Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Нацыянальная бяспека і канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі

krauciewichПачынаем публікацыю  дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з  панэлі «Гісторыяграфія» доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча:

Канцэпцыя нацыянальнай гісторыі напрамую звязана з праблемай нацыянальнай бяспекі, бо з’яўляецца важнейшай часткай ідэалогіі, якая яднае, цэментуе нацыю. Гісторыя прадстаўляе традыцыю нацыянальнай супольнасці, паказвае яе фармаванне на працягу стагоддзяў і тым самым легітымізуе права на існаванне і права на ўласную дзяржаўнасць.

У сваю чаргу, дзяржава навейшага часу разумеецца як механізм рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Не выпадкова, акупацыйная палітыка, скіраваная на асіміляцыю, а тым самым ліквідацыю падпарадкаванай супольнасці, важнейшай складной часткай мае навязанне ёй мовы акупанта і канцэпцыі гісторыі, якая паказвае гістарычную повязь з акупантам. Напрыклад, у французскай калоніі Сенегале, малых негрыцёнкаў вучылі ў школах – “нашыя продкі галы” (!) (1). Беларусаў у Савецкім Саюзе ад першакласнікаў да студэнтаў-гісторыкаў вучылі, што яны спрадвеку імкнуліся да ўз’яднання з расейскім народам.

Беларусь гістарычна належыць да Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэты рэгіён – усходняя частка заходнееўрапейскага цывілізацыйнага арэалу, дзе развіццё гістарычнага працэсу праходзіла з уласнымі адметнасцямі. У мінулым абшар Цэнтральна-Усходняй Еўропы складаўся з каралеўстваў: Чэшскага, Венгерскага, Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Сёння тут размешчаны краіны: Польшча, Летува, Беларусь, Украіна – на поўначы ад горнай лініі Судэтаў і Карпатаў; Чэхія, Славакія, Венгрыя, Харватыя, Славенія, значная частка Румыніі (Сяміграддзе) – на поўдзень ад названых гор (2).

Адметнасцю нашага рэгіёну з’яўляецца тое, што тут не дзяржава стварала нацыю, як у краінах Заходняй Еўропы, а, наадварот, нацыянальныя рухі стваралі дзяржавы. На Захадзе ў XV – XVI ст. узніклі цэнтралізаваныя дзяржавы –абсалютныя манархіі (у Англіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі і інш.), якія паступова праводзілі ўніфікацыю краіны: ліквідавалі рэгіянальныя асаблівасці ў заканадаўстве, станавыя прывілеі, гістарычны тэрытарыяльны падзел замянялі новым бюракратычным і г.д. У першай палове XIX ст. працэс фармавання нацый у Заходняй Еўропе падышоў да завяршэння.

Цэнтральна-Усходняя Еўропа ў XVIII ст. была падзеленая паміж “трыма чорнымі арламі”: Расейскай, Германскай і Аўстрыйскай імперыямі. Нацыянальныя рухі тут пачалі фармавацца ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. і прайшлі ў сваім развіцці тры фазы.

На працягу першай, навуковай, группа інтэлігенцыі вывучала мову, звычаі, гісторыю і жыццёвыя ўмовы “сваёй” супольнасці, якую лічыла патэнцыяльнай нацыяй.

На другой фазе адбывалася нацыянальная агітацыя, калі інтэлігенцыя пачынала пераконваць сваю супольнасць у тым, што яна з’яўляецца асобнай нацыяй, а не этнаграфічнай групай, “тутэйшымі” і г.д.

Трэцяя фаза – пераход у масавую стадыю, калі нацыянальны рух ахоплівае вялікую частку народу. Гэтыя фазы прайшлі ўсе народы рэгіёна, толькі ў розным тэмпе і ў розны час, а некаторыя, напрыклад, беларусы, па аб’ектыўных абставінах да гэтага часу не перажылі апошнюю фазу масавага руху (3).

На другой і трэцяй фазах надзвычай важнае значэнне набывае канцэпцыя нацыянальнай гісторыі, найперш пошукі ўласнай дзяржаўнай традыцыі ў мінулым. Нацыянальныя рухі імкнуліся падмацаваць свае прэтэнзіі на дзяржаву ў навейшы час прысваеннем традыцыі якой-небудзь сярэднявечнай дзяржавы. Чэхі шукалі апоры ў слаўным мінулым Чэшскага каралеўства, тое самае рабілі венгры і палякі.

У нашай частцы рэгіёну разгарнулася жорсткая канкурэнцыя за прысваенне спадчыны поліэтнічнай сярэднявечнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. На яе выказалі прэтэнзіі расейцы, палякі, летувісы, беларусы і, у меншай ступені, украінцы. Спачатку ў вострай дыскусіі сышліся расейцы з палякамі. Адбылося гэта пасля паўстання 1863—64 г.г., калі напалоханы ўдзелам у паўстанні шляхты і сялянаў з гістарычнай Літвы царскі ўрад распрацаваў канцэпцыю палітыкі татальнай русіфікацыі Паўночна-Заходняга краю. Спрэчка аб нацыянальным характары ВКЛ стала часткай расейска-польскага змагання за дамінацыю на яго землях.

Расейскія гісторыкі акцэнтавалі ўвагу на “рускім пачатку” ў ВКЛ. Яны прызнавалі гэтую дзяржаву палітычным утворам летувіскіх феадалаў, але на падставе вывучэння ўнутранага ладу краіны даказвалі яе “рускасць” і называлі ВКЛ “литовско-русским государством”.

Польскія даследчыкі ў адказ распрацавалі версію пра летувіскую дзяржаву, якая сфармавалася паралельна з заваёвай сярэднявечнымі летувісамі суседніх усходнеславянскіх земляў. Пазней праз Люблінскую унію яна з’ядналася з Польшчай і з часам стала складной часткай апошняй. Само ВКЛ яны называлі (і да сёння называюць) “летувіскай дзяржавай” (państwem litewskim).

Летувісы, беларусы і ў значнай ступені ўкраінцы ўвайшлі ў XIX ст. як гэтак  званыя “cялянскія народы”, бо іх сацыяльная эліта ўлегла дэнацыяналізацыі –паланізацыі, а ў XIX стагоддзі і русіфікацыі. Таму летувіскі, украінскі і беларускі нацыянальныя рухі развіваліся з апазненнем у параўнанні з венгерскім, польскім і чэшскім. Толькі ў пачатку XX ст. у дыскусію аб спадчыне ВКЛ ўключыліся летувісы і беларусы. Летувісы перанялі польскую канцэпцыю ВКЛ як ад самых пачаткаў летувіскую дзяржаву; пры гэтым негатыўна ацанілі Люблінскую унію і адракліся ад сваёй спаланізаванай шляхты.

Беларускія нацыянальныя дзеячы выкарысталі расейскую канцэпцыю літоўска-рускай дзяржавы, толькі замяніўшы слова “руская” на “беларуская”. Пры гэтым яны, як і расейцы, лічылі ВКЛ палітычным творам летувісаў, але падкрэслівалі ўнутраную беларускасць дзяржавы і дамінацыю ў ёй беларускай культуры.

У міжваенны перыяд ні беларусам, ні украінцам не ўдалося сфармаваць выразную нацыянальную канцэпцыю сваёй гісторыі па прычыне адсутнасці ўласнай дзяржавы. Пасля кароткага перыяду адносна ліберальнай нацыянальнай палітыкі ў Савецкім Саюзе ў 20-я гады (у нашай гістарыяграфіі называнай беларусізацыяй) наступіў перыяд сталінскіх рэпрэсій, і аднымі з першых ахвяраў сталі г. зв. нацыянальныя дэмакраты, у тым ліку гісторыкі. У нас была цалкам вынішчаная гістарычная школа, узнікшая ў БДУ пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пічэты. Ацалеў хіба адзіны яе прадстаўнік – Мікалай Улашчык, якога да канца жыцця не дапускалі да працы ў Беларусі.

У той самы час нацыянальныя канцэпцыі гісторыі актыўна выпрацоўваліся ў краінах, якім удалося здабыць і захаваць незалежнасць пасля першай усясветнай вайны. Адметнасцю міжваеннага перыяду была жорская падпарадкаванасць гістарычнай навукі дзяржаўнай ідэалогіі. У Савецкім Саюзе абавязвала афіцыйная канцэпцыя гісторыі беларусаў і украінцаў, стрыжнем якой з’яўлялася тэза пра іх адвечнае імкненне да з’яднання з народам расейскім, каб разам змагацца супраць класавага прыгнёту і трохі супраць прыгнёту нацыянальнага з боку царызму. У міжваенны перыяд у суседніх з Беларусяй Польшчы і Летуве канцэпцыя гісторыі мела служыць перш за ўсё выхаванню патрыятызму. Гэта прывяло да вялікай міфалагізацыі гісторыі, часта коштам элементарнай навуковай аб’ектыўнасці. Летувіская гістарыяграфія ВКЛ ад гэтай хваробы ня можа вылечыцца да сёння.

У часы БССР у Маскве, з падмогай мясцовых гісторыкаў-калабарантаў, была распрацаваная афіцыйная канцэпцыя гісторыі краіны, якая прадстаўляла Беларусь адвечнай часткай адзінай старажытнарускай дзяржавы (Кіеўскай Русі), адарванай ад яе ў XIII ст. у выніку летувіскай экспансіі, а потым уз’яднанай у XVIII ст. з Расейскай дзяржавай. Вельмі важнае значэнне надавалася ўкараненню гэтай канцэпцыі ў масавую свядомасць беларусаў праз сістэму адукацыі.

Ва ўмовах таталітарнай дзяржавы стварэнне альтэрнатыўнай нацыянальнай канцэпцыі гісторыі было немагчымае. Напрыклад, аўтар гэтых радкоў, скончыўшы з адзнакай гістарычны факультэт БДУ, не ведаў, дакладней не ўсведамляў, што мы з расейцамі амаль 7 стагоддзяў жылі ў розных дзяржавах. Нас вучылі, што праўда, беларусы нібыта знаходзіліся ў ВКЛ, але сувязі з Расеяй ніколі не гублялі, і ведалі, што наперадзе – аб’яднанне. На занятках па палеаграфіі мы разбіралі граматы расейскага цара Аляксея Міхайлавіча і ніхто ніколі не паказаў нам ніводнага дакументу ВКЛ на старабеларускай мове.

Вялікая колькасць беларусаў да сёння застаецца ў перакананні, што мы заўсёды ці былі ў адной дзяржаве з расейцамі, ці чакалі, калі яны нас да сябе далучаць. Вось прыклад. У Менску на галоўным праспекце ёсць кавярня “Бульбяная”, на ўваходзе вісіць выкананая з керамікі карта Беларусі і побач надпіс, які інфармуе, што вырошчванне бульбы ў нас было ўведзенае ўказам цара Пятра І. Ці беларускае радыё паведамляе, што гісторыя пошты на Беларусі пачынаецца з 1647 г., калі цар Аляксей Міхайлавіч стварыў ямскую службу. На самой справе і бульба і пошта ў нас з’явіліся на сто гадоў раней. Альбо дыктарка радыё незалежнай Беларусі задае сама сабе пытанне: “А калі ў нас з’явілася кава?” І сама сабе адказвае: “Цар Аляксей Міхайлавіч любіў “пабалавацца кафейком”.

Змены сталі магчымымі пасля 1985 г., калі ў Савецкім Саюзе была абвешчаная “перабудова” і “галоснасць”. Частка беларускіх гісторыкаў пачала працу па стварэнню нацыянальнай канцэпцыі гісторыі краіны. Адной з галоўных задач было выяўленне і паказанне шырокай грамадскасці пераемнасці дзяржаўнай традыцыі Беларусі ад часоў Полацкага княства да Новага часу. Тады распачалося беларускае змаганне за спадчыну ВКЛ. Яшчэ ранней, з пачатку 80-х гадоў беларускія археолагі, найперш Зянон Пазняк, Міхась Чарняўскі, Алег Трусаў, Валянцін Собаль, Валеры Шаблюк і іншыя пачалі вывучэнне матэрыяльнай культуры беларускіх гарадоў і мястэчак XIV – XVIII ст. (4) А самым першым у гэтай справе быў светлай памяці Міхась Ткачоў са сваёй папулярнай кнігай “Замкі Беларусі”, надрукаванай у 1977 г. (5). Праз адкрытыя і апублікаваныя артэфакты дэманстравалася прыналежнасць Беларусі да еўрапейскай цывілізацыі.

Нажаль, за археолагамі не паспявалі гісторыкі, практычна ніхто з іх не пісаў у “шуфляду”. Па гэтай прычыне незвычайна папулярнымі сталі сінтэзныя працы гісторыка-аматара Міколы Ермаловіча з-за сваёй выразна патрыятычнай пазіцыі. Цяпер нам даводзіцца папраўляць памылкі Міколы Іванавіча, каб угрунтаваць нацыянальную міфалогію на сапраўды навуковым фундаменце.

Гісторыкі актыўна ўключыліся ў працу пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці. У 1993 годзе літаральна за паўгода былі створаныя і ўведзеныя ў сістэму адукацыі новыя “незалежніцкія” падручнікі па гісторыі Беларусі. Але ўжо праз два гады – у 1995 г. – яны былі забароненыя.

Пасля 1995 г. адбыўся паварот дзяржаўнай улады да рэанімацыі (а, па сутнасці, імітацыі) савецкай мадэлі грамадства, што выклікала між іншым вяртанне да старой савецкай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Знакавым момантам у гэтай палітыцы стала галосная справа забароны Лукашэнкам новых падручнікаў па гісторыі краіны ў 1995 г.

Прарасейская скіраванасць рэжыму Лукашэнкі, па-першае, рэанімавала да жыцця каланіяльную гістарыяграфію, якую абслугоўваюць гісторыкі-прапагандысты. Па-другое, яна выклікала рэпрэсіі супраць стваральнікаў суб’ектнай гістарыяграфіі, г. зн. гісторыкаў, якія разглядаюць гісторыю з пункту гледжання беларускай рацыі стану.

Перашкодай на шляху да стварэння нацыянальнай канцэпцыі гісторыі стала праблема суб’ектнасці гістарычнага даследавання, што асабліва заўважна пры параўнанні з суседзямі.

Сёння беларуская гістарычная навука расколатая. На Беларусі існуюць дзьве гістарыяграфіі: нацыянальная, якая стварае суб’ектную гісторыю краіны г. зн. бачыць беларускі народ суб’ектам уласнай гісторыі, ацэньвае мінулае з пазіцыі беларускай “рацыі стану”, і гістарыяграфія каланіяльна-расейская, якая піша гісторыю Беларусі, зыходзячы з інтарэсаў іншай краіны.

У апошнія гады яна стала афіцыёзнай і значна ўмацавала свае пазіцыі. Гэтая гістарыяграфія замоўчвае і нават свядома фальсіфікуе беларускую гісторыю. За яе плячамі вопыт і інерцыя паўтара стагоддзя расейскай і восем дзесяцігодзяў яшчэ страшнейшай савецка-расейскай ідэалагічнай апрацоўкі беларусаў, у выніку якой наш народ аказаўся адлучаным ад сваёй гісторыі. Як прыклад можна прывесці дапаможнік па гісторыі для школаў з беларускай мовай навучання, які не з’явіўся ў продажы, а распаўсюджваўся па школьных бібліятэках (6). Тэкст падручніка надзвычай блытаны і непісьменны; у ім адсутнічае простая і ясная канцэпцыя гісторыі краіны, неабходная для засвойвання вучнямі сярэдняй школы. Падручнік напісаны не з пазіцыі нацыянальных інтарэсаў Беларусі, а імперскіх інтарэсаў Расеі (аўтары дапаможніка нават не ўмеюць пісаць па-беларуску). Ён не выконвае галоўную задачу – патрыятычнага выхавання маладога пакалення беларускіх грамадзянаў.

ВКЛ аўтары гэтага падручніка называюць “непаўнапраўнай федэрацыяй” (стар. 52), у якой “няпоўнапраўнасць” датычыла беларусаў. Ухвальна апісваецца факт далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі. Палітыка Расеі ў Беларусі паказваецца ў пазітыўных фарбах, без ўпамінання пра русіфікацыю, забарону тэрміна “Беларусь” і інш. Асобу Кастуся Каліноўскага ачарняюць, прадстаўляюць не беларусам, а палякам, адначасова ўсхвальваючы ягонага ката М. Мураўёва (параграф 26 называецца “Польскае паўстанне 1863 г. на беларускіх землях”).

Забарона падручнікаў, аднаўленне цэнзуры ў дзяржаўных навуковых выданнях, выдавецтвах і сродках масавай інфармацыі, кантроль над педагагічнай дзейнасцю гісторыкаў-навукоўцаў і г. д. выклікалі парыў сувязі паміж акадэмічнай (прафесійнай) навукай і дзяржаўнай сістэмай адукацыі, што вельмі негатыўна адбіваецца на агульным стане і ўзроўні гістарычнай асветы грамадства. Прафесійныя гісторыкі (не блытаць з гісторыкамі-прапагандыстамі на службе ўладаў) пішуць адно, а выкладчыкі вучаць дзяцей зусім іншаму.

Дадатковы раскол спрабуюць выклікаць нібыта патрыятычна настроеныя адэпты расейскай мовы на Беларусі.

Асноўныя разбежнасці паміж суб’ектнай і каланіяльнай гістарыяграфіямі датычаць наступных ключавых праблемаў гісторыі кріаны, якія прадстаўленыя ў табліцы:

 Ключавыя праблемы гісторыі Беларусі Афіцыёзная гістарыяграфія Суб’ектная гістарыяграфія
Этнагенез беларусаў Беларускі народ утварыўся ў выніку адарвання заходніх земляў Русі ад старажытнарускай дзяржавы летувіскімі феадаламі Субстратная канцэпцыя: беларусы ўзніклі ў выніку славянізацыі балтаў
Гісторыя Полацкага і  Тураўскага княстваў Удзельныя княствы — часткі адзінай старажытнарускай дзяржавы – Кіеўскай Русі Першыя беларускія дзяржавы; утварыліся на аснове – саюзаў плямёнаў крывічоў і дрыгавічоў.
Вялікае Княства Літоўскае  ў гісторыі Беларусі Літоўская дзяржава, якая захапіла і прыгнятала беларусаў. Беларуска-літоўская дзяржава –  працяг традыцыі дзяржаўнасці Полацкага  і Тураўскага княстваў
Уключэнне Беларусі ў склад  Расейскай імперыі Вызваленне і аб’яднанне Захоп і прыгнёт
Беларуская Народная Рэспубліка і БССР БНР – голая дэкларацыя; БССР –  першая беларуская дзяржава БНР — акт нараджэння беларускай нацыі; БССР – сурагат дзяржавы, створаны ў піку БНР
Другая сусветная вайна  на Беларусі Вялікая Айчынная Другая сусветная

Усё-такі трэба канстатаваць, што нягледзячы на ціск і пераслед, на амаль поўнае адлучэнне ад уплыву на сістэму адукацыі, незалежніцкая суб’ектная гістарыграфія Беларусі дамінуе ў акадэмічнай навуцы і мае вялікі ўплыў у краіне. На сённяшні дзень незалежныя суб’ектныя гісторыкі выйграюць у змаганні за дарослую адукаваную частку беларускага грамадства. І гэта абуджае надзеі на лепшае.

 Спасылкі на крыніцы

1 Ферро М. Как рассказывают историю детям в разных странах мира. М., 1992, с. 37.

2 Historia Europy Środkowo-Wschodniej. /red. J. Kłoczowski/. Lublin, 2000. Tom 1, s. 7—10.

3 Hroch M. Małe narody Europy. Wrocław – Warszawa – Kraków, 2003, s. 9.

4 Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі 14 – 18 стст. Мн., 2001.

5 Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII – XVII ст.). Мн., 1977.

6 Трашчанок Я.І. і інш. Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да кастрычніка 1917 года: вучэб. дапам. для 10 кл. агульнаадукац. устаноў з белар. мовай навучання / пад рэд. Я.І. Трашчанка/. Мн., 2008. – 256 с.

Іншыя даклады канферэнцыі:

Минное поле белорусской истории

Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

2 идей о “Нацыянальная бяспека і канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі

    1. Юрий-Альгерд

      Згоден! Але, на жаль ня усе гэтак жа мяркуюць. Досыць у нас дэнацыянальнага планктону. Трэ размауляць з народам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *