У будынку Управы БНФ адбылася навуковая канферэнцыя «Паўстанне 1863 года. Вынікі юбілейнага года».
У мерапрыемстве, арганізаваным Інстытутам беларускай гісторыі і культуры (Латвія), удзельнічала каля 20 беларускіх даследчыкаў. Галоўнай мэтай канферэнцыі было абмеркаванне таго, якое значэнне падзеі 1863-1864 гг. мелі для Беларусі.
Так, у сваім артыкуле гродзенскі гісторык Васіль Герасімчык прааналізаваў айчынную і замежную гістарыяграфію Паўстання 1863 г., а таксама ахарактарызаваў сацыяльную базу гэтага ўзброенага выступлення.
Грунтуючыся на архіўных дакументах, даследчык упэўнена абверг міф пра тое, што ў Паўстанні Каліноўскага ўдзельнічала толькі шляхта і прадстаўнікі заможных класаў. Значная колькасць захаваных у архівах матэрыялаў даказвае, што сяляне таксама актыўна падтрымалі рэвалюцыйныя выступленні 1863 года.
Іншы ўдзельнік канферэнцыі, Яўген Гучок прысвяціў свае выступленне аналізу таго, як Паўстанне паўплывала на фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў і які ўплыў на беларускую нацыянальную свядомасць аказала царская, а пазней бальшавіцкая палітыка ў Беларусі.
Адзін з аўтараў “Гістарычнай праўды”, Андрэй Тысецкі расказаў пра абставіны казні папа Канапасевіча ў 1863 годзе. Нагадаем, што гэты праваслаўны святар адзначыўся актыўнай супрацай з царскай адміністрацыяй, накіраванай супраць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. За гэта царскі калабарант быў пакараны смерцю. Між іншым паўстанцы неаднаразова “папярэджвалі” Канапасевіча аб тым, каб ён прыпыніў сваю антыбеларускую дзейнасць.
Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў прадставіў увазе сабраўшыхся гісторыю таго, як традыцыі Паўстання 1863-1864 гг. падтрымліваліся ў міжваеннай Польшчы. Варта падкрэсліць, што тагачасныя польскія ўлады звярнулі вялікую ўвагу на захаванне паўстанцкіх традыцый і выкарыстанне іх у патрыятычным выхаванні моладзі. Акрамя гэтага, у міжваеннай Польшчы быў арганізаваны нагляд за месцамі, звязанымі з Паўстаннем 1863-1864 гг., у тым ліку і на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Тут гутарка вядзецца перш за ўсё пра могілкі паўстанцаў, а таксама помнікі на месцах бітваў паўстанцкіх атрадаў з царскімі карнікамі. У савецкі час большасць гэтых манументаў была знішчана (як, напрыклад, помнік Р.Траўгуту ў Свіслачы). Аднаўленне гэтых сімвалаў у Беларусі працягваецца да сённяшняга дня.
Навуковы сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры Анатоль Тарас ахарактарызаваў сённяшнюю сітуацыю з захаваннем памяці пра Паўстанне 1863 года ў нашай краіне і даволі падрабязна спыніўся на вызначэнні ролі тых падзей для сучаснай Беларусі. Па меркаванні навукоўца, рэвалюцыйны ўздым другой паловы ХІХ ст. стварыў падставы для абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
У сваю чаргу, кандыдат культуралогіі Ірына Шумская адзначыла, што сёння важную ролю гуляе папулярызацыя гісторыі Паўстання 1863-1864 гг. сярод сучасных беларусаў.
“Нашае грамадства доўгі час было пазбаўлена магчымасці знаёміцца з сапраўднай беларускай гісторыяй, якую замянялі ідэалагічным эрзацам, і зараз менавіта ад беларускіх інтэлектуалаў залежыць завяршэнне працэсу фарміравання нацыянальнай свядомасці нашага народа”, – адзначыла даследчыца.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых артыкулаў яе удзельнікаў.
Крыніца: “Гістарычная праўда”