Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Літаратурна-музычная вечарына “На хвалі рамантызму…”

Karlovich - 3Вечарына “На хвалі рамантызму” адбылася 30 верасня ў Мінску, у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

На вечарыне была прэзентаваная кніга дактаранткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў Ірыны Шумскай “Мечыслаў Карловіч. Забыты беларускі геній”, што выйшла ў сталічным выдавецтве “Харвест” накладам у 1500 паасобнікаў.

Karlovich - 1Гэтае ілюстраванае навукова-папулярнае выданне — з серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”, заснаванай у 2012 годзе навуковым сакратаром грамадскага аб’яднання “Інстытут беларускай гісторыі і культуры”, прафесарам Анатолем Тарасам.

karlovichСын вядомага лінгвіста, этнографа, фалькларыста і музыказнаўцы Яна Карловіча, бацька польскага сімфанізму Мечыслаў Карловіч (11.12.1876, вёска Вішнева Смаргонскага раёну Гродзенскай вобласці — 08.02.1909, Закапанэ, Польшча) — скрыпач, дырыжор, кампазітар, публіцыст, фатограф і альпініст. Ён быў адным з тых, хто здолеў узнесці традыцыі ўсходнеславянскага меласу на агульнаеўрапейскі ўзровень. Шэраг створаных Мечыславам Карловічам музычных твораў абапіраўся на беларускія народныя мелодыі. Сярод іх — знакамітая сімфонія пад назвай “Літоўская рапсодыя” (1906).

Karlovich 1Як распавяла Ірына Шумская, восенню 1906 году, знаходзячыся ў Лейпцыгу на курсе ўдасканалення дырыжорскага майстэрства, Мечыслаў Карловіч ў лісце да сябры Адольфа Хыбіньскага так пісаў пра “Літоўскую рапсодыю”: “Стараўся закласці ў яе суцэльны жаль, смутак і векавую няволю таго люду, песні якога гучалі ў маім дзяцінстве”. “Поўная драматызму і наскрозь лірычная па змесце, “Літоўская рапсодыя” стала своеасаблівай данінай памяці роднаму краю, выдатна ілюструючы ўвасабленне нацыянальнага духу ў музыцы”, — сказала мастацтвазнаўца. Паводле яе слоў, асноўны лейтматыў твору — мелодыя жніўнай песні “Ды пара дамоў” — нібыта малюе традыцыйны беларускі вясковы пейзаж, у якім цягам стагоддзяў мала што змянілася.

Karlovich - 4На думку Шумскай, Мечыслаў Карловіч быў адным з выдатнейшых прадстаўнікоў неарамантычнага сімфанізму; кампазітарам-наватарам, які заклаў падмурак для шырокага выкарыстання найноўшых еўрапейскіх тэхнік інструментоўкі; выключна адораным чалавекам, што да канца дзён падтрымліваў шчыльную ментальную сувязь са сваёй Айчынай, для якой ён зрабіў нямала за сваё кароткае жыццё (загінуў у 32-гадовым узросце ад сходу снега ў Татрах пад час вандроўкі ў гарах — М.Г.). “Можна не сумнявацца, што калі б лёс падараваў Карловічу хаця б на сем-дзесяць гадоў больш, яго б узгадвалі сёння на адным узроўні з самымі славутымі кампазітарамі свету — настолькі яскравым і самабытным быў творчы патэнцыял гэтай неардынарнай асобы”, — падкрэсліла Ірына Шумская. На яе меркаванне, даўно надышоў час, каб беларусы належным чынам ушанавалі памяць гэтага вялікага маэстра.

Karlovich - 5Пад час вечарыны адбыўся канцэрт ансамбля Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Вытокі” (мастацкі кіраўнік, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў (фагот), Ірына Аўдзеева (фартэпіяна), Сярей Махаў (флейта) і Тамара Рэмез (сапрана). У іх выкананні прагучалі творы Фрэдэрыка Шапэна, Станіслава Манюшкі, братоў Аляксея і Міхала Ельскіх, Яна Тарасевіча, Канстанціна Горскага, Яна і Мечыслава Карловічаў.

Аўтар:  Марат Гаравы,  http://novychas.info

2 thoughts on “Літаратурна-музычная вечарына “На хвалі рамантызму…”

  1. Вишневский

    А кто продюсер этого заката?
    Вот нас как раз Вы недовпечатлили…
    О, раздевайтесь! (Это я не Вам)
    Кто ж этим закрывает амбразуру?!.

  2. рамантык

    Выдатная атмасфера (нягледзячы на халадэчу), цудоўная музыка, высокая культура і эрудыцыя вядучай – спадабалася ўсё! Чакаем новых імпрэз!