Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Новы праект Інстытута беларускай гісторыі і культуры

Інстытут беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК) суместна з выдавецтвам “Харвест” пачаў выданне кніжнай серыі “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры.

Маюцца на ўвазе тыя дзеячы айчыннай культуры, літаратуры, мастацтва XIX – XX cтагоддзяў, якія ўвасаблялі нацыянальныя погляды на гісторыю, мастацтва, народную і прафесійную культуру Бацькаўшчыны. Мэта серыі не ў тым, каб даваць падрабязныя біяграфіі, а выяўляць тое, што занеслі ў скарбніцу беларускай культуры гэтыя дзеячы, апавядаць аб іх “знакавых” здзяйсненнях. У першую чаргу брашуры прысвечаныя тым, хто працаваў на Беларусі праз усё жыццё або значную частку жыцця. Эмігранты – як выключэнне.

Першые тры ўжо выданыя. Гэта “Міхал Андрыёлі”, “Фларыян Ждановіч” і “Мітрафан Доўнар-Запольскі”. У кожнай брашуры 64 старонкі.

Анатацыі

Міхал Андрыёлі: Беларускі мастак з Вільні. Аўтар Вітаўт Чаропка

Міхал Андрыёлі (1836—1893) – выдатны беларускі мастак XIX стагоддзя, які нарадзіўся і жыў у Вільне. Ён маляваў краявіды і гарады Беларусі, адлюстраваў падзеі паўстання 1863—64 гадоў (у якім прымаў асабісты ўдзел), зрабіў шматлікія малюнкі да твораў Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, іншых паэтаў і пісьменнікаў, чыі карані з беларускай зямлі. Прыйшоў час вярнуць Андрыёлі ў свет айчыннай культуры.

Фларыян Ждановіч: Творца беларускага тэатра. Аўтар Алесь Мінскі

Імя Ф. Ждановіча (1884—1937) арганічна звязана з гісторыяй фарміравання сучаснага беларускага тэатра. Ф. Ждановіч быў прафесіянальным акцёрам беларускай сцэны і адным з тых энтузіястаў, хто з пачатку XX стагоддзя пракладваў першыя сцяжынкі на шляху здзяйснення высакароднай ідэі — стварэння нацыянальнага драматычнага тэатра. Ніякія цяжкасці, выпрабаванні, праследаванні не зламалі яго волі ў дасягненні гэтай мэты.

Мітрафан Доўнар-Запольскі: Бацька беларускай гісторыяграфіі. Аўтар Анатоль Тарас

М. Доўнар-Запольскі (1867—1934) – выдатны беларускі гісторык, этнограф, эканаміст, педагог. Ён нарадзіўся ў Рэчыцы, але жыў і вучыўся, выкладаў і друкаваўся ў Кіеве і Маскве, Баку і Мінске. Доўнар-Запольскі лічыцца заснавальнікам беларускай навуковай гісторыяграфіі, у тым ліку археаграфіі і крыніцазнаўства. Аўтар класічных прац “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” (1919), “Гісторыя Беларусі”, напісанай у 1926 г., аднак убачыўшай свет толькі праз 68 гадоў, “Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914” (1926) і шэрагу іншых.

Рыхтуюцца да друку наступныя тры брашуры:

Напалеон Орда (Мастак і музыка);

Ігнат Канчэўскі (Шукальнік беларускага шляха);

Вацлаў Ластоўскі (Апостал беларускай культуры).

Аўтар: Адміністрацыя Інстытута беларускай гісторыі і культуры

5 thoughts on “Новы праект Інстытута беларускай гісторыі і культуры

    1. admin Post author

      У Акадэмкнізе дакладна можна набыць гэтыя кнігі ці на Ўправе БНФ.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.