэалогіі, якая адбылася 3 лістапада 2012 года ў Менску. Вашай увазе прапануем даклад мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага. 

Маю суседку-пенсіянерку, былую навуковую супрацоўніцу Акадэмі Навук, чарговы скандал вакол непадпісання беларускае-расейскае дамовы па нафце зусім не хвалюе. “Падпішуць, дзе яны дзенуцца?” — кажа яна. У гэтых простых словах тоіцца вельмі важная падказка ў пытанні пра беларускую веру. Беларусы цалкам шчыра і без шчыгулаў вераць у тое, што ім абавязкова дадуць і нафту, і газ. Ну проста абавязаны даць! Дарэчы, беларусы так і не прасяклі, што нафты для РБ хопіць, а ня хопіць жмені прыватных прадпрыемстваў, якіх “крышуе” дзяржава…

Маладыя і немаладыя сем’і з энтузіязмам запісваюцца ў чаргу на паляпшэнне жылёвых умоваў. Нехта ж павінен даць ім жыллё!

Нехта ж павінен рэалізаваць, заспіхаць, развезці навырабляных рэчаў са складоў дзяржпрадпрыемстваў! Тое, што яны мала каму патрэбныя, маральна і тэхнічна састарэлыя, мала цікавіць шэраговых беларусаў-працаўнікоў. Іхная справа схадзіць на працу, а пасля атрымаць за гэта грошы. І бясплатную мэдыцынскую дапамогу. І яшчэ атрымаць ільготы. А яшчэ – дармовую адукацыю. Тое, ці спатрэбяцца тыя дыплёмы, яны пакуль што ня думаюць.

Адкуль што бярэцца, як працуюць фінасавыя мэханізмы, як дзеіць рэальны рынак, да якога бальшыня нашых суайчыннікаў так і не спрычынілася – беларусаў мала хвалюе. Ці не хвалюе зусім.

Я пра гэта задумаўся, калі быў у Нараўлянскім раёне і ўбачыў, як там працуюць калгасы і заводы ва ўмовах татальнае радыяцыйнае забруджанасці. Ці насамрэч вырабленыя тут прадукты бяспечныя – гэтае пытанне не хвалюе тых, хто ходзіць тутака на працу. На іх думку, усё гэта абавязаны недзе прыняць і заплаціць ім.

Пры тым шэраговы беларус з пагардай глядзіць на бальшыню айчынных тавараў. Ну хто, напрыклад, марыць пра беларускі фотаапарат ці пра беларускі магнітафон? Але ж іх працягваюць выпускаць.

Беларусы мараць пра тое, што нехта ім усё дасць задарма. Як у дзіцячых мроях пра вялізарны магазін цацак, дзе можна ўзяць усё, што захочаш. Гэта прыпадабняе беларусаў да вызнанцаў карга-культаў. Такія карга-культы (ад ангельскага cargo cult — пакланенне грузу) распаўсюджаныя на далёкіх выспах Акіяніі, дзе няма аніякае вытворчасці, электрычнасці, банкаўскіх апэрацыяў.

Тамака людзі вераць, што найноўшыя рэчы навукаёмкіх вытворчасцяў стварылі духі і стварылі наўпрост для іх. Гэтыя акеанійцы лічаць, што белыя людзі акрутным падманам атрымалі кантроль над усімі дабротамі цывілізацыі спажывання. Кшталтам, як у Беларусі: “Мы ж у савецкія часы цэлыя гарады для вас будавалі ў Сібіры, здабывалі вам нафту і газ! А ў Расеі нам не далі аніводнага радовішча!”. І гэта прамаўляецца ўсур’ёз, як малітва.

Каб прадметаў спажывання стала болей, вызнанцы карга-культаў выконваюць рытуалы, падобныя на дзеянні цывілізаваных людзей. Напрыклад, іх правадыры кажуць адмысловыя прамовы, у якіх выліваюць сваю крыўду на чужы свет. Сытуацыя кансэрвуецца праз тое, што астравіцяне не разумеюць маштабаў і тэхналогіі вытворчасці. Іх уяўленні пра камэрцыю, фінансы і культуру астатняга свету фрагмэнтарныя, не звязаныя у нейкую сістэму.

Вось прыклад. “…Сэрвіс не павінен быць напышлівым, еўрапейскім, у ім мусіць быць нацыянальная славянская экзотыка: як калісці ў нас на Палессі казалі, “латушкі”, гліняныя міскі, драўляныя лыжкі… Калі б мы гэты сэрвіс наладзілі, плыні турыстаў у Беларусь былі бы большыя, чым у Турцыю ці Эгіпет.” І гэта ўсур’ёз кажа ў інтэрв’ю былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян. А беларусы гэтаму вераць.

Сярод найважнейшых рытуалаў карга-культу – мілітарызаваныя шэсьці і парады. Астравіцяне імітуюць сапраўдную “заходнюю” зброю, надзяваюць мундуры белых, крочаць маршамі, спяваюць песні, сэнс словаў якіх ім невядомы. Больш за тое, яны робяць з трэсак, саломы, пальмавыга лісця копіі ўзлётных палосаў, аэрапортаў, радыёвежаў. Прыхільнікі такіх культаў вераць, што гэта прыцягне ўвагу транспартных самалётаў з грузамі для ніх.

Так і беларусы імітуюць маштабныя “вучэнні”, праводзяць мілітарныя гульні, кшталтам “Зарніцы” і святкуюць тры разы на год ваенныя святы, спадзяючыся даказаць сваю прыхільнасць савецкім духам, якія абавязкова наўзамен прышлюць ім шмат грузаў з Расеі, дадуць задарма энэрганосьбіты, тэхналёгіі ды разбяруць няхітрыя прадукты аграрнае вытворчасці.

…Засталося толькі яшчэ раз зазірнуць у гараскопы, знайсці прагнозы Глобы і як мае быць сустрэць чарговы новы год, у спадзеве, што ён прынясе болей ільготаў, дабротаў і грузаў. Проста з неба! Задарма!

Упершыню гэты артыкул быў змешчаны тут.

Іншыя даклады па канферэнцыі:

Религия – идеология – программа

Матрица, патернализм и семья-страна: Антропология белорусской идеологии

Беларусь: случай антимодернистской идеологии

В поисках идеологии, способной сплотить расколотое общество

Беларусь – не проект! Нечаянный успех и неоконченная история синтетического национализма.

К вопросу формирования государственной идеологии и национального государства

Некоторые проблемы национальной идеологии

Основа национальной идеологии — историография Отечества

Беларусь должна быть и должна быть всегда!

Зачем беларусам ещё одна национальная идеология?

Беларуское «большое пространство» как лекарство от комплекса жертвы

Беларуская нацыя на скрыжаванні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы

Наш спазніўшыся фашызм

Да пытання аб ідэалогіі беларускай дзяржавы

Беларуская ідэя – наш выратавальны круг!

Беларуская мова і нацыянальная ідэалогія

Заходнерусізм як праява расійскай імперскай ідэалогіі ў сучаснай Беларусі

Рэха рамантычнай ідэалогіі ў сучасных грамадска-палітычных працэсах

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.