Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Прадмова да кнігі “Літва і Жамойдзь. Розныя краіны і народы”

Litva i Zhamojdz - 1Падаем вам, шаноўныя чытачы, прадмову рэдактара-выдаўца кнігі “Літва і Жамойдзь. Розныя краіны і народы” Анатоля Тараса, прэзентацыя якой прайшла не так даўно. Гэтая кніга  выйшла ў выдаведстве “Харвест” накладам 1500 асобнікаў і яе можна ўжо знайсці ўва ўсіх кніжных крамах, а таксама на Ўправе БНФ.

Навуковыя і навукова-папулярныя працы гісторыка Вацлава Пануцэвіча (1910—1991) добра вядомыя сярод навукоўцаў беларускай эміграцыі ў краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Але на сваёй радзіме яны па-ранейшаму застаюцца ў забыцці. Даўно пара ўхіліць гэтую несправядлівасць.

У сучаснай Беларусі перавыданыя некаторыя працы Пануцевіча, прысвечаныя пытанням царкоўнай гісторыі. Аднак, на наш погляд, найбольш цікавае для шырокага кола чытачоў яго даследаванне старажытнага мінулага беларусаў і суседніх народаў. Пануцэвіч выдаў яго ў трох тамах. Аднак наклады ўсіх трох былі чыста сімвалічныя – 50 (пяцьдзесят) асобнікаў кожны! А калі ўлічыць яшчэ і тое, што гэта адбылося ў Злучаных Штатах 60 год таму, становіцца зразумела, чаму яны не дайшлі да айчынных чытачоў.

Зараз мы прапануем першы том даследавання, які быў выдадзены ў 1953 годзе.

Зробленыя ў ім высновы па шэрагу аспектаў не адпавядаюць сённяшнім канцэпцыям навукоўцаў. Але, нягледзячы на гэта, даследаванне В. Пануцэвіча па-ранейшаму мае значную каштоўнасць для суайчыннікаўі. Асабліва гэта тычыцца пераканаўчага доказу ім таго факту, што жамойты (продкі цяперашніх летувісаў) і ліцвіны (продкі цяперашніх беларусаў) былі рознымі народамі, якія гаварылі на розных мовах.

Другі том прысвечаны апісанню і аналізу крыніц па тэме даследавання. Ён цікавы толькі для вузкіх адмыслоўцаў. Гэтая кніга маецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску.

Трэці том мы спадзяемся перавыдаць у агляднай будучыні.

Усе тры тома былі выдадзеныя на беларускай мове лацінскім шрыфтам і на тарашкевіцы. Алесь Жлутка змарнаваў вельмі шмат часу і высілак каб перакласці зыходны тэксту на кірылічны шрыфт. Нажаль, імёны або прозвішчы, этнічныя і геаграфічныя назовы аўтар прывёў у надзвычай архаічным варыянце, таму ў некаторых выпадках цяжка зразумець, што або каго ён меў на ўвазе.

Асобныя словы – ў касых дужках – устаўленыя рэдактарам па меркаваннях стылю. Напрыклад: /яны/, /іх/, /гэрцаг/ і г. д.

У шмат якіх месцах адны і тыя жа назовы прыведзеныя то з маленькай, то з вялікай літары. Напрыклад: “літва” і “Літва”; “прусы” і “Прусы”; “жамойдзь” і “Жамойдзь”, “крывічы” і “Крывіччына”. Назоў з малой літарай пазначае племя (народ), з вялікай – краіну.

Кніга мела 1055 спасылак на крыніцы. Яны займалі прыкладна 40 % яе аб’ёму, шматлікія спасылкі былі на дзве – тры старонкі і нават больш (!), уключалі вялізныя цытаты на латыні або на замежных мовах. Мы (А. Тарас і А. Жлутка) вырашылі адмовіцца ад іх. Справа ў тым, што пераважная большасць крыніц, скарыстаных аўтарам, гэта старыя кнігі і артыкулы (выдадзеныя да 1950 г.) на латыні, старажытнай грэцкай, на нямецкай, польскай і літоўскай мовах. Не патрабуецца даказваць, што нашым чытачам, за рэдкімі выключэннямі, уся гэтая літаратура недаступная – і з прычыны адсутнасці яе ў бібліятэках, і з прычыны няведання моў.

Па-першае, гэта публікацыі вынікаў даследаванняў нямецкіх, польскіх летувіскіх, беларускіх, расійскіх археолагаў (Фогт, Кастшэўскі, Шукевіч, Спіцын, Лер-Сплавіньскі, Шчэрбакоўскі, Ляўданскі, Мілеўскі, Цэгак-Галубічова, і іншыя).

Па-другое, творы антычных і сярэднявечных аўтараў: Герадота “Herodoti Historiae”; Цэзара “De bello Gallico”; Палібія “Polibius Historiae”; Страбона “Strabonis Geografica”; Плінія Старэйшага “Naturalis historiae”; Тацыта “Germania” і “Annales”; Ёрдана “Getica”; Пракопа Цэзарыйскага “Opera omnia”; Тітмара Мерзебургскага (ён жа Дітмар/Dietmar) “Chronik den Thietmar von Merseburg”; Адама Брэменскага “Gesta hammaburgensis ecclesiae pontificum”; Гельмольда “Chronica Slavorum”; Саксона Граматыка “Gesta Danorum”; Пятра Дусбургского “Chronica terrae Prussiae” (больш за 300 спасылак); Длугаша “Historia Poloniae”, і некаторых іншых.

Па-трэцяе, Пануцевіч у шэрагу месцаў спасылаецца на працы сучасных яму гісторыкаў. Але такіх спасылак у яго менш усяго.

Малюнкаў у аўтарскай публікацыі было ўсяго толькі 25, да таго ж выкананых не прафесіяналам. Замест іх мы змясцілі ў кнізе больш за 120 іншых, якія ўзялі з сучасных навуковых выданняў.

Litva i Zhamojdz - 2

3 thoughts on “Прадмова да кнігі “Літва і Жамойдзь. Розныя краіны і народы”

  1. Андрусь

    Дзе мажліва здабыць? Хто ведае, падкажыце!

    1. admin Post author

      яе можна ўжо знайсці ўва ўсіх кніжных крамах, а таксама на Ўправе БНФ.

  2. Сергей

    Яшчэ б хто небудзь здагадаўся перавыдаць нарэшце слоўнік Насовіча.