Інстытут беларускай гісторыі і культуры

“Трэба ствараць Беларусь”

Анатоль Астапенка

Анатоль Астапенка

Падаем вам гутарку нашага партала з Анатолем Астапенкам, публіцыстам, кандыдат фізіка-матэматычных навук, палітолагам, былым старшынёй Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (1990-1994), былым старшынёй Беларускай нацыянальнай партыі (1994-1999). Гутарка адбылася цікавая і зайшла не толькі пра літаратурную дзейнасць спадара Анатоля.

 1. Распавядзіце крыху аб сабе. Адкуль ваш род, кім былі вашыя дзяды?

А.А.:  Нарадзіўся 7 жніўня 1947 года я ў вёсцы Мсцібава, што ў Ваўкавыскім раёне. Але праз два гады сям’я пераехала на радзіму бацькоў –  гомельскае Палессе. Бацька быў настаўнікам фізыкі і нарадзіўся ў вёсцы Ліскі, непадалёк ад найпрыгажэйшага горада на Дняпры – Рэчыцы. Дзед мой у тых Лісках і закончыў свой жыццёвы шлях. Дарэчы, ён не падтрымаў прыхода на Палессе бальшавіцкай улады, бо быў меньшавіком. Маці скончыла да вайны кааператыўны тэхнікум і была бухгалтэрам, але пасля вайны на працу не пайшла, бо былі згубленыя ўсе дакументы і выхоўвала дзяцей, г.зн. мяне і старэйшага брата, а таксама вяла кружок па дамаводстве ў Васілевіцкім Доме Піянэраў.  Менавіта ў мястэчку Васілевічы у 40 км ад Рэчыцы (і столькі ж ад Калінкавічаў па жалезцы Брэст-Гомель) я і вырас. Там скончыў сярэдняюю школу з срэбным мэдалём. У 10-м класе захапіўся матэматыкай і вырашыў стаць вучоным. Паступаў на фізічны факультэт БДУ, але адразу не ўдалося, таму тры гады правучыўся ў Гомельскім педінстытуце на фізіка-матэматычным факультэце, а пасля усё ж перавёўся на той жа факультэт (і той жа курс!) у БДУ. Скончыў у 1970 годзе са спецыялізацыяй «Тэарэтычная фізіка».

2. Распавядзіце пра сваю літаратурную дзейнасць. Чаму вырашылі напісаць кнігу «Игде зродилися иускормлены суть побозе. Дослед беларускага нацыяналізму»?

А.А.:  «Игде зродилися иускормлены суть побозе” – гэта чацвертая кніга па тэме нацыянальнай ідэі. Першая “Хрысціянства і нацыянальная ідэя” (1998 г.), была хутчэй брашурай, але многія арыгінальныя ідэі будучых кніг там ужо ёсць. Другая – “Паслухайце нацыяналіста” была выдадзеная ў 2000 годзе тыражом 1000 экзэмпляраў і хутка разышлася. Трэцяя кніга “Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце” (2004 г.) зьяўляецца цалкам навуковым творам і вышла з грыфам “Манаграфія”. Гэта, фактычна, мая доктарская дысертацыя, якую я абараніў у Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій” (МАІТ) у 2005 годзе. Апрабацыю (прадстаўленне дысертацыі перад абаронай) я рабіў таксама на кафедры паліталогіі БДУ, але абараняцца там не стаў з-за нястачы такой тэмы (нацыя і нацыяналізм) у рэестры спецыяльнасцей ВАКа. «Игде зродилися иускормлены суть побозе” абагульняе усе папярэднія кнігі і ёсць, фактычна, адначасова энцыклапедыяй нацыяналізму і праграмай будучых даследаванняў.

Дарэчы, гэтую праграму я збіраюся рэалізаваць праз напісанне 10-ці томнай серыі пад назвай “Беларусь: была, ёсць, будзе”. Вось анатацыя серыі:

“Дзесяцітомная серыя кніг пад агульнай назвай “Беларусь: была, ёсць, будзе” прысвечана аналізу такога глабальнага і невядомага для Беларусі паняцця як беларуская нацыянальная ідэя і беларускі нацыяналізм. Нацыянальная ідэя – аснова існавання любой нацыі і падмурак кожнай сучаснай, дэмакратычна разьвітай эўрапейскай дзяржавы. Ёсць гэты падмурак і ў беларускай нацыі. Але ў адрозьненне ад большасці разьвітых краін беларусы меньш за ўсё дбаюць аб сваёй беларушчыне, замоўчваюць, а часта і проста аддаюць яе на карысць іншай нацыі. На гэта ёсць як вонкавыя прычыны (генацыд нацыі ў шматлікіх войнах з Масковіяй, сталінскі ГУЛАГ і інш.), так і ўнутраныя – недахоп ведаў, адсутнасць адпаведнай літаратуры, засілле расійскага тэлебачання, манаполія антынацыянальнага кінематографа і тэатру. Прапануемая серыя мусіць хоць у нейкай ступені садзейнічаць зьліквідаванню гэтага страшэннага здзеку на старажытным і некалі магутным беларускім народам. Беларусы павінны стаць паўнавартаснай нацыяй і годна прадстаўляць сябе ў сучаснай палітры нацый-дзяржаў.

Кожны том займае 250 старонак, мае 100 ілюстрацый. Усяго 2500 старонак і 1000 ілюстрацыяў. Мова выдання – беларуская, але магчымы варыянт з паралельным рускамоўным тэкстам”.

 Змест серыі:

Том 1. Гісторыя Беларусі праз прызму нацыянальнай ідэі.

Том 2. Найноўшая гісторыя Беларусі праз прызму аўтара – нацыяналіста.

Том 3. Нацыянальная ідэя і беларуская літаратура.

Том 4. Нацыянальная ідэя ў беларускай музыцы.

Том 5.  Нацыянальная ідэя ў беларускім мастацтве.

Том 6. Эканоміка Беларусі ў свеце нацыянальнай ідэі.

Том 7. Хрысціянтва ў Беларусі і нацыянальная ідэя.

Том 8. Нацыянальная філасофія беларусаў.

Том 9. Праект “Беларусь” у сучаснай палітычнай сістэме свету. “

Том 10. Носбіты беларускай нацыянальнай ідэі. (Беларускія нацыяналісты – праз стагоддзі).

3.  Як сталася, што Вы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, сталі беларускім нацыяналістам?

 А.А.: Пра гэта я падрабязна расказаў у сваёй кнізе «Игде зродилися иускормлены суть побозе». Таму варта прывесці урывак з кнігі. Тая пераломная падзея адбылася ў 1970 годзе, калі я вучыўся ўжо на пятым курсе фізфака і жыў у інтэрнаце на Кастрычніцкай вуліцы.

 «…было гэта так. У нашым інтэрнаце, што на Кастрычніцкай вуліцы пасяліліся студэнткі-практыканткі з Польшчы, з Беластоцкага універсітэта – там яны вывучалі беларускую філалогію. Дзяўчаты як дзяўчаты і, можа, у мяне ад таго знаёмства нічога значнага і не засталося, каб не адна акалічнасць – гэтыя студэнткі гаварылі вылучна на беларускай мове! Мне, выхадцу з сельскай мясцовасці, дзе ўсе таксама гаварылі, хай сабе і не на літаратурнай мове, але на добрым усходне-палескім дыялекце, было справай гонару адказваць тым дзяўчатам таксама па-беларуску. Аднак жа, да майго вялікага сораму, беларускай размовы я не падтрымаў. Выйшла вельмі нацягнута, мова была перасыпаная русізмамі – поўны правал…

І нечакана паўстала пытанне: чаму я, беларус, так дрэнна гавару на сваёй роднай мове? І не толькі я. Фактычна – усе насельнікі таго самага інтэрната на Кастрычніцкай. Больш таго, чаму не чуваць мовы тытульнай нацыі на вуліцах горада?

Відаць, менавіта тады ўва мне і стаў нараджацца нацыяналіст. Імкненне выправіць сітуацыю з мовай, потым – сітуацыю з нулявымі ведамі з гісторыі Беларусі, потым… потым яшчэ шмат з чым беларускім і прывяло мяне да таго што маю. Да напісання гэтых радкоў.

Адкрыццё Беларусі – гэта адкрыццё прыраўнальнае да адкрыцця Атлантыды. У мяне асабіста захапленне Беларуссю, яе гісторыяй, культурай заняло такое самае месца, якое мела захапленне матэматыкай у 10-м класе, тэорыяй адноснасці Эйнштэйна ў студэнцкія гады.

Гэтае захапленне можна прыраўнаць да шчырага кахання, якое здараецца раз і назаўсёды…»

Вось так гэта было.

4.      Што для вас нацыяналізм і ці патрэбен ён беларускаму грамадству?

А.А.: Нацыяналізм для мяне гэта – светагляд, сэнс, спосаб жыцця і мэта жыцця. У мяне шмат прэтэнзіяў да беларускага народу, але мне наканавана Госпадам радзіцца і жыць у ім. Сваю нацыю не выбіраюць, як і сваіх бацькоў. Нацыя – гэта галоўны складнік асобы чалавека. І каб асоба была поўнай і гараманічнай, трэба каб і гэты складнік быў годным, моцным. Таму не трэба чакаць калі дзяржава прыме адпаведныя правілы і законы, каб фармаліся і раслі паўнавартасныя беларусы – гэта можна чакаць як заўгодна доўга. Трэба брацца за сябе самаму. Слава Богу у нас ёсць для гэтага ўсе ўмовы. Можна вывучыць родную мову і размаўляць на ёй, можна набыць патрэбныя веды па нацыянальнай гісторыі, можна навучыцца спяваць беларускія песні…

На маё цвёрдае перакананне кожны чалавек ў сваёй краіне павінен быць нацыяналістам. Гэта можна назваць яшчэ і патрыятызмам, але нацыяналізм шмат шырэй.  Акрамя любові да Бацькаўшчыны, чым ёсць патрыятызм, нацыяналізм вымагае любові да ўсяго народа, да яго гісторыі, да яго будычыні. Ён вымагае таксама любові да бліжняга. Ён вымагае любові да сябе. Нацыяналізм – гэта хрысціянскі прынцып.

5. Ці павінен быць нацыяналіст вернікам? І калі так, то якой веры ці канфесіі ён павінен прытрымлівацца?

А.А.: Нацыяналізм знаходзіць поўнае абгрунтаванне ў хрысціянстве. Гэты найвышэйшая стадыя на шляху чалавека да Бога.   Кожны народ мае нацыянальны iнстынкт, якi дадзены яму ад Бога. I.Iльiн пiсаў, што “нацыянальная асаблiвасць па-свойму ўяўляе Дух Божы i праслаўляе Госпада… таму думка патушыць гэтую разнастайнасць, можа нарадзiцца толькi ў духоўна мёртвай, хворай душы”. Менавiта такая задумка ёсць спараджэнне душы злой i зайздроснай – усё роўна цi iмкнецца гэтая хiмера вайной падмяць пад сябе ўсе народы цi растварыць усе нацыянальныя культуры ў бясколернасцi i адсутнасцi разнастайнасцi.

Што ёсць хрысцiянства? Хрысцiянства – гэта любасць, якая пашыраецца да ўсiх людзей, зблiжае iх; яно ўключае ўсю паўнату ўсяленскай любовi. Самае каштоўнае ў хрысцiянстве тое, што яно сцвярджае iндывiдуальнасць асобы. А нацыяналiзм – гэта iндывiдуальнасць цэлага народа i любасць да гэтай iндывiдуальнасцi. Такiм чынам, калi мы звяртаемся да нацыяналiзму, то яго сутнасць благаслаўляецца менавiта рэлiгiяй – сутнасць як любасць да iндывiдуальнасцi вышэйшага ўзроўню. Як i звычайная любоў да бацькоў, да сям’i, да сяброў, нацыяналiзм ёсць пэўная ступень раскрыцця ўсяленскай любовi. Нацыяналiзм – асаблівы дар дадзены Богам цэламу народу, i ён – гэты дар – укладзены ў кожнага чалавека свайго народа i таму сцвярджаецца хрысцiянствам – вось у чым рэлiгiйная сутнасць нацыяналiзму.

Такім чынам кожны нацыяналіст мусіць быць хрысціянінам. Аднак ёсць людзі якія па нейкім прычным не здольныя прыняць ідэю Бога, альбо з’яўляюцца перакананымі атэістамі. Разам з тым, сярод такіх людзей ёсць такія, што любяць свой народ, шчыра служаць яму і гатовыя на самаахвярнасць дзеля гэтага народа. Фактычна, падсвядома – яны таксама хрысціяне, хрысціянская маральнасць у іх ужо ад прыроды ці генетычна спадчынная. Безумоўна, такія людзі могуць і з’яўляюцца нацыяналістамі. І калі яны будуць паслядоўнымі то з часам непазьбежна стануць вернікамі і тады іх жыццё стане паўней і гарманічней.

Якой веры нацыяналіст павінен прытрымлівацца? Любой хрысціянскай. Але, на мой погляд, для нацыяналіста падыходзяць больш такія канфесіі, дзе маюцца глыбокія народныя і хрысціянскія традыцыі, такой канфесіі, дзе прысутнічае вялікая духоўная моц. І к такім канфесіям у Беларусі наледжаць толькі дзве традыцыйныя: праваслаўе і каталіцызм. Аднак я аддаю перавагу праваслаўю, якое маю вялізную гістарыную прысутнасць на нашых землях і зрабіла вызначальны ўнёсак на фармавання менаталітэту беларуса. Акрамя гэтага менавіта праваслаўныя філосафы і пісьменнікі сфармавалі тэарэтычны падмурак нацыналізму. Гэта – Мікалай Бярдзяеў, Іван Ільін, Уладзімір Салаўёў, Канстанцін Лявонцьеў, Мікалай Кляпенін.

6.  Распавядзіце пра партыі, якія вы ўзначальвалі.

А.А.:  Першая партыя, у якой я быў старшынем – дакладней сустаршынем, бо па статуту абіралася тры старшыні – была Нацыянальна-дэмакратычныая партыя Беларусі. Яна была заснаваная на устаноўчай канферэнцыі 23-24 чэрвеня 1990 году, калі яшчэ была БССР, а не Рэспубліка Беларусь, г.зн. у савецкія часы, у час так званай перабудовы. Гэта была наагул перашая партыя пасля абвяшчэння шматпартыйнай сістэмы, што ўзнікла калі яшчэ панавала камуністычная партыя. Устаноўчыя з’езды наступных новых партыяў перабудоўчай хвалі адбыліся значна пазней – бліжэй да 1991 г. і пасля.

Стварэнне першай партыі ў Беларусі было сапраўдным выбухам, не абыякавай падзеяй, прыраўнальнай толькі да стварэння Беларускага народнага фронту, якое было на год раней – у маі 1989 года. Але БНФ тады быў толькі “Рухам за перабудову”, але ніяк не партыяй. Зразумела, што ўлады так узрушыліся фактам з’яўлення першай “самастойнай” партыі, што ня ведалі, як рэагаваць на гэта. Мінюсту трэба было зарэгістраваць яе. Але на падставе якіх параграфаў законадаўства? Закон аб партыях у той час быў толькі на стадыі стварэння, ды і дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР была прынятая толькі 27 ліпеня 1990 году, а сам Саюз разваліўся яшчэ пазней. Высокія чыноўнікі працяглы час не ведалі, што з намі рабіць. І таму, зразумела, чаму юрыдычная рэгістрацыя НДПБ адбылася на цэлы год пазней. Гэтая падзея адбылася 25 чэрвеня 1991 года.

НДПБ была перашай партыяй, якая ставіла пытанні нацыянальнага адраджэння Беларусі на першы плян. У прэамбуле да статуту партыі, у прыватнасці, было напісана наступнае:

“НДПБ – самастойная, незалежная грамадска-палітычная арганізацыя, якая аб’ядноўвае аднадумцаў, што змагаюцца за нацыянальнае Адраджэнне, дэмакратызацыю, палітычную, эканамічную і культурную самастойнасць нашага народу”.

Сябрамі НДПБ сталі тыя людзі, для якіх беларуская справа была пакліканнем сэрца, гэта былі людзі з самых розных катэгорый грамадства, але ў большасці інтэлігенцыя.  Акрамя мяне – на той час выкладчыка Тэхналагічнага інстытуту, сустаршынямі былі: паэт і сябра сойму БНФ Алесь Емельянаў (выйшаў з партыі у 1991 годзе), навуковец-фізік, кандыдат фіз.-мат. навук Віктар Навуменка і гонар як партыі, так ўсёй Беларусі – знакаміты гісторык Мікола Ерамаловіч. Сябрамі Вышняй Рады НДПБ  былі: загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі Магілеўскага пэдінстытуту Лявон Латоцін, мастацтвазнаўца, пазьней вядомы деяч БНФ і міжпратыйных аб’яднанняў (Пяцёрка плюс) Вацлаў Арэшка, галоўны рэдактар Лепельскай раёнкі Уладзімір Шушкевіч, дзейсны падпалкоўнік Васіль Лебедзеў, сакратар Саюзу беларускіх пісьменікаў Мікола Міхноўскі, прафесар, загадчык катэдры БГЭУ Мікола Савіцкі, гісторык-архівіст А.Герасіменка, старшыня Задзіночання беларускіх студэнтаў, нядаўні кандыдат у прэзідэнты РБ Алесь Міхалевіч, многія іншыя цікавыя людзі.

Стварэнне Беларускай нацыянальнай партыі (БНП) было вынікам, з аднаго боку – пасіянарнага працэсу развіцця маладой дэмакратыі ў Беларусі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і з другога боку – адной з першых ластавак пачатку перманентнага распаду палітычных партый, які паспяхова доўжыцца і да сёння.

Відавочна, пачаткам, першай фазай стварэння Беларускай нацыянальнай партыі былі непаразуменні ў НДПБ, якія ўзніклі яшчэ той далёкай зімой 1992 года, калі Міхась Ткачоў ствараў “Новую Беларусь”. Зянон Пазьняк не мог дапусціць утварэння ніякай іншай структуры па-за БНФ і не мог дапусціць узвышэння нікога акрамя сябе, нават і сябра, якім быў для яго Ткачоў. Гледзячы цяпер на далейшую эвалюцыю палітычнага руху ў Беларусі, заняпад і таксама распад Беларускага народнага фронту, ператварэння дэмакратычных партыяў у марыянеткавы прыдатак спецслужбаў, я думаю, што не малая віна ў гэтым цяперашняга эмігранта Пазьняка.

Супярэчнасці ў НДПБ, пра якія я гаварыў, узраслі яшчэ больш пасля ўтварэння, гэтак званай “кааліцыі трох” – НДПБ, БХДЗ і БСП. Урэшце, было створана Радыкальнае крыло (РК) НДПБ.

Устаноўчая канферэнцыя РК НДПБ адбылася 26 жніўня 1992 г. Была пранятая “Заява” аб стварэння РК НДПБ і платформа “Крыла” пад назвай “Кірункі дзейнасці і прынцыпы Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (Радыкальнае крыло)”. Найадважнейшай і найвыдатнейшай рэччу сталі прынцыпы абвешчаныя ў гэтай платформе. Гэтыя прынцыпы гучаць так:

Мы – нацыяналісты. Настаў час вярнуць гэтаму слову яго спрадвечны станоўчы сэнс. Нацыяналізм – гэта адданасць сваёй нацыі, нацыяналізм – гэта змаганне за яе волю і незалежнасць, за яе духоўную і фізічную моц, за яе права быць роўнай сярод роўных.

Нацыянальная ідэя зьяўляецца для нас першараднай, яна – самы галоўны з усіх чалавечых набыткаў у сферы грамадскага жыцця. Дэмакратычнае грамадства – гэта мэта, да якое павінен прыйсці наш народ і галоўным механізмам для яе дасягнення з’яўляецца менавіта нацыянальна ідэя.

Мы – бескампрамісныя антыкамуністы. Мы будзем дамагацца прыняцця заканадаўстве Рэспублікі Беларусь аб забароне ўсіх неакамуністычных партыяў і рухаў, якія з’яўляюцца нашчадкамі былой КПСС-КПБ або грунтуюцца на злачыннай камуністычнай ідэалогіі, у аснове якой пакладзены культ гвалту.

Мы не хістаемся паміж правымі і левымі. Нацыянальна-дэмакратычная партыя – самая правая. Таму ні сацыял-дэмакратычны шлях, ні цэнтрысцкі ня можа быць намі прыняты”.

На той час больш радыкальнай праграмы не існавала ні ў воднай партыі.

У Радыкальнае крыло НДПБ (РК НДПБ) увайшлі: Анатоль Астапенка (старшыня і ідэолаг), Міхась Міньчык (намеснік), сябра БНФ Валеры Буйвал, пісьменнік Іван Шальманаў, мастацтвазнаўца прафесар Віктар Шматаў і іншыя.

Пасля 3-й канферэнцыі НДПБ 3 кастрычніка 1992 г., хоць і была прынятая гэтая праграма Радыкальнага крыла, адбыўся раскол партыі. З таго часу і да ўстаноўчай канферэнцыі новай партыі – Беларускай нацыянальнай партыі (БНП) – на Беларусі існавала дзве паралельныя структуры НДПБ, якія, як лёгка здагадацца, не вельмі сябравалі паміж сабой.

На пачатку 1994 года на базе адной з структур НДПБ – той, што стала спадкаемцай РК НДПБ – быў утвораны аргкамітэт стварэння Беларускай нацыянальнай партыі, а 9 красавіка адбылася ўстаноўчая канферэнцыя гэтай партыі. Быў прыняты статут і першая ў Беларусі нацыяналістычная праграма.

БНП была першай партыя, у якой нацыяналізм абвясцілі галоўным прынцыпам. У прынятай праграме былі развітыя прыточаныя вышэй пастулаты Радыкальнага крыла НДПБ, быў зроблены акцэнт на нацыяналізм як існасці самога чалавека – на “нацыяналізм як лепшую духоўную якасць асобы чалавека”. Быў зроблены упор на мусовасць аднаўлення гістарычнай памяці беларускага народа, на ідэю нацыянальнай велічы Беларусі. Упершыню нацыянальная ідэя была ўвязаная з хрысціянскімі каштоўнасцямі: “Нацыянальнае адраджэнне ёсць складовая частка духовага адраджэння. БНП за адраджэнне беларускае духоўнасці на прынцыпах патрыятызму, традыцыяналізму, хрысціянскае этыкі і маралі”. І таму ў спектры палітычных партыяў БНП сябе вызначыла як партыя хрысціянска-дэмакратычнага кірунку.

Акрамя сяброў НДПБ у партыю прышлі новыя людзі – навукоўцы, выкладнікі ВНУ, творчая інтэлігенцыя. Асаблівасцю БНП было ўтварэнне навуковага аддзелу, які ўзначаліла Святлана Новікава – дырэктар Інстытута Матэматыкі і Кібернэтыкі, загадніца лабараторыі шматузроўневых іерархічных сістэм. Старшынём стаў лідэр “адшчапенскай” часткі НДПБ Анатоль Астапенка – намеснікамі старшыні абраныя – Аляксей Бураўкін, Міхась Міньчык і Мікола Курак.

Асноўнай ідэяй на якой мусіла грунтавацца дзейнасць БНП была ідэя нацыянальная. Ідэолагі БНБ абвясцілі сваё крэда празрыста і выразна: Беларуская нацыянальная ідэя мусіць быць асновай не толькі нацыянальнай партыі, а ўсякай партыі на Беларусі, і наагул усякай грамадзянскай арганізацыі і, больш таго, яна мусіць стаць асновай дзяржаўнай палітыкі. Нездарма інтэрв’ю “Народнай газеце”, якое я даў пасля рэгістрацыі партыі (20 верасня 1994 г.), атрымала назву “Мы нацыяналісты, – партыя дзяржаўная”. Тут падкрэслена тое, што я сказаў вышэй – нацыяналізм павінен стаць маральным і кіроўным прынцыпам дзяржавы. Вось нашае крэда з гэтага інтэрв’ю: “…мы – дзяржаўная партыя, бо адлюстроўваем ідэю нацыянальна-дзяржаўнай еднасці, якая патрэбна ўсім – і левым, і правым, і прэзідэнту, і ўраду. Таму мы не стаім у апазіцыі да ўлады, а, наадварот, прапануем супрацу: свой інтэлект, праграмы, ідэі і распрацоўкі”.

Калі раней, да стварэння нацыянальнай партыі я лічыў, што ідэалогія нацыяналізму – гэта рыса партыяў правага кірунку, то потым паступова перамяніў свой светагляд у бок цэнтрызму. Сапраўды – нацыянальная ідэя ў развітай самастойнай краіне – гэта не прэрагатыва “купкі нацыяналістаў”, а рыса ўсяго грамадства. Таму, відавочна, нацыянальная ідэя павінна працінаць усе сферы грамадства, стаць светагляднай для усякага чалавека краіны. І партыя, якая ставіць БНП сваім галоўным заданнем мусіць быць ні справа, і ні злева, а хутчэй і там – і там. Таму яе можна было б назваць цэнтрысцкай.

Ні НДПБ, ні БНП мэтаў сваіх не дасягнулі– проста не паспелі: пасля 1996 пачаўся наступ на ўсё беларускае, нават мова аказалася ў заняпадзе, не тое што якія-небудзь палітычныя нацыянальная праекты. Фактычна, мы паспелі толькі акрэсліць кола задача дзеля фармавання беларускай нацыі і выпрацавалі тэарэтычныю канцэпцыю беларускага нацыяналізму.

1996 год – пераломны год для Беларусі. Кропка адваротнага адліку. Адваротнага для дэмакратычных працэсаў, што на працягу некалькіх посткамуністычных гадоў развіваліся ў Беларусі. Адваротнага для станаўлення грамадзянства эўрапэйскага кшталту. Адваротнага для беларускага адраджэння. І найбольш страшнымі вынікі тых спусташальных 16 гадоў (1996 – 2012) мы бачым на стане беларускай мовы, беларускай нацыі наогул. Баюся, што гэтыя вынікі могуць стаць незваротнымі. Калі такія паняцці як свабода, правы чалавека, ліберальная дэмакратыя і іншыя каштоўнасці «агульначалавечага» кшталту ў любы момант лёгка перанесці – і яны, рана ці позна, перанясуцца (!) – к нам з Захаду, то беларуская нацыянальная ідэя ўжо ні адкуль к нам не перанесецца. Яна патрэбна толькі нам. І калі мы яе згубім, згубім мову, забудзем гісторыю і традыцыі, то й беларусаў ужо не будзе. Будуць нейкія жыхары “Северо-Западного края”.

1996 год распачаў гады наступу на заваёваныя раней парасткі дэмакратыі, але найбольш моцна на ўсё нацыянальнае. Таму даволі хутка (к 1999 году) мы былі вымушаныя зачыніць як НДПБ, так і БНП. Зніклі некуды актывісты, рамантакі ператварыліся ў прагматыкаў і тыя палітыкі, што засталіся нібыта на палітычным полі, сталі палітбізнесмэнамі.

7. Як вы ацэньваеце сёняшні стан палітычных партый?

А.А.:  Фактычна, адказ на гэтае пытаньне распачаўся ў папярэднім пытанні.

У першай палове 90-х гадоў йшоў інтэнсіўны працэс станаўлення шматпартыйнай сістэмы. Пасля падзеньня камунізму і роспуску адзінай на працягу 70 год камуністычнай партыі СССР, 90-я гады сталі гадамі небывалага пад’ёму людскай актыўнасці, фармавання самых розных грамадзянскіх інстытутаў, і самае галоўнае – нацыянальнага абуджэння. Гэта быў перыяд пасіянарнага скачку ў разьвіцці беларускага этнасу, у поўнай адпаведанасці з тэорыяй Гумілёва.

Аднак жорсткія разгоны дэманстрантаў, арышты, рэпрэсіі і іншыя вынаходніцтвы новага рэжыму па ўсяму перыметру беларускага грамадства, што сталі нормай пасля 1996 года, хутка ацверазілі нас, пасіянарнасць змянілася альбо смуткам, альбо дэпрэсіяй, альбо пошукамі лепшага жыцця.

Пасля 1996 года шматпартыйная сістэма знікла, так, па-сутнасці, і не склаўшыся. Так, так! У Беларусі цяпер, г. зн. у 2012 годзе – партый не існуе. Хіба можна назваць любую з 15 зарэгістраваных у Мін’юсце, так званых, “партый” – партыямі? Не! Ні адна з іх не адпавядае прынятаму ува ўсім свеце азначэнню партыі. Партыя – гэта такое грамадскае аб’ядананне, якое мэтай сваёй дзейнасці ставіць заваёву ўлады. А зусім не паходы ў Курапаты, як гэта робіць сваёй мэтай БНФ-КХП, ці кампанію па імітацыі выбараў, як гэта робіць Гайдукевіч са сваёй ліберальна-дэмакратычнай партыяй. Няма выбараў і няма партый!

А хто ж ёсць?  Што ж гэта за такія супольнасці ў Беларусі, якія ўсё ж завуцца на паперы партыямі – БНФ, АГП, БСДГ, БСДП, “Справядлівы  свет” і іншыя. Усяго, як я казаў, лікам 15. Большасць з гэтых “партый” лічацца апазіцыйнымі. Аднак некаторыя з іх недзе там у хаўрусе з уладнымі структурамі, напрыклад, камуністычная партыя (ПКБ). Аднак і яны не адпавядаюць згаданаму азначэнню партыі, як актыўнай палітычнай сілы, што абірае парламент і прэзідэнта,  і яны таксама існуюць дзеля “галачкі”, але ўжо ў іншым лягеры – прэзідэнцкім. “Навошта ж тая “галачка”? – запытаеце вы. Трэба і вельмі трэба. Для легімітызацыі рэжыму. Для таго каб смела сказаць у той жа Эўропе – у нас таксама дэмакратыя.

А што тычыцца, так званых, партый у Беларусі, то тут усё проста. Праўда лепей іх назваць кружкамі, ці клюбамі па інтарэсах. Для партыйных кіраўнікоў і яшчэ некаторых набліжаных да грантаў людзей інтарэс апраўданы – трэба зь нечага жыць. Для простых “партыйцаў” інтарэс іншы. Тут – для адных туманныя ідэалы, для другіх – псыхалягічная й маральная падтрымка, а для некаторых – спосаб жыцця. Таму ад таго, адстойвае, ці не – нейкая партыя интарэсы беларускай нацыі, для самой нацыі – карысці мала. Гэтыя кружкі пад назовам партыі, найперш, адстойваюць толькі свае інтарэсы. З 100 % пракананнем я сцвярджаю, што палітычныая дзейнасць іх нулявая, калі не адмоўная (для народа!) і толькі нешматлікія культурніцкія праекты, што рэалізоўваюцца ў рамах гэтых партый вартыя пэўнай увагі. Сярод такіх партый можна вылучыць толькі дзьве: БНФ і аргкамітэт БХД.

8.  Што павінна адбыцца, каб Беларусь стала насамрэч беларускай?

А.А.: Я б адказаў па-хрысціянску – трэба маліцца. Але малітва павінна быць актыўнай. Трэба ствараць Беларусь. І рабіць пачынаючы з самаго сябе. Вера і ўпэненасць у правільнасці абранага шляху – вось што павінна быць стрыжнем светагляду чалавека, што хоча быць удзельнікам новай гісторыі беларускага народа. Ён павінен стаць нацыяналістам. Гэта значыць, што любоў да Беларусі павінна выйсці на першае месца ў ягоным жыцці. Канечне, у нас нацыяналістаў мала, але ў кожнай дзяржаве самага высокага гатунку – ў сэнсе нацыянальнай свядомасці – іх заўсёды было мала. Але, як паказвае гісторыя, меньшасць і творыць яе – гісторыю.

Віктар Яўмененка, 27.06.2012, Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.