Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Манументальная прапаганда і тапанімічная “рэфармацыя” ў палітыцы і практыцы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва: гісторыя і сучаснаснасць

Vital Jermashkievicz 1

Віталь Ермашкевіч

Працягваем публікацыю  дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з  панэлі «Гісторыяграфія» гісторыкаў Віталя Ермашкевіча і Рыгора Ермашкевіча:

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце і незалежнасці Беларусі ад 27 ліпеня 1990 года – гэта пачатак глабальна-гістарычнага павароту ў жыцці беларускага народа:

– у грамадскім ладзе – ад “развітога сацыялізму” да дэмакратыі;

– у дзяржаўным кіраванні – ад усеўладнай КПСС да прававой дзяржавы;

– у гаспадарчым жыцці – ад адміністрацыйна-каманднай да сацыяльна-арыентаванай рыначнай эканомікі;

– у геапалітычнай прасторы – ад паслухмянага “малодшага брата” да члена сусветнай супольнасці;

– у духоўнай сферы – ад савецкай заідэалагізіраванай культуры і ўсёй жыццядзейнасці да адраджэння нацыянальнайных традыцый, роднай мовы, укаранення ў наша жыццё агульначалавечых каштоўнасцей.

Але практычнае ажыццяўленне гэтага павароту справа не з простых. Тут нямала аб’ектыўных фактараў і прычын, якія вынікаюць з нашай гісторыі. Толькі за ХХ стагоддзе краіна пяць разоў мяняла сваю назву (БНР, БССР, ЛітБел, зноў БССР, нарэшце – Рэспубліка Беларусь). Змены назваў, як правіла, суправаджаліся бязлітасным гандлем нашымі тэрыторыямі паміж усходнімі і заходнімі суседзямі.

Не было стабільнасці і адметнасці і ў вобласці права. Канстытуцыі БССР, якія былі прынятыя ў 1919, 1927, 1937, 1978 гг., па сутнасці, капіравалі змест і дух канстытуцый РСФСР, а затым канстытуцый Савецкага Саюза, якія распрацоўваліся пад эгідай ВКП(б) – КПСС. Не было стабільнасці як па зместу, так і па форме і ў дзяржаўнай сімволіцы (сцяг, герб, гімн). У рэшце рэшт у складзе Савецкага Саюза беларускі народ, яго культура, мова былі размыты ў інтэрнацыянальнай супольнасці “савецкі народ”.

Такое палітыка-культурна-ідэалагічная асяроддзе фарміравалася дзесяцігоддзямі пры дапамозе значнага спектра мерапрыемстваў, у тым ліку шляхам манументальнай прапаганды і тапанімічнай “рэфармацыі”. Варта адзначыць, што ў Беларусі толькі Леніну было пастаўлена больш за 300 помнікаў, а масавае ўключэнне ў беларускамоўную тапанімічную сістэму іншамоўных назваў прывяло да змянення слоўнікавага складу тапанімікі, якая стагоддзямі фарміравалася натуральным шляхам.

І сёння ў сталіцы незалежнай Рэспублікі Беларусь Мінску захоўваецца цэлы савецка-ідэалагічны “аазіс” нават у назвах раёнаў горада (Ленінскі, Маскоўскі, Савецкі, Кастрычніцкі, Фрунзенскі, Першамайскі, астатнія – Заводскі, Партызанскі, Цэнтральны), не кажучы ўжо аб назвах вуліц і завулкаў.

А тым часам практычна ва ўсіх рэспубліках былога СССР мэтанакіравана вядзецца “перазагрузка” тапанімікі. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі Ленінград зноў стаў Санкт-Пецярбургам, Горкі – Ніжнім Ноўгарадам, Куйбышаў – Самарай, Калінін – Цвер’ю, Кіраў – Вяткай і г.д. Вяртаюцца гістарычныя назвы вуліц і плошчаў. Не спыняюцца дыскусіі аб аднаўленні шэрагу помнікаў “царскага” часу, знішчаных у першыя гады савецкай улады, і аб зняцці асобных помнікаў, пастаўленых у савецкі час, увогуле аб тапанімічнай “рэабілітацыі” па ўсёй краіне. Тое ж робіцца ў Грузіі, Казахстане, Украіне і іншых былых савецкіх рэспубліках.

Паколькі Дэкларацыя Вярхоўнага Савета БССР ад 27 ліпеня 1990 г. і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года заканадаўча вызначылі шлях да станаўлення і ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту краіны, на гэтым шляху і нам не абыйсціся без пазбаўлення ад “ідэалагічнага вінегрэту” у старых сімвалах і назвах, без “перазагрузкі” нашай тапанімікі.

Трэба адыйсці ад дыскусій і спрэчак адносна вартасці і кошту гэтага сапраўды важнейшага культурна-патрыятычнага напрамку дзейнасці і гісторыкаў, і грамадскасці, і ўладных структур. У сувязі з гэтым лічым мэтазгодным нагадаць некалькі “урокаў гісторыі”, якія, на нашу думку, варты крытычнага асэнсавання і адпаведных высноў.

ххх

Звернемся да ленінскага плана манументальнай прапаганды і тапанімічнай палітыкі, пачатак і сутнасць якой адлюстраваны ў дэкрэце Савета Народных Камісараў (СНК) РСФСР ад 12 красавіка 1918 г. “О снятии памятников, воздвигнутых в честь царей и их слуг, и выработке проектов памятников Российской Социалистической Революции”. Варта звярнуць увагу на тое, што дэкрэт быў выдадзены ўсяго праз 5 месяцаў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, ва ўмовах Грамадзянскай вайны і страшэннай разрухі. Гэта падкрэслівае палітычную значнасць, якую Ленін і бальшавіцкае кіраўніцтва надавалі данаму напрамку прапагандыскай дзейнасці, дзеля пазбаўлення ад “царска-буржуазных” звычак і хутчэйшага ўсталявання савецкай улады ў Расіі і выхавання чалавека “новага тыпу”.

Звернемся да асноўных установак гэтага дэкрэта:

«В ознаменование великого переворота, преобразившего Россию, Совет Народных Комиссаров постановляет:

1) Памятники, воздвигнутые в честь царей и их слуг и не представляющие интереса ни с исторической, ни с художественной стороны, подлежат снятию с площадей и улиц и частью перенесению в склады, частью использованию утилитарного характера…

3) Особой комиссии «поручается мобилизовать художественные силы и организовать широкий конкурс по выработке проектов памятников, долженствующих ознаменовать великие дни Российской социалистической революции.

4) Совет Народных Комиссаров выражает желание, чтобы в день 1 мая были уже сняты некоторые наиболее уродливые истуканы и поставлены первые модели памятников на суд масс.

5) Той же комиссии поручается спешно подготовить декоратирование города в день 1 мая и замену надписей, эмблем, названий улиц, гербов и т.п. новыми, отражающими идеи и чувства революционной трудовой России (выдзелена намі – Аўт.).

6) Областные и губернские Совдепы приступают к этому делу… по согласованию с вышеуказанной комиссией.

7) По мере внесения смет и выяснения их практической надобности ассигновываются необходимые суммы.

Пред. СНК В.Ульянов (Ленин)

Нар. комиссары: А.Луначарский, И. Сталин

Секретарь Совета Горбунов” [32, с. 95—96].

Праграмна-дзяржаўны і палітыка-ідэалагічны аспект дэкрэта відавочны: “ачышчэнне” Расіі ад усяго таго, што не ўласціва ўнутранай прыродзе новай, сацыялістычнай дзяржавы, укараненне мэтанакіраванай камуністычнай тэрміналогіі , “тапанімічная рэвалюцыя” па ўсёй краіне; праз імёны прадстаўнікоў новай улады найхутчэй ўсталяваць сацыялістычны лад, замацаваць яго ідэалагічныя арыенціры і выхаваць чалавека камуністычнага грамадства.

Пры гэтым Ленін асабіста ўзяў пад кантроль ход выканання дэкрэта. Ужо да 1 Мая 1918 г. былі зняты або закрыты некалькі помнікаў “манархічнага” зместу, праведзена рэвалюцыйна-святочнае афармленне многіх гарадоў, адкрыты часовыя помнікі. Тым не менш, Ленін выказваў вялікую заклапочанасць тым, што гэта справа, на яго думку, праводзілася вельмі марудна. Так, паміж 1 і 13 мая 1918 г., ён у лісце да намесніка народнага камісара маёмасці Рэспублікі П.П. Маліноўскага пытаецца:

“Почему, вопреки постановлению СНК … не начаты в Москве работы:

1) по хорошему закрытию царских  памятников?

2) по снятию царских орлов?

3) по подготовке сотен надписей (революционных и социалистических) на всех общественных зданиях?

4) по постановке бюстов (хоть временных) разных великих революционеров?» [16, с. 68—69].

А 13 мая 1918 г. Ленін у тэлеграме Народнаму камісару асветы А.В. Луначарскаму зазначае:

“Удивлен и возмущен бездеятельностью Вашей и Малиновского в деле подготовки хороших цитат и надписей на общественных зданиях Питера и Москвы” [21, с.73].

15 чэрвеня 1918 г. Ленін накіраваў у камісарыяты Народнай асветы і маёмасці Рэспублікі ліст наступнага зместу:

“Предлагаем вам незамедлительно представить сведения о том, что именно сделано для выполнения декрета от 13.IV.1918 г.(маецца на ўвазе дэкрэт ад 12.IV.1918 г.– Аўт.), особенно по 1) снятию старых памятников, 2) по замене их хотя бы временными, новыми и 3) по замене старых надписей на общественных зданиях новыми …

Двухмесячная проволочка в исполнении декрета – равно важного с точки зрения пропаганды и с точки зрения занятия безработных – непростительна.

Пред. СНК» [14, с. 101].

8 ліпеня 1918 г., па ініцыятыве Леніна СНК зноў абмяркаваў пытанне аб выкананні гэтага ж дэкрэта і прыняў па яго прапанове рэзалюцыю, у якой таксама адзначалася:

“…совершенно недопустимая бездеятельность Народных комиссариатов просвещения и имуществ Республики, а также президиума Московского Совета по проведению декрета в жизнь”.

У прынятай пастанове было выказана запатрабаванне да кіраўніцтва Масквы аб неадкладным правядзеніі дэкрэта ў жыццё “с обязательством два раза в неделю давать доклад об этом Председателю СНК” [9,с. 96, 97]. Дарэчы, выдзяляліся для гэтага і грошы.

Усяго праз некалькі дзён, 17 ліпеня 1918 г., СНК зноў абмяркаваў пытанне “О постановке в Москве 50 памятников великим людям в области революционной и общественной деятельности, в области философии, литературы, науки и искусства”, а 30 ліпеня зацвердзіў спіс 69 асоб, якім трэба было ў першую чаргу ўстанавіць помнікі. У іх ліку значыліся К. Маркс і Ф. Энгельс, а першым у верасні 1918 г. быў адкрыты помнік А.Н. Радзішчаву ў Петраградзе [8, с. 363].

18 верасня 1918 г. Ленін з абурэннем адправіў тэлеграму наркому А.В. Луначарскаму, у якой, у прыватнасці, гаварылася:

“Сегодня выслушал доклад Виноградова (Вінаградаў Н.Д., архітэктар, з мая 1918 г. памочнік Народнага камісара маёмасці РСФСР, адказны па назіранні за правядзеннем у жыццё дэкрэта “О памятниках”, са жніўня 1918 г. – у Маскоўскім Савеце па ахове помнікаў мастацтва і старыны – Аўт.) о бюстах и памятниках, возмущен до глубины души; месяцами ничего не делается; до сих пор ни единого бюста, исчезновение бюста Радищева есть комедия.

Бюста Маркса для улицы нет, для пропаганды надписями на улицах ничего не сделано. Объявляю выговор за преступное и халатное отношение, требую присылки мне имен всех ответственных лиц для предания их суду. Позор саботажникам и ротозеям.

Предсовнаркома Ленин” [22, с. 182].

Не менш катэгарычны ліст Леніна “В Президиум Московского Совета рабочих и красноармейских депутатов” з нагоды пастановы Прэзідыума ад 7 кастрычніка 1918 г., якім кіраўніцтва Массавета здымала з сябе адказнасць за невыкананне дэкрэта аб манументальнай прапагандзе, асабліва за неўстаноўленыя помнікі “выдатным дзеячам рэвалюцыйнага руху”. Прывядзем вытрымку з гэтага ліста:

“Получил Вашу бумагу …с выпиской из постановления Президиума от 7.Х.

Вынужден по совести сказать, что это постановление так политически безграмотно и так глупо, что вызывает тошноту… И весь Президиум, и Виноградова, по моему мнению, надо бы на неделю посадить в тюрьму за бездеятельность.

Если Комиссариат народного просвещения “не выдает бюстов” (когда Вы требовали? От кого? Копия и документы? Когда Вы обжаловали?), – Вы должны были бороться за свое право. А “снять с себя ответственность” – манера капризных барышень и глупеньких русских интеллигентов…

Примите коммунистический привет от надеющегося, что Вас проучат тюрьмой за бездействие власти, и от глубоко возмущенного Вами Ленина.

12.Х.1918” [15, с. 191—192].

Паколькі закладка і адкрыццё помнікаў, змена назваў вуліц і плошчаў разглядаліся як найважнейшыя палітычныя падзеі і найважнейшыя формы агітацыйна-выхаваўчыай работы, гэтыя акцыі праводзіліся ўрачыста і з абавязковым удзелам найвышэйшага партыйна-савецкага кіраўніцтва. Так, 7 лістапада 1918 г., у дзень першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, сам Ленін прыняў удзел у адкрыцці ў Маскве помніка К. Марксу і Ф. Энгельсу на плошчы Рэвалюцыі (да перайменавання – пл. Вознесения), мемарыяльнай дошкі “Борцам Октябрьской революции” на Краснай плошчы. У сваіх прамовах Ленін падкрэсліваў мабілізуючую сілу помнікаў рэвалюцыянерам і кожны раз заклікаў прысутных даваць клятву “идти по их следам, подражать их бесстрашию, их героизму” [18, с. 172].

Увогуле святкаванне першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі было адзначана адкрыцём многіх помнікаў, мемарыяльных дошак з агітацыйнымі надпісамі, мастацкім афармленнем гарадоў. Дарэчы, у ліку найбольш рэвалюцыйна ўпрыгожаных быў і беларускі горад Віцебск [6, c. 305]. Гэтай работай кіраваў Марк Шагал, які ўзначальваў Народнае мастацкае вучылішча. Галоўныя вуліцы Віцебска, фасады дамоў, сцены школ былі ўпрыгожаны вясёлымі выявамі. Сам М. Шагал з’яўляўся аўтарам некалькіх палітычных плакатаў (“Мир хижинам и война дворцам!”, “Вперед, без остановки” і інш.) [12, с. 31].

Пераймяноўваліся вуліцы і плошчы гарадоў. Так, у Маскве пл. Скобелева стала Савецкай. Быў знесены конны помнік гэтаму герою руска-турэцкай вайны 1877—78 гг. У Петраградзе плошча “Марсава поле” стала плошчай “Жертв революции” (так будзе яна называцца на працягу 1918—1940 гг.).

Вядома, што бальшавікі рыхтаваліся да сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі і збіралі пад сваё крыло марксісцкія партыі ўсіх кантынентаў. Так, I Устаноўчы кангрэс III Камуністычнага Інтэрнацыянала (сакавік 1919 г.) абвясціў праграму змагання за сусветную пралетарскую дыктатуру, за сусветны камунізм. Камінтэрн быў аб’яўлены авангардам рэвалюцыйных сіл усяго свету [10, с. 11]. І неўзабаве ў гарадах і вёсках, у тым ліку ў Беларусі, пачалі з’яўляцца вуліцы і плошчы з назвамі адпаведнага зместу і напрамку (Трэці Інтэрнацыянал, КІМ, Парыжская камуна, помнікі Спартаку, Гарыбальдзі, Рабеспьеру, Лассалю, Карлу Лібкнехту, Розе Люксембург і іншым). Усё рабілася пад пільным наглядам бальшавіцкага кіраўніцтва і асабіста Леніна. Выступаючы 19 ліпеня 1920 г. у дзень ганаровага адкрыцця ў Петраградзе II кангрэса Камінтэрна на мітынгу пры закладцы помніка К. Лібкнехту і Р. Люксембург на плошчы Урыцкага (былая Дворцовая площадь) Ленін падкрэсліў, што іх прыклад “даёт нам бодрость и веру в полную победу коммунизма» [17, с. 158].

У Маскве на працягу 1918—1919 гг. з 90 заказаных помнікаў было зроблена 52, з іх 23 былі ўстаноўлены. У Петраградзе за гэтыя ж гады з 84 заказаных па ленінскаму дэкрэту помнікаў было выканана 49, з іх устаноўлена 15 і 3 абеліскі [34, с. 71, 74].

Пачатак 1920-х гг. вызначаўся першачарговым ўшанаваннем імя Маркса і прапагандай яго вучэння. Так, 30 снежня 1919 г. СНК РСФСР прыняў пастанову аб устанаўленні на плошчы Свярдлова ў Маскве да 1 Мая 1920 г. помніка Марксу і даручыў спецыяльнай камісіі СНК ў тэрміновым парадку высветліць пытанні адносна праекта помніка і сродкаў на яго пабудову. 1 Мая 1920 г. адбылася урачыстая закладка помніка. На мітынгу выступіў Ленін. Ён адзначыў:

“памятник, закладываемый … великому учителю, послужит призывом к тому, чтобы всё ваше внимание было обращено на необходимость долго трудиться, чтобы создать то общество, при котором не будет места эксплуатации” [19, с. 105, 106].

У той жа дзень Ленін выступіў на мітынгу пры закладцы помніка “Освобожденному труду”. Ён, у прыватнасці, зазначыў:

“…На этом месте прежде стоял памятник царю, а теперь мы совершаем здесь закладку памятника освобожденному труду” [20, с. 106].

Ідэі і напрамкі ленінскай манументальнай прапаганды не абыйшлі і Беларусь. Так, у сярэдзіне 1919 г. у Полацку быў устаноўлены помнік К. Марксу. Бюст К. Маркса у тым жа годзе устаноўлены ў Віцебску, а таксама помнікі Р. Люксембург, І.Г. Песталоці, Ф. Ласалю і інш. [12, c. 37].

Такім чынам, манументальная прапаганда, пачатая па ініцыятыве Леніна, разглядалася бальшавіцкім кіраўніцтвам як найважнейшы напрамак усталявання ідэй Кастрычніцкай рэвалюцыі і пабудовы сацыялістычнага грамадства ў краіне Саветаў, якая, у сваю чаргу, выдавалася за аснову “будучай сусветнай дыктатуры пралетарыяту, камуністчнай дзяржавы”.

Звяртаючыся да Дэкрэта ад 12 красавіка 1918 г. і яго палажэнняў аб зняцці помнікаў “в честь царей и уродливых истуканов … не представляющих интереса … с художественной стороны”, мы бачым, што бальшавіцкае кіраўніцтва больш за ўсё цікавіў, як кажуць, другі бок медаля: трэба было як мага хутчэй адлучыць людзей ад мінулага і скіраваць іх розум у заўтрашні “светлы” дзень. Ленін на мітынгу на Краснай плошчы 1 Мая 1919 г. гаварыў:

“Большинство присутствующих, не переступивших 30–35-летнего возраста, увидят расцвет коммунизма… Внуки ваши, как диковинку, будут рассматривать документы и памятники эпохи капиталистического строя… Заложенное нами здание социалистического общества – не утопия. Ещё усерднее будут строить это здание наши дети” [23, с. 325].

Аб сутнасці і напрамках ленінскага плана манументальнай прапаганды ў барацьбе за ўсталяванне дзяржавы дыктатуры пралетарыяту ў энцыклапедыі “Гражданская война и военная интервенция в СССР” прама гаворыцца:

“В истории советской художественной культуры монументальная пропаганда стала важным этапом, на котором впервые четко определились принципы партийности … советского искусства” [8, с. 363].

Нельга не звярнуцца да метадаў прапаганды самой асобы Леніна. Практычна з першых дзён Кастрычніцкай рэвалюцыі многім населеным пунктам, вуліцам і плошчам гарадоў пачалі прысвойваць яго імя (Ленін, Ульянаў, Ільіч). Напрыклад, у Петраградскай губерні паявілася Ленінская воласць, а старынная Рагожская застава стала “заставай Ільіча”. Маляваліся шматлікія партрэты, вырабляліся бюсты і статуі. Так, скульптар і графік Г.Д.Аляксееў у 1919 г. стаў аўтарам аднаго з першых бюстаў Леніна, устаноўленага затым у многіх гарадах краіны. Мастак М. Андрэеў у 1919 г. зрабіў першыя партрэты Леніна, а ў 1920 г. яму было дазволена рабіць замалёўкі правадыра непасрэдна на яго рабочым месцы. Ён жа ў 1920 г. зрабіў і скульптуру Леніна.

Пры жыцці праз перайіменаваныя гарады, вуліцы і плошчы праслаўляліся і паплечнікі Леніна. Так, старажытная Гатчына атрымала назву Троцк (у гонар Троцкага), Юзаўка – Сталіна, Царыцын – Сталінград, Елізаветград – Зіноў’еўск і г.д.

Пасля смерці У.І. Леніна развярнулася татальная прапаганда яго імя і вучэння. Так званая “ленініяна” ахапіла ўсе віды мастацтва. Асобнай старонкай у гэтай гісторыі з’яўляецца маўзалей, першапачаткова драўляны, а з 1930 г. – мураваны. Жалобная рытуалістыка мэтанакіравана напаўняецца новым сэнсам: магіла правадыра становіцца своеасаблівай калыскай сусветнай камуністычнай рэвалюцыі. Адзін з відных дзеячоў савецкай дзяржавы Л.Б. Красін, гаворачы аб ідэалагічнай важнасці існавання “постоянной гробницы” (г. зн. маўзалея) Леніна пісаў у “Правде” ў лютым 1924 г.:

“Это будет то место, которое по своему значению для человечества превзойдет Мекку и Иерусалим” [22, с. 3].

Вядома, што пытанне аб прысутнасці “духа Ільіча” ва ўсіх пакаленнях савецкіх людзей, заўсёды знаходзілася ў цэнтры ідэалагічнай дзейнасці КПСС. Варта нагадаць, што ў 1972 г. Л.І. Брэжнеў падпісаў дакумент аб пабудове грандыёзнага помніка Леніну ва Ўладзівастоку: яго вышыня вызначалася ў 33 м, а месцам устаноўкі меркавалася 100-мятровая сопка. Кошт праекта ацэньваўся ў 15 млн. савецкіх рублёў, што па тым часе было вельмі багата. З брэжнеўскага дакумента вынікала, што гэты помнік павінен ствараць сродкамі манументальнага мастацтва ідэйную дамінанту на далёкаўсходніх межах СССР [1, с. 2]. Дарэчы, у 1972 г. у беларускіх населеных пунктах налічвалася больш за 300 помнікаў і бюстаў Леніна.

Па меры ўмацавання савецкай улады пашыралася і тапанімічная асіміляцыя ў рэчашчы “ачышчэння” ад мінулага і ўсталявання рэвалюцыйна-рамантычнага настрою. У гэтым напрамку асаблівай шчырасцю вызначаліся палітычна-тапанімічныя “рэфарматары” БССР, якія тым самым дэманстравалі сваю “адданасць” справе сацыялістычнага будаўніцтва, ідэям камунізму, пралетарскага інтэрнацыяналізму і правадырам.

Так, ужо ў 1918 г. вёска Раманава на Случчыне была перайменавана ў вёску Леніна. Да дынастыі Раманавых яе папярэдняя назва не мае ніякіх адносін, бо ўпамінаецца ў грамаце 1523 г. аб перамір’і паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ. [2, c. 202]. З 25 кастрычніка 1922 г. вёска Папоўка (сучасны Добрушскі раён) стала называцца вёскай Леніна [7, с. 355].

У 1920 г. з палітычнай карты Беларусі знікае вёска Рудабелка, а разам з ёй і “Рудабельская рэспубліка”, дзе ў гады нямецкай і польскай акупацыі захоўвалася савецкая ўлада, устаноўленая Рудабельскім валасным рэвалюцыйным камітэтам 27 лістапада 1917 г. Рудабелка, вядомая па пісьмовых крыніцах з ХVI ст., з 1920 г. перайменавана ў пасёлак Акцябрскі (зараз цэнтр Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці).

У 1918—1922 гг. адбываюцца перайменаванні вуліц і плошчаў ва ўсіх беларускіх гарадах. Напрыклад, у Мінску з’явіліся вуліцы К. Маркса, Ф. Энгельса, К. Лібкнехта, Р. Люксембург, Я. Свярдлова, В. Валадарскага, М. Урыцкага, плошча Парыжскай Камуны і інш. А з утварэннем СССР (30.ХII.1922 г.) гэты напрамак дзейнасці мясцовых улад яшчэ больш пашыраецца. І ў Віцебску з’явіліся вуліцы Бебеля, Вароўскага, Жарэса, Калініна, Каменева, Крапоткіна, Ласаля, Леніна, Луначарскага, Свярдлова, Чычэрына, Энгельса і г. д.; у Магілёве – вуліцы Будзённага, Дзям’яна Беднага, Троцкага, Халтурына і іншых.

У Полацку ў 1926 г. 27 вуліц і завулкаў ужо насілі імёны агульнасавецкіх дзяржаўных дзеячоў і расійскіх пісьменнікаў, якія таксама адлюстроўвалі паняцці новага часу: Леніна, Троцкага (ці надоўга?), Фрунзе… Адначасова зніклі гістарычныя назвы вуліц: Віленская, Задзвінская, Стралецкая і інш. Практычна ва ўсіх гарадах Беларусі з’явіліся вуліцы з мэтанакіраваным ідэалагічным зместам: Інтэрнацыянальная, Камуністычная, Камсамольская, Кастрычніцкая, Маскоўская, Піянерская, Пралетарская, Рэвалюцыйная, Савецкая, Сацыялістычная – тыя, якія паўсядзённа павінны былі нагадваць аб сутнасці і перспектывах развіцця новай дзяржавы і дзяржаўнасці. Адпаведна знікалі вуліцы і плошчы з назвамі мінулай “эпохі”: Аляксандраўская, Мікалаеўская, Раманаўская, Сталыпінская, а таксама Базарная, Замкавая, Пакроўская, Саборная, Троіцкая і г. д.

У тапанімічных адносінах вельмі “пачырванелі” сельскія пасяленні рэспублікі. Вось толькі пералік населеных пунктаў сучаснага Буда-Кашалёўскага раёна, якія ў 1920-я гг. сталі “краснымі” (хоць бы “чырвонымі”): Краснабудскі, Краснагорскі, Красная плошча, Красны Акцябр, Красны курган, Красны свет, а ў дадатак яшчэ пасёлкі з назвамі: Леніна, Калініна, Красін, Камінтэрн, Камсамольск, Камунар [7, с. 149—158]. Тое ж самае адбывалася і ў іншых месцах Беларусі, праўда, часам з выкарыстаннем прыметніка “чырвоны”: Чырвоны Алёс, Чырвоны Вугал, Чырвоны Камень, Чырвоны Кастрычнік, Чырвоны Курган, Чырвоны Лог, Чырвоны Партызан, Чырвоны Сцяг, Чырвоная Буда, Чырвоная Гара і г.д.(сучасны Добрушскі раён) [7, с. 371—374].

У снежні 1927 г. за подпісамі старшыні ЦВК А. Чарвякова і старшыні СНК М. Галадзеда была прынята пастанова “Пра парадак дачы назваў і рэгістрацыі новых паселішч, станцый і раз’ездаў чыгунак”. З дакумента вынікае, што назва новага паселішча даецца сельскім саветам, на тэрыторыі якога яно знаходзіцца, і зацвярджаецца вышэйшым над ім выканаўчым камітэтам. Назвы, звязаныя з рэвалюцыйнымі падзеямі або з імёнамі рэвалюцыйных і грамадскіх дзеячоў, уносяцца адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі ў Прэзідыум ЦВК, які зацвярджае гэтыя назвы [33, с. 611—612].

11 лістапада 1931 г. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў чарговую пастанову “О порядке присвоения имён отдельных работников городам, железнодорожным станциям, районам, деревням, предприятиям и т.п.” дзе адзначаецца, што гэтая мера мае “большое политическое значение” і можа ажыццяўляцца толькі пасля зацвярджэння ў кожным канкрэтным выпадку Прэзідыумам ЦВК БССР, а ў асобных выпадках праз хадатайніцтва Прэзідыума ЦВК БССР перад Прэзідыумам ЦВК СССР [31, с. 280].

Найбольшай заідэалагізаванасцю вызначаецца тапанімічны генацыд у 1930-я гг., пад час сталінскіх рэпрэсій супраць так званых “нацдэмаўцаў”,– прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія адстойвалі нацыянальна-культурнае і дзяржаўнае адраджэнне Беларусі. Менавіта ў 1930-я гг. перайменаванне і наданне новых назваў населеным пунктам, вуліцам і плошчам гарадоў, прысваенне імёнаў кіраўнікоў партыі калгасам, саўгасам, прамысловым прадпрыемствам перарасло ў своеасаблівую эпідэмію. Гэта невыпадкова. Варта звярнуцца да выказвання аднаго з лідэраў ВКП(б) Л. Кагановіча пры адкрыцці ў Маскве ў 1932 г. аўтамабільнага завода:

“Вы принимаете имя товарища Сталина. Вы берете на себя огромную ответственность. Вы обязуетесь этим работать по-сталински”[5, с. 142].

Не без падстаўна меркавалася, што “прысутнасць” партыйна-дзяржаўных кіраўнікоў, камуністычнай сімволікі на кожным кроку паўсядзённага жыцця савецкага чалавека будзе мяняць яго ідэалагічную арыентацыю іпсіхалогію ў адпаведным накірунку.

У Беларусі гэты напрамак дзяржаўна-патрыятычнага выхавання і стымулявання працоўнай дзейнасці людзей атрымаў шырокі размах. Імёны Сталіна, Молатава, Варашылава, Будзённага, Кагановіча і іншых першых асоб СССР сталі насіць многія калгасы і саўгасы, фабрыкі і заводы, розныя ўстановы і арганізацыі. Напрыклад, усім станкабудаўнічым заводам рэспублікі (знаходзіліся ў Мінску, Віцебску, Гомелі) было прысвоена імя С.М. Кірава.

Адначасова праводзіліся свайго роду рэпрэсіі да гістарычных назваў населеных пунктаў рэспублікі. Варта спаслацца толькі на Указ Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР ад 20 лістапада 1938 г. “О переименовании отдельных населенных пунктов по Витебской области” [28, с. 339—341].

Для перайменавання ўжыты наступныя назвы (ўсе падаюцца на рускай мове): Большевик, Искра, Красная (-ный), Октябрь, Парижская коммуна, Партизанская, 1-е Мая, Победа, Свобода, Советская, им. Буденного, им. КИМа, им. Чапаева. Напрыклад, вёска Каралі стала деревней Большевик, Чапеліна – деревней им. Чапаева, Усы – деревней им. Буденного, а вёска Князі – деревней 2-я пятилетка (!). У 1939 г. з’явіліся новыя назвы вёсак: імя Кірава, імя Куйбышава, імя Чкалава… Адпаведна з’явіліся Чкалаўскія, Кіраўскія, Куйбышаўскія, Роза-Люксембургскія, Тэльманаўскія і г. д. сельскія саветы, з адпаведнымі адраснымі назвамі школ, бальніц і г.д.

Ніхто не пытаўся ў вяскоўцаў, ці прыемна, ці лёгка ім будзе ўспомніць і дакладна вымавіць, што яны жывуць на тэрыторыі “Парыжскакамунаўскага сельскага савета”, альбо іх дзеці пойдуць вучыцца ў “Розалюксембургскую сямігодку”. І ці лёгка будзе ўспрымаць выказванні накшталт: “Я вучань трэцяга класа, другой пяцігодкаўскай сямігадовай школы” (!).

Не менш заідэалагізаваны быў падыход партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва БССР да назваў і перайменаванняў існаваў і ў гарадах. Так, г. Ігумен (на рацэ Ігуменка) яшчэ ў 1923 г. перайменаваны ў г. Чэрвень (а рэчка стала называца Чэрвенка). З 29 чэрвеня 1932 г. г. Койданава стаў называцца Дзяржынск – у гонар Ф. Дзяржынскага. У 1933 г. тут жа яму быў устаноўлены помнік. 12 снежня 1935 г. пастановай ЦВК і СНК БССР утвораны Кіраўскі раён (названы ў гонар С.М. Кірава).

Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 сакавіка 1938 г. у сталіцы рэспублікі былі ўтворана тры раёны, назвы якіх дэманстравалі “адданасць гараджан” першым кіраўнікам бальшавіцкай партыі і Савецкага Саюза: Сталінскі, Варашылаўскі, Кагановіцкі [25, с. 314].

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і там пачаліся адпаведныя перайменаванні з улікам усталявання савецкай сістэмы дзяржаўнай улады.

ххх

Палітыка Леніна, бальшавіцкага кіраўніцтва ў справе манументальнай прапаганды і тапанімічнай “рэфармацыі” пры вырашэнні стратэгічных палітыка-ідэалагічных задач, не з’яўляюцца нейкім выключэннем у гісторыі. Варта звярнуць увагу на Германію часоў нацызму, дзе манументальная прапаганда і тапанімічная “рэфармацыя” таксама знаходзіліся пад пільным наглядам і кіраўніцтвам Гітлера і яго ідэолагаў як адзін з накірункаў у разгалінаванай сістэме духоўнага панавання над нямецкім народам.

Менавіта Гітлер вызначаў, што і як маляваць, каго ўвекавечыць у помніках, якія назвы павінны насіць гарады, вуліцы і плошчы. І невыпадкова ў любой нацысцкай мастацкай экспазіцыі заўсёды знаходзілася фігура Гітлера: у скульптурах, манументах, партрэтах. Яны пастаянна “ўпрыгожвалі” залы “Дома германскага мастацтва” ў Мюнхене. Тут жа прысутнічалі бюсты і партрэты Герынга, Гімлера, Гебельса і іншых найвышэйшых кіраўнікоў нацысцкай Германіі.

Адначасова вялася бязлітасная барацьба з “антыарыйскім” мастацтвам. Так, у маі 1937 г. Гітлер падпісаў закон аб канфіскацыі “непажаданых карцін і скульптур”, у выніку чаго былі знішчына ці прададзены за мяжу каля 13 тыс. карцін і скульптур [24, с. 230].

Імкненне да сусветнага панавання падштурхоўвалі Гітлера і да адпаведных манументальных праектаў: ён марыў стварыць у сталіцы рэйха такія аб’екты, якіх ніхто ў свеце не будаваў апошнія тысячагоддзі. У прыватнасці, у фюрэра было жаданне пабудаваць вялізную Купалную залу для сходаў, унутры якой змаглі бы 17 раз змясціцца вашынгтонскі Капітолій і рымскі Сабор св. Пятра, разам узятыя. На 290-мятровай вышыні купала Гітлер меркаваў пасадзіць арла, які б абапіраўся не на свастыку, як звычайна, а на зямны шар. Яшчэ адна задумка Гітлера: пабудаваць у Берліне трыумфальную арку, якая б у 2—2,5 разы была вышэй за пабудаваную ў свой час Напалеонам у Парыжы.

У той жа час па ўказцы Геббельса ўсе нацысцкія сродкі інфармацыі павінны былі маляваць і праслаўляць Гітлера як да аскетызму сціплага чалавека. Геббельс зазначаў: “Ён, фюрэр, не жадае раскошы і бляску мінулай імперскай эры” [24, с. 99]. Легенда аб сціпласці і геніяльнасці стваральніка “новай і вялікай” Германіі ўводзілася ў вушы не толькі нямецкаму абывацелю. І не выпадкова ў палітычны лексікон трывала ўвайшлі тэрміны “гітлераўская Германія”,”гітлерызм” для абазначэння краіны, яе ладу, сутнасці знешняй палітыкі ў той перыяд, калі там кіравалі фашысты.

Распачаўшы вайну супраць СССР, германскія акупацыйныя ўлады на Беларусі адразу пачалі тапанімічную “рэфармацыю” з прагерманскай ідэалагічна-палітычнай афарбоўкай. Так, загадам камендатуры Мінска ад 4 лістаспада 1941 г. былі заменены назвы звыш 120 вуліц і завулкаў. У ліку новых назваў з’явіліся вуліцы Бісмарка, Ганзейская, Дрэздэнская, Нямецкая, Саксонская і інш. Аднак у прапагандысцкім плане было праведзена і знакавае, з элементамі беларускасці, перайменаванне. Так, вуліца К. Маркса стала вуліцай Адраджэння, Рэвалюцыйная – Рагнеды, Энгельса – Тэатральная, Кірава – Спартыўная, Пушкіна – Скарыны, Савецкая – Галоўная, Маскоўская – Варшаўская і г.д. [3, с. 108].

Тапанімічная палітыка акупацыйных улад актыўна праводзілася і ў іншых гарадах Беларусі. Так, 15 кастрычніка 1941 г. з’явілася аб’ява за подпісам гродзенскага павятовага камісара доктара фон Плетца, у якой гаварылася: “Горад Гародня зараз атрымлівае назву Гартэн”, вуліца Элізы Ажэшкі перайменавана на Гітлерштрассе, вуліца Леніна – у Кёнігсбергскую. У горадзе з’явіліся Германштрассе, Тыльзітштрассе і іншыя найменні на нямецкі лад [37, с. 181—182].

У такім жа ідэалагічна-палітычным напрамку дзейнічалі акупацыйныя ўлады на іншых тэрыторыях СССР. Напрыклад, камендант Курска генерал-маёр Марселл імкнуўся аднавіць дарэвалюцыйныя назвы вуліц, дадаўшы, што ў гэтай справе ён не дапускае ніякай палітыкі. Але калі яму паведамілі, што самая вялікая вуліца Курска Ленінская, а да рэвалюцыі яна называлася Маскоўская, генерал тут жа змяніў першапачатковы намер і назваў гэтую вуліцу “Гаўптштрасэ – Галоўная вуліца” [36, с. 367].

Гітлер, добра ведаючы пра моц уздзеяння манументальнай прапаганды і палітычна афарбаванай тапанімікі, не выпадкова патрабаваў ад сваіх армій як мага хутчэй сцерці з твару зямлі Ленінград і Сталінград.

Дарэчы, уварванне французскіх войск у межы Расіі ў 1812 г. таксама суправаджалася адпаведнымі захадамі па насаджэнні “духа” Французскай імперыі на акупіраваных тэрыторыях. Напрыклад, 15 жніўня 1812 г., у дзень нараджэння Напалеона, гарадская плошча ў Мінску Высокі рынак была перайменавана ў плошчу Напалеона Банапарта. Вядома і тое, што з абозам французскай арміі ў Расію везлі дзве скульптуры Напалеона (кожная вагой па 1,5 т.). Меркавалася, што пасля перамогі яны будуць устаноўлены на Краснай плошчы ў Маскве і на Дварцовай плошчы ў Санкт-Пецярбургу. Але ў час адступлення з Масквы ў лістападзе 1812 г. скульптуры былі кінуты ў Крамлі і зараз адна з іх знаходзіцца ў Музеі-панараме “Барадзінская бітва”, нагадваючы аб уроках авантурнай манументальнай прапаганды [26, с. 6].

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ўсталяванне ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы сталінскага рэжыму і савецкага вобразу жыцця суправаджалася насаджэннем адпаведных помнікаў, назваў перайменаванняў і г. д. Напрыклад, румынскі горад Брошаў і албанскі горад Кучава перайменаваны ў г. Сталін. Самая высокая горная вяршыня на тэрыторыі Балгарыі Мус-Алла атрымала назву пік Сталіна. Пік Сталіна з’явіўся і на геаграфічнай карце Чэхаславакіі і г.д.

ххх

Але звернемся да чарговай хвалі перайменаванняў у БССР, якая пракацілася пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1951 г. у Мінску, акрамя існуючых Сталінскага (з 11.11.1961 г. – Заводскі), Варашылаўскага (з 2.11.1961 г. – Савецкі) і Кагановіцкага (з 20.7.1957 г. – Кастрычніцкі) раёнаў утвараюцца яшчэ два раёны – Ленінскі і Фрунзенскі, у 1969 г. – Першамайскі і Цэнтральны, у 1977 г.– Маскоўскі і Партызанскі [25, с. 314]. Гэтыя назвы гарадскіх раёнаў сталіцы “перайшлі” і ў суверэнную Рэспубліку Беларусь.

Пасляваенны пік “тапанімічнага генацыду” у Беларусі прыпадае на 1960-я гг., калі свае спрадвечныя назвы страцілі больш за 300 населеных пунктаў. Партыйныя і савецкія чыноўнікі, спасылаючыся на “волю народа”, у якога ні пра што не пыталіся, бязлітасна вынішчалі памяць пра гісторыю сваёй Айчыны. Безумоўна, адной з асноўных прычын гэтай кампаніі з’явілася рэзкае звужэнне сферы ўжывання беларускай мовы і інтэнсіўная пераарыентацыя на мову рускую.

Пастановы, якія далі рэзкі штуршок да русіфікацыі беларускай тапанімікі, гэта Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 31 жніўня 1962 г. “Об упорядочении учета, регистрации и наименования населенных пунктов в Белорусской ССР» [27, с. 271—273] и Указ ад 23 ліпеня 1965 г. “О порядке наименования и переименования административно-территориальных единиц, населенных пунктов, улиц, предприятий, колхозов, учреждений и организаций” [30, с. 273—274].

Разам з заменай сапраўды немілагучных назваў (Бабнева, Гнойніца, Кабакі, Пузавічы, Трыбушкі, Ушыўцы і інш.) былі скасаваныя многія натуральныя беларускія тапонімы (вёска Маёнтак стала вёскай Садовая, Княжыца – Слабажанкай, Стары Фальварак – Пабеднай, Фальварак – ізноў Садовай, Карнілавічы – вёскай Ударная, Юдзенічы – вёскай Савецкая і г. д.). Шматлікія новыя назвы наогул не адпавядалі нават нормам беларускай мовы (Восточная, Знамя, Изюмово, Искра, Ковровая, Комсомольская, Красный Восход, Луч, Лучезарная, Майск, Октябрино, Октябрьск, Отрадная, Победная, Родина, Ромашкино, Светлая Роща, Сиреневка і г.д.) [29, с. 349—359].

У гістарычных назвах паселішчаў адлюстраваны адбітак культуры, побыт людзей, міжэтнічныя працэсы, сацыяльныя паняцці. Існуюць назвы-азначэнні, назвы-прозвішчы і імёны. Гэта наша гісторыя. Лексічнае значэнне асобных назваў указвае на былыя заняткі іх насельнікаў (Агароднікі, Бортнікі, Ганчары, Гута, Кавалі і г.д.), на грамадскі статус (Судары), на вольнае становішча ў грамадстве (Свабодная) і г. д.

На тэрыторы Беларусі было шмат назваў паселішчаў, якія ўзыходзяць да глыбокай даўніны і засведчылі шматлікія лёсавызначальныя для яе народа падзеі і факты (напрыклад, вёскі Літва, Ліцвікі, Літусава, Ляхі, Татаршчына, Чэхі, мястэчкі Ігумен, Ізяслаўль, Койданава, г. Брэст-Літоўск і інш.).

У 1964 г. вёска Амерыка Жлобінскага раёна і вёска Амерыка Аршанскага раёна былі перайменаваны адпаведна ў вёскі “Советскую” і “Краснопольцы”. А гэтыя ж вёскі былі заснаваны беларускімі рээмігрантамі, якія вярнуліся з ЗША на радзіму ў гады НЭПа, утварылі сельскагаспадарчыя камуны, паказалі прыклад арганізацыі і эфектыўнасці сялянскай працы і… першымі ж былі “раскулачаныя” у пачатку сталінскай калектывізацыі.

У 1969 г. вёска Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці – вядомы археалагічны помнік VI–VIII стст., адзін з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі, была перайменавана ў вёску Дзіўную. Праўда, пад націскам гісторыкаў і прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ва ўмовах суверэннай Беларусі ў 1994 г. яе першапачатковая назва была адноўлена.

У цэлым тапанімічны генацыд знішчыў больш за 800 спрадвечных назваў населеных пунктаў Беларусі, гэтыя ключавые словы памяці аб нашых продках і многіх гістарычныя падзеях, стварыў вялікія цяжкасці для даследчыкаў беларускай гісторыі і культуры. Трывалая нацыянальная свядомасць, здольная ствараць і абараняць, не можа фарміравацца на пустым месцы, без духоўнай блізкасці асобы да родных мясцінаў з іх натуральнымі гістарычнымі назвамі.

Палітычныя кампаніі перайменаванняў, якія праводзіліся партыйна-дзяржаўнай наменклатурай у мэтах ідэалізацыі савецкай эпохі і дзейнасці лідэраў КПСС, увекавечання іх памяці, значна падпітваліся паслужлівасцю рэспубліканскага кіраўніцтва перад Масквой і вынікі гэтага мінулага вельмі адчуваюцца па сённяшні дзень.

Так, назвы мінскіх вуліц, якія маюць патранімічны (імянны) характар, размяркоўваюцца па паходжанні носьбітаў гэтых імёнаў наступным чынам (на 2008 г.): 10,2 % – дзеячы беларускай савецкай гісторыі і культуры, а 7,2% – беларускай дасавецкай гісторыі і культуры; прадстаўнікі дасавецкай і савецкай расійскай гісторыі і культуры складаюць 30,8 %. Пры гэтым назвы вуліц у гонар нашых суайчыннікаў знаходзяцца, у асноўным, на перыферыі Мінска.

У Беларусі налічваецца 43 помнікі прадстаўнікам нацыянальнай гісторыі і культуры разам узятыя, але да гэтага часу ў гарадах і пасёлках краіны стаяць 107 помнікаў і бюстаў Леніну. Рэальнасць і тое, што абсалютная большасць гэтых помнікаў не ўяўляе сабой гісторыка-культурнай каштоўнасці. І тут варта прыгадаць яшчэ раз ленінскую катэгарычную ўстаноўку з дэкрэта ад 12 красавіка 1918 г.:

«наиболее уродливые истуканы”, “…не представляющие интереса ни с исторической, ни с художественной стороны, подлежат снятию с площадей и улиц”.

Гэта вельмі слушна і ў дачыненні да помнікаў самому Леніну, за выключэннем тых дзевяці – дзесяці (напрыклад, у Мінску каля Дома Ўрада і інш.), якія лічацца сапраўды гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Другая палова 1980-х гг. у жыцці Беларусі азнаменавалася актывізацыяй руху за адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Рознага напрамку грамадскія арганізацыі, клубы, суполкі і г.д. па волі сумлення іх стваральнікаў і прыхільнікаў сталі шукаць карані беларускай культуры, уваскрашаць забытыя імёны айчыннай гісторыі.

У ліку іх быў культурна-асветны клуб “Спадчына”, адным са стваральнікаў якога з’яўляўся А.Я. Белы – выкладчык філасофіі адной з ВНУ Мінска, былы вайсковы лётчык. Дзякуючы яму і валанцёрам-скульптарам С. Адашкевічу, У. Голубеву, А. Прохараву, У. Панцялееву ва універсітэцкім дворыку БДУ з’явіўся скульптурны ансамбль легендарных беларускіх асветнікаў – Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. А.Я. Белы спрыяў з’яўленню помніка гісторыку Міколу Ермаловічу ў Маладзечне. Вялікі грамадска-патрыятычны учынак А.Я. Белага – стварэнне ў спадчыннай сядзібе ў г. Старыя Дарогі музея беларускага выяўленчага мастацтва [35, с. 21].

Праз стагоддзі ў Полацк помнікамі вярнуліся Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Усяслаў Чарадзей. Намаганнямі палачан пабудаваны Свята-Пакроўскі храм. Да 200-годдзя вайны 1812 г. адноўлены помнік яе ўдзельнікам. У час правядзення Х Рэспубліканскага свята беларускай пісьменнасці тут быў устаноўлены памятны знак унікальнай літары беларускага алфавіта “Ў”. Мэтанакіравана вуліцам і плошчам горада вяртаюцца і даюцца назвы, звязаныя з айчыннай гісторыяй: арганічна спалучаецца гістарычная сувязь часу, дат, імён і падзей. Дзякуючы гэтаму Полацк ператвараецца ў горад-музей еўрапейскага ўзроўню, плённа працуе на ўмацаванне аўтарытэту суверэннай Рэспублікі Беларусь. Гэта добры прыклад ажыццяўлення сапраўды дзяржаўнай палітыкі памяці, сапраўднага патрыятычнага выхавання праз манументальную прапаганду і тапаніміку.

У свой час Уладзімір Караткевіч выказаў вельмі глыбокую па сутнасці заклапочанасць лёсам Бацькаўшчыны:

“Мне заўсёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа… Заўсёды ён за кагосьці. І амаль ніколі ён не бывае сам за сябе…” [36, с. 6].

Крыніцы

1. Барбош Н. Уйти с пъедестала. Размышления у недостроенного памятника вождю. // «Комсомольская правда», 1990, 22 апреля, с. 2.

2. Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 9. / Г.П. Пашкоў (гал. рэд.)/ Мн., 1999. – 560 с.

3. Беларусь в годы Великой Отечественной войны, 1941 – 1945 / А.А. Коваленя (рук. авт. кол.)/ Мн., 2005. – 544 с.

4. Булгаков М. Киев-Город. Экскурсия в область истории // Сочинения: Роман. Повести. Рассказы/ Мн., 1989, с. 392—396.

5. Бурджалов Э.Н. История СССР (1926—1934 годы). Лекции, прочитанные в Высшей Партийной Школе при ЦК ВКП(б). М., 1946. – 200 с.

6. Великая Октябрьская социалистическая революция: энциклопедия / С.С. Хромов (гл. ред.)/ М., 1987. – 720 с.

7. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 1. Кн. 1. Гомельская вобласць / Г.П. Пашкоў (гал. рэд.)/ Мн., 2004. – 632 с.

8. Гражданская война и военная интервенция в СССР: энциклопедия / С.С.Хромов (глав. ред.). /Изд. 2-е./ М., 1987. – 720 с.

9. Декреты Советской власти. Т. 2. 17 марта – 10 июля 1918 г. М., 1959.

10. Коммунистический интернационал: краткий исторический очерк / А.И.Соболев (рук. авт. кол.)/ М., 1969. – 600 с.

11. Красин Л. О памятниках Ленину. // “Правда”, 1924, 21 февр, с. 3.

12. Крэпак Б. Віцебскі авангард // “Спадчына”, 1990, № 4, с. 30–40.

13. Лебедев П.И. Советское искусство в период иностранной военной интервенции и гражданской войны. М.-Л.: изд. “Искусство».

14. Ленин В.И. В комиссариаты Народного просвещения и имуществ Республики // Полн. Собр. соч. (ПСС). Т. 50, с. 101.

15. Ленин В.И. В Президиум Московского Совета рабочих и красноармейских депутатов. // ПСС, Т. 50, с. 191—192.

16. Ленин В.И. П.П. Малиновскому // ПСС. Т. 50, с. 68—69.

17. Ленин В.И. Речь на митинге, посвященном закладке памятника К.Либкнехту и Розе Люксембург 19 июля 1920 г. // ПСС. Т. 41, с. 158.

18. Ленин В.И. Речь при открытии мемориальной доски борцам Октябрьской революции 7 ноября 1918 г. // ПСС. Т. 37, с. 171—172.

19. Ленин В.И. Речь при закладке памятника К. Марксу 1 Мая 1920 г. // ПСС. Т. 41, с. 105.

20. Ленин В.И. Речь на митинге, посвященном закладке памятника освобожденному труду 1 Мая 1920 г. // ПСС. Т. 41, с. 106.

21. Ленин В.И. Телеграмма А.В. Луначарскому 13 мая 1918 г. // ПСС. Т. 50, с. 73.

22. Ленин В.И. Телеграмма А.В. Луначарскому 18.IХ.1918 г. // ПСС. Т. 50, с. 182.

23. Ленин В.И. Три речи на Красной площади 1 Мая 1919 г. // ПСС. Т. 38, с. 323—326.

24. Мельников Д., Черная Л. Преступник номер 1. Нацистский режим и его фюрер. М., 1982. – 432 с.

25. Минск: энциклопедический справочник /П.У. Бровка (гл. ред.)/ Мн., 1980. – 424 с.

26. Монумент из обоза // “Родина”, 1992, № 6—7, с. 6.

27. Об упорядочении учета, регистрации и наименования населенных пунктов в Белорусской ССР: Указ Президиума Верховного Совета БССР от 31 августа 1962 г. // Сборник Законов Белорусской ССР 1938—1973 гг. (далее СЗ БССР). Т. 1. Мн., 1974, с. 271—273.

28. О переименовании отдельных населенных пунктов по Витебской области: извлечение из Указа Президиума Верховного Совета БССР от 20 ноября 1938 г. // СЗ БССР 1938—1973 гг. Т. 1, с. 339—341.

29. О переименовании некоторых населенных пунктов Белорусской ССР: извлечение из Указа Президиума Верховного Совета БССР от 30 июля 1964 г. // СЗ БССР. 1938—1973 гг. Том 1, с. 349—359.

30. О порядке наименования и переименования административно-территориальных единиц, населенных пунктов, улиц, предприятий, колхозов, учреждений и организаций: извлечение из Указа Президиума Верховного Совета БССР от 23 июля 1965 г. // СЗ БССР. 1938—1973 гг. Т. 1, с. 273—274.

31. О порядке присвоения имен отдельных работников городам, железнодорожным станциям, районам, деревням, предприятиям и т.п.: постановление Президиума ЦИК БССР от 11 ноября 1931 г. // СЗ БССР, 1931, № 50, с. 280.

32. О снятии памятников, воздвигнутых в честь царей и их слуг, и выработке проектов памятников Российской Социалистической Революции: декрет СНК РСФСР от 12 апреля 1918 г. // Декреты Советской власти. Т. 2. 17 марта – 10 июля 1918 г. М., 1959, с. 95—96.

33. Пра парадак дачы назваў і рэгістрацыі новых паселішч, станцый і раз’ездаў чыгунак: пастанова ЦВК і СНК БССР ад 27 снежня 1927 г. // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага Ўрада БССР. 1927 г. Мн., 1927, с. 611—612.

34. Памятники Революционной России /Авт.-сост. А. Павлюченков/ М., 1986. – 95 с.

35. Хилимон А. Открой лицо, страна! // “Комсомольская правда”, 2002, 1 ноября, с. 21.

36. Чыгір Г. І дзе воля для майго народа. // “Народная воля”, 2011, 26 ліпеня, с. 6.

37. Эренбург И. Война 1941—1945. М., 2004. – 796 с.

38. Ярмусік Э. Палітыка нямецкіх акупацыйных улад у Гродне (1941—1944) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы развіцця : матэрыялы (…) канферэнцыі (…). Мн., 1999, с. 181—185.

Іншыя даклады канферэнцыі:

Нацыянальная бяспека і канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі

Минное поле белорусской истории

Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.