Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Сёння 96 гадоў таму была прынятая першая Ўстаўная Грамата да народаў Беларусі

bnr21 лютага 1918 г., на наступны дзень пасьля стварэньня Народнага Сакратарыята, Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду прыняў сваю першую Ўстаўную Грамату да народаў Беларусі.

***

Устаўная Грамата да народаў Беларусі

Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада‚ што была тут‚ няведама‚ мы стаімо перад тым‚ што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі.

Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.

Але і да скліканьня Ўстаночага Сому ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам‚ якія на ёй жывуць.

Выканаўчы Камітэт Рады Першага Ўсебеларускага зьезду‚ папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў‚ зьдзяйсьняючы мэты Зьезду‚ абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня‚ як можна хутчэй‚ Усебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага ня лічачыся з нацыянальнасьцю‚ вызнаньнем і родам.

Часовую народную ўладу краю‚ якая ставіць мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі‚ будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі‚ які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасьля.

Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду

Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г.

http://www.radabnr.org/be/archive/1hramata.htm

Piershaja Ustaunaja Gramata