Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Пасля паўстання

LaureshПрацягваем друкаваць матэрыялы са зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», які складзены з дакладаў аднайменнай навукова-практычнай канференцыі, якая прайшла  у 23 сакавіка 2013 года.

Падаем Вам артыкул Леаніда Лаўрэша, краязнаўцы з г. Ліды: 

Вось як апісваў будучы міравы пасярэднік, рускі афіцэр М. Палявы перасячэнне ўсходняй этнічнай мяжы Беларусі ў 1864 г. і свой праезд да Вільні:

“Адразу за Смаленскам, як толькі я заехаў у Магілёўскую губерню, я трапіў у новы свет. З’явіліся палякі, беларусы, габрэі з іх чужымі для мяне мовай, звычаямі і варожым да ўсяго рускага настроем. Я рускі гвардзейскі афіцэр, свой формай выяўляў сваю нацыянальнасць і адразу адчуў злосны настрой, варожасць ўсіх гэтых людзей. Яны наўмысна гаварылі са мной па-польску, хоць усе выдатна размаўлялі і разумелі рускую мову. Яны абцяжарвалі мяне ва ўсім: у куплі хлеба, баранак, у падліку грошай, лічачы на злотыя, а часта і зусім адмаўлялі ва ўсім, кажучы: “не разумеем!”. … Ужо з самай мяжы Смаленскай губерні, было прыкметна ваеннае становішча краю. У мястэчках бачныя былі войскі, на паштовай дарозе стаялі месцамі заставы і ваенныя варта пры іх. На станцыях правяралася мая падарожная. Але калі я заехаў у Мінскую губерню, ваеннае становішча убачылася ва ўсёй сваёй сіле і строгасці …” (1).

Губернатар Міхаіл Мураўёв 7 чэрвеня 1864 г. забараніў насіць жалобную вопратку і розныя “рэвалюцыйныя знакі”, вянгеркі, канфедэраткі і доўгія боты пад пагрозай значных штрафаў: на першы раз – 25 руб., у другі раз – 50 руб., а на трэці раз – арышт. Калі заплаціць не было магчымасці – прадавалася маёмасць. Нават жалобу па родных дазвалялася насіць толькі пры наяўнасці адпаведнага дазволу ад паліцыі. Каб пазбегнуць штрафаў, жанчыны, выходзячы на вуліцу, падгортвалі жалобныя спадніцы каля поясу і на вачах паліцыі былі ў каляровых, а заходзячы да сваіх аднадумцаў апускалі схаваныя спадніцы і зноў былі ў жалобе. Заканчэнне паўстання не адмяняла загадаў наконт жалобнага адзення, верагодна, гэта была своеасаблівая помста за паўстанне з боку уладаў і надзейная крыніца хабару для мясцовых чыноўнікаў (2).

Яскрава адлюстроўвае рэжым, усталяваны на Лідчыне, прашэнне адстаўнога расейскага падпаручніка Міхаіла Васільевіча Страескі на імя Мураўёва ад 29 лістапада 1863 г., якое збераглося ў паперах былога набліжанага да Мураўёва ў Вільне афіцэра П. Чарэвіна (3). Страеска ехаў з Бесарабіі ў Пецярбург праз Беларусь і зазнаў шмат грубасцяў і здзекаў – спачатку ў Пінску, а пасля ў Лідзе ад вайсковых начальнікаў Ліды і Пінска і п’яных расейскіх жаўнераў. Адстаўны падпаручнік спачатку быў упэўнены што рэжым які ён бачыў па свайму шляху, усталяваны без ведама генэрал-губэрнатара і парушае законы, таму як чалавек чэсны і жадаючы дабра Расеі, ён напісаў рапарт да генэрал-губэрнатара. Пра тое, што бачыў на Лідчыне, Страеска пісаў:

“Калі сп. Алхазаў (лідскі ваенны начальнік – Л.Л.) абыходзіўся са мною так, … не-палякам, маючы перад вачыма 5-6 дакументаў – сведчанняў пра маю асобу, то чаго пасля гэтага можна чакаць ад яго няшчаснаму паляку? Панове Алхазавы […] прымусяць іх кінуць усё і шукаць выратавання “do lasu”. … Паверце, Ваша Высокаправасхадзіцельства, – піша далей Страеска, – што ў войсках губерняў нельга ўгледзець прастадушнага, заўжды рахманага расейскага жаўнера; грубасцю і жорсткасцю яны пераўзышлі там, мабыць, дзікія татарскія орды, што лютавалі некалі на Св. Русі. Калі б да Вас маглі даходзіць стогны і скаргі прыгнечаных варварствам нашага хрысталюбнага воінства, Вы, напэўна, з жахам адмовіліся б ад такіх паплечнікаў” (4).

Хутка адстаўны падпаручнік усвядоміў, што ўсе робіцца з дазволу Мураўёва-вешальніка і з’яўляецца часткай ягонага плана паціфікацыі краю. Вось што казаў Мураўёў камандзіру аднаго з карных атрадаў князю Імератынскаму:

“Не верьте ничему, что вам будут говорить о снисхождении, гуманности, недоказанности вины… неправда! Все они виноваты более или менее, и самое малое наказание — если кто посидит в каменном мешке!… Нам надобно вырвать им зубы до весны, a иначе опять придется начинать сызнова! Я дал военным начальникам самые широкие полномочия, распоряжений своих не изменяю, a напротив подтверждаю и всегда поддерживаю. Поэтому не бойтесь ответственности, не стесняйтесь тем, что скажет следственная комиссия…

Выговорив последние слова, он энергично прихлопнул рукою кипу следственных дел, перед ним лежавших, и продолжал:

— Все это для вас не обязательно, и соображаться с тем, что могут или могли бы сказать, вам не следует. Еще раз говорю: если кто из этих… по виду покажется невиновным, нужды нет!… Пускай посидит, одумается, это самое меньшее из того, что все они заслуживают! A если увидите пристанодержательство, пособничество или хоть малейшую поблажку этим мерзавцам, приказываю вам все сжечь, сравнять с землею — будто деревня, усадьба, что бы ни было! Особенно строго присматривайте зa панами и ксендзами, a с этими шляхетскими околицами не следует церемониться по их многолюдству: напишите мне, и я их выселю всех до единого! Ну-с, я рад, что могу вам дать случай послужить в такое время государю и русскому делу!” (5).

Як бачым, задоўга да бальшавікоў і нацыстаў, Мураўёў дэ-факта ўвеў прынцып калектыўнай адказнасці. Нездарма сучаснік Мураўёва, выбітны рускі бібліёграф Уладзімір Мяжоў у сваёй працы “Руская гістарычная бібліяграфія за 1865—1876 гг.” пасля смерці генерала адзначыў:

«У грамадстве і гісторыі ён (М.М. Мураўёў) застаўся пад імем Мураўёва-вешальніка і наогул вядомы быў сваёю кроважаднасцю» (6).

ххх

Знакаміты польскі палітык Раман Дмоўскі (1864—1939) пісаў пра фатальную ролю «польскага пытання» для гісторыі Расійскай імперыі: далучэнне земляў Рэчы Паспалітай да Імперыі зрабіла немагчымым нармальнае палітычнае развіце гэтай краіны:

«Колькі разоў, Расія уступала на шлях разумных памяркоўных рэформаў і ў часы Аляксандра I, і ў часы Аляксандра II, альбо у перыяд станаўлення Думы, і кожны раз зыходзіла з гэтага шляху. Галоўнай прычынай было «польскае пытанне», а дакладней небяспека, што палякі выкарыстаюць палітычныя правы дзеля ўмацавання уласных пазіцый і падрыву расійскай дзяржаўнасці. (…) Трэба было выбіраць паміж эвалюцыйным і рэвалюцыйным шляхамі развіцця. У выніку таго, што «польскае пытанне» фактычна заблакавала першы з іх, Расія была прыгавораная да рэвалюцыі. Магчыма, апошнія падзеі у Расіі (маецца на увазе рэвалюцыя 1917 г. – Л.Л.) з’яўляюцца расплатай за панаванне над Польшчай» (7).

Разгром паўстання абярнуўся ўзмацненнем русіфікацыі. 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў “асобам польскага паходжання” набываць зямлю. Забаранялася распаўсюджванне польскіх выданняў. Часовыя правілы для народных школ краю стваралі выключна вялікарускую сістэму адукацыі. Шэраг загадаў гарантаваў масавы прыток чынавенства з этнічна расійскіх губерняў. Нельга было размаўляць па-польску ў публічных месцах: у нашых гарадах можна была пабачыць аб’явы накшталт: “Говорить по-польски запрещено”.

Пасля паўстання адбылася хуткая пераарыентацыя палітычна і культурна актыўных людзей, прыхільнікаў ліцвінскай традыцыі: замест працы на патрэбы свайго краю яны ў значанай ступені пачалі арыентавацца на Польшчу і яе культурныя патрэбы. У 1863 г. этнограф Павел Баброўскі прапанаваў галоўным крытэрыям вызначэння этнасу лічыць мову. Тады ж, пры падтрымцы уладаў пачалося хуткае развіццё так званага заходнерусізма (яго сэнс – Беларусь этнічная, культурная і дзяржаўная частка Расіі “сапсаваная” палякамі).

У той жа час расійскія улады дазволілі друкаваць на беларускай мове этнаграфічныя даследаванні, якія павінны былі спрыяць ўмацаванню плыні менавіта заходнерусізма. Былі праведзены шматлікія навуковыя даследаванні народнай культуры. Але этнаграфія, як і любая аб’ектыўная навука толькі пацвердзіла існаванне асобнага беларускага этнасу. Другая палова XIX стагоддзя стала для Еўропы часам нацыянальнага абуджэння, усе нашы суседзі прасыпаліся ад сну і стваралі нацыі ў сучасным разуменні гэтага слова. Таму, канешне, агульны культурны кантэкст указваў напрамкі для далейшага развіцця і нам, беларусам.

Развіццё беларускай культуры ішло ў межах ліцвінскай і заходнерускай культурных традыцый, “беларускасць” шмат у чым з’явілася іх сплавам. Ужо ў пачатку 1880-х гадоў беларускія народнікі выступілі з абгрунтаваннем тэзы пра беларусаў як асобнага народа. Сімвалічна, што на канчатковае афармленне беларускай культурнай традыцыі сваёй творчасцю моцна паўплываў паўстанец 1863 г. Францішак Багушэвіч (8). Пасля яго станаўленні беларускай нацыі ўжо не было альтэрнатывы, гэта станаўленне можна было замарудзіць, але ужо было немагчыма адмяніць.

Крыніцы:

(1) Полевой Н. Два года, – 1864 и 1865, из истории крестьянского дела в Минской губ. // “Русская старина”, 1910. Том 141, № 1, с. 48-49.

(2) Лісейчыкава Н. Штодзённае жыццё жыхара Гродна ў 1860-я гг. // Веснік ГрДзУ, 2006, № 4.

(3) У час падаўлення паўстання 1863 г. Пётр Чарэвін палкоўнік, потым генерал-лейтэнант, таварыш міністра ўнутраных спраў і шэфа жандараў, набліжаны імператара Аляксандра ІІІ.

(4) Чарэвін П. Паўночна-Заходні край (Успаміны) // “Спадчына”, 1998, № 3, с. 31—64.

(5) Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве (…), с. 628–629.

(6) Там жа, с. 639.

(7) Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 гг. Гродна, 2001, с. 50.

(8) Там жа, с. 43—46.

Пра аўтара:

Лаўрэш Леанід нарадзіўся 1 сакавіка 1963 г. у Лідзе.

У 1985 г. скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (зараз энергетычны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта).

Займаецца краязнаўствам і гісторыяй прыродазнаўчых навук на Беларусі.

Аўтар больш за 80 артыкулаў і 4 кніг: “Лiда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках” (у суаўтарстве, 2001), “Генерал Кіпрыян Кандратовіч (Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублiкi)” (2007), “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне” (2012), “I зорнае неба над галавой…: Нарысы з гiсторыi астраномii”. У планах кніга пра ўсе паўстанні на Лідчыне.

Сталы аўтар газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец”.

Спасылкі па дадзенай тэме:

Прадмова да зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Поўнае відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Навукова-практычная канферэнцыя “Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.