Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Праблемы сучаснай беларускай гістарыяграфіі на прыкладзе даследавання гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921—1939 гг.)

MielnikauПрацягваем публікацыю  дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з  панэлі «Гісторыяграфія» кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава: 

Гісторыя Беларусі шчыльна звязана з гісторыяй суседніх дзяржаў. Тэрыторыя нашай краіны ўваходзіла ў склад розных краін і дзяржаўных аб’яднанняў. Гэта акалічнасць наклала пэўны адбітак як на фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа, так і на працэс пабудовы беларускай дзяржаўнасці.

Значны перыяд гісторыі нашай краіны звязаны са знаходжаннем яе ў складзе І Рэчы Паспалітай, якая, нягледзячы на памылковыя меркаванні некаторых расійскіх і польскіх даследчыкаў, не была “Польшчай” ў сучасным, этнічным ўспрыманні гэтага слова. Гэта была шматнацыянальная дзяржава, якая складалася з Вялікага Княства Літоўскага, “каронных тэрыторый” непасрэдна Польшчы, прыбалтыйскіх і “украінных” зямель.

Другі найважнейшы перыяд ўзаемаадносін Беларусі і Польшчы прыпадае на ХХ стагоддзе, калі ў складзе польскай (тут з упэўненасцю можна выкарыстоўваць гэта пазначэнне – І.М.) дзяржавы (ІІ Рэчы Паспалітай) у выніку кровапралітнай вайны з бальшавікамі апынулася значная частка беларускіх зямель, якія ў польскай гістарыяграфіі называюцца тэрмінам “паўночна-усходнія крэсы”, а ў савецкай і сучаснай беларускай гістарыяграфіі – “Заходняй Беларуссю”.

У савецкія часы, гісторыкі рабілі акцэнт на «прыгнятальніцкай, паланізатарскай палітыке польскіх кіруючых колаў» на т.зв. “крэсах усходніх” У тагачасных гістарычных працах падкрэслівалася адсталасць эканомічнага і грамадскага жыцця ў заходне-беларускіх ваяводствах Польшчы (1). Асаблівай папулярнасцю сярод айчынных даследчыкаў славіліся падзеі «вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года» (2). Галоўная ўвага надавалася ідэалагічнаму абгрунтаванню гэтай падзеі, пры гэтым вайсковы бок і наступствы далучэння заходніх тэрыторый да СССР, якія праявіліся ў рэпрэсіях супраць грамадзян Другой рэчы Паспалітай, пражываючых на «крэсах», не даследаваліся.

Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе пачалі змяняцца і погляды на вывучэнне айчыннай гісторыі. З небыцця былі вернуты шматлікія гістарычныя сюжэты звязаныя з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, Рэччу Паспалітай ды іншымі аспектамі. Аднак у сярэдзіне 1990-х сітуацыя па зразумелых абставінах змянілася і беларуская гістарычная навука ізноў апынулася ў ідэалагічных цісках. Гэта аказала свой уплыў і на даследаванне гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час. У дадзеным артыкуле мы зробім акцэнт на характарыстыце галоўных напрамкаў сучасных даследаванняў дадзенай праблематыкі і акрэслім негатыўныя фактары, якія ўплываюць на яе вывучэнне.

ххх

Калі казаць пра даследаванне сацыяльна-эканамічнай гісторыі рэгіёна ў міжваеннае 20-годдзе, то сучасных беларускіх даследчыкаў вельмі цікавіць лакальная гісторыя Заходняй Беларусі. Яны паступова імкнуцца адыходзіць ад манаполіі класавай метадалогіі, карыстаючыся новымі падыходамі ў ацэнцы эканамічнай гісторыі і ўводзячы новыя, раней недаступныя архіўныя крыніцы. Гісторыю сацыяльна-эканамічнага развіцця заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак даследуюць У. Здановіч, А. Гацэвіч, С. Токць, А. Вашкевіч, Д. Люцік, Ю. Іванов, І. Ваўранюк (3) і іншыя.

І.В. Галубовіч у сваёй манаграфіі зрабіў аналіз сацыяльна-эканамічнага становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Нажаль, яго высновы не адрозніваюцца ад пануючай у айчыннай гістарыяграфіі думкі аб каланіяльным становішчы паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай (4).

Грунтоўным даследаваннем, характарызуючым эканамічную думку Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. стала калектыўная праца В.М. Буцько, Б.С. Войцешэнка, С.І. Якімчанка (5). Гэтыя аўтары звярнулі ўвагу на развіццё кааператыўнай формы гаспадарання на тэрыторыі Заходняй Беларусі і прыйшлі да высновы, што распрацоўка мерапрыемстваў па павышэнню ўзроўня вытворчых сіл вялася нават ва ўмовах адсутнасці дзяржаўнай падтрымкі і навукова-вучэбных цэнтраў. Гэта дае магчымасць казаць пра тое, што эканамічнае развіццё заходнебеларускіх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай не спынялася, а развівалася і мела шмат прагрэсіўных з’яў і працэсаў.

Некаторыя сучасныя беларускія даследчыкі сцвярджаюць, што эканамічная палітыка польскіх улад «на крэсах» насіла не каланіяльны характар, а спробу стварэння эфектыўна працуючай прамысловай і сельскагаспадарчай інфраструктуры.

Інфармацыю па аграрных пытаннях у Заходняй Беларусі можна знайсці ў працы У. Адамушкі (6). У манаграфіі гісторык аналізуе рэпрэсіі, якія праводзіліся на землях Заходняй Беларусі пасля яе далучэння да БССР. Але калі ўлічыць, што яны праводзіліся ў асноўным супраць заможнай часткі сялянства, то праца становіцца вельмі карыснай з пункту гледжання разгляду некаторых пытанняў землекарыстання ў заходнебеларуских ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай.

Даследаванню дзейнасці польскай банкаўскай сістэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі надаў значную ўвагу І. Мельнікаў. У сваіх артыкулах ён прааналізаваў дзейнасць асноўных фінансавых структур, якія дзейнічалі ў заходнебеларусіх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай (7).

Акрамя гэтага вялікую ўвагу айчынныя гісторыкі ўдзяляюць вывучэнню ролі асадніцтва (С.М. Грэсь, А.Ф. Вырастка, В.П. Гарматны) (8), эканамічнай палітыкі польскага ўрада (П. Зялінскі, М.Б. Сяменчык, Н.Б. Несцяровіч) (9), становішча рамяства і промыслаў (Г.Каспяровіч, В. Лабачэўская) (10), роля яўрэйскага насельніцтва ў развіцці прамысловасці і гандлю (В. Шэпяцюк, І. Ваўранюк) (11).

Асобны блок даследаванняў складаюць працы, прысвечаныя пытанням развіцця адукацыі на тэрыторі Заходняй Беларусі. Тут варта ўзгадаць манаграфію М. Дабрыніна, прысвечаную гісторыі агульнаадукацыйнай школы і педагагічнай думкі Польшчы, адзін з раздзелаў якой прысвечаны развіццю школьніцтва ў міжваенны перыяд (12). У кнізе падрабязна разглядаюцца спецыфічныя асаблівасці станаўлення нацыянальнай сістэмы адукацыі ва ўмовах адраджэння польскай дзяржаўнасці, падрабязна характэрызуюцца ўрадавыя мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё школы ў 1920-х – пачатку 1930-х гг. Шмат увагі даследчык надае аналізу тыпаў школ і сістэмы арганізацыі кіравання народнай асветай. Таксама М. Дабрынін дае даволі аб’ектыўную характэрыстыку школьнай рэформы, якая была праведзена ў Другой Рэчы Паспалітай па ініцыятыве і пад кіраўнцтвам міністра Я. Енджэевіча.

М. Дабрынін пазначае, што тагачасная школьная рэформа рабілася дзеля таго, каб вывесціі школьніцтва Другой Рэчы Паспалітай з крызісу. Аўтар прызнае станоўчыя дасягненні міжваеннай польскай сістэмы адукацыі, у першую чаргу, спробу ажыццяўлення ўсеагульнага школьнага навучання, якое ахапіла большую частку маладога пакалення.

Пытанні развіцця сістэмы адукацыі на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай і яе выхаваўчых функцый разглядаюцца ў працах А. Вабішчэвіча (13). Асноўны націск у іх робіцца на асвятленні развіцця беларускай нацыянальнай школы і дзейнасці беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацый і ўстаноў. А. Вабішчэвіч закранае і такое пытанне, як дзейнасць польскіх грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый ў Заходняй Беларусі (14). Некаторыя пытанні выхаваўчай палітыкі польскіх «санацыйных» улад у моладзёвым асяродзі заходнебеларускага рэгіёна закранаюцца ў працах В. Крывуця, прысвечаных дзейнасці моладзёвых арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі (15).

ххх

Трэцюю группу даследаванняў беларускіх гісторыкаў складаюць працы, прысвечаныя вывучэнню падзей «вызвалення» Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года і далучэння гэтай тэрыторыі да СССР.

У пачатку 1990-х гадоў Мікалай Іваноў узняў праблему дзяржаўнай прыналежнасці Вільні (16). У сваім артыкуле ён распавёў пра арышты беларускіх дзеячоў у Вільні, адзначыў факты супраціўлення беларусаў новай уладзе, паказаў механізм прыняцця рашэння пра перадачу Вільні Літве. Беларускі даследчык у прыватнасці сцвярджаў:

“верасень 1939 года стаў вялікай нацыянальнай трагедыяй не толькі для польскага, але і для беларускага народу. Аб’яднанне ў складзе БССР азначала для беларусаў не простую змену адной акупацыі на іншую, а прыход на іх землі куды больш моцнага, спрытнага і выключна дэмагагічнага ворага беларускасці. Савецкі рэжым паставіў мэтай поўную дэнацыяналізацыю беларусаў і ператварэнне іх у частку “новага гістарычнага адзінства” – “савецкі народ”.

Аляксандр Хацкевіч заняўся праблемай савецкіх рэпрэсій у 1939—1941 гг. Ён надрукаваў шэраг дакументаў з архіваў НКУС, звязаных з арганізацыяй дэпартацый і масавымі арыштамі сярод насельніцтва Заходняй Беларусі (17). Трагічнаму лёсу асаднікаў і іх сямей прысвяціў публікацыю Якаў Паўлаў (18). У артыкулах Ігара Мельнікава раскрываецца гісторыя сталінскай рэпрэсіўнай палітыкі супраць польскіх грамадзян на тэрыторыі заходніх абласцей БССР у 1939—1941 гг., а таксама даволі глыбока даследуецца справа Беларускага катынскага спісу (19).

Аднак варта падкрэсліць, што пасля 1994 года даследаванне падзей 1939 года знаходзіцца пад значным уплывам дзяржаўнай ідэалогіі. Як пазначае беларускі даследчык Алесь Смалянчук, у апошнія гады працы многіх беларускіх гісторыкаў, якія займаюцца праблематыкай ХХ ст., пакідаюць уражанне спробы “вярнуцца” ў Савецкі Саюз (20). Напрыклад, І. Коўкель і Э. Ярмусік шмат увагі ўдзялілі значэнню пераўтварэнняў савецкай улады ў сацыяльнай, гаспадарчай і культурнай галінах, што, на іх думку, спрыяла росту жыццёвага ўзроўня (21). Прычынай дэпартацый яны лічылі супраціўленне польскага насельніцтва савецкай уладзе і антысавецкую барацьбу. У вучэбным выданні 1998 г., падрыхтаваным Я. Новікам і Г. Марцулем, падзеям 1939 г. адведзена некалькі старонак. Гэтыя гісторыкі ізноў жа паўтараюць старую савецкую трактоўку тых падзей (22).

У верасні 1999 г. Беларусь «адзначала» 60-ю гадавіну «уз’яднання». У выдаўніцтве «Беларуская энцыклапедыя» да гэтай даты быў выдадзены зборнік навуковых артыкулаў «Назаўсёды разам. Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР», аўтары якога ў асноўным паўтарылі старыя пастулаты савецкай гістарыяграфіі ў дачыненні да гісторыі далучэння Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 года (23). Даследчыкі звярнулі значную ўвагу асвятленню дзейнасці КПЗБ (С. Кабяк, А. Мацко), беларускіх паслоў у польскім сойме (В. Даніловіч, А. Ліс), праблемам развіцця адукацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі (А. Вабішчэвіч). Асобнае месца ў зборніку займаў аналіз падзей, звязаных з заключэннем савецка-германскага дагавору 1939 года (А. Каваленя), працэсу «уз’яднання» заходнебеларускіх тэрыторый з БССР (У. Ладысеў, Л. Лыч) і саветызацыі гэтых тэрыторый (А. Вялікі, У. Палуян, Э. Ярмусік, Н. Улейчык).

Лейтматыў кнігі агучыў У. Ладысеў, адзначыўшы, што «нягледзячы на шэраг адмоўных момантаў, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР мела вялікае значэнне для беларускага народа. Былі праведзены радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў інтарэсах большасці народа, ліквідацыя беспрацоўя, значныя змены адбыліся ў народнай асвеце, ахове здароўя, у развіцці навукі і культуры (24)».

Сітуацыя не змянілася і праз 10 год, калі ў 2009 годзе Беларусь адзначала 70-годдзе ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Спецыяльна да гэтай даты беларускія архівісты падрыхтавалі і выдалі двухтомны зборнік дакументаў і матэрыялаў пад назвай «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі… Верасень 1939 г. – 1956 г.».

У першую кнігу, прысвечаную падзеям верасня 1939 г. – 1941 г., было уключана 120 дакументаў з НАРБ, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД), Дзяржаўных архіваў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДАСПГ), Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі (ДАРФ), а таксама з друкаваных крыніц. Гутарка ідзе ў асноўным пра Законы СССР і БССР, дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі, пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР, ЦК КП(б)Б і СНК БССР. У кнізе змешчаны матэрыялы Палітбюро і Аргбюро ЦК ВКП(б), Бюро ЦК КП(б)Б, дакументы камандавання Беларускага фронта (верасень 1939 г.), дакладныя запіскі і пісьмы кіраўніцтва БССР у ЦК ВКП(б) (25).

У выданне таксама былі ўключаны дакладныя і інфармацыйныя запіскі, даведкі, спецпаведамленні, пісьмы, што паступалі ў ЦК КП(б)Б. Акрамя гэтага, у першай часцы зборніку надрукаваны своеасаблівы для такога тыпу выдання тэкст, а менавіта, першы варыянт паэтычнага ліста І.В. Сталіну ў сувязі з уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР. У Дадатку змешчаны дзённік П.К. Панамарэнкі за верасень 1939 – чэрвень 1941 гг. і спіс кіруючых партыйных і савецкіх работнікаў заходніх абласцей БССР па стану на 20 мая 1941 г. Акрамя тэкстаў гістарычных матэрыялаў, у дадзенай працы былі надрукаваны рэдкія фотаздымкі, факсімільныя копіі недаступных раней дакументаў з маскоўскіх архіваў, у тым ліку аўтографы І.В. Сталіна, В.М. Молатава, К.Я. Варашылава, Л.М. Кагановіча, П.К. Панамарэнкі, М.С. Хрушчова.

У другую кнігу, прысвечаную пасляваеннаму дзесяцігоддзю, аўтары ўключылі 82 дакументы з НАРБ і РДАСПГ, а таксама з друкаваных крыніц (26).

Да апошняга часу ў беларускай гістарыяграфіі зусім  не быў даследаваны такі гістарычны аспект, як ўдзел беларусаў у вераснёўскай кампаніі 1939 года ў складзе Войска Польскага, а таксама мілітарны бок «уз’яднання» Заходняй Беларусі з СССР. У 2006 годзе ў Санкт-Пецярбургу была выдадзена манаграфія Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фарміраваннях 1918—1945 гг.» у якой аўтар разглядаў, у тым ліку, удзел нашых суайчыннікаў у абарончых баях у складзе польскай арміі ў верасні 1939 года (27).

У 2009 годзе ў часопісе «ARCHE. Пачатак» быў апублікаваны артыкул Зміцера Люціка “Беларускі фронт”. Вайсковая аперацыя Чырвонай арміі (верасень 1939)» цалкам прысвечаны разгляду вайсковай складаючай «вызваленчага паходу» РСЧА ў Заходнюю Беларусь (28). Значную ўвагу гісторыі ўдзелу беларусаў у вераснёўскай кампаніі ў складзе Войска Польскага надае І. Мельнікаў. У яго даследаваннях разглядаюцца падзеі як на тэрыторыі Заходняй Беларусі, так і на этнічна польскіх землях (29).

Аднак, нажаль, большасць сучасных афіцыйных беларускіх гісторыкаў, даследуючы гісторыю Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, працягваюць выкарыстоўваць савецкія ідэалагічныя штампы. Адным з прыкладаў гэтага з’яўляецца зборнік дакументаў «Польша – Беларусь (1921—1953)», выдадзены ў 2012 годзе пры садзейнічанні Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (складальнікі: А. М. Вабішчэвіч, І.А. Валахановіч, В.В. Даніловіч, А.Р. Дзюкаў, А.А. Каваленя і інш).

Пачнем з таго, што ў духу савецкіх выкрывальнікаў інтрыг капіталізму, аўтары зборніку пішуць што «сучаснае польскае кіраўніцтва праводзіць палітыку актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, ствараючы напружанасць у асяроддзі польскай нацыянальнай меншасці (30)”.

Вялікае Княства Літоўскае аўтары зборніка ўяўляюць нейкай марыянеткай у руках палякаў, якія “сутыкаюць ілбамі” беларусаў з рускімі. У сваю чаргу, уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, на думку складальнікаў кнігі “спыніла працэс акаталічвання і паланізацыі беларускага насельніцтва”. Але на змену паланізацыі прыйшоў не менш небяспечны для нашай нацыянальнай ідэнтычнасці працэс русіфікацыі і выцяснення беларускай нацыянальнай рэлігіі уніяцтва праваслаўем. Аб гэтым у зборніку ані слова. Такія трактоўкі ўласцівы сучаснай расійскай гістарыяграфіі праімперскага толку, якая ў чарговы раз імкнецца абгрунтаваць права Расіі на “заходнія ўскраіны”.

Аналізуючы сітуацыю ў міжваеннай Польшчы, аўтары зборніка робяць вялікі акцэнт на асіміляцыйнай палітыцы ўлад у адносінах да нацыянальных меншасцяў, якія пражывалі на ўсходзе краіны. Не абыйшлося і без лагера ў Бярозе-Картузскай, які параўноўваецца з канцлагерамі ў нацысцкім Трэцім Рэйху. Аўтары прадмовы адзначаюць, што “ўз’яднанне 17 верасня 1939 г. дазволіла адцягнуць пачатак германскай агрэсіі супраць СССР і стала адным з найважнейшых фактараў разгрому Германіі і яе саюзнікаў” (31). Аб перадваенных агрэсіўных планах Сталіна напісана шмат і няма сэнсу яшчэ раз пра гэта гаварыць. Варта толькі адзначыць, што тады, у верасні 1939 года СССР стаў саюзнікам Трэцяга Рэйху і не хапіла малога для таго, каб “мядовы месяц” перарос у трывалы сямейны саюз.

Зборнік складаецца з двух частак, першая з якіх прысвечана падзеям 1921—1939 гг. і ўключае 65 архіўных дакументаў. У другую частку ўвайшоў 81 дакумент, які ахоплівае падзеі 1939—1953 гг., у тым ліку дакументы з дыпламатычнага архіва Францыі і архіва Літвы, прадастаўленыя расійскім фондам “Гістарычная памяць”. Акрамя гэтага, у зборніку выкарыстаны матэрыялы з раней апублікаваных крыніц.

У зборніку “Польшча – Беларусь 1921—1953 гг.” практычна няма дакументаў, якія тычацца палітыкі польскіх уладаў у галіне эканомікі. Затое вялікую ўвагу аўтары выдання надалі “прыгнечанаму” стану беларускага насельніцтва на “крэсах”. Асабліва здзіўляюць дакументы савецкага боку, дзе бальшавіцкія чыноўнікі наракаюць палякам на дыскрымінацыю праваслаўнай царквы ў Польшчы.

Асобная група апублікаваных матэрыялаў, складаюць дакументы польскіх афіцыйных структур. Яны прадстаўляюць пэўны інтарэс для даследчыкаў, бо ілюструюць некаторыя аспекты дзяржаўнай палітыкі Польшчы ў паўночна-ўсходніх ваяводствах. Завяршаюць першую частку зборніка ўспаміны вязняў лагера ў Бярозе-Картузскай. Трагедыя гэтых людзей была выкарыстана савецкай прапагандай для фарміравання негатыўнага вобраза міжваеннай Польшчы ў гістарыяграфіі і грамадскай думцы.

У другой частцы зборніка змешчаны дакументы, звязаныя з барацьбой савецкіх спецыяльных ворганаў супраць польскіх падпольных і партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі заходніх абласцей БССР да і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Большасць прыведзеных дакументаў аднатыповыя. Гэта альбо зводкі аб т.зв. “бандпроявлениях”, альбо справаздачы аб барацьбе з “белопольскими бандами”.

Такім чынам, дадзены зборнік дакументаў змяшчае інфармацыю, сабраную ў адпаведнасці з прынятымі ў савецкай гістарыяграфіі канонамі і разглядае гісторыю ўзаемаадносін Беларусі і Польшчы ў 1921—1953 гг. не з беларускіх нацыянальных пазіцый, а з пазіцый савецкай ідэалогіі, да таго ж з элементамі праімперскіх штампаў, характэрных для сучаснай расійскай гістарыяграфіі.

Як справядліва адзначае Алесь Смалянчук, сённяшнюю сітуацыю ў беларускай гістарыяграфіі па праблеме 1939 г. можна ахарактарызаваць як вельмі складаную. Назіраецца пэўнае вяртанне часткі гісторыкаў (пераважна “старой гвардыі”) на “савецкія рубяжы”. Яскравым прыкладам з’яўляецца публіцыстычны артыкул доктара гістарычных навук П. Зялінскага (1931 года нараджэння) «Аб беларуска-польскіх стасунках у 20—40-х гадах ХХ стагодзя», апублікаваны ў газеце «СБ-Беларусь сёння» у 2012 годзе. «У адносінах да дзеячоў беларускага-нацыянальна вызваленчага руху праводзіліся масавыя карныя экспедыцыі, якія называліся пацыфікацыямі», – зазначае даследчык (32). Насамрэч польскія ўлады, часцей за ўсё былі вымушаны выкарыстоўваць сілу ў барацьбе з бальшавіцкім падполлем, якое дзейнічала на тэрыторыі заходне-беларускіх ваяводстваў міжваеннай Польшчы.

«У 1939 годзе адбылося ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай дзяржаве. Большасцю жыхароў Заходняй Беларусі ўз’яднанне з Усходняй Беларуссю было ўспрынята як аднаўленне гістарычнай справядлівасці», – працягвае П. Зялінскі (33). Аднак, аналізуючы польска-беларускія стасункі ў пачатку ХХ ст. немагчыма абмінаць гісторыю сталінскіх рэпрэсій на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939—41 гг. Тады ахвярамі тэрора НКУС сталі не толькі этнічныя палякі, але і шматлікія беларусы – грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай. Пра гэта даследчык не піша. Аднак фактар савецкіх рэпрэсій аказаў вельмі значны ўплыў на развіццё польска-савецкіх і польска-беларускіх адносін і гэты момант не магчыма не ўлічваць.

ххх

Аналізуючы сённяшні стан айчынных даследаванняў гісторыі Заходняй Беларусі, трэба ўзгадаць і працы заходнерускіх і імперскіх ідэёлагаў. У 2011 годзе на расійскім сайце «Рэгнум» былі апублікаваны артыкулы былога супрацоўніка Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі Мікалая Малішэўскага. У гэтых матэрыялах аўтар распавядае пра «жорсткую палітыку паланізацыі», пра «канцлагер у Бярозе Картузскай» і пра «аграрна-суравінны прыдатак», па сутнасці, выкарыстоўваўчы звычайны набор савецкіх ідэалагічных штампаў (34).

Апісваючы падзеі «вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года» М. Малішэўскі распавядае пра падзеі ў Скідзеле, акцэнтуючы ўвагу на «жорсткім падаўленні польскімі ўладамі ўзброенага выступлення мясцовага насельніцтва» (35). Насамрэч падзеі ў Скідзелі 17—22 верасня 1939 года вывучаны ў айчыннай гістарыяграфіі аднабакова. Толькі ў апошні час Скідзельская трагедыя атрымала навуковы аналіз.

Яшчэ адзін даследчык заходнерускай накіраванасці Сяргей Шыпценка ў некалькіх сваіх публікацыях, маючых дачыненне да разгляду гісторыі Заходняй Беларусі ізноў спрабуе падкрэсліць цяжкае становішча беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі і зрабіць акцэнт на паланізатарскай палітыке польскіх улад (36). Пры гэтым Шыпценка ў асноўным выкарыстоўвае аргументы, прынятыя ў беларускай савецкай гістарыяграфіі (37). Як вядома, у тых даследаваннях было багата ідэалагічных клішэ і мала цвярозага гістарычнага аналізу. Прыведзеныя вышэй працы даюць магчымасць сцвярджаць, што так званыя «гістарычныя даследаванні» прадстаўнікоў заходнерусізму ў Беларусі накіраваны на тое, каб сказіць гістарычнае мінулае Беларусі ўвогуле і яе заходняга рэгіёна ў прыватнасці.

ххх

Разам з тым у сучаснай беларускай гістарыяграфіі назіраюцца і пазітыўныя тэндэнцыі. Важную ролю ў даследаванні гісторыі Заходняй Беларусі адыгрывае Беларускі архіў вуснай гісторыі. На сайце Архіва зроблена адмысловая рубрыка, дзе змешчаны матэрыялы (успаміны сведкаў гісторыі) па дадзенай тэматыцы (38). Дарэчы, зараз вусная гісторыя (oral history) з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў развіцця гістарычнай навукі. Брытанскі гісторык Гуін Прынз слушна адзначыў:

“вусная гісторыя з яе дэталямі, гуманнасцю, часта з яе эмоцыямі і заўсёды з развітым скептыцызмам наконт паўнаты гістарычнай працы найперш адрасавана такім сутнасным элементам задачы гісторыка, як традыцыя і памяць, мінулае і сучаснасць. Без доступу да такіх рэсурсаў гісторыкі ў сучасных індустрыальных грамадствах з масавай пісьменнасцю, г.зн. самыя прафесійныя гісторыкі, будуць сумаваць у агульным аб’ёме разумення, абмежаванага іх уласнай культурай, як пакінутыя каханкі, стоячы ў трапяткім коле святла пад самотным ліхтаром на адкрытай усім вятрам цёмнай вуліцы (39)”.

Такім чынам, сучасная беларуская гістарыяграфія гісторыі Заходняй Беларусі міжваеннага часу знаходзіцца пад вялікім уплывам старых дагматычных пастулатаў, якія панавалі ў айчыннай гістыяграфіі ў савецкі час. Негатыўны ўплыў на развіццё гістарычных даследаванняў у Беларусі аказвае распаўсюджванне імперскіх і заходнерускіх ідэй, што спрыяе дагматызацыі айчыннай гістарыяграфіі.

Разам з гэтым, маладая генерацыя беларускіх даследчыкаў спрабуе правесці глыбокае даследаванне розных аспектаў гісторыі заходне-беларускага рэгіёна ў акрэслены час. Нягледзячы на шэраг адзначаных вышэй негатыўных тэндэнцый даследаванне гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваеннае 20-годзе працягваецца і ўсё новыя яе складаючыя становяцца здабыткам грамадскасці.

Спасылкі на крыніцы

1 Вайцешчык Г.С. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.) у айчыннай гістарыяграфіі. // Раманаўскія чытанні VII: матэрыялы (…) канферэнцыі (…). Магілёў, 2011, с. 59.

2 Смалянчук А. Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі. // “Гістарычны альманах”, Том 3, 2000.

3 Токць С.М. Скідзель у міжваеннай польскай дзяржаве (1921—1939 гг.). // Скідзель. 500 год гісторыі. Гродна, 2008.; Здановіч У.В. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Валовельской гміны ў 1921—1929 гг. // Берасцейскі хранограф: зб. навук. прац. Вып. 4. Брэст, 2004, с. 60—63.; Иванов Ю.Н. Социально-экономическое развитие Волковысского повета в 20—30 годы ХХ века. // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў: збор навуковых артыкулаў. Гродна, 2006, с. 250—254; Вавренюк И. Тенденции развития промышленности Бреста-над-Бугом (1921—1939 гг.). // Материалы научно-практического семинара (…). Воронеж, 2010, с. 318—320.

4 Эканамічная гісторыя Беларусі. Вучэбны дапаможнік: Выд. 2-е, дап. і перапр./ В.І. Галубовіч, Р.І. Ермашкевіч і інш./ Мінск, 1995.

5 Экономическая мысль Западной Беларуси в 1921—1939 гг. / В.Н. Бусько, Б.С. Войтешенко, С.И. Якимченко/. Минск, 2004.

6 Adamuszko W., Iwanowa N. Litości… Represje w obwodzie wilejskim w dokumentach 1939 – 1941 r. Warszawa, 1996.

7 Мельников И. Эвакуация активов Банка Польского в сентябре 1939 года. // “Банкаўскі веснік”, № 10, красавік 2012, с. 67—69.; Мельников И. Где хранили деньги жители Западной Беларуси. // “Историческая правда” (інтэрнет-сайт).

8 Грэсь С.М. Насаджэнне асадніцтва на землях Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. // Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі, супярэчнасці, перспектывы развіцця: матэрыялы (…) навук. канф. (…). Частка 4. Гродна, 2003, с. 252—257.; Вырастка А.Ф. Выпрацоўка заканадаўства аб асадніцтве ІІ Рэчы Паспалітай і яго рэалізацыя. // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў (Зборнік). Гродна, 2006, с. 232—237; Гарматны В.П. Вайсковае асадніцтва Заходняй Беларусі і яго роля ў аграрнай палітыцы польскага ўраду ў 1921—1939 гг. // Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы: матэрыялы (…) канф. (…). Гомель, 2008, с. 288—296.

9 Броўкін Я. Экономіка Польшчы ў 1921—1939 гг. // “Беларускі Гістарычны Часопіс”, 1997, № 3, с. 21—31.; Зялінскі П. Аграрная рэформа ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. // ХХ стагоддзе ў гісторыі палякаў і беларускаў: матэрыялы бел.-польск. навук. канф. Мінск, 2001, с. 170—176; Сяменчык М.Б. Эканамічная палітыка Польшчы ў Заходняй Беларусі. // Шлях у навуку: матэрыялы (…) канф./. Мінск, 1997, 1997, с. 49—53.; Нестерович Н.Б. Характер западнобелорусской экономики в 1921—1939 гг. // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў (Зборнік). Гродна, 2006, с. 288—232.

10 Лабачэўская В.А. Сберагаючы самабытнасць: з гісторыі народнага мастацтва і промыслаў Беларусі. Мінск, 1998; Каспяровіч Г. Промыслы і рамествы беларусаў у ХХ ст. // Весці Акадэміі навук (серыя гуманітарных навук). 1995, № 3, с. 105—113.

11 Шепетюк В.В. Участие еврейского населения в промышленном производстве Полесского воеводства в межвоенный период (1921—1939) // Моладзь Берасцейшчыны: зб. студэнц. навук. прац. Брэст, 1998, с. 36—40; Вавренюк И. К вопросу об отношении к иудейскому населению во ІІ Речи Посполитой (на примере Бреста-над-Бугом) (1921—1939 гг.) // Праблемы айчыннай і сусветнай гісторыі (Да 60-годдзя доктара гістарычных навук, прафесара У.М. Міхнюка): матэрыялы навуковых чытанняў. Брэст, 2008, с. 34—42.

12 Добрынин М.А. История общеобразовательной школы и педагогической мысли Польши. Брест, 2008. – 340 с.

13 Вабішчэвіч А.М. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920 – 1930-я гг.). // Białoruskie Zeszyty Historyczne, 2002, № 18, s. 78 – 90.; Вабішчэвіч А.М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921 – 1939 гг.). Брэст, 2004. – 116 с.

14 Вабішчэвіч А. М. Польскія грамадскія арганізацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920 – 1930-я гг. // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2008, № 3, с. 72—78.

15 Кривуть В. И. Молодежные организации на территории Западной Беларуси (1929 – 1939 гг.). Минск, 2008. – 166 с.; 43. Кривуть В. И. Молодежная политика польских властей на территории Западной Беларуси (1926 – 1939 гг.). Минск, 2009. – 254 с.

16 Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // “Беларускі гістарычны часопіс”, 1994, № 1, с. 37.

17 Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў Заходніх абласцях Беларусі (1939—1941) // “Беларускі гістарычны часопіс”, 1994, №№ 1, 2.

18 Паўлаў Я. Драматычны лёс асаднікаў // “Беларуская мінуўшчына”, 1994, № 4.

19 Мельников И. Катынь. Белорусский список. // “Историческая правда”, http://www.istpravda.ru/bel/research/703/; Мельников И. Катынский «лабиринт» и Беларусь. // “Новая Польша”, 2012, № 2, с. 31—33; Мельников И. Белорусский катынский список. // “Новая Польша”, 2013, № 1; Мельников И. Куропаты – общая боль для поляков и белорусов. // “Новая Польша”, 2013, № 3, с. 33—35.

20 Смалянчук А. Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі. // “Гістарычны альманах”. Том 3. 2000.

21 Ковкель И., Ярмусик Э. История Беларуси с древнейших времён до нашего времени. Минск, 1998. – 506 с.

22 Гісторыя Беларусі. У двух частках. /Пад рэд. Я. Новіка і Г. Марцуля/ Мінск, 1998.

23 Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мінск, 1999.

24 Ладысеў У. Падзеі верасня-кастрычніка 1939 года ў лёсе беларускага народа. // Назаўсёды разам…, с. 99.

25 “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…” Верасень 1939 г. – 1956 г.: дакументы і матэрыялы. /Пад рэдакцыяй У. Адамушка/ Кн. 1. Мінск, 2009.

26 Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі… Верасень 1939 г. – 1956 г.: дакументы і матэрыялы. Кніга 2. Мінск, 2009.

27 Грыбоўскі Ю. Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фарміраваннях 1918-1945 / Ю. Санкт-Пецярбург, 2006.

28 Люцік З. “Беларускі фронт”. Вайсковая аперацыя Чырвонай Арміі (верасень 1939). // ARCHE. Пачатак, 2008, № 8, с. 162—197.

29 Мельнікаў І. Беларусы ў Войску Польскім. // “Новы Час”, 16.03.2012.; Мельников И. На разломе цивилизаций. Белорусы в Войске Польском. // “Историческая правда” (інтэрнэт-сайт); Мельников И. Кобрин. Неизвестная оборона 1939-го. // “Историческая правда”; Мельников И. Брестская крепость. Сентябрь 1939-го. // “Братишка”, 2012, № 8, с. 30—35.

30 Польша – Беларусь (1921—1953): сб. документов и материалов / сост. А.Н. Вабищевич и др./ Минск, 2012, с. 3.

31 Тамсама, с. 22.

32 Зелинский П. О белорусско-польских отношениях в 20-40-х годах ХХ века. // “СБ – Беларусь сегодня”, 21.01.2012.

33 Тамсама.

34 Малишевский Н. Как жилось белорусам в «польском раю». // “Регнум” (інтэрнэт-сайт).

35 Малишевский, Н. Как белорусы лишились «польского рая». // Регнум.

36 Шиптенко С. Эпизод исторической амнезии: истинная цена мифа о «польском рае» для белорусов // “Регнум”.

37 Шиптенко С. История и псевдоистория Западной Белоруссии. // “Регнум”/.

38 Беларускі архіў вуснай гісторыі. 1939 г. у вусных успамінах жыхароў Беларусі // http://www.nashapamiac.org/archive/1939.action

39 Гуін П. Вусная гісторыя. // Будучыня гісторыі: зборнік артыкулаў па сучаснай гістарыяграфіі. Пер. з англ./ Мінск, 2008, с. 185.

Іншыя даклады канферэнцыі:

1. Нацыянальная бяспека і канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі

2. Минное поле белорусской истории

3. Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

4. Манументальная прапаганда і тапанімічная “рэфармацыя” ў палітыцы і практыцы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва: гісторыя і сучаснаснасць

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.