Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Трагічны лёс беларускага праваслаўнага сьвятара Хведара Тонкавіда

Хвядор Тонкавід

Хвядор Тонкавід

У кнізе “Веруючыя ў акупацыі” нашу ўвагу прыцягнуў артыкул а. Міхала Грузьдзева аб ураджэнцы Віцебшчыны сьвятары Хведару Токавідзе (2), які загінуў ад рукі савецкіх партызанаў летам 1942 г. Нам здалося – некаторыя моманты дзейнасьці беларускага сьвятара аўтарам артыкулу прапушчаны і мы заняліся пошукам. Паступова з-пад вобраза звычайнага расейскага сьвятара праступіў вобраз беларускага сьвятара – патрыёта, што нёс слова Божае этнічным беларусам Пскоўшчыны па заданьню кіраўніка Беларускае Незалежніцкае Партыі Ўсевалада Родзькі.

“Ярэй Хвядор Канстанцінавіч Тонкавід нарадзіўся ў 1885 годзе ў вёсцы Забельле Полацкага павета Віцебскай губэрніі ў сялянскай сям’і. Маці яго памерла вельмі рана, айцец аддаў хлопца Хвядора на выхаваньне ў Сьвята-Траецкі Маркаў манастыр першага кляс, што знаходзіўся ў трох вёрстах ад горада Віцебску. У 1910 году Хвядор Канстанцінавіч скончыў Духоўную сэмінарыю, разьмешчаную пры тым жа манастыры, ажаніўся і быў пасьвечаны ў дыякана. Яго жонка Еўфрасіньня Андрэеўна (1893-1973) была сіратой, як і ён сам. Праз год (у 1911 г.) дыякана Хвядора пасьвячаюць у ярэйскі сан, і з гэтага часу пачалося яго нялёгкае сьвятарскае служэньне. Дзе быў першы прыход а.Хвядора – невядома, дзесьці пад горадам Невелем. Другі прыход знаходзіўся ў сяле Белахвостава Дамінікаўскае воласьці Невельскага павету. Тамака і засьпеў а. Хвядора люты, а потым і кастрычнік 1917 году.” (3)

У пасьля кастрычніцкага перавароту і палітыкі вайсковага камунізму, сяляне пачалі актыўна выступаць супраць савецкае улады. Не быў выключэньнем і Невельскі павет, а Праваслаўная Царква заўсёды падтрымлівала барацьбу з чырвоным сатанінскім рэжымам. У верасьні 1918 году ў 18 з 20 воласьцяў Невельскага павету падняліся сялянскія паўстаньні супраць савецкай улады. Сялянамі былі разгромленыя мясцовыя рады і забітыя шматлікія камісары. Сярод сьвятароў падтрымаўшых паўстаньне быў і а. Хвёдар. Праз некалькі месяцаў сялянскія паўстаньні былі жорстка падаўлены. Загінула шмат людзей. Міласьцю Боскай а. Хвядору цудам атрымалася пазьбегнуць расправы.

“У верасьні 1932 года а.Хвядор быў арыштаваны. Супрацоўнікі НКУС прыехалі ўначы і павезьлі сьвятара ў Вялікія Лукі. Яго малалетнія дзеці, напалоханыя арыштам бацькі, бегалі па сяле і крычалі аб здарэньні. Пасьля арышту сьвятара храм зачынілі і разрабавалі. Праз некаторы час у Вялікіх Луках адбыўся суд, на якім дазволілі прысутнічаць яго жонцы. Айцу Хвядору адкрыта прапаноўвалі зрачыся ад Бога і ад Царквы альбо хоць бы стаць абнаўленцам. Ён не прыняў ні таго, ні іншага, на судзе трымаўся устойліва і мужна, а суддзям адказваў, што аддае перавагу пакутам, чым зрачыся ад Хрыста. Па рашэньні тройкі ПП ОГПУ Заходняй вобласьці ад 22.11.32 на падставе арт. 58-10 УК РСФСР яму далечы пяць гадоў высыланьня ў Паўночны край (г. Каргаполь)” (4). Але была яшчэ адна, вельмі істотная падстава асуджэньня сьвятара – адмова падтрымкі даклярацыі мітрапаліта Сергія (Старагародскага) і вызнаньне ягонай “савецкай” РПЦ (5).

Сям’я а.Хвядора, нямеючы сродкаў для існаваньня, пераехала ў Віцебск. Спачатку яны жылі ў сястры Еўфрасіньні Андрэеўны, а потым здымалі пакой у падвале. Еўфрасіньня Андрэеўна працавала прыбіральніцай у інтэрнаце чыгуначнікаў, часам за працу ёй давалі бясплатныя квіткі, і яна магла езьдзіць да мужа ў Каргаполь. Усе пяць гадоў высылцы а. Хвядор усяляк дапамагаў сваёй сям’і, пакінутай пасьля яго арышту без сродкаў існаваньня і ў вялікай галечы, бо саветы канфіскавалі ў іх усю маёмасьць. Да таго ж у гэты час на ў Беларусі пачаўся голад.

Восеньню 1937 г. а. Хведар павярнуўся зь высылкі ў Віцебск. Але на той час усе храмы горада ўжо былі зачыненыя, а пераехаць на нейкі прыход яму было немагчыма, бо ён не вызнаваў “сталінскай” РПЦ і нават, па некаторым дадзеным, жыў у Віцебску на паўлегальным становішчы (6). Каб выратаваць сям’ю ад галоднае сьмерці, сьвятар паступіў працаваць простым рабочым на абутковую фабрыку.

Адзінаццатага ліпеня 1941 г. немцы канчаткова вызвалілі Віцебск ад бальшавікоў. Разам зь нямецкімі войскамі ў горад прыбыў і беларускі актыў пад кіраўніцтвам Усевалада Родзькі. Пачалася актыўная праца па беларусізацыі горада да якой далучыўся і а. Хведар. На долю нешматлікіх беларускіх сьвятароў лёг цяжкі крыж адраджаць ушчэнт разбуранае расейскім бальшавізмам праваслаўнае рэлігійнае жыцьцё. Ужо 3 жніўня пачаліся рэгулярныя богаслужбы ў віцебскай Пакроўскае царкве, потым – у Казанскае царкве віцебскага Маркава манастыра…(7)

Ад канца жніўня 1941 г. у Віцебск і Полацк пачалі прыяжджаць эмісары мітрапаліта Сергія (Васкрасенскага), главы Прыбалтыйскага экзархату Маскоўскай Патрыярхіі, з мэтай ўзяць пад свой кантроль і юрысдыкцыю праваслаўнае жыцьцё ў Паўночнае Беларусі. Гэта выяўлялася ў спробах паставіць на беларускія прыходы “сваіх” сьвятароў, а таксама ўзяць ужо дзеючых, у тым ліку прыбыўшых зь Заходняе Беларусі, сьвятароў у сваю юрысдыкцыю (8). Аднак на шляху ажыцьцяўленьня плянаў прамаскоўскага архірэя ўстаў беларускі актыў і, найперш, стары беларускі патрыёт і сябра віцебскага беларускага актыву Павал Пароменскі (9), які ў пачатку верасьня 1941 г. узначаліў пададдзел Віцебскай гарадзкой управы. Неўзабаве пасьля свайго прызначэньня ён зьбірае сход праваслаўных сьвятароў Віцебску і, зь дапамогай заходнебеларускіх сьвятароў і актывістаў інфармуе аб тагачасным кананічным становішчы Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. У тым ліку – аб Томасе Канстантынопальскага патрыярха ад 13 лістапада 1924 г., які скасаваў далучэньне Кіеўскай Мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату. Сход амаль аднагалосна прымае рашэньне аб адсутнасьці ўлады Маскоўскага Патрыярхату над Праваслаўнай Царквой у Беларусі і вызнае над сабой уладу “мітрапаліта Дзіянісія і прызначанай ім герархіі на Беларускіх землях да кананічнага афармленьня Беларускай Праваслаўнай Царквы”. Адным з першых гэты зварот падпісаў і а. Хвядор (10).

Увосень 1941 гады а.Хвядор быў прызначаны служыць у Траецкі храм былога Маркава манастыра, дзе калісьці мінулі яго сэмінарскія гады.  У цудам ацалелы храм народ стаў прыносіць абразы і царкоўнае начыньне, быў асьвячоны пасад і ізноў аднавілася малітва. Неўзабаве, па просьбе беларускага актыву, ён быў пераведзены ў цэнтральны трохпасадны сабор Віцебску.  Уся сям’я пасялілася ў доме поруч сабору, дзе яны займалі адзін пакой, у астатніх жылі іншыя сьвятары зь сем’ямі.

На пачатку студзеня 1942 года ў Віцебск прыехалі жыхары сяла Лавец Невельскага раёну зьвярнуліся да цывільных беларускіх уладаў даць ім сьвятара, бо храм у іх захаваўся ў выдатным стане зь абразамі, начыньнем і уборам, а сьвятара не было (11). Найлепшым выбарам быў а. Хведар – лавецкія жыхары вельмі добрае ведалі а.Хвядора, памяталі, як ён служыў у сяле Стайкі, што па суседзтве зь Лаўцамі.

Да сярэдзіны студзеня 1942 г. усе фармальнасьці зь нямецкімі акупацыйнымі уладамі былі палагоджаны і 14 студзеня а.Хвядор адслужыў сваю апошнюю літургію ў горадзе Віцебску, і праз два дня ўсю яго сям’ю на санках павезьлі ў Лавец. Сяло Лавец стала апошнім месцам служэньня а.Хвядора.

З прыездам сьвятара жыцьцё ў Лаўцу моцна зьмянілася, адкрылася царква, пачалі правіцца літургіі і народ ізноў пацягнуўся ў храм Божы. Па нядзелях храм быў перапоўнены вернікамі, людзі прыяжджалі нават зь самых далёкіх вёсак. Айцец Хвядор увесь час езьдзіў па навакольных вёсках, хрысьціў дзяцей, асьвячаў хаты і прычашчаў хворых. Ён заўсёды прыходзіў па першым клічы. Часам а. Хвядор вяртаўся дадому толькі позна увечар. Пасьля кожнай літургіі айцец зьдзяйсьняў паніхіды па загінуўшых ваярах, часам іх было так шмат, што паніхіда доўжылася 1,5-2 гадзіны. Нямала людзей брала шлюб, нават тых, хто ужо быў у веку і меў дзяцей. Вайна зьмяніла лёсы шматлікіх, гора, што прыйшло ў хату, прымусіла па-іншаму зірнуць на жыцьцё. Душа чалавечая стала шукаць заспакаеньня, зьвяртаючы свой погляд да Бога. Са ўсёй упэўненасьцю можна казаць, што ў Лаўцу пачыналася духоўнае адраджэньне (12).

Але не толькі рэлігійнымі справамі займаўся а. Хведар. Як сьведчаць дакумэнты архіву ФСБ па Пскоўскае вобласьці, “…сьвятар в. Лавец, раней асуджаны за антысавецкую дзейнасьць, займаўся антысавецкай прапагандай сярод мясцовага насельніцтва … падтрымліваў рэгулярную сувязь зь т.зв. “Беларускай Радай” у Віцебску, адкуль яму надыходзілі газэты і агітацыйныя матэрыялы…” (13). За гэтымі сухімі радкамі дакумэнтаў былога КГБ СССР, па сьведчаньню вяскоўцаў, хаваецца асьветніцкая дзейнасьць а. Хведара. Ён шмат распавядаў сялянам аб гісторыі краю, сатанінскае прыродзе бальшавіцкае ўлады, дабраслаўляў людзей на барацьбу зь ёй.

Падобная дзейнасьць беларускага сьвятара выклікала лютую нянавісьць савецкіх партызанаў зь ліку былых супрацоўнікаў НКВД і партыйных актывістаў. Асаблівай лютасьцю вызначаўся атрад былога старшыні выканкому г. Невеля. Менавіта ён сплянаваў і зьдзейсьніў забойства беларускага сьвятара.

Вось як распавядае аб гэтым сьвятар Міхал Грузьдзеў: “Аднойчы да а.Хвядора зь суседняй вёскі прыехала нейкая жанчына і стала прасіць бацечку пасабораваць і прычасьціць яе паміраючага дзядзьку, што жыў у вёсцы Ступішча. Гэтая вёска знаходзілася ў лесе за ракой, у бок ад вёскі Туркі-Перавоз (Туркі-Перавоз у 5 км ад Лаўца). Жонка і дачка а. Хвядора ўсяляк адгаворвалі бацечку. У тых месцах быў партызанскі край: з 1942 гады прамежак ад вёскі Клінавае да вёскі Туркі-Перавоз быў пад кантролем партызан. …

Хвядор Тонкавід

Хвядор Тонкавід

Ехаць у вёску Ступішча было вельмі небясьпечна, таму родныя не жадалі адпускаць сьвятара, асьцерагаючыся за яго жыцьцё. Але прыехаўшая жанчына настойліва чакала каля дому сьвятара. Дачка айца, Ніна, нават выйшла зь дому і пачала лаяць яе, кажучы, што яна вязе айца на сьмерць. Але ўсё было бескарысна. Айцец Хвядор паўшчуваў дачку, сказаўшы ёй, што нельга так паводзіцца зь людзьмі, што калі і наканавана папакутаваць, то ён папакутуе за Хрыста. Айцец зайшоў у храм, узяў Сьвятыя Дарункі, паклаў у Дараносіцу, і яны паехалі. Жонка і дачка, застаўшыся дома адны, маліліся і плакалі, адчуваючы, што ўжо ў апошні раз бачылі а.Хвядора. Праз тры кілямэтры, даехаўшы да сваёй вёскі, жанчына зьлезла з падводы і пайшла дадому. Зь айцом Хведарам паехаў хлопчык, які быў родам зь вёскі Ступішча. Яны праехалі яшчэ трохі, як раптам зь лесу выйшла сямёра ўзброеных людзей. Гэта былі партызаны, якія загадзя іх тут чакалі. Зь вулічнай лаянкай і зьдзекаваньнямі, яны сагналі айца з падводы, прывязалі яго ззаду. Самі ж, сеўшы на падводу, паехалі ў бок ракі. Бяжаўшага за імі зьвязанага сьвятара яны прымушалі служыць паніхіду па самім сабе. У тых вёсках і на сялібах, праз якія правозілі айца Хвядора, людзі потым распавядалі, што чулі, як сьвятар сьпяваў паніхіду. У ракі партызан чакалі дзьве лодкі. Пераплыўшы на іншы бераг, бандыты пацягнулі сьвятара ў лес. Зьбіваючы, яны сарвалі зь яго крыж і рызы. Айцец Хведар затуляў рукамі Дараносіцу са Сьвятымі Дарункамі, моцна прыціснуўшы да сабе і не адпускаючы яе. Тады апантаныя злосьцю і нянавісьцю бязбожнікі сталі калоць багнетамі рукі, біць па твару і галаве. Багнетамі яны выкалалі яму вочы, пад канец напаўжывому сьвятару стрэлілі ў галаву так, што куля разарвала яму ўсю патыліцу. Сьпехам выкапаўшы яму, партызаны кінулі туды цела а. Хвядора ў адной ніжняй бялізьне і зьлёгку закідалі зямлёй. Каб ніхто не спрабаваў шукаць бацечку, яны прыстрашылі жыхарам суседніх вёсак і сяліб, сказаўшы ім, што “папа забілі, а яму замінавалі”.

Айцец Хвядор спадабніўся пакутніцкай сьмерці 7 жніўня н.ст. 1942 года, не дажыўшы трох тыдняў да Унебаўзяцьця Усясьвятой Багародзіцы, храмавага сьвята Лавецкай царквы. У той жа дзень аб здарэньні стала вядома ў Лаўцы. Народ быў моцна напалоханы. Вернікі не пускалі ў Ступішча жонку і дачку сьвятара, і зь іх ніхто не рашаўся туды паехаць. Усё баяліся, тым больш, што дакладнага месца, дзе закапалі а.Хвядора, ніхто не ведаў.

Аднаму набожнаму старому, слуге Боскаму Цімафею, зь вёскі Ятлішча прысьніўся сон, што ён стаіць у храме са мноствам народа. Усё плачуць. Раптам зьявіўся сам Госпад наш Ісус Хрыстос і кажа ім: “Што вы стаіце і плачаце, ідзіце і вазьміце свайго пастыра”, і паказаў Цімафею месца, дзе ляжаў а. Хвядор. Раніцай стары прачнуўся ў сьлязах і распавёў пра свой сон жонцы. На наступны дзень яна зь яшчэ двума жанчынамі, Алімпіядай і Іўліяй, адправіліся за целам забітага сьвятара. Яны ўзялі зь сабой дзьве прасьціны і пайшлі. Дайшоўшы да ракі, жанчыны ўбачылі на беразе двух хлопчыкаў, якія лавілі рыбу, і папыталі ў іх лодку. Пераплыўшы на іншы бераг, яны вышлі зь лодкі, перажагнаўшыся, пайшлі ў лес і дашлі прама да месца пахаваньня. Побач са сьвежай ямай былі астаткі вогнішча. Што палілі тамака забойцы, назаўжды застанецца для нас таямніцай. Зьверху над магілай ляжала сьсечаная сасёнка. Асьцерагаючыся мін, жанчыны асьцярожна рукамі сталі грэбці зямлю. Яны вынялі зьнявечанае цела сьвятара і, загарнуўшы яго ў прасьціну, несьлі да ракі тры кілямэтры. У лодцы яны плылі яшчэ кілямэтраў шэсьць да вёскі Перавоз, дзе іх ужо чакала фурманка. Да Лаўца яны дабраліся да вечара. У сяле іх сустракалі са журботным звонавым звонам. Цела а.Хвядора было ўсё ў пяску і пасмаглай крыві. Ён праляжаў у зямлі амаль шэсьць дзён. Леанід Міхайлавіч Шчэрбаў зь іншымі мужчынамі ачысьцілі і памылі яго, надзелі ў сьвятарскія рызы і паклалі ў дамавіну, твар накрылі паветрам. Тры дня народ прыходзіў у храм разьвітвацца са сваім пастырам. Прыходзілі і маладыя, і старыя, цалавалі ягоныя рукі, счарнелыя ад шматлікіх ран. Прыкладваліся усё. Шматлікія плакалі, шкадуючы, што пазбавіліся такога сьвятара. Ён да усіх ставіўся зь любоўю, і народ адказваў яму тым жа. 13 жніўня а.Хвядора пахавалі за алтаром Усьпенскай царквы сяла Лавец” (14).

На вялікі жаль, у часе наступу савецкіх войск храм в. Лавец згарэў, але магіла а.Хведара ацалела.

Забойства сьвятара так уразіла і абурыла мясцовых жыхароў, што пасьля вайны яны дамагліся ад савецкай улады сьледства па справе забойства сьвятара. Тым больш, што на сумленьні “партызанаў” былі і іншыя злачынства (15). У вёску прыехалі сьледчыя і распытвалі людзей, але суду так і не адбылося

Сям’я сьвятара ў 1950 г. павярнулася ў Віцебск. Ягоная жонка, Еўфрасіньня Андрэеўна,  памерла 11 чэрвеня 1973 г. і пахавана каля мужа ў в. Лаўцы.

Ад пачатку 90-х гадоў жыхары в. Лавец неаднойчы ўздымалі пытаньне прад герархіяй РПЦ МП аб пачатку працэсу кананізацыі а. Х. Тонкавіда. Але адказу такі і не атрымалі. У прыватных гутарках ім адказвалі, што ёсьць неабвержныя доказы супрацоўніцтва сьвятара з “беларускімі нацыяналістамі” і “акупантамі”, а таксама факты ягонай адмовы вызнаць Маскоўскі патрыярхат.

Крыніцы:

1. Інфармацыя зь архіваў Расейскай Фэдэрацыі, апытаньне жыхароў у Пскоўскае вобласьці.

2. Священник Михаил Груздев. НОВОМУЧЕНИК ИЕРЕЙ ФЕОДОР ТОНКОВИД // Веруюшие в оккупации. Псков, 2006 г. б. 44 – 45

3. Тамсама, б. 44

4. Тамсама, б. 44

5. Архіў упраўленьня Фэдэральнай Службы Бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі па Пскоўскай вобласьці, спр.581. Даведка аб судовым прысудзе ПП ОГПУ Заходняй вобласьці ад 22.11.32. арк. 4

6. Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласбці, ф.2290, ап. 1, сп. 24, арк. 90 зв.

7. Тамсама. ф. 2290, ап. 1, сп. 24, арк. 60 зв.

8. Архіў Упраўленьня КДБ Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, спр. 14311–П, арк. 21. Тут і далей выпіскі зь архіву КДБ РБ па запісам сп. Ул. Саснова, зробленых у 1997 – 1998 г.г.

9. Пароменскій, Павел Уладзіміравіч (15 сьнежня 1881 г.— 1963 г.). Былы афіцэр арміі ген. Булак-Балаховіча ў часе ягонай барацьбы на Пскоўшчыне. Быў паранены і доўгі час жыў у вёсцы.  З кастрычніка 1933 г. выкладаў беларускую мову ў Віцебскім каапэратыўным тэхнікуме. Актыўны дзеяч Віцебскага беларускага актыву ў 1941 – 1944 г.г. У час наступу Савецкіх войскаў зьехаў у эвакуацыю, але восеньню 1944 г. нелегальна павярнуўся ў Віцебск. Быў арыштаваны ў канцы жніўня 1945 г. і асуджаны  “за здраду радзіме” да 10 гадоў лягера з канфіскацыяй маёмасьці. Зь лістапада 1955 г. пражываў у Двінску (сучасны Даўгаўпілс), дзе і памёр.

10. Архіў Упраўленьня КДБ Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, спр. 14311–П, арк. 22 – 23.

11. Архіў упраўленьня Фэдэральнай Службы Бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі па Пскоўскай вобласьці, спр.581, арк. 12.

12. Священник Михаил Груздев. НОВОМУЧЕНИК ИЕРЕЙ ФЕОДОР ТОНКОВИД // Веруюшие в оккупации. Псков, 2006 г. б. 44.

13. Архіў упраўленьня ФСБ РФ па Пскоўскай вобласьці, спр. 581, арк. 18.

14. Священник Михаил Груздев. НОВОМУЧЕНИК ИЕРЕЙ ФЕОДОР ТОНКОВИД // Веруюшие в оккупации. Псков, 2006 г. б. 45.

15. Тамсама, б. 45

Аўтар: прат. Сяргей Горбік

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.