Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Прайшла канферэнцыя “Трансфармацыя ментальнасці беларусаў у XXI стагоддзі”

Kanfierencyja pa mientalnasci - 1Навукова-практычная канферэнцыя па гэтай тэме адбылася ў Мінску 24 лістапада. Арганізатарам канферэнцыі выступіла ГА «Інстытут беларускай гісторыі і культуры» (Рыга, Латвія).

Як адзначыў навуковы сакратар інстытуту, прафесар Анатоль Тарас, ментальнасць – гэта агульная скіраванасць і канкрэтныя асаблівасці мыслення асобных індывідаў, малых груп людзей і сацыяльных пластоў грамадства. Паводле ягоных словаў, галоўнымі характэрыстыкамі ментальнасці з’яўляюцца карта сусвету, стыль мыслення і кодэкс паводзін, шчыльна звязаныя паміж сабою.

Тарас звярнуў увагу на тое, што на чалавека ўздзейнічаюць сацыяльныя, эканамічныя і псіхалагічныя асаблівасці тых малых груп, чальцом якіх ён з’яўляецца, а таксама сістэма адукацыі і грамадскага выхавання, СМІ, рэлігія і формы масавай культуры.

Паводле ягоных словаў, радыкальныя змены жыцця грамадства пасля распаду СССР выклікалі разбурэнне савецкай ментальнасці і ўпарты супраціў значнай часткі насельніцтва сацыяльным пераменам. “Усё сказанае прысутнічае і на Беларусі. Акрамя таго, з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе і па сёння беларускае грамадства застаецца пад масіраваным расійскім палітычным, культурным і сацыяльна-эканамічным уздзеяннем. Прычым расійскі ўплыў у гэтых сферах істотна пераважае ўздзенне аб’яднанай Еўропы”, — падкрэсліў навукоўца.

На ягоную думку, гэтыя чыннікі запавольваюць і ўскладняюць працэс рэфармавання беларускага грамадства ў адказ на глабальныя выклікі XXI стагоддзя.

Кандыдат культуралогіі Ірына Шумская звярнула ўвагу на тое, што ў айчыннай эліты пераважаюць вузкалобыя інтарэсы, якія, на жаль, часцяком узносяцца вышэй за інтарэсы грамадства і беларускага народу. “І пакуль мы не пераадолеем гэтую адмоўную тэндэнцыю, будзем сядзець у той жа каляіне”, — падкрэсліла навукоўца. Бо, на яе думку, менавіта не столькі дзяржава, як беларуская нацыянальная інтэлігенцыя нясе гістарычную адказнасць за вырашэнне праблемаў нацыі. “Аднак у большасці прадстаўнікоў інтэлігенцыі пакуль адсутнічае персанальная адказнасць за свае словы, дзеянні і праекты. У грамадскіх дзеячоў, палітыкаў і прадстаўнікоў інтэлектуальнай супольнасці пераважае умоўна-аморфная калектыўная адказнасць. Рэальна атрымліваецца так, што ніхто ні за што не адказвае”, — падкрэсліла Ірына Шумская.

На яе думку, будучыня дэмакратычнай, вольнай і незалежнай Беларусі немажлівая без дэсаветызацыі, беларусізацыі і асноўных каштоўнасцяў беларускага грамадства. “Ад гістарычнай гульні ў хованкі мы павінны перайсці да экспансіўнай стратэгіі, абапіраючыся на вялікі нерэалізаваны патэнцыял беларусаў замежжа, якія могуць зрабіць значна больш”, — падкрэсліла навукоўца. Яна прапанавала заснаваць Міжнародны дзень беларусаў, каб распачаць пазіцыянаванне беларускай культуры ў свеце і распрацоўку дакладнай стратэгі яе развіцця.

Паводле словаў кандыдата гістарычных навук Эдуарда Дубянецкага, у выніку цяжкіх і трагічных гістарычных падзей апошніх стагоддзяў, асабліва мінулага (паўстанняў, падзелаў, сусветных войнаў, рэвалюцый і палітычных рэпрэсій), беларускае грамадства стала надзвычай атамізаваным, апалітычным і апатычным, бо пазбавілася шырокай праслойкі сапраўды творчай і нацыянальна свядомай нацыянальнай эліты – найбольш адораных, смелых і адказных людзей.

“З-за гэтых непапраўных страт не толькі значна пагоршыўся генафонд нацыі, але і адбыўся працэс адлучэння значнай часткі грамадства ад нацыянальнай культуры”, — сказаў гісторык. Вось чаму, на ягоную думку, неабходна ўсімі мажлівымі сродкамі актыўна весці працэс інкультурацыі — далучэння нацыі да лепшых здабыткаў беларускай культуры, у тым ліку да каштоўнасцяў роднай мовы і нацыянальнай свядомасці, а таксама імкнуцца да пераадолення атамізацыі і расколу грамадства. “Дзеля гэтага нацыянальная інтэлігенцыя павінна пераадолець свае комплексы, свае страхі, сваю празмерную эгаістычнасць і свой празмерны індывідуалізм”, — падкрэсліў Эдуард Дубянецкі.

Да канферэнцыі быў выдадзены зборнік матэр’ялаў з 19 дакладамі на беларускай і рускай мовах гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, пісьменнікаў, сацыёлагаў і эканамістаў.

Паколькі канферэнцыя з’яўляецца часткаю даследчага праекту “Дэмакратычны транзіт: ад камуністычнай дыктатуры да ліберальнай дэмакратыі”, на вясну наступнага году запланавана чарговая канферэнцыя па праблеме менталітэту “Дэмакратычны транзіт ў постсавецкіх і постсацыялістычных краінах”.

18 снежня Інстытут праводзіць у Мінску чарговую канферэнцыю па тэме “1863 год на Беларусі: паўстанне шляхты або рэвалюцыя?”.

Аўтар: Марат Гаравы, http://novychas.info

Неўзабаве на нашым сайце будуць выкладзеныя ўсе даклады гэтай канферэнцыі, а таксама відэазапіс мерапрыемства.

Фотасправаздача з канферэнцыі:

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-10.jpg

Выступае А.Е. Тарас

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-2.jpg

Выступае Кірыл Коктыш (Масква)

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-3.jpg

Выступае Ірына Шумская

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-4.jpg

Выступае Алег Віцень

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-5.jpg

Выступае Ігар Мельнікаў

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-6.jpg

Выступае Анатоль Астапенка

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-7.jpg

Выступае Сяргей Нікалюк

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-8.jpg

Выступае Эдуард Дубянецкі

http://inbelhist.org/wp-content/uploads/2013/11/Kanfierencyja-pa-mientalnasci-9.jpg

Выступае Зьміцер Абразцоў

2 thoughts on “Прайшла канферэнцыя “Трансфармацыя ментальнасці беларусаў у XXI стагоддзі”

  1. Сяржук

    Каму дасылаць тэзісы свайго даклада па 1863 году ?