Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Прэс-рэліз суполкі “Пагоня” (г. Прага) у справе афіцыйнага прызнаньня беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэскай Рэспубліцы

logoРаспачынаючы кампанію па прызнаньні беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэхіі ў 2010 годзе, мы мелі на мэце выключна дасягненьне гэткага выніку. Улічваючы досьвед папярэдніх спробаў паасобных прадстаўнікоў беларускай грамады ў Чэхіі, якія ня здолелі пайсьці далей за размовы з паасобнымі прадстаўнікамі чэскай палітычнай грамадзкасьці, дзе ім казалі, што шанцаў на гэта амаль няма, што гэта заскладана ці ставілі пытаньне аб мэтазгоднасьці наагул распачынаць гэты працэс, мы вырашылі пайсьці іншым шляхам.

Ініцыятары прызнаньня належаць да суполкі “Пагоня” (г. Прага). Іх было пяцёра – мастак Адась Калюта, прадпрымальнік Віталь Цімошчанка, а таксама частка рэдакцыі часопісу “Belarusian Review” у складзе яго галоўнага рэдактара Юркі Станкевіча, рэдактара сайту часопісу і юрыста Кірыла Касьцяна, а таксама намесьніцы рэдактара часопісу і спэцыяліста ў міжнародных стасунках Ганны Васілевіч. Замест таго каб хадзіць і пытацца і размаўляць зь кімсьці, мы вырашылі прааналізаваць заканадаўства Чэскай рэспублікі датычна патрабаваньняў да прызнаньня нацыянальных меншасьцяў, каб даведацца наконт рэальных пэрспэктываў прызнаньня беларусаў у якасьці меншасьці і акрэсьліць стратэгію нашых дзеяньняў.

Гэты юрыдычны аналіз быў зроблены Кірылам Касьцянам і на падставе яго была выясьненая неабходнасьць дакладаньня меркаваньня экспэрта-гісторыка, дзеля ацэнкі гістарычнай прысутнасьці беларусаў на землях сучаснай Чэскай рэспублікі. Пошукам такога экспэрта і супрацоўніцтвам зь ім займалася Ганна Васілевіч. Экспэртам стала вядомая чэская прафэсарка др. Мілада Палішэнска, якая ў сваіх дасьледаваньнях факусуецца на праблематыцы камуністычных рэспрэсіяў у пасьляваеннай Чэхаславаччыне, а таксама займаецца пытаньнямі нацыяналізму і нацыябудаваньня ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Прафэсарка др. Палішэнска, якая ведае беларускую праблематыку як у кантэксьце камуністычных рэпрэсіяў у Чэхаславаччыне, так і ў шырэйшай пэрспэктыве, пагадзілася даць такое меркаваньне. Мы мусім тут адзначыць выключную ролю Ганны Васілевіч у працэсе каардынацыі падрыхтоўкі меркаваньня экспэрта і юрыдычных дакумэнтаў у справе прызнаньня беларусаў як нацыянальнай меншасьці, што дазволіла падрыхтаваць узгодненыя і кансалідаваныя тэксты, пазьней прыхільна прынятыя ўладамі Чэскай рэспублікі.

Асабліва мы хочам падзякаваць Юрку Станкевічу за каардынацыю перакладаў, шматгадовую плённую дзейнасьць у беларускай справе ў Чэхіі і веру ў неабходнасьць гэтага прызнаньня.

Асноўным юрыдычным дакумэнтам стаў адпаведны Мэмарандум з посьбай прызнаць беларусаў як нацыянальную меншасьць. Тэкст Мэмарандуму грунтаваўся на аналізе заканадаўства Чэскай рэспублікі і на меркаваньні экспэрта, і быў падрыхтаваны Кірылам Касьцянам. Гэты Мэмарандум быў дасланы Прэзыдэнту Чэскай рэспублікі Вацлаву Кляўсу, прэмьер-міністру – Пятру Нэчасу, а таксама старшыням абедзьвюх палатаў парлямэнту Чэскай рэспубілкі – Пшэмыславу Соботку і Міраславе Немцавай. Адказы ад Прэзыдэнта і кіраўнікоў парлямэнту хоць і адсылалі да Ўраду, але былі прыхільнымі. Урад Чэскай рэспублікі таксама прыязна паставіўся да нашага Мэмарандуму і адгэтуль нас сталі рэгулярна запрашаць на паседжаньні Рады Ўраду Чэскай рэспублікі ў справах нацыянальных меншасьцяў. Чэскія ўлады зьвязвалі прызнаньне з апошнім агульнанацыянальным перапісам насельніцтва 2011 г., вынікі якога, паказалі што ў Чэхіі пражывае больш за 2 тысячы этнічных беларусаў.

Інфармацыя аб прызнаньні з-за незавершанасьці працэсу сьвядома не намі распаўсюджвалася, бо нам хацелася ганарыцца ня столькі высілкамі, колькі станоўчымі вынікамі. Акрамя таго, нам не хацелася спэкуляваць яшчэ непрынятым рашэньнем і рабіць сабе на гэтым рэкляму. Таксама мы хочам падкрэсьліць, што сярод чэскіх беларусаў існаваў кансэнсус аб неабходнасьці афіцыйнага прызнаньня ў якасьці меншасьці, пра што сярод іншага сьведчаць апісаныя вышэй ранейшыя высілкі іншых прадстаўнікоў беларускай грамады.

Пасьля выкананьня ўсіх фармальнасьцяў чэскі ўрад прыняў рашэньне аб пашырэньні складу Рады Ўраду Чэскай рэспублікі ў справах нацыянальных меншасьцяў, уключыўшы ў яе ад беларусаў Адася Калюту, які ёсьць прадстаўніком суполкі “Пагоня”.

Актыўна займаючыся справамі прызнаньня і шырэйшай грамадзка-культурніцкай дзейнасьцю ў Чэхіі, суполка “Пагоня” сталася каардынацыйным цэнтрам беларускай супольнасьці ў Празе, чаму спрыяе наяўнасьць новага памяшканьня беларускай клюбоўні, з’яўленне якой сталася магчымым дзякуючы высілкам Віталя Цімошчанкі і Андрэя Гайко. Новая клюбоўня была ўрачыста адкрыта сёлета падчас святкавання Дня Волі з удзелам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і іншых ганаровых гасьцей. У клюбоўні рэгулярна адбываюцца беларускія імпрэзы і месьціцца беларуская бібліятэка, якая рэгулярна папаўняецца дзякуючы нашым сябрам і партнэрам як зь Беларусі, так і зь іншых краінаў.

Ад імя суполкі “Пагоня” мы хочам падзякаваць усім тым хто спрычыніўся да гэтай гістарычнай падзеі – Міладзе Палішэнскай, Вацлаву Шмейкалу, Яну Рыхліку, Івонцы Сурвіле, Сяргею Навумчыку і ўсёй Радзе БНР, а таксама ўсім іншым, хто быў побач і ў розныя спосабы дапамагаў. Мы высока цэнім гэтую падтрымку і верым, што дасягнутае прызнаньне паспрыяе ня толькі паўнейшай інтэграцыі беларускай супольнасьці ў чэскае грамадзтва, але і спрычыніцца да лепшых магчымасьцяў у разьвіцьці беларускай культуры і мовы ў Чэхіі, а таксама зацікаўленасьці ў штораз шчыльнейшай супрацы паміж грамадзтвамі нашых дзьвюх краінаў.

Аўтар: Рада суполкі “Пагоня” (03.07.2013)

Крыніца: http://thepointjournal.com

One thought on “Прэс-рэліз суполкі “Пагоня” (г. Прага) у справе афіцыйнага прызнаньня беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэскай Рэспубліцы

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.