Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Рэха рамантычнай ідэалогіі ў сучасных грамадска-палітычных працэсах

Працягваем публікацыю дакладаў, якія былі выданыя ў зборніку «Праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі» і прайшлі абмеркаванне на Міждысцыплінарнай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай разгляду праблем сучаснай беларускай ідэалогіі, якая адбылася 3 лістапада 2012 года ў Менску. Вашай увазе прапануем даклад культуролага Ірыны Шумскай. 

Выдатны мысляр мінулага стагоддзя Хосе Артэга-і-Гасэт недарэмна звяртаў увагу на адну з найбольш вялікіх, на яго думку, сацыяльных небяспек, а менавіта на палітызацыю чалавека. Пад гэтым іспанскі філосаф разумеў усё больш заўважнае пераўтварэнне індывіда ў “палітычную жывёлу”, але зусім не ў арыстоцелеўскім сэнсе, што падкрэслівае грамадскую прыроду асобы, а ў сэнсе таго, што сучасныя людзі усё мацней і мацней трапляюць пад уплыў палітычных ідэалогій.

У сваім шырока вядомым творы “Паўстанне мас” (1930 г.) мысляр адзначаў, што ў цяперашні час ўлада часта аказваеццца ў руках людзей з натоўпу, якія не ведаюць прынцыпаў кіравання і далёкія ад культурных здабыткаў мінулага:

“Усе былыя цывілізацыі гінулі з нагоды недастатковай абгрунтаванасці сваіх прынцыпаў, а еўрапейскай цывілізацыі, здаецца, пагражае, супрацьлеглае. Зараз ужо сам чалавек не паспявае крочыць адпаведна з прагрэсам, па шляху якога няўхільна рухаецца цывілізацыя. Цывілізаваным стаў свет, але не чалавек, які ў ім жыве і нават не прыкмячае гэтай цывілізаванасці… Да ўлады патрапілі людзі, незнаёмыя з прынцыпамі развіцця цывілізацыі” (1).

/1. Ортега-и-Гассет Х. Восстание масс. М., 2001, с. 60.

Надзвычайная палітызацыя жыццядзейнасці людзей нават на побытавым узроўні, няўхільная тэхналагізацыя быцця, а таксама масіфікацыя культуры выклікаюць патрэбу ў індывідуальным самасцвярджэнні, якое, апрача магчымасці азначэння свайго месца ў соцыўме, было б скіравана на гарманізацыю асобы. У сувязі з гэтым актуалізуюцца каштоўнасныя традыцыі рамантызму, што знаходзілі ўвасабленне не толькі ў мастацтве і грамадска-філасофскай думцы, але і ў сістэме палітычных ідэалогій.

Рамантызм як культурны феномен і пэўная ідэйная парадыгма існаваў у еўрапейскай культурнай прасторы з канца XVIII да пачатку ХХ стагоддзя. Гэта быў вельмі складаны перыяд змены эпох, адзначаны вірам надзвычай важных падзей у грамадска-палітычным жыцці і карэннай трансфармацыяй сістэмы светапоглядаў. Менавіта ў эпоху рамантызму назіралася абуджэнне цікавасці да міфалагічных падмуркаў культуры і станаўленне ідэі нацыі з шэрагам адпаведных гэтаму працэсу атрыбутаў.

Ідэйнымі папярэднікамі рамантызму лічацца Іаган Гэрдэр (з канцэпцыяй своеасаблівай народнай душы) і Фрыдрых Шылер (з ідэяй “эстетычнай дзяржавы”), што сфармулявалі тэарэтычныя асновы рамантычнай і кансерватыўнай ідэалогій, якія сталі альтэрнатывай канцэпцыі лібералізму. Адначасова з росквітам філасофіі ідэалізму ў Заходняй Еўропе пачала развівацца рамантычная “ідэалагічная контркультура”, прадстаўленая ў сачыненнях братоў Шлегеляў, а таксама Наваліса, Гёльдэрліна, Шлейермахера. У дачыненні да канцэпту тэарэтыкаў нямецкага рамантызму, Георг Гегель адзначаў наступнае:

“Сапраўдным зместам рамантычнага з’яўляецца абсалютнае ўнутранае жыццё, а адпаведнай формай – духоўная суб’ектыўнасць, якая спасцігае сваю самастойнасць і свабоду” (2).

/2. Гегель Г.В.Ф. Эстетика. Том 2. М., 1969, с. 233.

Паводле меркавання А. Мюлера, свабода асобнага індывіда абмяжоўваецца не толькі свабодай яго сучаснікаў, але і свабодай продкаў. Гэты нямецкі публіцыст і палітолаг пісаў, што па-за межамі дзяржавы права не існуе, яно ператвараецца ў абстракцыю. Эфектыўнае права можа існаваць толькі як нацыянальная ідэя права, што, у сваю чаргу, вынікае з адвечнай нацыянальнай ідэі дзяржавы. А нацыянальная ідэя не павінна падменьвацца імгненнасцю асобнага прававога акта, таму права стаіць вышэй закона.

Увогуле, адной з найбольш значных ідэй нямецкіх рамантыкаў, якая пазней была запазычана кансерватарамі, была ідэя ўзнаўлення Сакральнай рымскай імперыі германскай нацыі, якая прасочваецца і ў сучаснай мадэлі Адзінай Еўропы.

Паняцце нацыі таксама набыло асаблівы змест. “Бацька нямецкага нацыяналізму” Іаган Фіхтэ ў сваіх “Прамовах да нямецкай нацыі” (1806 г.) сцвярджаў, што памкненне нацыі як адзінай цэласнасці да змешвання з нацыямі іншага паходжання і мовы, непазбежна прыводзіць да скажэння яе культуры.

У 1919 годзе, падчас існавання Веймарскай рэспублікі, з’явілася праца нямецкага філосафа і тэарэтыка права Карла Шміта пад назвай “Палітычны рамантызм”. Шміт у сваіх поглядах абапіраўся на кансерватыўную традыцыю, створаную Э. Бёркам і Ж. дэ Местрам, выступаючы з крытыкай палітычнага рамантызму, уласцівага буржуазіі. Ён характарызаваў рамантызм у рэчышчы пазітывісцкай дактрыны, якая не садзейнічае ўмацаванню дзяржавы, а наадварот, руйнуе яе. Заклікаючы да ачышчэння кансерватызму ад рамантычных тэндэнцый, К. Шміт пісаў:

“Рамантычнае знаходзіцца на службе ў іншай, нерамантычнай энергіі, і рашэнні ў выніку пераўтвараюцца ў адно пастаўленае суправаджэнне варожай сілы і варожых планаў” (3).

/3. Schmitt C. Politische Romantik (2. Aufl.) München-Leipzig, 1925, s. 228.

Але, нягледзячы на мноства істотных адрозненняў, рамантыкі і кансерватары былі блізкія адзін адному ва ўяўленнях аб ідэальнай мадэлі дзяржавы, якая не можа мець іншых крыніц, апроч традыцыі. Разам з тым, калі прадстаўнікі рамантычнага светапогляду разважалі пра дзяржаву як пра арганізм, маючы на ўвазе перш за ўсё духоўны змест і разглядаючы біялагічны фактар толькі ў якасці аналогіі дзейснай дзяржавы, дык кансерватары выкарыстоўвалі тут біялагічныя падыходы ўжо больш грунтоўна, улічваючы ролю прыродных умоў у жыццядзейнасці народа.

Пазней ідэйнае супрацьстаянне адносна першаснасці фактараў сацыяльных пераўтварэнняў атрымала новы віток развіцця. Аўтары тэорый мадэрнізацыі (ад К. Маркса да Д. Бэла) сцвярджалі, што зрухі ў сацыяльна-эканамічным развіцці садзейнічаюць ўсеабдымным змяненням і ў сферы культуры. У той жа час аўтары культуралагічных тэорый (ад М. Вэбера да С. Хантынгтона) лічылі, што менавіта культурныя каштоўнасці аказваюць важкі і перманентны ўплыў на развіццё грамадства. Безумоўна, і першыя і другія па-свойму мелі рацыю, але ў кожным канкрэтным выпадку варта ўлічваць мясцовую спецыфіку і адмысловы кантэкст гістарычнай эпохі.

Вяртаючыся да рамантызму, зазначым, што культурна-гістарычная канцэпцыя адносна гэтага феномена, якая пачала дамінаваць у заходняй і айчыннай навуцы ў першай палове ХХ стагоддзя, была пахіснута ў 60-я гады палемічным працамі замежных даследчыкаў Н. Фрая і М. Пэкхема, якія тлумачылі рамантызм не толькі як культурна-гістарычную адметнасць, але і як пазачасовую з’яву. Варта ўзгадаць, што падобную думку яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя выказваў і французскі філосаф А. Жусэн у сваёй кнізе “Рамантызм і эвалюцыя творчасці”.

ххх

На беларускіх землях фрагменты эстэтыкі рамантызму ўзніклі яшчэ ў эпоху Асветніцтва і выявіліся найперш у ідэях Э. Славацкага, Л. Бароўскага, А. Доўгірда, Ю. Галухоўскага, у мастацкіх творах А. Міцкевіча, Т. Зана, Я. Чачота, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага і іншых. Выдатны айчынны філосаф Уладзімір Конан меркаваў:

“Што датычыцца творцаў беларускай паэзіі і драмы, то рамантычная эстэтыка не пакідала іх ад пачынальнікаў нашай літаратуры да яе класікаў ХХ ст., бо паэтычны рамантызм заставаўся нязменным спадарожнікам ідэалогіі і сацыяльнай практыкі беларускага нацыянальнага адраджэння, якое і сёння застаецца няскончаным, да канца не спраўджаным ідэалам”  (4).

/4. Конан У.М. Гісторыя эстэтычнай думкі Беларусі. Том 1 (Х ст. – 1905 г.). Мн., 2010, с. 330.

Першы істотны сацыяльны ўсплеск так званага рамантычнага нацыяналізму ў айчыннай гісторыі прыйшоўся на “нашаніўскі перыяд”, калі адбываўся надзвычай важны этап станаўлення беларускай нацыі. Наступныя адпаведныя ўздымы рамантычных пастулатаў здзейсніліся падчас беларусізацыі ў 20-я і 90-я гг. мінулага стагоддзя.

Рамантычны нацыяналізм звяртаўся, у першую чаргу, да адражэння этнакультурнай ідэнтычнасці, да мабілізацыі тых прыхаваных рэсурсаў, якія пераўзыходзяць крыніцы рацыянальна пабудаванай дзяржаўнасці. У гэтым сэнсе дадзены ідэйны кірунак, бясспрэчна, можа атаясамлівацца з ідэалогіяй, пад якой Карл Мангейм меў на ўвазе такую сукупнасць трансцэндэнтных быццю ўяўленняў, якія ў непасрэднай рэчаіснасці ніколі не дасягаюць увасаблення свайго зместу (5).

/5. Мангейм К. Идеология и утопия / Утопия и утопическое мышление: антология зарубежной литературы. М., 1991, с. 133.

Сёння рамантычная традыцыя па-ранейшаму захоўваецца ў поглядах апазіцыйных лідэраў і грамадскіх актывістаў, перадавой інтэлігенцыі і незалежных творцаў, міжволі набываючы рысы ўтопіі. Бо пераважная большасць насельніцтва цяперашняй Беларусі працягвае знаходзіцца ў рэжыме чакання пераўтварэнняў, спавадаваных звонку, і кіравацца развагамі кшталту алегарычнай фразы з дзіцячай песні: “Прилетит вдруг волшебник в голубом вертолёте и бесплатно покажет кино”.

Парадаксальнае спалучэнне высокай ступені палітызацыі грамадства з нізкім узроўнем яго палітычнай культуры прыводзіць да непазбежнай абсалютызацыі ўлады з адначасовым выкарыстаннем адмысловай ідэалогіі для яе легітымізацыі, што, зрэшты, характэрна для постсавецкіх краін.

У дадзеных варунках месца для рамантычнага дыскурсу у палітычнай сферы таксама знаходзіцца, але ўжо ў істотна трансфармаваным выглядзе. Палітычныя лозунгі пачынаюць абапірацца на пафасную героіку перамогі ў вайне і адстойванне незалежнасці дзяржавы, на ўзвялічванне і нават абагаўленне “правадыроў”, якія надзяляюцца месіянскімі якасцямі, на выкарыстанне канцэпту “змагання” (з ворагамі і тымі, хто перашкаджае краіне набліжацца да светлай будучыні), на міфалагізацыю калектыўнай свядомасці.

Гэты мадыфікаваны псеўдарамантызм, нягледзячы на спрыянне захаванню стабільнасці, неабходнай для эвалюцыі соцыўму ў пераходны перыяд, мае і відавочна негатыўны эфект: з аднаго боку ён прыводзіць да поўнай маргіналізацыі пасіянарнай часткі грамадства, з другой – бюракратычныя інстытуты (і, адпаведна, сілавыя структуры) ў гэткіх умовах пачынаюць узмацняць кантроль над усімі сферамі жыцця, а ідэалагічная місія спрошчваецца да абгрунтавання “правільнасці” дзеянняў дзеючага дзяржаўнага апарата, што ў выніку набліжае краіну да таталітарызму.

Напрыканцы трэба падкрэсліць, што ў эпоху інфармацыйнага буму прыярытэтную пазіцыю ў далейшым развіцці чалавечай цывілізацыі пачынае займаць ужо не колькасць рэсурсаў і ўзровень ўзброенасці разнастайных нацыянальных і над-нацыянальных формаўтварэнняў, а якасць ідэалагічных матрыц, ступень іх распаўсюджанасці і ўкаранення ў свядомасць “апошняга чалавека” (паводле Ф. Ніцшэ), “чалавека натоўпу” (паводле Х. Артэга-і-Гасэта), які заняў трывалае месца на авансцэне гісторыі і грае вядучую ролю ў драматычнай п’есе сучаснасці.

Іншыя даклады па канферэнцыі:

Религия – идеология – программа

В поисках идеологии, способной сплотить расколотое общество

Беларусь – не проект! Нечаянный успех и неоконченная история синтетического национализма.

К вопросу формирования государственной идеологии и национального государства

Беларусь должна быть и должна быть всегда!

Беларуское «большое пространство» как лекарство от комплекса жертвы

Беларуская нацыя на скрыжаванні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *