Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Лозунг «Жыве Беларусь!» упершыню прагучаў амаль 100 гадоў таму

Zhyvie BielarusУпершыню лозунг «Жыве Беларусь!» гучаў на самастойным беларускім мітынгу, які Беларускі нацыянальны камітэт правёў 10 сакавіка 1917 года на Залатой Горцы ў Менску. Такую версію выказаў гісторык, журналіст і грамадскі дзеяч, сын вядомага антысавецкага падпольшчыка Зміцер Кісель. У календары важных гістарычных падзеяў 10 сакавіка баявое хрышчэнне лозунгу змясціла агенцтва «Интерфакс».

Беларускі нацыянальны камітэт стаў пераемнікам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (БДТП) – адной з дзвюх наймацнейшых нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў, якія дзеялі ў Беларусі пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Актыўнымі сябрамі БДТП былі Павел Аляксюк, Аляксандр Лявіцкі, Аркадзь Смоліч, Максім Багдановіч, Антон і Іван Луцкевічы.

Заклік-дэвіз у мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе – «Няхай жыве вольная Беларусь!» – прагучаў на Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 года, атрымаў пашырэнне ў грамадска-палітычным жыцці БНР, потым, у саветызаванай форме, – у БССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.).

Дарэчы, у 1918 годзе лозунг «Жыве Беларусь!» прагучаў і ў Кіеве. Гэта адбылося падчас выступу ў Кіеўскім універсітэце беларускага дзяржаўнага дзеяча Антона Баліцкага, які ў 1920-я гады ўзначаліў Народны камісарыят асветы і быў прыхільнікам беларусізацыі. У 1931 годзе яго асудзілі ў справе «Саюзу вызвалення Беларусі» на 10 гадоў лагераў, але ў 1937-м, пасля перагляду справы, – расстралялі.

Лозунг працягваў жыць у беларускіх эмігранцкіх колах. Яго выкарыстоўвалі студэнты ў Празе, Парыжы, Вільні. У пасляваеннай Нямеччыне дзеяла пад такою назваю тэатральная трупа, якая выступала не толькі перад тамтэйшымі беларусамі. Пачынаючы з 1950-х гадоў, выходзілі аднайменныя беларускія часопісы ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, ЗША.

Кранальны выпадак узгадвае вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўт Кіпель. У 1973 годзе ён у складзе Інтэрнацыянальнага камітэту святкавання 200-годдзя краіны наведаў Выспу слёзаў (Ellis Island) у гавані Нью-Ёрку, дзе меўся паўстаць Музей эміграцыі. З канца XIX стагоддзя да сярэдзіны 1950-х гадоў праз гэтае месца прайшлі прыблізна 13 млн эмігрантаў. На выспе засталіся старыя будынкі. У адным з іх, дзе эмігранты праходзілі каранцін, сярод прозвішчаў і словаў на розных мовах свету Вітаўт Кіпель убачыў«палінялы, напісаны колісь хімічным алоўкам» надпіс «Жыве Беларусь!».

А нарадзіўся лозунг з лёгкае рукі народнага песняра Янкі Купалы, які напісаў верш «Гэта крык, што жыве Беларусь». Рэцэнзію на яго змясціў у «Нашай Ніве» за 1907 год публіцыст і літаратурны крытык Уладзімір Самойла, адзначыўшы, што гэтым радкам наканаванае жыццё ды лёс быць клічам будучыні, адраджэння, клічам пакаленняў.

Аўтар: Аліна Кашкевіч, belsat.eu

One thought on “Лозунг «Жыве Беларусь!» упершыню прагучаў амаль 100 гадоў таму