Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

SruzhynskajaПрацягваем публікацыю  дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з  панэлі «Гісторыяграфія» кандыдата гістарычных навук Ніны Стужынскай:

У Беларусі, як і ў іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, пасля краха камуністычных рэжымаў пачалося кардынальнае пераасэнсаванне гістарычнага мінулага. Але з прыходам да ўлады ментальна савецкага кіраўніка ў Беларусі гэты працэс запаволіўся. Як вынік, у афіцыйнай гістарыяграфіі зараз назіраецца панаванне пастулатаў, ад якіх адмовілася ўжо і сучасная Расія. Там павольна, але сістэматычна вядзецца праца па зменах ў тапаніміцы. З мапы краіны прыбіраюцца замшэлыя “ленінцы”, свярдловы, войкавы і рознага кшталту тэрарысты, “ціпа Халтуріна”.

Беларуская афіцыйная гістарыяграфія і як працяг яе ў паўсядзенным жыцці – назвы вуліц, гарадоў, культурных і прамысловых аб’ектаў – ёсць у пэўным сэнсе савецкі ідэалагічны схрон, спадкаемца і захавальніца савецкай версіі напісанай гісторыі і яе адлюстравання ў тапаніміцы.

Таму ў сучасных ўмовах спадзявацца на змены ў ацэнках і мэтавым выкарыстанні сваёй гістарычнай спадчыны не выпадае. Мноства тапанімічных назваў, помнікаў з’яўляюцца разбуральнымі для свядомасці і патрыятызму беларусаў. Узорам такога канкрэтнага ворага беларусчыны, які псуе гістарычны і ментальны ландшафт, выступае гэтак званая “лінія Сталіна”, якая ўзнікла па сутнасці ніадкуль, на цалкам ідэалагічных і камерцыйных разліках. У той жа час сапраўдныя помнікі апошняй вайны кінутыя без ўвагі і належнага дагляду.

Напрыклад, грыбнікі часцяком недзе паміж Радашковічамі і Лагойскам трапляюць у сапраўдны партызанскі лагер брыгады “Штурмавая”. Відовішча ад таго, што захавалася, моцна ўражвае. Не цацачныя зямлянкі, што нагадваюць люксаўскія саўны “лініі”, а сапраўднае жытло людзей, мінігорад у лесе. Гэты партызанскі лагер – пераканаўчае сведчанне той эпохі, помнік змагарам з тагачаснай нацыянальнай бядой без непатрэбнай помпы і дэкору. Нават не зусім светлыя плямы з біяграфіі камандзіра брыгады Барыса Луніна (1918—1994) не з’яўляюцца прычынай абыякавых адносін да помніка. Як раз гісторыя “Штурмавой” і адлюстроўвае розныя бакі партызанскага руху – прыгожыя і, мякка кажучы, непарадныя.

Гуманітарная палітыка, якая дэманструе “прагіну” (як слушна заўважыў адзін з маладых літоўскіх гісторыкаў) перад усходняй дзяржаўнай суседкай, адрозніваецца самапрыніжэннем і непавагай да сваіх святыняў. Можна думаць, што яе фармуюць нейкія эканамічныя і палітычныя разлікі. Нацыянальная літаратура зарыентавана на “дамашняе” выкарыстанне, беларускія творы падаюцца як другасныя, не адпаведнага гатунку. Ужыванне роднай мовы засталося ў вельмі вузкіх сферах. Вынікі такой “дзяржаўнай” палітыкі відавочны: дэзарыентаванае грамадства з вялікім комплексам непаўнавартасці і адсутнасцю гістарычнай нацыянальнай самапавагі.

Перашкоды, так бы мовіць, ментальнага ўзроўню на сенняшні момант найбольш важкія, па сутнасці, вызначальныя для захавання суверенітэта краіны. Канфлікт унутры беларускага грамадства, канфлікт выбару вектараў і арыенціраў прыводзіць да сітуацыі існавання ў званні “недаробленай” нацыі, і нават, як глуміўся заезжы маскоўскі журналіст, “хобітаў еўрапейскага захалустя”.

Многія здабыткі папярэдніх двух дзесяцігоддзяў, асабліва 90-х гадоў, па аднаўленню нацыянальнай гісторыі, вяртанню ў палітычнае і паўсядзеннае жыцце яе сапраўдных герояў, рупліўцаў беларускай незалежнасці, не выйшлі за межы навуковых і вузкіх інтэлектуальных асяродкаў. Намаганні па іх распаўсюджанню, як то: арганізацыя народных універсітэтаў, адукацыйных канфэренцый, семінараў, перасоўных выстаў па гісторыі антысавецкага змагання і палітычных рэпрэсій, зрабілі вялікі ўплыў на грамадства. Усе гэтыя спробы замяшчэння савецкіх мітаў далі пазітыўныя змены.

Але ў няроўнай вайне з афіцыезам загінула шмат планаў па нацыянальнаму адраджэнню і аздараўленню грамадства. Пад коламі ідэалагічнай машыны былі знішчаны многія здабыткі “новай беларусізацыі” 90-х гадоў. Сыход інтэлектуалаў ва ўнутраную эміграцыю, звужэнне сфэры прагрэсіўнай гуманітарыстыкі негатыўна адбіліся на стане гуманітарнай адукацыі і асветніцтва. Адрыў прагрэсіўных эліт ад мас, што назіраецца апошнім часам, пагражае прымітывізацыей адукацыі, што ўжо ёсць, і вельмі сурьезнымі наступствамі для грамадства. Галоўныя функцыі гуманітарыстаў (не ідэологаў!) у такіх умовах не будуць реалізовывацца, а грамадская супольнасць не выбярэцца з таталітарнага балота.

Праз 20 год пасля абвяшчэння незалежнасці беларуская нацыя не скансалідавана. Дзяржаўная мова, знешнепалітычныя арыентацыі, нават сцяг застаюцца спрэчнымі тэмамі. По ініцыятыве ўлады ў якасці дзяржаўных святаў адзначаюцца былые савецкія, ці няўклюдна прыдуманыя, без апоры на гістарычную праўду “чырвоныя” дні. Таму насельніцтва не мае адэкватнага ўяўлення пра нацыянальныя святы, напрыклад, пра Дзень Волі 25 сакавіка (гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі), Дзень Аршанскай бітвы 8 верасня, ці Слуцкага паустання, якія святкуюцца вельмі вузкім колам людзей.

Дагэтуль не вызначаны галоўныя могілкі, якія б мелі гонар быць нацыянальнымі. Манументальная прапаганда працуе на ўслаўленне асобаў суседніх краін. На плошчах беларускіх гарадоў і селішчаў дагэтуль стаяць ідалы савецкай эпохі, помнікі тым, хто не меў ніякага дачынення да Беларусі і яе змагання за незалежнасць, хутчэй, наадварот, нішчыў яе.

Беларусь і дагэтуль не напісала свой нацыянальны аўтапартрэт, не вызначыла яго галоўныя рысы. Дакладна сфармуляваць нацыянальную ідэю, знайсці яе носьбітаў у гістарычнай перспектыве – гэта значыць правільна ацаніць сваё нацыянальнае ўвасабленне, зразумець і рацыянальна асэнсаваць сваё гістарычнае, геапалітычнае і, нават, містычнае прызначэнне. І сення цяжка адказаць на пытанне, каго ў сваім мінулым палюбілі беларусы, з каго моладзь збіраецца браць прыклад? Хто іх зачапіў і заняў месца ў іх серцах?

На сеняшні дзень адсутнічае афіцыйная міфалогія, якая неабходна для фіксацыі ў спрошчаным выглядзе галоўных падзей і легендарных постацей, каб простыя грамадзяне вобразна ўспрымалі ключавыя ўяўленні аб нацыі і яе галоўных каштоўнасцях. Як вынік ідэалагічнай і гуманітарнай палітыкі пануючага рэжыма, як вынік грамадскага каштоўнаснага дуалізма, беларусы – носьбіты чужой ідэнтычнасці, адны – маскоўскай, другія – еўрапейскай.

Вельмі шкодныя міфы прараслі з савецкай трактоўкі мінулага. Першы з такіх, умоўна можна вызначыць, як “ шчасце і росквіт пад двуглавым арлом”. Маўляў, “інародцы” ніколі не заваевываліся і не падпарадкоўваліся, а самі імкнуліся да аб’яднання з Расійскай імпэрыяй, шукаючы падтрымкі ў магутнай суседкі, – навязліва тлумачылі падручнікі. Аб’яднанне было на карысць нярускім, адсталым народам: у іх агульнай гісторыі не назіраліся нацыянальныя канфлікты, толькі класавыя. Анэксія зямель, русіфікацыя насельніцтва трактаваліся і трактуюцца зараз як выключна пазітыўныя вынікі. Вялікаросы па праву прыналежнасці да тытульнай нацыі – “настаўнікі” і “старэйшыя браты”. Пры тым “старэйшыя браты” маюць высокую місію клапаціцца пра “малодшых”. Згодна міфу, дзякуючы адпаведнаму выкананню гэтай місіі, “брат” улюбены і аўтарытэтны, што засведчыў афіцыйна прызнаны ў тыя часы “іканастас” героеў. Да і зараз мала што змянілася.

Беларускія нацыянальныя лідэры аценьваліся і ацэньваюцца ў залежнасці прысутнасці ці адсутнасці ў іх сімпатый ці антыпатый да Расіі і яе кіраўнікоў усіх часоў, і наадварот. Дазвол на прысутнасць у інфармацыйнай прасторы, ці поўнае ігнараванне той ці іншай асобы залежалі ад ідэалагічных імперскіх пастулатаў. Згодна іх патрабаванням нацыянальныя гісторыі (не толькі беларуская) панеслі вялікія людскія страты, пазбавіліся сваіх і набылі чужых героеў. Роля апошніх часцяком варожая ў адносінах да беларускага народа.

Тут да месца прыклад Аляксандра Суворава, асобы, навязанай у якасці ваеннага героя жыхарам Кобрына. Афіцыез, дагаджаючы Крамлю, ў самым цэнтры горада збудаваў сімвалы пашаны гэтаму, па сутнасці, кату мясцовага насельніцтва і каланізатару беларускага краю. І пакуль ад гэтага цяжкага сувораўскага духу цяжка пазбавіцца.

Да таго ж, савецкі патрыятызм прасоўваецца амаль як роўны рускаму патрыятызму. Такі метад забяспечвае лепшы вынік на дастаткова шчыльна саветызаванай беларускай глебе.

Другі міф, які пасля пэўнага часу зацішша зноў вылазіць на інфармацыйнае поле: нярускіе не здольны ствараць уласныя дзяржавы. Беларусы і украінцы вогуле не этнас, а вынік падзелу “древнеславянскай” народнасці на тры галіны. Таму іх дзяржаўнасць – з’ява часовая.

Імперская абраза ў адносінах да Беларусі мае асабліва шмат варыянтаў, паколькі яе ўспрымае як норму большасць сучасных беларускіх кіраўнікоў рознага ўзроўню. Але трэба прызнаць, што аблічча беларускай улады і яе паводзіны – прычына другасная. Хісткая самаідэнтычнасць, адсутнасць нацыянальнай згоды ў беларускім грамадстве ёсць першасныя прычыны вонкавых закідаў актыўных суседзяў. Прарасійская пазіція часткі эліты функцыянуе дагэтуль яшчэ і таму, што сярод насельніцтва не фармуецца дастаткова моцнага супрацьдзеяння.

Адчуўшы спрыяльны момант, імперцы савецкага і мадэрнага “разліву”, сярод іх і “ісконно праваслаўныя”, значна пашырылі сваю антыбеларускую дзейнасць. Прыхільнікі адзінства публічна шкадуюць, што “…за ўсе годы існавання саюзнай дамовы практычна не зроблены інструментарый будаўніцтва якой-небудзь сацыяльнай супольнасці. Апрача сцяга СНД не створаны іншыя аб’яднальныя сімвалы, не сфармавана міфалогія…”

Навязванне агульнаімперскай ідэнтычнасці і “агульнарускай” мовы пераўзышло ўсе межы прыстоўнасці. Прамаскоўскія дзеячы ў сваіх карысных мэтах старанна працуюць па напрамку пазбаўлення беларусаў этнакультурнай легалізацыі. Чаго варты толькі рускамоўны падручнік па беларускай гісторыі, што ўвялі апошнім часам у школьны курс. Памеры ментальнай і грамадзянскай страты ад такога “паляпшэння” навучання цяжка перабольшыць. Да гэтага трэба прыкласці шавінізм і нахабства прызнаных афіцыезам “вучоных” і ператварэнне навуковай крытыкі ў рэпрэсіўны інструмент у дачыненні да незалежных гісторыкаў.

Святкаванне 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага адлюстравала змены ў адносінах да герояў, якія ў савецкія часы сталі амаль хрэстаматыйнымі.

Аценкі постацей кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху за апошнія 17 год радыкальна памянялісь. Напрыклад, у першыя гады незалежнасці беларускіх школьнікаў вучылі, што Кастусь Каліноўскі нацыянальны герой, “славуты сын Беларусі”. Але ўжо ў 1996 годзе паўстанне на беларускіх землях падручнікі трактуюць як польскае, таму што яно антырасійскае, а асоба К. Каліноўскага, зразумела, таксама не наша. Застаецца толькі дзівіцца гнуткасці гісторыкаў, якія хутка і легка перарабляюць падручнікі на карысць палітычнай кан’юнктуры. Калі ж інтэграцыйная беларуска-расійская хваля пайшла на спад, Каліноўскі вяртаецца ў падручнікі, але ўжо ў вобразе інтэлігентнага і адукаванага, але не вельмі разумнага маладзёна.

Прыкладна такая ж гісторыя напаткала героеў Слуцкага паўстання. Сама падзея і яе арганізатары з’явіліся на старонках падручнікаў у пачатку 90-х. Яны не паспелі замацавацца ў свядомасці шырокага грамадства, як зноў былі прыбраны па ўказцы ідэолагаў-інтэгратараў.

ХХ стагоддзе вогуле засталося без героеў з вялікай  літары, слушна адзназначаюць даследчыкі праблемы падручнікаў па гісторыі. Стваральнікі падзей, культурныя дзеячы толькі мільгаюць на старонках, звесткі пра іх вельмі кароткія. Падручнікам бракуе яркага ілюстратыўнага матэрыяла, фотаздымкаў.

Вялікі ўнёсак у справу актуалізацыі праблемы падручнікаў па гісторыі Беларусі зрабіў вядомы палітолаг Віталь Сіліцкі (1972—2011). Ён слушна адзначыў, што пры ўсім савецкім пафасе беларускай улады дэперсаніфікація савецкай гісторыі відавочна. На думку палітолага, героі хутка з’яўляюцца і хутка знікаюць таму, каб не зачапіцца ў памяці і не стварыць канкурэнцыю дзеячам навейшага перыяду Беларусі.

Недзяржаўныя даследчыя ўстановы таксама звярталі увагу на драматычнасць сітуацыі з гістарычнай самасвядомасцю насельніцтва Беларусі. Героеў, у якіх маюць вялікую патрэбу беларусы, ў падручніках сціплая жменька.

Як знакавая падзея, разглядаецца адмыслоўцамі перайменаванне ў беларускай сталіцы праспектаў Скарыны і Машэрава ў Незалежнасці і Пераможцаў. Гэта ёсць імкненне прыбраць са свядомасці народа выдатных асобаў, выкрэсліць з народнай памяці іх імены. Аднак у грамадстве ёсць попыт на героеў і ён ніяк не задаволены, адзначаў В. Сіліцкі.

І які ж вынік уздзеяння школьных падручнікаў на свядомасць беларусаў? Даследчыкі высветлілі, што два першых месца занялі менавіта Скарына і Машэраў, героі, якія былі “раскручаны” яшче за савецкім часам. Магчыма таму іх імены “задвінулі” на мапе сталіцы. І негледзячы на перашкоды афіцыйнай ідэалогіі, беларусы ганарацца К. Каліноўскім. Як жахлівы вынік, адзначылі даследчыкі той факт, што 40 % апытаных сказалі, што яны не ведаюць, хто ў Беларусі нацыянальны герой. Згодна ж апытанню ў межах праекта “Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі” – (ў 5 гарадах і сярод 200 удзельнікаў семінараў) – 50 % з іх не ведаюць, што такое Нацыянальны пантэон, як і з каго ён ствараецца. Такім чынам, у свядомасці беларусаў на месцы Пантэона вялікая белая, дакладней, чырвоная, пляма.

У сучаснай палітычнай і геапалітачнай прасторы Беларусь у стане прапанаваць свой цывілізацыйны праект (як слушна адзначаюць культуролагі і, што цікава, музыканты), абапіраючыся на свае багатае разнастайнае мінулае, на багаты досвед сваіх айцоў нацыі. Знешні палітычны і сацыяльны ціск канкурэнтаў прымушае вярнуцца да будоўлі адзінай нацыі, на шлях адраджэння уласнай цывілізацыйнай супольнасці. Значная частка палітычнай і гуманітарнай эліты гэта добра разумее. Афіцыйная ідэалогія, блытаная і супярэчлівая, па ўсяму, мае слабыя прышчэпкі ў свядомасці насельніцтва, значна мацнейшымі выглядаюць савецкія стэрэатыпы.

Апошнім часам заўважана, што высілкі беларускага афіцыеза тычацца, ў асноўным, аховы сучасных ідэалагічных пастулатаў. Сышла ў нябыт старая гвардыя сталіністаў, якая сачыла за адпаведнасцю беларускіх распрацовак савецкім падручнікам. Інстытут гісторыі НАН прэзентаваў грамадству шэраг цікавых актуальных даследаванняў.

Штогод з’яўляюцца незалежныя выданні, якія распаўсюджваюць рознага кшталту прадукцыю гуманітарыстаў, скіраваную на новыя цывілізацыйные арыенціры. Гэта дае пэўную “свабоду манеўраў” незалежным гісторыкам Беларусі ў навукова-даследчай і асветніцкай працы.

Пытанне аб наяўнасці ці адсутнасці фармалізаваных нацыянальных гістарычных каштоўнасцей, у тым ліку і Нацыянальнага пантэона, цесна звязана з праблемай актыўнай дзейнасці па іх прасоўванню ў шырокія колы грамадства.

На ментальнай беларускай “выспе”, што важна для далейшага развіцця падзей і канкрэтных праектаў, знаходзіцца большасць навуковай гуманітарнай эліты. Нават сярод ідэалагічнай абслугі назіраюцца адыходы ад “генеральнай” лініі. Гэта азначае, што для рэалізацыі праграмм па папулярызацыі нацыянальнай гісторыі ёсць разнастайны інтэлектуальны ресурс.

Іншыя даклады канферэнцыі:

Минное поле белорусской истории

Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

One thought on “Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.