Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Радзіма Вацлава Ластоўскага

Вацлаў Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі прыйшоў на сьвет 8 лістапада 1883 году. Малая радзіма Ластоўскага – Дзісеншчына, дзе ў засьценку Калесьнікаў жылі ягоныя бацькі-арандатары (цяпер Глыбоцкі раён). Пасля сканчэньня народнай школы здольны да гуманітарных навукаў юнак мусіў самавукам набываць універсальныя энцыклапедычныя веды.

З 1906 года жыў і працаваў у Вільні. У 1906—08 член Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газэты «Наша Ніва», рэдагаваў часопіс «Саха» (1912), «Беларускі сьцяг» (1922), газэту «Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысьціянская злучнасьць» (1915).

Глыбока перакананы, што нацыянальнае адраджэньне немагчымае без вяртаньня народу праўды пра яго мінуўшчыну, Ластоўскі грунтоўна вывучае беларускую даўніну і ў выніку піша “Кароткую гісторыю Беларусі”, якая ўпершыню была надрукаваная ў “Нашай Ніве”, а ў 1910 годзе выйшла асобнай кнігай. У прадмове да яе гаварылася: “Гісторыя – гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу. I нам, каб адбудаваць сваё жыцьцё, трэба пачаць з фундамэнту, каб будынак быў моцны. А фундамэнт у нас важны, гісторыя наша багата: “жатва многа, а делатель мало”, як кажа Сьвятое Пісаньне. Поле пустое, бо сыны Бацькаўшчыны нашай к чужым у найміты пайшлі, чужыя гумны і засекі багацяць! Працу гэтую ахвярую сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю Бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове”.

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

Бясспрэчнае лідэрства ў нашай гісторыі крывічоў і іх нашчадкаў сталася падставаю ўзьнікненьня полацка-крывіцкае канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й культуры. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі й мастацкай інтуіцыі. Пазьней, ужо ў 20-я гады, ён пісаў: “Крывія, Русь, Літва – патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць нашае нацыянальнае “я”…

Адыходзіць удаль, але не замірае імя “Крывія”, “Крывічы”. Недзе ў мінуўшчыне, а таксама глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшаньня, напоўмістычнае імя “Крывія”, якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчальным агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу”.

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

Ластоўскі адзін з аўтараў “Мэмарандуму прадстаўнікоў Беларусі”, які адстойваў права беларускага народу на нацыянальна-дзяржаўнае разьвіцьцё і які быў прадстаўлены ў 1916 годзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Лазане.

У 1918—19 член Віленскай беларускай рады, у сакавіку 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэньні 25.3.1918 незалежнасьці БНР. У лістападзе 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры Тарыбе, потым беларускае аташэ пры літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). З сьнежня 1919 Ластоўскі ўзначаліў Кабінэт Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

17.12.1919 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі. Вызвалены ў лютым 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім, А. Цвікевічам і іншымі ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партызанскага руху супраць польскіх акупантаў. 20.10.1920 на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Ластоўскага створаны блёк беларускіх партый для барацьбы супраць бальшавіцкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаньнямі па пытаньнях тактыкі Камітэта замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПСР у Менску ў сьнежні 1920 выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе (верасень 1921). У 1920—23 гг. наведаў Бэльгію, Германію, Швэйцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і іншыя краіны, выступаў за правы беларускага народа.

Падаўшы ў 1923-м ў адстаўку, Ластоўскі застаўся ў Коўне, што тады была сталіцаю незалежнай Летувы. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў часопіс «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. У Коўне пабачылі сьвет ягоныя славутыя працы “Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” і “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, у якой дадзена апісаньне манускрыптаў і друкаваных выданьняў ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя. Запрошаны Інбелкультам на акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У 1926 г. Ластоўскі быў абраны членам-карэспандэнтам Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе.

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

У сярэдзіне дваццатых гадоў Вацлаў Ластоўскі адышоў ад чыннай палітычнай дзейнасьці. Паездка ў Менск на міжнародную навуковую канфэрэнцыю ў 1926 годзе пакінула ў яго ўражаньне, што ўрад БССР сапраўды зацікаўлены справаю нацыянальнага адраджэньня і стварае добрыя ўмовы для працы навуковай і творчай інтэлігенцыі. У красавіку 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Беларускага дзяржаўнага музэя, загадчык катэдры этнаграфіі пры Інбелкульце.

Пад ягоным кіраўніцтвам ішло плённае зьбіраньне і дасьледваньне даўніны. Толькі адзін прыклад: дзякуючы намаганьням Ластоўскага была знойдзеная і перавезеная ў Менск нацыянальная сьвятыня беларусаў – крыж найпадобнейшай Эўфрасіньні Полацкай. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі быў акадэмікам і неадменным сакратаром Беларускай Акадэміі навук.

Часу для працы на карысьць радзіме яму заставалася зусім мала. Над беларускай інтэлігенцыяй ужо была ўзьнятая крывавая сякера сталінскіх рэпрэсій. За публікацыю артыкула Янкі Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНК БССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Беларускай АН, 6.12.1930 пазбаўлены званьня акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўнівэрсытэта. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разьведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958.

Адзін зь вядомых дзеячоў беларускага замежжа Янка Станкевіч пісаў пра Ластоўскага: “Ён пасьвяціў сябе ўсяго адраджэньню беларускага народу, належачы да тых нямногіх, што ня толькі ўсёй душою аддаліся справе беларускай, але і ўвесь час свой аддавалі ёй”.

Імя Вацлава Ластоўскага вярнулася ў кантэкст нашага нацыянальнага жыцьця толькі напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У 1988-м ін быў рэабілітаваны. Празь сем гадоў у выдавецтве “Навука і тэхніка” ў сэрыі “Нашы славутыя землякі” выйшла прысьвечаная нашаму герою кніга Язэпа Янушкевіча “Неадменны сакратар Адраджэньня”. А першая на Бацькаўшчыне кніга твораў самога Вацлава Ластоўскага пабачыла сьвет толькі ў 1997-м у недзяржаўным выдавецтве “Беларускі кнігазбор”.

Друкаваўся з 1909 (псэўданімы Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю. Сулімскі і інш.). У навуковай працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыдана ў 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай Ніве» і ў газэце «Гоман» зьмясьціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. У пачатку 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы). Дасьледаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжаньне назвы Беларусь. Аўтар гістарычнай аповесьці «Лябірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцьця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гістарычныя легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле сьпісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданьняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А.Талстой), англійскай (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польскай (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.

Крыніца:
Я.Я.Янушкевіч, Беларуская Энцыклапедыя, т.9, Мінск, 1999

http://www.radzima.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.