20 лютага ў памяшканні “Арт-Сядзібы” адбылося ўганараванне лаўрэата адноўленай прэміі імя Вацлава Ластоўскага за 2013 год. Сакратар Мінскага таварыства аматараў гісторыі імя В. Ластоўскага, кандыдат культуралогіі Ірына Шумская адзначыла, што ў Беларусі па-ранейшаму існуе неабходнасць у адзначэнні і заахвочванні тых людзей, дзейнасць якіх у значнай ступені спрыяе захаванню гісторыка-культурнай спадчыны і папулярызацыі гістарычных ведаў сярод грамадства.
Такім чынам, камісіяй прэміі былі вылучаны наступныя намінанты:
- Астаповіч Антон, старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры;
- Кашталян Ірына, каардынатар інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”;
- Мельнікаў Ігар, рэдактар партала “Гістарычная праўда”, аўтар шэрага гістарычных артыкулаў у газеце “Новы час”;
- Рублеўская Людміла, пісьменніца, аўтар зборніка гістарычных нарысаў “Рыцары і Дамы Беларусі”;
- Янкоўскі Антон, стваральнік настольнай гульні “Паўстанцы: Каліноўскі супраць Мураўёва”.
У выніку працяглых абмеркаванняў кандыдатур, прэміяй было вырашана ўшанаваць Антона Астаповіча, які атрымаў ганаровы дыплом, адмысловы медаль з выявай В. Ластоўскага і каштоўны падарунак у выглядзе ілюстраванага выдання “Краіна Беларусь”. Пад апладысмены прысутных лаўрэат падзякаваў за аказаную яму пашану і жартаўліва зазначыў, што рэдка каму ўдаецца атрымаць дзве ўзнагароды за прамежак у двое сутак (акурат напярэдадні А. Астаповіч быў адзначаны лістом падзякі ад Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба).
Пасля цырымоніі ўзнагароджання навуковы сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры Анатоль Тарас прадставіў удзельнікам імпрэзы чарговую кнігу з серыі “Невядомая гісторыя” — перавыданне першага тому рарытэтнага трохтомніка “Літва і Жамойдзь. Розныя краіны і народы” вядомага гісторыка беларускага замежжа Вацлава Пануцэвіча.