Інстытут беларускай гісторыі і культуры

«Трэба быць вялікім мастацтвазнаўцам, каб адразу адрозніць скульптуры савецкага сталінскага мастацтва і нацысцкага нямецкага»

Як «усесаюзны цэнтр» нішчыў беларускую нацыянальную культуру, якую кару, горшую за расстрэл, зазналі савецкія мастакі і што варта дараваць Купалу і іншым пісьменнікам — пра гэтае і многае іншае ў новай кнізе «Доля беларускае культуры пад Саветамі. 1920 — 1991 гг. », выдадзенай у серыі «Невядомая гісторыя» з ініцыятывы Анатоля Тараса.

Доля беларускай культуры пад саветамі

Доля беларускай культуры пад саветамі

 Аснову кнігі склала праца вядомага эмігранцкага гісторыка айчыннай культуры Уладзіміра Сядуры (Глыбіннага), а таксама нарысы сучасных даследчыкаў: Юрыя Вашкевіча, Пятра Васючэнкі, Сяргея Харэўскага, Рамана Абрамчука.

— Даследаванне Уладзіміра Сядуры ўпершыню было надрукавана ў Мюнхене ў 1958 годзе, — адзначыў падчас прэзентацыі ўкладальнік кнігі і ініцыятар праекту Анатоль Тарас. — Сядура здолеў у даволі кароткім пераказе паказаць на прыкладзе Беларусі тыя шляхі і метады, якімі “ўсесаюзны цэнтр” нішчыў нацыянальныя культуры, нацыянальныя мовы і нацыянальную свядомасць, а ў першую чаргу іх творцаў і носьбітаў – нацыянальных інтэлігентаў. Але ж аўтар скончыў сваю працу на 1957 годзе, а зараз пачынаецца 2012-ты. Таму я вырашыў дадаць да тэксту Сядуры аналітычныя агляды нашых сучаснікаў.

Развіццё беларускага савецкага мастацтва ў пасляваенны час, а таксама праблемы існавання беларускай (і не толькі) культуры ва ўмовах таталітарызмаў падрабязна разгледзеў у сваім артыкуле Сяргей Харэўскі.

— Я прыводжу прыклады з таталітарных рэжымаў іншых краінаў, — адзначыў ён. — Як ні дзіўна, але вось гэтыя таталітарныя скрайнасці змыкаліся, сыходзіліся на вельмі дзіўных падставах эстэтыкі. Трэба быць вялікім мастацтвазнаўцам, каб адразу адрозніць скульптуры савецкага сталінскага мастацтва і нацысцкага нямецкага ці італьянскага і іспанскага фашысцкага мастацтва. І яшчэ адно назіранне: да другой сусветнай вайны многія ліберальныя інтэлігенты на Захадзе не адчувалі гэтай небяспекі. Так на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1937 годзе палатно Пабла Пікасо “Герніка” проста не заўважылі. У той час, як палатно савецкага мастака Самахвалава “Дзяўчына ў футболцы” атрымала ўсе прэміі. Дарэчы, тады нямецкі і савецкі павільёны стаялі насупраць адзін аднаго. З аднаго боку стаяў жаўнер, селянін і рабочы, а насупраць – работніца і сялянка. Калі б не дэталі дзяржаўных гербаў, можна было б паблытаць, дзе чый павільён.

Дзіўным з’яўляецца і лёс многіх беларускіх мастакоў. У адрозненне ад тых жа пісьменнікаў, амаль усе яны выжылі.

— Нават многія з тых мастакоў, што засталіся пад акупацыяй, хто наўпрост супрацоўнічаў з калабарантамі, фактычна засталіся некранутымі, — працягнуў Сяргей Харэўскі. — Гэта неяк дзіўна глядзелася, у параўнанні з тым, што 14 лістапада 1937 года 18 паэтаў расстралялі без усялякага следства. Такое абыходжанне з мастакамі мяне здзівіла. Я пытаўся ў старэйшых мастакоў, чаму так? І яны патлумачылі, што былі больш страшныя спосабы выняць чалавека з жыцця. Напрыклад, пакінуць на свабодзе, але не даваць працы, прапіскі. Так яны самі паміралі галоднай смерцю, як напрыклад Язэп Драздовіч. З іх проста рабілі вар’ятаў. Гэта мяне таксама вельмі моцна ўразіла.

Але былі ўсё ж і тыя, каго расстралялі ў сталінскіх засценках. Так перарвалася жыццё выдатных мастакоў Яўхіма Мініна і Раман Семашкевіча.

— Адносна смерці Рамана Семашкевіча мяне ўразіла і шакіравала адна дэталь, — адзначае даследчык. — У 1986 годзе КДБ выдала ягонай удаве даведку аб рэабілітацыі. І ў гэтай даведцы значылася, што вяртаюцца раменьчык ад эцюдніка, бутэлечка з-пад фіксатыву і палатнянае складное крэсла (у працэсе арышту ў яго канфіскавалі каля сотні жывапісных палотнаў, тысячы малюнкаў). Але ўразіла менавіта тая дэталь, што нехта недзе ў нейкіх скрыначках зберагае бутэлечку з-пад фіксатыву і раменьчык ад эцюдніка. Гэта шакіравала нейкай сваёй бессэнсоўнасцю і абсурднасцю. Гэта значыць, у якіхсьці спецсховах некалькі пакаленняў спецслужбаў з 37-га па 86-ты год ўсё гэта збіраюць, перапісваюць, правяраюць… Дык не дзіва, што там можа знайсціся і крыж Ефрасінні Полацкай, калі яны захавалі нават гэтую бутэлечку і раменьчык — усё, што нам пакінулі ад жывога чалавека.

Аналізуючы літаратуру ва ўмовах таталітарызму, даследчык і пісьменнік Пятро Васючэнка перасцярог ад негатыўных ацэнак.

— Сам я, асэнсоўваючы літаратуру гэтага часу ў сваіх артыкулах, стрымана стаўлюся да праблем, звязаных з савецкім мастацтвам, — адзначыў літаратуразнаўца. — Па-першае, да савецкага перыяду належыць і творчасць Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама дзясяткаў іншых аўтараў. Яны жылі ў гэты час і аддавалі даніну гэтаму часу. Па-другое, аналізуючы літаратуру 30-х, калі таталітарызм дасягнуў свайго апагею, я спрабую разважаць менавіта пра магчымасці творцаў, пра матывы іх паводзін. Я ніякім чынам не знаходжу ў сабе права маральна асуджаць аўтараў, якія будучы пісьменнікамі таленавітымі, усведамляючы, што робяць, мусілі прысвячаць свае вершы Сталіну, як гэта рабіў Купала, Колас і іншыя сапраўдныя класікі. Я спрабую адказаць на пытанне, чаму так сталася. Тое, што іншыя гарачыя галовы гатовыя лічыць ганьбай паэта, я лічу драмай паэта. Хай бы паспрабавалі тыя, хто асуджае Купалу за яго творы 30-х гадоў, паставіць сябе ў тыя варункі!

— Судзіць лёгка, — дадае Анатоль Тарас. — Сядзяць тыя, хто нічога не робіць. Творцы савецкага часу працавалі ў жудасных умовах: навокал панаваў страх, усё было прасякнута ім, асабліва ў 30-я гады. Аднак за гэтыя часы былі створаны выдатныя творы. Савецкую культуру выкрасліць немагчыма. Ці забудуць Караткевіча? Ніколі! А хто зараз памятае той верш Купалы?

Кніга “Доля беларускае культуры пад Саветамі. 1920 — 1991 гг.” выдадзена Інстытутам беларускай гісторыі і культуры (Рыга). Акрамя выдавецкай справы інстытут займаецца асветніцкай і навукова-культурнай дзейнасцю, арганізуе курсы лекцый па гісторыі Беларусі ў краіне.

 Анастасія Зелянкова, 15.03.2012

http://gazetaby.com

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.