Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Паўстанне 1863—1864 гг. на Беларусі

Kastus KalinouskiПрацягваем друкаваць матэрыялы са зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», які складзены з дакладаў аднайменнай навукова-практычнай канференцыі, якая прайшла  у 23 сакавіка 2013 года.

Прапануем Вам артыкул доктара гістарычных навук Міхася Біча:

Гісторыі паўстання 1863—1864 гг. прысвечаная багатая і супярэчлівая ў канцэптуальных адносінах літаратура, прадстаўленая пераважна польскімі і расейскімі аўтарамі. Не страцілі свайго значэння да нашых дзён, як важныя крыніцы па гэтай праблеме, працы ўдзельнікаў і сучаснікаў паўстання, апублікаваныя ў апошняй трэці XIX – пачатку XX ст. [1]

Іх аўтары карысталіся не толькі ўласнымі ўспамінамі, але і ўнікальнымі дакументамі, многія з якіх да нас не дайшлі.

Пачатак станаўлення беларускай гістарыяграфіі аб паўстанні і К. Каліноўскім адносіцца да 1920-х гадоў. У папулярнай літаратуры ў той час Каліноўскі характарызаваўся як нацыянальны герой, першы беларускі рэвалюцыянер і кіраўнік сялянскага антыпамешчыцкага паўстання. Грунтоўны навуковы аналіз падзеяў паўстання і поглядаў Каліноўскага ў беларускай гістарыяграфіі ўпершыню дадзены ў артыкулах і манаграфіі Усевалада Ігнатоўскага [2]. Ен характарызаваў паўстанне як буржуазна-дэмакратычнае, а Каліноўскага – як беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, ідэолага левых “чырвоных”, які па пэўных пытаннях быў вымушаны ісці на кампраміс з “белымі”, г.зн шляхецка-кансерватыўнай плынню сярод паўстанцаў. Даследчык паказаў, што сялянства ў масе за паўстанцамі не пайшло і часта, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, ставілася да іх варожа.

У той жа час беларускі савецкі гісторык Самуіл Агурскі (1884—1947) ў ацэнках паўстання фактычна далучыўся да поглядаў расейскіх манархічных аўтараў. Ён заяўляў, што паўстанне 1863 г. было арганізаванае польскімі памешчыкамі і каталіцкім духавенствам і праходзіла пад польскімі шавіністычнымі лозунгамі, называў Каліноўскага “міфічным героем”, “польскім шавіністам” [3]. У 30-я гады ў савецкай Беларусі Каліноўскі ацэньваўся як “ідэолаг беларускай і польскай шляхты”, г.зн. як рэакцыйны дзеяч [4].

У пасляваенны перыяд значны ўклад у распрацоўку гісторыі паўстання і навуковай біяграфіі Каліноўскага ўнеслі беларускія гісторыкі Уладзімір Перцаў (1877—1960), Іван Лушчыцкі (1907—1973), Анатоль Смірноў (1925—2009), Генадзь Кісялеў (1931—2008), Сусанна Самбук (1924—?) [5].

Для працаў 1950-х гадоў характэрныя наступныя высновы і ацэнкі:

– Каліноўскі – правадыр сялянскага паўстання, стваральнік вольнага беларускага друку, буйнейшы прадстаўнік перадавой грамадскай думкі Беларусі XIX ст., якая развівалася пад магутным уплывам рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў;

– антыпрыгонніцкі рух сялянаў у Беларусі і Літве ў пачатку 1863 г. перарос ва ўзброенае паўстанне супраць памешчыкаў; у такой якасці яно было па сутнасці варожым польскаму шляхецкаму нацыянальна-вызваленчаму руху;

– Каліноўскі звязваў з сялянскай рэвалюцыяй знішчэнне не толькі саслоўнай, але і маёмаснай няроўнасці;

– у яго поглядах сялянскі дэмакратызм спалучаўся з утапічным сацыялізмам; у тлумачэнні з’яваў грамадскага жыцця ён прытрымліваўся ідэалістычных поглядаў;

– пры падрыхтоўцы паўстання і ў кіраўніцтве ім Каліноўскі займаў цалкам самастойную пазіцыю, не прызнаваў кіраўніцтва Варшаўскага камітэта і яго праграму, заклікаў у “Мужыцкай праўдзе” да знішчэння памешчыцкага землеўладання.

Разам з тым адмаўлялася прызнаная ў першыя пасляваенныя гады наяўнасць у праграме Каліноўскага лозунга барацьбы за дзяржаўную самастойнасць Літвы і Беларусі, а сам гэты лозунг абвяшчаўся рэакцыйным. Сцвярджалася, што Каліноўскаму яго прыпісалі “ідэолагі самадзяржаўя і польскія нацыяналісты.

ххх

Да 100-годдзя паўстання калектыў расейскіх, польскіх, літоўскіх і беларускіх даследчыкаў падрыхтаваў і выдаў шматтомны збор дакументаў і матэрыялаў. Дзве кнігі з гэтай серыі прысвечаныя падзеям у Літве і Беларусі [6]. Увядзенне ў навуковы ўжытак вялікага масіву дакументаў і матэрыялаў суправаджалася публікацыяй шэрагу даследаванняў, садзейнічала пераасэнсаванню і істотнаму ўдакладненню некаторых раней зробленых высноваў.

У навуковай літаратуры замацаваліся высновы пра тое, што паўстанне 1863 г. па складу ўдзельнікаў было пераважна шляхецкім, а па зместу праграмы – буржуазна-дэмакратычным, што рэвалюцыйныя дэмакраты з прычыны сваей слабасці не змаглі павесці за сабою сялянскія масы і вымушаныя былі падпарадкоўвацца шляхецкім рэвалюцыянерам. А.П. Смірноў прызнаў і станоўча ацаніў пастаноўку Каліноўскім пытання пра ўтварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі [7]. Іншыя палажэнні гістарыяграфіі 1950-х г. захаваліся. У 2-м томе “Гісторыі Беларускай ССР” (Мінск, 1972) пазіцыі беларускіх рэвалюцыйных дэмакратаў па нацыянальным пытанні напярэдадні і ў час паўстання, як і раней, замоўчваліся.

Разам з тым у літаратуры 60-х гадоў выразна акрэсліліся погляды, якія фактычна азначаюць адмаўленне існавання ў паўстанні рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні на чале з Каліноўскім і выстаўлення ім патрабавання дзяржаўнай самастойнасці Літвы-Беларусі [8]. М. Міско заяўляў, што Кастусь. Каліноўскі і ягоны літоўскі паплечнік Антон Мацкевіч (Антанас Мацкявічус) разглядалі Літву і Беларусь як частку Польшчы і цалкам падзялялі праграму польскага паўстанцкага ўрада, якая прадугледжвала ўключэнне беларуска-літоўскіх зямель у склад Польскай дзяржавы і захаванне памешчыцкага землеўладання.

Больш таго, гэты аўтар, як і С. Агурскі, сцвярджаў, што прасякнутае польскім нацыяналізмам “Пісьмо Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай” выйшла з-пад пяра К. Каліноўскага. Пры гэтым М. Міско цалкам праігнараваў вядомыя факты, якія сведчаць пра востраканфліктныя ўзаемаадносіны Каліноўскага і Віленскага паўстанцкага цэнтра ў цэлым з варшаўскім Цэнтральным нацыянальным камітэтам. Дыскусія па гэтых пытаннях працягваецца [9].

У польскай і расейскай (у тым ліку савецкай) гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі традыцыйна вызначаецца як польскае. Тым самым ігнаруюцца істотныя яго асаблівасці ў беларуска-літоўскім рэгіёне і найперш тое, што напярэдадні і ў ходзе паўстання тут упершыню дастаткова выразна праявілася плынь беларускага нацыянальна-вызваленчага руху на чале з Каліноўскім. Таму ў шэрагу публікацыяў беларускіх гісторыкаў і ў дадзенай працы яно ў дачыненні да тэрыторыі Літвы-Беларусі не называецца польскім.

 Рэвалюцыйныя дэмакраты і шляхецкія рэвалюцыянеры

У канцы 50-х – пачатку 60-х г. XIX ст. адбыліся якасныя змены ў складзе ўдзельнікаў вызваленчага руху ў Расеі: дваранскія рэвалюцыянеры саступілі месца г.зв. “разначынцам” – выхадцам з дэмакратычных пластоў насельніцтва, выразнікам інтарэсаў працоўных масаў, прадстаўленых у той час найперш сялянствам. Ідэолагамі руху сталі выдатныя расейскія мысліцелі і публіцысты Аляксандр Герцэн, Мікалай Чарнышэўскі, Міхаіл Бакунін, Мікалай Агароў, Мікалай Дабралюбаў.

Пад іх уплывам была створаная рэвалюцыйная арганізацыя “Зямля і воля” з цэнтрамі ў Пецярбургу і Лондане. Яна рыхтавала ўсерасійскае сялянскае паўстанне з мэтай устанаўлення народаўладдзя, перадачы без выкупу ўсёй зямлі сялянам, пабудовы сацыялістычнага ладу на аснове рэфармаванай сялянскай абшчыны і ўраўняльнага землекарыстання. У праграме расейскіх рэвалюцыйных дэмакратаў прадугледжвалася таксама прадастаўленне кожнаму народу, у тым ліку беларусам, права на самавызначэнне свайго лёсу. Надзеі на ажыццяўленне гэтай праграмы ўзмацняліся небывалым уздымам антыпрыгонніцкага сялянскага руху і ўзнікненнем рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне напярэдадні і ў час рэформы 1861 г.

У заходніх – польскіх і беларуска-літоўскіх – губернях рэвалюцыйная сітуацыя абвастралася не толькі аграрна-сялянскім, але і нацыянальным пытаннем, найперш – уздымам польскага нацыянальна-вызваленчага руху, мэтай якога з’яўлялася аднаўленне незалежнай польскай дзяржавы ў межах Рэчы Паспалітай 1772 г.

Па пытанні аб шляхах дасягнення гэтай мэты ўдзельнікі руху падзяляліся на дзве асноўныя плыні – “чырвоных” і “белых”. Першыя прадстаўлялі дэмакратычныя пласты насельніцтва – шматлікую беззямельную і малазямельную шляхту, рамеснікаў, сялянаў; другія – сярэдніх і буйных землеўласнікаў і буйную буржуазію. “Чырвоныя” зыходзілі з прызнання неабходнасці агульнанацыянальнага ўзброенага паўстання супраць царызму. “Белыя” разлічвалі на дасягненне сваёй мэты шляхам маніфестацыяў і перагавораў з урадам пры дыпламатычнай падтрымцы заходніх дзяржаў.

Не было адзінства і сярод “чырвоных”. Правую, памяркоўную іх частку складалі шляхецкія рэвалюцыянеры – польскія нацыяналісты, для якіх галоўным было пытанне аб аднаўленні польскай рэспублікі з уключэннем у яе склад земляў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Прапагандай гэтай ідэі яны імкнуліся прыцягнуць да паўстання і памешчыкаў і сялянаў, прычым першым абяцалі захаваць іх маёнткі, а другім – адразу без выкупу і адбывання “часоваабавязных адносінаў” перадаць у поўную ўласнасць зямельныя надзелы, атрыманыя па рэформе 1861 г. Немалаважным для памешчыкаў было і абяцанне аплаціць за кошт дзяржавы землі, выдзеленыя сялянам. Акрамя таго, прадугледжвалася роўнасць грамадзянскіх правоў сялянаў і шляхты, замена падушнага падатку падымным і 15-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайсковай службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), утвораны летам 1862 г. у Варшаве. Складаўся ён у асноўным з памяркоўных “чырвоных”.

На перагаворах прадстаўнікоў ЦНК з выдаўцамі “Колокола” (Герцэн, Агароў, Бакунін) у Лондане ў верасні 1862 г. апошнія папярэдзілі польскіх рэвалюцыянераў, што іх праграма не знойдзе падтрымкі ў Расіі, і прапанавалі прыняць лозунгі расійскай рэвалюцыйнай дэмакратыі (“зямля – сялянам, воля – правінцыям”), г.зн. Літве, Беларусі і Украіне. Палякі абяцалі ўлічыць прапановы. У сувязі з гэтым у пісьме Герцэна “Русским офицерам в Польше” (кастрычнік 1862 г.) падкрэслівалася:

“Зямля сялянам, самастойнасць абласцям – на гэтай падставе, і толькі на ёй можа ўстанавіцца дзейсны саюз ваш з польскімі братамі… Скажам разам з палякамі, быць Літве, Беларусі і Украіне з кім яны быць хочуць, ці ні з кім, толькі волю б іх уведаць – не падробленую, а сапраўдную” [10].

Фактычна абяцанні, дадзеныя польскімі рэвалюцыянерамі выдаўцам “Колокола” не былі выкананыя. У “Маніфесце” і двух аграрных дэкрэтах, выдадзеных ЦНК 22 (10) студзеня 1863 г. у сувязі з абвяшчэннем паўстання, выкладалася ахарактарызаваная вышэй праграма. Новым у ёй было толькі абяцанне надзяліць 3 моргамі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельных сялянаў, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне. Адначасова ЦНК аб’явіў сябе Часовым нацыянальным урадам на ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

У Беларусі і Літве падрыхтоўка паўстання пачалася ўвосень 1861 г., калі ў Вільні ўтварыўся “чырвоны” Камітэт руху на чале з капітанам Генеральнага штаба Людвікам Звяждоўскім [11]. З лета 1862 г. гэты камітэт стаў называцца Літоўскім правінцыйным камітэтам (ЛПК). Змену назвы можна растлумачыць тым, што варшаўскі ЦНК к таму часу падпарадкаваў сабе віленскі цэнтр, прымусіў яго прызнаць сябе “правінцыйным”. Старшынею ЛПК заставаўся Звяждоўскі. У гэтай сувязі шматзначным уяўляецца паведамленне Васіля Ратча пра Літоўскі камітэт:

”Звяждоўскі пачаў “бялець” (…) Пастаянным яго праціўнікам быў Канстанцін Каліноўскі (…) які быў чысцейшым прадуктам камуністычнай літаратуры (…) з усімі федэратыўнымі мроямі (“бреднями”) “Колокола”. Ён разумеў (…) што “такой бесталковай мазгаўні”, як Варшава, нельга давяраць будучы лес Літвы” [12].

Кастусь Каліноўскі на той час вызначыўся як лідэр радыкальнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні сярод “чырвоных” Літвы-Беларусі. Летам 1862 г. ён стаў сябрам, а ў кастрычніку быў абраны старшынёю ЛПК. Звяждоўскі неўзабаве выбыў з яго складу. У канцы 1862 – пачатку 1863 г. сябрамі ЛПК з’яўляліся інжынер-паручнік Ян Козел-Паклеўскі, урач Баляслаў Длускі, фатограф Ахіл Банольдзі, студэнт Эдмунд Вярыга, выпускнік Пецярбургскага універсітэту Зыгмунт Чаховіч [13].

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 21 студзеня (2 лютага) 1838 г. у Мастаўлянах Гарадзенскага пав. Бацька яго, Сымон быў беззямельным шляхцічам, уладальнікам невялікай ткацкай мануфактуры. З 1849 г. шматдзетная сям’я Каліноўскіх жыла ў фальварку Якушоўка (220 дзес. зямлі) паблізу мястэчка Свіслач Ваўкавыскага пав. (фальварак быў куплены за сродкі другой жонкі С. Каліноўскага, мачахі Кастуся). У 1852 г. Кастусь скончыў прагімназію ў Свіслачы. У 1856—60 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэту, удзельнічаў у дзейнасці падпольных гурткоў польска-беларуска-літоўскай моладзі – навучэнцаў цывільных і вайсковых навучальных установаў Пецярбурга. Атрымаўшы званне кандыдата права, у сакавіку 1861 г. вярнуўся на радзіму. Той жа вясной пачаў ствараць на Гарадзеншчыне рэвалюцыйную арганізацыю, у якую ўвайшлі Валеры Урублеўскі, Фелікс Ражанскі, Эразм Заблоцкі, Ільдэфонс Мілевіч, Станіслаў Сангін ды іншыя.

Погляды левай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні “чырвоных” даволі поўна адлюстраваліся ў газеце “Мужыцкая праўда”, якая выдавалася К. Каліноўскім, В. Урублеўскім, Ф. Ражанскім з лета 1862 г. у якасці неафіцыйнага органа ЛПК. Друкавалася яна на беларускай мове лацінскім шрыфтам у форме адозваў, прысвечаных набалелым для сялянаў пытанням. Асвятляліся яны гранічна сцісла, лагічна, паслядоўна, іншы раз наўмысна па-сялянску грубавата. Для газеты характэрны агітацыйны стыль, разлічаны на асяроддзе малапісьменных і непісьменных сялянаў. Выходзіла яна ад імя “Яські – гаспадара з-пад Вільні”. Да канца 1862 г. убачылі свет і былі шырока распаўсюджаныя 6 нумароў. Сёмы, апошні нумар выйшаў у пачатку лета 1863 г.

Звяртаючыся да беларускіх сялянаў, “Мужыцкая праўда” ў першым нумары заявіла:

“Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны хочуць трымаць з намі, то няхай жа робяць па святой справядлівасці: бо калі іначай – так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаць касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе”.

Ніхто не дасць вольнасці сялянам. Яны павінны самі заваяваць яе і пабудаваць новы парадак – такі і так, як захочуць – вось лейтматыў “Мужыцкай праўды”.  Каліноўскі папярэджваў:

“А для таго, дзецюкі, – каб ніхто вас не мог ашукаць, цяпер ужо талкуйце памеж сабою, якой вам вольнасці патрэбна і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа” (№ 3).

Як відаць з прыведзеных радкоў, Каліноўскі адназначна зыходзіў з ідэі народнай, сялянскай рэвалюцыі і ўсталявання ў выніку яе народаўладдзя. У гэтых адносінах ён прынцыпова разыходзіўся не толькі з “белымі”, але і з памяркоўнымі “чырвонымі”, якія рабілі стаўку на вядучую ролю шляхты. Ён бліскуча – вельмі лаканічна, але ў той жа час проста і зразумела для кожнага непісьменнага селяніна – сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы. “І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, – пісаў Каліноўскі, – так добры ўрад глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіці так як народові лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ўрада, а ўрад для народа”.

Аднак прамых заклікаў да захопу памешчыцкіх земляў у “Мужыцкай праўдзе” не было. Больш таго, у № 7 газета прапагандавала Маніфест Польскага нацыянальнага ўрада ад 22 (10) студзеня 1863 г. і абвешчаную ў ім вельмі абмежаваную праграму. Нацыянальнае пытанне ў “Мужыцкай праўдзе” не ўзнімалася зусім.

У поўнай меры свае рэвалюцыйна-дэмакратычныя пазіцыі К. Каліноўскі адстойваў і прапагандаваў на пасяджэннях ЛПК, дзе цвёрда і паслядоўна дамагаўся ўстанаўлення раўнапраўных адносінаў паміж ЛПК і ЦНК, прыняцця радыкальнай праграмы па аграрна-сялянскім пытанні, прызнання права Літвы-Беларусі на ўтварэнне самастойнай дзяржавы. Звесткі аб прынцыповых разыходжаннях яго з польскімі шляхецкімі рэвалюцыянерамі па праграмных і арганізацыйных пытаннях у падпольны друк не трапілі. Тым не менш захаваліся сведчанні пра гэта, якія заслугоўваюць поўнага даверу.

У кнізе генерала Васіля Ратча, які мог карыстацца ўсімі дакументамі следства, адзначана, што Каліноўскі “настойліва праводзіў ідэю самастойнасці Літвы”, што яго партыя “вырашыла канчаткова пазбавіцца варшаўскай апекі”. Ратч пісаў:

“Каліноўскі прымаў на сябе дыктатуру. Варшаўскі ўрад павінен быў (…) атрымаць паведамленне, што Літва і Беларусь – самастойная дзяржава”.

Па звестках Ратча, поспех паўстання Каліноўскі ў вырашальнай ступені звязваў з актыўным удзелам у ім сялянскіх масаў, са стварэннем сялянскай арганізацыі і ў сувязі з гэтым выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянству. На шляхту ён не спадзяваўся і выказваўся за ліквідацыю “гэтай гнілой і разбэшчанай касты” [14].

Аналагічныя звесткі сустракаюцца ва ўспамінах сакратара варшаўскага нацыянальнага ўраду Юзафа Яноўскага. Ён адзначаў, што:

“Каліноўскі не хацеў мець ніякіх адносінаў да шляхты, а абапіраўся толькі на народ. Сувязь Літвы з Польшчаю разумеў толькі як федэратыўную – з поўнай незалежнасцю Літвы. Не прызнаваў спаўна ўлады Цэнтральнага камітэту, не жадаў прымаць адтуль ніякіх загадаў ці даручэнняў. Гэтая пазіцыя Каліноўскага, якую не ўсе ў Камітэце (ЛПК – М.Б.) поўнасцю падзялялі, была повадам для непаразуменняў” [15].

Аддаў належнае Каліноўскаму ў сваіх успамінах і Якуб Гейштар, лідэр літоўска-беларускіх “белых”:

“Гэта была натура запальчывая, але справядлівая, без аніякага ценю крывадушнасці. Адданы душою і сэрцам народу, аднак прыхільнік крайніх рэвалюцыйных тэорый, які не спыняўся нават перад развязваннем грамадзянскай вайны і думаў, да таго ж аб самастойнасці Літвы. Быў непараўнальным, узорным канспіратарам, душою Камітэта… Пры першым знаёмстве даказваў мне, што ўдзел шляхты і памешчыкаў у паўстанні не толькі не патрэбны, але і шкодны. Народ сам заваюе сабе свабоду і запатрабуе ўласнасць у памешчыкаў” [16].

Крайняе абвастрэнне ўзаемаадносінаў паміж ЛПК і ЦНК у канцы 1862 г. засведчыў сябра ЦНК Аскар Авейдэ ў сваіх паказаннях следчай камісіі ў студзені 1865 г. Ен спаслаўся на факты выдалення са складу ЛПК варшаўскага камісара Нестара Дзюлерана, а затым і яго пераемніка, адзначыў цвёрдасць і рашучасць, з якой ЛПК дамагаўся раўнапраўнасці ва ўзаемаадносінах з Варшавай і перадачы ў падпарадкаванне Вільні Беластоцкага ваяводства. Менавіта Авейдэ па даручэнні ЦНК вёў перамовы пра статут з упаўнаважанымі ЛПК Эдмундам Вярыгам, а затым – з Баляславам Длускім. Першы з іх пайшоў на прынцыповыя ўступкі і пагадзіўся з статутам, паводле якога Вільня трапляла ў поўнае падпарадкаванне Варшаве. Толькі па пытанні пра тэрмін паўстання згода літоўскага прадстаўніка ў ЦНК была абавязковай. У іншым выпадку Літва не была абавязаная прыняць назначаны ў Варшаве тэрмін. ЛПК адхіліў гэтае пагадненне і паслаў для перамоваў у Варшаву Б. Длускага. Авейдэ адзначаў:

“Па нейкай сляпой цвёрдасці і яго і камітэту віленскага ў гэтых неабгрунтаваных, на наш погляд, патрабаваннях, я, нягледзячы на ўсе мае намаганні, на ўсе магчымыя ўступкі з боку Цэнтральнага камітэту, не паспеў прыйсці да пагаднення з Длускім на працягу цэлых двух ці трох тыдняў. Гэтая абставіна была сапраўднай і вялікай шкодай для рэвалюцыі, таму што да самога моманту паўстання [пагаднення] паміж Вільняй і Варшавай не адбылося” [17].

Каліноўскаму і яго аднадумцам так і не ўдалося паўплываць на пазіцыі ЦНК. Апошні цалкам праігнараваў патрабаванні беларуска-літоўскіх рэвалюцыйных дэмакратаў, як па праграмных, так і арганізацыйных пытаннях. Больш таго, нават рашэнне пра пачатак паўстання варшаўскія дзеячы прынялі, не ўзгадніўшы яго з Вільняй, не ўважыўшы, як пісаў Каліноўскі, “інтарэсаў Літвы” [18]. Гэта з усёй відавочнасцю паказала публікацыя маніфеста і аграрных дэкрэтаў польскага нацыянальнага ўраду ад 10 (22) студзеня 1863 г.

 Пачатак паўстання ў Літве-Беларусі. Баявыя дзеянні

У крытычнай сітуацыі, створанай нечаканым абвяшчэннем паўстання Цэнтральным нацыянальным камітэтам, ЛПК даволі доўга вагаўся, як рэагаваць на дзеянні Варшавы. Тым больш, што згаданы вышэй пункт статуту, прывезенага ў Вільню Э. Вярыгам, вызваляў Літву ад абавязку падтрымкі паўстання ў Польшчы, калі яно пачыналася без згоды ЛПК.

І ўсё ж пасля 10 сутак цяжкага роздуму і аналізу сітуацыі Віленскі камітэт 20 студзеня (1 лютага) 1863 г. выдаў свой маніфест, адрасаваны “літоўцам, беларусам, жэмайційцам і жыхарам іншых абласцей, занятых рускімі”, у якім абвясціў правы і свабоды, вызначаныя польскім нацыянальным урадам, яго аграрную праграму і заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы [19]. Маніфест ад 1 лютага азначаў, што левыя ў ЛПК на чале з Каліноўскім у тых драматычных умовах дзеля адзінства дзеянняў пайшлі на прынцыповыя ўступкі польскім шляхецкім рэвалюцыянерам па ўсіх праграмных пытаннях і фактычна поўнасцю падпарадкаваліся польскаму нацыянальнаму ўраду.

Тым не менш у Варшаве не было даверу да ЛПК, які абвясціў сябе Часовым урадам Літвы і Беларусі. Гэта засведчыў А. Авейдэ:

“З часу паўстання Длускі выехаў у Вільню, а тамтэйшы камітэт пастанавіў прыняць удзел у рэвалюцыі (…) Але ўжо тады Віленскі камітэт у вышэйпералічаным складзе* не меў ніякага даверу ў нас” [20].

/* Кастусь Каліноўскі, Ахілес Банольдзі, Ян Козелло (Козел-Паклеўскі), Баляслаў Длускі, Зыгмунт Чаховіч. /

У лютым 1863 г. Н. Дзюлеран, выключаны раней з ЛПК, дамовіўся з лідэрамі віленскіх “белых” Аскеркам і Гейштарам пра захоп улады ў паўстанцкай арганізацыі Літвы-Беларусі і атрымаў згоду на гэта ад варшаўскага ўраду. 27 лютага (11 сакавіка) 1863 г. яны адхілілі ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім і замянілі яго Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які ўзначаліў Якуб Гейштар. Дзюлеран ізноў стаў камісарам ЦНК у Вільні. Ад імя Аддзела быў распаўсюджаны спецыяльны дэкрэт, якім абвяшчаліся несапраўднымі і адмяняліся “ўсе паўнамоцтвы і мандаты”, выдадзеныя ЛПК [21]. У сувязі з гэтымі падзеямі А. Авейдэ заявіў следчай камісіі:

“Правінцыйны камітэт нейкі час не хацеў уступаць, але па загаду Цэнтральнага камітэту здаў і сваю арганізацыю (падпольныя структуры на тэрыторыі Літвы-Беларусі – М.Б.) і самога сябе новаўстаноўленай у Вільні рэвалюцыйнай ўладзе. Каліноўскі адзін пратэставаў супраць “шляхты”, пратэст гэты, аднак, Дзюлеран у Варшаву не прыслаў” [22].

У заяве Каліноўскага гаварылася, што члены ЛПК лічаць пагібеллю і здрадай рэвалюцыі перадачу кіраўніцтва ў рукі контррэвалюцыянераў і

“…здымаюць з сябе ўсякую адказнасць перад будучыняй за ўсе памылкі і за ўсе страты і няшчасці, якія прынясе процілеглае духу і тэндэнцыям паўстання кіраўніцтва літоўскай справай”.

Разам з тым ЛПК заявіў, што падпарадкоўваецца

“…галаве паўстання, бо “па-першае, не жадае пачынаць згубных для рэвалюцыі разладаў і нязгодаў і, па-другое, з-за таго, што не адчувае сябе дастаткова моцным, каб вырваць кіраўніцтва справамі з рук сваіх праціўнікаў” [23].

Такім чынам, з прычыны слабасці рэвалюцыйна-дэмакратычных сілаў Каліноўскі вымушаны быў супрацоўнічаць з шляхецкімі рэвалюцыянерамі, фактычна, падпарадкавацца іх цэнтрам, дзейнічаць ад імя польскага нацыянальнага ўраду, прытрымлівацца ўстаноўленай гэтым урадам праграмы. Магчымасці звярнуцца да беларускага і літоўскага народаў з праграмай барацьбы, якая істотна адрознівалася б ад праграмы ЦНК, напрыклад, уключала лозунгі ліквідацыі памешчыцкага землеўладання на карысць сялянаў і абвяшчэння дзяржаўнай самастойнасці Літвы-Беларусі, у Каліноўскага не было. У выпадку непадпарадкавання яму пагражала абвінавачванне ў дзяржаўнай здрадзе з адпаведнымі наступствамі. Пра гэта гаварылася ў пункце 5 Дэкрэта Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы аб ліквідацыі ЛПК ад 27 лютага (11 сакавіка):

“Невыкананне або затрымка выканання загадаў як Нацыянальнага ўраду, так і яго чыноўнікаў і агентаў, самаўпраўныя дзеянні ў сучасных абставінах з’яўляюцца дзяржаўнай здрадай; вінаватыя ў такім злачынстве падлягаюць неадкладнаму пакаранню па ўсёй строгасці польскага ваеннага права” [24].

Галоўнай задачай “белых”, якія далучыліся да паўстання і захапілі кіраўніцтва, з’яўлялася недапушчэнне перарастання яго ў сялянскую рэвалюцыю. Праграма памяркоўных “чырвоных”, абвешчаная ў “Маніфесце” і аграрных дэкрэтах ад 10 (22) студзеня, захоўвалася, што пацвердзіў дэкрэт ЦНК ад 10 мая 1863 г. аб пераўтварэнні яго ў Нацыянальны ўрад. Праўда, канкрэтызаваліся пазіцыі гэтага ўраду па нацыянальным пытанні. Урад абяцаў “братнім народам Літвы і Русі, злучаным з Польшчаю, забеспячэнне найшырэйшага развіцця нацыянальнасці і мовы” і “прызнанне Літвы і Русі ў якасці частак цалкам роўных з Каронай, з якой яны ўтвараюць адзіную цэласную дзяржаву” [25]. Адзначаныя пункты дэкрэта выключалі нават пастаноўку пытання пра права беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў на самавызначэнне свайго лёсу.

Пасля роспуску ЛПК віленскі “белы” камітэт перагледзеў усе яго кадравыя прызначэнні ў сетцы падпольных структураў Літвы і Беларусі. У ваяводствы, паветы і акругі прызначаліся цывільныя начальнікі, важнейшай задачай якіх з’яўлялася матэрыяльнае забеспячэнне паўстанцкіх атрадаў. Арганізацыя іх і кіраўніцтва баявымі дзеяннямі ўскладваліся на ваяводскіх ваенных начальнікаў. Як правіла, яны былі і камандзірамі найбольш буйных атрадаў і злучэнняў. Каардынавалі дзейнасць цывільных і вайсковых паўстанцкіх уладаў ваяводскія камісары. На пасаду Гарадзенскага ваяводскага камісара пасля роспуску ЛПК быў прызначаны Каліноўскі.

Першыя паўстанцкія атрады прыбылі ў Беларусь з Польшчы ў студзені-лютым 1863 г. Самым буйным з іх быў атрад пад камандаваннем Р.Рагінскага. Праз Пружанскі пав. пры няспынным пераследзе царскіх войскаў, ён прайшоў да Пінскага пав., дзе каля вёскі Боркі ў лютым быў разбіты. Фармаванне мясцовых атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сакавіку-красавіку 1863 г.

Абмежаваная праграма паўстання і прыход да кіраўніцтва “белых” выключалі магчымасць шырокага ўдзелу ў ім сялянства Беларусі і Літвы, для якога быў зусім чужы і непрымальны лозунг польскіх шляхецкіх рэвалюцыянераў пра аднаўленне Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай 1772 г. Сярод расейскай нават ліберальна-дэмакратычнай грамадскасці гэты лозунг выклікаў небывалы ўздым вялікадзяржаўнага шавінізму. Яму супрацьстаяў фактычна толькі герцэнаўскі “Колокол”. Аднак прыхільнікаў у яго было мала.

Праз дзяржаўныя ўстановы, царкву, школу, друк шавіністычная хваля шырока распаўсюдзілася ў Расеі і паралізавала намаганні “Зямлі і волі” узняць усерасейскае сялянская паўстанне. Гэтым, па сутнасці, прадвызначаўся і лёс паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі. Спадзяванні ягоных кіраўнікоў на дапамогу заходніх дзяржаў таксама не спраўдзіліся. У адзінаборстве з магутнай расейскай арміяй паўстанцы былі асуджаныя на паражэнне ў Беларусі і Літве. Іх налічвалася не больш за 15 тыс., а змагацца давялося супраць рэгулярнага войска, якое складалася з 318 ротаў салдатаў, 48 эскадронаў кавалерыі, 18 казацкіх соцен і мела на ўзбраенні 120 палявых гарматаў [26].

З прычыны несувымернасці сілаў баявыя дзеянні паўстанцаў, узброеных у большасці косамі, пікамі і паляўнічымі стрэльбамі, з самага пачатку набылі характар партызанскай барацьбы. Атрады пазбягалі сутычак з больш моцнымі сіламі ворага і нападалі на яго тады, калі была надзея на поспех. Яны пастаянна знаходзіліся ў руху. Прыходзячы ў вёску ці мястэчка, паўстанцы склікалі сходы жыхароў, абвяшчалі ім маніфест і аграрныя дэкрэты, складалі акты аб перадачы зямлі ва ўласнасць сялянаў, прымалі ад іх прысягу на вернасць рэвалюцыйнаму ўраду, знішчалі дакументы валасных канцылярыяў, забіралі казённыя грошы, а сабраныя з сялянаў падаткі вярталі ім. Іншы раз праводзілі публічныя суды і пакаранні людзей, якія дапамагалі ўладам у барацьбе з паўстаннем. Усяго на сучаснай тэрыторыі Беларусі з лютага па жнівень 1863 г. зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. З іх 2/3 адбыліся на Гарадзеншчыне і Віленшчыне [27].

У Гарадзенскай губерні вясною 1863 г. дзейнічалі 5 паўстанцкіх атрадаў, у якіх налічвалася каля 1700 чалавек. У маі яны правялі больш за 20 баёў. Найбуйнейшы з іх адбыўся 21 мая каля мястэчка Мілавіды Слонімскага пав. З аднаго боку ў ім удзельнічала каля 800 паўстанцаў (некалькі атрадаў), а з другога – 5 ротаў салдатаў, якія мелі 4 гарматы. Бой працягваўся некалькі гадзінаў. Карнікі не змаглі ўзяць лагер паўстанцаў і з вялікімі стратамі адыйшлі. Аднак і паўстанцам не даводзілася чакаць прыбыцця новых сілаў ворага. Ноччу яны непрыкметна пакінулі лагер.

Паўстанне ў Гарадзенскай губ. вызначалася адносна больш актыўным удзелам у ім сялянаў. З усіх сялянаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні на сучаснай тэрыторыі Беларусі, больш за 33 % прыходзілася на Гарадзеншчыну. Адпаведны паказчык па беларускіх паветах Віленскай губ. складаў 27 %, па Менскай – 20 %, Магілёўскай – 13 %, Віцебскай – толькі 7 % [28].

Адносны поспех на пачатку паўстання спадарожнічаў выступленню атрада Л. Звяждоўскага, прызначанага ваенным начальнікам Магілёўскага ваяводства. З дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытуту яму ў ноч на 24 красавіка 1863 г. удалося захапіць павятовы цэнтр Горкі. Аднак мясцовыя сяляне не падтрымалі паўстанцаў, і атрад Звяждоўскага неўзабаве быў разбіты.

Недавер у сялянаў выклікаў факт падтрымкі паўстання з боку мясцовых польскіх памешчыкаў, абмежаваная праграма яго кіраўнікоў, лозунг аднаўлення польскай дзяржавы. Да таго ж улады і праваслаўная царква распаўсюджвалі ілжывыя чуткі, быццам польскія памешчыкі паўсталі супраць рускага цара за тое, што ён вызваліў сялянаў з прыгону і імкнуцца аднавіць прыгонны лад. Моцна паўплывалі на сялянаў і тыя змены ў рэалізацыі рэформы 19 лютага, на якія пайшоў урад у сувязі з паўстаннем. У выніку большасць сялянства Беларусі не падтрымала паўстанне, а значная частка, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губ., выступіла супраць яго, дапамагала ўладам лавіць паўстанцаў, граміла маёнткі польскіх землеўласнікаў [29].

 Вяртанне К. Каліноўскага да кіраўніцтва паўстаннем у Літве-Беларусі

Разгром многіх паўстанцкіх атрадаў, шматлікія страты ў выніку баявых дзеянняў і арыштаў, пасіўнасць “белых” у падпольных структурах прымусілі Н. Дзюлерана, які з пачатку сакавіка фактычна ўзначальваў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, ізноў запрасіць у Вільню Каcтуся Каліноўскага. Разам з ім на пачатку чэрвеня 1863 г. у склад віленскага паўстанцкага цэнтру, які стаў называцца Выканаўчым аддзелам Літвы, увайшлі Уладыслаў Малахоўскі і Іосіф Каліноўскі. Дзякуючы ім дзейнасць Аддзела прыкметна актывізавалася і радыкалізавалася. Рашучасцю, прынцыповасцю і адданасцю рэвалюцыйнай справе па-ранейшаму вызначаўся К. Каліноўскі.

Істотныя змены ў характары кіраўніцтва паўстаннем адзначаліся ў лісце камандзіру паўстанцкага атрада Ф. Віславуху ад 16 (28) чэрвеня 1863 г. Аўтар ліста (відаць У. Малахоўскі) паведамляў:

“У нас у Літве толькі цяпер справа даходзіць да грамадзянскай арганізацыі, бо да гэтага часу адміністрацыя ў правінцыі амаль не дзейнічала з-за подласці і баязлівасці дваранства. Цяпер малады элемент бярэ дваранства ў ціскі. Праз 2—3 тыдні вы адразу адчуеце гэтае адрозненне” [30].

Уплыў К. Каліноўскага і яго аднадумцаў у Выканаўчым аддзеле дастаткова выразна праявіўся ў “Прыказе ад ураду польскага над цэлым краем Літоўскім і Беларускім да народу зямлі Літоўскай і Беларускай”, выдадзеным у тым жа месяцы на беларускай мове. У ім выкрывалася хлусня афіцыйнай прапаганды наконт паўстання як “справы польскіх паноў”. У сувязі з гэтым ад імя паўстанцаў заяўлялася:

“…дзела наша – не дзела панскае, а справядлівай вольнасці, якой вашы дзяды ды бацькі здаўна жадалі (…) Пан будзе ліхі – пана павесім як сабаку! Мужык будзе кепскі* – то і мужыка павесім (…)”

Адозва заклікала “чыншаў, аброкаў і падаткаў у казну маскоўскую да і панам ніякіх больш не плаціць” (“бо гэта ўжо зямля ваша”). Паводле загаду, падаткі “народ зямлі Літоўскай і Беларускай” павінен быў плаціць “казне польскай” [31].

З 31 ліпеня К. Каліноўскаму былі перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага адзела Літвы, а з 22 жніўня – паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўраду ў Вільні. Такім чынам, да канца лета 1863 г. у яго руках сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Аднак выкарыстаць яе для рэалізацыі сваёй праграмы ён ужо не меў ні часу, ні магчымасці, бо, паводле ацэнкі Міхаіла Мураўева, на пачатку верасня паўстанне ў беларуска-літоўскіх губернях было практычна задушана [32].

 Падаўленне паўстання

Распаўсюджанне польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў 1861 г. у Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губернях прымусіла ўрад аб’явіць у гэтых губернях у жніўні таго ж года ваеннае становішча. З пачаткам паўстання яно было ўведзенае ў Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, далучаных да Віленскага генерал-губернатарства. У маі 1863 г. генерал-губернатарам 6 беларуска-літоўскіх губерняў Аляксандр ІІ прызначыў генерала М.М. Мураўёва, які яшчэ ў пачатку 30-х гадоў служыў Мікалаю І на пасадах Магілёўскага і Гарадзенскага губернатараў, добра ведаў край і меў вопыт падаўлення тагачаснага польскага паўстання.

Цар ухваліў яго праграму “супакаення” краю і надзяліў дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Мураўёву падпарадкоўваліся ваенныя губернатары і ваенныя начальнікі паветаў, узброеныя сілы, жандармерыя і паліцыя, следчыя камісіі і ваенна-палявыя суды. Прысуды апошніх пасля зацвярджэння ваеннымі губернатарамі і генерал-губернатарам выконваліся неадкладна. Смяротныя пакаранні адбываліся публічна, звычайна на плошчах гарадоў. Усяго ў краі было пакарана больш за 15 тысяч чалавек. З іх 123 былі павешаныя ці расстраляныя, 12355 сасланыя на катаргу ў Сібір і ў арыштанцкія роты, 2855 аддадзеныя пад нагляд паліцыі па месцы жыхарства, 3776 высланыя без следства і суда [33].

Паказальна, што каля 70 % усіх удзельнікаў паўстання, прыцягнутых да адказнасці, складала шляхта, у абсалютнай большасці беззямельная і малазямельная, якая здабывала сродкі для жыцця ўласнай працай на арандаванай зямлі ці ў рамястве, службай у дзяржаўных і прыватных установах. Прадстаўнікі дэмакратычных пластоў гарадскога насельніцтва і беззямельнай шляхты (фактычна разначынцы) складалі каля 75 % усіх паўстанцаў на тэрыторыі Беларусі [34].

Нерухомая і рухомая маёмасць пакараных па суду канфіскоўвалася, а высланых адміністрацыйна – секвестравалася. На ўсіх западозраных у спачуванні паўстанцам адвольна накладваліся усе магчымыя і нічым не рэгламентаваныя штрафы. Жыхарам мужчынскага полу акрамя сялянаў забаранялася без дазволу ўладаў адлучацца з дому далей, чым на 30 вёрстаў. У сельскай мясцовасці з ліку сялянаў ствараліся ўзброеныя каравулы ад 60 да 100 чалавек кожны, у якія ўключаліся па некалькі салдатаў на чале з унтэр-афіцэрамі. На спецыяльных заставах яны павінны былі правяраць усіх прахожых і праезджых, лавіць і пераследаваць паўстанцаў. За іх выдачу сялянам даваліся грашовыя ўзнагароды. Тыя ж вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, цалкам спальваліся, маёмасць жыхароў прадавалася з аукцыёну, а самі яны высылаліся ў аддаленыя губерні Расеі. Маёнткі памешчыкаў, якія не даносілі паліцыі пра з’яўленне ў іх уладаннях паўстанцаў, адбіраліся ў казну. Былі закрытыя дваранскія сходы, а выбраныя імі прадвадзіцелі (маршалкі) дваранства, міравыя пасрэднікі і ўвогуле ўсе чыноўнікі, якія па службовых абавязках мелі непасрэдныя зносіны з насельніцтвам, замененыя расейскімі чыноўнікамі. Тое ж рабілі з настаўнікамі і медычнымі работнікамі. Выхадцаў з Расеі на службу ў Беларусь і Літву прыцягвалі павышанымі на 50 % акладамі, магчымасцю набыць на незвычайна льготных умовах зямлю і зрабіць хуткую кар’еру. Касцёлы і кляштары за падтрымку паўстання закрываліся ці ператвараліся ў праваслаўныя храмы [35].

Жорсткімі рэпрэсіямі М. Мураўёў прымусіў “белых” памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Гэта замацоўвалася падпісаннем вернападданіцкіх адрасоў на імя цара.

Ва ўмовах страшэннага тэрору, здрадніцтва і шпіёнства К.Каліноўскі, дзякуючы незвычайным здольнасцям канспіратара, пратрымаўся на волі да канца студзеня 1864 г. Ён не раз мог перабрацца за мяжу, але не пайшоў на гэта, бо імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб захаваць у Беларусі і Літве падпольную паўстанцкую арганізацыю з мэтай падрыхтаваць новае паўстанне вясною 1864 г. Выдадзены здраднікам, К. Каліноўскі ў ноч на 29 студзеня 1864 г. трапіў у рукі М. Мураўёва. На следстве, якое працягвалася да канца лютага, трымаў сябе мужна, з высокай годнасцю.

Паказанні К. Каліноўскага ад 30 студзеня – 26 лютага 1864 г. не раскрываюць яго пазіцыі па важнейшых праграмных і арганізацыйных пытаннях. У нейкай меры яна асветленая ў ягонай “Запісцы”, напісанай 28 лютага пасля адмовы даваць далейшыя паказанні. Свой край у гэтай заяве Каліноўскі пастаянна называе “Літвою”, а насельніцтва – “літоўцамі”. Назвы “Беларусь”, “беларусы” зусім не згадваюцца. У “Запісцы” адзначана, што паўстанне, якое ўспыхнула ў Польшчы

“…заспела Літву зусім не падрыхтаванай у гэтых адносінах, нават ледзь не варожай (“непрыязненною”) усялякім падобным хваляванням пры яе тагачасным становішчы”. (..) “Царства Польскае (…) сваім паўстаннем не ўважыла інтарэсаў Літвы. Літва тады (…) перажывала крытычныя хвіліны (…) Доўгая нерашучасць Літвы можа служыць таму доказам”.

Такім чынам, аўтар “Запіскі” ў самай агульнай форме пацвердзіў наяўнасць вельмі сур’ёзных супярэчнасцяў паміж кіраўнікамі паўстання ў Польшчы, з аднаго боку, і ў Літве-Беларусі, з другога. Адну з прычынаў паражэння Каліноўскі бачыў у насцярожаных, недаверлівых адносінах да яго сялянства, асабліва былых прыгонных, з-за кіруючага становішча ў памешчыкаў:

“Селянін, бачачы неабрэзаныя яшчэ кіпцюры сваіх паноў, не мог ім даверыцца і стаў глядзець на справу польскую як на зацею памешчыцкую, а органы ўрада такое разуменне селяніна стараліся падтрымліваць” [36].

К. Каліноўскі падкрэсліў, што менавіта ў час панавання Расеі ўзмацнілася “выпрацаванае гісторыяй спачуванне Літвы да Польшчы”, і гэта перадвызначыла яе ўдзел у польскім паўстанні. Сцісла ахарактарызаваўшы сваю дзейнасць на пасадах Гарадзенскага ваяводскага камісара і памочніка Н. Дзюлерана ў Вільні, а затым і аднаасобнага кіраўніка паўстання ў краі, Каліноўскі ў заключэнне выказаў сваю думку наконт намеру царскага ўраду поўнасцю зліць “Літву” з Расеяй “з мэтай ашчаслівіць тутэйшы народ”. У гэтай сувязі ен адзначыў:

“Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расеі, калі яна дабра нам жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія пасягаюць край наш няшчасны” [37].

Гэтая заява яшчэ раз пацвярджае, што Каліноўскі выступаў як выразнік інтарэсаў не Польшчы, а Літвы-Беларусі, што ён, акрамя таго, зусім не з’яўляўся фанатычным ворагам Расеі і фармуляваў свае адносіны да яе ў залежнасці ад стаўлення Расеі да краю і яго народаў.

Знаходзячыся ў турме і не маючы ніякіх ілюзій наконт свайго далейшага лёсу, К. Каліноўскі напісаў і перадаў на волю пісьмо ў трох частках. У 1867 г. яно было надрукаванае былым сябрам варшаўскага паўстанцкага ўраду Агатонам Гілерам у ягонай кнізе “Гісторыя паўстання…” пад назвай “Do ludu Białoruskiego Piśmo z pod szybienicy Konstantego Kalinowskiego”. Польскамоўны загаловак сведчыць пра тое, што дадзены ён пры публікацыі пісьма А. Гілерам. Пісьмо ж напісанае і апублікаванае па-беларуску. Мэта яго выказаная ў першых радках:

“…Пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на Маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваёй сіле дабіваюціся будуць (…)”

Тут, як відаць, Каліноўскі адназначна далучаў сябе да “мужыкоў Беларусаў” і гаварыў ад іх імя, аддзяляючыся, з аднага боку, ад “маскалёў”, а з другога – ад палякаў (“паўстання польскага”). Заклікаючы свой народ да далейшага змагання за волю, ён выказаўся за ўтварэнне самастойнага ўраду для Літвы-Беларусі:

“Нам адно сільно з шчырай верай за сваё стаяці трэба, а ронд (урад) наш павінен быць на ўсе чуткі, каб для дабра народнага з усяго карыстаць” [38].

Ваенна-палявы суд прыгаварыў К.Каліноўскага да расстрэлу, але Мураўёў выказаўся за павешанне. Пакаранне адбылося 10 (22) сакавіка 1864 г. у 10 гадзін 30 хвілін раніцы на Лукішскай плошчы ў Вільні ў прысутнасці велізарнай колькасці людзей. Стоячы перад шыбеніцай, за момант да смерці К.Каліноўскі ўнёс “папраўку” ў прыгавор. Калі яго назвалі “дваранінам”, ён крыкнуў: “У нас няма дваранаў, усе роўныя!”

 Значэнне паўстання

У паўстанні 1863 г., якое ў тых умовах амаль не мела шанцаў на перамогу, праявілася мужнасць, рашучасць і самаахвярнасць многіх сыноў Беларусі ў змаганні за волю і лепшую долю народа. Сярод іх як сапраўдны нацыянальны герой вылучыўся К. Каліноўскі. Менавіта з яго дзейнасцю звязанае перарастанне беларускага нацыянальна-культурнага руху ў палітычны, у барацьбу за дзяржаўнасць Беларусі ў форме народаўладдзя, пры якой урад быў бы добрым слугою народа. Упершыню была сфармуляваная рэвалюцыйная праграма, якая зыходзіла з інтарэсаў сялянаў і была разлічаная на ажыццяўленне сіламі арганізаванага сялянства і іншых пластоў працоўнага насельніцтва.

Аднак у кіраўніцтве паўстання верх захапілі польскія нацыяналістычна настроеныя шляхецкія рэвалюцыянеры. Прадыктаваная імі абмежаваная праграма паўстання, з аднаго боку, і царысцкія ілюзіі ў вёсцы, з другога, прычыніліся да таго, што большасць сялянаў не падтрымала паўстанцаў, а значная частка выступіла супраць іх. Гэта з’явілася адной з прычынаў паражэння паўстання. Тым не менш, дзякуючы яму, сяляне Беларусі атрымалі ад урада істотныя ўступкі ў ходзе рэалізацыі рэформы 1864 г., якія аблегчылі іх становішча і паскорылі развіццё капіталістычных адносінаў у беларускай вёсцы.

Пасля падаўлення паўстання ў заходніх губернях пачалася працяглая паласа палітычнай рэакцыі і татальнай русіфікацыі, усталяваўся рэжым выключных законаў. Жорсткімі рэпрэсіямі былі знішчаны тыя парасткі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, якія з’явіліся ў 40-50-я гады, і надоўга выкаранены ўсе праявы рэвалюцыйнай і адраджэнскай дзейнасці.

З паўстаннем звязанае і закрыццё адзінай на той час вышэйшай навучальнай установы ў Беларусі – Горы-Горацкага земляробчага інстытуту. Да канца свайго існавання самадзяржаўе так і не дазволіла адкрыць хоць бы адну ВНУ, што адмоўна адбілася на фармаванні інтэлігенцыі, развіцці навукі і культуры ў Беларусі.

 Спасылкі на крыніцы

[1] Авейде О. Записки о польском восстании 1863 года. Варшава, 1866; Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России. Вильно, 1867; Historia powstania narodu polskiego w 1861 – 1864 przez Agatona Gillera. T. 1. Paryż, 1867; Giejsztor J. Pamiętniki z lat 1857 – 1865. Wilno, 1913. T. 1, 2; Janowski J. Pamiętniki o powstaniu styczniowym. Lwów, 1923. T. 1, 1925. T. 2.

[2] Ігнатоўскі У.М. 1863 год. Нарыс падзей. Мінск, 1930.

[3] Падрабязней гл.: Біч М.В. К.Каліноўскі і паўстанне 1863 г. у працах беларускіх савецкіх гісторыкаў // Весці АН БССР. Сер. грамадскіх навук. 1989. № 3. С. 110.

[4] Тамсама. С. 111.

[5] Тамсама. С. 111-118.

[6] Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861-1862 гг. Документы и материалы. М., 1964; Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. Документы и материалы. М., 1965.

[7] Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши. М., 1962: Он же. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963.

[8] Гл.: Миско М.В. Об освещении характера восстания 1863 г. в Литве и Белоруссии в некоторых работах советских авторов // Славянская историография. М., 1966. С. 141-175.

[9] Гл.: Казбярук У. Маякі і міражы // Літаратура і мастацтва (ЛіМ). 1990, 7 снежня; Біч М.В. Хай народзіцца ісціна // ЛіМ. 1991, 22 лютага; Ён жа. У крывым люстэрку. К. Каліноўскі: праўда і вымыслы // Настаўніцкая газета. 1991, 17, 24, 27 ліпеня; Ён жа.  Нацыянальнае і аграрнае пытанне ў час паўстання 1863-1864 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 3.

[10] Герцен А.И. Сочинения. T. XVI. M., 1959. С. 253-254.

[11] Кісялеў Г. З думай пра Беларусь. Мінск, 1966. С. 120.

[12] Ратч В. Сведенія о польском мятеже… С. 181.

[13] Революционный подъем в Литве и Белоруссии… С. 166.

[14] Ратч В. Сведения о польском мятеже… С. 144, 180-185, 230-231.

[15] Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. Минск, 1988. С. 161.

[16] Тамсама. С. 166-167.

[17] Революционный подъем в Литве и Белоруссии… С. 166-167, 171.

18] Восстание в Литве и Белоруссии… С. 76.

[19] Тамсама. С. 3.

20] Революционный подъем в Литве и Белоруссии… С. 168.

[21] Восстание в Литве и Белоруссии… С. 11.

[22] [32].

[23] Цыт. па кн.: Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши. С. 287.

[24] Восстание в Литве и Белоруссии… С. 12.

[25] Historia powstania narodu polskiego… С. 322-323.

26] Гісторыя Беларускай ССР. Мінск, 1972. Т. 2. С. 70.

[27] Падлічана па: Філатава А. З хронікі баявых сутычак паўстанцаў // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 3. С. 54-60.

[28] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. С. 59 (падлікі С.М. Самбук).

[29] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мінск (1772-1903). Мінск, 1940. Т. ІІ. С. 517.

[30] Восстание в Литве и Белоруссии… С. 40-41.

* Маюцца на ўвазе сяляне, якія дапамагалі ўладам падаўляць паўстанне.

[31] Восстание в Литве и Белоруссии… С. 29-31.

[32] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. ІІ. С. 537.

[33] Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине ХІХ в. Минск, 1980. С. 25-26.

[34] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. С. 57-58 (падлікі С.М. Самбук).

[35] Самбук С.М. Политика царизма… С. 25-26; Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. ІІ. С. 485, 524, 530, 533-538, 542-543, 548-550.

[36] Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. С. 86-87.

[37] Тамсама. С. 85-90.

[38] Да беларускага люду. Лісты з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага // “Маладосць”. 1988. № 1. С. 139-142.

Спасылкі па дадзенай тэме:

Зшальмаваны Кастусь Каліноўскі (Тэхналогіі астракізму)

Вексілалагічныя аб’екты паўстання 1863–1864 гг.: гістарыяграфічны вобраз і крытыка

Постаць Кастуся Каліноўскага ў друкаванай спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў

Кастусь Каліноўскі: чалавек і герой

“Польскае” паўстанне з беларускім характарам. (Гісторыкі і публіцысты Польшчы аб падзеях паўстання Кастуся Каліноўскага)

Паўстаньне 1863 году: асноўныя стэрэатыпы

Первая рельсовая война

Пасля паўстання

Прадмова да зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Поўнае відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Навукова-практычная канферэнцыя “Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі”

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.