Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Радаўніца. Светлая памяць аб памерлых.

Радаўніца
Радаўніца

Беларусы сёння адзначаюць Радаўніцу. У гэты дзень ушаноўваюць продкаў і ўсімі сем’ямі зьбіраюцца на могілках. Гэтае свята беларусы адзначаюць спрадвеку і з пачатку 90-х гг. гэты дзень стаў дзяржаўным святам. У той час нашыя суседзі (Расея, Украіна, Польша і Прыбалтыка) афіцыйна гэты дзень не адзначаюць і ён з’яўляецца працоўным.

Нашыя продкі мы аб вас памятаем і адчуваем з вамі повязь. Сёння вы пабылі з намі.

Радаўніца

Ра́даўніца, Ра́даніца, Ра́дуніца, Радаўні́цкія Дзяды́, На́ві Дзень — дзень памінаньня памерлых ва ўсходніх славянаў, на які са старажытных часоў адбываліся трапезы на магілах бацькоў і блізкіх сваякоў. Назва Наві Дзень паходзіць ад старажытна-славянскага навь — нябожчык.

Праваслаўная Царква ўключыла Радаўніцу ў свой культ.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля Вялікадня, заўжды на аўторак. Спачатку ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі. I хоць існуе звычай памінальнай трапезы, у тым ліку велікоднае яйка пакідаць «для спачылых», Праваслаўная Царква не ўхваляе гэтага звычаю, паколькі лічыцца, што памерлым патрэбна толькі малітва аб упакаеньні душы і добрыя справы ў памяць пра іх.

Наўскі чацвер – Радаўніца

Назва свята

а) Наўскі Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі Чацвер, Наўскае Скрысенне, Вялікдзень мёртвых, мяртвых Вялікадне, Паска мяртвых; Радуніца, Радоўніца, Раданіца, Провады, Праводны тыдзень, Мёртвая радыніца, Мёртвы ці Праводны дзень, Хамова пасха;

б) Радаўніца, Радоница (руск.).

Міфалагічныя вытокі

• Па сведчанні этымолагаў, лексема “наўскі” паходзіць ад старажытнаславянскага “наўе”, што азначае “дух нябожчыка”, душу новапрыстаўленнага, гэта значыць памёршага на працягу года.

• Назва “Радаўніца” ад лексемы “Род”. У такім родзе свята паядноўвала жывых і мёртвых – духоўна знітоўвала ўвесь род і звяртала нас да вытокаў, да таго міфалагічнага персанажа – першапродка, які некалі стаяў каля вытокаў агульначалавечага Роду і народа.

• Ад слова радавацца (?!). Радавацца чаму? Можа таму, што дажыў да вясны, да сустрэчы Новага году, да магчымасці чарговы раз наведаць сваіх продкаў.

Гісторыя хрысціянства

• У беларусаў меўся свой універсальны рытм традыцыйнай культуры:0-3-9-40-1год. Яго звязваюць з рытмам памінальнай, радзіннай і вясельнай абраднасці. У гэтым рытме закладзены наступны сэнс: 0 – момант смерці, 3-і – дзень пахавання і 9-ы – першае ўласна сямейнае памінанне. Гэты аспект і паўплываў на часовую прымеркаванасць Радаўніцы да Вялікадня.

Час святкавання

• Беларусы-праваслаўныя- святкуюць у аўторак на другім пасля Вялікодня тыдня (дзявяты дзень пасля Вялікодня).
• Беларусы-каталікі – (звестак няма)

Месца правядзення

Хата – храм – могілкі – хата.

Хата: Раніцай на Радаўніцу гаспадыня, як звычайна, завіхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збірацца на могілкі. Усе апраналіся ў святочнае адзенне, бралі з сабой ільняны абрус, велікодныя яйкі, бліны, каўбасу, сала, асвячоную соль, бутэльку гарэлкі, складвалі ўсё гэта ў хусцінку і адпраўляліся ў царкву на абедню. Прыгатаванне праходзіла ў абстаноўцы спакою і ўрачыстасці, з адчуваннем гордасці і павагі адно на аднога і да свайго роду. Пасля могілак па дарозе дадому моладзь і дзеці вадзілі некаторыя магічныя веснавыя карагоды(“Пасеялі дзеўкі лён” – каб лён добры вырас).Застолле часцей за ўсё прадаўжалася і дома, але ўжо ў больш вясёлай форме, са спевамі, танцамі, гульнямі, адбываліся кірмашы, але гэта не было святатацтвам, а мела рытуальнае значэнне – пераадолець смерць, не дапусціць страху перад ёй у душы людзей, сцвердзіць жыццёвы атымізм. у хаце наладжвалася вячэра.

Храм: Богаслужэння і паніхіды па нябожчыках.

Могілкі: Памінальная трызна. Калі магілы сваякоў былі ў розных месцах, то ўсе збіраліся каля адной чыёй-небудзь магілы (часцей – апошняга памёршага сваяка) .

Рытуальныя персанажы

• уся сям’я – гэта абавязковая ўмова святкавання.

Рытуальнае адзенне

• Святочнае, новае адзенне.

Рытуальныя атрыбуты

для памёршага:
• сподак, чарка, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі (перакрывалі) лусткай хлеба;
• асвячонае ў храме яйка.
• ручнік, фартух, вянок – атрыбуты, якія прыстасоўвалі на крыж памёршаму. На крыж павязвалі белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялічкі белы фартушок – калі жанчына, прымацоўвалі белы вянок – калі дзяўчына.

для тых, хто прыйшоў на могілкі:
• абрус, які засцілалі на магілу (яго выкарыстоўвалі толькі адзін раз на год – на могілках, потым хавалі да наступнай Радауніцы. У некаторых хатах захоўвалася да 20 абрусау – па колькасці магіл родных і сваякоў);
• чарка, якая будзе паядноўваць сям’ю.

Рытуальная ежа

• І старыя, і малыя моўчкі рассаджваліся вакол белага абруса, які слалі на папярэдне старана дагледжаную магілку апошняга нябожчыка ў родзе. На абрус клалі куццю, яйкі, мяса, хрэн, рыбу, пітво, “грыбкі” – тоўстыя бліны.

Рытуальныя дзеянні

у народзе лічылася, што той, хто раней за ўсіх у гэты дзень з’явiцца на могiлках, атрымае ад нябожчыкаў асаблiвую падзяку i апякунства на працягу года;
• часцей за ўсё магiлы прыбiралi напярэдаднi – ў такую званую Жывую Радаўнiцу або за некалькi дзён да памiнальнага дня. Iх абкладвалi дзёрнам, пасыпалi свежым жоўтым пяском, папраўлялi крыж, на якi звычайна павязвалi белы ручнiк, калi там быў пахаваны мужчына, невялiчкi белы фартушок – калi жанчына, прымацоўвалi вянок – калi дзяўчына;
• перш чым сваякi пачнуць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магiлу пакласцi рытуальнае ахвяраванне. Каля кожнага крыжа цi помнiка ставiлi сем рытуальных атрыбутау: сподак, чарку, у якую налiвалi гарэлку i якую закрывалi – перакрывалi лустай хлеба, адно чырвонае велiкоднае яйка (толькi не свянцонае), шматок сала цi дамашняй каўбасы, адно дамашняе пячэнне, адну цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкi. Менавiта няпарную колькасць, таму што ў памiнальнай абраднасцi, якая характарызуецца “разрывам”, “раз’яднаннем”,вызначальным сiмвалам з’яуляецца няцотнасць. Вяселле, наадварот, сiмвалiзавала стварэнне пары. Як парадаксальна гучыць сучасная традыцыя хадзiць на могiлкi з парнай колькасцю жывых кветак;
• потым усе збіраліся каля адной магілы, часцей за ўсё каля апошняга памёршага роднага і распачыналі памінальную трызну;
• абавязковым быў абрад “хрыстосавання з мёртвымі”. Для гэтага гаспадыня(а ў некаторых мясцінах гэта рабілі дзеці) брала велікоднае яйка і качала яго крыж-накрыж па насыпе. Затым прама на прыбраную магілу “левым” бокам расцілаўся абрус, на яго ставілася куцця з запаленай свечкай і ўсе астатнія стравы, з якіх кожнай трэба было патрошкі адкласці нябожчыку. Пасля гэтага па крузе пускалі памінальную чарку(гаспадыня брала з сабой дзве чаркі – адну ставілі нябожчыку, другая павінна была паядноўваць тых, хто прыйшоў на могілкі) з гарэлкай. Да сярэдзіны XIX ст. гэта была медавуха, спецыяльна зробленная для велікодных святкаванняў, піва ці квас. У чару (адсюль: чарадзейства. Дзеянне над чарай) налівалася пітво і перадавалася самаму старэйшаму сярод прысутных. Трэццю чарку пітва той спачатку адліваў на магілу(перш чым сабе – продкам), сярэднюю(таксама трэццю частку)выпіваў сам, апошнюю частку – “слязу” – абавязкова пакідаў на дне. Затым чару-чарку напаўнялі пітвом і перадавалі наступнаму па ўзросце родзічу(ад старэйшых да маладзейшых, але толькі жанатых людзей. Той, хто не нарадзіў, не прадоўжыў свій род, у тым ліку і дзеці, за памінальны стол не дапускаліся!). І гэты чалавек дакладна паўтараў тыя ж дзеянні. Так чара-чарка хадзіла па кругу. Калі ж за трэцім разам яна даходзіла да апошняга, каму можна было прыгубіць рытуальны пакой, то тое, што заставалася на дне так званыя “слёзы”,зноў такі выліваліся на магілу;
• на могілках елі і гаварылі доўга. Добрым словам успаміналі памёршых родных, расказвалі цікавыя гісторыі з іх жыцця, запрашалі прысесці за жалобны “стол” блізкіх і знаёмых;
• пасля працяглай размовы і шматлікіх галашэнняў рытуал памінання заканчваўся. Рэшткі ежы раздраблялі і раскідвалі па магіле – для птушак, частку аддавалі жабракам;
• к гэтаму дню адносіцца прыказка: “На Радаўніцу раніцай пашуць, па абедзе плачуць, а вечарам скачуць”, якая азначая, што пасля Вялікадня прыступаюць к сельскагаспадарчым работам у поле, што Радаўніца – гэта дзень, калі абавязкова хадзілі на могілкі, а вечарам весяліліся.

Рытуалы

11. Рытуальнае слова:
• памінальныя малітвы
• галашэнні. Галасілі звычайна пажылыя жанчыны, радзей моладзь і жанчыны;
• замовы засцерагальнага характару.

12.Рытуальныя танцы: (-)

13.Тэатралізаванае ігрышча: (-)

14.Варажба:(-)

15. Назіранні за станам надвор’я: (-)

http://be-x-old.wikipedia.org/

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.