Інстытут беларускай гісторыі і культуры

На палітры рыфмаў і рытмаў

Удзельнікі вечарыны

Удзельнікі вечарыны

Сёння трэба мець мужнасць, каб не з’ехаць з Беларусі, застацца тут жыць і працягваць займацца творчасцю. У тым лiку аб гэтым шла гутарка ў сераду ў сталiчнай мастацкай галерэi Леанiда Шчамялёва падчас літаратурна-музычнай вечарыны “Паэтычная палітра”.

Iмпрэза прайшла ў надзвычай утульнай, сяброўскай атмасферы. Некалькі дзесяткаў прысутных з цікавасцю паслухалі выступы паэтаў розных пакаленняў. Найбольш малады з удзельнікаў, Андрусь Ясюкевіч, удала дэбютаваў са сваімі лірычнымі творамі. Аляксей Чубат, апроч уласных вершаў, пачытаў радкі з творчасці Янкі Купалы, а Павел Надольскі азнаёміў слухачоў таксама і з перакладамі на беларускую мову вершаў славутага польскага паэта Цыпрыяна Норвіда. Выдатным упрыгожваннем вечарыны стаў выступ лідара гурта “Палац” Алега Хаменкі, які душэўна, пад працяглыя апладысменты, выканаў шэраг уласных песень.

Алег Хаменка (лідар гурта “Палац” )

Алег Хаменка (лідар гурта “Палац” )

У рамках вечарыны быў узгаданы новы супольны праект Саюза беларускіх пісьменнікаў і грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, прысвечаны фатаграфічным увасабленням айчынных літаратараў у персанажаў народных міфаў і легенд. Двое з удзельнікаў праекта – Аксана Данільчык і Міхась Скобла – якраз былі сярод выступоўцаў. Дадзены праект, аб якiм ужо паведамляла Служба iнфармацыi «ЕўраБеларусi», дарэчы, таксама быў ініціяваны Ірынай Хадарэнка, кніжка якой прэзентавалася ў межах “Паэтычнай палітры”. Як адзначыла сама аўтарка, “сёння трэба мець мужнасць, каб не з’ехаць з Беларусі, застацца тут жыць і працягваць займацца творчасцю”. Гэтую думку падтрымаў і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які адрасаваў шмат цёплых словаў у бок паэткі і высока ацаніў яе грамадска-творчую дзейнасць.

Ірына Хадарэнка і Таццяна Бэмбель

Ірына Хадарэнка і Таццяна Бэмбель

Падчас прэзентацыi свайго зборніка вершаў і перакладаў “Свядомаграфія” Ірына Хадарэнка зазначыла, што “гэта толькі першы крок у рэалізацыі нашай ідэі”. “Спадзяемся, што ў будучыні падобныя сустрэчы стануць рэгулярнымі і “Паэтычная палітра” будзе набываць новыя адценні”, падкрэслiла Хадарэнка.

Павел Надольскі

Павел Надольскі

Па словах дырэктаркі галерэі, дзе адбылася вечарына, мастацтвазнаўцы Таццяны Бэмбель, “існуе намер ператварыць дадзеную пляцоўку ў адмысловы асяродак культуры, магніт для творчых асоб і прыхільнікаў іх дзейнасці”. І, мяркуючы па характары і змесце гэтай “пілотнай” імпрэзы, працяг вечарын падобнага кшталту ў мастацкай галерэі Шчамялёва будзе не менш цікавым.

Глеб Мартынов, ЕвроБеларусь, 23.05.2012

http://eurobelarus.info

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.