На наступным тыдні ў мінскім кафэ “Агінскі” адбудзецца імпрэза ад Таварыства аматараў гісторыі імя В. Ластоўскага, прысвечаная Году Міхала Агінскага.
– Справаздача аб дзейнасці Таварыства аматараў гісторыі ім. Ластоўскага за апошні год;
– Справаздача аб дзейнасці Інстытута беларускай гісторыі і культуры за 2014 год;
– Агляд кніжных навінак і абмеркаванне перспектыў далейшай дзейнасці ў галіне асветніцтва і патрыятычнага выхавання;
– Урачыстае ўзнагароджанне чарговага лаўрэата прэміі ім. В. Ластоўскага, якой адзначаюцца асобы, што зрабілі значны ўнёсак у даследаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры. Гэта могуць быць гісторыкі і краязнаўцы, дзеячы культуры і мастацтва, літаратары і журналісты, грамадскія актывісты.
Па выніках 2014 года ў шэраг намінантаў на прэмію патрапілі:
– Анатоль Грыцкевіч – гісторык, аўтар кнігі “Сцягі Оршы”;
— Павел Дарафей – ініцыятар стварэння музея жывой гісторыі “Панёманскае гарадзішча” і фестывалю раннесярэднявечнай культуры “З варагаў у грэкі”;
— Юры Жыгамонт – вядучы краязнаўчай тэлеперадачы “Новыя падарожжы дылетанта”;
— Ігар Мельнікаў – гісторык, рэдактар парталу “Гістарычная праўда”, арганізатар выставы “Заходнебеларуская Атлантыда”, аўтар кнігі “Невядомая заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941”;
— Зміцер Юркевіч – кіраўнік арт-суполкі ім. Тадэвуша Рэйтана, каардынатар валанцёрскай дзейнасці ў вёсцы Грушаўка.
Паводле ўсталяванага пратакола, лаўрэат прэміі імя В. Ластоўскага атрымае медаль, адмысловы дыплом і каштоўны падарунак.
Апроч таго, у межах імпрэзы адбудзецца прэзентацыя англамоўнай кнігі пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі пад назвай “Distinctive Belarus. On the Roads of Dukes, Magnates, and Poets”. Аўтар – пісьменніца і культуролаг Ірына Шумская, ілюстрацыі – фотамастака Сяргея Плыткевіча. Кніга ў першую чаргу скіравана на пашырэнне ведаў пра айчынную гісторыю і культурныя здабыткі Беларусі сярод грамадзян блізкага і далёкага замежжа, а таксама можа служыць у якасці турыстычнага дапаможніка для тых аматараў падарожжаў, хто яшчэ не паспеў азнаёміцца з асноўнымі цікавосткамі нашай Айчыны.