Інстытут беларускай гісторыі і культуры

“Слова аб ….?”

 

Ад заснаваньня Канстанцінопаля да страты Іерусаліма.

Ці не самым вядомым і значаным гісторыка-культурніцкім помнікам, прынамсі на “савецкае” славянскае прасторы, сталася “Слова аб палку Ігараве”. Такі стан рэчаў захоўваецца пагатоў і гэтым годам мы маем права сьвяткаваць 820-годзьдзе яго напісаньня і менавіта яму прысьвячаецца гэты артыкул. Дакладней, пошуку таго загадкавага “Траяна – Траяні”, што не дае спакойна спаць дасьледчыкам ўжо каторае дзесяцігодзьдзе… . Ўласна кажучы, тэкст гэтай маёй спробы разабрацца ў “адвечнае загадцы Траяна” ёсьць складнікам іньшага, што рыхтаваўся да 950-годзьдзя першага зафіксаванага летапісам руйнаваньня горада Менска — Няміскае бітвы. Тое мусім “адзначыць” наступным годам. Але ўсё ж … Паспрабую даць свае адказы – трактоўкі на пытаньні, што ўзьнікаюць пры ўважлівым прачытаньні гэтага пісьмовага помніка і абгрунтаваць уласнае разуменьне яго сэнсу.

Для пачатку мушу нагадаць (а можа хто й ня ведае), што арыгінал «Слова…» не захаваўся. Каб не «ізмышлять гіпотез», як казаў нашчадак рыбніка і фундатар расейскае навукі — Міхайла Ламаносаў, пра тэкст-першакрыніцу, дамо слова «галоўнаму савецкаму спецыялісту» ў гэтым гісторыка-літаратурным помніку, самому Д.С. Ліхачову. Ён жа і падрыхтаваў-быў паэму да друку. У прадмове (да 2) ён піша:

«З дзьвух захаваўшыхся ўвасабленьняў загінуўшага рукапісу «Слова аб палку Ігараве»: пісарскае копіі, складзенае для Кацярыны ІІ, і выданьня 1800 году, лепшым ёсьць выданьне 1800 года. Яно і ўзятае за грунт выкладзенага ніжэй старажытнарускага тэксту «Слова аб палку Ігараве». Аднак ў тэкст гэтага першага выданьня ўнесены шэраг паправак: па-першае, калі тэкст копіі, складзенае для Кацярыны ІІ, лепей перадае загінуўшы рукапіс, і, па-другое, тады, калі тэкст першага выданьня яўна памылковы. … «.

І далей: «… Пунктуацыя прастаўленая сучасная …” (ў старажытных летапісах пунктуацыя не падобная на нашу; яна не была прыведзеная ні ў адным выданьні), то бок, разьбіцьцё тэксту на словы і іх першапачатковае прачытаньне праверыць немагчыма, як і адпаведасьць на страчаныя фрагмэнты.

Гэта сам Ліхачоў, як рэдактар, і вызначаў, што ёсьць што і што ёсьць «правільным ці ня правільным» альбо «лепшым ці горшым». Вось толькі паўстае пытаньне, як гэта можна было зрабіць ня маючы ў рукох загінуўшага ў агні арыгінала»Слова…»?! Тут ён займеў манапольна-кіроўную ролю, аналягічную тае, што мае для плято Гіза і копцкае гістарычнае спадчыны ў Эгіпце «галоўны эгіптоляг плянэты» — Цахі Хаваз.

Але прыходзіцца разглядаць тое, што ёсьць — возьмем з апублікаванага тэксту ўсё, што мае дачыненьне да «траянства» і зьнітаванага зь ім полацкага князя Ўсяслава Чарадзея.

Такім чынам, надалей мною пазначана: «01» — тэкст “Слова…” паводле №1, стар.343-350; «02» — ён жа паводле №2, стар. 25-52, ў сьпісе літаратуры, (у скобках – тэкст адпаведных дадаткаў з крыніцаў і наяўныя зноскі рэдактара –Д.С.Л. – выданьняў), маем:

 

«Слова аб палку Ігараве,

Ігара, сына Сьвятаслаўля,

ўнука Вольгава.»

— А —

О Бояне, соловию старого времени! Абы ты сиа плкы ущекотал, скача, славию, по мыслену древу, летая умом под облакы, свивая славы оба полы сего времени, рища въ тропу Трояню чрес поля на горы.

(Мейсца абзаца ў тэксьце зьмянялася аўтарам выданьня).

02.

О Бояне, соловию старого времени!

Абы ты сиа плъкы ущекоталъ,

скача, славию, по мыслену древу,

летая умом подъ облакы,

свивая славы оба полы сего времени,

рища въ тропу Трояню

                                    чресъ поля на горы

 

— Б —

01.

Были вечи Трояни, минули лета Ярославля; были полци Олговы, Олга Святьславличя. То бо Олег мечом крамолу коваше и стрелы по земле сеяше; ступает в злат стремень в граде Тьмуторокане, — той же звон слыша давный великый Ярославль сын Всеволод, …

Были вечи Трояни,

минули лъта Ярославля

были полци Олговы,

Ольга Святьславличя.

То бо Олегъ мечемъ крамолу коваше

и стрълы по земле съяше.

Ступаетъ въ златъ стремень въ градъ Тьмутороканъ,

той же звон слыша давный великый Ярославль,

а сын Всеволожь, …

— В —

01.

Уже бо, братие, не весёлая година въстала, уже пустыня силу прикрыла. Встала обида в силах Даждьбожа внука, вступила (вступилъ) девою на землю Трояню, всплескала лебедиными крылы на синем море у Дону: плещучи, упуди (убуди) жирня времена. Усобица князем на поганыя погыбе …

02.

Уже бо, братие, не весёлая година въстала,

уже пустыня силу прикрыла.

Въстала обида въ силахъ Даждьбожа внука,

вступила дъвою на землю Трояню,

въсплескала лебедиными крылы

                        на синем море у Дону;

плещучи, упуди жирня времена.

Усобица князем на поганыя погыбе, …

— Г —

01.

Тогда великий Святослав изрони злато слово, со слезами смешено, и рече: » …

… Ярославе и вси внуце Всеславли! Уже понизить стязи свои, вонзить свои мечи вережени — уже бо выскочисте из дедней славе. Вы бо своими крамолами начясте наводити поганыя на землю Рускую, на жизнь Всеславлю. Которою (которое) бо беше насилие от земли Половецкыи».

На седьмом веце Трояни връже Всеслав жребий о девицю себе любу. Той клюками подпръся, оконися (о кони) и скочи к граду Кыеву, и дотчеся стружием злата стола Киевского. Скочи от них лютым зверем в полночи из Белграда, обесися сине мьгле; утръ же (прачытаньнеіи сэнс словаў ня ёсьць яснымі) вознзи (воззни) стрикусы (прачытаньне і сэнс словаў ня ёсьць яснымі), отвори врата Новуграду, расшибе славу Ярославу, скочи волком до Немиги с Дудуток. На Немизе снопы стелют головами, молотят чепы хоролужними, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровавы брезе не бологом бяхуць посеяни — посеяны костьми руских сынов. Всеслав князь людем судяше, князем грады радяше, а сам в ночь волком рыскаше; из Кыева дорыскаше до кур Тмутороканя, великому Хорсови волком путь прерыскаше. Тому в Полотске позвониша заутреню рано у святыя Софеи в колоколы, а он в Кыеве звон слыша. Аще и веща душа в дръзе (друзе) теле, но часто беды страдаше. Тому вещий Боян и первое припевку, смысленый, рече: «Ни хытру, ни горазду, ни пытцю (птицю) горазду суда божиа не минути»

02.

Тогда великый Святъслав

изрони злато слово

            со слезами смешено

                                   и рече: » …

……………………………………………………….

… Ярославли и вси внуце Всеславли!

Уже понизите стязи свои,

вонзите свои мечи вережени.

Уже бо выскочисте изъ дъдней славъ.

Вы бо своими крамолами

начясте наводити поганыя

                        на землю Рускую,

                        на жизнь Всеславлю.

Которою бо бъше насилие

                        от земли Половецкыи».

 

На седьмомъ въцъ Трояни

връже Всеславъ жребий

            о дъвицю себъ любу.

Тъй клюками подпръ ся, о кони

и скочи къ граду Кыеву

и дотчеся стружиемъ

            злата стола киевского.

Скочи отъ нихъ лютымъ зверемъ

            въ плъночи изъ Белграда,

объсися синъ мьглъ утръже вазни

с три кусы отвори врата Новуграду,

разшибе славу Ярославу,

скочи волкомъ

            до Немиги съ Дудутокъ.

На Немизъ снопы стелютъ головами,

молотятъ чепи харалужними,

на тоцъ животъ кладутъ,

веютъ душу отъ тъла.

Немизъ кровавы брезъ

            не бологомъ бяхуць посъяни —

            посъяны костьми рускихъ сыновъ.

Всеславъ князь людемъ судяше,

княземъ грады радяше,

а сам въ ночь влъком рыскаше:

изъ Кыева дорыскаше до куръ Тмутороканя,

великому Хръсови влъком путь прерыскаше.

Тому в Полотьскъ позвониша заутренюю рано

            у святыя Софеи въ колоколы,

а он в Кыеве звон слыша.

Аще и въща душа в дръзъ тълъ,

нъ часто бъды страдаше.

Тому въщий Боянъ

            и пръвое припъвку, смысленый, рече:

                                   «Ни хытру,

                                   ни горазду,

                                   ни птицю горазду

                                   суда божиа не минути»

° ° °

У выніку, мы маем наступныя «траяньскія» зьвесткі з урыўкаў:

А — існуе «сьцежка Трояні» ў якую можа (павінен) рыскаць (імкнуцца)

Баян праз палі ў горы, каб ўславіць ваяроў, папярэдне «праскакаўшы» па «мысленну дрэву» аж да неба «пад воблакы», зьвіўшы ў адно «славы абодва полы» гэтага часу, то бок -у рэчаіснась. Баян павінен яшчэ знайсці яе, тую «сьцежку», настроіцца, каб выканаць слушна сваю справу: прыгожа, як салоўка сьпець хвалу – «ущекотать».

Б — былі (значыць — прамінулі) вякі Траяні, мінулі лета Ярославля, …

былі палкі Олговы (і «прамінулі»)…   — Магчымы парафраз зь «Эклізіяста» , — мінулае, якое можа вярнуцца, бо «ўсё вяртаецца на кругі свае … і ёсьць «суета-сует» … »

В — вступіл де вою на землю Трояні … (Чаму гэтым незадаволеныя

     «сілы» – ратнікі Даждьбожа ўнука і хто ён, ці Ігар?). Ёсьць «зямля

   Траяні»,   сучасная князю Ігару.

Г — на седьмом веке Трояні … Зь імем «Траяні» зьвязаныя сем вякоў

     (завершаны цыкль – «круг») у апошні з каторых народжаны полацкі

     князь Усяслаў Брачыслававіч, як пазнака канца цыклю. Завершаецца

    «эпоха Траяні».

Бяручы пад увагу тое, што мы маем справу з хрысьціянскім аўтарам і «талерантны чалавек Рэнесансу» яшчэ не зьявіўся, а таксамаі час напісаньня твора, мяркую, што правільны адказ на гэтую гістарычна-паэтычную шараду – Сьвятая Тройіца. То-бок Вялікі Адзіны Бог, трыадзіная сіла трымаючая Сьвет, (У сэньсе — першакрыніца «Мульціверсума Сусьветаў», сучаснаю моваю гаворачы. Ня блытаць са зьместам і выяваю «Тройіцы» Рублёва).

Дарэчы, менавіта хрысьціянскі сэнс маюць словы Святаслава: “Ингваръ и Всеволод и все три Мстиславичи, не худа гнезда шестокпылцы. …” Гэта ёсць пахвала, канстатацыя-параўнаньне князёў з шасьцікрылымі серафімамі. Серафімам ёсьць, паводле біблейскіх тэкстаў, напрыклад Міхаіл (“Падобны Богу”). Яго адвечным супраціўнікам ёсьць Сатана, таксама серафім, але ён кіруе гірархіяй адпаўшых ад Бога анёлаў.

Паспрабуем трактаваць сэнс паэмы, зыходзячы зь гэтае гіпотэзы і надалей, — атрымліваем:

«Сьцежка (вузкі, праз этычныя і іньшыя абмежаваньні, шлях) Трояні» — праўдзівы, адзіны шлях да асэнсаваньня рэчаіснасьці – праз «ракурс» хрысьціянскае веры ў трыадзінага Бога.

«Вякі Траяні». Да нараджэньня Чарадзея – сем (закончаны цыкль) — эпоха Траяні, то-бок час ад кананізацыі атрыбутаў «канстанцінаўскага» хрысьціянства, веры ў трыадзінага Бога (гл. на прыканцы артыкула «Даведку аб імпэратары Канстанціне і пачатку дзяржаўнага ў Хрысьціянства»), кансалідацыі высілкаў царкоўных установаў — да «схізмы» 1054 года, падзелу адзінае царквы праз «сем вякоў», што ўспрымалася як катастрофа, заканьчэньне цыклю. Аўтар «Слова» марыць аб аб’яднаньні высілкаў хрысьціянаў і ў першую чаргу – князёў Кіеўскае Русі.

Зыходзячы з часу нараджэньня Усяслава Чарадзея (каля 1029 г.), які выступае ў «Слове» як сымбаль тае катастрофы, знак канца эпохі Траяні, за кропку пачатку гэтае эры слушна прыняць дату 11-га траўня 330 г., час пераносу сталіцы ў «Новы Рым» (былы гэцкі Бізантый) — Канстанцінопаль, то-бок розьніца складае дакладна семсот год!

Сьвет быў тады больш вольны для падарожнікаў і інфармацыі. Зьвесткі перадаваліся марудна падарожнікамі рознага кшталту, але ня было непераадольных дзяржаўных межаў. Таксама існавалі сталыя сувязі паміж хроысьціянскімі суполкамі і цэрквамі.            Праз такія сувязі, ў 11-12 вякох ўжо павінна было склацца адчуваньне пэўнае адзінае хрысьціянскае прасторы, ў фармаваньні якой вялікую ролю адыгралі бізантыйскія варажскія дружыны, якія таксама меліся і ў славянскіх князёў.

На прыканцы 11-га веку сталіся вялікія праблемы у Бізантыйскае імпэрыі з наступам ісляму і войнамі. Паралельна адбывалася ўзмацненьне пазіцый Папы (Рымскага) на захадзе, рост яго аўтарытэту. Пачаліся больш цесныя стасункі паміж падзеленымі часткамі Царквы і справа пачала йсьці да аб’яднаньня Хрысьціянства. Папа Урбан ІІ вырашыў дапамагчы Бізантыі ў супроцьстаяньні з музульманствам, тым больш, што тое працягвала практыку рэканкісты. Гэта падштурхнула яго да пропаведзі неабходнасьці адпраўкі войскаў у Сьвятую Зямлю і вызваленьне Гроба Гасподняга. Так пачалася эпоха Крыжовых паходаў.

Слова аб 2На гэтае вядомае заходнеэўрапейскае «гнастычнае» іконе 16-га веку сутнасьць ідэі «Траяні»- Трыадзінага Бога вельмі добра паказаня.

Самаю позьняю датаю напісаньня паэмы дасьледчыкі лічаць май 1196 года, час сьмерці Ўсевалада Сьвятаславіча (бо ў тэксьце ён пададзены як яшчэ жывы). Штуршком жа для напісаньня «Слова» магчыма быў ня толькі няўдалы паход Ігара, які зьяўляецца збольшага фабулаю, што трымае складнікі твору разам, але й кастрычнік 1187 года, калі войскі султана Саладзіна завалодалі сьвятым горадам Іерусалімам.

Аднак, мы маем справу з творам-кампіляцыяй, складнікі якога маглі быць напісаныя ў розныя часы, а сабраныя пазьней. Тады ёсьць верагоднасьць, што штуршком для напісаньня «Слова» стаўся захоп Канстанцінопаля крыжакамі ў 1204 годзе пад час Чацьвёртага крыжовага паходу і зьяўленьне замест Бізантыі (зямлі Траяні) – «Лацінскае імпэрыі», што праіснавала да 1261 года. Гэтая падзея больш падыходзіць для яе сучасьнікаў па маштабу як «канец эпохі Траяні» — эпохі адноснага адзінства кананічнага «канстанцінавага» дзяржаўна-імпэрскага Хрысьціянства. Ў гэтым разе, гісторыя самаго князя Ігара становіцца толькі зьнешняе алегорыяй, фармальнае нагодай, каб выказаць спадзеў на пераадоленьне катастрофы, што навісла над Хрысьціянствам. Ня выключана, што тады ж і ўзьнікла ідэя абнаўленьня Хрысьціянства і “Трэцяга Рыму”, як Сьвятого царства Трыадзінага Бога па канцы “Другога Рыму” — Бізантыі, як новага цыклю існаваньня хрысьціянскае дзяржавы. Але тое ўжо зьвязанае з генезісам княсства Маскоўскага і комлексам цюрка-музульманскіх ўплываў.

Дарэчы, калі б у паэме йшлося толькі пра “адзінства Зямлі Рускае”, як тое звычайна кажуць і абароне яе ад усякага ліха, то чаму ані словам не гаворыцца аб Крыжовым паходзе 1147 года супроць паўночна-заходняга славянства: бодрычаў, люцічаў і памаранаў? Тое побач з Чырвонаю Русьсю –Галічынаю і яе палітычна і эканамічна таксама тычылася. Гэтыя падзеі, на маю думку, маглі застацца па-за ўвагаю аўтара, бо пералічаныя плямёны былі паганцамі на перэферыі “Кіеўскага Славянскага сьвету” і ў тэму “катастрафічнага пераходу Хрысьціянства ў новы цыкль” ня ўпісваліся.

«Зямля Траяні» — тэрыторыя, прыналежная Бізантыйскае (Ўсходнерымскае) Імпэрыі, як крыніцы «канстанцінаўскага» хрысьціянства і дзеючага царкоўнага канону Сьвятой Троіцы. Выглядае, Ігар з войскам трапіў на Бізантыйскае памежжа, ці на вассальную імпэрыі тэрыторыю. Воям тое не спадабалася магчымымі наступствамі …

У кантэксьце – «Даждьбожы ўнук» — нашчадак былых паганцаў … Магчыма першапачаткова тэкст тычыўся таксама Ўсяслава Чарадзея, але тое, як і сапраўдны сэнс гэтае яго часткі, высьветліць нельга бяз страчанае першакрыніцы.

Такое разуменьне Траяні — Траяна вымалёўвае зусім нечаканыя накірункі разуменьня тэксту паэмы.

Магчымае прачытаньне-пераклад:

Фрагмэнт — А — аналіз:

Па-першае «палкі» тут трэба хутчэй за ўсё разумець як «вайсковы чын», а не шыхты ваяроў, бо ўся слава – князю. То-бок адэкватны сэнс – «вайсовы паход».

     У гэтым, хрысьціянскім, кантэксьце «сьцежка Траяні» для Баяна, гэта «шлях Боскае праўды» — праўдзівае апісаньне падзей, рэальных ўчынкаў у іх сувязі, шлях «гістарычнае рэчаіснасьці», асьвечанае сапраўдным трыадзіным Богам.

Пераклад:

О Баяне, салоўка прамінулых часоў!

Апеў бы ты гэтыя паходы вайсковыя,

скочучы ўслаўленьнем па мысьленну дрэву,

сягаючы розумам да ваблокаў,

сплятаючы ва ўслаўленьні гэтым абодва бакі часу,

імкнучыся шляхам Боскае Праўды

праз палі на горы. (ўспамінаючы рэальныя падзеі).

Фрагмэнт — Б — аналіз:

З апісаньня паўстае малюнак паступовага разбурэньня парадку і згасаньня “славы”, то бок сілы хрысьціянства і хрысьціянскіх князёў. Алег жа Сьвятаслававтч пададзены яе спадкаемца справы “вялікага Яраслава” ў сілавым распаўсюдзе “канстанцінаўскага хрысьціянства”.

Гэты фрагмент апісвае Алега, як падаўжальніка справы Яраслава і вобразна супроцьпастаўляе яго і “яго справу”, што ідзе ад пачатку “вечаў Траяні». Цьмутаракань жа у гэтым кантэксьце памянёная, як адметнае мейсца падзей, дзе Алег тое здзейсьніў.

Вобраз Алега (як і іньшых “Яраславічаў”), мачымы напамін і аб постаці і дзейнасьці “Вешчага Алега” і ў “Слове …” выпісаныя як альтэрнатыва Вяшчуну-ж Усяслву-Чарадзею. У тым ліку супроцьпастаўляюцца і іх гістарычныя шляхі-“справа”. У фрагменьце “Г” тое супроцьстаяньне разглядаецца ужо праз вялікі час, на ўзроўні наступных генерацый, -«унукаў” і пададзенае там як варажнечая альтэрнаціва, што прывяла да разладу і заняпаду, — апісанаму ў фрагменце “В”.

Пераклад:

Былі вякі Траяні,

мінулі гады Яраслававы,

былі палкі Алегавы,

Алега Сьвятаславіча,

так было, што Алег іншадумства (ерасі) мячом пляжыў

і стрэламі зямлю засяваў; (калі ж) ступаў у залаты стрэмень (на каня сядаючы) у Цьмутаракані-горадзе, — а той звон чуў даўні вялікі Яраслаў,

сын (жа яго) Усевалад …

 Фрагмэнт — В — аналіз:

Зямля Траяні – Бізантыйская Імпэрыя. Відаць Ігар з войскам прыйшоў на землі ёй прыналежныя, што магло прывесьці да пакараньня, “ўпудзіць удачу”, прагнаць ўдалыя , сытныя часы…

Што да “Даждьбожага ўнука”, то выраз можна трактаваць як “былы паганец”, ці «нашчадак паганца», — гэта можа быць кавалкам страчанага тэксту і тычыцца таксама Ўсяслава-Чарадзея.

Разуменьне выраза “лебядзіныя крылы” як рамантычнае прыгажосьці –тое расейскае вынаходніцтва 18-га веку. Ў эўрапейскае традыцыі гусі-лебедзі прыносяць бяду і няшчасьце. Часта ёсьць “адмоўным пэрсанажам”. Таму “крылы лебыдзіныя” – можна тлумачыць як “крылы бяды”!

Пераклад:

(Цяпер ужо) браты не вясёлы час настаў,

ўжо пустэльня войскі схавала.

Паўстала крыўда ў шыхтах Даждьбожага ўнука,

што ступіў дзе (таму што) вою (ваяр) на зямлю Траяню,

залапатала (крыўда) лебядзінымі крыламі

на сінім моры каля Дону;

плёскатам тым прагнала удалыя часіны.

Усобіца князю на паганых замінае, …

Фрагмент — Г- аналіз:

Гэты эпізод дасьледчыкі звычайна называюць “Залатым словам” Сьвятаслава, што ён “ізроні” і разглядаюць тэкст, што ідзе далей як ўласна тэкст “Залатога слова, со слезамі сешанного ..” (то-бок, “Слова ў “Слове …””). Але тое не пасуе граматычнае канструкцыі, ў якой славянскія мовы звычайна выкарыстоўваюць глагол у форме, тоеснае глаголу “кажа”, за якім ідзе тэкст сказанага. Тут жа князь “ізрані злато слова”, бо бок, ён ўжо сказаў “залатое слова” (плачучы), а потым зьвяртаецца да маладых князёў. Таму выраз “залатое слова” магчыма разглядаць як паэтычны заменьнік слова “памаліўся”, а потым, ўжо падрыхтаваўшыся, зьвяртаецца да сучасьнікаў і нашчадкаў. Ён зьвяртаецца да сучасных яму князёў, ў тым ліку нашчадкаў Яраслава і “ўнукаў” Ўсяслава, каб тыя спынілі міжсобную варажнечу, што нясе бяду ўсім.

            Тэма заняпаду ад сваркі і супроцьстаяньня пададзена нават праз параўнаньне рэчак: “… і Сула не цячэ..” і “Дзьвіна ў тых грозных палачан мутна цячэ …” . Але, чаму палачане ёсьць “грознымі” для “Яраславічаў”? І чаму, зь якога перляку, ў полаўцаў зьявілася “Зямля”? Зямля, — гэта мейсца сталага побыту, дзе ёсьць больш-меньш пастаяннае жытло. А кыпчакі-полаўцы ж намады-вандроўнікі, у іх “поле”, як тое і напісана ў іньшых мейцах “Слова аб палку…”. Ў “Залатым жа слове” Сьвятаслаў два разы кажа аб “зямлі палавецкае”. Другім разам – зусім не да мейсца: “ … своими крамолами начясте наводити поганыя на землю Рускую, на жизнь Всеславлю. Которою (которое) бо беше насилие от земли Половецкыи».

Што цікава, полаўцы, як ворагі ўжо згадваліся трохі вышэй. Зьвярнуўшыся да Рамана і Мсьціслава, Сьвятаслаў прамаўляе: « … темі тресну земля, і многі страны — Хінова, Літва, Ятвезі, Деремела і Полаўцы — …». Аўтар ясна называе «страна (старана, бок) Палавацкая», чаму ж тут зямля і, «ні з пушчы, ні з поля» — жізнь Всеславля зьвязаная з «насіліем от землі Палавецкае…»? Да таго ж полаўцы-намады зьявіліся ўпершыню ў 1055 годзе ў стэпах на паўднёвым ўсходзе «славянскіх абшараў», у 1061 годзе яны разьбілі войскі Ўсевалада Яраславіча, але не магла ад таго «есць пайсьці земля половецкая»! Намады ў стэпу – Дзікае Поле, якая «зямля», нават для аўтара «Слова…» (пасьля 1185г)?

Гэтыя непаразуменьні можна лёгка зьняць, калі зрабіць іньшае разьбіцьцё тэксту (гіпатэтычна, канешне). Падказка ў тым, што выраз «зямля Палавацкая» заціснутая паміж імем Ўсяслава і яўна ўстаўною часткаю (магчыма з ранейшага летапісу) пра яго жыцьцё і чытаць трэба не «… зямлі Палавецкае.», а «зямлі Полацкае»! Кавалак робіцца цэлым, арганічным і напоўненым сэнсам.

Пасьля чаго аўтар дае кароткі нарыс сваркі “Полацка зь Кіевам” і асобы Ўсяслава Чарадзея ў выглядзе прытчы з маральлю:

«На семым веку Траяні варожыць Усяслаў аб сваім шлюбе (“кідае жрэбій” – шукае зьвесткі пра свой лёс, у паганскім побыце – пытае бога Кона) і становіцца паўнаўладным князем. Клюкамі апершыся аб коней (каб хутчэй пераадолець волакі і значныя кавалі па сушы разам з лодкамі, а ня плыць увесь час доўга вадою), імкліва (нечакана хутка, бо йшоў праз Друцак, а не сярэднім Дняпром) апынуўся каля княжых палатаў з кіеўскаю дружынаю — «стала» ў Кіеве, прыплыўшы («сплавіўшыся» ўніз па цячэньню ракі) вадою – «дотчесе стружыем» (човен, зроблены з аднаго комеля тоўстага дрэва — «струг», множны нявызначаны лік – стружые. Існуе другі варыянт прачытаньня: “стружые” – ручай, стромкая плынь, стромень).

Такі эпізод адсутнічае ў апубікаваных крыніцах, але тэарытычна мажлівы. Гледзячы па храналёгіі гістарычных падзей, недзе каля 1060-га і не пазьней за1065 год (то бок, — паміж супольным паходам на торкаў-берандзеяў і нападам на Пскоў). Прыплыў ён у Кіеў па нейкіх пільных справах ці то па запрашэньні, але адбылося нешта, што яго вельмі абурыла і раззлавала так, што ён «адскочыў ад іх» лютым зьверам, уцёк апоўначы зь “белграду” (г. зн. «белакаменных палат» кіеўскага князя, альбо магчыма нават йдзецца аб Сафіі Кіеўскае). Ён вельмі разьюшыўся, да сіняе мглы ў ваччы і ўжо наступнага ранку — з трох раз узяў прыступам пэўна нейкі невялікі Наўгародак (?) на тэрыторыі Кіеўскага княсства і конна (як воўк, “воўкам” то-бок вельмі спора, як зарас кажуць,“рысьсю”), праз невядомыя пагатоў Дудуткі (хутчэй за ўсё не паселішча, а нейкае вядомае ў той час “гіблае мейсца”, багоньне паміж Дняпром і Прыпяцьцю каля іх злучэньня), ляснымі сьцежкамі міжрэчча дасягнуў спадчынных земляў — памежнае Нямігі. Магчыма тады ён і вырашыў пабудаваць Сафійскі сабор ў Полацку і горад Менск (замак і крэпасьць), альбо ўзмацніць ужо існуючыя, каб мець больш абаронены паўднёва-ўсходні напрамак ад Полацка на княства Кіеўскае. Далей павінны былі б апісвацца падзеі ўзяцьця Ўсяславам Ноўгарада (Вялікага), але тое зацямніла б сэнс літаратурнае задумкі і расьцягнула б аповяд да бясконцасьці, таму аўтар «Слова…» і пераходзіць наўпрост да Няміскае бітвы, што адбылася праз пэўны час, пры пабудаваным ўжо Менску.

Слова аб 1Магчымы шлях князя Ўсяслава ў Кіеў (каля 1060-61 гг) вадою (сінія стрэлкі) і назад, конна па сушы (чырвоныя стрэлкі) як вынікае з тэксту «Слова аб палку Ігаравым”

Што да “Дудутак”, то ёсьць верагоднаосьць, што выраз: “А дудкі табе!” (у сэньсе – ня будзе па-твойму, не атрымаецца, не атрымаеш) — апісвае як раз той выпадак з князем — Чарадзеем і перажыў стагодзьдзі так зьмяніўшыся і захаваўшыся ў народнае гаворцы. Магчыма таксама, што “Дудуткі” – тое не геаграфічны назоў, але граматычная форма і слова, што пазначае “першапачаткопы стан сітуацыі, якая разьвіваецца супярэчна пляну ці жаданьню, адпраўная кропка такога працэсу”, альбо проста сварку, пярэчаньне, непадпарадкаваньне. Тады і сэнсавае прачытаньне гэтае часткі “Слова..” мяняецца, на:- “Ад тых дудутак (таго выпадку, стану) пачаліся падзеі, што прывялі да сутыкненьня на (пры) Нямізе”, альбо “Тыя ж дудуткі да “Нямігі” давялі”.

Дзіўным чынам, аўтар “Слова” параўноўвае гэтую крывавую падзею зь абмалотам збожжа на тацэ, г.зн. тое ня ёсьць проста бітва дзеля атрыманьня перамогі, але здабыча зерня для будучага жыцьця, нейкі плён,- аддзяленьне зерня ад мякіны (палавіньня):

  • там галовы сьцелюць як снапы (на таку), малоцяць іх цэпамі закалёнымі, на тым тацэ жыцьцё кладуць, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі пакрыты не мякінаю-палавіньнем, а целамі — «касьцьмі» ваяроў. То бок, душа ёсьць «асноўным прадуктам» таго «абмалоту» — крывавага «ачышчэньня»…

Пасьля ў тэксьце ўжо аніякіх гістарычных падзей — толькі апісаньне асобы Ўсяслава Чарадзея на кіеўскім княжэньні. Ён:

  • спраўляў правасудзьдзе паміж падданымі – быў заканадаўцам і судзьдзём;
  • князям гарады даваў, то бок быў вышэйшы, магутнейшы за іх – Вялікім Князем;
  • ня вельмі лічыўся й з багамі паганскімі, хоць і «меў справу» зь імі– самаму Хорсу (Сонцу) шлях воўкам перабягаў (як свае роўні);
  • меў незвычайныя здольнасьці ноччу, магчыма ў сьне, бачыць падзеі (толькі пытаньне, наколькі рэальныя?) на вядомых яму землях ад Кіева нават аж да «кур»- (дымячых комінаў) Цьмутаракані;

Магчыма, таксама разглядаць гэты выраз, «…а сам ноччу ваўком рыскаў:з Кіева сягаў кур Цьмутараканя …”, як указаньне на тое, што Цьмутурукань была ідэйнаю крыніцаю яго дзейнасьці ў Кіеве пад час княжэньня. То бок, калі Баян “скача … па Мысьленну дрэву”, то Ўсяслаў “воўкам рыскаў” і да таго ж ноччу.

Таксама, як: Усяслаў туды скача, а Алег жа там “ерасі пляжыў” (урывак Б).Пэўным ключом да ідэйных поглядаў і стану Ўсяслава Чарадзея мог бы быць аналіз яго выявы ў значна пазьнейшым Радзівілаўскім летапісу (бо аўтар яго карыстаўся пэўна страчанымі зарас крыніцамі), але я, на жаль тое зрабіць ня здольны.

 

  • мог пачуць, ці адчуць званы Полацкае Сафіі, знаходзячыся ў Кіеве (валодаў дарам незвычайнага «ўнутранага слыху», альбо проста — настальгія?).

І падсумаваньне: «А калі і вешчая душа ў дзерзкім целе, — тое ад пакут не пазбаўляе» (магчымы намёк на наступныя мукі ў пекле). Мараль жа з гэтае гісторыі выводзіцца вуснамі Баяна.

Пераклад:

Тады вялікі Сьвятаслаў

прамовіў малітву (шчыра памаліўся)

                        са сльзьмі зьмяшаную (плачучы)

                                                           і кажа: …

… Яраславічы і нашчадкі Ўсяслава!

Ужо ж прыспусьціце сьцягі свае, (умерце пыху)

схавайце мечы варажнечы (заварожаныя, заклятыя?) свае.

Бо дзедаву славу зганьбіце.

Таму што сваім іншадумствам (ерасямі)

нячыстым(і) (прыцягваеце) паганства

                        на зямлю Рускую,

як пры жыцьці Ўсяслава.

Што (калі) была сіла ўжытая ад зямлі Па(о)ла(ве)цкае

На сёмым веку Траяні

варожыць Усяслаў, Кона пытаючы

                        аб дзяўчыне сабе ў жонкі.

Дый апёршыся клюкамі аб коней

скача да горада Кіева

і дайшоў (даплыў) стружыем (да)

                        залатога стала кіеўскага.

Отскочыў (жа) ад іх лютым зьверам

                                   апоўначы зь Белграду,

зшалеўшы да сіняе імглы (ў ваччы), а зранку ўзяў

і з трох спробоў адкрыў вароты (завалодаў) Новага Гораду

разьбіўшы (гэтым) славу Яраслава,

скокнуў як воўк да Нямігі з Дудутак.

На Нямізе снапы сцелюць галавамі,

малоцяць цапамі закаленымі (булатнымі),

на тацэ жыцьцё кладуць,

веюць душу ад цела.

Нямігі крывавыя берагі

            не палавіньнем-мякінаю (будуць) пасыпаны —

            пасыпаны касьцьмі рускіх сыноў.

Усяслаў князь (на “стале” Кіеўскім) людей судзіў (парады даваў),

князям гарады (вотчыны) адраджваў,

а сам ноччу ваўком рыскаў:

з Кіева сягаў кур Цьмутараканя,

вялікаму Хорсу ваўком шлях перабягаў.

Таму (калі) ў Полацку пазвоняць на раняшнюю малітву рана

                        ў (храме) сьвятое Сафеі ў званы,

то ён у Кіеве (той) звон чуе.

(Нават) калі і вешчая душа ў дзёрскім целе,

але часта бядуе (чалавек), пакутуе.

З таго (пра гэта) вешчы Баян

            склаў прыпеўку, разважны, і кажа:

“Ні хітраму,

ні спрытнаму,

ні дапытліваму

суда Божіа не мінуці”

Высновы:

Вельмі верагодна, што Вялікі князь Усяслаў Брачыслававіч полацкі (Чарадзей) прэтэндаваў на «Кіеўскі стол» ці не ад пачатку свайго княжэньня.

Згодна лёгіцы тэксту «Слова …», меў мейсца раптоўны, нечакана хуткі, прыезд Усяслава Полацкага ў Кіеў, магчыма- на «савет князёў» — перамовы, дзе адбылася нейкая сварка (магчыма на ідэйна-рэлігійнае глебе), што зрабілася штуршком для наступнага супроцьстаяньня, ўзяцьця Ноўгарада Вялікага і Нямісскае бітвы, якія мелі апроч таго і вялікія эканамічныя, стратэгічныя чыньнікі-матыватары ў барацьбе за ўладу і сфэры ўплыву.

Выраз «На сёмым веку Траяні варожыць Усяслаў…» ёсьць папрокам князю, які займаецца варажбою пагатоў, нават праз сем стагодзьдзяў пасьля кананізацыі «Сымбаля Веры» і вучэньня аб сьвятое Троіцы — «Траяні» (ў тэксьце). То-бок, аўтар разглядае Ўсяслава як вераадступніка і паганца, таму і характэрызуе яго як чалавека, што мае нечалавечыя рысы, «ваўчыны» характэр: «скокнуў лютым зьверам», «воўкам перабягаў» і г.д. Ён вымалёўвае такім чынам постаць Усяслава Чарадзея як сымбаль канца эпохі Траяні, вобраз накшталт «вершніка апакаліпсісу».

Наступныя вайсковыя падзеі і Бітва на Нямізе разглядаюцца аўтарам «Слова аб палку Ігаравым» у ракурсе справы канстантынаўскага Хрысьціянства, барацьбы з Паганствам й разбурэньня капішчаў. Бітва на (пры) Нямізе, з пункту гледжаньня аўтара «Слова аб палку Ігаравым», мае характар рэлігійнае вайны.

Супроцьстаяньне полацкага князя Ўсяслава Брачыслававіча (Чарадзея) зь кіеўскім «Сталом» мела ня толькі палітыка-эканамічныя вытокі, але і ідэйныя, хутчэй за ўсё — рэлігійныя. Сам Усяслаў, хоць і паказаны паганцым, але пэўна быў хрысьціянінам іньшага накірунку і ставіўся да паганскіх багоў без павагі. Зрэшты, выяву на яго пярсьцёнку можна трактаваць як знак прыналежнасьці да адной з гнастычных хрысьціянскіх школаў і гэта неяк зьвязана з Цьмутараканьню. З гледзішча сучасьніка ён быў ці не наагул атэістам!

.Магчымая лягічная паралель у тканцы гэтае гісторыі — княжэньне Ўсяслава ў Кіеве і стварэньне «Лацінскае імпэрыі» ў Канстанцінопале, у тым выпадку, калі «Слова …» было складзена пасьля 1204 года.

«Слова аб палку (паходзе) Ігаравым» не магло быць складзена ў Полацку альбо Смаленску, але найбольш верагодна – ў Кіеве.

Асноўнай тэмаю «Слова …» ёсьць аднаўленьне адзінства Хрысьціянства і Кіеўскае Русі княжаю воляю, праз адзінства яе князёў на тле рэлігійных закалотаў, пад час расколу і супроцьстаяньня ў Хрысьціянсім сьвеце. Паход жа Ігара ёсьць толькі фабульным ходам для выкананьня гэтае задачы

На прыканцы, мушу зьвярнуцца з прапановаю, каб Ўсяслава Чарадзея, князя Полацкага, надалей тытуляваць, пры нагодзе, Вялікім князем Полацкім. Зрэшты ён і так ёсьць адзін зь Вялікіх князёў, праўда Кіеўскіх – з гісторыі тое ня выкінеш.

° ° °

Даведка (на груньце «Вікіпедыі»):

Імпэратар Канстанцін,

абдзяржаўленьне хрысьціянства

альбо “канстанцінаўскае хрысьціянства”.

 

Канстанцін (Вялікі) — імпэратар з 306 году, ад 323 года – адзіны паунаўладны правіцель. Арганізаваў дзяржаву (імпэрыю) на новых прынцыпах, з 330 г. – яе сталіца ў Бізантыйі.

Праз Берасьцейскую Унію (“Уніяцтва” — існуе ад 1596 году, на міейсцы заснаваньня зарас узвышаеца знакамітая «Брэсцкая крэпасьць — герой») яго імя ўвайшло таксама ў сьпіс сьвятых рыма-каталіцкае царквы. Шануецца ў храмах з усходнім абрадам.

У пошуках шляху да патрэбнае яму формы адзінаўладзьдзя ён спрабаваў многія варыянты: ў 310 годзе яму было прымроіўся Бог Сонца ў сьвяшчэнным гаі Апалёна. Але ўжо ў 312, пад час вайны з Максеіцыем, яму ў ва сьне зьявіўся Хрыстос і сказаў накрэсьліць на шчытах і харугвах грэцкія літары Р і Х (у выглядзе “хрыстаграмы”). Наступнага ж дню Канстанцін убачыў на небе таксама выяву крыжа і пачуў голас “Гэтым пераможаш”.

Пасьля перамогі над Ліцыніем ў 313 годзе, Канстанцін настойваў на прыняцьці свабоды веравызнаньня і ўвёў яго спецыяльным эдыктам, па катораму ўсе рэлігіі аб’яўляліся роўнымі ў правах, але вялікая ўвага была нададзена хрысьціянству. Загадана было вярнуць ўсю маёмасьць, адабраную пад час перасьледу Хрысьціянства і кампенсаваць выдаткі на гэта. Некаторыя дасьледчыкі трактуюць такі крок як прызнаньне хрысьціянства дзяржаўнае рэлігіяй. Так ці не, але хрысьціянства паступова набывае рысы рэлігіі дзяржаўнае.

З 319 года царква і клір былі пазбаўленыя ад падаткаў і вызваленыя ад дзяржаўных павіннасьцяў, а з 321 года ім было нададзена права набываць нерухомасьць і валодаць ёю. Пры гэтым, Канстанцін актыўна ўмешваўся ў царкоўныя справы.

У гэты час у царкве ўзьнікла “трынітарная спрэчка” паміж александрыйскімі сьвятаром Арыем і япіскапам Аляксандрам, які ў публічным абмеркаваньні ўжыў выраз: “Бог ёсьць Троіца ў Адзінцы і Адзінка ў Троіцы” (калі верыць такое фармулёўцы ў “Вікіпедыі”). Арыян жа ўбачыў у гэтым “савельянства”, якое вучыла што Пастаці Сьвятое троіцы ёсьць ня вечнымі Асобамі, а толькі праявамі, гранямі, “модусамі” (адсюль яшчэ аддзін назоў ерасі – “мадалізм”) Адзінага Бога і іх можа быць колькі за ўгодна ў розныя часы. Але ў свае “глыбі Босства” (падобна выказваліся таксама Лайола, Экхарт, Бярдзяеў і інш.) Бог абсалютна адзіны і праяўляе сябе ў Сьвеце ў трох Постацях толькі з аднай яму ведамае нагоды.

Да гэтае, падобнымі ёсьць ерасі катараў, альбігойцаў і іньшых, што казалі што Тры Постаці Сьвятое троіцы праяўляюць сябе ў чалавечае гісторыі не адначасна і разам, а па чарзе. Эпоха Старога Запавету была эпохаю суворага Бога Бацькі, эпоха Новага Запавету ёсьць эпохаю другое Постаці Троіцы – Бога Сына, альбо Іісуса Хрыста, а надыходзячае пасьля Апакаліпсісу “жыцьцё будучагна веку” будзе эпохаю Сьвятога Духа.

Канстанцін сазваў Нікейскі Сабор ў 325 годзе, на каторым падтрымаў Аляксандра супроць Арыяна. Там жа ён сказаў: “Вы – япіскапы ўнутраных справаў царквы. Я – пастаўлены ад Бога япіскап справаў зьнешніх”. Арыянства было асуджанае, Арый з часткаю прыхільнікаў – сасланыя.

На Нікейскім Соборы таксама быў прыняты, кананічна сфармуляваны, Сымбаль Веры (формула веравызнаньня, асноўным сэнсам яго ёсьць тэзіс аб сутнасьці босскае трыеднасьці і веры ў Адзінага Бога), ўстаноўлена правіла вызначэньня дня сьвяткаваньня Пасхі. Япіскапы паразумеліся, што Хрыстос быў “учалавечыўся”, то бок меў ня толькі чалавечае цела, але й душу.

Новая эпоха – новая сталіца: у 324 годзе было пачатае будаўніцтва новага сталічнага гораду на мейсцы старажытнага грэцкага Бізантыя на беразе Басфора. Афіцыйна, 11 траўня 330 года, туды была перанесеная сталіца імпэрыі, Бізантый пераназвалі ў Новы Рым. Але назоў не прыжыўся, а горад стала называлі Канстанцінопалем.

Сам Канстанцін прыняў хрост толькі перад сьмерцю ў 337 годзе і ад арыянскага япіскапа. Яго наступнік, Канстанцы (337 — 361) быў прыхільнікам арыянства. Супроцьстаяньне арыянцы – нікейцы працягвалася і часам пераходзіла ва ўзброеныя сутыкненьні. Доўжыўся й мацнеў перасьлед паганства, іньшых культаў, што суправаджалася таксама рабаваньнем і руйнаваньнем іх храмаў.

Наступны “Сусьветны Сабор” быў сазваны ў 381 годзе ўжо імпэратарам Феадосіем (правіў з 379 па 395 гг) у Канстанцінопалі. На ім зацьвердзілі дагмат аб зыходжаньні Сьвятога Духа ад Бога Бацькі, аб роўнасьці і адзінасутнасьці Бога Духа Сьвятога зь інньшымі асобамі Сьвятое троіцы – Богам Бацькам і Богам сынам. Таксама дапоўнілі і зацьвердзілі Сымбаль веры. У выніку прынятых саборам «орг-рашэньняў» таксама склалася “пентархія” – пяцёрка галоўных япіскапскіх кафедр (памесных цэркваў) Хрысьціянскага сьвету.

Вельмі значную ролю ў гэтым працэсе пашырэньня канстанцінаўскага хрысьціянства, прынамсі ў землях славянаў, адыгралі нордманы. Хоць тое непасрэдна тычыцца “хрышчэньня Русі” і часоў Ўсяслава Чарадзея, але падзеі гэтыя аддаленыя на амаль пятьсот год ад заснаваньня Канстанцінопаля і патрабуюць асобнае гаворкі.

Храналёгія праўленьня Ўсяслава Брачыслававіча Полацкага (Чарадзея).

 1029 (прыкладна) — нараджэньне ў Полацку (?).

1044 — князь Полацкі (па бацькавае сьмерці).

1060 — паход у складзе аб’яднанага войска на Торкаў — За ўдзел атрымаў Воршу

і Копысь (?). Пачатак будаўніцтва Сафіі Полацкае

1065 — нападае на Пскоў

1066 — «бярэ на шчыт» Ноўгарад (Вялікі)

1066 – (магчыма) захоплівае Наўгародак

1067 — бітва на Нямізе

1068 — княжэньне ў Кіеве

1069 — бой на чале ваяроў Водзі з войскамі наўгароцкага князя Глеба            Сьвятаславіча. Параза і Ўсяславаў палон, імгненнае вызваленьне зь яго.

1071 — выганяе з Полацка Сьвятаполка і вяртае сабе вотчыну.

1078 — нападае на Смаленск і паліць яго ў помсту (?) за паход Манамаха на            Полацк.

1101 -14 красавіка ў гадзіну папалудні, ў сераду — памірае.

Аўтар: Язэп Паўловіч