Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Прэзыдэнт Рады БНР — першы Прэзыдэнт Беларусі

Sereda 4Сямейны архіў

Азіраючыся на мінулае часам ненаўмысна даводзіцца параўноўваць людзей з зорамі ў начным небе: хтось сьвеціць зырка, хтось — не, некаторым жа лёсам наканавана стацца палаючай зьнічкай, што сваім падзеньнем асьвятлае далягляд ды зьнікае за небакраем.

Адным з такіх людзей-зьнічак быў вядомы беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч Іван Серада.

Упершыню я сутыкнуўся з гэтай гістарычнай постацьцю, калі, разьбіраючы сямейны архіў, знайшоў тры фотаздымкі зь невядомай жанчынай, падпісаныя “Ксенія Сьцяпанаўна”.

Ксенiя Серада

Ксенiя Серада

Сястра маёй бабулі, Натальля Базылеўна Папова, пазнала невядомую на фотаздымках і распавяла такую гісторыю: “Калі мы зь сям’ёй жылі ў горадзе Горкі, дзе мой бацька Базыль Базылевіч Папоў выкладаў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, у яго там было двое сяброў: прафесар Ювеналі Аляксандравіч Вейс і Іван (Ян) Мікітавіч Серада, разам яны абмяркоўвалі падзеі ў краіне, але нікога ў гэта не пасьвячалі. Дык вось, той Серада, калі Беларусь стала незалежнай, стаў яе прэзыдэнтам. Жонка ў Серады была Ксенія Сьцяпанаўна, вельмі была з характарам жанчына, калі ж я яе нейк пакрытыкавала – бацька сказаў, што яна мае права на тое, бо ёй ручку сам нямецкі імпэратар Кайзэр цалаваў — яны (верагодна, чальцы Ўраду БНР — АШЛ) заключылі дамову зь нямецкім імпэратарам Кайзэрам і Серада быццам езьдзіў да яго і жонку сваю вазіў. Калі пачаліся арышты (маецца на ўвазе хваля савецкіх рэпрэсыяў у 1930-я г.г. — АШЛ), дык Іван Серада, як, зрэшты, і бацька, казаў: “Мяне хутка арыштуюць”, і турбаваўся адно аб сваёй жонцы, бо ў той не было адукацыі і працы, — ён узяў слова зь сябра, прафэсара Вейса, што калі самога арыштуюць, Ювеналі Аляксандравіч… возьме за сябе ягоную жонку. Так і сталася. У шлюбе за Вейсам Ксенія Серада не забылася на першага свайго мужа, падкрэсьлівала, што яна Серада. Калі я была ў іх на гасьцёх, ужо ў Менску, дык бачыла на дзьвярох кватэры (па вул. Якуба Коласа, дом 27, кватэра 45 — АШЛ) мядзяную шыльдачку “Член-корреспондент АН БССР Ювеналий Александрович Вейс”, Ксенія Сьцяпанаўна ж замовіла сабе ў дадатак яшчэ адну і павесіла пад першай “Ксения Степановна Вейс-Середа”. Бацька нават нейк сказаў, што яна сваім гонарам псуе кар’еру другому мужу, аднак па сьмерці свайго сябра прафэсара Вейса, сам стаў дапамагаць Ксеніі Сьцяпанаўне…”

Прэзыдэнт Беларусі

Рада БНР

Рада БНР

Іван Мікітавіч Серада нарадзіўся 1(13) траўня 1879 году ў вёсцы Задзьвеі, тады Навагрудскага павету, а цяпер Баранавіцкага раёну, ў сям’і сьвятара. У 1903 г. скончыў варшаўскі ветэрынарны інстытут, але ўжо ў 1905 быў прызваны ў імпэрскае войска і адпраўлены на Маньчжурскі фронт расійска-японскай вайны, дзе ў віхурох вайсковай мясарубкі фармаваліся яго палітычныя погляды ўпэўненага сацыяліста. Верагодна, тады ж спадар Серада адчуў сябе беларусам і ўступіў у першую беларускую палітычную партыю Беларуская сацыялістычная грамада.

З 1907 па 1911 гады Іван Серада выкладаў у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым вучылішчы і адначасова працаваў ветэрынарам, працаваў ён ветэрынарам і на фронце Першай сусьветнай і другой сваёй вайны, куды яго ў хуткім часе прызвалі. Тая вайна для многіх людзёў сталася пакліканьнем да саміх сябе, а для спадара Івана яшчэ адным пацьверджаньнем простай ісьціны — толькі ў сваёй нацыянальнай дзяржаве чалавек можа рэалізаваць сябе як асобу і грамадзяніна. І па вяртаньні з фронту Іван Серада актыўна ўключаецца ў беларускі нацыянальна-вызвольны рух, спрычыняецца да арганізацыі Ўсебеларускага зьезду ў 1917 годзе, абіраецца дэлегатам на яго, а ўсяго праз два дні працы — і на Старшыню прэзыдыюму зьезду. Цікава, што першапачаткова на старшыню прапаноўвалася іншая асоба, К. Савіч, але актыўнасьць, прадстаўнічасьць і арганізатарскія здольнасьці спадара Івана сьхілілі вагі народнага выбару на ягоную карысьць.

Пасьля сумнавядомага разгону Ўсебеларускага зьезду бальшавікамі, калі сярод іншых арыштавалі і Сераду, частка беларускіх дэлегатаў сабралася ў іншым месцы ды абвесьціла пра стварэньне Выканаўчага камітэту Рады Зьезду, прызнаўшы за Радай “усю паўнату ўлады” як за “найвышэйшаю ўстановаю краю”.

Далей, 20 лютага 1918 г. выканаўчы камітэт з прыняцьцем Першай устаўной граматы абвяшчае сябе часоваю ўладаю і перадае ўладу выканаўчую Народнаму сакратарыяту Беларусі (у якім Серада быў сакратаром народнай гаспадаркі), з выданьнем Другой — абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку (БНР) з выканаўчай уладай у рукох Рады БНР (якую спадар Серада ачоліў), а з выданьнем Трэцяй граматы — абвяшчае незалежнасьць Беларусі. І на чале ўсіх гэтых ініцыятываў, сярод іншых, быў спадар Іван Серада.

Да ўсяго, ў наступных ініцыятывах ураду БНР паслаць дыплёматычную дэлегацыю на мірныя перамовы ў Брэст, а таксама даслаць тэлеграму асабіста імпэратару Германіі бачыцца почырк спадара Серады, бо менавіта ад яго сыходзіла падобная ініцыятыва ўмяшаньня ў мірныя перамовы ў Брэсьце з мэтаю абараніць інтарэсы Беларусі яшчэ падчас правядзеньня Ўсебеларускага зьезду. І відавочна, што менавіта пра тую паездку, у якой удзельнічалі сам Серада з жонкай Ксеніяй, а таксама Аляксандр Цьвікевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі і захаваўся ўспамін у нашай сям’і.

Зразумела, што праяўленая палітычная дальнабачнасьць і пасьлядоўнасьць забясьпечылі Івану Серадзе трывалы падмурак палітычнай падтрымкі, што і дазволіла яму стацца дэфакта і дэюрэ першым легітымным Прэзыдэнтам Беларусі. У захаванай тэлеграме да Кайзэра спадар Серада падпісваецца менавіта Прэзыдэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі (der Praesident). А з улікам легітымнасьці Выканаўчай Рады Зьезду, Народнага Сакратарыяту і Рады БНР, якія пасьлядоўна эвалюцыянавалі ў беларускі ўрад, легітымнасьць пры абраньні Івана Серады Прэзыдэнтам ня можа ставіцца пад сумнеў.

Разам з тым, кантакты зь Германскім бокам, а ў яшчэ большай ступені абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі спарадзілі расколы сярод беларускай палітычнай эліты, утварыліся новыя партыі, у адну зь якіх, Беларускую партыю сацыялістаў-фэдэралістаў, увайшоў Серада. Характэрна, што сацыялісты-фэдэралісты ставілі нацыянальнае пытаньне на першае месца ў сваёй палітычнай праграме.

За час уваходжаньня ўва ўрад БНР спадар Серада пасьпеў паслужыць Сакратаром (міністрам) народнай гаспадаркі, міжнарадовых справаў, быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэту, сябрам прэзыдыюму Найвышэйшай Рады БНР.

У савецкай Беларусі

Кніга Серады

Кніга Серады

Мірны перыяд Беларускай рэспублікі атрымаўся надта кароткі, ужо 10 снежня 1918 г. кайзераўскія войскі пакінулі Менск, а з сыходам нямецкай акупацыі на Беларусь рушыла акупацыя савецкая. У гэтых абставінах, калі сябры Рады БНР спачатку пераехалі ў Горадню, а пасьля пакінулі межы Беларусі, Іван Серада прымае рашэньне застацца на Радзіме з тым, каб працягваць беларускае нацыянальнае будаўніцтва. Ці разумеў ён, які лёс чакае яго, думаецца, што так — вопыт стасункаў з бальшавікамі, калі тыя разагналі Ўсебеларускі зьезд народных дэпутатаў абараняючы на словах тых самых дэпутатаў і практычна выгналі беларускіх дыпляматаў зь мірных перамоваў у Брэсьце, зноў жа на словах пастанавіўшы бараніць волевыяўленьне народаў былой імпэрыі, ня мог падказваць яму нетрагічнага канца. Важна, што ў гэтым ягоным рашэньні зь ім засталася жонка і спадарожніца Ксенія Серада.

У савецкай Беларусі Іван Серада быў навуковым супрацоўнікам Беларускага Навукова-Даследчага Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, заснавальнікам і дырэктарам Менскага вэтэрынарна-заатэхнічнага тэхнікума, працаваў у Наркамаце земляробства БССР, пісаў кнігі і артыкулы, выдаваў кнігі  па вэтэрынарыі, выкладаў, зь ліпеня 1925 па сьнежань 1929 гг. працаваў выкладчыкам і дацэнтам Беларускай сель-гасаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках, дзе пасябраваў з маім прадзедам. Вывучаючы кнігі Івана Серады можна толькі зьдзівіцца размаху генія гэтага чалавека: спадар Серада зьбіраўся перанесьці на беларускія землі амерыканскі і еўрапейскі вопыт і такім чынам вырашыць праблемы сельскай гаспадаркі, зрабіўшы тую гаспадарку адной зь перадавых у Эўропе!

З Горы-Горак спадар Серада па нейкім часе пераехаў у Менск, каб працаваць навуковым супрацоўнікам Інбелкульту, правобразу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пачыналіся чорныя 30-я гады…

Хвалі арыштаў і рэпрэсыяў супраць беларускіх дзеячоў пачыналіся зь вялікіх гарадоў, гэта прадбачыў мой прадзед і таму на ўсе прапановы перабрацца ў сталіцу адказваў адмоўна, імкнуўся папярэдзіць аб тым сяброў… 4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны палымяны патрыёт Беларусі, яе былы Прэзыдэнт Янка Серада, падставаю сталіся матэрыялы па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (калектыўная справа № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі). Па гэтай жа справе, прыкладна тады і прыкладна з тымі ж фармулёўкамі, за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю», арыштавалі, напрыклад, вялікага беларускага песьняра і таксама Янку — Янку Купалу.

Па пастанове калегіі АДПУ СССР ад 10.04.1931 г. спадар Серада быў прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі ды сасланы ў Яраслаўль. Там і адбыў былы Прэзыдэнт Беларусі свой вырак і 9 ліпеня 1935 быў вызвалены, але ўжо 27 сьнежня 1941 г. Іван Серада быў наноў арыштаваны з паўторным выракам у 10 год пазбаўленьня волі.

Адшуканыя дакуманты паведамляюць нам, што 19 лістапада 1943 г. з Краслага (канцлягер у Краснаярскім краі, адкуль і абрэвіятура) спадар Серада быў чамусьці датэрмінова вызвалены, пасьля чаго далейшы лёс гэтага чалавека губляецца ў цемры. І толькі 10 чэрвеня 1988 г. судовая калегія па крымінальных справах вярхоўнага суду савецкага саюзу, які ўжо тады «дыхаў на ладан», рэабілітавала былога Прэзыдэнта Беларусі па першым прыгаворы, а 16 студзеня 1989 г. — па другім.

Лёс чалавека

Янка Серада, фотаздымак з судовай справы

Янка Серада, фотаздымак з судовай справы

Асноўных вэрсыяў наконт лёсу Івана Серады пасьля 27 сьнежня 1941 г. можа быць дзьве:

Першая тычыцца гэтак званай «разгрузкі» савецкіх лягераў ад небясьпечных вязьняў, бо Краслаг ляжаў тады ў зоне наступленьня войскаў Райху, а спадара Сераду, як былога Прэзыдэнта Беларусі тэарэтычна маглі паспрабаваць скарыстаць нямецкія ўлады. Такім чынам, паводле першай вэрсыі спадара Івана Серады ў межах Краслагу з боязі, што яго вызваляць, юрыдычна аформленае як «датэрміновае вызваленьне».

Паводле другой вэрсыі, падказанай беларускім дасьледчыкам Ігарам Мельнікавым, Івана Сераду ў ліку тысячаў іншых лягернікаў з вайсковым вопытам (а такі вопыт, як вядома, у яго быў) маглі прымусова залічыць у штрафныя адзьдзелы савецкага войска, што масава ствараліся ў тыя гады праз востры недахоп жаўнераў. Гэтая працэдура зьдзяйсьнялася паводле загадаў Вярхоўнага савету СССР ад 12 ліпеня (у мясцовасьцях, абвешчаных на вайсковым становішчы — вызваляліся катэгорыі зэкаў зь нязначнымі «злачынствамі») і 24 лістапада 1941 г. (па ўсёй тэрыторыі — тычыўся, сярод іншага, былых жаўнераў, якіх перадавалі ў часткі дзеючага войска). Да таго, паводле спецыяльных рашэньняў Камітэту абароны, на працягу 1942-43 г.г. адбылося датэрміновае вызваленьне зь перадачай у шэрагі Чырвонага войска 157.000 чалавек. І нарэсьце, паводле ўсталяванага ГУЛАГам парадку ўсе (!) вызваленыя зь лягероў людзі, годныя да страявой службы, таксама перадаваліся ў войска ў абавязковым парадку. Агулам за тры гады вайны на камплектаваньне Чырвонага войска перададзена 1.092.000 чалавек.

Як бы ні склаўся лёс Івана Серады, сваю сям’ю ён напаткаць больш ня здолеў, а гэта, з улікам тых пачуцьцяў, што былі ў яго да жонкі, лішнім разам даказвае, што Другую сусьветную вайну ён не перажыў.

Магіла Ксеніі Серады

Магіла сям'і Янкі Серады

Магіла сям’і Янкі Серады

Ксенія Сьцяпанаўна Серада (народжаная 15 сьнежна 1889 г.) пражыла доўгае жыцьцё без мужа і памёрла 13 жніўня 1963 г. ўва ўзросьце 73 гадоў, памёрла, дзе і пражывала, — у Менску па вул. Якуба Коласа, дом 27 кватэра 45, сьмерць зарэгістраваная адзьдзелам ЗАГС Ленінскага раёну.

На пахаваньні была мая бабуля, якая вельмі зь ёю сябравала, успамін аб чым застаўся ўва ўжо згаданым сямейным архіве. Кіруючыся на гэты ўспамін я пастанавіў сабе адшукаць магілу беларускай дзяячкі і знайшоў яе на менскіх Усходніх (Маскоўскіх) могілках, тых жа самых, дзе пахаваныя Ўладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц…

Падчас пошукаў адно пытаньне не давала мне спакою, пад якім жа прозьвішчам пахаваная спадарыня Ксенія, бо дзявочае яе прозьвішча сёньня, на жаль, невядомае, прозьвішча Серада яна ўзяла ад мужа Івана Серады, але ў другім шлюбе была за Ювеналіем Вейсам, падпісвалася ж Вейс-Серада…

Магіла спадарыні Ксеніі, шэры каменны слуп углыбі старой часткі могілак, прынёс нечаканыя сюрпрызы:

Па-першае, жонка Івана Серады сталася пахаваная пад сваім прозьвішчам, што ўжо само па сабе было актам мужнасьці і зь яе боку і з боку родзічаў, бо Іван Серада будзе рэабілітаваны толькі праз 25 год.

Па-другое, разам з Ксеніяй Серадой апынуліся падхаваныя двое — Натальля Іванаўна Байцова (1909-1991) і Мікалай Іванавіч Байцоў (1908-1993). Калі прааналізаваць імёны і даты нараджэньня, то выходзіць, што падхаваныя — гэта адпаведна дачка і сын (ці, напрыклад, сын з жонкаю) Івана Серады, якія за савецкім часам мусілі зьмяніць прозьвішчы на Байцоў (падобныя прозьвішчы часта даваліся дзетдомаўскім дзецям)!

Такім чынам, мы маем пахаваньне сям’і першага Прэзыдэнта Беларусі ў беларускай сталіцы, і гэтая знаходка сталася сымбалічнаю менавіта цяпер, на 70-я ўгодкі меркаванай сьмерці спадара Івана Серады.

Мэмарыял Івана Серады

Праэкт шыльды на магіле сям'і Янкі Серады

Праэкт шыльды на магіле сям’і Янкі Серады

Мне, як беларусу і архітэктару, у недалёкай будучыні бачыцца неабходным стварэньне ганаровага мэмарыялу на магіле сям’і Серады, думаю, было б ня лішнім зьдзейсьніць сымбалічны акт перапахаваньня там зямлі з тэрыторыі былога Краслага, а таксама з адной з брацкіх магілаў савецкіх частак, укамплектаваных былымі зэкамі.

Памяць пра Івана Сераду сёньня звышактуальная, бо гэта ня проста частка гісторыі Беларусі, гэта альтэрнатыўнае бачаньне Беларусі, гістарычны прэцэдэнт разьвіцьця нашай краіны ў дэмакратычным цывілізаваным рэчышчы.

Аўтар: Шулаеў Андрэй

3 идей о “Прэзыдэнт Рады БНР — першы Прэзыдэнт Беларусі

  1. Андрэй, Гомель

    Светлыя вобразы Бацькаўшчыны.
    Сярод маіх сваякоў таксама ёсць з прозвішчам СЕРАДА. Таксама з праваслаўнай, святарскай сям’і, але здаецца паходзяць з Нясвіжа. Але гэта межы адной дарэвалюцыйнай Мінскай епархіі. Цікава быдзе як-небудзь прасачыць радавод.
    Дзякуй за артыкул.

  2. Ігар Бараноўскі

    Краслаг, у якім быў зьняволены Іван Серада, — лагер не ў Краснадарскім краі, як напісана, а ў Краснаярскім.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *