Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Трансфармацыі ментальнасці беларусаў у XXI ст. Прадмова.

Transfarmacyi bielaruskaj mientalnasci - 1Пачынаем друкаваць матэрыялы зборніка “Трансфармацыі  ментальнасці беларусаў  у XXI ст. “, які быў выдадзены да аднайменнай канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску 24 лістапада 2013 года. Падаем вам прадмову да зборніка, з якой на канферэнцыі выступіў  навуковы сакратар ІБГіК Анатоль Тарас.

Інстытут беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК) у сакавіку 2013 года пачаў выконваць даследчы праект пад агульным назовам “Дэмакратычны транзіт: ад камуністычнай дыктатуры да ліберальнай дэмакратыі”.

ххх

Мэты праекту:

– Прыцягнуць увагу інтэлектуальных сіл краіны да праблемы мэтанакіраванага фармавання нацыянальнага менталітэту;

– Спрыяць паскарэнню і паглыбленню працэсу трансфарамцыі калектыўнай свядомасці грамадзян Беларусі;

– Пашырыць круг экспертаў, здольных выпрацаваць і рэалізаваць эфектыўныя стратэгіі і методыкі фармавання ментальнасці грамадзян Беларусі, адпаведнай выклікам эпохі глабалізацыі і дэмакратызацыі.

Праект складаецца з чатырох асноўных этапаў (або частак):

1) Вывучэнне ментальнасці жыхароў Беларусі ў цяперашні час;

2) Вывучэнне асаблівасцяў дэмакратычнага транзіту ў еўрапейскіх постсавецкіх (Украіна, Грузія, Расія, Летува, Латвія, Эстонія, Малдова) і постсацыялістычных (Польшча, Чэхія, Вугоршчына, Румынія, Балгарыя) дзяржавах;

3) Выяўленне сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва, здольных ажыццявіць дэмакратычны транзіт у Беларусі і азначэнне тыповых сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцяў такіх груп;

4) Азначэнне стратэгіі, тактыкі, форм і метадаў дзеянняў гэтых груп з мэтай ажыццяўлення дэмакратычных перамен у грамадстве.

Кожны з этапаў праекту павінен завяршацца правядзеннем навукова-практычнай канферэнцыі, выданнем зборнікаў дакладаў удзельнікаў канферэнцый, складаннем аналітычнай даведкі.

Дадзеная канферэнцыя завяршае першы этап праекту.

Падчас канферэнцыі мы засяродзімся на абмеркаванні наступных важных тэм:

1. Характарыстыкі нацыянальнага менталітэту грамадзян Беларусі ў пачатку XXI стагоддзя (па матэрыялах пэўных даследаванняў сацыёлагаў, культуролагаў і іншых навукоўцаў).

2. Агульны вектар і характэрныя асаблівасці трансфармацыі ментальнасці грамадзян Беларусі ў сучасны перыяд.

3. Роля і магчымасці інтэлектуалаў (нацыянальнай інтэлігенцыі) у кіраванні працэсам трансфармацыі ментальнасці грамадзян Беларусі.

ххх

Неабходна для пачатку сказаць некалькі слоў аб тым, як мы разумеем ментальнасць.

Ментальнасць – гэта агульная скіраванасць і канкрэтныя асаблівасці мыслення асобных індывідаў, малых груп людзей, сацыяльных пластоў грамадства (якое складваецца з гэтых пластоў, малых груп і асобных індывідаў). Галоўнымі характарыстыкамі ментальнасці з’яўляюцца так званыя “карта сусвету”, “стыль мыслення” і “кодэкс паводзін”, шчыльна звязаныя паміж сабою.

Ментальнасць грамадзян кожнай пэўнай краіны фармуецца на мікраўзроўні чалавечага асяроддзя. Таму яе вызначаюць дзве лініі чыннікаў. З аднаго боку, на чалавека ўздзейнічаюць сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці тых малых груповак, чальцом якіх ён з’яўляецца. З іншага боку – сістэма адукацыі і грамадскага выхавання, асаблівасці сацыяльна-эканамічных структур (у якія залучаныя чальцы малых груп), уздзеянне СМІ, цэрквы, масавых форм мастацтва і г.д.

Радыкальныя ператварэнні ва ўсіх сферах палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця грамадства пасля распаду СССР пацягнулі за сабою найсур’ёзнейшыя якасныя змены ранейшай цывілізацыйнай парадыгмы. Пры гэтым грамадскія трансфармацыі – з аднаго боку, і разбурэнне так званай “савецкай ментальнасці” – з іншага боку, выклікалі ва ўсіх “новых старых” постсавецкіх краінах упарты супраціў значнай часткі грамадзян  сацыяльным навацыям.

Усё сказанае прысутнічае і на Беларусі. Акрамя таго, з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе і па сёння беларускае грамадства застаецца пад масіраваным расійскім палітычным, культурнага і сацыяльна-эканамічнага ўздзеяння. Расійскі ўплыў у паказанай сфэры істотна пераважае над уздзеяннем Аб’яднанай Эўропы.

Гэтыя чыннікі запавольваюць і ўскладняюць працэс рэфармавання беларускага грамадства ў дачыненні да глабальных выклікаў XXI стагоддзя.

Адсюль – прынцыповае значэнне і жыццёва неабходнасць вывучэння ментальнасці грамадзян Беларусі ў бягучы гістарычны перыяд. Для скарэйшай змены агульнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў бок яе дэмакратызацыі і гуманізацыі неабходна:

– Усталяваць тыповыя асаблівасці ментальнасці розных сацыяльных груп насельніцтва;

– Вызначыць агульны кірунак, асаблівасці і тэмпы яе трансфармацыі;

– Выявіць сацыяльныя групы, якія непасрэдна ўплываюць на працэс фармавання менталітэту;

– Распрацаваць на гэтай аснове агульную стратэгію і пэўныя методыкі кіравання працэсам трансфармацыі ментальнасці ў жаданым кірунку.