Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Тэадор Нарбут: Зачараваны старажытнай Літвой

Да нядаўняга часу імя яго было незаслужана забыта. Спрыялі гэтаму многія абставіны. Найперш, тыя, што заслугі Т. Нарбута перад родным краем і сваім народам не «ўпісваліся» ў палітычныя погляды царскіх і савецкіх ідэолагаў. А ён жа пакінуў найбагацейшы след у гісторыі і археалогіі, міфалогіі і фалькларыстыцы. Самае цікавае, што многія творы і высновы не страцілі сваёй актуальнасці і ў нашыя дні. Значыцца, выканана было на належным творчым і мастацкім узроўні. Нездарма бліжэйшыя сябры і сучаснікі паміж сабою называлі Тэадора Яўхімавіча «літоўскім Карамзіным». Гэта высокая ацэнка, найперш, ягонай «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» (дзевяць тамоў выйшла, а дзесяты так і не з’явіўся ў друку). Адразу скажам, што вызначэнне «літоўскі» выкарыстоўвалася самабытным гісторыкам адносна беларускіх тэрыторый, якія яшчэ зусім нядаўна ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. З сучаснай Летувой гэты тэрмін не меў нічога агульнага. Тым болей, што Т. Нарбут усюды падкрэсліваў уласную беларускасць, старанна дыстанцыруючыся ад польскіх вучоных, якія ўсе гістарычныя падзеі ў нашым краі тлумачылі на сваю карысць.

Цяжка падсумаваць значнасць зробленага гэтым таленавітым чалавекам, бо пакуль што не сабраны поўнасцю ўсе матэрыялы і дакументы, якія б дазволілі цалкам узнавіць жыццёвы і творчы шлях Тэадора Нарбута. У архіўных сховішчах яшчэ чакаюць свайго даследчыка нідзе не згаданыя факты, дзякуючы якім можна будзе скласці рэалістычны партрэт вялікага рупліўца. Толькі многае ўскладняецца тым, што звесткі, публікацыі і паперы, якія могуць праліць дадатковае святло на асобу Т. Нарбута, сёння параскіданы па бібліятэках, фондах і архівах розных краін. Раней многае спрашчалася, бо суседнія Расія, Летува, Україна ўваходзілі ў адзіную дзяржаву, цяпер жа, з набыццём імі незалежнасці нашмат ускладніліся шляхі для даследчыкаў.

Нават у распрацоўках сучасных беларускіх аўтараў Т. Нарбуту адводзіцца нязначнае месца. Закраналіся найбольш паасобныя ягоныя працы і высновы, але не рабілася спробы даць цэласны партрэт-характарыстыку выбітнай асобы. На задні план адыходзілі факты з жыццёвага шляху Тэадора Яўхімавіча, ягоная грамадзянская пазіцыя. Упершыню асобная кніга пра Т. Нарбута была выдадзена ў серыі «Нашы славутыя землякі» (выдавецтва «Полымя», 1996 год) пад нашым аўтарствам.

У гэтым плане нас значна апярэдзілі суседзі — летувісы і палякі. Дакладна вядома, што ў літоўскім друку за пасляваенны час з’явілася каля сотні публікацый. Большасць з іх на літоўскай мове і таму яны, на вялікі жаль, не вядомы беларускім чытачам. Праўда, гэтакая «папулярнасць» мела і свой адмоўны бок — летувісы імкнуліся паказаць, спасылаючыся на назву ягонай асноўнай працы «Старажытная гісторыя літоўскага народа», што Нарбут пісаў толькі пра старажытную гісторыю сучаснай Летувы. А той факт, што ён пісаў на польскай мове, даў падставы палякам сцвярджаць, быццам бы ён асвятляў мінулае Польшчы. Прыводзяцца аналогіі з гісторыі, міфалогіі, фальклору. Вось, глядзіце — усё супадае!

Але нават не робіцца спроба растлумачыць, што ў суседніх народаў заўсёды цесна перапляталіся гістарычныя і культурныя карані, што гэта неад’емны атрыбут суіснавання! І ў многім гэта залежала яшчэ ад палітычных своеасаблівасцяў таго часу. Беларуская мова, дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага, была ўвогуле забаронена ў афіцыйным ужытку, а ўся літаратура — і навуковая, і мастацкая, — друкавалася на польскай мове.

Такія ж недарэчнасці адносна прыналежнасці Т. Нарбута сустракаем і ў беларускіх літаратараў і даследчыкаў. У кнізе Эрнеста Ялугіна «Толькі камяні» чытаем інтэрв’ю з вядомым гісторыкам Міколай Улашчыкам, дзе той кажа:

…але вось у 1846 годзе літоўскі гісторык Нарбут (падкрэслена мною. — А. Н.), які пісаў па-польску, выдаў «Хроніку Быхаўца».

У дапаможніку «Историческое краеведение Белоруссии» напісана наступнае:

Аўтарамі найбольш значных прац былі польскія вучоныя Ф. Я. Нарбут, браты Я. П. Тышкевіч і К. Я. Тышкевіч, А. К. Кіркор, Ю. Лукашэвіч, белетрыст І. Крашэўскі, паэты і этнографы У. Сыракомля, А. Рыпінскі, І. Баршчэўскі.

Жыццё Тэадора Нарбута прыпала на вельмі бурлівы перыяд у гісторыі нашага краю: вайна 1812 г. з французамі, паўстанне 1830—1831 гг., паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863—1864 гг. Сур’ёзныя выпрабаванні давялося яму перажыць, і заўсёды ён з годнасцю выходзіў з цяжкіх сітуацый. Пра жыццё нашага знакамітага земляка мы і паспрабуем расказаць чытачу.

Карані радаводу

Род Нарбутаў старажытны і слаўны. Паводле легенды, якую любіў распавядаць сам Тэадор Яўхімавіч, толькі тры роды вялі свой пачатак ад вярхоўнага жраца Ліздэйкі — сына князя Нарымонта: Радзівілы, Остыкі і Нарбуты.

Тэадор Яўхімавіч Остык-Нарбут нарадзіўся 28 кастрычніка (па старым стылі) 1784 года ў маёнтку Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і адстаўнога паручніка гвардыі Яўхіма (Іаахіма) Остык-Нарбута і яго жонкі Ізабелы, народжанай Наніевіч. Акрамя яго было яшчэ два сыны — Марыян (нарадзіўся ў 1762) і Ігнацій (нарадзіўся ў 1768).

Зазірнем у «Энцыклапедычны слоўнік» Бракгаўза і Эфрона. Там пра гэты род напісана наступнае:

Нарбуты — дваранскі род герба «Трубы», літоўскага паходжання, які вядзе карані з ХV стагоддзя. Войцах Нарбут (1508) быў харунжым надворным літоўскім і маршалкам каралеўскім, Пётр (1506) — падкаморым вялікім літоўскім. Род Нарбутаў раздзяліўся на некалькі галін, унесеных у VІ і І часткі радаводных кніг Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Магілёўскай губерняў. Андрэй Мікалаевіч Нарбут пасля захопу Смаленска застаўся на службе ў рускага цара (1655) і стаў пачынальнікам галіны Нарбутаў, унесенай у VІ частку радаводнай кнігі Цвярской і Смаленскай губерняў.

Прадзед Тэадора, Казімір, нарадзіўся каля 1695 года. Быў ён лідскім мечнікам і дэпутатам літоўскага трыбунала ў 1726, 1737, 1741 гг., лідскім маршалкам у 1739 годзе. Ягоная жонка — Марыяна з Навіцкіх. Яны мелі шасцёра сыноў. Дзед Ігнацій нарадзіўся каля 1730 года. Найбольш значныя пасады, якія ён займаў: лідскі земскі суддзя (1772 г.), а таксама харунжы 1-га Варшаўскага корпуса кадэтаў. Жонка — Ева Сіцлавянка герба «Сіцлава». У іх было ажно дзесяць дзяцей — дзевяць сыноў і адна дачка. Сярод іх і бацька Т. Нарбута — Яўхім (Іаахім) Нарбут.

Пра радавод нашага героя гаворыцца і ў трэцім томе «Жывапіснай Расіі»:

Фёдар Яўхімавіч Нарбут нарадзіўся ў родавым маёнтку ў Шаўрах Лідскага павета Віленскай губерні 8 лістапада 1784 года. Род Нарбутаў вельмі старажытны. Паводле легенды, ён разам з Радзівіламі і Остыкамі цягнецца ад вярхоўнага жраца Ліздэйкі, які быццам бы быў сынам вялікага князя Нарымонта.

Прадстаўнікі гэтых двух родаў ажно да канца ХІХ стагоддзя прытрымліваліся такой версіі ў пацвярджэнне ўласных радаводаў. Справа ў тым, што нібыта ў легендарнага князя Нарымонта быў адзіны сын Ліздэйка. На яго бацька ўскладваў вялікія спадзяванні, але так ужо атрымалася, што ў жыцці ўсё здарылася іначай. Падлетак любіў «даследаваць» непралазныя пушчы, што суцэльнай сцяною стаялі навокал. Нарымонт на ўгаворы жонкі не адпускаць малога ад сябе, адмахваўся, маўляў нічога страшнага не здарыцца. У яго ж ахова ёсць ды і спакойна ў межах княства. Толькі матуліна сэрца, відаць, адчувала іншае.

Аднойчы Ліздэйка з дружыннікамі трапілі на язычніцкае капішча. Цікава хлапчуку было апынуцца сярод маўклівых і суровых драўляных багоў, якім пакланяліся людзі. Стары вяшчун, які пастаянна знаходзіўся на капішчы, прадказаў Ліздэйку, быццам той у недалёкай будучыні атрымае цудадзейную магчымасць ведаць лёсы многіх плямёнаў і людзей, тлумачыць ім усё наперад. І сапраўды, праз нейкі дзесятак гадоў княжыч сышоў у лес, на капішча, дзе стаў вярхоўным жрацом (Крыва-крывейтэ) і зрабіў многа дабра сваім сучаснікам. Менавіта Ліздэйка разгадаў княжацкі сон Гедыміна, пасля якога ўзнікла Вільня (Крывы горад). Жыў ён сам, як і належыць такому чалавеку, надзвычай доўга — некалькі стагоддзяў. Ад яго двух сыноў і пайшлі Радзівілы ды Остыкі.

Паводле іншых народных павер’яў, Крыва-крывейтэ ні ў якім разе не меў права жаніцца — гэта яму забаранялася. Адпаведна, нельга яму было мець уласных дзяцей. Але ж гэта легенда, а ў такім жанры творчасці ўсё дапускаецца.

Сам жа Т. Нарбут вёў свой род ад лідскіх князёў, калі апісваў у «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» мінулае любага яму горада Ліды. Ён вельмі падрабязна і займальна апавядае пра князёў Шуйскіх, што збеглі з Маскоўскай Русі і пачалі верай і праўдай служыць новай радзіме. Вядома, што ў 1631 годзе ў Лідзе памерла Ганна Шуйская. Ад яе сына Францішка і пайшоў шматлікі і разгалінаваны род Нарбутаў. Цікава, але далёка не ўсё тут бясспрэчна.

Некаторы час паміж даследчыкамі вялася актыўная спрэчка адносна нацыянальнасці Тэадора Нарбута. Выказваліся розныя меркаванні. Сам жа Тэадор Яўхімавіч называў сябе «ліцвінам», адмятаючы ўсе намаганні летувісаў і палякаў прыпісаць яго да «сваіх».

Была блытаніна і з напісаннем імя Нарбута. Пасля хрышчэння ў касцёле ён меў падвоенае — Тэадор Матэвуш (беларускае Тодар). Падчас службы ў расейскім войску яго пачалі зваць Фёдарам Яўхімавічам (таму так яго называлі значна пазней і савецкія даследчыкі). Што датычыцца прозвішча, то Тэадор Яўхімавіч любіў падпісвацца падвоеным: Остык-Нарбут, падкрэсліваючы тым самым старажытнасць і слаўнасць уласнага паходжання.

Вайсковец. Інжынер-фартыфікатар

Без гэтага перыяду ў жыцці Т. Нарбута не абыйдзешся ні ў якім разе, бо вельмі многа ён даў для сталення характару маладога чалавека, для ўмацавання ягонай грамадзянскай пазіцыі і для … вытокаў даследчыцкага шляху, які пазней стане прызваннем усяго жыцця.

Пачатковую адукацыю Тэадор атрымаў дома, у Шаўрах, потым працягваў вучобу ў Лідзе, а пасля — у Галоўнай Віленскай школе (1799—1803). Вучыўся ў вядомых архітэктараў таго часу А. Гуцовіча і Дз. Шульца. У 1803 годзе быў прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус, дзе рыхтавалі вайсковых інжынераў, адкуль быў выпушчаны ў званні «кандуктара першага класа». Удасканальваў навыкі пад кіраўніцтвам ваеннага інжынера Аўрэ. Той асноўную ўвагу сваіх падначаленых скіроўваў на новае ў тагачаснай фартыфікацыі, асабліва на будаванне фартэцый.

Службовую кар’еру Тэадор Нарбут пачаў у інжынерным дэпартаменце Ваеннага міністэрства, дзе з’яўляўся даверанай асобай пры яго дырэктары генерале Сухтлене. Між іншым, ён свабодна пісаў і размаўляў на дзевяці замежных мовах.

Адначасова малады інжынер выкладаў у кадэцкім корпусе. Гэта сведчыць, што начальства бачыла ў ім перспектыўнага спецыяліста. Толькі спакойнае сталічнае жыццё не надта прыцягвала Тэадора. Ён просіць адпусціць яго на «сапраўдную працу». Таму ў 1804 годзе вайсковага інжынера ўключылі ў групу гідрографа Эйтэльвейна, перад якой была пастаўлена задача правесці гідратэхнічныя работы на Нёмане. Ужо тады ён мог хутка разабрацца ў складанай сітуацыі, знайсці просты і арыгінальны спосаб найбольш эфектыўнага правядзення работ. Улічваючы поспехі Т. Нарбута пры выкананні заданняў, яму праз два гады прысвоілі званне падпаручніка. Менавіта з гэтага часу пачалося ягонае знаёмства з рознымі куткамі Беларусі, у якія афіцэра закідваў вайсковы лёс.

Далей — дзеючая армія. Т. Нарбут заўсёды знаходзіўся на перадавых пазіцыях. Вядома, у такой сітуацыі ні куля, ні штык яго не абміналі. Ужо ў 1807 годзе пад Астраленкай ён атрымаў першае раненне. Адбылося гэта ў баі, дзе перамога была дасягнута ў штыкавым баі. На ўсё жыццё на целе застаўся шрам ад варожага штыка. Не паспела зацягнуцца гэтая рана, як пад Тыльзітам падпаручніку прастрэлілі левую руку. Мабыць, менавіта раненне паслужыла прычынай таго, што неўзабаве Т. Нарбута адкамандзіравалі з дзеючай арміі ў Рэвель (сучасны Талін) весці там крапасныя работы. Ён стаў адным з вядучых інжынераў, на якіх ляжала адказнасць за крэпасць, яе надзейнасць і трываласць.

Пасля заканчэння гэтага важнага аб’екта Т. Нарбут зноў трапіў у дзеючую армію. Ішла руска-шведская вайна 1808—1809 гадоў. Моцна кантужаны ля крэпасці Або, інжынер-афіцэр, тым не меней, хутка вяртаецца ў строй. На гэты раз ён прыкамандзіраваны да эскадры адмірала Пятра Ханыкова на Балтыйскім моры. Нарбут вызначаў найбольш прыдатныя мясціны для размяшчэння берагавых батарэй. Буйнакаліберныя гарматы на добра выбранай пазіцыі былі надзейнымі памочнікамі маракоў. За будаўніцтва батарэі на востраве Руген і за праяўленую ў ранейшых баях мужнасць Т. Нарбут атрымаў ордэн святой Ганны.

У 1809 годзе Тэадору Яўхімавічу прысвоілі званне паручніка і перавялі ў распараджэнне ваеннага міністра Расійскай імперыі М. Барклая-дэ-Толі. Той тэрмінова збіраў у свой штаб таленавітых інжынераў-фартыфікатараў. Ужо ў наступным годзе Ваенная Калегія камандзіравала некалькі дзесяткаў вопытных вайсковых інжынераў на Украіну, у Прыбалтыку і Беларусь, каб яны знайшлі прыдатныя мясціны для ўзвядзення шасці крэпасцей новай абарончай лініі заходняй мяжы Расійскай імперыі.

Нарбута накіравалі ў раён паміж Рагачовам і Магілёвам. Яму прапанавалася асаблівую ўвагу звярнуць на ваколіцы Рагачова і Новага Быхава. Перавага пры выбары месца для будучай фартэцыі аддавалася звычайна ўзвышшам на берагах паўнаводных рэк, якія самі па сабе служылі ўжо вялікай перашкодай для непрыяцеля.

Прааналізаваўшы ўсё на месцы, улічыўшы асаблівасці ландшафту, Тэадор Яўхімавіч прапанаваў нечаканы варыянт: будаваць не ля Рагачова і Новага Быхава, а пад Бабруйскам. Ужо ў час камандзіроўкі ён распрацаваў чарнавы план будаўніцтва крэпасці. З ім і выступіў ад імя экспедыцыі на пасяджэнні Вайсковай калегіі ў Пецярбургу. Пасля спрэчак, доказаў, перакананняў прапанову Т. Нарбута і месца, выбранае ім, падтрымаў генерал К. Аперман.

Але той факт, што менавіта Т. Нарбут з’яўляўся аўтарам першапачатковай прапановы будаўніцтва Бабруйскай крэпасці, свядома замоўчваўся. Згадваўся толькі факт камандзіроўкі і ўдзел у будаўніцтве:

Нарбут у 1810 годзе быў камандзіраваны для адшукання прыдатнага месца паміж Магілёвам і Рагачовам для заснавання новай крэпасці і потым прыняў удзел у будаўніцтве Бабруйскай крэпасці.

Па прадстаўленаму ім плану Бабруйская крэпасць павінна была стаць самай магутнай сярод цытадэлей такога класу ў Еўропе. Меркавалася размясціць яе на правым беразе ракі Бярэзіны ля самага вусця невялічкай рачулкі Бабруйкі. На другім баку Бабруйкі планавалася ўзвесці Нагорнае ўмацаванне, а на левым беразе Бярэзіны — тэт-дэ-пон (умацаванае збудаванне перад мостам; яго звычайна будавалі з разлікам на кругавую абарону, размяшчаючы ў сярэдзіне артылерыйскія батарэі).

Т. Нарбут прапанаваў на першым этапе будаўніцтва выкарыстоўваць падручныя матэрыялы, якія знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці: лес, камяні, пясок, каб максімальна паскорыць справу. Першапачатковыя земляныя ці драўляныя аб’екты крэпасці ўзмацняліся іншымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі, напрыклад «воўчымі пасткамі» — глыбокімі, старанна замаскіраванымі зверху ямамі, прызначанымі супраць конніцы ворага.

Тэадор Яўхімавіч увесь час знаходзіўся ў Бабруйску. На пачатку ліпеня 1810 года ўжо некалькі тысяч гараджан і сялян працавалі на розных работах. У асноўным яны будавалі цагельныя заводы і працавалі на іх, а таксама нарыхтоўвалі лес для крапасных збудаванняў, дровы для спальвання на вугаль, дастаўлялі матэрыялы на будоўлю.

Т. Нарбут адказваў за дзейнасць аднаго з трох цагельных заводаў, што дзейнічалі ля крэпасці. Цэгла выраблялася высакаякасная, трывалая. Не хапала транспарту, і яе на будаўнічыя пляцоўкі перадавалі ўручную. Захавалася паданне, паводле якога людзі расцягваліся жывым ланцужком на некалькі вёрст, бо заводы знаходзіліся ля глінішчаў, далекавата ад новай цытадэлі. Сам афіцэр-інжынер часта стаяў у такім ланцужку і працаваў нароўні з астатнімі.

Але вялікая скучанасць людзей прывяла да эпідэмічных захворванняў сярод будаўнікоў. Хутка быў пабудаваны вайсковы шпіталь у рэжыме строгага каранціну на значнай адлегласці ад раёна ўмацаванняў (у Парычах, сённяшні Светлагорскі раён). Т. Нарбут таксама захварэў, яму давялося легчы ў шпіталь. Сыры клімат, балоцістая мясцовасць, на якой вялося будаўніцтва, нядаўнія баявыя раны даліся ў знакі. Але ўжо праз нейкіх пару тыдняў, адчуўшы сябе лепей, паручнік вярнуўся ў крэпасць.

Да гэтага моманту ў фартэцыі закончылася ўзвядзенне новых казарм, маставых умацаванняў, узяліся за будаўніцтва бастыёна ў паўночна-ўсходняй частцы. Завяршаліся работы па стварэнню вялізных склепаў пад крапаснымі збудаваннямі, а таксама па ўзвядзенню сортый (падземныя галерэі, праз якія войскі з крэпасці маглі хутка выбрацца за вал і нечакана напасці на ворага), якія працягваліся ва ўсе бакі і злучалі паміж сабою крапасныя памяшканні.

Да канца 1811 года амаль усе бастыёны ўяўлялі сабою грозную сілу. Там, дзе не паспелі зрабіць задуманае, пабудавалі фланкіруючыя казематы з драўляных зрубаў, якія з сярэдзіны былі забіты каменнямі. Амбразуры абівалі жалезам. З’явіліся капітальныя склады для парахавых зарадаў, да ўсіх памяшканняў былі падведзены і забрукаваны дарогі.

Т. Нарбут у гэты час адказваў за даводку аднаго з бастыёнаў непасрэдна ў цытадэлі.

Пасля завяршэння бастыёна Нарбут займаўся будаўніцтвам другарадных, але таксама неабходных аб’ектаў на тэрыторыі крэпасці. За паспяховае выкананне загадаў начальства яго зноў узнагародзілі, на гэты раз ордэнам Уладзіміра ІV ступені з прысваеннем чарговага вайсковага звання штабс-капітана. Неўзабаве Тэадор Яўхімавіч атрымаў яшчэ і ордэн святой Ганны ІІ ступені. Здавалася б, перад ім адкрывалася цудоўная вайсковая кар’ера. Але гэтага не адбылося.

Напярэдадні 1812 года Тэадор Яўхімавіч падаў хадайніцтва аб адстаўцы. Зразумела, сказаліся раны, кантузія, хваробы, але нельга забывацца і пра тое, што Т. Нарбут чакаў ад хуткай вайны не перамогі рускіх войскаў, а здзяйснення абяцанняў Напалеона, паводле якіх тэрыторыя сучаснай Беларусі павінна была вярнуцца ў межы Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772 годзе.

Як бы там ні было, але гады, праведзеныя ў войску, далі Т. Нарбуту вельмі многа. Па-першае, ён сфарміраваўся як асоба; па-другое, зведаў, што такое сяброўства і здрада, падтрымка і выручка, што такое сапраўдная мужнасць і гераізм; па-трэцяе, пры выкананні службовых абавязкаў яму давялося многа ездзіць па тэрыторыі Заходняга краю, а гэта спрыяла пачаткам вывучэння спадчыны продкаў, народа, сярод якога яму выпала жыць і працаваць; па-чацвёртае, сустракаючыся з рознымі людзьмі, як з вайскоўцамі, так і з цывільнымі, Т. Нарбут ужо тады задумваў многае са сваіх грандыёзных творчых планаў.

Археолаг

Аднойчы падчас чарговай экспедыцыі Нарбута салдаты і вольнанаёмныя, што працавалі над раскопамі старажытнага кургана, сярод усялякіх прылад працы, чарапкоў знайшлі адзін цэлы гаршчок. Калі нехта паспрабаваў яго выцягнуць, то гаршчок на вачах разваліўся і адтуль струменьчыкам пацяклі нейкія дзіўныя на выгляд металічныя гузікі, неаднолькавыя паводле памеру. Пачалі іх збіраць і толькі тады зразумелі, што гэта старажытныя манеты з розных краін. Магчыма, сабраныя ў гліняны гаршчок нейкай руплівай рукой, яны былі прыхаваны на «чорны» дзень. Цяжка сказаць зараз, якія манеты знаходзіліся ў гаршку, бо Т. Нарбут не апісаў іх, але затое дакладна вядома, што пасля дзіўнай знаходкі ён пачаў збіраць калекцыю старажытных манет.

Захапленне маладога паручніка археалогіяй узнікла падчас яго паездак і экспедыцый па службовых справах. Тэадор Нарбут надзвычай многа ездзіў па загаду ваеннага міністра М. Барклая-дэ-Толі. У першую чаргу ён аглядаў, апісваў і раскопваў старадаўнія замкі і крэпасці, узведзеныя ў свой час на ўдала абраных мясцінах. Спачатку на Нёмане, а пасля ў 1810 годзе на берагах Прыпяці, Дняпра і Бярэзіны Т. Нарбут заўважыў старажытныя прылады працы і зброю, прычым у немалой колькасці. Аб’язджаючы мясціны ўздоўж гэтых рэк, ён зацікавіўся рэшткамі даўніны. Тым болей, што цікавасць падагравалі мясцовыя жыхары, якія распавядалі яму мноства легендаў, паданняў, былічак, звязаных з гэтымі мясцінамі. Таму ён, па магчымасці, сустракаўся са старажыламі, запісваў вусныя творы, больш таго, разахвоціўшыся, самастойна правёў раскопкі некаторых легендарных курганоў. Вядома ж, даследаванні праводзіліся ў вольны час. Ды тады малады чалавек увогуле, відаць, яшчэ не задумваўся і надалей займацца гэтымі пытаннямі.

Т. Нарбут быў першым сярод археолагаў на Беларусі, хто даў вызначэнне курганоў як помнікаў старажытнага пахавальнага абраду. Такое разуменне гэтых сведкаў сівой мінуўшчыны з пункту гледжання сучаснай археалогіі з’яўлялася няпоўным, але ў сутнасці сваёй правільным. Ён тады ўжо звярнуў увагу на тое, што курганы адрозніваліся па вышыні і што яны могуць быць адзінкавыя і групавыя. На палях і лугавінах паблізу Дняпра яму ўдалося знайсці некалькі розных па велічыні пагоркаў, пакінутых старажытнымі людзьмі. Дапамагаў яму ў правядзенні першых самастойных археалагічных пошукаў павятовы лекар П. Генерт са Старога Быхава, які выдатна ведаў навакольную мясцовасць, бо пастаянна ездзіў па вёсках і хутарах да хворых людзей. Ад яго Т. Нарбут пачуў шмат самабытных легендаў і паданняў, звязаных з наваколлем.

Болей таго, вядома, што лекар паказаў вайскоўцу хроніку ХІV стагоддзя, у якой нібыта згадвалася і пра даследуемыя курганы. Т. Нарбут зрабіў паасобныя выпісы з рукапіснага дакумента. Асабліва ўразіў яго мясцовы хаўтурны абрад, паводле якога нябожчыка не закопвалі ў зямлю, а выносілі ў спецыяльна прызначанае месца, дзе найбольш дастойных падвяргалі рытуалу целаспалення, а іншых клалі проста на зямлю, ставілі побач ежу і пітво («апошнія пачастункі»). Потым збіраўся народ і ўсе разам насыпалі курган. Багацейшым і больш знатным рабілі вышэйшы насып, простым людзям — меншы. Яшчэ ўразіла тое, што мясцовыя жыхары да самых злых і сквапных адносілі паляўнічых, бо яны, як аказвалася, забівалі звяроў не толькі дзеля ежы, але і на абмен («на продаж»).

Менавіта Т. Нарбут прыкмеціў, што зямля на курганах чарназёмная, насыпная, выкапаная з верхняга слоя. Гэта пацвярджала выснову, што для памерлых не капалі ям, а проста клалі нябожчыкаў на паверхню зямлі і потым засыпалі. Але сустракаліся ў пачынаючага даследчыка-самавука і некаторыя памылковыя сцверджанні. Напрыклад, ён чамусьці лічыў, што пры пахаванні старажытныя людзі зусім не выкарыстоўвалі дрэва і метал, надзвычай спрошчана разумеў час з’яўлення курганоў і іх прыналежнасць нейкаму старадаўняму роду, што жыў тут у мінулыя стагоддзі.

Тэадор Яўхімавіч падрабязна апісаў старадаўнія магілы-курганы па абодвух баках Дняпра паблізу Рагачова і Старога Быхава. Прыярытэт Нарбута ў вызначэнні курганоў як старажытных могільнікаў адзначае вядомы беларускі археолаг Яраслаў Звяруга, хаця і ўказвае на яго першапачатковыя памылкі. Навуковец піша:

Першым даследчыкам старажытных археалагічных помнікаў на разглядаемай тэрыторыі [Верхняе Панямонне. — А. Н.] быў Т. Нарбут… Нарбут першы правільна вызначыў прызначэнне курганных насыпаў як старажытных магіл. Аднак ён не змог вызначыць сэнс з’яўлення гэтых збудаванняў і іх этнічную залежнасць, усё адносіў да старажытнага рускага народа.

Многія ваенна-інжынерныя работы вяліся на месцах старажытных паселішчаў, таму няма нічога дзіўнага, што там даволі часта і ў вялікай колькасці знаходзілі рэчы даўніх часоў. Напрыклад, Бабруйскую крэпасць будавалі на тэрыторыі колішняга замка, які за доўгую гісторыю існавання некалькі разоў разбураўся і аднаўляўся.

Паціху археалогія цалкам захапіла адстаўнога афіцэра, і ён з маладым запалам пачаў ужо вывучаць старажытныя гарадзішчы ў сваім родным кутку — у ваколіцах Шаўраў. У 1820 годзе яму трапілася тут даволі рэдкае — ямнае — пахаванне. У ім побач з касцямі даследчык знайшоў сасуды адмыслова-мудрагелістай формы, якіх раней нідзе не сустракаў, таму і тлумачэння свайго ім не даў. У «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» ён для большай пераканаўчасці сваёй методыкі змясціў табліцу ўласных знаходак, дзе і зафіксаваў шаўраўскія сасуды. Затое пра іншыя раскопкі самадзейнага археолага, асабліва ў Лідскім павеце і пад Навагрудкам, амаль нідзе не згадваецца.

Трэба адзначыць, што самастойна раскопкамі Нарбут займаўся на першым этапе сваіх даследаванняў. Пазней ён меў магчымасць знаёміцца з працамі іншых навукоўцаў. Плённы ўплыў на развіццё археалогіі і гістарычнай навукі на Беларусі і на Тэадора Нарбута зрабіў, у прыватнасці, славуты прафесар Віленскага ўніверсітэта Іаахім Лялевель (1786—1861), чалавек прагрэсіўных поглядаў, які цудоўна ведаў гісторыю краю і быў добра знаёмы з Т. Нарбутам асабіста. Хоць І. Лялевель мала праводзіў археалагічных раскопак сам, аднак ён звяртаў увагу гісторыкаў на неабходнасць выкарыстання іх практычных вынікаў у сваіх даследаваннях.

Галоўным дасягненнем шматгадовай археалагічнай і збіральніцкай дзейнасці Т. Нарбута і ягоных паплечнікаў трэба лічыць заснаванне ў 1855 годзе Віленскага музея старажытнасцей і Археалагічнай камісіі пры ім пад апекаю цэсарэвіча, будучага цара Аляксандра ІІ. Старшынёй камісіі стаў вядомы знаўца і даследчык тутэйшых старажытнасцей граф Яўстах Тышкевіч (1814—1873), які ахвяраваў створанаму пры камісіі музею сваю багатую калекцыю кніг, рукапісаў і прадметаў старасвецкага вырабу. Віцэ-старшынёй стаў Міхал Балінскі (1794—1864), сакратаром — Уладзіслаў Сыракомля (1823—1862).

Правадзейнымі чальцамі сталі М. Гаманіцкі, М. Гусеў, А. Здановіч, А. Кіркор, І. Крашэўскі, П. Кукальнік, Т. Нарбут, І. Ходзька, І. Ярашэвіч; пастаяннымі чальцамі музея — К. Тышкевіч, М. Тышкевіч, Р. Тышкевіч, Р. Тызенгаўзен, К. Вайніловіч, К. Незабытоўскі, А. Скірмунт, А. Слізень. Ганаровымі чальцамі абралі К. Снітку, А. Тышынскага, К. Цівінскага і іншых, а чальцамі-супрацоўнікамі зрабілі А. Адамовіча, А. Завадскага, І. Кулакоўскага, Т. Ліпінскага. Пазней гэты спіс дапаўняўся.

Кожны з іх атрымаў дакумент чальца Археалагічнай камісіі, што дазваляла весці навукова-даследчыцкую працу, выязджаць у экспедыцыі, карыстацца фондамі бібліятэк і весці адпаведныя пошукі ў архівах.

Сябры-заснавальнікі Археалагічнай камісіі вызначылі шырокую праграму вывучэння даўніны «Западного края». Галоўныя мэты былі: скласці збор старадаўніх кніг, актаў, рукапісаў, манет, артыкулаў, медалёў, зброі, карцін, што маюць дачыненне да гісторыі Беларусі і старажытнай Літвы; спрыяць захаванню помнікаў даўніны на тэрыторыі краю; даць магчымасць карыстацца сабранымі матэрыяламі даследчыкам, якія цікавяцца не толькі гісторыяй краю, але і ягоным сучасным эканамічным станам. Шырыня праграмы вынікала з надзеі адрадзіць на аснове камісіі ўніверсітэцкі цэнтр навукі і адукацыі Літвы і Беларусі. Камісія скарыстала права патрабаваць гістарычныя акты і рукапісы скасаваных каталіцкіх кляштараў і актыўна занялася камплектаваннем калекцый.

Пры ўваходзе ў музей вывесілі гербы чатырох губерняў: Віленскай, Мінскай, Гродзенскай і Ковенскай. Тут жа дэманстраваліся даспехі, старадаўнія партрэты, статуі, рэдкія старажытныя надмагільныя помнікі. Сярод першых, найбольш каштоўных зарэгістраваных матэрыялаў — пячатка горада Крэва (здаў Язэп Будкевіч), падзорная труба Тадэвуша Касцюшкі (ад Адама Кастравіцкага). Уладзіслаў Сыракомля папоўніў экспазіцыю манетамі, кнігамі, геральдычнымі матэрыяламі. Тэадор Нарбут з ахвотай падараваў дзевяць тамоў сваіх твораў, а таксама рукапіс чацьвёртага тома гісторыі старажытнай Літвы. Адам Кіркор ахвяраваў уласныя творы і мноства вельмі цікавых старажытных прадметаў, якія выявіў на Беларусі. Больш за 40 прывілейных грамат з подпісамі розных каралёў і гетманаў аддаў беларускі педагог-асветнік Ігнат Кулакоўскі. Паступалі арыгінальныя матэрыялы з-пад Маладзечна, Гродна, Мінска, Пінска.

Паводле «Перечневого каталога в Виленском музее древностей», у 1856 годзе было зарэгістравана 1,5 тысячы адзінак захавання археалагічных матэрыялаў, тысячу налічвалі розныя рэчавыя помнікі гісторыі і рукапісы, аўтографы, гравюры, карты, дыпломы. Нумізматычная калекцыя дасягала 3 тысяч грашовых знакаў, мелася 750 прадметаў з каменя, у тым ліку 387 каменных сякераў. Мастацкія палотны, творы дробнай пластыкі і выяўленчага мастацтва маглі б скласці самастойную галерэю. Зроблены ў 1853 годзе А. Кіркорам агульны каталог уключаў больш за 10 тысяч адзінак захавання.

Музей меў чатыры аддзелы: археалагічны, мастацтва, мінералагічны, арніталагічны. Археалогію прадстаўлялі матэрыялы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Найбольшы раздзел займалі знаходкі з курганных раскопак, праведзеных на Беларусі.

Калекцыя з умоўнай назвай «прадметы, якія маюць міфалагічнае значэнне», налічвала 40 рэчаў. Сюды ўваходзілі скульптурныя выявы бога грому Пяркунаса (Пяруна), мангольскі, кітайскі ідалы, іншыя экспанаты. Экспазіцыя музея таксама ўключала рэчы старадаўніх замкаў, зброю ХVІІ—ХІХ стагоддзяў, слуцкія паясы.

У нумізматычным раздзеле археалагічнага аддзела ў 1858 годзе налічвалася 3247 адзінак захавання, з іх 246 «рускіх манет і медалёў», 698 — «літоўскіх і рускіх». На вялікі жаль, месца знаходак пераважнай большасці манет не было вызначана. Да таго ж, пры вывучэнні грашовых скарбаў не звярталася ўвага на колькасную розніцу паміж манетамі той ці іншай прыналежнасці.

Запаснікі Археалагічнай камісіі актыўна папаўняліся. Ужо да 1860 года яна мела бібліятэку ў 15.000 тамоў, нумізматычную калекцыю ў 4700 экземпляраў, аддзел бюстаў, карцінную галерэю, збор больш як 500 старадаўніх рукапісаў, актаў і аўтографаў, значную археалагічную калекцыю (3412 прадметаў).

Мэтай Віленскай археалагічнай камісіі было ажыццяўленне раскопак на тэрыторыі Беларусі і Літвы, каб знойдзеныя матэрыялы паступалі ў музей і станавіліся аб’ектам навуковага даследавання. Дзейнічала археалагічная камісія з 1855 па 1865 гады, пакуль па загаду генерал-губернатара М. Мураўёва яе не ліквідавалі. Усё ж дзесяць гадоў работы з’явіліся для камісіі вельмі плённымі: слуханне дакладаў аб археалагічных раскопках, абмеркаванне рэфератаў па пытаннях краязнаўства, археалогіі, дыскусіі па праблемах выяўлення і выдання дакументаў. Чальцы камісіі распрацавалі метадычную інструкцыю. Сумеснымі намаганнямі складаўся археалагічнгы слоўнік. Большасць матэрыялаў мясцовых даследчыкаў друкавалася ў «Записках Виленской археологической комиссии».

Адзначым, што існаванне Віленскага музея старажытнасцей і Археалагічнай камісіі дазволіла найбольш актыўнаму ядру шляхецкай інтэлігенцыі «Паўночна-Заходняга краю» ў суровыя часы мікалаеўскага рэжыму стварыць дзейсную форму захавання сацыяльнай памяці пра былую палітычную самастойнасць і культурна-гістарычныя традыцыі рэгіёна.

Самога ж Тэадора Яўхімавіча гэтакая згуртаванасць і падтрымка паплечнікаў-землякоў падштурхнула да больш актыўнага і глыбокага вывучэння не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай спадчыны свайго народа.

Краязнаўца і фалькларыст

Амаль адначасова з археалогіяй Тэадор Нарбут пачаў займацца і краязнаўствам. Яму падабалася запісваць разнастайныя гісторыі і паданні, што былі звязаны з існаваннем пэўных гарадоў і мястэчак, замкаў і крэпасцей. Даследчык апісаў руіны сярэдневяковых умацаванняў на Нёмане каля вёскі Лыскава Гродзенскага павета. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя там яшчэ існавалі рэшткі сцен, угадваліся пабудовы і сляды невядомага горада. Зробленыя ім запісы легенд, пачутых ад старажылаў, сведчаць, што раней руіны ўзвышаліся на некалькі сажняў.

Імкнучыся ў сваіх краязнаўчых артыкулах да шырокіх абагульненняў, Т. Нарбут часам не пазбягаў пэўных пралікаў і памылак. Напрыклад, пра дрыгавічоў гаварыў, што яны невядомага паходжання («не маюць уласных каранёў»), і жылі ўсяго толькі ў ваколіцах Кіева: адвольна, зыходзячы з уласнай інтуіцыі і разумення, тлумачыў сам тэрмін «драўляне», выводзячы яго ад сугучнага слова «древность», што, вядома ж, не так.

Вядомыя з дзесятак краязнаўчых артыкулаў (надрукаваны яны пераважна ў «Гродненских губернских ведомостях»). Сярод іх найбольш каштоўным з’яўляецца гістарычны нарыс аб старажытнай Лідзе. Т. Нарбут меў ва ўласнай бібліятэцы мноства матэрыялаў па гісторыі гэтага горада, заснаванне якога адносіў да 1180 года. Такую дату паўтаралі пасля ўсе польскія энцыклапедыі, аднак апошнім часам яна бярэцца пад пэўнае сумненне. Даследчыкі Ліды на падставе археалагічных матэрыялаў выказалі меркаванне, што горад узнік пазней. Лёс і развіццё самога горада Нарбут паказаў у кантэксце гісторыі Лідскага замка, княжацкіх родаў, касцёлаў. Такая рыса характэрна была і для іншых даследчыкаў таго часу, калі сухія гістарычныя факты лічылася натуральным спалучаць з рамантычнымі легендамі і паданнямі.

Значнае месца ў нарысе пра Ліду краязнаўца адвёў даследаванню ўласнага радаводу, абапіраючыся на шматлікія архіўныя дадзеныя.

Вывучаючы гісторыю Лідскага замка, Нарбут зрабіў выснову аб магчымасці знаходжання ў замкавай вежы на верхніх паверхах княжацкай залы і пакояў, а на ніжніх — суда, архіва, турмы. На яго думку, у адной з вежаў магла размяшчацца царква, якая ў 1583 годзе была вынесена ў горад. Пазней многія з гэтых меркаванняў пацвердзіліся археалагічнымі даследаваннямі замка.

Абагуліўшы сабраны матэрыял, Нарбут у 1846 годзе надрукаваў невялікую працу, якая называлася занадта мудрагеліста: «Помнікі гісторыі Літвы (з некаторымі поглядамі на гісторыю, дыпламатыю, геаграфію, статыстыку, этнаграфію, археаграфію і г. д.)». Прыводзімыя ў ёй гістарычныя матэрыялы прысвечаны розным мясцінам Беларусі і Літвы, пераважна тым, дзе Тэадору Яўхімавічу давялося пабываць самому.

У залежнасці ад таго, як пашыраліся і паглыбляліся краязнаўчыя інтарэсы, рос спіс даследуемых гарадоў і мястэчак. Можна прыгадаць Ліду, Вільню, Крэва, Навагрудак, Гродна, старажытныя гарады Шандура і Райград, якія зніклі ўжо з твару зямлі, а яшчэ мястэчкі Ротніца і Керымушы Гродзенскай губерні. Гэта далёка няпоўны пералік населеных пунктаў, пра якія пісаў, аналізаваў у сваіх працах Нарбут.

Нарбут пісаў таксама і рэцэнзіі, да якіх прыслухоўваліся. Напрыклад, краязнаўчую працу М. Борха «Два словы пра Дзвіну» ён раскрытыкаваў за няўменне аўтара вытлумачыць помнікі мінулых часоў і неразуменне

ім тагачасных гандлёва-эканамічных асаблівасцей краю. Адно з перакананняў рэцэнзента датычылася сцвярджэння М. Борха, што на Падзвінні ў старажытнасці бурштыну, які з’яўляўся прадметам актыўнага гандлю, увогуле не было. Аднак археалагічныя даследаванні, як паказаў рэцэнзент, сведчылі, што падзвінскія жыхары мелі бурштын, хоць і не мясцовы, а прывазны.

Шмат цікавых запісаў гістарычных паданняў, што датычыліся роднай старонкі, пакінуў пасля сябе Т. Нарбут. Адно з іх апавядае пра тое, што ў мястэчку Койданава, калісьці Крутагор’і, паміж будынкаў узвышаўся вялікі каменны замак са звярынцам. Самае старажытнае летапіснае сведчанне аб Койданаве адносіцца да 1174 года.

Між тым у яшчэ адным паданні гаворыцца, што ў згарэўшай старой Койданаўскай царкве знаходзіўся абраз з надпісам «Крутагор’е, 1146 года». Калі так, то можна меркаваць, што да другой паловы ХІІ стагоддзя яшчэ не існавала самой назвы Койданава.

Іншае паданне сведчыць пра сакрушальнае паражэнне заволжскага татарскага князя Балаклая, якое ён пацярпеў у гэтых мясцінах ад літоўскага валадара Скірмунта:

Князь вялікі Скірмунт, сабраўшы ўсе войскі свае, і напаткаў яго (Балаклая) на мяжы сваёй у Койданаве, і паразіў таго цара і ўсю яго сілу татарскую пабіў, і самога цара забіў і з перамогаю вялікаю пайшоў на рускую зямлю, і ўзяў горад Мазыр, Чарнігаў, Старадуб, Карачаў.

Запісаў Тэадор Яўхімавіч яшчэ паданне пра нейкага Койдана, які мірна прыйшоў з татарамі на гэтыя землі і асеў тут сярод карэннага насельніцтва ды пераняў яго звычаі і ўклад жыцця.

Часам з той ці іншай прычыны, на краязнаўчай глебе ўзнікалі навуковыя спрэчкі, у якіх Нарбут аргументавана адстойваў свой пункт гледжання. Спрэчкі гэтыя лішні раз даказвалі, што ісціна сапраўды нараджаецца ў дыспутах і рознагалоссях. Вядомы выпадак, калі Тэадор Яўхімавіч горача спрачаўся з Адамам Кіркорам. Першы сцвярджаў, што манеты на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалі чаканіць у ХІІ стагоддзі, а ягоны апанент пераконваў — у ХІV! Нарбут не збіраўся адступаць. Ён падрабязна апісаў манеты з указаннем месца іх знаходак, і Кіркор вымушаны быў прызнаць сябе пераможаным.

Паводле перакананняў Нарбута, славянскія плямёны прыйшлі на Піншчыну праз Каўказ з Індастана і аселі ў міжрэччы Морачы, Луні, Піны, Ясельды, Прыпяці. Так краязнаўца працягваў самабытную палескую легенду аб з’яўленні людзей на пінскіх абшарах. Да таго ж, ён ведаў і пра сведчанні Герадота адносна таго, што Палессе ўвогуле з’яўлялася калыскай чалавецтва і таму стараўся знайсці хоць нейкія пацверджанні гэтай старадаўняй гіпотэзы. Дарэчы, назву галоўнай ракі краю — Прыпяці, Тэадор Яўхімавіч тлумачыў наступным чынам: раней гэтая рэчка мела крыху іншую назву — Трыпяць, што азначала тры разы па пяць рэчак, бо менавіта гэтулькі рачулак убірала яна ў сябе. І як пераканаўчы аргумент прыводзіў мясцовы вусны твор, у якім пра ўсё гэта падрабязна распавядалася.

Вядомы пісьменнік і даследчык Юзэф Крашэўскі, які быў родам з Пружан, адзначаў з гэтай нагоды вялікую крыніцазнаўчую базу, арыгінальнасць мыслення Т. Нарбута як навукоўца, але адзначаў і на некаторыя нацяжкі («дзе не хапала фактаў, там хапала фантазіі») у даследаванні гістарычнага працэсу, што зніжала навуковасць паасобных прац.

Тэадор Яўхімавіч надзвычай плённа працаваў з палескім фальклорам, нібы адчуўшы, што менавіта там ён захаваўся ў сваім першастваральным выглядзе, а ягоныя абрады, вобразы і персанажы маюць карані-вытокі ажно ў часах сівой мінуўшчыны. Праўда, ён даволі часта самастойна тлумачыў пэўныя творы, дзе, як яму падавалася, не ўсё было да канца зразумела.

Аналізуючы вясельныя песні з Піншчыны пра тры зёлкі, даследчык зрабіў выснову, што па сутнасці яны адначасова адрасаваліся і язычніцкаму бажку Любічу, пра якога яшчэ вельмі часта згадвала мясцовае насельніцтва. Тут можна лішні раз пераканацца ў тым, што Нарбут меў рацыю, калі гаварыў пра доўгае захаванне на тэрыторыі Палесся язычніцкай веры, а таксама пра мірнае «суіснаванне» язычніцтва і хрысціянства. Атрымлівалася, што палешукам багі ніколі жыць не перашкаджалі, яны навучыліся даволі мірна ладзіць з імі.

Былі мы ў касцёле,

Відзелі трой-зелле:

Адно зелле рута,

Другое зелле мята,

А трэцяе, то кветкі,

Каб любіліся дзеткі.

Традыцыйная вясельная песня, якая суправаджала маладых ад вянца, здзіўляе сваёй глыбіннасцю і прастатою, шчырасцю і пранікнёнасцю. Адчуваецца, што яна запроста клалася ў міфалагічную сістэму, самастойна распрацаваную Нарбутам. Ён выдатна разумеў, што вясельны абрад, абрадавыя песні існуюць на гэтых землях здаўна, што, нягледзячы ні на якія сацыяльныя зрухі, яны захавалі сваю першаснасць.

Недзе ў той перыяд Нарбут запісаў і наступную палескую песню (з захаваннем палескага дыялекту, як яго сёння класіфікуюць — паўднёва-заходняга):

Суды, Божэ, да лотаті дождаты,

Да й пошлю я до діўчыночкі сваты.

А сам пойду пуд окенцом слухаты,

Про шчо будуть казаты.

Бідная діўчыночка да й по хатоньцы ходыть,

Білыя ручонькі й головоньку ломыть,

У своі матонькі да й порадонькі просыть:

— Маты, маты, порадныца ў хаты!

Да порадь жэ мні, шчо сватам одказаты?

Чы мні, мамко, да подаркі рыхтуваты,

Чы мні, мамко, шчы ў тэбэ зыму зымоваты?

— Клады, доню, ўсі подарочкі ў скрынечку…

Нарбут апісаў старажытны вясельны абрад, які тады бытаваў на Палессі «Уцёкі паненкі з дому» і суправадзіў яго запісанай там жа песняй «Гдзе ж наша галубка, што ад нас уцякае?». Тады ж ён зафіксаваў цікавае дзеянне, якое ў абавязковым парадку здзяйснялася на кожным вясковым вяселлі: дружына вясельнікаў, пасеўшы на вазы, прымушала коней прайсці праз «вогненную заставу». Тэадор Яўхімавіч правільна адзначыў, што палешукі ў даўнія часы з’яўляліся вогнепаклоннікамі і звярталіся да бога агню, а потым ужо да самога агню ў найбольш адказныя моманты свайго жыцця. Вяселле якраз-такі і было такім момантам, калі нараджалася новая сям’я і таму людзі жадалі адагнаць ад яе нячыстыя сілы і пошасці, чорныя погляды, непажаданыя словы. Адносна агню даследчык яшчэ адзначыў, што вялікая роля (магічная, усёвылячальная) адводзіцца яму ў народнай медыцыне і замоўных тэкстах.

Праўда, часам Тэадор Яўхімавіч блытаў некаторыя міфалагічныя персанажы і герояў. Зрабіць гэта было вельмі проста, бо ў суседніх народаў існавалі гэткія ж персанажы, але ці мелі іншыя імёны, ці выконвалі непадобныя функцыі. Так паляшуцкую песню «Уступіла нявеста на Юры дзень» ён тлумачыў наступным чынам. Юра — багіня і каралеўна Балтыйскага мора. Там, дзе яна жыла — у бяздонных марскіх глыбінях — утвараліся вялізныя горы бурштыну і адбывалася гэта ад гневу Пяруна, калі той даведваўся пра патаемную сувязь паміж каралёўнай і звычайным рыбаком. З тых гор і вымывала пастаянна марская вада бурштын на берагі Балтыйскага мора. І што бурштын той — не толькі слёзы адчаю, расстання, але і надзеі, кахання таксама.

Фалькларыст правільна прасачыў, што згаданая ў песні Юра сустракаецца як у палескай, так і ў жамойцкай вуснай паэтычнай творчасці. Але калі на Палессі гэта Ён, хрысціянскі святы (параўнаем з расійскім святым Георгіем), то ў Жамойці — Яна, багіня мора, боская дзяўчына. Жывучасць, даўгавечнасць у людской памяці старажытных міфаў пра разнастайных (нават раней нідзе не зафіксаваных) багоў і бажкоў Нарбут звязваў не толькі з пакланеннем мясцовага насельніцтва ім, а і іх пастаяннай, ці не кананічнай, «прысутнасцю» пры выкананні некаторых старажытных абрадаў. Але ўжо тады ён, дзе інтуітыўна, а дзе на фактычным матэрыяле, бачыў своеасаблівую «перарванасць» абрадаў, тое, што паасобныя іх звенні ўжо растварыліся ў людской памяці, адмерлі. Калі нават і згадвалі, то не маглі патлумачыць, што ж гэта азначала і для чаго яно выконвалася. Гучала традыцыйнае: «Нашы дзяды так рабілі, то і мы паўтараем!».

Самабытнаму фалькларысту ўдалося запісаць некалькі беларускіх народных паданняў пра русалку. У Літве яе называлі андына ці ўндына. Тэадор Яўхімавіч акрэсліў старажытнасць вобраза, паказаў, што нашы продкі здаўна пакланяліся вадзе і водным стыхіям, што яны верылі ў святасць і жывучасць (гаючасць) крыніц, рэчак і азёраў.

Асабліва апекавалі русалкі над тымі ручаінамі, якія, паводле народа, мелі вылячальныя ўласцівасці. Нарбут згадваў пра тое, што ў народзе вельмі любяць слухаць і пераказваць паданні пра русалак, а яшчэ тое, што людзі заўсёды спачувалі ім, нягледзячы на традыцыйную забарону не наведваць вадаёмы ці бярозавыя гаі на працягу русальнага тыдня — своеасаблівага свята, якое часта асацыіравалася з дзявочай доляй, будучым сямейным шчасцем. Яго здзіўляла яшчэ і тое, што ў кожным больш-менш буйным вадаёме мясцовыя жыхары паказвалі яму віры-яміны — традыцыйнае месца жыхарства русалак, горача пераконвалі яго, што менавіта тут і адбываліся дзеянні запісанага ім падання.

Захапляла ў беларускім фальклоры Тэадора Яўхімавіча таямнічасць і старажытнасць народных абрадаў. Яму карціла даведацца пра першаснасць каранёў, параўнаць язычніцкія і хрысціянскія сюжэты, паказаць, у чым іхняя своеасаблівасць. Тое, што новая рэлігія «паглынула» значную частку самабытнай народнай культуры, напластавалася на яе, было зразумела і так. Вось, напрыклад, як ён разважаў аб калядах, ці не самым шануемым у народзе свяце:

На Каляды па вёсках і вясковых мястэчках адбываюцца ігрышчы з музыкай і танцамі, на якіх гаспадары дамаўляюцца аб работніках для сябе на наступны год. Каляды для сялян з’яўляліся найважнейшым гадавым святам, «дай Бог за год дачакаць, здаровым быць, у шчасці жыць, хлеб-соль спажываць, жывёлу гадаваць».

Асабліва здзіўляла шчырасць і шчодрасць калядных песенных сюжэтаў:

Ой, ходять-блудять да сімсот молойцуў, святый вэчор!

Молодых хлопцуў — святый вэчор!

Прыблудылыса к зылёному гаю — святый вэчор!

К пану-господару — святый вэчор!

Той пан-господар ославыўса,

Шчырым жылізом да й огородыўса.

Зробыў ворота шчырого злота.

Зробыў свытюлку — ясную зурку.

А ў туй свытюлцы тры окенца.

Пэршэ окенцэ, то ясный місяц,

Друге окенцэ, то яснэе сонцэ,

Трэте окенцэ, то ясны зуркі.

Шчо ясный місяц, то сам господар.

Шчо яснэ сонцэ, то йёго жона.

А шчо ясны зуркі, то йіх діткі.

Звяртаў увагу Нарбут і на варажбу ды на ўсялякія прымхі, якія суправаджалі калядныя дні (асабліва вечары). Успамінаў, што сярод насельніцтва Гродзенскай губерні бытуюць старадаўнія чары, напрыклад, калі выкліканы да хворага чалавека варажбіт (варажбітка) прымушаў селяніна паверыць у выздараўленне, у тое, што хвароба назаўсёды адступіла «на крывыя лозы ды на гнілыя балоты». Пры гэтым варажбіт браў попел з алтара Зніча і рознымі заклёнамі, замовамі, шэптамі-пагрозамі адганяў хваробу ці супыняў яе развіццё. Фалькларыст не забываўся згадаць і пра веру патрыярхальных беларусаў у існаванне душы. Продкі лічылі, што пасля смерці чалавека яна адлятае белым галубком ці полымем на неба, а бывае, што і чорным воранам, крумкачом — у пекла. Гэта ў тым выпадку, калі яшчэ пры жыцці душа была запрададзена д’яблу.

Згадваў ён і пра некаторыя гаспадарчыя аспекты жыцця сваіх землякоў. Так паважлівыя адносіны сялян да вала — адвечнага працаўніка і памочніка земляроба — Нарбут падмацоўвае ўласна запісанымі прымаўкамі: «Працавіты, як вол», «Працуе, як вол у плузе». «Як вол у ярме», «Воле! Ты воле!», «Вол бушуе — вясну чуе» і г. д.

Да прац Нарбута, прысвечаных беларускай вуснапаэтычнай спадчыне, часта звярталіся беларускія і польскія вучоныя. Першы збіральнік народнай паэзіі Польшчы, Беларусі, Украіны Зарыян Даленга-Хадакоўскі (1784—1825) быў добра знаёмы з Тэадорам Яўхімавічам і ягонымі працамі па фальклоры. Асабліва старанна вывучаў даследаванні Нарбута этнограф і фалькларыст, польскамоўны паэт Аляксандр Рыпінскі (1811—1891), які выкарыстаў некаторыя яго матэрыялы пра памятныя мясціны, гарады, вёскі Беларусі ў сваёй кнізе «Беларусь», якая выйшла ў Парыжы ў 1840 годзе. Пісьменнік і фалькларыст Ян Баршчэўскі (1797—1851), аўтар славутага «Шляхціца Завальні» таксама выдатна ведаў даследчыка з Шаўраў і часта звяртаўся да яго па ўсялякія парады і тлумачэнні. Навукоўцы канчаткова даказалі, што менавіта ад Нарбута запазычыў сусветна вядомы паэт Адам Міцкевіч (1798—1855) легенду пра дзядоў, якую ён удала выкарыстаў для сваёй паэмы з аднайменнай назвай.

Болей таго, аўтарытэт Тэадора Яўхімавіча прыцягваў да сябе многіх сучаснікаў. Маёнтак у розныя гады наведалі Канстанцін і Яўстах Тышкевічы, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор, многія іншыя вядомыя даследчыкі, якія адзначалі выдатную хатнюю бібліятэку і калекцыю, а таксама энцыклапедычныя веды самога гаспадара.

Напрыканцы трэба адзначыць: усё ж як фалькларысту Нарбуту не пашанцавала. Не ў плане таго, што да ягоных прац не звярталіся, іх не выкарыстоўвалі і не цытавалі, а таму, што ягоная асноўная праца па вуснапаэтычнай творчасці… выйшла пад прозвішчам іншага. Зборнік беларускіх песень, сабраны, укладзены і падрыхтаваны да друку, пабачыў свет без удзелу непасрэднага аўтара.

Маем на ўвазе той факт, што Пётр Бяссонаў, які ў 1864—1865 гадах уваходзіў у спецыяльную камісію пры генерал-губернатары краю М. Мураўёве, насіўся па канфіскаваных маёнтках мясцовай шляхты, гаспадары якіх удзельнічалі ў паўстанні, і забіраў сабе найбольш каштоўныя кнігі і дакументы, паперы і экспанаты з хатніх калекцый. Так мы і пазнаёміліся з «Белорусскими песнями». Сам Тэадор Яўхімавіч не мог аспрэчыць аўтарства, бо яго ўжо не было сярод жывых.

Літаратар і гісторык

Да нас дайшло няшмат «чыста» літаратурных твораў Тэадора Нарбута. За адзін такі саркастычны верш на генерала Дз. Хлапоўскага, які ў той час знаходзіўся ў Лідзе, былы інжынер-фартыфікатар нават сядзеў у астрозе. Праўда, хутка выпусцілі, узяўшы з аўтара слова, што такое болей не паўторыцца.

У 1992 годзе вядомы беларускі літаратуразнавец Ул. Мархель знайшоў верш Т. Нарбута «Пародыя песні Яна Каханоўскага» і пераклаў яго з польскай на беларускую мову. Без сумнення матывы, закранутыя ў гэтым вершы, крыху пазней знайшлі яскравае адлюстраванне ў творчасці аднаго з першых беларускіх паэтаў-дэмакратаў Францішка Багушэвіча, таму можна смела сцвярджаць, што Тэадор Нарбут стаяў ля вытокаў беларускай дэмакратычнай думкі. Учытаемся ў верш «Пародыя песні Яна Каханоўскага», каб пераканацца ў гэтым:

Вёска нэндзы і пакуты,

Хто ж пакажа ўціск твой люты?

Над тваёй сягоння доляй

Лес галосіць, плача поле.

Селянін табе адданы,

Чалавекам не названы,

Ён свайго не мае й пядзі

У няволі, у заняпадзе.

А для ўцехі некаторых

Ёсць зямлі для зыску мора:

Стуль шыкоўнае адзенне

І бяседы, і ўзвышэнне.

Хто не робіць анічога,

Толькі вёсак мае многа,

Той жыве, каб нажывацца,

Есць і п’е з чужое працы.

Селянін жа каля плуга —

Вось і ўся яго заслуга.

Ён сям’ю сваю ў няволі

Не накорміць нат ніколі.

Не яму цвітуць гароды

І прыносяць пчолы мёды,

І авечка дорыць воўну,

І арэ вол поле роўна.

Косіць ён у полі, лузе —

З таго пан карысць здабудзе.

А па севе, у час зімовы

Жаль яго прыцісне новы.

Чутны сумныя тут гімны,

Дзе куток заўсёды дымны.

Рэдка смех там і гулянні,

Дзе сваволяць пакаранні.

Ды ўсё ж чулы тут народзе,

Хоць яго лёс ведзьмы зводзяць.

Ён не ведае свабоды,

А шчыруе тут заўсёды.

Венцер у яго гатовы,

Каб у рэчцы браць уловы.

Ён за шчаснай сочыць пташкай

Бы не мае працы цяжкай.

Хоць нязграбна, небагата,

Весяляцца часам сваты,

Быццам сатыры лясныя,

Плачуць і пяюць адныя.

Гаспадыня ж, вось нябога,

Пра вячэру дбае з тога,

Што паслаў Бог — не іначай,

Ксёндз пакінуў, пан не ўбачыў.

Мужу служыць, дагаджае,

Пры жыцці яго трымае,

Дзеліць нэндзу, клопат Боскі,

Нараджае вязняў вёскі.

Падрастуць яны калісьці —

Жабракі ж ужо ў калысцы.

Прывыкаюць да цярпення,

Да жыццёвага сумнення.

Хвалец веку залатога

Вёску ж я не ўслаўлю многа,

Бо калі б яе ты ўбачыў,

Песню б сам сваю зыначыў.

Як бачым, у цэнтры ўвагі паэта чалавек вёскі, працаўнік, які стварае ўсе багацці на зямлі, а сам амаль нічым не валодае: «Селянін, табе адданы, чалавекам не названы, ён свайго не мае й пядзі ў няволі, у заняпадзе». Мы не сумняваемся ў жыццёвай тыповасці героя верша, аднак адчуваем, што індывідуальнасці яму не хапае, адсутнічаюць непаўторныя рысы, уласцівыя асобе. Затое дастаткова бяды, гора, нядолі і нястачы, якія кіруюць яго лёсам і здаюцца яму звышнатуральнымі сіламі: «Над тваёй сягоння доляй лес галосіць, плача поле».

Чалавек тут паказаны ва ўладзе нядобрых міфалагічных істот: «Яго лёс ведзьмы зводзяць», «А па севе ў час зімовы жаль яго прыцісне новы». Тут ужыты разнастайныя народныя вобразныя сродкі. Пра мужыка гаворыцца: «Косіць ён у полі, лузе — з таго пан карысць здабудзе». А побач іншы свет: «Хто не робіць анічога, толькі вёсак мае многа, той жыве, каб нажывацца, есць і п’е з чужое працы».

Нарбут паказвае сялянскую масу, нікога не вылучаючы, не надае свайму персанажу індывідуальных рыс. Героі паэта глядзяць на свет, на жыццё без радасці, бо не бачаць ніякага выйсця для сябе, ніякіх сродкаў для паляпшэння свайго становішча. Тыповы зварот да сонца, па дапамогу да прыроднай стыхіі, параўнанне волі са святлом — усё гэта характэрна для вуснай народнай творчасці.

Нягледзячы на тое, што Т. Нарбут жыў у правінцыі, ён падтрымліваў пастаянную сувязь са шматлікімі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, быў у курсе ўсіх найбольш важных падзей і актыўна на іх адгукаўся.

Ён збіраў уласную бібліятэку, якая з цягам часу стала выключна багатай, мела ўнікальны збор гістарычнай літаратуры. Цяжка зараз назваць канкрэтную колькасць нарбутавага кнігазбору. Сам гаспадар указваў, што толькі па гісторыі ў яго налічвалася 527 кніг (дадзеныя 1846 года). Аснову збору складалі дакументальныя першакрыніцы: старадрукі, кнігі іншамоўных аўтараў. Гэта не здзіўляе, бо Т. Нарбут, як мы ўжо адзначалі, ведаў дзевяць моў.

Навуковая дзейнасць Нарбута вылучалася разнастайнасцю — ад спроб удасканалення земляробчых працэсаў да апісання царкоўных званоў. Так, у адной з яго прац сустракаецца звестка аб другім зване ў Вялікім Княстве Літоўскім — зване бернардзінскага манастыра ў Навагрудку, прывезеным туды быццам бы з Венецыі ў 1385 годзе і ўпрыгожаным з чатырох бакоў відарысамі львоў. А беларускі гісторык і мовазнаўца Вацлаў Ластоўскі пазней адзначаў:

Цікава меркаванне Нарбута, што імя Вячка, толькі сапсаванае, зменшанае імя Васіль. У нашых крыніцах знаходзім кн. Вячка пад імем Wasskonіuns і Wasskon, г.зн. Васька, зменшанае ад Васіль, Василий.

Але Тэадор Яўхімавіч займаўся і значна больш важнымі распрацоўкамі ў галіне мовы. Менавіта дзякуючы яму ў навуковым ужытку аказаўся адзін з найкаштоўнейшых старабеларускіх летапісных помнікаў.

«Хроніка Быхаўца» — адна з самых істотных першакрыніц ХV—ХVІ стагоддзяў, якую ўвёў у беларускую гістарыяграфію Т. Нарбут. Да больш падрабязнага яе вывучэння і аналізу даследчык звярнуўся ў 1840-я гады, калі ў яго з’явіліся для гэтага прычыны і магчымасці.

Яна змяшчала ўнікальныя звесткі. На жаль, арыгінал хронікі згубіўся неўзабаве пасля яго першай публікацыі ў 1846 годзе. Калі б не самаадданая праца Тэадора Нарбута, то магло б здарыцца, што гэты летапіс так і не дайшоў бы да нас, яго б напаткала забыццё, што не мінула сотні іншых беларускіх летапісаў. Згубілася б яшчэ адна старонка багатай, але разам з тым шматпакутнай, духоўнай спадчыны беларусаў. Мала які з беларускіх летапісаў выклікаў і выклікае да сябе такую цікаўнасць, як «Хроніка Быхаўца», і ні аб адным няма столькі разважанняў, процілеглых гіпотэз. Некаторыя даследчыкі да нашых дзён усё яшчэ не вераць у тое, што гэты арыгінальны твор напісаны беларускім храністам. Існуе думка, нібыта «Хроніка Быхаўца» звычайная фальшыўка, умела падробленая Тэадорам Яўхімавічам пад старабеларускі стыль.

Мяркуюць, што да канца 1830-х гадоў «Хроніка» знаходзілася ў маёнтку Магілёўцы пад Ваўкавыскам Гродзенскай губерні, які належаў памешчыку Аляксандру Быхаўцу. Як назва маёнтка, так і прозвішча ўладальніка вядуць ва Усходнюю Беларусь, у Падняпроўе (Быхавец — значыцца, ураджэнец Быхава, горада на Дняпры ў сучаснай Магілёўскай вобласці). Рукапіс «Хронікі» ў прыватным зборы адшукаў настаўнік віленскай гімназіі Іпаліт Клімашэўскі. Потым Быхавец пераслаў рукапіс Т. Нарбуту і той яе апублікаваў.

Апісваюцца ў «Хроніцы» падзеі да 1506 года, у тым ліку славутая Грунвальдская бітва 1410 года. Пры гэтым зроблена ўсё на добрай беларускай мове і з пазіцый патрыёта Вялікага Княства Літоўскага. Так, там сцвярджаецца, што пад Грунвальдам Тэўтонскі ордэн быў разгромлены сіламі толькі княства, а палякі, маўляў, і шаблі свае «не выймалі», падрабязна распавядаецца, як жыхары Вільні не жадалі прымаць «лацінскую веру», і што вялікі Вітаўт, дарэчы, як і сам Ягайла, спачатку быў праваслаўным.

Чытачу адразу станавілася зразумела, што пад тэрмінам «Літва» неабходна разумець «Беларусь». Таму і пачалі распаўсюджвацца плёткі, што «хроніка» сфальсіфікавана самім Нарбутам, які дасканала валодаў старабеларускай мовай, займаўся літаратурнымі перакладамі. Да таго ж, рукапіс бясследна знік адразу пасля публікацыі, а знайшоўшы яго Іпаліт Клімашэўскі таксама прапаў: ён удзельнічаў у паўстанні 1831 года і пасля яго паражэння з’ехаў у эміграцыю.

Носьбіт прозвішча Быхавец, мабыць, не вылучаўся вядомым радаводам, бо нават у працы А. Банецкага (польскага гісторыка, аўтара шматлікіх прац па геральдыцы і генеалогіі), увабраўшай у сябе звесткі пра ўсе, у тым ліку пра малавядомыя шляхецкія прозвішчы, распаўсюджаныя на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, Быхаўцы не згадваюцца. Нічога не гаворыць нам пра Быхаўца, які валодаў рукапісам летапісу, і «Польскі біяграфічны слоўнік», дзе таксама зафіксаваны самыя малавядомыя прозвішчы. Тут згадваецца толькі філосаф Іосіф Быхавец, але гэта зусім не той чалавек. Ды і сам маёнтак Магілёўцы, у якім жыў уладальнік Хронікі, мала чым вылучаўся сярод дробных населеных пунктаў, бо яго не згадвае «Геаграфічны слоўнік Польскага каралеўства».

У мінулым, калі рукапіс «Хронікі» захоўваўся ў Магілёўцах, там, мабыць, існаваў вялікі архіў старадрукаў і летапісаў, ад якога да нашага часу дайшло зусім мала звестак ды і матэрыялы гэтыя датычацца толькі гаспадарчых спраў маёнтка. Гісторыя рукапісу да таго часу, пакуль ён трапіў у рукі І. Клімашэўскага, застаецца невядомай. Атрымаўшы рукапіс выкладчык Віленскай гімназіі (але ад каго дакладна?) надрукаваў невялікі ўрывак з яго, дзе апавядалася пра забойства вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча.

Нарбут у гэты час працаваў над «Старажытнай гісторыяй літоўскага народа» і не выключана, што вельмі хутка пазнаёміўся з гэтай публікацыяй. Ужо ў 1834 годзе Быхавец пераслаў яму рукапіс «Хронікі» ў Шаўры. Пры падрыхтоўцы да друку «Старажытнай гісторыі…» аўтар шырока выкарыстоўваў новую першакрыніцу, прычым даў ёй нават назву «Хроніка Быхаўца» па прозвішчы яе ўладальніка. Потым гісторык зрабіў падрабязнае апісанне летапісу, а ў 1846 годзе надрукаваў яго цалкам асобным выданнем. Вось тады, у хуткім часе пасля выхаду ў свет, рукапіс адразу ж бясследна знік.

Некаторыя даследчыкі выступілі супраць назвы «Хроніка Быхаўца», бо лічылі, што твор трэба назваць Заслаўскім, маўляў, «Хроніка» і ёсць той летапіс, які польскі храніст і гісторык Мацэй Стрыйкоўскі атрымаў у свой час ад князёў Заслаўскіх. Але гэтая думка не знайшла падтрымкі, была даказана неадпаведнасць зместу летапісу, які знаходзіўся ў М. Стрыйкоўскага, і «Хронікы Быхаўца». Яны хоць і пераклікаліся, але поўнасцю ідэнтычнымі іх назваць нельга.

У хуткім часе пра публікацыю І. Клімашэўскага ўвогуле перасталі згадваць, да яе не звярнуліся, калі ўзнікла пытанне аб арыгінальнасці «Хронікі». Вядома, што сам Нарбут і раней неаднаразова рабіў спасылкі на невядомыя ці нават на выдуманыя першакрыніцы. Таму, улічваючы тую акалічнасць, што акрамя яго рукапіс больш ніхто не бачыў (выключаючы І. Клімашэўскага ды самога ўладальніка — Быхаўца), узнікла падазрэнне: ці не напісаў гэтую «Хроніку» сам Нарбут?

Польскі гісторык Казімір Хадыніцкі (1890—1942), што вывучаў першакрыніцы, якімі карыстаўся слынны гісторык, даказаў: так званая «Раўданская хроніка» ў сапраўднасці ніколі не існавала. Ён абяцаў у будучым правесці адпаведныя росшукі і адносна «Хронікі Быхаўца». Аднак такое даследаванне не з’явілася. Той жа факт, што ў адным са сваіх больш позніх артыкулаў К. Хадыніцкі аналізаваў эпізод з «Хронікі Быхаўца» і пры гэтым не ставіў пытанне наконт арыгінальнасці першакрыніцы, можа служыць доказам таго, што Нарбут карыстаўся арыгіналам і Хадыніцкі ў гэта паверыў.

Даследаванні літоўскага вучонага Р. Шалугі, што знайшоў у рукапісным аддзеле Бібліятэкі Акадэміі навук Летувы лісты Быхаўца да Т. Нарбута, дзе Быхавец паведамляе аб перапісцы паміж імі, а таксама аб перасылцы рукапісу Т. Нарбуту і лісты Вінцэнта Нарбута, родзіча Тэадора, якія ўтрымліваюць звесткі аб падрыхтоўцы да друку і выданні «Хронікі», сведчаць пра тое, што яна сапраўды існавала. Да ўсяго гэтага можна дадаць і тое, што «Хроніка» выйшла ў свет пры жыцці яе гаспадара А. Быхаўца, які апрэтаставаў бы падобнае рашэнне Т. Нарбута, калі б названая яго прозвішчам «Хроніка» была прыдумана самім гісторыкам.

К. Хадыніцкі, які спачатку ўвогуле адмаўляў арыгінальнасць твора, пазней быў перакананы, што рукапіс загінуў адразу ж пасля публікацыі. На самой справе ён знаходзіўся ў Шаўрах яшчэ ў 1851 годзе (праз пяць гадоў пасля публікацыі) і толькі ў вопісу 1864 года, складзеным у хуткім часе пасля смерці Тэадора Нарбута выкладчыкам Віленскай гімназіі Сакаловым, ён ужо не значыўся. Дарэчы, прыбраў да рук астатнія кнігі і паперы вядомага гісторыка згаданы ўжо намі П. Бяссонаў, які выдаў сябе за аўтара «Белорусских песень», які адразу ж пасля падаўлення паўстання 1863 года прыехаў у Вільню і адтуль паспеў дабрацца да Шаўраў хутчэй за іншых. Пра гэтага чалавека нават ягоныя сучаснікі гаварылі не надта спагадлівыя словы. Ён сам прызнаваўся:

…аглядзеў галоўныя архівы ў Паўночна-Заходнім краі… бібліятэкі манастырскія , грамадскія і прыватныя, у якіх большасць разабраў, звёз, каталагізаваў, перадаў («обратил») у цэнтральныя публічныя бібліятэкі.

Праз яго рукі прайшлі багатыя ўласныя кнігазборы выдатных мясцовых вучоных Красінскага, Маліноўскага, Нарбута і іншых.

У Беларусі ён завалодаў унікальным беларускім рукапісам ХVІІ стагоддзя, які назваў «адзіным у Расіі скарбам». Але гэты рукапіс бясследна знік. Паводле характарыстыкі сучаснікаў, П. Бяссонаў меў сталую схільнасць да прысваення чужых прац. Можна лёгка ўявіць, якую велізарную страту навуцы, культуры Беларусі і Летувы нанёс сваёй «дабрачыннай» дзейнасцю гэты несумленны чалавек. Як сведчаць архіўныя дакументы Пушкінскага дома, П. Бяссонаў заваяваў сабе ў Вільні дурную славу інтрыгана, правацыраваў скандалы сярод падначаленых, пісаў даносы на віленскіх журналістаў, пісьменнікаў і вучоных. Усё гэта выклікала рашучы пратэст з боку адукаваных людзей горада і неўзабаве яго зноў перавялі ў Расію.

Падводзячы вынікі пад нашымі разважаннямі, трэба адзначыць: даследчыкі, спрабуючы даказаць, што «Хроніка Быхаўца» — фальшыўка, не звяртаюць увагі на шэраг абставін, якія робяць іхнія вывады зусім непераканаўчымі.

У рукапісе адсутнічае пачатак, канец і частка сярэдзіны тэксту. Паўстала лагічнае пытанне, колькі ж старонак не даставала? Выдаючы «Хроніку», Нарбут паведамляў чытачам, што не хапае прыкладна паловы тэксту. Аднак даследчык беларускіх летапісаў М. Улашчык, старанна прааналізаваўшы «Хроніку Быхаўца», параўнаўшы яе з «Хронікай» М. Стрыйкоўскага, прыйшоў да высновы, што страчана толькі частка рукапісу, меншая за адну чацвёртую.

У канцы свайго выдання Нарбут змясціў своеасаблівы паказальнік-слоўнік некаторых тэрмінаў, хоць сам аўтар публікацыі сцвярджаў, што пералічаны толькі «особи». У сапраўднасці ж пададзены паказальнік імёнаў, геаграфічны і часткова прадметны. Зыходзячы з таго, што даследчык верыў ва ўсё напісанае ў «Хроніцы», гэта знайшло адлюстраванне і ў паказальніку. Напрыклад, адносна персанажа, які завецца Апалонам, ён перакананы ў яго падабенстве з Палямонам (тым больш, што ў Стрыйкоўскага падобны персанаж таксама названы Палямонам). А такім героем, паводле міфічнай легенды, быў славуты воін, рыцар, шукальнік подзвігаў. Менавіта ён адплыў з Венецыі ў Літву.

Складаючы паказальнік, Нарбут свядома змяніў як імёны, так і прозвішчы, часам перарабляў нават рускія імёны на польскія (князь Юры Лінгвенавіч у паказальніку названы Ежы). У некаторых мясцінах на тэкст паказальніка паўплывала гісторыя спрадвечна літоўскага, а не беларускага краю. У такіх выпадках персанажам ці назвам надаецца літоўскае гучанне (у тэксце чытаем «Кукавойт», а ў паказальніку пазначана «Кукавойціс»). Маюцца пераробкі і наступнага плану: у тэксце «Хронікі» — Зубравіцкі, а ў Нарбута — Зубрэвіч (ужо на беларускі манер) і г. д. Гісторык лічыў, што ў «Хроніцы Быхаўца» памылкова напісана імя князя: не Арвід, а Эрдзівіл, таму ў паказальніку Эрдзівіл знікае, а на яго месцы з’яўляецца Арвід.

Геаграфічныя назвы і назвы прадметаў пададзены ў нязначнай колькасці і са шматлікімі памылкамі. Гэта міжволі наводзіць на думку аб тым, што і арыгінальны тэкст змяшчаў іх болей чым дастаткова. Ды і самі па сабе назвы ў паказальніку падабраны без сістэмы, выглядаюць хутчэй выпадковымі, чым роднаснымі ці адпавядаючымі нейкай пэўнай характарыстыцы.

Палеаграфічнае апісанне было пададзена Нарбутам двойчы: упершыню ў трэцім томе ягонай «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» і другі раз у 1846 годзе пры апублікаванні «Хронікі Быхаўца». У першым выпадку аўтар пісаў, што «Хроніка» ўяўляе сабою «рукапіс у чвэртку, 20 аркушаў (мабыць, сшыткаў), напісанай на польскай мове ХVІІ стагоддзя, дробным почыркам, роўна, сцісла, вельмі чыста на старой паперы, вадзяны знак на якой указвае на мясцовую папяровую фабрыку».Філіграні, на думку Нарбута, уяўляюць сабою не што іншае, як адлюстраванне розных шляхецкіх гербаў.

У другім апісанні гаворыцца, што папяровы знак на адной палове аркуша адлюстроўвае карася, а на другой — літары «SS», далей пазначана, што на такой паперы раней заўсёды пісаліся разнастайныя шляхецкія дакументы ХVІ — пачатку ХVІІ стагоддзяў (на аснове такога вываду Нарбут і датуе летапіс ХVІІ стагоддзем ці канцом ХVІ стагоддзя).

На адвароце апошняга ліста рукапісу напісана на польскай мове «Хроніка літоўская з рускай мовы перакладзеная на польскую», хоць, калі быць дакладным, тут не пераклад, а толькі перадача польскай графікай беларускага кірылічнага тэксту. Пасля гэтага запісу ў выданні 1846 года змешчаны летапісны ўрывак, апублікаваны пазней у 1863 годзе рускім даследчыкам П. Муханавым, у якім гаворыцца пра жаніцьбу польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста на Барбары Радзівіл. Потым на новай старонцы апавядаецца пра радавод віцебскіх князёў, перад ім ёсць запіс самога Тэадора Яўхімавіча, што гэты радавод знаходзіўся ў самым канцы рукапісу ў выглядзе прыпіскі. З заўвагі да гэтай прыпіскі становіцца зразумела, што яна была зроблена іншым почыркам, чым сама «Хроніка Быхаўца».

Цяпер крыху больш падрабязна да тэксту «Хронікі». Перакананы ў аўтэнтычнасці летапісу, Нарбут, аднак, некаторыя эпізоды браў пад пэўнае сумненне, яны здаваліся яму надуманымі. Даследчык паспрабаваў «выправіць» іх на свой лад. Цалкам пагаджаючыся з тым, што Палямон прыбыў у Літву на чале пяці соцен сваіх рыцараў з іх сем’ямі, Нарбут тым не менш упэўнены, што ён прывёў не рымлян, а нашчадкаў тых герулаў, якія раней жылі ў Ніжняй Саксоніі, потым рушылі на паўночны ўсход і ў ІХ стагоддзі канчаткова аселі сярод славян на левым беразе ракі Віслы. Такім чынам, Нарбут адносіць прыбыццё Палямона ў Літву не да І стагоддзя і не да пачатку V, як гэта зацвердзілася да яго, а да ІХ стагоддзя.

Паводле падання, Палямон прыбыў у краіну яшчэ ўвогуле не заселеную. Але Тэадор Яўхімавіч не пагаджаецца з гэтым фактам і сцвярджае наступнае: літоўскі народ жыў на займаемай тэрыторыі і раней, прытым жыў не толькі на правым беразе Віслы, але і на левым. Праўда, тут гісторык не дасягнуў поўнай яснасці, бо амаль адразу ж пачынае паказваць, што на гэтым беразе ракі (левым) жылі яшчэ і «русіны». Каб неяк выйсці з такога нялёгкага становішча, ён пабудаваў сваю даволі-такі арыгінальную схему. З яе выцякала, што сыны Палямона сталі гаспадарыць у асобных княствах Літвы і Жамойці, дзякуючы ўдаламу абручэнню з дочкамі мясцовых буйных землеўладальнікаў…

Акрамя таго, Нарбут не прымае версію з «Хронікі Быхаўца» наконт таго, што назва «Літва» паходзіць ад злучэння двух слоў «літус» (бераг) і «туба» (труба). З іх як быццам утварылася Лістубанія, якая ў вуснах простага народа гучала як Літубанія. Гэтая назва нібыта пайшла ад таго, што ў гады легендарнага князя Кернуса літоўцы ўпершыню напоўнілі берагі Віліі гукамі баявых трубаў. Вядома, гэта вымысел, Літва ніколі не называлася ні Лістубаніяй, ні Літубаніяй. Ужо тады даследчык разумеў беспадстаўнасць гэтага сцвярджэння.

З сумненнем аднёсся Нарбут і да паведамлення «Хронікі» аб князю Скірмунце, які загадаў адрэзаць татарскім пасланцам косы, губы і вушы. Гісторык адхіляе і факт удзелу татарскіх вояў на баку рускіх дружын у бітве ля вёскі Магільна, бо па ягоных падліках здарылася гэта ў 1235 годзе, а тады татараў тут не было. Паводле яго меркавання, гэта маглі быць полаўцы.

Не падзяляе Нарбут думку аўтара «Хронікі» адносна заснавання Навагрудка. У летапісе гаворыцца, што горад заснаваў князь Скірмунт. Сам жа даследчык лічыць, што паселішча існавала тут задоўга да згаданых падзей. Гісторыя Навагрудка, паводле Нарбута, наступная: менскі князь Глеб неаднаразова нападаў на Завілейскую Літву, даходзіў з баямі да ракі Дзітвы. У адказ на гэта літоўскі князь Жывінбуд здзейсніў напад на Менскае княства і спаліў Менск.

Далей падзеі пераносяцца ў другі старажытнабеларускі горад Друцк, які, па словах Нарбута, з’яўляўся ў той час «галоўным цэнтрам гандлю рабамі». Апошняе сцверджанне ўжо значна пазней было засведчана савецкімі гісторыкамі.

Князь Яраполк Уладзіміравіч напаў на Друцк, разграміў дручан, але не знішчыў іх, а, наадварот, загадаў перайсці на новае месца жыхарства і там пабудаваць горад, каб забыць пра гандаль рабамі. Новым горадам і стаў Навагрудак. Адбылося гэта ў 1116 годзе. Пазней, пасля захопу Навагрудка літоўскімі князямі, Мінгайла заваяваў і Полацк, стварыўшы такім чынам магутнае княства Літоўска-Полацкае.

Нарбут характарызуе Глеба Менскага як чалавека жорсткага, бязлітаснага і неспакойнага. Праз свае ўчынкі ён трапіў у нялітасць да самога вялікага князя Святаполка, які аб’яднаўся з іншымі князямі і пайшоў на Глеба ў 1104 годзе, але гэты першы паход для Святаполка з хаўруснікамі завяршыўся няўдала. Падбадзёраны такім вынікам менскі валадар не даваў нікому спакою, ані сваім жыхарам, ані суседзям. Уладанні яго пачалі пусцець: народ бег у навакольныя землі, асабліва ў Літву Завілейскую, дзе тым часам панаваў Жывінбуд. Князь Глеб даволі часта нападаў на яго ўладанні аж да ракі Дзітвы і паланіў земляробаў. Нарэшце Жывінбуд асмеліўся выступіць у адказ. Вядома, што ў 1114 годзе ён напаў на Менскае княства, дайшоў да самай сталіцы, якую ўзяў імклівым і рашучым прыступам, а затым спаліў горад. З багатай здабычай літоўскі князь вярнуўся назад. Перапалоханы Глеб на доўгі час перастаў хадзіць на землі Жывінбуда.

Але атрымалася так, што, перастаўшы турбаваць Літву, Глеб звярнуўся ў другі бок, на іншыя княствы і землі, спустошваў іх воласці і браў у палон жыхароў. Ад Прыпяці да Дняпра, ад вярхоўяў Нёмана да Дзвіны дыміліся вёскі і воласці. Глеб прадаваў няшчасных людзей у рабства ў далёкія краі, і нават за мора, ці сяліў у пустэльных ваколіцах ракі Бярэзіны. Менскі князь да таго вымуштраваў сваіх падначаленых, што яны рабіліся сапраўднымі гандлярамі нявольнікамі. Паўсюдна раздаваліся скаргі і нараканні супраць нечуванага варварскага промыслу. Сам Уладзімір Манамах пагражаў Глебу, прымусіў нават кіеўскага мітрапаліта падвергнуць анафеме менскага валадара і яго паплечнікаў.

Нарэшце вялікі князь Манамах, злучыўшыся з Давыдам Чарнігаўскім і Ольгавічамі, узяў у 1116 годзе Оршу і Копысь, якія належалі да Менскага княства, такім чынам, уціхамірыў Глеба і на першы раз дараваў яму. Толькі той нядоўга прасядзеў склаўшы рукі — узяўся за старое. Угневаны Манамах паручыў свайму сыну Яраполку ў 1119 годзе пакараць менскага князя і яго злачынных баяр. З’явілася мноства жадаючых удзельнічаць у гэтым паходзе, бо ваяваць з Глебам і яго хаўруснікамі, праклятымі мітрапалітам, азначала выконваць боскую волю. У бітве прымаў удзел і Жывінбуд са сваім войскам.

Нарбут выступіў і ў абарону «Хронікі» Стрыйкоўскага, лічачы яе таксама летапісам, а не аўтарскім творам самога храніста. Магчыма, параўнаўшы летапіс, атрыманы ад Быхаўца, і «Хроніку» Стрыйкоўскага Тэадор Яўхімавіч знайшоў многа агульнага, што дало яму падставу без усялякіх сумненняў сцвярджаць, быццам Стрыйкоўскі пры стварэнні сваёй працы меў доступ да шматлікіх летапісных і старадрукаваных зводаў з багатых збораў князёў Астрожскіх, Радзівілаў, Пацаў, Тышкевічаў, Дарагастайскіх, Палубінскіх і іншых.

Крыху пазней, калі беларуска-польскі гісторык Іосіф Ярашэвіч (1793—1860) выдаў сваю зводную трохтомную працу па гісторыі Літвы, да гэтага часу ўбачыла свет «Старажытная гісторыя літоўскага народа» Нарбута. Таму Ярашэвіч мог карыстацца завершаным творам, а не толькі Супрасльскім летапісам, Хронікай Стрыйкоўскага і Хронікай Быхаўца (асабліва тымі мясцінамі, якія Нарбут арганічна ўплёў у «Старажытную гісторыю літоўскага народа»). У прыватнасці, гэта былі раздзелы, прысвечаныя старажытнай рэлігіі літоўцаў, якія Ярашэвіч напісаў, ідучы за Нарбутам. Пры гэтым ён падкрэсліваў:

…хто ж не карыстаўся гэткімі багатымі матэрыяламі, якія пры ўзорным імкненні і нястомнай працы паважаны аўтар сабраў у сваіх працах.

Аднак, выказаўшы сваю вялікую павагу да аўтара «Старажытнай гісторыі літоўскага народа», Ярашэвіч вельмі асцярожна аднёсся да тых звестак, якія знаходзяцца ў летапісе і якія Нарбут прымаў безагаворачна. Нават паданне пра Палямона, яго сыноў і ўнукаў у Ярашэвіча апушчана. Відаць, ён адчуваў, што гэта чыстая выдумка, за ёю не хаваецца ніякі нават самы драбнейшы гістарычны факт. Гісторык не пагаджаецца і з назвамі мясцін, дзе літоўскія войскі разбілі татарскія орды, ды і адбываліся яны, па словах Ярашэвіча, не на чале з нейкім паўфантастычным князем, а рэальным вялікім князем літоўскім Міндоўгам. У аўтара «Гісторыі Літвы» выклікаў скептычную ўсмешку факт беднасці старажытных літоўцаў, якія быццам бы нават даніну рускім князям плацілі бярозавымі венікамі… Гэта адносілася да драўлян.

Такія недакладнасці ўбачыў у «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» Ярашэвіч. Цяпер паспрабуем вылучыць яшчэ некаторыя. Як адзначае Мікола Ермаловіч, «ёсць усе падставы лічыць Усяслава ініцыятарам будаўніцтва Полацкай Сафіі…» Гэта пацвярджае «Слова аб палку Ігаравым», калі ў ім гаворыцца:

…тому [г. зн. Усяславу. — А. Н.] в Полотске позвониша заутреню ране у Святыя Софеи колоколы, а он в Киеве звон слыша.

Як добра вядома, Усяслаў знаходзіўся ў Кіеве ў 1067—1069 гадах, таму да гэтага часу сабор ужо існаваў. Гэты ж факт пацвердзілі летапісы, што адкідвае пазнейшыя домыслы, якія маюцца ў «Хроніцы Быхаўца» і «Хроніцы» Стрыйкоўскага пра дачыненне да будаўніцтва Полацкай Сафіі міфічнага князя літоўскага паходжання Барыса Гінгвілавіча.

Звяртаючыся да ўрыўка, дзе апавядаецца пра менскага князя Глеба, можна таксама адзначыць, што там вялікі акцэнт робіцца на яго набожнасці. З летапісаў вядома ягоная цяга да веры, але калі Уладзімір Манамах звярнуўся да кіеўскага мітрапаліта, каб той пракляў непакорнага менчука, то гэта не вельмі паўплывала на паводзіны князя, бо інтарэсы па ўмацаванню аўтарытэту і межаў свайго княства Глеб шанаваў значна больш за хрысціянскую веру. А калі ўлічыць той факт, што не ўсім сынам Усяслава хапіла ўдзелаў на Полаччыне, то і паводзіны Глеба становяцца зразумелымі. Нарбут не здолеў да драбніц разабрацца з такой заплеценай сітуацыяй, таму менскі валадар атрымаўся ў яго толькі жорсткім і бязлітасным.

У той жа час патрэбна ўлічваць і тое, што, магчыма, даследчык меў пад рукою нейкія першакрыніцы, якія сведчылі аб паходах Глеба Менскага на Літву, у якой нібыта княжыў Жывінбуд. Крыніцы не паведамляюць нам пра вынікі гэтага старажытнага паходу. Аднак трэба думаць, што ён быў паспяховы, бо інакш Глеб Менскі не здолеў бы пайсці на Смаленскую зямлю, куды адышлі захопленыя Уладзімірам Манамахам у Глеба Орша і Копысь. Хутчэй за ўсё, што гэты паход і прывёў Уладзіміра Манамаха да дзеянняў у адказ.

Ва ўсіх летапісах гаворыцца, што супраць Глеба Менскага выступіў сам кіеўскі князь. У працах жа некаторых даследчыкаў сустракаюцца іншыя імёны: у Васіля Тацішчава сын Уладзіміра — Мсціслаў, а паводле доказаў Нарбута, гэта Яраполк. Але апошняе — яўная блытаніна з падзеямі 1116 года, калі Яраполк Уладзіміравіч «узяў на шчыт Друцк», што Тэадор Яўхімавіч адвольна аднёс да 1119 года.

Не вельмі пераканаўча гучыць сцвярджэнне Нарбута адносна таго, што Яраполк пасля захопу Друцка загадаў усіх палонных дручакоў перасяліць на новае месца, дзе яны і заснавалі нібыта горад Навагрудак.

Часам, урыўкі з «Старажытнай гісторыі літоўскага народа», дзе выкарыстоўваліся нейкія незафіксаваныя факты і падзеі, якія нельга праверыць дакументальна, здаюцца нам рэальнымі. Слушна гучыць паведамленне беларускага гісторыка адносна вялікага нявольніцкага рынку ў Менскім княстве. Як мы ўжо адзначалі, гэта засведчылі сучасныя даследчыкі. Таму гэта не выпадае ўжо называць чыстай фантазіяй аўтара.

Справа яшчэ і ў тым, што ў сучаснай гістарычнай навуцы ўсё больш мацнеюць галасы даследчыкаў, якія сцвярджаюць, што ва Усходняй Еўропе таго часу панаваў не феадальны, а рабаўладальніцкі лад. Вось такая выснова.

Немалаважна, мабыць, будзе спыніцца і на той ацэнцы, якую давалі творчасці, працы, даследаванням Тэадора Яўхімавіча ягоныя сучаснікі і паслядоўнікі.

Як засведчыў у сваіх успамінах Аляксей Сапуноў (1851—1924), амаль ніхто з аўтараў «Витебской старины», якія пісалі на польскай мове, не рабіў спасылак на якое-небудзь выданне, акрамя «Старажытнай гісторыі літоўскага народа».

У «Рускім біяграфічным слоўніку» асноўны акцэнт робіцца на тое, што беларускі гісторык амаль нічога не піша пра народ, а збірае пераважна толькі факты ваенныя і дзяржаўныя, тым самым нібы адхіляючыся ад простых людзей і іхняга жыцця. Аднак сам Нарбут горача аспрэчваў гэта:

Я пайшоў пасярэдзіне, выкладаючы факты самога народнага жыцця. Зрабіць вывады, якіх няма ў першакрыніцах (ці якія не падказваюцца імі), трэба самому чытачу.

П. Бяссонаву ў асобе Нарбута бачыўся ініцыятар шматлікіх даследаванняў, накіраваных супраць польскага ўціску, на тлумачэнне самастойнасці і магутнасці старажытнай Літвы. Некаторыя, наадварот, былі вельмі незадаволены аўтарам «Старажытнай гісторыі літоўскага народа», абвінавачваючы яго ў нейкай арыстакратычна-школьнай абмежаванасці. Розныя людзі — розныя погляды.

Польскі даследчык Ю. Барташэвіч у «Тыгодніку ілюстраваным» за 1860 год асудзіў знакамітага гісторыка за ягоныя захапленні этымалогіяй (на нашу думку, у некаторай ступені Ю. Барташэвіч меў рацыю).

У паасобных выпадках даследчык робіць даволі паспешлівыя і недарэчныя вывады, якія далі падставу рэцэнзентам нават пажартаваць: маўляў, у этымалогіі для Нарбута ўсё зразумела, як і тое, што Русь і Літва аднолькавага паходжання. Значна пазней беларускі вучоны Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваёй «Гісторыі Беларусі» (1926 г.) адзначаў:

Нягледзячы на вялікую любоў да мінулага і на жаданне высветліць яго гісторыю, Нарбут яшчэ дрэнна разбіраецца ў пытаннях пра тое, чым адрозніваецца беларуская гісторыя ад гісторыі Польшчы.

Аднак з некаторымі абвінавачваннямі на адрас слыннага даследчыка мы не можам пагадзіцца. Напрыклад, з тым, што ў яго не хапала пры напісанні сваіх прац навуковай літаратуры. Колькасць гістарычнай літаратуры ва ўласнай бібліятэцы аўтара нават і сёння выглядала б салідна. Хтосьці спрабаваў скептычна высмейваць «палымяную любоў Нарбута да сваёй правінцыі». Але патрыятычныя адносіны да роднага кута толькі ўпрыгожваюць асобу навукоўца і грамадзяніна. Не забываймася і на тое, што асноўная праца ўсяго жыцця даследчыка «Старажытная гісторыя літоўскага народа» была высока ацэнена нават на дзяржаўным узроўні: імператар Мікалай І загадаў узнагародзіць Тэадора Яўхімавіча пярсцёнкам з алмазам, які і быў дасланы адстаўному штабс-капітану ў ягоны маёнтак Шаўры.

Падводзячы вынікі нашых разважанняў над «Хронікай Быхаўца» і «Старажытнай гісторыяй літоўскага народа», трэба падкрэсліць: Нарбут мог памыляцца і, здаралася, памыляўся, але ён быў і застаецца да нашых дзён адным з першых даследчыкаў, якія спрабавалі аднавіць гісторыю беларускага краю з незапамятных часоў.

Сям’я патрыётаў

Так атрымалася, што ні лёс самога Т. Нарбута, ні лёс ягонай сям’і ніколі не былі адарваны ад гісторыі роднага краю, ад тых важных гістарычных падзей, якія ў ХІХ стагоддзі адбываліся на нашых землях. Можна сцвярджаць, што яны не проста не былі абыякавымі да таго, што віхурыла навокал, але знаходзіліся ў гушчы падзей, у іхнім эпіцэнтры. Найбольш пашанцавала ў гэтым плане, вядома ж, самому Тэадору Яўхімавічу. Мяркуйце самі: удзел у баях на баку рускай арміі, даволі цьмяная сітуацыя адносна нашэсця Напалеона, шляхецкае паўстанне 1831 года і, нарэшце, паўстанне 1863 года. У якім ужо напоўніцу сапраўднымі патрыётамі праявілі сябе дзеці Т. Нарбута.

У жыцці чамусьці заўсёды менавіта так здараецца, што сёння цябе пачынаюць хваліць, аддаваць пашану, а назаўтра ты становішся дзяржаўным злачынцам, класавым ворагам і г. д. Гэтую своеасаблівую іронію лёсу давялося выпрабаваць на сабе заслужанаму і таленавітаму чалавеку, гарачаму прыхільніку дэмакратычных пераўтварэнняў, патрыёту радзімы, які жадаў, каб яна заўсёды была сабою — Беларуссю, а не Летувой, не Польшчай, не «малодшым братам» Расіі.

Шляхецкі сейм 20 снежня 1830 года апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты паўстання, заклікаў народ далучыцца да яго. На ўсход тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай былі накіраваны спецыяльныя эмісары з задачай узняць там паўстанне або на месцах стварыць баяздольныя атрады. Адначасова ў Варшаву з Беларусі, Літвы, Украіны прыехалі для абмеркавання пытанняў, звязаных з паўстаннем, прадстаўнікі шляхты і інтэлігенцыі. Шляхецкія рэвалюцыянеры на чале з І. Лялевелем увайшлі ў клуб «Злучаных братоў», які звярнуўся ў польскі сейм з заявай, адкуль вынікала, што беларускія, літоўскія і ўкраінскія губерні «далучаюцца да ўсіх абавязкаў агульнай айчыны і давяраюць свой лёс народным прадстаўнікам Царства Польскага».

Мы ўжо згадвалі пра цесныя адносіны Лялевеля з Нарбутам і, зразумела, што гаспадар Шаўраў адразу ж даведаўся аб пачатку паўстання. Чаму Нарбут адхіліў прапанову слыннага прафесара-гісторыка ехаць разам з ім у Варшаву — застаецца загадкай. З іншага боку, адмова ад паездкі выратавала ў далейшым Т. Нарбута ад вялікіх непрыемнасцей. Магчыма, Тэадор Яўхімавіч, улічваючы свой вайсковы досвед, нешта прадчуваў, а магчыма, не мог гэтага зрабіць з нейкай іншай нагоды.

У канцы сакавіка — пачатку красавіка 1831 года паўстанне ахапіла ўжо ўсю Літву, а ў красавіку перакінулася на заходнюю частку Беларусі (Ашмянскі, Завілейскі і Браслаўскі паветы Віленскай, Дзісенскі павет Мінскай губерняў). У кожным павеце шляхта выбірала павятовы ўрад і камандуючага войскамі. Немалаважны факт — кіраўнікі павятовых паўстанцкіх атрадаў, а таксама іншыя камандзіры прызначаліся з ліку буйных і сярэдніх землеўладальнікаў.

Нарбут не толькі адмовіўся ад паездкі ў Варшаву, але і не даў згоды на прызначэнне сябе камандзірам партызанскага атрада ў Ашмянах і бліжэйшых да іх ваколіцах (гэта не надта далёка ад яго родных Шаўраў). Спаслаўся пры гэтым на тое, што… дрэнна чуе. Яно то было і так, але ж крыху пазней ягоныя суседзі пачалі прыгадваць іншае: з людзьмі ж заўсёды размаўляў нармальна, толькі прасіў гаварыць крыху грамчэй, — значыцца пашкоджаны слых не мог служыць важкай прычынай для адмовы. Бачылі ж, як да гаспадара маёнтка прыязджалі незнаёмыя людзі, падоўгу з ім пра нешта раіліся, распытвалі, а потым знікалі. Здагадваліся — прыязджалі не проста так, а за парадай, падказкай, просьбай.

Менавіта Тэадор Яўхімавіч задумаў надзвычай небяспечную аперацыю — захоп сіламі паўстанцкага атрада, здавалася б, непрыступную Бабруйскую крэпасць. Магутная цытадэль з’яўлялася важным фарпостам расійскіх войскаў. Адстаўны ж фартыфікатар ведаў слабыя месцы крэпасці. Праўда, ён не дапускаў, мабыць, што за два дзесяткі гадоў, якія прайшлі з моманту ягонага звальнення, цытадэль была ўзмоцнена і значна перабудавана паводле зусім іншага генеральнага плана забудовы. Але яму паведамілі колькасць гарнізона, які тады знаходзіўся ў Бабруйскай крэпасці. Налічваў ён усяго каля 2,5 тысяч чалавек разам з польскімі палоннымі, якія там утрымліваліся (больш за тысячу чалавек).

Справа правалілася з-за выпадковага арышту эмісара паўстанцаў Антона Жабы — ашмянскага памешчыка. Трэба падкрэсліць, што кандыдатура для такога важнага задання была падабрана няўдала. Адстаўны партупей-юнкер быў празмерна гарачы і неасцярожны чалавек. Мала гэтага, ён быў абсалютна непадрыхтаваны для падпольнай дзейнасці. Не паспеў з’явіцца ў Бабруйск, як адразу ж, амаль што невядомым людзям раскрыў свае планы і задумы. За ім з першых жа дзён устанавілі слежку. Ды і гэта не ўсё, палонны польскі афіцэр маёр Сакоўскі, да якога Жаба звярнуўся са спробай наладзіць кантакты з палоннымі афіцэрамі, каб далей менавіта з імі вырашаць ход аперацыі, адразу ж далажыў пра эмісара крапасному начальству. З важнай задумы нічога станоўчага не атрымалася. Адзінае, што можна занесці у рахунак А. Жабы — гэта тое, што на следстве ён не выдаў тых, хто яго сюды накіраваў, а выкручваўся ўсялякімі шляхамі.

Пад націскам шляхецкіх эмісараў, а таксама І. Лялевеля, А. Чартарыйскага і іншых дзеячаў польскі Нацыянальны ўрад і галоўнае камандаванне польскай арміі вырашылі паслаць у Літву і Беларусь рэгулярныя войскі для падтрымкі мясцовых паўстанцаў. 19 мая 1831 года атрад у складзе 820 чалавек пад камандаваннем генерала Хлапоўскага накіраваўся да граніц Беларусі. Па шляху праходжання Хлапоўскі выпускаў адозвы, у якіх заклікаў беларускі народ «узбройвацца і ісці з дому». Але нямногія пайшлі з генералам, бо заклікі не змяшчалі абяцанняў адносна паляпшэння становішча народных нізоў.

З атрадам Хлапоўскага, мабыць, ішлі і людзі, якія добра ведалі Т. Нарбута: да яго ў Шаўры зноў прыходзілі некалькі чалавек з паўторнай прапановай узначаліць асобны партызанскі атрад і выступіць разам з ім пад Вільню. Камандаваць людзьмі Тэадор Яўхімавіч адмовіўся і на гэты раз; аднак перадаў інсургентам з хатняга «арсеналу» некалькі зробленых да гэтага часу гармат і паабяцаў у бліжэйшы час перадаць яшчэ пэўную колькасць зброі.

19 ліпеня 1831 года ў ваколіцах Вільні адбыўся рашаючы бой паміж польскімі войскамі, паўстанцамі Літвы і Беларусі з аднаго боку і расійскімі войскамі — з другога. Апошнія без асаблівых цяжкасцей адбілі атакі і прымусілі паўстанцаў адступаць на захад са значнымі стратамі. Адбіваючыся ад расейскіх войскаў, польскія генералы Роланд і Хлапоўскі з рэшткамі атрадаў перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Генерал Дэмбінскі з часткай войскаў і паўстанцаў накіраваўся на захад цераз Вільню, праз Гродзенскую губерню ў Польшчу. Пры набліжэнні яго атрада да Навагрудскага павета там успыхнула шляхецкае паўстанне пад кіраўніцтвам павятовага маршалка Іосіфа Кашыца. Толькі і яно было неўзабаве задушана.

Пасля падаўлення паўстання пачалася бязлітасная расправа царскага самадзяржаў з ягонымі ўдзельнікамі. Каралі асабліва не разбіраючыся, найбольш адпраўлялі ў турмы і ссылалі ў ссылку цэлымі сем’ямі, пазбаўлялі маёмасці. Чакаў сваёй долі і Т. Нарбут.

Але ягоны ўдзел у паўстанні 1831 года, мабыць, быў недастаткова пераканаўча даказаны царскімі следчымі, бо нават калі і ўлічыць яго заслугі перад Расійскай імперыяй за перыяд вайсковай службы, то ўжо толькі за падрабязна распрацаваны план захопу Вільні — менавіта ў гэтым у асноўным абвінавачвалі Т. Нарбута — яго маглі не толькі асудзіць да зняволення, але і пакараць смерцю. А калі сюды дадаць выраб гармат, рамонт зброі ды яшчэ і план авалодання Бабруйскай крэпасцю, ягоныя ж смелыя заявы і прамовы адносна палітыкі і значэння царскага ўраду, парады эмісарам, застаецца здзіўляцца таму, як мякка з ім абышліся судовыя чыноўнікі. Не здолелі яны знайсці канкрэтных зачэпак адносна дачынення адстаўнога афіцэра да паўстанцкіх спраў 1831 года, бо людзі, з якімі меў сувязі Тэадор Нарбут, мужна трымаліся на допытах, не раскрылі таямніцы ўсіх дзеянняў, меркаванняў і сувязей. Але ўсё самае страшнае ў жыцці Тэадора Яўхімавіча было наперадзе.

Дачакаўся Нарбут і другой магутнай хвалі выступленняў беларускага народа, якая прыпала на 1863—1864 гады. Паўстанне з’явілася вынікам няздзейсненых мараў, рамантычных пошукаў волі, зямлі, дастатку. Паўстанцы апублікавалі дэкрэты, у якіх аб’явілі сябе вольнымі раўнапраўнымі грамадзянамі і дэкларавалі перадачу зямлі ва ўласнасць сялян без выкупу. Распаўсюджаныя дэкрэты і пашырэнне паўстання выклікала трывогу царскага ўрада. Каб неяк адцягнуць увагу жыхароў вёскі ад барацьбы, царызм павінен быў пайсці на ўступкі і адмяніць або часткова змяніць некаторыя ўмовы рэформы 1861 года ў заходніх губернях.

Сям’ю Нарбута не абмінулі віхурныя падзеі тых трагічных дзён. Маёнтак Шаўры стаў своеасаблівым штабам паўстанцаў. Стары, знямоглы, да таго ж, амаль глухі, Тэадор Яўхімавіч нічога не мог зрабіць фізічна, але розум працаваў па-ранейшаму ясна і ён мог падказаць карысную параду, якая дапамагла падчас баявых дзеянняў супраць царскіх войскаў. Ужо з першых дзён паўстання ў маёнтку пачалі збіраць амуніцыю. Гаспадар Шаўраў звярнуўся да суседзяў з просьбаю: купляць, па магчымасці, зброю для паўстанцаў, для тых, хто стане пад штандары свабоды. Памешчыкі, праўда, не ўсе, дапамагалі, чым маглі. Неўзабаве гаспадарчыя будынкі прыстасавалі пад склад зброі, правізіі і амуніцыі. Адных стрэльбаў, пісталетаў і шабляў сабралі больш за сотню, што вельмі спатрэбілася лясным змагарам, да якіх у хуткім часе далучыліся сыны Тэадора — Людвік і Баляслаў. Дапамагаў інсургентам нават дзесяцігадовы Станіслаў, які, калі ў іхнім доме былі лясныя змагары, забіраўся на дах хаціны і папярэджваў усх аб набліжэнні казацкага раз’езда.

Паўстанне на Гродзеншчыне спачатку развівалася паспяхова, бо ўспыхнула яно нечакана для ўладаў, але праз пару месяцаў справа перамянілася: з’явіліся шматлікія царскія атрады і ўсё павярнулася не на карысць змагароў за народнае шчасце. Дрэнна ўзброеныя, неабучаныя паўстанцкія войскі ўшчэнт разбіваліся вымуштраванымі рэгулярнымі палкамі царскай арміі.

Вядома, што раней за іншых паўстанцаў у Лідскім павеце выступіў аддзел пад камандаваннем Людвіка Нарбута. Месцам дыслакацыі ягонага атрада была Рузская пушча. Многія жыхары горада і павета сталі далучацца да паўстанцаў. Пачаліся зацятыя баі, на жаль, амаль заўсёды пройгрышныя для інсургентаў. Не маглі яны напоўніцу, нават з улікам гарачага патрыятызму і гераізму, супрацьстаяць кадравым войскам. Даволі часта гэта ўвогуле былі гвардзейскія часці. Як аказалася, атрад Людвіка Нарбута быў адзіным, які мог аказаць актыўнае супраціўленне. На гэтым, бясспрэчна, сказаўся «каўказскі» баявы вопыт самога камандзіра. Нягледзячы на баі з карнікамі, на тое, што яны значна пераўзыходзілі сілы атрада па колькасці, Л. Нарбут не спяшаўся перабірацца ў іншае месца. Тлумачылася гэта даволі проста: ён быў тутэйшы, яго ведалі сяляне, шляхта; тут сам камандзір цудоўна арыентаваўся на мясцовасці і з гэтай нагоды мог не звяртацца да паслуг праваднікоў. Ды і народная слава вельмі хутка разнесла звесткі пра паспяховага і ўдалага Людвіка. Вядома ж, да яго стараліся далучацца, найперш, мясцовыя патрыёты.

Гэты атрад, як ніякі іншы, вызначаўся добрай дысцыплінай. У штабе знаходзілася некалькі прафесійных вайскоўцаў, урачы, а таксама мастак Міхаіл Андрыёлі. Паводле некаторых звестак тут знаходзіўся, да свайго ранення, і Францішак Багушэвіч — беларускі паэт-дэмакрат. Звычайна агульная колькасць байцоў атрада не перавышала трыста чалавек.

Бадай што толькі Людвіку Нарбуту ў гэты пачатковы перыяд удалося адразу ж стварыць баяздольны атрад і пратрымацца больш-менш працяглы перыяд. І яшчэ адна асаблівасць. Многія паўстанцкія камандзіры хаваліся пад псеўданімамі або дзейнічалі там, дзе іх не ведалі. Людвік адразу ж выступіў пад уласным імем у сваіх родных мясцінах, дзе сям’ю Нарбутаў не толькі выдатна ведалі, але і ганарыліся імі. Гэта быў свядомы выклік прадстаўнікам самадзяржаўя.

Вялікі рэзананс атрымаў рэйд яго атрада ў бок Вільні і паспяховая бітва пад Руднікамі. Улады распаўсюдзілі хлуслівую інфармацыю аб разгроме царскімі войскамі «банды Нарбута» і аб уцёках яе камандзіра ў Каралеўства Польскае. Аднак наступныя няўдачы казацкіх соцень у сутыкненнях з паўстанцамі садзейнічалі папулярнасці атрада і яго кіраўніка, выклікалі новую хвалю валанцёраў, якія жадалі змагацца на баку рэвалюцыянераў. Г. Кісялёў піша:

Расказваюць, што раззлаваны генерал-губернатар краю Назімаў (папярэднік Мураўёва-«вешальніка») прызначыў вялікую цану за галаву няўлоўнага камандзіра. Атрад Нарбута рос разам са славай. Салдаты карных падраздзяленняў прымхліва называлі яго ведзьмаром. Сам генерал-губернатар Назімаў у сваім загадзе ад 12 красавіка 1863 года вымушаны быў прызнаць, што «ўсё скончана, у Літве парадак, застаўся адзін Нарбут…». У адказ Людвік Нарбут адпусціў на волю палонных рускіх салдат з даручэннем перадаць начальству яго просьбу «…аб выстаўленні супраць яго гвардзейцаў з лепшай зброяй».

Імя Людвіка Нарбута не сыходзіла з вуснаў усіх тутэйшых жыхароў. Яшчэ б, ён жа заставаўся адзін з атрадам супраць некалькіх палкоў, якія ганяліся за няўлоўным мсціўцам па навакольных лясах. Сувязь з бацькам Людвік трымаў праз сястру Тэадору і брата Баляслава, што знаходзіўся разам з ім у атрадзе. Бацька перасцерагаў дзяцей. Старэйшаму сыну ў такой цяжкай сітуацыі параіў ісці далей на захад, каб адарвацца ад пагоні і потым пераправіць людзей за мяжу Расійскай імперыі. Людвік збіраўся скарыстацца бацькавай парадай, ды не паспеў — яго забілі.

Гора падкасіла бацькоў — сыходзілі апошнія фізічныя сілы. Калі паўстанне пацярпела паражэнне, пачаліся рэпрэсіі, накіраваныя не толькі супраць тых, хто спачуваў змагарам за волю беларускага народа. Мураўёў-«вешальнік», надзелены царом надзвычайнымі паўнамоцтвамі, сапраўды патапіў паўстанне ў крыві. Па яго асабістаму загаду пакаралі смерцю 128 чалавек, а 9361 удзельнік паўстання быў рэпрэсіраваны па суду, адпраўлены на катаргу, у арыштанцкія роты, у ссылку, у турму, пазбаўлены грамадзянскіх правоў і ўласнай маёмасці.

Людзей, якія спачувалі паўстанцам ці нечым дапамагалі ім або з’яўляліся бацькамі дзяцей, пайшоўшых са зброяй у руках супраць царскіх улад, таксама не шкадавалі, нават не глядзелі, хто перад імі: стары чалавек, жанчына альбо падлетак. Не мінуў гэты лёс і Тэадора Яўхімавіча з жонкай Хрысцінай. «За плохое воспитание семьи», за падтрымку паўстанцкага атрада амуніцыяй і правіянтам адстаўны інжынер-капітан Т. Нарбут і яго жонка асабіста генерал-губернатарам М. Мураўёвым прысуджаны да цяжкага пакарання:

Сослать в Сибирь, а имение конфисковать в пользу правительства, дом для примера и устрашения других должен быть уничтожен и место распахано плугом.

Але абставіны не далі царскім служкам цалкам выканаць бесчалавечны загад М. Мураўёва. Не, дом паспелі раскідаць і сядзібу старанна перааралі. А вось з іншым атрымалася ў гэтых нелюдзяў замінка. Справа ў тым, што Хрысціна Нарбут яшчэ неяк хадзіла і трымалася (яна была маладзейшая за мужа на 20 гадоў), а вось Тэадор, надломлены смерцю Людвіка і тымі няшчасцямі, якія пасыпаліся на ягоную сям’ю пасля падаўлення паўстання, ужо ледзьве рухаўся. Таму, каб усё ж ні ў якім разе не дараваць Тэадору Яўхімавічу ягоныя правіны перад самадзяржаўем, старых Нарбутаў разлучылі: Хрысціну выслалі ў далёкую Пермскую губерню, а цяжка хворага Тэадора пакінулі пад пільным наглядам паліцыі (нібыта ён мог у такім стане збегчы!) у Вільні, дзе ён і памёр 14 лістапада 1864 года. Пахавалі Тэадора Яўхімавіча непадалёку ад родных Шаўраў, побач з парафіяльным касцёлам у Начы. Трагічны, але і слаўны лёс!

Хрысціна Нарбут правяла ў Пензенскай губерні 7 цяжкіх самотных гадоў. На радзіму дабіралася дзе пешкі, дзе з выпадкова сустрэтым абозам. Там, куды яна вярталася, яе ніхто не чакаў. Не існавала болей і роднага дома. Памерла яна ў 1899 годзе. Пахавалі яе побач з магілай сына Баляслава на могілках у маёнтку Шаўры.

Нам здаецца, што на лёс Хрысціны выпалі значна большыя выпрабаванні, чым на лёс яе мужа. Справа ў тым, што яна паходзіла з зусім збяднелай шляхты, некаторыя нават сцвярджаюць, што з сялян. Па адных звестках яе дзявочае прозвішча было Пайздзерская, па іншых — Садоўская. Вядома толькі, што яе бацька ў свой час служыў шараговым салдатам у войску Тадэвуша Касцюшкі. Гавораць, што спачатку яна была ў Шаўрах проста служанкай. Пакахаўшыся з Нарбутам, нарадзіла яму дзевяць дзяцей. Трое старэйшых, Міхал, Антон і Альдона, памерлі маленькімі.

Па тагачасных законах дзеці, якія нараджаліся па-за шлюбам, лічыліся незаконнанароджанымі і ніякіх грамадзянскіх правоў у далейшым не мелі. З іншага боку, немалое значэнне мела тое, што такія шлюбы асуджаліся самой шляхтай. А тут жа атрымлівалася, што радавіты шляхціч — Остык-Нарбут жэніцца з асобай без пасагу і без… радавітасці. Таму і вянчаліся «маладыя» толькі напярэдадні паўстання 1831 года ў Варшаве. Не выключана, што гэта было зроблена для таго, каб пра падзею ведала як мага меней людзей. На той часа Тэадор Яфімавіч меў ужо 56 гадоў!

Жорстка заплаціў Т. Нарбут за сваю нянавісць да самадзяржаўя, да пыхлівых і самаўпэўненых служак царызму. Але ён заўсёды падкрэсліваў, што ён тутэйшы, што тут ягоная радзіма, што гэтая зямля дае яму жыццёвыя сілы і падтрымку. Сам быў непахісным патрыётам і дзяцей сваіх узгадаваў гэткімі ж.

Акрамя Людвіка, яшчэ два сыны Тэадора Яўхімавіча прымалі актыўны ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў: Францішак Нарбут, капітан узброеных сіл паўстанцаў на Валыні, і Баляслаў Нарбут, 19-гадовы юнак, які пасля гераічнай гібелі Людвіка Нарбута нават некаторы час узначальваў рэшткі разбітага атрада, нягледзячы, здавалася б, на такі малады ўзрост.

Пра Францішка вядома, што нарадзіўся ён 9 лістапада 1845 года. Вучыўся на факультэце права Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе ўступіў у падпольную арганізацыю польскіх студэнтаў. У 1861 годзе пакінуў вучобу і ад’ехаў у Вільню. Актыўна ўдзельнічаў у паўстанні. Пасля паражэння нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі эмігрыраваў у Францыю, потым — у Бельгію, нарэшце пераехаў у Венгрыю, дзе і асеў. Там Францішак Нарбут ажаніўся з Ізабэлай Сейлар, працаваў чыгуначным інжынерам. Памёр у венгерскім горадзе Торнуш 7 снежня 1892 года, дзе і пахаваны.

Баляслаў Нарбут нарадзіўся 24 снежня 1843 года. Вучыўся ў адной з віленскіх гімназій. За тое, што падчас баявых дзеянняў паўстанцаў супраць царскіх войскаў з’яўляўся ад’ютантам Людвіка, а пасля яго смерці паспрабаваў самастойна кіраваць атрадам, быў арыштаваны і па прысуду ваенна-палявога суда сасланы ў Краснаярск, адтуль вярнуўся толькі па амністыі 1884 года і, да таго ж, хворы на сухоты. Памёр ён і пахаваны ў родавым маёнтку Шаўры 8 верасня 1889 года.

Іхняя сястра Тэадора Манжунская, рэпрэсіраваная за «участие в отряде, доставку отряду снаряжения, а также вербовку в отряд 2 офицеров российской армии, содействие пополнению инсургентов, снабжение шайки продуктами», нарадзілася ў 1839 годзе (дзень і месяц невядомыя). Калі паўстанне было задушана, уцякла ў Парыж, у 1914-м пераехала ў Кракаў, дзе і скончыла свой жыццёвы шлях 27 сакавіка 1925 года.

Пасля арышту старых Нарбутаў да вышэйшых уладаў наконт іх вызвалення звярнуўся яшчэ адзін сын Алаіз — Аляксандр (нарадзіўся 9 чэрвеня 1835 года). Ён з’яўляўся ўдзельнікам абароны Севастопаля 1854—1855 гадоў. У 1863-м годзе — паручнік Сібірскага грэнадзёрскага палка ў Пецярбургу. Выйшаў у адстаўку адразу ж пасля адмовы ў памілаванні яго бацькам у 1864 годзе. Далейшы лёс гэтага сына Т. Нарбута нам невядомы.

Самы малодшы з сям’і Нарбутаў — Станіслаў (нарадзіўся 4 мая 1853 года) таксама ўдзельнічаў у паўстанні. Ён выконваў ролю дазорнага. Час і жыццё патрабавалі свайго, і маленькі Станіслаў, можа, яшчэ і не зусім свядома, быў далучаны да паўстанцкай барацьбы.

Калі хваля праследаванняў і распраў пачала спадаць, Нарбут-малодшы, нягледзячы на разгром сямейнага гнязда, змог пры падтрымцы сяброў і сваякоў абучацца ў Віленскай класічнай гімназіі. Можна ўпэўнена сказаць, што падзеі 1863 года, гібель старэйшага брата, смерць бацькі, ссылка маці і брата Баляслава, эміграцыя сястры Тэадоры пакінулі глыбокі след у сэрцы нашага земляка. У 1872 годзе С. Нарбут паступіў у Мюнхенскі ўніверсітэт. Вучыўся добра, аднак у яго асабістай справе ёсць успаміны аб удзеле ў студэнцкіх хваляваннях. Санкцыі мелі суровы характар: выключэнне і арышт. Апошні ўдалося замяніць штрафам, а праз некалькі месяцаў аднавіцца ў ліку студэнтаў. 7 жніўня 1879 года Станіслаў вытрымаў іспыты на ступень доктара медыцыны. Каб пачаць урачэбную практыку ў Расійскай імперыі, ён паступіў у імператарскі Юр’еўскі ўніверсітэт і 4 чэрвеня 1891 года атрымаў дыплом лекара.

Працяглы час Станіслаў Тэадоравіч не мог знайсці пастаяннага месца працы. Прашэнне Нарбута Ковенскаму губернатару ад 29 красавіка 1904 года прызначыць на месца вясковага ўрача 2-га ўчастка Нова-Аляксандраўскага павета ўлады адхілілі з прычыны «не рускага» паходжання маладога ўрача. Але пасля праверак на надзейнасць і канчаткова пераканаўшыся, што «праваслаўнага» кандыдата не прадбачыцца, віленскі генерал-губернатар даў санкцыю на залічэнне ў штат доктара Станіслава Нарбута.

З будаўніцтва бальніцы (дарэчы, яна і па сёння функцыяніруе) у Браслаўскім краі пачаў сваю ўрачэбную дзейнасць С. Нарбут. Да 1926 года з імем Нарбута тут звязвалася не толькі ахова здароўя, але і культурнае, сацыяльнае развіццё грамадства, зацвярджэнне дабрыні і гуманізму ў адносінах паміж людзьмі. Ён першым у земстве аб’явіў барацьбу супраць п’янства. Гэта вельмі цяжкая, без падтрымкі мясцовых улад праца праходзіла пры адчайным супраціўленні ўладальнікаў мясцовых вінаробчых заводаў. У 1907 годзе адбылося адкрыццё першага грамадскага таварыства народнай цвярозасці.

Напярэдадні вайны, ужо ў 1914 годзе, С. Нарбута прадставілі да тытула калежскага саветніка і ўзнагародзілі ордэнам св. Станіслава 3-й ступені. У гады вайны, нягледзячы на цяжкае захворванне, Станіслаў Тэадоравіч узначальваў лазарэт на Паўночна-Заходнім фронце. Ён нястомна працаваў паблізу баявых пазіцый, імкнучыся як мага хутчэй аказаць неабходную дапамогу раненым салдатам. Сам пры гэтым атрымаў цяжкае раненне, якое да канца жыцця зрабіла яго інвалідам.

Памёр доктар Нарбут пасля цяжкай хваробы, прастудзіўшыся ў непагадзь у час візіту да хворага. Амаль усе жыхары мястэчка праводзілі Станіслава Тэадоравіча ў апошні шлях. Пацыенты, жыхары Браслаўшчыны ахвяравалі невялікі зямельны ўчастак на Замкавай гары і грошы на будаўніцтва помніка. На яго вяршыні ўспыхнуў непагасны агонь, выпраменьваемы тысячаватнай лямпай, і гэта святло нібы сімвалізавала жыццё слаўнага сына беларускай зямлі. На помніку выбілі простыя, шчырыя словы: «Лекару ўдзячная Браслаўшчына». Нам здаецца, што надпіс гэты мог быць і яшчэ больш абагуленым: «Сям’і Нарбутаў ад удзячнай Беларусі».

Заключэнне

Той агонь ад тысячаватнай лямпы нібы сімвалізаваў сабою яднанне гарачых душ усяго роду Нарбутаў. Памяць пра іх назаўсёды засталася ў людскіх сэрцах, а найперш пра Тэадора Яўхімавіча Нарбута.

Гэтае імя было вельмі папулярным у 40—50-я гады ХІХ стагоддзя сярод усіх, хто цікавіўся гісторыяй Літвы і Беларусі. Адзін толькі пералік ягоных захапленняў выклікае павагу: інжынер, краязнаўца, гісторык, археолаг, фалькларыст, літаратар, перакладчык, бібліяфіл, калекцыянер — што толькі не спалучалася ў гэтай даравітай асобе. Родавы маёнтак Шаўры, дзе гаспадарыў адстаўны інжынер-капітан, стаў выпрабавальным полем найбольш перадавых тэхналогій у цукраварстве, ткацтве, гарбарстве. Яшчэ чакае вывучэння спецыялістамі праца Т. Нарбута па ўдасканаленні льнаводства, надрукаваная ў 1826 годзе ў адказ на заклік Віленскага ўніверсітэта. Праца атрымала ганаровы медаль. Тэадор Яўхімавіч многа зрабіў і для стварэння першага курорта ў Друскеніках…

Амаль праз стагоддзе слаўнае імя Т. Нарбута пачало вяртацца да людзей, прадзіраючыся скрозь адмаўленне, пагарду, непаразуменне, увасабляючы сабою Сумленне, Гуманнасць, Працавітасць і Незалежнасць.

…Нездарма на колішняй разаранай царскімі сатрапамі сядзібе ў Шаўрах стаіць сціплы помнік, надпіс на якім падкрэслівае значэнне сям’і Нарбутаў для гісторыі нашай Айчыны: «Нарбутам — удзельнікам паўстання 1863 года. Нашчадкі».

Бібліяграфія

Нарбут А. Родословная литовского историка Теодора Нарбута // Институт истории АН СССР. 1989. Т. 2.

Narbutt T. Dzieje starozytne narody Litewskiego. Тt. 1—9. Wilno, 1835—1841.

Narbutt T. Pomniki do dziejow litewskich. Wilno, 1846.

Narbutt T. Pomniejsze pisma historiczne sczegolnie do historii Litwy odnoszace sie. Wilno, 1856.

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.

Каханоўскі Г.А. Прадвесне навукі. Мн., 1990.

Ненадавец А.М. Тэадор Нарбут. Мінск, 1996.

Семянчук А. Тэадор Нарбут — гісторык Вялікага Княства Літоўскага і Браслаўшчыны // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы VІ-й навуковай канферэнцыі, прысвечанай 150-й

гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадзскага дзеяча Стніслава Нарбута. Браслаў, 2003.

Улащик Н.Н. Предисловие. // В книге «Хроника Быховца». М. «Наука», 1966.

Аўтар: Алесь Ненадавец, серыя «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *